БАЦЫДЫЯ, род накіпных лішайнікаў сямейства Рамалінавыя
pdf

БАЦЫДЫЯ

Дата стварэння: 13.03.2025 11:24:17

Дата змены: 20.03.2025 14:26:35


Аддзел

Аскаміцэты

Ascomycota Caval.-Sm.

Клас

Леканораміцэты

Lecanoromycetes O. E. Erikss., Winka

Парадак

Леканоравыя

Lecanorales Nannf.

Сямейства

Рамалінавыя

Ramalinaceae C. Agardh

Род

Бацыдыя

Bacidia De Not.


БАЦЫДЫЯ, род накіпных лішайнікаў сямейства Рамалінавыя

Бацыдыя чырванаватая (фото: А. П. Яцына).

Бацы́дыя (Bacidia De Not.), род накіпных лішайнікаў сямейства Рамалінавыя.

У свеце вядома каля 95 відаў, шырока распаўсюджаны па ўсім зямным шары. Прадстаўнікі роду насяляюць кару дрэў, імхі, раслінныя рэшткі, радзей камяні, шэраг відаў аддае перавагу вельмі кіслым субстратам.

У Беларусі род уключае каля 20 відаў, найбольш часта сустракаюцца: бацыдыя яловая [Bacidia arceutina (Ach.) Rehm et Arnold], бацыдыя шматколерная [Bacidia polychroa (Th. Fr.) Körb.], бацыдыя чырванаватая [Bacidia rubella (Hoffm.) A. Massal.]. Растуць на кары ліставых (ліпа, асіна, дуб, клён), радзей хвойных (елка) дрэў, на апрацаванай драўніне (квартальныя слупы, альтанкі і г. д.) у ліставых і мяшаных лясах, на антрапагенных тэрыторыях (гарадскія паркі, скверы), таксама ў старых сядзібных парках.

Талом накіпны, у выглядзе гладкай, патрэсканай, бародаўчатай або зярністай корачкі, звычайна белаваты, зеленаваты або бледна-шэры да жаўтавата- або аліўкава-карычневага. Фотабіёнт — зялёныя водарасці, з акруглымі або шырока эліпсоіднымі клеткамі. Апатэцыі без слаявіннага краю, біяторавага тыпу, даволі дробныя, дыяметр да 1 мм (радзей 1,3 мм), белаватыя, шэрыя, блакітнаватыя, цялесныя, аранжавыя, ружаватыя, бураватыя, карычняватыя ці чорныя, голыя або пакрытыя белаватым, часам шараватым налётам, прырослыя або сядзячыя, з плоскім або выпуклым дыскам, акружаным тонкім краем, нярэдка без краёў. Гіменій і гіпатэцый бясколерныя або па-рознаму афарбаваныя. Уласны край апатэцыю (эксцыпул) утвораны радыяльна арыентаванымі гіфамі. Парафізы простыя або ў верхняй частцы слаба вілаватаразгалінаваныя, на верхавінках часта патоўшчаныя. Сумкі булавападобныя. Споры бясколерныя, ад (2) 3‑клетачных да шматклетачных, падоўжаныя, палачкападобныя, верацёнападобныя або іглападобныя, па 8 у сумцы. Пікнідыі паглыбленыя або сядзячыя, звычайна чорныя, радзей ярка афарбаваныя. Канідыі бясколерныя, прамыя або выгнутыя, цыліндрычныя, ніткападобныя або спіралепадобныя, адна- або шматклетачныя.