Клімат

Дата стварэння: 24.05.2023 11:47:01

Дата змены: 24.09.2024 15:35:40

  • Характарыстыка асноўных кліматычных паказчыкаў
  • Характарыстыка асноўных кліматычных паказчыкаў

    Тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў межах заходняй вобласці ўмеранага пояса і для яе характэрны ўмерана кантынентальны клімат з мяккай і вільготнай зімой, цёплым летам, халаднаватай і сырой восенню.

    Асноўныя рысы клімату вызначаюцца становішчам краіны ў сярэдніх шыротах (51–56° пн. ш.), блізкасцю да Атлантычнага акіяна, перавагай заходняга пераносу паветраных мас і раўнінным рэльефам, які не перашкаджае перамяшчэнню паветраных мас у розных напрамках. Паслабленне заходняга пераносу паветраных мас прыводзіць да распаўсюджвання ўздзеяння кантынентальных паветраных мас, якія прыходзяць з усходу, паўночнага ўсходу або фарміруюцца на месцы. Значна радзей дасягае тэрыторыі Беларусі трапічнае паветра.

    Асноўны кліматаўтваральны фактар — сонечная радыяцыя, якая з’яўляецца практычна галоўнай вонкавай крыніцай цеплавой энергіі для працэсаў, якія праходзяць у атмасферы і на зямной паверхні.


    Радыяцыйны рэжым

    Прыход радыяцыі залежыць ад астранамічных параметраў, у першую чаргу вышыні, азімуту сонца і мясцовых умоў, сярод якіх асноўную ролю адыгрываюць воблачнасць і празрыстасць атмасферы. Вышэй за ўсё сонца паднімаецца 22 чэрвеня на поўдні краіны — 63,5°. Найменшая вышыня сонца апоўдні 22 снежня на поўначы — каля 11°.

    Найменшая і найбольшая працягласць дня на поўначы рэспублікі адпаведна 7 гадзін (у снежні) і 17,5 гадзіны (у чэрвені).

    Паміж 22 сакавіка і 22 верасня працягласць дня расце з поўдня на поўнач і максімальная рознасць у межах краіны ў чэрвені дасягае амаль адну гадзіну. Найбольшая працягласць дня на поўдні — 16,5 гадзіны. У халодны час яна расце з поўначы на поўдзень і максімальная рознасць у снежні складае прыкладна гадзіну, а найменшая працягласць дня на поўдні — каля 8 гадзін.

    Гадавая велічыня сумарнай сонечнай радыяцыі (прамой і рассеянай) паступова павялічваецца з поўначы на поўдзень ад 3 500 да 4 100 МДж/м². Рассеяная радыяцыя складае каля 55 % сумарнай радыяцыі (ва ўсе месяцы, акрамя чэрвеня і ліпеня, рассеяная радыяцыя складае больш за палову сумарнай, а ў чэрвені і ліпені — 47–49 %). Гадавыя сумы рассеянай радыяцыі змяняюцца ад 2 100 МДж/м² на поўдні да 1 800 МДж/м² на поўначы рэспублікі, а фотасінтэтычна актыўнай радыяцыі — ад 1 890 да 2 100 МДж/м².

    Усе віды сонечнай радыяцыі характарызуюцца плаўным змяненнем гадавога ходу іх месячных сум з максімумам у чэрвені і мінімумам у снежні (максімумы часам ссоўваюцца на ліпень, мінімумы радзей — на студзень).

    Гадавыя сумы радыяцыйнага балансу складаюць 1 600–1 900 МДж/м². Радыяцыйны баланс дадатны з сакавіка па кастрычнік і ўзрастае з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад.

    Гадавыя сумы караткахвалевага балансу складаюць прыкладна 75 % і змяняюцца ў межах 2 600–3 000 Дж/м². Гадавыя сумы эфектыўнага выпраменьвання павялічваюцца з поўначы на поўдзень прыкладна ад 110 да 1 300 МДж/м² (каля 30 % сумарнай радыяцыі).

    Больш за 98 % сумарнай сонечнай радыяцыі з’яўляецца караткахвалевай з даўжынёй хвалі ў межах 0,17–4 мкм: зямной паверхні дасягае радыяцыя з даўжынёй хвалі больш за 0,29 мкм. Пры ясным небе на бачную (у межах 0,38–0,76 мкм) частку спектра сонечнай радыяцыі прыпадае 53 %, на інфрачырвоную (больш за 0,76 мкм) — 42 %, на ультрафіялетавую (менш за 0,38 мкм) — 5 % ад усёй сумарнай радыяцыі.

