Прэзідэнцкія выбары 1994 г. Галіны ўлады і іх паўнамоцтвы

Дата стварэння: 24.05.2023 11:50:03

Дата змены: 29.03.2024 11:08:32

Гістарычны выбар беларускага народа

Урачыстая цырымонія падпісання Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адбылася 28 сакавіка 1994 г. Перыяд палітычнай нявызначанасці ў галіне дзяржаўнага будаўніцтва завяршыўся. Прыняцце Канстытуцыі адкрыла новы раздзел у гісторыі беларускай дзяржаўнасці. 29 сакавіка 1994 г. Вярхоўны Савет прыняў закон «Аб выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», а 30 сакавіка 1994 г. — пастанову «Аб правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» і прызначыў дату выбараў — 23 чэрвеня 1994 г.

Пасля прыняцця гэтай пастановы ў адпаведнасці з заканадаўствам разгарнулася работа па правядзенні выбараў Прэзідэнта. Аб удзеле ў першых прэзідэнцкіх выбарах заявілі 19 кандыдатаў, якія прадстаўлялі шырокі спектр палітычных сіл. Былі сярод іх нават асобы, якія не мелі права ўдзельнічаць у выбарах, як, напрыклад, грамадзянін Польшчы і Канады граф А. Прушынскі. У адпаведнасці з заканадаўствам для рэгістрацыі ў якасці кандыдата неабходна было заручыцца падтрымкай 70 дэпутатаў Вярхоўнага Савета або сабраць 100 тыс. подпісаў выбаршчыкаў.

На папярэднім этапе патрабаванні заканадаўства змаглі выканаць 6 кандыдатаў: Старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь В. Ф. Кебіч (371 967 подпісаў выбаршчыкаў); былы Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь С. С. Шушкевіч (123 552); дэпутат Вярхоўнага Савета, старшыня партыі БНФ З. С. Пазняк (216 855); першы сакратар ЦК партыі камуністаў Беларусі В. М. Новікаў (183 836); Герой Сацыялістычнай Працы, старшыня калгаса «Прагрэс» Гродзенскага раёна, старшыня Саюза аграрыяў Беларусі А. І. Дубко (116 693); дэпутат Вярхоўнага Савета, дырэктар саўгаса «Гарадзец» Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці А. Р. Лукашэнка (156 391 подпіс выбаршчыкаў).

Першыя прэзідэнцкія выбары праходзілі ва ўмовах нарастання сацыяльна-эканамічнага крызісу, галапіруючай інфляцыі і сацыяльнай нестабільнасці. Суровай рэальнасцю станавілася беспрацоўе. У 1993 г. колькасць беспрацоўных павялічылася амаль у 3 разы; толькі 54,1 % грамадзян, якія звярнуліся ў службу занятасці, атрымалі працу. У 1994 г. пагоршылася дэмаграфічная сітуацыя — у Беларусі ўпершыню за многія дзесяцігоддзі смяротнасць амаль на 20 тыс. чалавек перавысіла нараджальнасць.

На думку палітычных аналітыкаў, найбольш рэальныя шанцы на перамогу ў прэзідэнцкіх выбарах былі ў Старшыні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь В. Ф. Кебіча. На яго баку былі фактары, якія аказвалі моцны ўплыў на настроі выбаршчыкаў: шырокая вядомасць, адміністрацыйны рэсурс і магчымасць прымаць рашэнні на карысць асобных катэгорый выбаршчыкаў, органы мясцовай улады.

Асноўную стаўку па прыцягненні галасоў выбаршчыкаў прыхільнікі В. Ф. Кебіча зрабілі на абяцанні пераадолець наступствы гіперінфляцыі, рост цэн на спажывецкія тавары і паслугі, спыніць падзенне жыццёвага ўзроўню насельніцтва, заключыць з Урадам Расіі новы дагавор. Перадвыбарная праграма кандыдата ў Прэзідэнты В. Ф. Кебіча называлася: «Народ Беларусі павінен жыць годна, ганарыцца сабой і сваёй Радзімай».

Урадам В. Ф. Кебіча былі зроблены пэўныя крокі, перш за ўсё, у галіне падрыхтоўкі да эканамічнага ўзаемадзеяння Беларусі з Расіяй. 12 красавіка 1994 г. у Маскве быў падпісаны «Дагавор аб аб’яднанні грашовай сістэмы Рэспублікі Беларусь з грашовай сістэмай Расійскай Федэрацыі», які сведчыў, што работа над пагадненнем разгарнулася задоўга да прыняцця Канстытуцыі.

