Дата стварэння: 13.03.2025 11:46:26
Дата змены: 20.03.2025 14:25:45
Аддзел Дзеразападобныя Lycopodiophyta D. H. Scott |
Клас Палушнікападобныя Isoetopsida Rolle |
Сямейства Селагінелавыя Selaginellaceae Willk. |
Род Селагінела Selaginella P. Beauv |
Селагіне́ла (Selaginella P. Beauv.), род вышэйшых споравых раслін сямейства Селагінелавыя.
Уключае 750–770 відаў, распаўсюджаных пераважна ў вільготных трапічных лясах з нешматлікімі відамі ў больш высокіх шыротах. У цяперашні час сістэматыка роду крытычна пераглядаецца, і многія даследчыкі дзеляць яго на вялікую колькасць родаў (да 19).
Шэраг відаў селагінел культывуецца на Беларусі ў адкрытым грунце, напрыклад селагінела швейцарская [Selaginella helvetica (L.) Spring], селагінела дробназубчастая [Selaginella denticulata (L.) Spring], або выкарыстоўваюцца ў пакаёвым кветкаводстве, напрыклад селагінела бязножкавая [Selaginella apoda (L.) Spring]. Шмат відаў селагінел вядома на Беларусі ў выкапнёвым стане.
Шматгадовыя травы вышынёй ад 5–10 см да 1 м (некаторыя віды сцелістыя, іх даўжыня некалькі метраў). Парасткі са спіральна або чатырохрадна размешчаным простым суцэльнакраёвым, зубчатым або раснічастым лісцем з адной жылкай. На верхняй плоскасці ліста, каля яго асновы, ёсць невялікая плевачная нарасць — лігула, або язычок. У відаў, дзе парасткі размешчаны плагіятропна, у развілках сцябла з яго ніжняга боку фарміруюцца рызафоры — асаблівыя, анатамічна падобныя да сцябла структуры, на якіх развіваюцца прыдаткавыя карані. У відаў з артатропнымі парасткамі няма рызафораў, і таму прыдаткавыя карані фарміруюцца на сцябле.
Разнаспоравыя расліны. Мікра- і мегаспарангіі размяшчаюцца на верхнім баку спарафілаў. Мікраспоры прарастаюць, знаходзячыся ў мікраспарангіі, і фарміруюць моцна рэдукаваны мужчынскі гаметафіт. Ён складаецца толькі з адной вегетатыўнай клеткі і антэрыдыю. Такія мужчынскія гаметафіты высейваюцца з мегаспарангіяў і з патокам ветру пераносяцца да жаночых гаметафітаў. Мегаспоры прарастаюць і пачынаюць фарміраваць жаночы гаметафіт таксама ўнутры мегаспарангіяў, але завяршае ён развіццё, як правіла, ужо пасля высейвання з мегаспарангія. Жаночы гаметафіт мнагаклетачны, але большая яго частка знаходзіцца ўнутры абалонкі мегаспоры. Трапіўшы ў спрыяльныя ўмовы, абалонка мегаспоры лопаецца, і частка жаночага гаметафіту выходзіць вонкі, у гэтым месцы фарміруюцца рызоіды і некалькі архегоніяў з яйцаклеткай унутры. У мужчынскіх гаметафітаў, якія апынуліся побач з архегоніямі, разрываецца антэрыдый і 2‑жгуцікавыя сперматазоіды разам з токам вадкасці трапляюць да архегоніяў, дзе адбываецца працэс апладнення і ўтварэння зіготы. Пасля апладнення з зіготы развіваецца новае пакаленне спарафіту.
Практычнае значэнне невялікае. Выкарыстоўваецца як дэкаратыўная ці лекавая расліна (у традыцыйнай тыбецкай і кітайскай медыцыне).