Прыродна-ландшафтная разнастайнасць

Дата стварэння: 24.05.2023 11:48:53

Дата змены: 25.11.2024 17:00:27

    Ландшафтазнаўства (навука аб ландшафтах) пачало фарміравацца ў Беларусі ў 1920-х гг. дзякуючы работам выдатнага вучонага А. А. Смоліча, які ў 1925 г. апублікаваў фундаментальную працу «Тыпы геаграфічных краявідаў Беларусі». На тэрыторыі Беларусі аўтар вылучыў 7 «краявiдаў» (ландшафтаў) і даў падрабязнае апісанне іх геалагічнай будовы, рэльефу, глебава-расліннага покрыва, упершыню дапоўніў тэкст колькаснымі паказчыкамі.

    У 1960–70-я гг. беларускі географ В. А. Дзяменцьеў правёў палявыя даследаванні ландшафтаў, выявіў іх унутраную будову і прапанаваў методыку картаграфавання.

    У далейшым група даследчыкаў з БДУ (Н. К. Кліцунова, Г. І. Марцінкевіч і інш.) распрацавала класіфікацыю ландшафтаў Беларусі, якая пакладзена ў аснову першай выдадзенай ландшафтнай карты краіны (маштаб 1 : 600 000). У 2014 г. апублікаваны новы, удакладнены варыянт насценнай ландшафтнай карты «Республика Беларусь. Ландшафты» (маштаб 1 : 500 000; аўтары Г. І. Марцінкевіч, І. І. Шчасная, І. П. Вусава). Ландшафтныя карты розных маштабаў уключаны ў школьныя атласы па геаграфіі Беларусі, апублікаваны ў шэрагу энцыклапедычных выданняў («Прырода Беларусі», «Регионы Беларуси» і інш.) і ў Нацыянальным атласе Беларусі.

    Ландшафтная карта з’яўляецца асновай для распрацоўкі схем ландшафтнага і фізіка-геаграфічнага раянавання, ацэнкі ландшафтнай разнастайнасці і антрапагеннай трансфармацыі ландшафтаў, вылучэння тыповых, каштоўных і ўнікальных прыродных комплексаў, ландшафтна-экалагічных сітуацый, а таксама абавязковым дакументам у практыцы праектна-планіровачных работ, пры распрацоўцы Схем комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі, у планах кіравання асабліва ахоўных прыродных тэрыторый (ААПТ).

    Структура і разнастайнасць ландшафтаў

    Ландшафт — гэта генетычна аднастайны прыродны тэрытарыяльны комплекс (ПТК), які мае аднолькавы геалагічны фундамент, адзін тып рэльефу, аднолькавы клімат і складаецца з уласцівага толькі дадзенаму ландшафту набору больш дробных комплексаў. У цэлым у фарміраванні ландшафту ўдзельнічаюць усе кампаненты прыроды — ад геалагічных адкладаў да жывёльнага свету і чалавека.

    Тэрыторыя Беларусі размешчана ў заходняй частцы старажытнай Усходне-Еўрапейскай платформы і характарызуецца складанай будовай крышталічнага фундамента, вялікай разнастайнасцю геалагічных адкладаў і цесна звязаным з імі рэльефам. Для Беларусі характэрны рэльеф ледавіковай акумуляцыі, сфарміраваны дзейнасцю чацвярцічных зледзяненняў.

    Так, у зоне апошняга паазерскага зледзянення рэльеф захоўвае рысы маладосці: схілы ўзгоркаў стромкія, рачныя даліны слаба ўрэзаны і не выпрацаваны, мноства тэрмакарставых западзін, азёр, озаў. У межах сожскай стадыі прыпяцкага зледзянення марэнныя ўзгоркі маюць спадзістыя схілы, грады набылі характар увалістых узвышшаў. Азёры спушчаны, іх днішчы затарфаваны, схілы рачных далін расчлянёныя ярамі і балкамі.

    Рэльеф зоны дняпроўскай стадыі прыпяцкага зледзянення адрозніваецца выраўнаванасцю, з мезаформ пераважаюць выдмы, прысутнічаюць дэнудаваныя камавыя і марэнныя ўзгоркі.

    У выніку на тэрыторыі Беларусі сфарміравалася вялікая колькасць разнастайных ландшафтаў. Таму для зручнасці іх прадстаўлення і выкарыстання распрацавана класіфікацыя (група родаў — род — від), якая дазволіла выканаць іх картаграфаванне і выявіць асноўныя заканамернасці прасторавай арганізацыі (рыс. 1).

    Адна з асноўных адзінак у класіфікацыі ландшафтаў — група родаў; тут галоўнай рысай з’яўляецца вертыкальная дыферэнцыяцыя рэльефу, з улікам якога ландшафтныя комплексы ўтвараюць 3 вышынныя ступені, што прымеркаваны да пэўных абсалютных адзнак: узвышаныя (200–345 м), сярэдневышынныя (150–200 м) і нізінныя (да 150 м). У трох групах ландшафтаў вылучаецца 14 родаў, у кожным з якіх аб’яднаны падобныя па генезісе і часе ўтварэння комплексы. Роды ландшафтаў складаюцца з самых дробных класіфікацыйных адзінак — відаў, дзе вядучай рысай выступае мезарэльеф, дадатковай — характар расліннасці на ўзроўні груп асацыяцый.

    Рыс. 1. Ландшафты Беларусі
    Рыс. 1. Ландшафты Беларусі


    Узвышаныя ландшафты

    Узвышаныя ландшафты займаюць 16 % тэрыторыі Беларусі і распаўсюджаны ў межах усіх яе ўзвышшаў.

    Аснова ландшафтаў сфарміравалася пад уплывам акумулятыўнай дзейнасці ледавікоў і іх водных патокаў. Адклады прадстаўлены марэннымі суглінкамі, супескамі, водна-ледавіковымі і валуннымі пяскамі, зрэдку лёсамі. Глебы дзярнова-падзолістыя супясчаныя і сугліністыя.

    У групе ўзвышаных ландшафтаў вылучаюць 4 роды (I–IV) ландшафтаў, кожны з якіх уключае 2–3 віды ПТК.