Акрамя В. Ф. Кебіча дагавор падпісаў Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка С. А. Багданкевіч (з прыпіскай: «Пярэчу супраць прыняцця артыкула 5 Дагавора»). Гэты Дагавор набываў юрыдычную сілу праз 2 месяцы, г. зн. напярэдадні чэрвеньскіх прэзідэнцкіх выбараў 1994 г. 13 красавіка 1994 г. адбылося пасяджэнне Прэзідыума Вярхоўнага Савета, на якім была заслухана інфармацыя Старшыні Савета Міністраў В. Ф. Кебіча аб падпісаных 12 красавіка ў Маскве дакументах аб аб’яднанні грашовых сістэм Расіі і Беларусі. Ніякіх палітычных заяў з боку Прэзідыума зроблена не было. Дагавор, па сутнасці, быў эканамічным аб’яднаннем абедзвюх дзяржаў, а абмен валют з’яўляўся вынікам гэтага аб’яднання. Перадвыбарныя баталіі разгарнуліся вакол артыкула 5 Дагавора, які не падпісаў С. А. Багданкевіч. У гэтым артыкуле было зафіксавана, што «Цэнтральны банк Расійскай Федэрацыі набывае правы і паўнамоцтвы адзінага эмісійнага цэнтра і органа грашова-крэдытнага і валютнага рэгулявання аб’яднаных грашовых сістэм. Грашова-крэдытная эмісія на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца Цэнтральным банкам Расійскай Федэрацыі праз Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь».

Рэдакцыя гэтага артыкула супярэчыла рэдакцыі артыкула 145 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, згодна з якой на тэрыторыі краіны Нацыянальны банк з’яўляўся рэгулятарам крэдытных адносін і «выключным эмітэнтам грошай». Таму, для таго каб Дагавор ад 12 красавіка 1994 г. уступіў у сілу, неабходна было вырашыць пытанне аб змяненні артыкула 145 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Без кансалідацыі Урада і заканадаўчай улады ў сціслыя тэрміны правесці такую палітычную акцыю было немагчыма.

Аднак у кароткі перыяд вострай па напружанні палітычнай барацьбы перадвыбарнай гонкі змяніць рэдакцыю артыкула 145 Канстытуцыі прыхільнікам В. Ф. Кебіча не ўдалося.

Немагчымасць стварэння адзінай рублёвай зоны Расіі і Беларусі негатыўна паўплывала на ўсю перадвыбарную кампанію В. Ф. Кебіча. Яго прыхільнікі не змаглі сфармуляваць альтэрнатыўную праграму, здольную прыцягнуць галасы выбаршчыкаў. У той жа час палітычныя апаненты В. Ф. Кебіча паспрабавалі аб’яднаць свае сілы і вылучыць адзінага кандыдата. 21 лютага 1994 г. яны правялі нараду, на якой было вырашана падтрымаць кандыдатуру С. С. Шушкевіча ў якасці адзінага кандыдата ад апазіцыі. Аднак Партыя БНФ не падтрымала гэтую ідэю, не зняла свайго кандыдата і на выбары пайшла самастойна. Кіраўніцтва БНФ разлічвала на перамогу З. С. Пазняка, у падтрымку якога было сабрана больш подпісаў, чым за С. С. Шушкевіча. Зыходзячы з гэтага, кіраўніцтва партыі прапанавала С. С. Шушкевічу зняць сваю кандыдатуру. Палітычныя супярэчнасці ў лагеры правых дэмакратычных сіл, перш за ўсё па пытанні аб лідарстве, не дазволілі дасягнуць кансэнсусу, аб’яднацца і вылучыць у процівагу В. Ф. Кебічу адзінага кандыдата. Як паказалі далейшыя падзеі, паражэнню правых сіл спрыялі палітычная блізарукасць і празмерная амбіцыйнасць іх лідараў. На карысць такой высновы гаворыць і той факт, што ў рэчаіснасці дзяліць ім не было чаго, бо іх палітычныя праграмы былі досыць блізкія: абодва выступалі за працяг рыначных рэформ на аснове прынцыпаў заходняга лібералізму, за палітычнае збліжэнне з краінамі Захаду.

У перадвыбарнай праграме З. С. Пазняка давалася ацэнка дзейнасці ўрада В. Ф. Кебіча, які атрымаў ад Вярхоўнага Савета ўсе неабходныя паўнамоцтвы для ажыццяўлення рыначных рэформ, стабілізацыі і росту эканомікі краіны. Улічваючы бягучую эканамічную сітуацыю, праграма З. С. Пазняка дэкларавала для стабілізацыі сітуацыі і дасягнення дабрабыту грамадзян пераход эканомікі Беларусі да рыначных адносін. Асаблівая ўвага надавалася развіццю недзяржаўнага сектара эканомікі.

Перадвыбарная праграма кіраўніка Саюза аграрыяў А. І. Дубко «Краіне патрэбны гаспадар» у большай ступені выступала за пабудову сацыяльна-арыентаванай рыначнай эканомікі, але была занадта агульнай і неканкрэтнай.

Падчас прэзідэнцкай гонкі высветлілася, што рэальную канкурэнцыю В. Ф. Кебічу і іншым прэтэндэнтам склаў малады палітык А. Р. Лукашэнка. Галоўнымі праграмнымі тэзісамі перадвыбарнай кампаніі А. Р. Лукашэнкі былі: спыненне росту цэн і збяднення насельніцтва, рух грамадства ад бездані развалу і сацыяльнага выбуху да стабільнасці і прагрэсу, барацьба з карупцыяй, аднаўленне на раўнапраўнай узаемавыгаднай аснове страчаных сувязей з дзяржавамі, якія раней уваходзілі ў склад СССР, перш за ўсё з Расіяй і Украінай. У сваіх перадвыбарных выступленнях ён узнімаў балючыя і актуальныя праблемы, якія былі зразумелыя ўсяму народу: за мінулыя гады агульнае падзенне ўзроўню прамысловай вытворчасці склала 40 %, інфляцыя штомесяц узрастала на 50 % і ў 1993 г. дасягнула ўзроўню ў 1 700 %, карупцыя паралізавала работу ўлады і інш. У выпадку абрання на пасаду Прэзідэнта А. Р. Лукашэнка абяцаў аднавіць кіруемасць працэсам развіцця эканомікі і абвясціў, што будзе дамагацца, каб у Беларусі ўлада была «народнай, а не партыйнай, кампетэнтнай, а не кланавай». Вялікі ўплыў на выбаршчыкаў аказаў яго зварот да народа: «Людзі Беларусі! Я не абяцаю вам малочных рэк з кісельнымі берагамі... Адвесці дзяржаву і народ ад бездані — вось першачарговая задача прэзідэнта».

