Карысныя выкапні
Дата стварэння: 24.05.2023 11:46:30
Дата змены: 09.09.2024 11:31:12
- Гаручыя карысныя выкапні
- Хімічная і аграхімічная сыравіна
- Сыравіна для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў
- Падземныя воды
Мінеральныя рэсурсы, якія распрацоўваюцца ў Беларусі, па складзе і асноўным прымяненні падзяляюцца на наступныя групы: гаручыя карысныя выкапні (нафта, торф); хімічная і аграхімічная сыравіна (калійныя і каменная солі, даламіт, сапрапель); сыравіна для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў (пяскі, гліны, пясчана-жвіровая сумесь, карбанатныя пароды, будаўнічы камень); падземныя воды (прэсныя, мінеральныя і тэрмальныя); гл. рыс.
Акрамя карысных выкапняў, радовішчы якіх эксплуатуюцца, у Беларусі выяўлены і іншыя віды мінеральнай сыравіны. Іх радовішчы разведаны з рознай дэталёвасцю, але пакуль не распрацоўваюцца: гаручыя сланцы, бурыя вуглі; фасфарыты; жалезныя і рэдкаметальныя руды; гіпс і ангідрыт, баксіт-даўсанітавыя пароды; сіліцыты; базальты; бурштын; прамысловыя расолы.
ГАРУЧЫЯ КАРЫСНЫЯ ВЫКАПНІ
У паўднёва-ўсходняй частцы Беларусі (Гомельская і Магілёўская вобласці) у Прыпяцкім прагіне адкрыта больш за 90 радовішч нафты. Іх пошукі ажыццяўляліся з 1952 г., распрацоўка — з 1965 г. На гэтых радовішчах каля 300 пакладаў нафты. На двух радовішчах акрамя нафты выяўлены паклады газакандэнсату. У 1965–1975 гг. нафтаздабыча расла ў сувязі з адкрыццём і ўводам у распрацоўку найбольш буйных радовішч — Рэчыцкага, Асташкавіцкага і Вішанскага; за гэты час было здабыта звыш 35 млн т нафты; гадавая здабыча ў 1975 г. была даведзена амаль да 8 млн т. У Беларусі штогод здабываецца 1,7–1,8 млн т нафты. Усяго здабыта звыш 140,5 млн т беларускай нафты.
Радовішчы торфу ёсць практычна ва ўсіх раёнах Беларусі. Самая высокая затарфаванасць у Гомельскай, Брэсцкай і Мінскай абласцях. Выяўлена звыш 9 тыс. радовішч, у якіх засяроджана 4,4 млрд т торфу. Торф выкарыстоўваецца як паліва, а таксама для вытворчасці ўгнаенняў, у жывёлагадоўлі, медыцыне і іншых сферах.
ХІМІЧНАЯ І АГРАХІМІЧНАЯ СЫРАВІНА
Да Прыпяцкага прагіну прымеркаваны адзін з найбуйнейшых у свеце саляносны басейн, які змяшчае галоўнае мінеральнае багацце Беларусі, найважнейшы экспартны тавар — калійныя солі. Прамысловае значэнне маюць калійныя солі верхняй саляноснай тоўшчы дэвону. Іх агульная маса складае каля 200 млрд т. Калійныя паклады прадстаўлены сільвінітамі, карналітзмяшчальнымі сільвінітамі, карналітамі. Выяўлены 3 радовішчы калійных солей: Старобінскае (Мінская вобласць), Петрыкаўскае і Кастрычніцкае (Гомельская вобласць). Сучасную сыравінную базу калійнай прамысловасці Беларусі складае Старобінскае радовішча (адкрыта ў 1949). Доўгі час яно распрацоўвалася чатырма руднікамі, што ўваходзілі ў склад чатырох рудаўпраўленняў ААТ «Беларуськалій». У 2009 г. уведзены ў эксплуатацыю пяты (Чырвонаслабодскі), у 2012 г. — шосты (Бярозаўскі) руднікі. Штогадовая здабыча сільвінітаў — каля 53 млн т. Па вытворчасці калійных угнаенняў Беларусь знаходзіцца на адным з першых месцаў у свеце. Пачата прамысловае асваенне Петрыкаўскага радовішча калійных солей.
Чырвоная калійная соль з праслоем белай і сіняй каменнай солі са Старобінскага радовішча калійных солей
Рэсурсы каменнай солі Беларусі, прымеркаваныя таксама да Прыпяцкага прагіну, практычна невычэрпныя. Разведаны 3 радовішчы — Мазырскае і Старобінскае (эксплуатуюцца), Давыдаўскае (не распрацоўваецца). На Мазырскім радовішчы, якое распрацоўваецца метадам падземнага растварэння праз свідравіны з зямной паверхні, штогадовая вытворчасць харчовай паваранай солі «Экстра» складае больш за 500 тыс. т. На Старобінскім радовішчы паралельна са здабычай калійных солей штогод вырабляецца звыш 1,6 млн т. каменнай солі, у т. л. каля 100 тыс. — харчовай.
На радовішчы Руба (каля г. Віцебск) у кар’еры Гралёва здабываецца даламіт. Агульныя разведаныя запасы радовішча — звыш 740 млн т, штогадовая здабыча — 3,8–4,5 млн т. Асноўная прадукцыя — даламітавая мука і будаўнічы друз.
