Дата стварэння: 13.03.2025 11:25:31
Дата змены: 09.06.2025 12:22:35
Аддзел Аскаміцэты Ascomycota Caval.-Sm. |
Клас Леканораміцэты Lecanoromycetes O. E. Erikss., Winka |
Парадак Беаміцэтавыя Baeomycetales Lumbsch, Huhndorf, Lutzoni |
Сямейства Беаміцэтавыя Baeomycetaceae Dumort. |
Род Беаміцэс Baeomyces Pers. |
Беамі́цэс (Baeomyces Pers.), род накіпных лішайнікаў сямейства Беаміцэтавыя.
У свеце вядома каля 6 відаў, распаўсюджаны ў арктычных, субарктычных і ўмераных зонах абодвух паўшар’яў. Сустракаюцца на гліністых і пясчаных глебах, радзей на камянях і драўніне.
У Беларусі адзначаны адзін від — беаміцэс рыжы [Baeomyces rufus (Huds.) Rebent.]. Адзначаны на ўзлесках, на лясных квартальных прасеках, на ўскрайку і адхонах лясных дарог.
Гарызантальны талом зярністы, прымацоўваецца да субстрату кароткімі гіфамі стрыжнёвага слоя, без сапраўдных рызін. Падэцыі прадстаўлены ў выглядзе кароткіх, простых або (у верхняй частцы) слаба разгалінаваных полых або месцамі шчыльных палачкападобных вырастаў, пакрытых каравы́м слоем. Апатэцыі біяторавага тыпу, плоскія, выпуклыя або шарападобныя, размяшчаюцца на канцах падэцыяў. Сумкі доўгія і вузкія, змяшчаюць па 8 спор. Споры бясколерныя, верацёнападобныя або эліпсоідныя, 1–2‑клетачныя.