Геалагічная будова тэрыторыі
Дата стварэння: 24.05.2023 11:46:13
Дата змены: 04.10.2024 09:57:41
Беларусь размешчана на захадзе старажытнай Усходне-Еўрапейскай платформы. Тут на крышталічным фундаменце, які прадстаўлены метамарфічнымі і магматычнымі пародамі архейска-раннепратэразойскага ўзросту, залягае платформенны чахол (складаецца з асадкавых парод, якія ў шэрагу раёнаў прарываюцца вулканамагматычнымі ўтварэннямі або пераслойваюцца з імі).
Асноўныя тэктанічныя структуры
Па рэчавым саставе ў фундаменце Беларусі вылучаюць 6 геаструктурных абласцей: Беларуска-Прыбалтыйскі гранулітавы пояс, Брагінскі гранулітавы масіў, Віцебскі гранулітавы масіў, Цэнтральнабеларуская гранітагнейсавая зона, Інчукалнская зона, Восніцка-Мікашэвіцкі вулканаплутанічны пояс (рыс. 1).

Па глыбіні залягання крышталічнага фундамента (магутнасці чахла) на тэрыторыі Беларусі вылучаюць наступныя тэктанічныя структуры: шырокая дадатная — Беларуская антэкліза (100–600 м), 3 адмоўныя — Прыпяцкі прагін (1,5–6 км), Падляска-Брэсцкая ўпадзіна (0,5–2 км), Аршанская ўпадзіна (да 1,8 км) і 4 структуры з прамежкавай магутнасцю (паміж адмоўнымі і дадатнымі структурамі) чахла: Латвійская, Палеская, Жлобінская і Брагінска-Лоеўская седлавіны. Акрамя таго, на тэрыторыю краіны невялікімі ўчасткамі заходзяць Украінскі крышталічны шчыт (на поўдні), Балтыйская сінекліза (на паўночным захадзе) і Варонежская антэкліза (на ўсходзе—паўднёвым усходзе); рыс. 2.
На тэрыторыі Беларусі знаходзіцца ўнікальная геалагічная структура — Прыпяцкі прагін, якая ў познедэвонскі час (360–370 млн гадоў таму) была рыфтам, г. зн. глыбокім ровам глыбіннага паходжання, дзе адбывалася расцяжэнне зямной кары.
Па паверхні крышталічнага фундамента ў складзе Прыпяцкага прагіну вылучаюць Прыпяцкі грабен і Паўночна-Прыпяцкае плячо (прымыкае да ўсходняй часткі грабена з поўначы). Глыбіннымі разломамі Прыпяцкі прагін расчлянёны на структуры ніжэйшага парадку (шматлікія ступені, горсты, грабены, пахаваныя выступы). На захадзе ў Прыпяцкі прагін далёка заходзіць Мікашэвіцка-Жыткавіцкі выступ (з’яўляецца структурнай часткай Палескай седлавіны).

Будова крышталічнага фундамента
Глыбіня залягання крышталічнага фундамента на тэрыторыі Беларусі змяняецца ад некалькіх дзясяткаў метраў да 5–6 км, на крайнім поўдні краіны пароды фундамента выходзяць на паверхню.
У крышталічным фундаменце рэгіёна па складзе, умовах залягання і паходжанні горных парод вылучаюцца рэчыўныя комплексы трох тыпаў: стратыфікаваныя метамарфічныя (прадстаўлены гранулітамі, амфібалітамі, гнейсамі, крышталічнымі сланцамі, кварцытамі і інш.), нестратыфікаваныя ультраметамарфічныя (прадстаўлены эндэрбітамі, чарнакітамі, бластаміланітамі, гранітагнейсамі і інш.), магматычныя (прадстаўлены перыдатытамі, піраксенітамі, габра, метадыябазамі, далерытамі, дыярытамі, гранітамі, сіенітамі і інш.). Такая разнастайнасць горных парод, якія складаюць фундамент, — вынік гісторыі яго фарміравання (раней за 3,5 — каля 1,65 млрд гадоў таму), якая спалучала ў сабе працэсы асадканазапашвання, магматызму, метамарфізму, складкаўтварэння і інш.
Будова платформеннага чахла
Платформенны чахол тэрыторыі Беларусі ўключае ўтварэнні рыфея, венда і ўсіх геалагічных перыядаў фанеразою: кембрыя, ардовіка, сілуру, дэвону, карбону, пермі, трыясу, юры, мелу, палеагену, неагену і квартэра (рыс. 3). Яны прадстаўлены самымі рознымі асадкавымі пародамі: глінамі і аргілітамі, аляўрытамі і алеўралітамі, пяскамі і пяшчанікамі, жвірам і гравелітамі, вапнякамі, даламітамі, мергелямі, пісчым мелам, гіпсам, ангідрытам, каменнай соллю, сільвінітам, карналітам, фасфарытамі, апокамі, трэпеламі, крэменем, гаручымі сланцамі, вугалем, торфам. Даволі значнае месца ў платформенным чахле належыць туфам, туфітам і базальтам.