    Ультрафіялетавую радыяцыю (УФ-радыяцыю) сонца (X < 400 нм) у адпаведнасці з яе біялагічным дзеяннем і ўмовамі праходжання праз зямную атмасферу прынята дзяліць на 3 вобласці: вобласць А — 315 < X < 400 нм; вобласць В — 280 < X < 315 нм; вобласць С — 100 < X < 280 нм. Найбольшай энергіяй валодаюць кванты вобласці С: пры вялікіх дозах гэтая вобласць УФ‑спектра сонечнай радыяцыі смяротна небяспечная, аднак яна практычна цалкам паглынаецца азонам і зямной паверхні не дасягае. Светлавы квант вобласці А (пры X < 315 нм) можа разбурыць малекулу бялку. У прыходнай да зямной паверхні УФ-радыяцыі гэтая вобласць складае некалькі працэнтаў ад агульнай УФ-радыяцыі, але яна ў значнай ступені актывізуе абменныя працэсы, павялічвае ўстойлівасць арганізма чалавека да захворванняў і агульны яго тонус. Недахоп УФ-радыяцыі прыводзіць да развіцця авітамінозу і рахіту, а лішак выклікае паражэнне скуры аж да ракавых захворванняў. З УФ-радыяцыяй абласцей А і В, а таксама караткахвалевай часткай бачнага ўчастка сонечнага спектра звязаны пігментацыя скурнай паверхні і ўтварэнне загару.

    Важнай кліматычнай характарыстыкай з’яўляецца светлавы рэжым — працягласць сонечнага ззяння (вызначаецца адносінамі сонечнага ззяння, якое назіраецца, да магчымага, а таксама колькасцю дзён без сонца).

    Сярэдняя працягласць сонечнага ззяння за год павялічваецца з поўначы на паўночны захад, поўдзень і паўднёвы ўсход і змяняецца ад 1 800 гадзін да амаль 2 000 гадзін на паўднёвым усходзе Гомельская вобласці. У перыяд максімальнай працягласці сонечнага ззяння (у чэрвені) яго велічыні вар’іруюць ад 265 да 288 гадзін, мінімальнай (у снежні) — ад 25 да 33 гадзін. Назіраецца азанальнасць у размеркаванні светлавога рэжыму па тэрыторыі краіны.

    Колькасць дзён без сонца за год змяняецца ад 110 дзён на поўначы да 95 дзён на поўдні. Час знаходжання сонца над гарызонтам па ўсёй тэрыторыі Беларусі прыкладна аднолькавы і складае 4 495 ± 10 гадз/год, у сапраўднасці працягласць сонечнага ззяння вызначаецца рэжымам воблачнасці: агульная сярэднегадавая воблачнасць змяняецца ў тым жа напрамку, што і сонечнае ззянне — ад 7–7,2 да 6,6–6 балаў. У сярэднім сонечнае ззянне назіраецца прыкладна на працягу 40 % часу, калі сонца знаходзіцца над гарызонтам.

    Умовы праходжання сонечнай радыяцыі праз атмасферу вызначаюцца яе празрыстасцю. Апошняя, у сваю чаргу, залежыць ад газавага і аэразольнага складу атмасферы (малекулярнага складу), зместу цвёрдых і вадкіх часціц (аэразоляў) натуральнага (вулканагеннага) і антрапагеннага паходжання.


    Тэмпература паветра

    Ва ўмовах умерана кантынентальнага клімату Беларусі адным з асноўных яго параметраў з’яўляецца тэмпература паветра. У цёплы перыяд года астранамічныя і радыяцыйныя фактары вызначаюць субшыротны характар змены тэмпературы паветра, у халодны — субмерыдыянальны. Для цеплавога рэжыму Беларусі характэрна паступовае павышэнне тэмпературы паветра з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад (летам — на паўднёвы ўсход).

    Для перыяду 1881–1990 гг. сярэднегадавая тэмпература паветра ў гэтым напрамку змянялася ад 4,7 да 7 °C, сярэднемесячная тэмпература самага цёплага месяца (ліпеня) павышалася ад 17 да 18,5 °C, самага халоднага (студзеня) — ад −8,3 да −4,5 °C. Для перыяду сучаснага пацяплення 1988–2019 гг. гэтыя значэнні змяняліся: сярэднегадавая тэмпература дасягнула 7,5 °C, сярэднемесячная тэмпература студзеня амаль −4 °C, ліпеня — амаль 20 °C. Зіма 2019/20 г. была самай цёплай за ўсю гісторыю метэаралагічных назіранняў: тэмпература перавысіла нулявое значэнне і склала 1,5 °C, што вышэй за кліматычную норму на 5,5 °C. Тэмпература восеньскага перыяду ў 2019 г. склала 8,8 °C, што на 2,2 °C вышэй за кліматычную норму.

    Важнымі характарыстыкамі ацэнкі цеплазабяспечанасці тэрыторыі краіны з’яўляюцца працягласць перыядаў з тэмпературамі вышэйшымі або ніжэйшымі за пэўныя межы і сумы назапашаных тэмператур. У 2000– 2019 гг. хуткасць росту цеплазабяспечанасці тэрыторыі павялічылася ў 2 разы ў параўнанні з папярэднім 20‑гадовым перыядам. Пры захаванні цяперашніх тэмпаў пацяплення клімату ў бліжэйшыя 30 гадоў каля паўночных меж Беларусі будзе такая ж сума актыўных тэмператур, якая зараз назіраецца ля яе паўднёвых меж.