Першы тур выбараў не выявіў пераможцу — ні адзін з кандыдатаў не набраў больш за 50 % галасоў выбаршчыкаў. Вынікі галасавання былі наступнымі: А. Р. Лукашэнка набраў 44,82 % галасоў выбаршчыкаў, В. Ф. Кебіч — 17,33, З. С. Пазняк — 12,82, С. С. Шушкевіч — 9,91, В. М. Новікаў — 4,29 % галасоў выбаршчыкаў. У другі тур, які адбыўся 10 ліпеня, выйшлі А. Р. Лукашэнка і В. Ф. Кебіч. Тэарэтычна не складана падлічыць, што ў выпадку аб’яднання адзіны кандыдат ад правых сіл меў патэнцыяльную магчымасць сабраць больш за 22 % галасоў выбаршчыкаў і выйсці ў другі тур, але правыя не змаглі дасягнуць кампрамісу.

У перапынку паміж першым і другім турам галасавання В. Ф. Кебіч паспрабаваў змяніць сітуацыю і прыцягнуць на свой бок больш галасоў выбаршчыкаў. З гэтай мэтай 30 чэрвеня 1994 г. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову № 481 «Аб павышэнні памеру мінімальнай заработнай платы і асобных сацыяльных выплат». Аднак істотнага ўплыву на расстаноўку палітычных сіл гэта не аказала.

У Цэнтральнай выбарчай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пасведчанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь уручана А. Р. Лукашэнку. 15 ліпеня 1994 г.

У Цэнтральнай выбарчай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Пасведчанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь уручана А. Р. Лукашэнку. 15 ліпеня 1994 г.

Другі тур галасавання адбыўся 10 ліпеня. Вынікі другога тура былі падведзены 15 ліпеня на пасяджэнні Цэнтральнай выбарчай камісіі. Перамогу атрымаў А. Р. Лукашэнка, які набраў 80,34 % галасоў выбаршчыкаў, В. Ф. Кебіч — 14,17 %. Перамогу А. Р. Лукашэнкі на першых прэзідэнцкіх выбарах некаторыя аналітыкі назвалі «электаральнай рэвалюцыяй». Адзначаючы прычыны поспеху ў першым туры галасавання, 25 чэрвеня А. Р. Лукашэнка сказаў: «Я думаю, што і для народа гэта не сенсацыя. Беднаму, бяздольнаму, яму ўпершыню выпала магчымасць выбраць чалавека са свайго асяроддзя. І ён сказаў сваё слова». Сярод прычын ашаламляльнай і бясспрэчнай перамогі маладога палітыка можна назваць наступныя: недавер насельніцтва да палітыкі дзеючай улады, які сыграў рашаючую ролю, прывабнасць і яснасць тэзісаў праграмы, харызматычныя асабістыя якасці кандыдата, яго душэўная цеплыня і сардэчнасць, адкрытасць і шчырасць, прынцыповасць і бескампраміснасць. Для беларускага палітычнага жыцця гэтыя якасці, а таксама вера і перакананасць лідара ў правільнасці сваёй справы былі з’явай незвычайнай, новай, таму прывабнай і абнадзейлівай. Улетку 1994 г. усе свае надзеі на лепшую будучыню беларускі выбаршчык звязаў з выбарамі першага Прэзідэнта.

Перамога А. Р. Лукашэнкі была зусім не выпадковай. Выбар беларускага народа супаў з памкненнямі найлепшых прадстаўнікоў нацыянальнай эліты. Яго актыўна падтрымала навуковая эліта, работнікі вышэйшых навучальных устаноў, у цэлым сфера адукацыі. Калі за спінай канкурэнтаў А. Р. Лукашэнкі стаялі правыя або левыя палітычныя сілы, якія прапаноўвалі выбаршчыкам праграмы эканамічных і палітычных узрушэнняў, то за яго спінай не было нікога. «Я сам вырашыў узваліць на сябе ношу. Гэта была мая прапанова народу. Вакол мяне сабралася невялікая група энтузіястаў. Грошай не было нават на тое, каб купіць бензін і паехаць у іншую вобласць на сустрэчу з выбаршчыкамі. Не было аўтамабіляў (асабістага і тады не меў, і цяпер не маю, службовыя адбіралі). Даводзілася прасіць людзей, і яны вазілі мяне на сваіх машынах за свой кошт. Гэта было цяжка. Але і выдатна! У мяне не было ашалелай вялікай каманды, якая пасля перамогі пачала патрабаваць дзяльбы партфеляў. Я не звязваў сябе закуліснымі дамоўленасцямі. Усё, што я абяцаў, я абяцаў народу. І маю намер выканаць абяцанае... Мяне прывялі да ўлады ўрач, настаўнік — інтэлігенцыя на месцах. Яна павяла народ за Лукашэнкам. Маёй шырокай апорай сталі вяскоўцы, рабочыя заводаў», — казаў А. Р. Лукашэнка пасля перамогі на выбарах.