    I. Узгорыста-марэнна-азёрныя ландшафты шырока прадстаўлены ў Беларускім Паазер’і. Сфарміраваліся ў зоне краявой акумуляцыі паазерскага ледавіка і займаюць 19 % плошчы групы. Адклады прадстаўлены валуннымі суглінкамі, радзей супескамі.

    Абсалютныя адзнакі паверхні ў межах 160–290 м. Ваганні адносных вышынь складаюць 10–30 м, радзей 50 м.

    Разнастайнасць і частая змена форм рэльефу абумовілі стракатасць глебавага покрыва. Дзярнова-падзолістыя, месцамі эрадзіраваныя супясчана-сугліністыя глебы чаргуюцца з дзярновымі, дзярнова-карбанатнымі, дзярнова-падзолістымі забалочанымі, тарфяна-балотнымі глебамі.

    Комплекснасць глебавага покрыва і расчлянёны рэльеф прадвызначылі невысокі ўзровень сельскагаспадарчай засвоенасці ландшафтаў (37 %). Лясістасць ландшафтаў — 30 % (лясы прадстаўлены невялікімі масівамі яловых, хваёвых, радзей бярозавых насаджэнняў).

    II. Узгорыста-марэнна-эразійныя ландшафты дамінуюць у групе ўзвышаных ландшафтаў. Распаўсюджаны ў межах канцавых марэн сожскай і дняпроўскай стадый прыпяцкага зледзянення і прадстаўлены на 50 % плошчы групы.

    Пераважаюць абсалютныя адзнакі 200–250 м, радзей да 320 м, на Мінскім узвышшы — да 345 м.

    Рэльеф пераважна дробна- і сярэднеўзвышаны з ваганнямі адносных вышынь 10–20 м, радзей буйнаўзвышаны (больш за 20 м) і платападобны. Рэльеф схільны да працэсаў воднай эрозіі, якія прыводзяць да выраўноўвання схілаў і пераносу прадуктаў разбурэння складнікаў парод. У выніку ўзгоркі маюць круглявую форму, плаўныя абрысы, стромкасць схілаў дасягае 5–10°, часам 15–20°.

    Характэрныя формы рэльефу — лагчыны сцёку, даліны дробных рэк і ручаёў, радзей — яры і балкі. Тэрыторыя складзена марэнным матэрыялам і мноствам валуноў.

    На такіх адкладах сфарміраваліся ўрадлівыя дзярнова-падзолістыя і дзярнова-палева-падзолістыя пераважна супясчаныя і сугліністыя глебы, чым абумоўлена высокая ступень сельскагаспадарчай засвоенасці ландшафтаў (55 %) і невялікая лясістасць (22 %).

    III. Камава-марэнныя ландшафты таксама дамінуюць у Беларускім Паазер’і. Займаюць 19 % плошчы групы. Тэрыторыя складзена марэнным і водна-ледавіковым матэрыялам, у асноўным перакрытым супескамі.

    Абсалютныя адзнакі паверхні 160–220 м, ваганні адносных вышынь 10–20 м, часам да 40 м.

    Для ландшафтаў характэрна спалучэнне асобных камавых і марэнных узгоркаў, а таксама град з азёрамі і катлавінамі, якія ўскладняюць рэльеф.

    Распаўсюджаны дзярнова-падзолістыя супясчана-сугліністыя і пясчаныя дзярнова-падзолістыя глебы. Удзельная вага сельскагаспадарчых угоддзяў складае каля 27 %, лясістасць ландшафтаў — каля 50 %.

    IV. Унікальныя лёсавыя ландшафты прадстаўлены на крайнім усходзе Беларусі. Займаюць 12 % плошчы групы. Тэрыторыя складзена марэнай сожскай стадыі прыпяцкага зледзянення, перакрытай тоўшчай лёсападобных парод і лёсаў.

    Абсалютныя адзнакі паверхні складаюць 190–230 м, ваганні адносных вышынь — 1–2 м, радзей да 5 м.

    Узвышаныя ландшафты. Лёсавы ландшафт

    Узвышаныя ландшафты. Лёсавы ландшафт

    Характэрная асаблівасць паверхні ландшафтаў — мноства рачных далін і густая ярава-балачная сетка. Тыповы таксама шматлікія сподкападобныя суфазійныя запáдзіны памерам ад 25–50 да 350 м.

    Дамінуюць дзярнова-палева-падзолістыя сугліністыя глебы, якія маюць высокую патэнцыйную ўрадлівасць і самую высокую ступень сельскагаспадарчага асваення ў групе (80 %). Натуральная расліннасць прадстаўлена невялікімі ўчасткамі яловых, ялова-шыракалістых, асінавых лясоў (14 %).


    Сярэдневышынныя ландшафты

    Сярэдневышынныя ландшафты займаюць 52 % тэрыторыі Беларусі. Гэта найбольш распаўсюджаная група ПТК.

    Аснова ландшафтаў сфарміравалася пад уплывам дзейнасці ледавікоў і акумулятыўнай дзейнасці водна-ледавіковых патокаў. Чацвярцічныя пароды прадстаўлены адкладамі асноўнай марэны і зандравымі пяскамі. У глебавым покрыве пераважаюць дзярнова-падзолістыя пясчаныя і супясчаныя глебы.

    У групе сярэдневышынных ландшафтаў вылучаюць 4 роды (V–VIII) ландшафтаў, кожны з якіх уключае 2–4 віды ПТК.

    V. Марэнна-азёрныя ландшафты прымеркаваны да зоны паазерскага зледзянення і займаюць 8 % плошчы групы.

    Абсалютныя адзнакі складаюць 140–160 м, ваганні адносных вышынь каля 5 м, часам 10–15 м.

    Рэльеф ландшафтаў расчлянёны сеткай лагчын сцёку талых ледавіковых вод, ускладнены тэрмакарставымі катлавінамі і западзінамі, азёрамі, кароткімі марэннымі градамі і ўзгоркамі, друмлінамі, озамі і камамі.

    У будове ландшафтаў прымаюць удзел марэнныя валунныя суглінкі і супескі. На іх фарміруюцца дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя сугліністыя, радзей супясчаныя глебы.