    Гадавая сума актыўных тэмператур павялічваецца за кошт хуткасці росту тэмпературы і павелічэння працягласці вегетацыйнага перыяду. Цяпер яна змяняецца ад 195–200 дзён на поўначы да 205–210 дзён на поўдні Беларусі (у папярэдні 20‑гадовы перыяд гэты дыяпазон быў 188–204 дні). Тэрмічныя рэсурсы тэрыторыі Беларусі дазваляюць вырошчваць асноўныя сельскагаспадарчыя культуры сярэдняй паласы, якія патрабуюць менш за 2 000 °C актыўных тэмператур за вегетацыйны перыяд.

    У 2001–2019 гг. у большасці месяцаў года нормы тэмпературы ў зімовыя месяцы павялічыліся больш чым на 1 °C. У іншыя сезоны года павелічэнне норм тэмпературы склала некалькі дзясятых градуса. Рост тэмпературы ў 2‑й палове лета (ліпень — жнівень) склаў каля 0,5 °C.

    На тэрыторыі краіны на працягу амаль усяго ХХ ст. (да канца 1980‑х) кароткачасовыя перыяды пацяпленняў змяняліся блізкімі па велічыні і працягласці перыядамі пахаладанняў. Пацяпленне, якое не мае сабе роўных па працягласці і інтэнсіўнасці, пачалося ў цёплым 1988 г. (0,4 °C). Найбольш цёплымі гадамі за перыяд інструментальных назіранняў сталі: 2015 — 8,5 °С, 2019 — 8,8 °С, 2020 — 9,1 °С, г. зн. на 2,5–3 °С вышэй за кліматычную норму.

    Пацяпленне было больш выяўленым на поўначы краіны, што ўзгадняецца з асноўным вывадам колькаснага мадэлявання тэмпературы, які сведчыць аб большым павышэнні тэмпературы ў высокіх шыротах. Калі пацяпленне клімату раней адзначалася зімой, то з сярэдзіны 1990‑х гг. хутка павялічваліся летнія і восеньскія тэмпературы.

    Самыя цёплыя летнія сезоны назіраліся ў 1936–1940 гг., а таксама ў бягучым стагоддзі, калі сярэдняя тэмпература паслядоўных 5‑гадовых перыядаў знаходзілася ў інтэрвале 18,2–18,5 °C. Найбольш цёплыя зімовыя 5‑гадовыя перыяды адзначаліся ў 1991–1995 і 1998–2002 гг., самыя цёплыя — у 1989–1990 і 2019–2020 гг.

    Самыя цёплыя 5‑гадовыя перыяды ў чэрвені — жніўні прыпадаюць на эпохі нізкай аэразольнай забруджанасці атмасферы. Экстрэмальна цёплыя 5‑гадовыя перыяды зімой і летам адзначаюцца ў апошнія гады, калі адбылося складанне эфектаў радыяцыйнага ўздзеяння аэразоляў (ачышчэнне атмасферы ад аэразоляў) і парніковых газаў. Утрыманне вуглякіслага газу ў атмасферы ў апошнія гады ўзрасло да 416 ppm (part per million; 2022), тады як у перадіндустрыяльную эпоху яно было на 130 ppm менш.


    Атмасферныя ападкі

    Ападкі з’яўляюцца галоўным фактарам, які фарміруе водны рэжым тэрыторыі, характар увільгатнення рачных вадазбораў, і асноўнай крыніцай водных рэсурсаў.

    Размеркаванне атмасферных ападкаў на тэрыторыі Беларусі вызначаецца галоўным чынам цыкланічнай дзейнасцю. Цыкланічная дзейнасць паступова згасае ў напрамку з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход, таму колькасць атмасферных ападкаў і працягласць іх выпадзення зніжаюцца па шляху вільгацяносных патокаў, парушаючы плаўнае прасторавае размеркаванне ападкаў.

    Па ступені ўвільгатнення амаль уся тэрыторыя краіны адносіцца да зоны дастатковага ўвільгатнення; толькі паўднёвая і паўднёва-ўсходняя часткі адносяцца да зоны няўстойлівага ўвільгатнення.

    У сярэднім за год на большай частцы тэрыторыі Беларусі выпадае каля 550– 750 мм ападкаў. Цэнтральная ўзвышаная частка атрымлівае 650– 750 мм, асобныя ўзвышшы (Навагрудскае і Мінскае) — больш за 750 мм, нізіны (як паўднёвыя, так і паўночныя) — у асноўным 600– 650 мм. Мінімальная шматгадовая колькасць ападкаў адзначана на паўднёвым усходзе краіны (г. п. Брагін).

    Атмасферныя ападкі вегетацыйнага і цёплага перыядаў маюць прыкладна такі ж ход на тэрыторыі Беларусі, як і сумарныя за год. Гэта ў значнай меры звязана з тым, што на іх долю прыпадае больш за 70–72 % гадавых. У гадавым ходзе мінімальная колькасць ападкаў назіраецца ў большасці выпадкаў у лютым, радзей — у сакавіку, яшчэ радзей — у студзені. Максімум ападкаў на большай частцы тэрыторыі краіны прыпадае на ліпень.