20 ліпеня на спецыяльным пасяджэнні Вярхоўнага Савета Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка прынёс Урачыстую прысягу. Урад В. Ф. Кебіча склаў паўнамоцтвы. Пасля гэтага Прэзідэнт прыступіў да выканання сваіх абавязкаў.


Галіны ўлады і іх паўнамоцтвы

Спачатку ўзаемадзеянне паміж галінамі ўлады было канструктыўным. Усе прапановы Кіраўніка дзяржавы па кандыдатурах на міністэрскія партфелі Парламентам былі падтрыманы. Прэм’ер-міністрам быў прызначаны М. М. Чыгір, віцэ-прэм’ерамі сталі С. С. Лінг і М. У. Мясніковіч.

Аднак у далейшым паміж заканадаўчай і выканаўчай галінамі ўлады пачала нарастаць напружанасць. Перш за ўсё з той прычыны, што Канстытуцыя 1994 г. з’явілася вынікам палітычнага кампрамісу. Яго сутнасць складалася ў тым, што ў Рэспубліцы Беларусь засноўваўся інстытут прэзідэнцтва, супраць якога доўгі час (пачынаючы з 1990–1991) выступала група дэпутатаў Вярхоўнага Савета. У прыватнасці, супраць заснавання інстытута прэзідэнцтва выступала шмат дэпутатаў Парламента ад камуністаў і БНФ, якія, не будучы ўпэўненымі ў перамозе сваіх кандыдатаў на наступных прэзідэнцкіх выбарах, прыклалі нямала намаганняў да таго, каб захаваць за Вярхоўным Саветам значныя ўладныя паўнамоцтвы. Таму ў канчатковым выніку паўнамоцтвы і рэсурсы ўлады, якімі надзяляўся Прэзідэнт, былі абмежаваны. Гэтыя паўнамоцтвы не адпавядалі той палітычнай адказнасці, якую Канстытуцыя ўскладала на Прэзідэнта, у т. л. і ў галіне дзяржаўнасці — права народа на самастойнае гістарычнае існаванне і развіццё. Рэалізацыя гэтага права залежыць ад нацыянальнай эліты, перш за ўсё ад таго, ці валодае яна інтэлектуальнымі, арганізатарскімі здольнасцямі, палітычнымі, эканамічнымі, інфармацыйна-ідэалагічнымі, ваеннымі, кадравымі і іншымі рэсурсамі, неабходнымі для ажыццяўлення ўсебаковай дзейнасці з мэтай рэалізацыі права свайго народа на самастойнае існаванне і развіццё, г. зн. на дзяржаўнасць.

У Рэспубліцы Беларусь менавіта інстытут прэзідэнцтва прызначаны забяспечыць рэалізацыю права народа на дзяржаўнасць, паколькі гэты інстытут не толькі ўзначальвае нацыянальную эліту, але і фарміруе яе кіруючы кампанент. Найважнейшай перадумовай для ўмацавання і развіцця дзяржаўнасці з’яўляецца адзінства народа, стабільнасць палітычнай улады, кансалідацыя нацыянальнай эліты.

У Рэспубліцы Беларусь у 1994–1995 гг. ва ўмовах нарастання глыбокага эканамічнага і сацыяльнага крызісу, узмацнення сацыяльнай напружанасці і нестабільнасці суб’екты палітыкі не мелі ні канструктыўнай палітычнай волі, ні запасу часу. Дэпутаты Вярхоўнага Савета 12‑га склікання, асабліва ад КПБ і БНФ, спадзяваліся на тое, што яны змогуць устанавіць кантроль над выканаўчай уладай.

У адпаведнасці з артыкулам 83 Канстытуцыі 1994 г. за Вярхоўным Саветам былі замацаваны наступныя паўнамоцтвы: прызначэнне рэспубліканскіх рэферэндумаў; прыняцце і змяненне Канстытуцыі; прыняцце законаў і пастаноў і ажыццяўленне кантролю за іх выкананнем; тлумачэнне Канстытуцыі і законаў; прызначэнне чарговых выбараў дэпутатаў Вярхоўнага Савета і мясцовых Саветаў дэпутатаў, выбараў Прэзідэнта; утварэнне Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў; абранне Канстытуцыйнага Суда, Вярхоўнага Суда, Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Генеральнага пракурора, Старшыні і Савета Кантрольнай палаты, Старшыні і членаў праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь; вызначэнне парадку вырашэння пытанняў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання дзяржавы; вызначэнне асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь; зацвярджэнне рэспубліканскага бюджэту, справаздачы аб яго выкананні, зацвярджэнне нарматываў адлічэнняў ад агульнадзяржаўных падаткаў і даходаў у мясцовыя бюджэты; устанаўленне рэспубліканскіх падаткаў і збораў, ажыццяўленне кантролю за грашовай эмісіяй і іншыя паўнамоцтвы.