    Выраўнаваны рэльеф і суглініста-супясчаныя глебы спрыялі значнай гаспадарчай засвоенасці тэрыторыі. У групе сярэдневышынных ландшафтаў доля сельскагаспадарчых угоддзяў, у якіх пераважае ралля, дасягае максімальных значэнняў (48 %), лясістасць складае 25 %.

    Сярэдневышынныя ландшафты. Другасна-марэнны ландшафт

    Сярэдневышынныя ландшафты. Другасна-марэнны ландшафт

    VI. Другасна-марэнныя ландшафты шырока прадстаўлены ў зоне сожскай і дняпроўскай стадый прыпяцкага зледзянення. Займаюць 27 % плошчы групы і 14 % тэрыторыі Беларусі.

    Абсалютныя адзнакі 150–180 м, ваганні адносных вышынь 3–5 м.

    У глебавым покрыве дамінуюць дзярнова-падзолістыя супясчаныя глебы, якія ў спалучэнні з выраўнаваным рэльефам абумовілі дастаткова высокае асваенне тэрыторыі. Доля сельскагаспадарчых угоддзяў дасягае 50 %, сярэдняя лясістасць ландшафтаў каля 23 % (невялікія масівы хваёвых, шыракаліста-яловых лясоў).

    VII. Марэнна-зандравыя ландшафты распаўсюджаны ў цэнтральнай і паўднёвай Беларусі. Займаюць 17 % плошчы групы. Фарміраванне іх звязана з акумулятыўнай дзейнасцю прыпяцкага ледавіка і яго талых вод.

    Сярэдневышынныя ландшафты. Марэнна-зандравы ландшафт

    Сярэдневышынныя ландшафты. Марэнна-зандравы ландшафт

    Абсалютныя адзнакі складаюць 150–170 м, ваганні адносных вышынь 5–7 м, радзей 10 м.

    У рэльефе дамінуюць водна-ледавіковыя раўніны з хвалістай паверхняй, што зрэдку ўскладнена выдмамі, лагчынамі сцёку, затарфаванымі катлавінамі. На міжрэччах часта сустракаюцца астанцы ўзгоранай марэннай раўніны з камамі, невялікія размытыя канцова-марэнныя грады.

    Неаднастайнасць геолага-геамарфалагічнай асновы ландшафту вызначыла стракатасць яго глебава-расліннага покрыва і сельскагаспадарчай засвоенасці. У межах марэнных раўнін і ўзгоркаў распаўсюджаны дзярнова-падзолістыя суглініста-супясчаныя, радзей дзярнова-палева-падзолістыя сугліністыя глебы, пераважна разараныя. Участкі водна-ледавіковых раўнін з дзярнова-падзолістымі і дзярнова-падзолістымі забалочанымі пясчана-супясчанымі глебамі заняты хваёвымі лясамі, радзей ворнымі ўгоддзямі. У цэлым доля сельскагаспадарчых угоддзяў з перавагай раллі складае 37,3 %, доля лясоў — 40 %.

    VIII. Водна-ледавіковыя ландшафты дамінуюць у групе сярэдневышынных ландшафтаў (48 %) і займаюць 25 % плошчы Беларусі. Фарміраванне іх звязана з дзейнасцю талых ледавіковых вод у эпоху чацвярцічных зледзяненняў.

    Абсалютныя вышыні 150–190 м, ваганні адносных вышынь 2–3 м.

    Характэрныя формы рэльефу: выдмы, якія часам утвараюць грады вышынёй 2–5 м; замкнёныя катлавіны (як правіла, забалочаныя і затарфаваныя); неглыбокія рачныя даліны. Шматлікія навалы пясчаных выдмаў надаюць рэльефу асобных участкаў раўнін узгоркавата-хвалісты характар.

    Пераважаюць дзярнова-падзолістыя пясчаныя і супясчаныя глебы, якія часта забалочаны, радзей сустракаюцца дзярнова-палева-падзолістыя лёгкасугліністыя. Лёгкія бедныя глебы слаба асвоены ў сельскагаспадарчых адносінах (40 %), што спрыяе захаванню даволі буйных масіваў натуральнай расліннасці, якая прадстаўлена лясамі (39,7 %) і балотамі.


    Нізінныя ландшафты

    Нізінныя ландшафты займаюць 32 % тэрыторыі Беларусі.

    Фарміраванне асновы ландшафтаў звязана з рачной, азёрнай ці балотнай акумуляцыяй. Покрыўныя адклады прадстаўлены водна-ледавіковымі пяскамі, радзей супескамі і торфам. У глебавым покрыве пераважаюць дзярнова-падзолістыя, пясчаныя рознай ступені ўвільготненасці і тарфяна-балотныя глебы, што абумовіла высокую ступень лясістасці (40 %) і забалочанасці (больш за 11 %) гэтай тэрыторыі.

    У групе нізінных ландшафтаў вылучаюць 6 родаў (IX–XIV) ландшафтаў, кожны з якіх уключае 1–2 віды ПТК.

    IX. Азёрна-ледавіковыя ландшафты прадстаўлены вялікімі масівамі ўздоўж ракі Заходняя Дзвіна. Займаюць 16 % плошчы групы. Фарміраванне іх звязана з акумулятыўнай дзейнасцю прыледавіковых азёр паазерскага ледавіка, на дне якіх адкладаліся стужачныя гліны і пяскі.

    Развіццё рачной сеткі ў пасляледавіковы перыяд прывяло да спуску азёр і ўтварэнню на іх месцы нізін з абсалютнымі адзнакамі 130–160 м і адноснымі вышынямі 2–3 м. Паверхня плоскахвалістая, слаба раздзеленая далінамі рэк і ўскладненая затарфаванымі катлавінамі з рэшткавымі азёрамі. На ўчастках, складзеных пясчанымі адкладамі, часта сустракаюцца эолавыя формы.

    Плоскі слабадрэніраваны рэльеф абумовіў шырокае распаўсюджванне дзярнова-падзолістых забалочаных глеб. Пасля правядзення асушальнай меліярацыі яны ўзараны і заняты пасевамі сельскагаспадарчых культур. У цэлым долі сельскагаспадарчых угоддзяў і лясоў прыблізна роўныя і складаюць каля 40 % кожная.