Найбольшыя рэсурсы сапрапелю (арганамінеральнае ўтварэнне, якое залягае ў азёрах і пад тарфянымі пакладамі) сканцэнтраваны ў азёрах Віцебскай вобласці. Выкарыстоўваецца ў якасці ўгнаенняў і кармавых дабавак, для вырабу лячэбных гразей і буравых раствораў, у вытворчасці будаўнічых матэрыялаў.
СЫРАВІНА ДЛЯ ВЫТВОРЧАСЦІ БУДАЎНІЧЫХ МАТЭРЫЯЛАЎ
Распрацоўваюцца радовішчы будаўнічых і сілікатных, фармовачных і шкляных пяскоў, лёгкаплаўкіх і тугаплаўкіх глін для вытворчасці керамікі, цэглы, чарапіцы, пліткі, аглапарыту, керамзіту, цэменту. У паўднёвай частцы краіны вядомы радовішчы каалінітавых і бентанітавых глін.
У паўночнай і цэнтральнай частках Беларусі эксплуатуецца больш за 100 радовішч пясчана-жвіровай сумесі для прыгатавання бетонаў і будаўнічых раствораў.
У Магілёўскай і Гродзенскай абласцях выяўлены карбанатныя пароды: распрацоўваецца шэраг радовішч пісчага мелу і мергельна-мелавых парод, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці вапны і цэменту. На базе гэтых радовішч дзейнічаюць буйныя прадпрыемствы: ААТ «Краснасельскбудматэрыялы», «Крычаўцэментнашыфер», «Беларускі цэментны завод».
На радовішчах Мікашэвічы (Брэсцкая вобласць) і Глушкавічы (Гомельская вобласць) здабываецца будаўнічы камень, які прадстаўлены разнастайнымі пародамі крышталічнага фундамента (граніты, гранадыярыты, дыярыты, мігматыты і інш.).
ПАДЗЕМНЫЯ ВОДЫ
Вельмі важны від мінеральных рэсурсаў Беларусі — падземныя воды.
Прэсныя падземныя воды (мінералізацыя 0,3–0,5 г/дм³) выкарыстоўваюцца для цэнтралізаванага водазабеспячэння. Беларусь — адна з нямногіх краін свету, у якіх практычна ўвесь аб’ём гаспадарча-пітнога водазабеспячэння (больш за 95 %) грунтуецца на выкарыстанні падземных вод. Сістэмы цэнтралізаванага водазабеспячэння, якія арыентаваны ў асноўным на напорныя (артэзіянскія) падземныя воды, што залягаюць глыбока, забяспечваюць патрэбнасці больш чым 90 % гарадскога і каля 40 % сельскага насельніцтва. Разведана больш за 380 радовішч прэсных падземных вод з агульнымі запасамі звыш 7 млн м³/сут.
Разведаныя запасы мінеральных падземных вод (мінералізацыя 1–35 г/дм³) складаюць больш за 60 тыс. м³/сут. Найбольш актыўна выкарыстоўваюцца распаўсюджаныя амаль па ўсёй тэрыторыі Беларусі мінеральныя воды без спецыфічных хімічных кампанентаў і ўласцівасцей. Іх склад хларыдны, сульфатна-хларыдны, хларыдна-сульфатны (з разнастайным наборам катыёнаў), радзей — сульфатны кальцыевы. На базе шматлікіх свідравін, у якіх атрыманы мінеральныя воды гэтага тыпу, працуюць санаторыі і прафілакторыі, функцыянуюць заводы і цэхі па бутэлькавым разліве («Минская», «Дарида», «Боровая», «Брестская», «Руднянская», «Нарочанская» і інш.). Бромныя і ёда-бромныя лячэбныя воды і расолы (мінералізацыя больш за 35 г/дм³) выкарыстоўваюцца ў санаторыях «Бярэсце» (Брэсцкая вобласць), «Лётцы» (Віцебская вобласць) і інш. У цэнтральнай і заходняй частках Беларускай антэклізы з парод крышталічнага фундамента атрыманы радонавыя воды, на базе аднаго з радовішч працуе санаторый «Радон» (Гродзенская вобласць).
У нетрах Беларусі ёсць рэсурсы тэрмальных падземных вод (звыш 20 °C). У Прыпяцкім прагіне тэмпература падземных вод (расолаў) на зрэзе 2 000 м звычайна змяняецца ад 30 да 60 °C, на глыбіні 3 000 м — ад 45 да 85 °C. У Рэчыцкім раёне Гомельскай вобласці на глыбіні 4 700 м зафіксавана тэмпература 138 °C. Галоўнай прычынай, якая стрымлівае выкарыстанне геатэрмальнай энергіі Прыпяцкага прагіну, з’яўляецца ўтварэнне саляных пробак у свідравінах пры падняцці высокамінералізаваных тэрмальных расолаў з вялікай глыбіні. У Падляска-Брэсцкай упадзіне на значнай глыбіні залягаюць тэрмальныя воды з невысокай мінералізацыяй і тэмпературай 30 °C. У 2011 г. у прыгарадзе г. Брэст на базе свідравіны глыбінёй каля 1,5 км з прымяненнем цеплавых помпаў была пушчана ў пробную эксплуатацыю геатэрмальная станцыя магутнасцю 1 МВт для патрэб ААТ «Цяплічны камбінат «Бярэсце».