Рэльеф
Дата стварэння: 24.05.2023 11:46:45
Дата змены: 22.10.2024 11:59:27
- Геамарфалагічныя вобласці
- Беларускае Паазер’е
- Цэнтральнабеларускія ўзвышшы і грады
- Раўніны і нізіны Перадпалесся
- Палеская нізіна
Рэльеф тэрыторыі Беларусі, якая размешчана ў заходняй частцы Рускай раўніны, характарызуецца перавагай плоскіх і спадзістахвалістых раўнін і нізін, рачных далін і градава-ўваліста-ўзгоркавых комплексаў рознага памеру і канфігурацыі.
Асноўныя рысы будовы зямной паверхні Беларусі сфарміраваліся ў выніку дзейнасці магутных покрыўных абледзяненняў, якія ў апошнія прыкладна 800 тыс. гадоў неаднаразова ўрываліся на тэрыторыю рэгіёна. Найбольш распаўсюджаныя тыпы і формы ледавіковага рэльефу: краявыя ледавіковыя ўтварэнні (узвышшы, грады і ўзгоркі), водна-ледавіковыя (флювіягляцыяльныя, азёрна-ледавіковыя) і марэнныя раўніны (абсалютныя адзнакі паверхні вышэй за 150 м) і нізіны (ніжэй за 150 м).
Пасля адыходу ледавіка ў фарміраванні рэльефу актыўную ролю ігралі дзейнасць цякучых вод і вадаёмаў, гравітацыйныя, эолавыя, суфазійна-карставыя працэсы, тэктанічныя рухі, а ў апошнія 2 стагоддзі — і дзейнасць чалавека (тэхнагенныя працэсы).
У выніку складанага спалучэння гэтых фактараў сфарміравалася сучаснае аблічча зямной паверхні Беларусі. Сярэдняя вышыня тэрыторыі над узроўнем мора складае 160 м. Абсалютныя вышыні вагаюцца ад 346 м (гара Дзяржынская на Мінскім узвышшы) да 80 м (у пойме ракі Нёман на мяжы з Літвой). Агульны характар размеркавання абсалютных вышынь (ад 120–170 да 250 м у паўночнай частцы, 200–250 м і вышэй у цэнтральнай, ад 120–160 да 185 м у паўднёвай) сведчыць аб перавазе выраўненых паверхняў, на долю ўзвышшаў прыпадае менш адной трэці (рыс. 1).
Разнастайныя формы і тыпы рэльефу нераўнамерна распаўсюджаны на тэрыторыі краіны, маюць розны ўзрост і асаблівую знешнюю форму. Пры гэтым верхні ярус рэльефу практычна паўсюдна фарміруюць ледавіковыя ўзвышшы і грады, найбольш нізкія адзнакі зямной паверхні імкнуцца да рачных далін, самыя буйныя з якіх прасочваюцца на тэрыторыі рэгіёна на многія сотні кіламетраў.
Гідралагічная сетка Беларусі належыць да басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў. Большая частка тэрыторыі краіны (58 %) дрэніруецца вадацёкамі Чарнаморскага басейна. Найбольш выяўленыя ў рэльефе даліны буйных рэк, якія нясуць свае воды ў Балтыйскае мора, — Заходняя Дзвіна, Нёман, Заходні Буг, у Чорнае мора — Днепр і яго прытокі (Бярэзіна, Сож, Прыпяць). Даліны рэк Балтыйскага басейна больш маладыя, адносна вузкія, часам у поймах сустракаюцца парогі. Даліны рэк Чарнаморскага басейна адрозніваюцца больш буйнымі памерамі, але пры перасячэнні краявых ледавіковых узвышшаў таксама звужаюцца. У далінах усіх буйных рэк звычайна вылучаюцца пойменная і 2 надпойменныя тэрасы, радзей — больш высокія тэрасападобныя ўзроўні.
Геамарфалагічныя вобласці
Паводле асаблівасцей прасторавай дыферэнцыяцыі будовы зямной паверхні на тэрыторыі Беларусі вылучаюць 4 геамарфалагічныя вобласці: Беларускае Паазер’е, Цэнтральнабеларускія ўзвышшы і грады, раўніны і нізіны Перадпалесся, Палеская нізіна (па А. В. Мацвееву, 2002); рыс. 2.
Беларускае Паазер’е
Вобласць адрозніваецца шырокім распаўсюджваннем забалочаных азёрна-ледавіковых нізін і раўнін, краявога ледавіковага рэльефу і азёр (налічваецца каля 3 тыс.). Самы буйны вадаём — возера Нарач (плошча 79,6 км², даўжыня 12,8 км, максімальная шырыня 9,8 км, максімальная глыбіня 24,8 м; Мядзельскі раён Мінскай вобласці); самы глыбокі — возера Доўгае ў басейне ракі Шоша (плошча 2,6 км², даўжыня 6 км, шырыня да 0,7 км, максімальная глыбіня 53,7 м; Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці).