    X. Алювіяльныя тэрасаваныя ландшафты шырока распаўсюджаны ў цэнтральнай і паўднёвай Беларусі. Займаюць 19 % плошчы групы. У фарміраванні тэрас асноўную ролю адыграла сожская стадыя прыпяцкага зледзянення.

    Нізінныя ландшафты. Алювіяльны тэрасаваны ландшафт

    Нізінныя ландшафты. Алювіяльны тэрасаваны ландшафт

    Абсалютныя адзнакі паверхні тэрас змяняюцца ад 108 да 150 м. Ваганні адносных вышынь складаюць 4–6 м.

    Паверхня тэрас хвалістая, месцамі плоская, часам забалочаная, тыповы эолавыя формы, прадстаўленыя эолавымі градамі і ўзгоркамі.

    У глебавым покрыве дамінуюць дзярнова-падзолістыя забалочаныя, пераважна пясчаныя глебы, радзей сустракаюцца супяcчаныя і тарфяна-балотныя. У раслінным покрыве пануюць хваёвыя, часам драбналістыя лясы. Сярэдняя лясістасць ландшафтаў максімальная для групы нізінных ландшафтаў (51 %). Ступень сельскагаспадарчай засвоенасці складае 23 %.

    XI. Азёрна-алювіяльныя ландшафты пераважаюць і распаўсюджаны, як правіла, у паўднёвай частцы Беларусі. Займаюць 25 % плошчы групы. Тэрыторыя складзена азёрнымі і старажытнаалювіяльнымі пяскамі, якія пераслойваюцца, часам перакрытымі маламагутнымі адкладамі торфу.

    Абсалютныя вышыні паверхні змяняюцца ад 130 да 150 м.

    Рэльеф звычайна плоскахвалісты і хвалісты з ваганнямі адносных вышынь 0,5–1 м, часта ўскладнены эолавымі формамі і забалочанымі катлавінамі.

    У глебавым покрыве пераважаюць дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя пясчаныя і супясчаныя глебы, нярэдкія ўчасткі тарфяна-балотных глеб. Сельскагаспадарчая засвоенасць складае 25 %, лясістасць — 51 %.

    XII. Азёрна-балотныя ландшафты распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі Беларусі і займаюць 19 % плошчы групы. Фарміраванне ландшафтаў звязана з наяўнасцю мноства азёр у паазерскі і галацэнавы час, якія паступова ператварыліся ў балотныя масівы.

    Нізінныя ландшафты. Азёрна-балотны ландшафт

    Нізінныя ландшафты. Азёрна-балотны ландшафт

    Абсалютныя адзнакі паверхні 140–160 м, ваганні адносных вышынь 1,5–2,5 м.

    Рэльеф пераважна плоскі, тыповымі з’яўляюцца астанцы рачных і азёрных тэрас з выдмамі.

    Дамінуюць тарфяна-балотныя глебы. На астанцах сфармаваліся забалочаныя дзярновыя і дзярнова-падзолістыя супясчана-пясчаныя глебы. Тэрыторыя значна асвоена ў сельскагаспадарчых адносінах (39 %). Натуральная расліннасць прадстаўлена асаковымі, асакова-трысняговымі, часам чорнаальховымі балотамі (20 %), участкамі бярозавых, шыракаліста-хваёвых, хваёвых лясоў (41 %).

    XIII. Поймавыя ландшафты распаўсюджаны ў поймах буйных рэк і найбольш уласцівы для паўднёвай Беларусі. Займаюць 9 % плошчы групы. Поймавыя комплексы з’яўляюцца найбольш маладымі з тых ландшафтаў Беларусі, фарміраванне якіх працягваецца.

    Нізінныя ландшафты. Пойменны ландшафт ракі Бярэзіна

    Нізінныя ландшафты. Пойменны ландшафт ракі Бярэзіна

    Абсалютныя адзнакі складаюць 100–140 м.

    Рэльеф звычайна плоскі з ваганнямі адносных вышынь 0,5–1 м, радзей грывісты, дзе адносныя вышыні змяняюцца ад 1–1,5 да 1,5–3 м.

    У глебавым покрыве дамінуюць дзярновыя забалочаныя пясчана-супясчаныя, занятыя злакавымі лугамі глебы (44 %). Звычайны элемент пойменнай расліннасці — чорнаальховыя лясы. У поймах буйных рэк (Прыпяць, Днепр, Бярэзіна) захаваліся невялікія ўчасткі дуброў, але ў цэлым лясістасць ландшафтаў невялікая (14 %). Да тарфяна-балотных глеб прымеркаваны нізінныя балоты (20,5 %), часта асушаныя. Доля сельскагаспадарчых угоддзяў мінімальная для групы нізінных ландшафтаў (22 %).

    XIV. Ландшафты рачных далін распаўсюджаны па ўсёй тэрыторыі Беларусі і займаюць 12 % плошчы групы. Комплексы выдзелены ў далінах рэк з нешырокай (менш за 1 км) поймай з вузкімі перарывістымі пляцоўкамі надпоймавых тэрас.

    Нізінныя ландшафты. Ландшафт рачной даліны

    Нізінныя ландшафты. Ландшафт рачной даліны

    Абсалютныя адзнакі паверхні 130—170 м.

    Найбольш нізкі ўзровень займаюць поймы звычайна з плоскім рэльефам, старычнымі паніжэннямі, рэдкімі грывамі. Пойма злучаецца з пляцоўкай 1-й надпойменнай тэрасы (шырынёй ад соцен метраў да 1–1,5 км), часта з выдмамі, складзенай пясчаным алювіем. Да пойм прымеркаваны дзярновыя забалочаныя глебы са злакавымі лугамі (9,5 %), а таксама тарфяна-балотныя глебы з нізіннымі балотамі (12,3 %); да пляцовак тэрас — дзярнова-падзолістыя супясчана-пясчаныя глебы з хваёвымі і бярозавымі лясамі (23,5 %), участкамі раллі. Удзельная вага сельскагаспадарчых угоддзяў каля 30 %.