У адпаведнасці з артыкулам 95 Канстытуцыі 1994 г. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь з’яўляўся Кіраўніком дзяржавы і выканаўчай улады. У адпаведнасці з артыкулам 100 Канстытуцыі за Прэзідэнтам былі замацаваны досыць шырокія паўнамоцтвы: прыняцце мер па ахове суверэнітэту, нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы, забеспячэнні палітычнай і эканамічнай стабільнасці, захаванні правоў і свабод грамадзян; кіраўніцтва сістэмай органаў выканаўчай улады і забеспячэнне іх узаемадзеяння з прадстаўнічымі органамі; стварэнне і скасаванне міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў і іншых органаў цэнтральнага кіравання дзяржавы і іншыя паўнамоцтвы.

Для рэалізацыі паўнамоцтваў выканаўчай улады ў галінах эканомікі, знешняй палітыкі, абароны, нацыянальнай бяспекі, аховы грамадскага парадку і іншых сферах дзяржаўнага кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь ствараўся Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь.

Аналіз уладных паўнамоцтваў, якімі Канстытуцыя 1994 г. надзяляла заканадаўчую ўладу, дае магчымасць зрабіць выснову аб тым, што па форме праўлення была створана рэспубліка, у якой Парламент надзяляўся не толькі заканадаўчымі, але і некаторымі распарадчымі функцыямі. Напрыклад, Вярхоўны Савет кантраляваў не толькі зацвярджэнне дзяржаўнага бюджэту, але і адносіны, якія тычыліся дзяржаўнай уласнасці. У артыкуле 137 Канстытуцыі было ўстаноўлена, што кантроль за выкананнем рэспубліканскага бюджэту, выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасці, выкананнем актаў Вярхоўнага Савета, якія рэгулююць адносіны дзяржаўнай уласнасці, гаспадарчыя, фінансавыя і падатковыя адносіны, ажыццяўляўся Кантрольнай палатай. У сваю чаргу, у адпаведнасці з артыкулам 138 Канстытуцыі Кантрольная палата стваралася Вярхоўным Саветам, і ўся яе дзейнасць ажыццяўлялася «пад кіраўніцтвам» Парламента, у т. л. і ў галіне падсправаздачнасці.

Больш за тое, артыкул 141 Канстытуцыі замацоўваў у якасці абавязковага прынцып адзінства «бюджэтна-фінансавай, падатковай, грашова-крэдытнай, валютнай палітыкі». Але кантроль за бюджэтна-фінансавай сістэмай краіны заставаўся за Вярхоўным Саветам.

Разам з тым у адпаведнасці з Канстытуцыяй Прэзідэнт быў абавязаны забяспечыць палітычную і эканамічную стабільнасць, захаванне правоў і свабод грамадзян. Аднак гэтая адказнасць не была падмацавана яго правам распараджацца пэўнымі рэсурсамі дзяржавы, бо Нацыянальны банк, фінансавая сістэма і бюджэт краіны, вызначэнне напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, у т. л. і ў галіне знешнеэканамічнага супрацоўніцтва, знаходзіліся ў кампетэнцыі Вярхоўнага Савета.

Вырашэнне гэтай супярэчнасці патрабавала высокага ўзроўню палітычнай культуры, даверу і ўзаемадзеяння паміж галінамі ўлады, чаго не назіралася. У прававых адносінах для зняцця напружанасці ў функцыянаванні інстытутаў дзяржаўнай улады неабходны быў выразны канстытуцыйны механізм. У Канстытуцыі 1994 г. такога механізму не было, прысутнічалі яго асобныя элементы. У прыватнасці, самай складанай была праблема пераадолення канфлікту, калі выканаўчая ўлада ў перыяд абвастрэння эканамічнага крызісу з мэтай неадкладнага аператыўнага рэагавання і кіравання сітуацыяй (у адпаведнасці з духам і літарай артыкула 100) настойвала на прыярытэце выканання сваіх прававых актаў, а заканадаўчая ўлада з гэтым не згаджалася. Так, у Прэзідэнта было права падпісання законаў са сваімі пярэчаннямі для паўторнага абмеркавання і галасавання ў Вярхоўным Савеце. Але калі яго пярэчанні беспадстаўна ігнараваліся, а менавіта так і адбывалася, у яго не было права роспуску Парламента. У той жа час у Вярхоўнага Савета было права абвясціць Прэзідэнту імпічмент (артыкул 104).

І па пытаннях фарміравання вышэйшых судовых, наглядных, кантрольных дзяржаўных інстытутаў паўнамоцтвы заканадаўчай улады ў параўнанні з паўнамоцтвамі выканаўчай былі значна больш шырокімі. Прэзідэнт мог толькі прадстаўляць кандыдатуры на пасаду старшынь усіх вышэйшых судовых інстанцый і на пасаду Старшыні Праўлення Нацыянальнага банка, але ён не меў дачынення да дзейнасці пракуратуры. У сваю чаргу, нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем законаў міністэрствамі і іншымі падведамнымі Кабінету Міністраў органамі ўскладаўся на Генеральнага пракурора, падсправаздачнага Вярхоўнаму Савету. Да таго ж, пасля прыняцця Канстытуцыі 1994 г. Канстытуцыйны Суд быў сфарміраваны без удзелу Кіраўніка дзяржавы.