Пераважная большасць асадкавых адкладаў Беларусі накапілася ў марскіх умовах. Паўночную частку тэрыторыі краіны мора пакінула ў канцы дэвонскага перыяду (370 млн гадоў таму), сярэднюю — у канцы мелавога (70 млн гадоў таму), паўднёвую — у канцы палеагену (30 млн гадоў таму).
Карэнныя пароды практычна цалкам перакрыты адкладамі квартэра (чацвярцічнымі). Карэнныя пароды, якія агаляюцца, сустракаюцца толькі на крайнім поўдні ў раёне вёскі Глушкевічы Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці (крышталічны фундамент), каля вёскі Раванічы Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці (ледавіковы адорвень карбанатных парод раннепалеазойскага ўзросту), месцамі па берагах Дняпра, Заходняй Дзвіны і другіх рэк на поўначы і паўночным усходзе Беларусі (дэвонскія даламіты) і ў далінах рэк паўднёвай часткі краіны (мел, палеаген, неаген).
Асноўную частку чацвярцічнага покрыва складаюць ледавіковыя (марэнныя) і водна-ледавіковыя адклады, якія з’яўляюцца прадуктам дзейнасці мацерыковых ледавікоў, якія некалькі разоў насоўваліся на тэрыторыю рэгіёна са Скандынавіі. Апошні ледавік пакінуў тэрыторыю краіны 12 тыс. гадоў таму. У выніку работы ледавікоў утварыліся азёрныя катлавіны і маляўнічы перасечаны рэльеф сярэдніх і паўночных раёнаў Беларусі. Геалагічнымі помнікамі ледавіковага перыяду з’яўляюцца валуны, вялікая колькасць якіх рассеяна па тэрыторыі краіны; з іх разнастайнасцю можна пазнаёміцца ў Музеі валуноў (Парку камянёў), які размешчаны ў Мінску ў мікрараёне Уручча‑2 (скрыжаванне вуліц Шугаева і Акадэміка Купрэвіча).
Да характэрных рыс геалогіі тэрыторыі Беларусі можна аднесці наступныя.
У геалагічнай гісторыі Беларусі было некалькі эпох магутнага вулканізму, з якіх 2 найбольш вывучаны — вендская і дэвонская. У выніку вендскага вулканізму сфарміраваліся пакровы і патокі базальтавых лаў і тоўшчы піракластычнага матэрыялу на паўднёвым захадзе рэспублікі. Шчолачна-ультраасноўны (шчолачна-базальтоідны) дэвонскі вулканізм прывёў да ўтварэння пластоў туфаў, эфузіўных і субвулканічных парод і трубак выбуху на Жлобінскай седлавіне і ва ўсходняй частцы Прыпяцкага прагіну.
Тэрыторыя Беларусі падвяргалася шырокаму зледзяненню не толькі ў недалёкім геалагічным мінулым — у квартэры. Прысутнасць старажытных пахаваных марэн (тылітаў) сярод адкладаў венда ва ўсходняй і цэнтральнай частках краіны сведчыць аб тым, што і 620–630 млн гадоў таму тут быў ледавіковы покрыў (рыс. 4).

Класічныя па сваёй стратыграфічнай паўнаце і літалагічнай разнастайнасці разрэзы венда і квартэра на тэрыторыі Беларусі служаць эталонамі ўтварэнняў гэтага ўзросту для ўсёй Усходне-Еўрапейскай платформы.