    Усе прыродныя ландшафты Беларусі выконваюць важныя экалагічныя функцыі, самы высокі экалагічны патэнцыял сярод іх належыць групе нізінных ландшафтаў. Азёрна-ледавіковыя, азёрна-алювіяльныя, алювіяльныя тэрасаваныя ландшафты характарызуюцца максімальнымі паказчыкамі лясістасці (40–50 %), ландшафты рачных далін і поймавыя — мноствам водных аб’ектаў (старычных азёр, рэчышчаў рэк), азёрна-балотныя — наяўнасцю натуральных верхавых і нізінных балот, якія шырока распаўсюджаны ў межах Палескай нізіны. Шэраг буйных балотных масіваў знаходзіцца пад аховай.

    На ландшафтнай карце можна бачыць пэўныя заканамернасці ў размяшчэнні родаў ландшафтаў (рыс. 1). У шыротным кірунку адбываецца змена азёрна-ледавіковых і марэнна-азёрных ландшафтаў, якія характэрныя для паўночнай часткі краіны, другасна-марэннымі і ўзгорыста-марэнна-эразійнымі (у цэнтральнай частцы) і алювіяльнымі тэрасаванымі (у паўднёвай). Звязана гэта з занальнасцю генетычных тыпаў рэльефу і антрапагенных адкладаў у зоне ледавіковай акумуляцыі. Таксама назіраецца змена ландшафтаў з захаду на ўсход: узгорыста-марэнна-эразійныя (у заходняй частцы краіны) змяняюцца водна-ледавіковымі (у цэнтральнай), другасна-марэннымі і лёсавымі (ва ўсходняй), што выразна выяўлена ў сярэдняй паласе Беларусі.


    Прыродна-ландшафтныя рэгіёны і іх асаблівасці

    Тэрыторыя Беларусі размешчана ў лясной зоне Усходне-Еўрапейскай раўніны і характарызуецца ўмерана кантынентальным кліматам, панаваннем шыракаліста-хвойных лясоў і дзярнова-падзолістых глеб. У кожным канкрэтным рэгіёне гэтыя агульныя фактары набываюць адметныя асаблівасці ў залежнасці ад геаграфічнага становішча, характару рэльефу, складу геалагічных адкладаў і характарызуюцца пэўным кліматам, расліннасцю і глебавым покрывам дадзенай тэрыторыі.

    У глебавым покрыве сельскагаспадарчых угоддзяў пераважаюць дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы (удзельная вага ад 90 да 75 %), у паўднёвай частцы краіны яны распаўсюджаны толькі на 46–50 % плошчы. Доля тарфяна-балотных глеб узрастае ад 5–8 % (на поўначы і ў цэнтры) і да 14–18 % (на поўдні).

    Сярод еўрапейскіх краін Рэспубліка Беларусь адрозніваецца высокай удзельнай вагай лясоў (каля 40 %), у якіх дамінуюць хваёвыя фармацыі (50 %). Структура лясоў істотна адрозніваецца ў залежнасці ад рэльефу, геалагічных адкладаў, узроўню грунтавых вод і характару глебавага покрыва. У паўночнай частцы краіны сфарміравалася падзона дубова-цёмнахвойных лясоў, у цэнтральнай — дубова-грабава-цёмнахвойных, на поўдні — шыракаліста-хваёвых лясоў.

    Распрацавана схема ландшафтнага раяніравання Беларусі, якая адлюстроўвае абагульненую карціну распаўсюджвання родаў і відаў ландшафтаў з дапамогай інтэгральнай картаграфічнай мадэлі (рыс. 2).

    Рыс. 2. Раянаванне прыродных ландшафтаў Беларусі: А–Б — падзоны; I–V — нумары ландшафтных правінцый; 1–53 — нумары ландшафтных раёнаў
    Рыс. 2. Раянаванне прыродных ландшафтаў Беларусі: А–Б — падзоны; I–V — нумары ландшафтных правінцый; 1–53 — нумары ландшафтных раёнаў

    А — ПАДЗОНА БАРЭАЛЬНЫХ ЛАНДШАФТАЎ (правінцыі і раёны):

    Паазерская правінцыя азёрна-ледавіковых, марэнна-азёрных і ўзгорыстаарэнна-азёрных ландшафтаў:

    1 — Свянцянска-Нарачанскі дробнаўзгорыстых і сярэднеўзгорыста-градавых узгорыста-марэнна-азёрных ландшафтаў; 2 — Пастаўска-Глыбоцкі ўзгорыста-хвалістых марэнна-азёрных ландшафтаў; 3 — Дзісненскі плоскіх і плоскахвалістых азёрна-ледавіковых ландшафтаў; 4 — Браслаўскі хвалістых і спадзістахвалістых марэнна-азёрных, дробнаўзгорыста-градавых узгорыста-марэнна-азёрных ландшафтаў; 5 — Асвейска-Езярышчанскі дробнаўзгорыстых камава-марэнных, узгорыста-хвалістых водна-ледавіковых ландшафтаў; 6 — Полацкі ўзгорыста- і плоскахвалістых азёрна-ледавіковых ландшафтаў; 7 — Гарадоцкі сярэдне- і дробнаўзгорыста-градавых узгорыста-марэнна-азёрных, узгорыста- і спадзістахвалістых марэнна-азёрных ландшафтаў; 8 — Суражскі плоскіх і хвалістых азёрна-ледавіковых, хвалістых і ўзгорыста-хвалістых водна-ледавіковых ландшафтаў; 9 — Віцебскі плоскахвалістых і хвалістых марэнна-азёрных, платападобных і дробнаўзгорыстых узгорыста-марэнна-азёрных ландшафтаў; 10 — Лучоскі плоска- і ўзгорыста-хвалістых азёрна-ледавіковых, хвалістых водна-ледавіковых ландшафтаў; 11 — Сярэднядзвінскі ўзгорыста-хвалістых і плоскахвалістых марэнна-азёрных ландшафтаў; 12 — Ушацкі дробна- і сярэднеўзгорыста-градавых узгорыста-марэнна-азёрных ландшафтаў; 13 — Котрынскі ўзгоркавата-хвалістых водна-ледавіковых ландшафтаў.