    Чáсавая зменлівасць ападкаў на тэрыторыі Беларусі вышэйшая за прасторавую. Павялічылася кантраснасць ападкаў на тэрыторыі краіны. Па шматгадовых даных гадавыя сумы ападкаў больш за 700 мм назіраліся толькі на невялікіх узвышаных тэрыторыях (у раёне г. п. Лынтупы, гарадоў Валожын і Навагрудак). У сярэднім за перыяд пацяплення сярэднегадавыя сумы ападкаў больш за 700 мм таксама назіраліся на паўночным усходзе (гарады Полацк, Віцебск, г. п. Езярышча), у раёне г. Барысаў, Бярэзінскага запаведніка і на поўдні (г. Жыткавічы).

    Паводка ў Гомелі па вуліцы Палявой

    Паводка ў Гомелі па вуліцы Палявой

    Змяненне колькасці ападкаў на тэрыторыі Беларусі адрозніваецца большай прасторава-часавай зменлівасцю ў параўнанні з тэмпературай. Асаблівасцю змены ападкаў з’яўляецца зніжэнне іх колькасці з 1950‑х гг. (у 1905– 1935 ападкаў было на 60– 70 мм больш). Сярэднегадавыя сумы ападкаў у перыяд сучаснага пацяплення істотна не змяніліся, але сярэднямесячныя значэнні ў жніўні, красавіку і маі зменшыліся, а ў чэрвені і верасні — павялічыліся.

    Па тэрыторыі размеркавання ападкаў, якія выпалі, вылучаюцца 2 зоны: паўночна-ўсходняя, дзе адзначаны іх рост, і паўднёва-заходняя, дзе ён зменшаны. Выдзелены анамальныя зоны (Лельчыцкі, Жыткавіцкі раёны Гомельскай вобласці і Касцюковіцкі раён Магілёўскай вобласці), дзе колькасць ападкаў павялічваецца.

    У змене значэнняў колькасці ападкаў за цёплы перыяд года не прасочваецца выразна выяўленых тэндэнцый. Сярэднія значэнні колькасці ападкаў за цёплы перыяд года на метэаралагічных станцыях Беларусі на працягу апошняга 40‑гадовага перыяду вагаліся ў межах 15–30 мм. Змяненні большай велічыні зарэгістраваны толькі на асобных станцыях.

    Вільгацезабяспечанасць тэрыторыі Беларусі палепшылася за кошт росту колькасці ападкаў у зімова-вясновы перыяд і, такім чынам, павысілася вільгацеўтрыманне глеб вясной. Гэта паляпшэнне вільгацезабяспечанасці нязначнае, але яно спрыяе развіццю раслін на пачатковых фазах росту.


    Характарыстыка агракліматычных абласцей

    Агракліматычныя рэсурсы тэрыторыі характарызуюцца трыма асноўнымі паказчыкамі: колькасцю цяпла і вільгаці ў вегетацыйны перыяд і ўмовамі перазімоўкі сельскагаспадарчых культур. Для тэрыторыі Беларусі характэрны дастаткова спрыяльныя для развіцця сельскай гаспадаркі агракліматычныя ўмовы. Аднак значныя ваганні ўмоў надвор’я прыводзяць часам да ўзнікнення з’яў, якія неспрыяльна адбіваюцца на развіцці раслін, а часам да частковага іх пашкоджання і нават поўнай гібелі. Да найбольш небяспечных з’яў надвор’я на тэрыторыі Беларусі ў цёплы перыяд года адносяцца замаразкі, засушлівыя з’явы, звязаныя з працяглай адсутнасцю дажджоў і высокімі тэмпературамі паветра, вялікія ліўневыя ападкі, якія часта суправаджаюцца градам і шквалістымі вятрамі, працяглыя дажджлівыя перыяды, што пагаршаюць стан раслін з-за пераўвільгатнення глебы; у халодны перыяд — адлігі, моцныя маразы, прыцёртая ледзяная скарынка; у ранневясновыя перыяды — вымаканне, выправанне, вяртанне халадоў і інш.

    Па тэрмічных рэсурсах вегетацыйнага перыяду, умовах забяспечанасці яго вільгаццю тэрыторыя Беларусі (па даследаваннях А. Х. Шкляра) дзялілася на 3 агракліматычныя вобласці: паўночную, цэнтральную і паўднёвую.

    Cучаснае пацяпленне клімату на тэрыторыі Беларусі пачынаючы з 1988 г. прывяло да трансфармацыі агракліматычных абласцей: распаду Паўночнай агракліматычнай вобласці і з’яўленню Новай агракліматычнай вобласці на поўдні Беларусі, а затым і да поўнага іх зрушвання. У сувязі з тым, што рост тэмпературы працягваецца, працэс трансфармацыі меж агракліматычных абласцей у выніку змены клімату і іх асноўныя характарыстыкі за перыяд пацяплення 1991–2020 гг. прыведзены на картах агракліматычных абласцей у Нацыянальным атласе Беларусі (2024).