Тэрыторыя дрэніруецца густой сеткай рэк, якія належаць басейнам Заходняй Дзвіны (рэкі Дзісна, Дрыса, Лучоса, Обаль і інш.) і Нёмана.
Паверхня Паазер’я ў цэлым мае катлавінападобную форму. Павышаныя краі ўтвораны ледавіковымі градамі і ўзвышшамі з вышынямі 200– 260 м над узроўнем мора (на Віцебскім узвышшы амаль да 300 м). Паніжаная, нярэдка забалочаная частка мае абсалютныя адзнакі ў інтэрвале 120– 160 м, па далінах рэк да 100– 120 м. У цэнтральнай частцы гэтай геамарфалагічнай вобласці найбольшыя плошчы займаюць азёрна-ледавіковыя, флювіягляцыяльныя, марэнныя раўніны і нізіны. На формах і тыпах ледавіковага рэльефу часта залягаюць валуны. Напрыклад, каля в. Горкі (Шумілінскі раён Віцебскай вобласці) на паверхні марэннай раўніны залягае самы вялікі з вядомых ледавіковых валуноў у Беларусі — валун «Вялікі камень» (глыба цёмна-карычневага граніту рапаківі даўжынёй 11 м, шырынёй 5,6 м, вышынёй 2,8 м), які з’яўляецца геалагічным помнікам прыроды рэспубліканскага значэння.
З іншых тыпаў і форм рэльефу распаўсюджаны забалочаныя плоскія азёрна-алювіяльныя нізіны, эолавыя грады, узгоркі, па схілах рачных далін — ярава-лагчынныя сістэмы. На асобных тэрыторыях (асабліва ў ваколіцах гарадоў Віцебск, Полацк, Наваполацк, Гродна, Орша) прыкметную ролю адыгрывае тэхнагенны рэльеф.
Цэнтральнабеларускія ўзвышшы і грады
Вобласць храктарызуецца развіццём найбольш магутных краявых ледавіковых утварэнняў. Пераважае градава-ўзгорысты і градава-ўвалісты рэльеф. Гэтыя формы маюць покрыўку з лёсападобных адкладаў, якія спрыяюць распаўсюджванню яраў, лагчын і суфазійных запáдзін.
Тэрыторыя дрэніруецца на захадзе рэкамі Нёман (з прытокамі Шчара, Зальвянка, Рось, Моўчадзь і інш.), Вілія (з прытокамі Дзвінаса, Ілія і інш.), на ўсходзе — Дняпром і Бярэзінай (з прытокамі Бабёр, Гайна і інш.). На рацэ Вілія пабудавана найбуйнейшае ў Беларусі Вілейскае вадасховішча (плошча 64,6 км², даўжыня 27 км, максімальная шырыня 3 км, максімальная глыбіня 13 м). Азёр мала, і ўсе яны значна саступаюць па памерах вадаёмам паўночнай Беларусі. Некаторыя азёры атрымалі шырокую вядомасць, напрыклад Свіцязь (Навагрудскі раён Гродзенскай вобласці) і Палік (Барысаўскі раён Мінскай вобласці).
Найбольшыя вышыні зямной паверхні звязаны з краявымі ледавіковымі ўзвышшамі і градамі, абсалютныя адзнакі якіх звычайна складаюць да 220– 300 м і вышэй. Тут жа знаходзяцца максімальныя для Беларусі вышыні 342– 346 м (горы Дзяржынская і Маяк). Характэрнай асаблівасцю ўзвышанага рэльефу з’яўляецца распаўсюджванне кар’ераў плошчай да 200 га і больш, глыбінёй да 30 м і больш. На абсалютных адзнаках 150– 180 м размешчаны ўчасткі спадзістахвалістых марэнных раўнін; ва ўсходняй частцы яны нярэдка перакрыты лёсападобнымі адкладамі, што абумовіла шырокае развіццё яроў і суфазійных западзін. На вышынях 135– 170 м паўсюдна распаўсюджаны спадзістахвалістыя (радзей хвалістыя флювіягляцыяльныя) раўніны і нізіны. Самы нізкі гіпсаметрычны ўзровень (115– 170 м) займаюць у асноўным забалочаныя азёрна-ледавіковыя і азёрна-алювіяльныя нізіны і раўніны.
Раўніны і нізіны Перадпалесся
Вобласць утварае пераходную араграфічную прыступку паміж узвышшамі цэнтральнай часткі Беларусі і Палескай нізінай. Характарызуецца шырокім распаўсюджваннем флювіягляцыяльных раўнін, дэнудаваных краявых ледавіковых утварэнняў і лёсападобных адкладаў.
Тэрыторыя дрэніруецца густой сеткай рэк, якія адносяцца да басейнаў Прыпяці (Пціч, Случ і інш.), Бярэзіны, Дняпра і Сожа (Іпуць, Беседзь і інш.), у меншай ступені Заходняга Буга (Лясная, Мухавец і інш.) і Нёмана (Шчара, Зальвянка і інш.). Многія вадацёкі часткова або цалкам каналізаваныя. Азёр мала.