    Беларуская ўзвышаная правінцыя ўзгорыста-марэнна-эразійных і другасна-марэнных ландшафтаў:

    14 — Гродзенскі дробнаўзгорыста-ўвалістых і сярэднеўзгорыстых узгорыста-марэнна-эразійных, узгорыста-хвалістых другасна-марэнных ландшафтаў; 15 — Ваўкавыскі дробнаўзгорыстых, сярэдне- і буйнаўзгорыста-градавых узгорыста-марэнна-эразійных ландшафтаў; 16 — Навагрудскі сярэдне- і буйнаўзгорыстых, дробнаўзгорыста-градавых узгорыста-марэнна-эразійных ландшафтаў; 17 — Сярэднянёманскі хвалістых і плоскахвалістых водна-ледавіковых ландшафтаў; 18 — Лідскі хвалістых і ўзгорыста-хвалістых другасна-марэнных ландшафтаў; 19 — Верхненёманскі плоскахвалістых марэнна-зандравых ландшафтаў; 20 — Ашмянскі сярэдне- і буйнаўзгорыста-градавых узгорыста-марэнна-эразійных ландшафтаў; 21 — Астравецкі хвалістых і плоскахвалістых водна-ледавіковых ландшафтаў; 22 — Вілейскі ўзгорыста-хвалістых і хвалістых другасна-марэнных ландшафтаў; 23 — Верхнебярэзінскі плоскіх і плоскахвалістых азёрна-балотных, узгорыста-хвалістых водна-ледавіковых ландшафтаў; 24 — Бярэзінска-Бобрскі сярэдне- і буйнаўзгорыста-градавых камава-марэнных, хвалістых другасна-марэнных ландшафтаў; 25 — Мінскі дробна-, сярэдне- і буйнаўзгорыстых узгорыста-марэнна-эразійных ландшафтаў; 26 — Стаўбцоўска-Капыльскі хвалістых і ўзгорыста-ўвалістых другасна-марэнных, дробнаўзгорыстых узгорыста-марэнна-эразійных ландшафтаў.

    Перадпалеская правінцыя водна-ледавіковых і марэнна-зандравых ландшафтаў:

    27 — Верхнеясельдзінскі хвалістых і ўзгорыста-хвалістых водна-ледавіковых ландшафтаў; 28 — Баранавіцка-Салігорскі ўзгорыста-хвалістых другасна-марэнных, плоскіх і плоскахвалістых водна-ледавіковых ландшафтаў; 29 — Сярэдняпцічскі плоскіх і плоскахвалістых водна-ледавіковых ландшафтаў; 30 — Верхняпцічскі плоска- і ўзгорыста-хвалістых водна-ледавіковых ландшафтаў; 31 — Барысаўскі хвалістых і плоскахвалістых марэнна-зандравых ландшафтаў; 32 — Сярэднебярэзінскі хвалістых і хваліста-ўвалістых водна-ледавіковых ландшафтаў; 33 — Бабруйска-Рагачоўскі плоскахвалістых марэнна-зандравых, плоска- і ўзгорыста-хвалістых водна-ледавіковых ландшафтаў; 34 — Жлобінска-Свяцілавіцкі ўзгорыста-ўвалістых марэнна-зандравых, плоскахвалістых водна-ледавіковых ландшафтаў; 35 — Сожска-Беседскі плоскіх і плоскахвалістых водна-ледавіковых, узгорыста-хвалістых марэнна-зандравых ландшафтаў.

    Усходне-Беларуская правінцыя другаснаарэнных і лёсавых ландшафтаў:

    36 — Аршанска-Мсціслаўскі дробнаўзгорыста-хвалістых і дробнаўзгорыста-ўвалістых лёсавых ландшафтаў; 37 — Шклоўскі хваліста-ўвалістых і плоскахвалістых другасна-марэнных ландшафтаў; 38 — Магілёўскі хвалістых другасна-марэнных ландшафтаў; 39 — Клімавіцкі плоскіх і дробнаўвалістых другасна-марэнных, плоскіх водна-ледавіковых ландшафтаў; 40 — Дняпроўскі хвалістых і ўзгорыста-хвалістых другасна-марэнных ландшафтаў.

    Б — ПАДЗОНА СУББАРЭАЛЬНЫХ ЛАНДШАФТАЎ (правінцыі і раёны):

    Палеская правінцыя водна-ледавіковых, азёрна-алювіяльных і алювіяльных тэрасаваных ландшафтаў:

    41 — Высокаўска-Пружанскі ўзгорыста-хвалістых другасна-марэнных і марэнна-зандравых ландшафтаў; 42 — Мухавецкі плоскіх азёрна-алювіяльных, плоскіх і плоскахвалістых водна-ледавіковых ландшафтаў; 43 — Прыбужскі плоскіх водна-ледавіковых ландшафтаў; 44 — Ясельдска-Шчарскі плоскахвалістых водна-ледавіковых і азёрна-алювіяльных, плоскіх азёрна-балотных ландшафтаў; 45 — Загародскі ўзгорыста-хвалістых марэнна-зандравых і хвалістых водна-ледавіковых ландшафтаў; 46 — Пінска-Тураўскі хвалістых і плоскахвалістых алювіяльных тэрасаваных ландшафтаў; 47 — Лунінецка-Жыткавіцкі плоскіх азёрна-алювіяльных ландшафтаў; 48 — Арэскі плоскахвалістых азёрна-алювіяльных ландшафтаў; 49 — Лельчыцка-Ельскі плоскіх і плоскахвалістых водна-ледавіковых ландшафтаў; 50 — Іпа-Трэмлянскі плоскахвалістых марэнна-зандравых і водна-ледавіковых ландшафтаў; 51 — Прыдняпроўскі плоскіх і плоскахвалістых азёрна-алювіяльных ландшафтаў; 52 — Нараўлянска-Брагінскі плоскахвалістых і хваліста-лагчынных алювіяльных тэрасаваных ландшафтаў; 53 — Дняпроўска-Сожскі плоскахвалістых алювіяльных тэрасаваных, плоскіх водна-ледавіковых ландшафтаў.