    Снегавое покрыва

    Снегавое покрыва вызначае суровасць клімату і ступень увільгатнення тэрыторыі. Валодаючы вялікай адбівальнай выпраменьвальнай здольнасцю, снегавое покрыва рэзка памяншае радыяцыйны баланс, спрыяе ахалоджванню ніжніх прылеглых да яго пластоў паветра і фарміраванню над шырокімі тэрыторыямі сушы ўстойлівых антыцыклонаў, г. зн. выступае як кліматаўтваральны фактар.

    На метэастанцыях вядуцца назіранні за ступенню пакрыцця наваколля снегам, характарам залягання, вышынёй і шчыльнасцю снегавога покрыва.

    У Беларусі снегавое покрыва ў сярэднім залягае ад 75 дзён на паўднёвым захадзе да 125 дзён на паўночным усходзе. За халодны перыяд яно паспявае некалькі разоў разбурыцца і зноў утварыцца, асабліва ў пачатку і ў канцы зімы. Першае снегавое покрыва часцей за ўсё ўтвараецца ў 2‑й палове кастрычніка, хоць у асобныя гады адзначаецца ўжо ў верасні, а часам упершыню снег кладзецца толькі ў лістападзе і нават пазней. Устойлівае снегавое покрыва, якое залягае не менш за месяц, усталёўваецца толькі ў снежні: на паўночным усходзе — у 1‑й дэкадзе месяца, на паўднёвым захадзе — у канцы снежня. Разбурэнне снегавога покрыва адбываецца на паўднёвым захадзе ў пачатку сакавіка, на паўночным усходзе — у сярэдзіне і канцы месяца. У асобныя гады гэтыя даты значна адрозніваюцца ад сярэдніх. Бываюць гады, калі снег наогул не захоўваецца бесперапынна на працягу месяца, тады іх адносяць да гадоў без устойлівага снегавога покрыва. Паўтаральнасць такіх гадоў у розных рэгіёнах складае 3–10 %, а на паўднёвым захадзе (Брэсцкая вобласць) — 20–25 %.

    На паўднёвым захадзе на працягу ўсёй зімы вышыня снегавога покрыва невялікая і змяняецца ад 2–3 см у пачатку і да 6–7 см у канцы зімы. Аднак і тут магчымы значныя снеганазапашванні ў халодныя і поўная адсутнасць снегавога покрыва ў цёплыя зімы.

    Сярэдняе шматгадовае значэнне вышыні снегавога покрыва нарастае ад 15 см на паўднёвым захадзе да 30 см і больш на паўночным усходзе, што звязана з тэмпературнымі ўмовамі зімы. Прыкметна павялічваецца вышыня снегу на ўзвышшах і змяншаецца ў далінах рэк. У асобныя маласнежные зімы на паўднёвым захадзе максімальная вышыня снегавога покрыва дасягае толькі 3–5 см, у мнагаснежныя — 50–60 см. Так, у мнагаснежную зіму 1964/65 г. вышыня снегу, зафіксаваная на Свянцянскіх градах (метэастанцыя Лынтупы), дасягала 72 см.

    Даныя па вышыні і шчыльнасці снегавога покрыва даюць магчымасць разлічыць колькасць вады, назапашанай у снезе, — снегазапасы. Яны дазваляюць меркаваць аб магчымай велічыні вясновай паводкі, аб вільгацезабяспечанасці глебы, велічыні снегавой нагрузкі на збудаванні (велічыня снегавой нагрузкі ў кг/м² лікава роўная запасам вады ў мм). Гэтак жа як вышыня снегу і яго шчыльнасць, запас вады ў снезе звычайна дасягае максімальных значэнняў у 2‑й палове лютага — пачатку сакавіка.

    Сярэдняя шматгадовая велічыня максімальных за зіму запасаў вады ў снезе змяняецца ад 35 мм на паўднёвым захадзе краіны да 80–100 мм на ўсходзе і паўночным усходзе. Снегазапасы перавышаюць 80 мм і на цэнтральных узвышшах.


    Вільготнасць паветра

    Беларусь характарызуецца павышанай вільготнасцю паветра на працягу ўсяго года. З паступовым паніжэннем тэмпературы паветра ад лета да восені памяншаецца і яго вільгацеўтрыманне. У верасні летні характар размеркавання парцыяльнага ціску па тэрыторыі, які ўсталяваўся ў чэрвені, мяняецца. Максімум яго з паўднёвага ўсходу перамяшчаецца на паўднёвы захад, мінімум — з паўночнага захаду на паўночны ўсход.