Праблему выклікалі органы мясцовага кіравання і самакіравання — Саветы. У адпаведнасці з Канстытуцыяй 1994 г. мясцовыя Саветы дэпутатаў у межах сваёй кампетэнцыі валодалі шырокімі паўнамоцтвамі, яны павінны былі выконваць рашэнні вышэйстаячых дзяржаўных органаў (артыкул 119), але якіх канкрэтна — не называлася. Пасля прэзідэнцкіх выбараў ва ўмовах адсутнасці закона аб кампетэнцыі, парадку ўтварэння і дзейнасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў краіне абвастрылася праблема ўмацавання ўсіх узроўняў (звёнаў) выканаўчай улады. Прасцей кажучы, уладная вертыкаль па прынцыпе «зверху данізу» яшчэ не была выбудавана, што негатыўна адбівалася на выкананні прымаемых «вярхамі» рашэнняў.


Фарміраванне новай сістэмы дзяржаўнага кіравання

Ва ўмовах глыбокага эканамічнага і сацыяльнага крызісу ўмацаванне дзяржавы было магчыма адзіным шляхам — устанаўленнем трывалай сувязі паміж узроўнямі выканаўчай улады, пачынаючы з сельскага (пасялковага) Савета і заканчваючы Кіраўніком дзяржавы. Бо сіла і эфектыўнасць дзяржавы караняцца ў выпрацоўцы і абавязковай рэалізацыі прымаемых рашэнняў па ўсіх напрамках унутранай і знешняй палітыкі.

Пасля прыняцця Канстытуцыі 1994 г. і прэзідэнцкіх выбараў органы мясцовага кіравання і самакіравання занялі чакальную пазіцыю і не спяшаліся выконваць рашэнні выканаўчай улады, якой непасрэдна не падпарадкоўваліся. З мэтай навядзення парадку, дасягнення эканамічнай стабілізацыі ў сярэдзіне жніўня 1994 г. Кіраўнік дзяржавы пачаў накіроўваць распараджэнні на адрас мясцовых Саветаў. Аднак з іх боку ніякіх дзеянняў не было. У Гродзенскай вобласці пытанні, узнятыя Прэзідэнтам, былі разгледжаны на пасяджэнні прэзідыума абласнога Савета толькі праз два тыдні, пры гэтым абласны Савет прапанаваў гарадскім і раённым Саветам разгледзець актуальныя праблемы яшчэ на працягу месяца. У Магілёўскай вобласці з 18 раёнаў у 10 мясцовыя старшыні выканкамаў раённых Саветаў ніяк не адрэагавалі на прэзідэнцкія распараджэнні. У дзевяці раёнах Гомельскай вобласці кіраўнікі Саветаў абмежаваліся перапісваннем слова ў слова мер, выкладзеных у рашэнні Гомельскага аблвыканкама. З дзевяці раёнаў Мінска ніяк не адрэагавалі на распараджэнне Прэзідэнта 3 раёны — Ленінскі, Партызанскі і Цэнтральны.

Гэта сведчыла аб тым, што пасля прыняцця Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь была разбурана старая савецкая сістэма дзяржаўнага кіравання, але пры гэтым не створана новая, суверэнная. Своеасаблівасць сітуацыі, якая склалася, заключалася ў тым, што «вярхі» дзяржаўнай улады былі гатовы кіраваць па-новаму, а «нізы» да гэтага былі не гатовы. У выніку дзяржаўная ўлада аказалася аслабленай, яна мела патрэбу ў неадкладным умацаванні і абнаўленні.

Супярэчлівасць каранілася таксама ў статусе і прэрагатывах Прэзідэнта. Будучы Кіраўніком дзяржавы, Прэзідэнт адначасова з’яўляўся кіраўніком выканаўчай улады. Акрамя таго, праблема рэальнага ўзмацнення выканаўчай улады ўскладнялася ў сувязі з тым, што Прэзідэнт як вышэйшая службовая асоба не меў магчымасці быць ініцыятарам і адначасова выканаўцам рашучых крокаў і мер па барацьбе са злачыннасцю, карупцыяй, аздараўленні прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці і да т. п. Бо ў гэтай барацьбе поспех быў немагчымы без умяшання ў бюджэтна-фінансавую сферу, валютна-крэдытныя адносіны, падатковую палітыку і г. д. У сваю чаргу, такое ўмяшанне загадзя праграміравала Парламент да барацьбы з Прэзідэнтам з мэтай захавання канстытуцыйна абгрунтаваных прэтэнзій на прыярытэт у сістэме дзяржаўнай улады. У дадатак па Канстытуцыі асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі вызначаліся пастановамі Вярхоўнага Савета, якія на справе насілі характар палітычных дэкларацый, што не маюць абавязковай сілы не толькі для Прэзідэнта (бо не былі законам), але і для саміх дэпутатаў.