    У межах Беларусі выдзелены прыродна-ландшафтныя рэгіёны трох узроўняў: падзоны (2), правінцыі (5) і раёны (53). Падзоны выдзелены па структуры падтыпаў ландшафтаў (барэальныя і суббарэальныя), правінцыі — па структуры дамінантных родаў, раёны — па структуры дамінантных відаў ландшафтаў.

    Паазерская правінцыя азёрна-ледавіковых (27,1 %), марэнна-азёрных (22,9 %) і ўзгорыста-марэнна-азёрных (16,8 %) ландшафтаў.

    Камавыя ўзгоркі і азёры Паазерскай правінцыі

    Камавыя ўзгоркі і азёры Паазерскай правінцыі

    Ландшафт Паазерскай правінцыі

    Ландшафт Паазерскай правінцыі

    Размешчана на поўначы рэспублікі, абмежавана на поўдні мяжой паазерскага ледавіка і займае 17 % тэрыторыі Беларусі.

    Паверхня тэрыторыі мае чашападобную форму з Полацкай нізінай у цэнтры, якая абрамляецца краявымі марэннымі ўзвышшамі (Браслаўскім, Гарадоцкім, Віцебскім, Свянцянскім) і раўнінамі (Чашніцкай, Нарачанскай, Вілейскай і інш.).

    Пераважаюць сярэдневышынныя і нізінныя, у меншай ступені ўзвышаныя ландшафты. Абсалютныя адзнакі вар’іруюць ад 130–160 м на нізінах і раўнінах да 170–220 м, радзей да 295 м на ўзвышшах.

    У рэльефе ўзвышшаў тыповыя марэнныя і камавыя ўзгоркі і грады, озавыя ўтварэнні, забалочаныя катлавіны.

    Адметная рыса Паазерскай правінцыі — маладосць і разнастайнасць рэльефу, наяўнасць шматлікіх азёр, драбнаконтурнасць глебава-расліннага покрыва.

    Частая змена пейзажаў (азёрных, лясных, балотных, аграрных) садзейнічае фарміраванню багатай ландшафтнай разнастайнасці.

    У межах правінцыі выдзелена 13 ландшафтных раёнаў (№ 1–13; рыс. 2).

    Беларуская ўзвышаная правінцыя ўзгорыста-марэнна-эразійных (31 %) і другасна-марэнных (30 %) ландшафтаў.

    Ландшафт Беларускай грады. Мінскае ўзвышша

    Ландшафт Беларускай грады. Мінскае ўзвышша

    Азёрна-балотны ландшафт Бярэзінскага біясфернага запаведніка

    Азёрна-балотны ландшафт Бярэзінскага біясфернага запаведніка

    Распасціраецца ў цэнтральнай частцы краіны ад заходняй мяжы ў паўночна-ўсходнім напрамку і займае 21 % тэрыторыі Беларусі.

    У структуры ландшафтаў пераважаюць узвышаныя і сярэдневышынныя прыродныя комплексы з разнастайным рэльефам. Ланцуг узвышшаў (Беларуская града) характарызуецца абсалютнымі адзнакамі 220–345 м і складаецца з шэрага больш дробных узвышшаў (Гродзенскага, Навагрудскага, Мінскага і інш.) і град. Мінскае ўзвышша, у межах якога размешчаны вышэйшы пункт краіны, гара Дзяржынская (345 м), і па якім праходзіць Чарнаморска-Балтыйскі водападзел, — класічны ўзор яруснай будовы рэльефу. Верхні ярус узвышша прадстаўлены буйнаўзгорыстым рэльефам з адноснымі вышынямі 20–30 м і значнай глыбінёй расчлянення, ніжні — дробна- і сярэднеўзгорыстым, часта ўвалістым рэльефам. Такі рэльеф выкарыстаны для стварэння першага ў краіне гарналыжнага комплексу «Сілічы» (Лагойскі раён; за 32 км на паўночны ўсход ад Мінска).

    Узвышшы акружаны раўнінамі (Лідскай, Стаўбцоўскай) і нізінамі (Вілейскай, Нёманскай) з вышынямі 140–180 м. Паверхня раўнін і нізін хвалістая, плоскахвалістая, часам узгоркаватая. Буйная азёрна-балотная нізіна размешчана ў верхнім цячэнні ракі Бярэзіна, тут знаходзіцца Бярэзінскі біясферны запаведнік — адна з самых значных ахоўных тэрыторый Беларусі.

    У межах правінцыі выдзелена 13 ландшафтных раёнаў (№ 14–26; рыс. 2).

    Перадпалеская правінцыя водна-ледавіковых (50 %) і марэнна-зандравых (25,4 %) ландшафтаў.

    Ландшафты раўнін Перадпалескай правінцыі. Хваёвыя лясы

    Ландшафты раўнін Перадпалескай правінцыі. Хваёвыя лясы

    Працягваецца параўнаўча вузкай паласой ад заходніх да ўсходніх меж краіны, пашыраючыся ў цэнтральнай яе частцы, і займае 22 % тэрыторыі Беларусі.

    Паверхня характарызуецца панаваннем сярэдневышынных ландшафтаў з абсалютнымі адзнакамі 150–180 м, сярод якіх вылучаецца Цэнтральнабярэзінская раўніна з плоскахвалістым рэльефам, зрэдку ўскладненым кароткімі невысокімі марэннымі градамі (Салігорскай, Любанскай).

    Тыповымі формамі рэльефу з’яўляюцца выдмы, эолавыя грады, лагчыны сцёку з возерападобнымі пашырэннямі, на ўсходзе — карставыя варонкі. Эолавыя формы рэльефу ў выглядзе пагоркаў, град, катлавін выдзімання часта сустракаюцца ў лесе на фоне магутных хвой; звычайна цягнуцца ланцужком на некалькі кіламетраў, дасягаюць вышыні 5–8 м.

    Перадпалеская правінцыя выклікае ўражанне бязмежнага ляснога краю. Лясістасць складае каля 32 %. Шырокае распаўсюджванне пясчаных глеб абумовіла перавагу хваёвых (64 %) і драбналістых (бярэзнікаў, асіннікаў) лясоў.

    У межах правінцыі выдзелена 9 ландшафтных раёнаў (№ 27–35; рыс. 2).