    Адносная вільготнасць паветра ўяўляе найвялікшую практычную цікавасць, бо яна характарызуе ступень насычэння паветра вадзяной парай. Паколькі з павышэннем тэмпературы паветра парцыяльны ціск насычанай вадзяной пары расце хутчэй фактычнага, адносная вільготнасць пры гэтым памяншаецца. Таму гадавы ход адноснай вільготнасці адваротны гадавому ходу тэмпературы паветра. Аднак трэба адзначыць, што найменшыя значэнні адноснай вільготнасці прыпадаюць не на самы цёплы месяц года, а на пераходны вясновы — май. У халодны перыяд года адносная вільготнасць у 13 гадзін часцей за ўсё (да 80 % дзён) знаходзіцца ў межах 80– 100 %.

    У летні сезон 85–90 % дзён у месяцы маюць адносную вільготнасць 30–79 %. Разам з тым у кожным з летніх месяцаў адзначаецца каля 10 % вільготных дзён, калі і ў пасляпаўдзённыя гадзіны вільготнасць не падае ніжэй за 80 %. У апошнія дзесяцігоддзі летам колькасць сухіх дзён з вільготнасцю ніжэй за 30 % расце. На поўначы і паўночным усходзе краіны колькасць такіх дзён складае ў сярэднім 6–9, а на паўднёвым усходзе — 18–20.

    У цэлым за год колькасць вільготных дзён, г. зн. дзён з адноснай вільготнасцю 80 % і вышэй, вагаецца ад 114–134 на поўдні да 134–144 на астатняй тэрыторыі; у раёне ўзвышшаў, у прыватнасці на Навагрудскай, вільготных дзён больш. Максімальныя гадавыя значэнні вільготных дзён па краіне знаходзяцца ў межах 165–195, мінімальныя — 90–130 дзён.

    Спалучэнні высокай вільготнасці з высокай тэмпературай выклікаюць у чалавека непрыемнае адчуванне духаты. Звычайна душнымі прынята лічыць такія ўмовы, калі тэмпература паветра вышэй за 20 °C спалучаецца з высокай адноснай вільготнасцю — 80 % і больш. У Беларусі паўтаральнасць і працягласць такіх надвор’яў невялікая.

    Сутачны максімум дэфіцыту насычэння ў летнія месяцы складае 18–25 гПа і прыпадае на 13–15 гадзін, у асобныя дні ён можа дасягаць 35–40 гПа.

    У Беларусі дні з дэфіцытам насычэння паветра вадзяной парай, якая перавышае 20 гПа, сустракаюцца практычна штогод. У сярэднім на працягу мая — верасня такіх дзён назіраецца ад 10 (на поўначы) да 20–25 (на паўднёвым усходзе), адпаведна ад 2 да 5 дзён у месяцы прычым з мая па жнівень колькасць гэтых дзён у месяцы прыкладна аднолькавая.


    Вецер

    Сярэднія гадавыя хуткасці ветру на тэрыторыі Беларусі за розныя перыяды часу змяняліся ад 3,6 м/с (1945–1970) да 2,4 м/с (2003–2018). Найбольшыя змяненні адбыліся ў цэнтральнай частцы тэрыторыі Беларусі (зафіксаваны на метэастанцыях Нарач і Мінск). На Полацкай нізіне памяншэнне хуткасці ветру ідзе больш імкліва, чым на Палессі. Яно характэрна як для цёплай, так і для халоднай пары года.

    Памяншэнне паўтаральнасці вялікіх хуткасцей ветру ў апошнія гады не азначае памяншэння яго парывістасці і шквалістасці. Павышаны тэмпературны фон і рост зменлівасці шэрага іншых метэаралагічных характарыстак стварылі ўмовы для шквалістых узмацненняў ветру, якія часам дасягаюць разбуральнай сілы.

    Наступствы шквалістага ветру з навальніцай, дажджом і градам. Смалявіцкі раён Мінскай вобласці

    Наступствы шквалістага ветру з навальніцай, дажджом і градам. Смалявіцкі раён Мінскай вобласці


    Цыркуляцыйны рэжым

    Цыркуляцыйны рэжым мае вялікае значэнне ў фарміраванні клімату рэспублікі. Ён вызначае тып надвор’я, змену і зменлівасць метэаралагічных параметраў. Беларусь знаходзіцца пад уплывам атлантычных паветраных мас, дзеянне якіх у халодную і цёплую пару года рознае: зімой яны выклікаюць пацяпленне, летам абумоўліваюць халаднаватае надвор’е.

    Для Беларусі, якая знаходзіцца ў шыротным поясе нізкага ціску, характэрнай асаблівасцю цыркуляцыйнага рэжыму з’яўляецца павышаная цыкланічнасць. На працягу ўсіх сезонаў года цыкланічныя формы цыркуляцыі пераважаюць над антыцыкланічнымі. Колькасць дзён з цыкланічнымі формамі складае больш за 200, з антыцыкланічнымі — каля 150–160.

    На тэрыторыі краіны дамінуюць паўночна-заходнія і заходнія цыклоны, уплыў якіх на надвор’е вельмі значны зімой і восенню. Увесну і ўлетку пачашчаюцца выхады міжземнаморскіх і чарнаморскіх цыклонаў з поўдня і паўднёвага захаду.