Без умацавання дзяржаўнай улады ўсіх узроўняў арганізацыя эфектыўнага, дзейснага кіравання краінай была немагчымай. Акрамя таго, без стварэння моцнай дзяржаўнай улады палітычная і ўладная эліта краіны ў складанай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі сярэдзіны 1990‑х гг. аказалася б не здольнай забяспечыць рэалізацыю права беларускага народа на дзяржаўнасць. Менавіта таму пасля фарміравання Кабінета Міністраў палітычныя ініцыятывы і намаганні Прэзідэнта былі накіраваны на стварэнне моцнай дзяржаўнай улады і пераадоленне эканамічнага крызісу. Фарміраванне прэзідэнцкай вертыкалі ўлады пачалося летам 1994 г. У адпаведнасці з Канстытуцыяй 1994 г. за Прэзідэнтам было замацавана права на ўтварэнне, рэарганізацыю і ліквідацыю органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама на заснаванне пры Прэзідэнце кансультатыўных і іншых структур. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 ліпеня 1994 г. № 6 была створана Адміністрацыя Прэзідэнта, указам ад 4 жніўня 1994 г. № 19 — Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта. На Адміністрацыю былі ўскладзены абавязкі па арганізацыйным забеспячэнні дзейнасці Прэзідэнта, рабочых нарад, а таксама ўзаемадзеянне з іншымі галінамі ўлады: судовай і заканадаўчай; падрыхтоўка прапаноў і рэкамендацый па кадравай палітыцы, прававое забеспячэнне дзейнасці Прэзідэнта і інш. Да ліку важных функцый Адміністрацыі адносіцца забеспячэнне сувязі Прэзідэнта з кіраўніцтвам раённых і абласных органаў улады, кіраўнікамі прадпрыемстваў і ўстаноў дзяржаўнай формы ўласнасці.

З мэтай рэалізацыі паўнамоцтваў Прэзідэнта ў галіне нацыянальнай бяспекі быў створаны Савет Бяспекі (пачаў работу 5 жніўня 1994). Адміністрацыя і Савет Бяспекі заняліся рашэннем пытанняў кадравай палітыкі, падрыхтоўкай прапаноў па арганізацыі і забеспячэнні дзейнасці мясцовых выканаўчых органаў улады і інш.

Аднак для таго, каб Адміністрацыя мела магчымасць забяспечыць сувязь Прэзідэнта з кіраўніцтвам раённых і абласных Саветаў, неабходна было ўнесці змяненні ў заканадаўства, якое дзейнічала на той момант. Сутнасць гэтых змяненняў зводзілася да надзялення Прэзідэнта паўнамоцтвамі па фарміраванні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў улады. У адпаведнасці з артыкулам 124 Канстытуцыі кампетэнцыя, парадак утварэння і дзейнасці органаў мясцовага кіравання і самакіравання вызначаліся законам. У жніўні 1994 г. Вярхоўны Савет 12‑га склікання прыняў закон, які надзяляў Прэзідэнта правам прызначаць кіраўнікоў раённых і абласных выканаўчых камітэтаў.

Між тым практычныя крокі і захады, якія рабіліся Прэзідэнтам, натыкаліся на процідзеянне дэпутатаў. Выступаючы на сесіі Вярхоўнага Савета 21 сакавіка 1995 г., А. Р. Лукашэнка сказаў: «Галоўным пытаннем узаемаадносін паміж Вярхоўным Саветам і Прэзідэнтам у апошні час сталі працэсы пабудовы на аснове новай Канстытуцыі сістэмы органаў улады і кіравання як у цэнтры, так і на месцах, а таксама рэалізацыя асноўных палажэнняў Праграмы па выхадзе эканомікі Рэспублікі Беларусь з крызісу. Закранаючы першы блок пытанняў, вымушаны адзначыць, што ў прынятых апошнім часам законах “Аб Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь”, “Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь”, “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь»” зроблена спроба парушыць баланс галін улады... Так, напрыклад, у законе “Аб Вярхоўным Савеце” ёсць шэраг норм, якія абмяжоўваюць правы выканаўчай улады і, у пэўнай ступені, не адпавядаюць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь… Адначасова з неабгрунтаваным павелічэннем сваіх паўнамоцтваў, пашырэннем правоў і льгот дэпутатаў Вярхоўны Савет у законе “Аб Прэзідэнце” зрабіў спробу абмежаваць паўнамоцтвы Прэзідэнта ў частцы выдання нарматыўных актаў па пытаннях арганізацыі і дзейнасці выканаўчай улады, стварэння рабочых органаў пры Прэзідэнце і вызначэння іх кампетэнцыі».

Калі вялася размова аб стварэнні рабочых органаў пры Прэзідэнце, мелася на ўвазе ў т. л. і Служба кантролю Прэзідэнта. Гэты орган быў створаны з мэтай ажыццяўлення кантролю за выкананнем органамі ўлады і суб’ектамі гаспадарання ўказаў, даручэнняў і распараджэнняў Кіраўніка дзяржавы. Таму асаблівую ўвагу Служба кантролю надавала выкананню ўказаў Прэзідэнта і пастаноў Урада, якія тычацца пытанняў фінансава-гаспадарчай дзейнасці, выкарыстання валютных сродкаў, існуючых норм ліцэнзавання і кватавання прадукцыі, дзейнасці банкаў, дысцыпліны цэн. У 1‑м паўгоддзі 1996 г. гэтай службай было праведзена каля 5 тыс. праверак і канфіскавана ў даход дзяржавы 132,9 млрд руб., пазбаўлены пасады 287 чалавек, прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 2 616 чалавек, у праваахоўныя органы перададзена 177 спраў, у органы дзяржаўнай улады і кіравання ўнесена 462 прапановы, разгледжана 2 390 лістоў і зваротаў грамадзян.