    Ландшафты раўнін Перадпалескай правінцыі. Рачная даліна малой ракі

    Усходне-Беларуская правінцыя другасна-марэнных і лёсавых ландшафтаў, якія ў сукупнасці займаюць 70 %.

    Размешчана ва ўсходняй частцы і займае 10 % тэрыторыі Беларусі.

    Ландшафт Усходне-Беларускай правінцыі

    Ландшафт Усходне-Беларускай правінцыі

    У ландшафтнай структуры правінцыі пануюць сярэдневышынныя, радзей — узвышаныя ПТК. Большая частка тэрыторыі занята Аршанска-Магілёўскай раўнінай з хвалістым і ўвалістым рэльефам і абсалютнымі вышынямі 150–200 м. Паверхня расчлянёная далінамі рэк, ускладнена кароткімі марэннымі градамі, суфазійнымі западзінамі, карставымі варонкамі, схілы рачных далін парэзаны шматлікімі ярамі і балкамі. Сфарміраваныя тут лёсавыя ландшафты адносяцца да ўнікальных для тэрыторыі Беларусі прыродных комплексаў. Гэта адзіны ў Беларусі ўчастак, які з’яўляецца аналагам шырока распаўсюджанага ў заходняй і цэнтральнай Расіі ландшафту аполій, якія расійскія вучоныя разглядаюць як рэліктавыя прыродныя ўтварэнні, што захавалі аблічча ландшафтаў халоднага (паўночнага) лесастэпу. Лёсавыя ландшафты — нетыповы для Беларусі комплекс з прычыны выраўнаванага або ўвалістага рэльефу, высокай ступені разаранасці тэрыторыі, шматлікасці западзін авальнай формы (сподкаў), днішчы якіх зараслі бярозай ці асінай, нізкага паказчыка лясістасці (14 %).

    На тэрыторыі правінцыі выдзелена 5 раёнаў (№ 36–40; рыс. 2).

    Палеская правінцыя водна-ледавіковых (29,1 %), азёрна-алювіяльных (22,6 %) і алювіяльных тэрасаваных (16 %) ландшафтаў.

    Размешчана на поўдні і займае 30 % тэрыторыі Беларусі.

    Пераважаюць нізінныя, радзей сярэдневышынныя ландшафты.

    Ландшафты Палескай правінцыі. Лугавая пойма ракі Прыпяць

    Ландшафты Палескай правінцыі. Лугавая пойма ракі Прыпяць

    Ландшафты Палескай правінцыі. Вясновая паводка на рацэ Прыпяць

    Ландшафты Палескай правінцыі. Вясновая паводка на рацэ Прыпяць

    Ландшафт грывістай поймы ракі Прыпяць

    Ландшафт грывістай поймы ракі Прыпяць

    Па характары паверхні Палессе — гэта плоскаўвагнутая нізіна з ухілам на паўднёвы ўсход. Найбольш паніжаныя ўчасткі з абсалютнымі адзнакамі 105–140 м імкнуцца да Палескай і Прыдняпроўскай нізін з плоскім рэльефам, які ўскладнены выдмава-ўзгоркаватымі формамі, лагчынамі сцёку, катлавінамі, кароткімі марэннымі градамі (Хойніцка-Брагінскай, Лагішынскай) з вышынёй 140–150 м. У межах Мазырскай грады (221 м), якая выцягнута ўздоўж правага берага ракі Прыпяць, захаваўся тыповы канцова-марэнны рэльеф.

    Для рэгіёну характэрны высокі ўзровень лясістасці (40 %). У складзе лясоў пераважаюць хваёвыя і шыракаліста-хваёвыя (54 %), а таксама карэнныя драбналістыя (22%) фармацыі. Спецыфічная асаблівасць лясоў Палесся — распаўсюджванне дуброў, сярод якіх унікальны пойменныя дубровы рэк Днепр і Прыпяць.

    Тыповыя для правінцыі нізінныя і верхавыя балоты, доля якіх дасягае 11,5 %.

    У межах правінцыі выдзелена 13 ландшафтных раёнаў (№ 41–53; рыс. 2).

    Палеская правінцыя — буйны рэгіён, прыродна-ландшафтныя ўмовы якога карэнным чынам адрозніваюцца ад астатняй тэрыторыі Беларусі. Адным са значных аб’ектаў правінцыі з’яўляецца рака Прыпяць з добра распрацаванай поймай, шырыня якой у асобных месцах дасягае 5—8 км. Пойма прарэзана пратокамі, дробнымі ручаямі, у ёй шырока прадстаўлены балоты, шматлікія азёры-старыцы. Ніжэй г. Тураў, у левабярэжнай яе частцы, нярэдка з’яўляюцца ўчасткі пойменных дуброў, якія прадстаўляюць асаблівую лесалугавую фармацыю, у якой злакава-асокавыя лугі выконваюць ролю зялёнага дывана для велічных дрэў дуба, якія растуць адзінкава, і надаюць ландшафту дасканаласць і завершаную прыгажосць. Праз Палескую нізіну Прыпяць плаўна нясе свае воды ў нізкіх берагах, якія зараслі балотнымі травамі, хмызнякамі і алешнікамі.

    Дасягнуўшы Мазырскай грады, рака крута паварочвае на поўдзень і накіроўваецца да Дняпра па высокай сухой пойме з грывістым рэльефам і пойменнымі дубровамі. Тут пачынаецца самы маляўнічы ўчастак поймы, на якім рака пакінула сляды сваёй дзейнасці ў выглядзе грыў вышынёй да 3 м і працягласцю ў некалькі соцень метраў, якія чаргуюцца з вузкімі глыбокімі азёрамі, а высакатраўныя лугі і пойменныя дубровы надаюць пейзажу рэдкую прыгажосць і зачараванне. Гэты адрэзак поймы знаходзіцца ў зоне радыяцыйнага забруджвання, турысцкія маршруты тут абмежаваны.

    Кожны прыродны рэгіён Беларусі мае свае ландшафтныя асаблівасці і ўнікальныя прыродныя аб’екты, высокую захаванасць экасістэм і багатую ландшафтную разнастайнасць.