    Маларухомыя антыцыклоны над рэспублікай устанаўліваюцца рэдка. Адгор’е Азорскага антыцыклону найбольш значнае развіццё атрымлівае летам, з ім звязана сухое надвор’е і часта засухі. Усходнія антыцыклоны тыповыя для халоднай паловы года, калі на тэрыторыю Беларусі наступае адгор’е Сібірскага антыцыклону. Узгорыста-раўнінная паверхня краіны не аказвае істотнага ўплыву на буйнамаштабныя цыркуляцыйныя працэсы. Аднак наяўнасць шматлікіх узвышшаў і нізін, азёр і балот вызначае стракатасць у прасторавым размеркаванні тэмпературы і вільготнасці, у ветравым рэжыме і рэжыме ападкаў.

    Атмасферная цыркуляцыя ў халоднае паўгоддзе іграе галоўную ролю. Пераважнае дзеянне цыркуляцыйнага рэжыму над радыяцыйным зімой прыводзіць да парушэння шыротнага размеркавання метэаэлементаў.

    Перавага атлантычнага паветра абумоўлівае на працягу ўсяго года высокую адносную вільготнасць (110–150 дзён з адноснай вільготнасцю звыш 80 %), значнае развіццё воблачнасці (150–160 пахмурных дзён, 90–110 дзён без сонца), дастатковае ўвільгатненне (у сярэднім 600–700 мм/год).

    Гадавы ход метэаэлементаў вызначае дзяленне на сезоны года. Межы сезонаў устанаўліваюцца па датах пераходу сярэдняй сутачнай тэмпературы паветра праз пэўныя граніцы. Адрозненні ў тэрмінах наступлення сезонаў у розных раёнах рэспублікі невялікія — 1–2 тыдні, у працягласці сезонаў — ад 2 да 5 тыдняў.

    У перыяд сучаснага пацяплення клімату адбыліся істотныя змены ў тэрмінах наступлення сезонаў і іх працягласці. Працягласць вегетацыйнага перыяду павялічылася на 2 тыдні. Найбольшыя адрозненні за апошнія гады адбыліся ў тэрмінах надыходу вясны (часта назіраецца ранняя вясна) і яе працягласці (часта вясна стала больш кароткай, а летнія сезоны больш працяглымі). Ранняму надыходу вясны спрыяла больш ранняе разбурэнне снегавога покрыва і, як вынік, памяншэнне альбеда падсцілаючай паверхні. Гэта прыводзіла да больш ранняга ўключэння ў дзеянне радыяцыйнага фактару.

    Зіма ў кліматалогіі — гэта перыяд з адмоўнымі сярэднімі сутачнымі тэмпературамі паветра. Паколькі даты пераходу праз 0 °C змяняюцца з года ў год, то для характарыстыкі зімовых умоў звычайна выкарыстоўваецца перыяд каляндарнай зімы (снежань — люты).

    Узімку, калі прыход сонечнай радыяцыі малы, асноўным кліматаўтваральным фактарам з’яўляецца цыркуляцыя атмасферы. Панаванне вільготных і цёплых паветраных мас з Атлантыкі, а таксама Міжземнага і Чорнага мораў забяспечвае фарміраванне цёплых зім. Характэрная асаблівасць зім у перыяд сучаснага пацяплення — вялікая паўтаральнасць адліг у зімовы час года.

    Вясна ў Беларусі халаднаватая і ўмерана цёплая, сярэдняя тэмпература красавіка за перыяд пацяплення дасягнула 7,8 °C. Вясна — сезон найбольшых тэмпературных кантрастаў. Пры актыўных паўднёвых уварваннях ва ўмовах яснага надвор’я дзённыя тэмпературы могуць дасягаць 10 °C і больш (абсалютны максімум тэмпературы ў красавіку — 26–31 °C). Разам з тым для вясны тыповыя і перыяды, калі пры паўночных і паўночна-ўсходніх уварваннях арктычнага паветра назіраюцца рэзкія пахаладанні да мінусавых значэнняў тэмпературы.

    Лета цёплае, дастаткова сонечнае, як правіла, вільготнае. Сярэдняя месячная адносная вільготнасць у ліпені — 70–75 %. Гэта сезон максімуму ападкаў: за 3 летнія месяцы іх выпадае 200–260 мм. Пераважаюць дні з пераменнай воблачнасцю, калі сонца свеціць 8–10 гадзін. Верагоднасць яснага стану неба ў гэты перыяд каля 50 %. На летні сезон прыпадае палова гадавой сонечнай радыяцыі, якая аказвае ўсё большы ўплыў на фарміраванне клімату, што прыводзіць да шыротнай змены тэмпературы, да ўзрастання значэння цеплаабмену з падсцілаючай паверхняй і ўзмацнення ўплыву рэльефу.

    У далінах, якія лепш праграваюцца, ізатэрмы адхіляюцца на поўнач, на ўзвышшах — на поўдзень. Тэмпературныя кантрасты невялікія і знаходзяцца ў межах 1,5–2 °C.