Найбольшыя абсалютныя вышыні зямной паверхні (да 200–225 м) звязаны з краявымі ледавіковымі ўзвышшамі і градамі, распаўсюджанымі на невялікіх плошчах. Ярус на адзнаках 160–200 м утвараюць спадзістахвалістыя, месцамі дробнаўзгорыстыя марэнныя раўніны. Ва ўсходняй частцы вобласці марэнная паверхня часта перакрыта лёсападобнымі адкладамі, на якіх развіваецца ярава-лагчынная сетка; месцамі неглыбока залягае мел, распаўсюджаны карставыя западзіны (дыяметрам 50–70 м, глыбінёй 2–5 м).
На абсалютных вышынях 140–180 м паўсюдна сустракаюцца ўчасткі спадзістахвалістых флювіягляцыяльных (зандравых) раўнін, ва ўсходняй частцы вобласці таксама перакрытых лёсападобнымі адкладамі. Таму тут шырока распаўсюджаны суфазійныя западзіны, ярава-лагчынныя сістэмы.
Больш нізкі ярус рэльефу (130–160 м) таксама паўсюдна ўтвараюць плоскія, спадзістахвалістыя, моцна забалочаныя азёрна-алювіяльныя паверхні.
У апошнія дзесяцігоддзі ў сувязі з інтэнсіўнай гаспадарчай дзейнасцю адбываюцца значныя змены зямной паверхні, асабліва ў месцах развіцця горназдабываючай прамысловасці. Напрыклад, у Салігорскім раёне Мінскай вобласці вакол калійных камбінатаў сфарміраваўся тыповы тэхнагенны комплекс, які прадстаўлены тэрыконамі (солеадваламі) вышынёй да 120 м і больш, шламасховішчамі, дамбамі, кар’ерамі, насыпамі дарог і інш.
Палеская нізіна
Вобласць характарызуецца шырокім развіццём моцна забалочаных алювіяльных, азёрна-алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін і нізін з разнастайнымі формамі эолавай акумуляцыі.
Большая частка тэрыторыі дрэніруецца ракой Прыпяць з найбольш буйнымі прытокамі Ясельда, Лань, Случ, Убарць, Пціч, Стыр, Гарынь і інш.; у меншай ступені — рэкамі Сож і Днепр (на ўсходзе), Заходні Буг (на захадзе) і іх прытокамі.
Агульны паніжаны характар тэрыторыі стварыў перадумовы для будаўніцтва каналаў, якія злучаюць суседнія водныя басейны (Дняпроўска-Бугскі канал, Агінскі канал, Асавецкі, Даманавіцкі, Людвінаўскі і інш.). У сувязі з развіццём асушальных меліярацыйных работ шматлікія рэкі поўнасцю або часткова каналізаваныя. Вадаёмы прадстаўлены азёрамі, вадасховішчамі (Салігорскае, Любанскае), старыцамі буйных рэк. Вядзецца інтэнсіўнае будаўніцтва рыбных сажалак і інш.
Максімальныя абсалютныя адзнакі прымеркаваны да краявых ледавіковых утварэнняў (у асноўным 140–175 м), сярод якіх па памерах і вышыні прыкметна вылучаецца Мазырскае ўзвышша (да 220,7 м, у раёне вёскі Булаўкі Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці). Характэрныя асаблівасці ўзвышша — лёсападобныя адклады і інтэнсіўнае расчляненне ярава-лагчыннай сеткай (даўжыня самых буйных лагчын да 3 км з глыбінёй да 70 м).
Паўсюдна распаўсюджаны водна-ледавіковыя нізіны і раўніны, часта забалочаныя, якія займаюць ярус вышынь 125–160 м. На павышаных участках флювіягляцыяльныя адклады інтэнсіўна перапрацаваны ветрам, што абумовіла фарміраванне эолавых узгоркаў, град, выдмаў, палёў перавейваных пяскоў.
Марэнныя раўніны на тэрыторыі Палесся займаюць абмежаваныя плошчы. Абсалютныя адзнакі іх спадзістахвалістай паверхні звычайна 150–170 м.
Найбольш нізкі ярус рэльефу ўтвараюць плоскія, участкамі слаба хвалістыя азёрна-алювіяльныя забалочаныя нізіны з зарастаючымі катлавінамі азёр. Паверхня мае абсалютныя адзнакі 120–150 м, на найбольш прыпаднятых участках развіты лінейна выцягнутыя або серпападобныя эолавыя ўтварэнні (вышыня 5–7 м і больш).
У апошнія дзесяцігоддзі на тэрыторыі Палесся ў рэльефе зямной паверхні ўсё больш з’яўляецца тэхнагенных форм, якія звязаны з гідратэхнічным, дарожным і прамысловым будаўніцтвам, здабычай карысных выкапняў. Найбольш буйныя з іх узніклі ў ваколіцах г. Мікашэвічы (Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці), дзе дзейнічае самы вялікі ў Беларусі гранітны кар’ер «Мікашэвічы» (глыбіня больш за 130 м).