    У летні перыяд у сувязі з паслабленнем Ісландскай дэпрэсіі памяншаецца цыкланічная дзейнасць ва ўмераных шыротах. Узмацняецца ўплыў Азорскага максімуму, які актывізуе антыцыклоны, што накіроўваюцца на ўсход. Улетку рэзка змяняецца напрамак ветру — дамінуюць заходнія і паўночна-заходнія вятры; хуткасць ветру слабее.

    Восень надыходзіць у апошняй дэкадзе верасня — пачатку кастрычніка, сярэдняя сутачная тэмпература становіцца ніжэй за 10 °C, заканчваецца актыўная вегетацыя раслін. У верасні рэзка падае велічыня радыяцыйнага балансу. Адбываецца перабудова барычнага поля атмасферы. Расце ціск над мацерыком, які ахалоджваецца, і ўзмацняецца роля Ісландскага мінімуму ў паглыбленні цыклонаў, якія паступаюць на Еўрапейскі кантынент. Ссоўваецца на поўдзень і слабее Азорскі максімум.

    Прыходзячыя вільготныя атлантычныя паветраныя масы спрыяюць утварэнню туманаў, якія ў гэты сезон бываюць як радыяцыйнага, так і адвектыўнага паходжання. Колькасць дзён з туманамі вагаецца ад 14 да 25 за сезон. Сярэдняя хуткасць ветру ў кастрычніку — 3–4 м/с. Верагоднасць моцных вятроў восенню — 1–4 дні.


    Небяспечныя метэаралагічныя з’явы

    У Беларусі штогод рэгіструецца ад 9 да 30 небяспечных метэаралагічных з’яў (НМЗ; замаразкі, моцныя вятры, дажджы і снегапады, а таксама надзвычайная пажарная небяспека). Большасць з іх носіць лакальны характар, аднак у асобныя гады яны ахопліваюць значную частку тэрыторыі краіны. Прыкладна 80 % усіх выпадкаў НМЗ прыпадае на цёплы перыяд года (замаразкі, шквалы, моцныя ліўні, град), калі адзначаецца актыўная канвектыўная дзейнасць (май — лістапад). Асабліва ярка яе ўплыў праяўляецца для групы НМЗ, звязаных з ветрам: моцныя вятры, шквалы, смерчы. Значную колькасць складаюць НМЗ, звязаныя з ападкамі ў цёплы перыяд: моцныя і працяглыя дажджы, ліўні, град. З 1974 г. адзначана найбольшая колькасць ліўневых ападкаў, шквалаў, галалёду, але ў апошняе 30‑годдзе зменшылася колькасць туманаў, шэраней і завей. Колькасць халодных зім паменшылася, цёплых — павялічылася. У апошнія 30– 35 гадоў такіх суровых зім, як у 1939/40 г. (−10,8 °С), 1928/29 г. (−10,7 °С), 1941/42 г. (−10,5 °С), не назіралася. Апошняя суровая зіма адзначалася ў 1984/85 г. (−10,4 °С).

    З неспрыяльных НМЗ з 1992 г. моцна павялічылася паўтаральнасць засушлівых перыядаў. З 1989 г. часцей паўтараюцца хвалі цяпла. За апошнія 30 гадоў рэзка ўзрасла колькасць гарачых дзён з максімальнай тэмпературай паветра ≥ 25 °C.

    Наступствы ўрагану. Астравецкі раён Гродзенскай вобласці

    Наступствы ўрагану. Астравецкі раён Гродзенскай вобласці

    Намячаецца тэндэнцыя да павелічэння працягласці беззамаразкавага перыяду, асабліва ў паўночнай і заходняй частках краіны. У параўнанні з 1951–1990 гг. зменшылася паўтаральнасць гадоў з вясновымі і восеньскімі замаразкамі (выключэнне складае Гомельская вобласць, дзе паўтаральнасць вясновых замаразкаў у маі ўзрасла).

    Увосень у перыяд пацяплення на большасці станцый фіксуецца памяншэнне паўтаральнасці замаразкаў у верасні — 3‑й дэкадзе кастрычніка.

    Павышэнне тэмпературы ў першыя вясновыя месяцы прыводзіць да больш ранняга сходу снегавога покрыва і пераходу тэмпературы паветра праз 0 °C у бок павышэння. У сярэднім за перыяд апошняга пацяплення (1989–2019) гэты пераход адбываўся на 10– 15 дзён раней за сярэднія шматгадовыя значэнні. На дэкаду раней пачынаўся вегетацыйны перыяд, адпаведна павялічылася і яго працягласць.

    Колькасць НМЗ была максімальнай у 2‑й палове 1980‑х гг., а ў бягучым стагоддзі стала ніжэй. Можна сцвярджаць, што павялічылася паўтаральнасць ліўневых і моцных дажджоў у сувязі з павелічэннем канвектыўных працэсаў у атмасферы, колькасці засух і засушлівых з’яў, перыядаў моцнай спякоты. Для шэрага НМЗ характэрна памяншэнне іх паўтаральнасці: снегападаў, завей, моцных маразоў, туманаў, граду (асабліва на захадзе краіны).