Працэс стварэння і ўмацавання прэзідэнцкай вертыкалі ўлады быў заканамернай з’явай у галіне дзяржаўнага будаўніцтва. Але гэта не была кампанія па цэнтралізацыі ўлады. Цэнтралізацыя ўлады, а разам з гэтым і дзяржавы — з’ява, уласцівая федэратыўнаму ладу, калі маюць месца цэнтрабежныя тэндэнцыі. Рэспубліка Беларусь — унітарная дзяржава (артыкул 1 Канстытуцыі), у якой адсутнічаюць якія-небудзь цэнтрабежныя або сепаратысцкія праявы, выступленні і тэндэнцыі.

Функцыянаванне вышэйшых інстытутаў дзяржаўнай улады — Прэзідэнта, Вярхоўнага Савета, Урада — было немагчыма без іх фінансавага, матэрыяльна-тэхнічнага і сацыяльна-бытавога забеспячэння. Арганізацыя практычнай работы па вырашэнні гэтых пытанняў была ўскладзена на Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Аднак Прэзідыум Вярхоўнага Савета палічыў, што тыя пункты ўказа, якія тычыліся фінансавання, матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і сацыяльна-бытавога абслугоўвання дзейнасці Вярхоўнага Савета і яго структур, а таксама распараджэння яго маёмасцю, не адпавядалі Канстытуцыі і рашэнням Парламента. Старшыня Вярхоўнага Савета М. І. Грыб накіраваў Прэзідэнту просьбу адмяніць пункты ўказа, якія тычыліся забеспячэння дзейнасці Парламента.

Гэта незадаволенасць часткі заканадаўцаў і падштурхнула іх да далейшага процістаяння з выканаўчай уладай. Дэпутаты прыцягнулі да справы суддзяў Канстытуцыйнага Суда, якія абіраліся Вярхоўным Саветам і з яго дапамогай паспрабавалі затармазіць рэалізацыю ініцыятыў Кіраўніка дзяржавы па ўмацаванні дзяржаўнай улады. У пачатку лістапада 1994 г. па ініцыятыве групы дэпутатаў Вярхоўнага Савета Канстытуцыйны Суд прыняў рашэнне «Аб узбуджэнні вытворчасці па справе аб адпаведнасці Канстытуцыі закона ад 6 кастрычніка “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым самакіраванні і мясцовай гаспадарцы ў Рэспубліцы Беларусь»”». У пункце 2 гэтага рашэння гаварылася: «Да разгляду справы Канстытуцыйным Судом прыпыніць дзеянне: норм закона ад 6 кастрычніка 1994 г. “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым самакіраванні і мясцовай гаспадарцы ў Рэспубліцы Беларусь»”, якія прадугледжваюць: скасаванне сельскіх, гарадскіх раённага падпарадкавання, раённых у гарадах Саветаў дэпутатаў, іх выканаўчых і распарадчых органаў і стварэнне мясцовых адміністрацый».

Гэтыя дзеянні кіраўніцтва Канстытуцыйнага Суда фактычна блакіравалі намаганні Прэзідэнта па стварэнні новай сістэмы дзяржаўнага кіравання. У сярэдзіне лістапада 1994 г. Прэзідэнт заявіў, што лічыць незаконным прыпыненне ўкаранення прэзідэнцкай вертыкалі, і праца будзе працягнута. З гэтай мэтай у канцы лістапада 1994 г. Кіраўнік дзяржавы зацвердзіў парадак зняцця і прызначэння сваіх прадстаўнікоў на месцах.

Далей палітычная барацьба паміж заканадаўчай і выканаўчай уладай пачала выяўляцца ў заканадаўстве. Прэзідэнт вяртаў на дапрацоўку ў Вярхоўны Савет законы са сваімі прапановамі, спрабаваў накладваць на іх вета, але Вярхоўны Савет пераадольваў вета Прэзідэнта ў 100 % выпадкаў. Гэтыя законы тычыліся ў асноўным пытанняў прававога рэгулявання эканамічнай дзейнасці суб’ектаў гаспадарання, паўнамоцтваў выканаўчых органаў мясцовага кіравання і самакіравання, пытанняў дзейнасці Урада, Нацыянальнага банка, Кантрольнай палаты і інш.

У такой сітуацыі наладзіць эфектыўнае кіраванне эканомікай і забяспечыць палітычную і сацыяльную стабільнасць выканаўчай улады было складана. Больш за тое, частка дэпутатаў выступіла з ідэяй паслаблення выканаўчай улады шляхам змены працэсу фарміравання органаў мясцовага кіравання і самакіравання. У гэтым накірунку ў Вярхоўным Савеце асобныя дэпутацкія групы пачалі распрацоўку законапраекта, згодна з якім кіраўніцтва органаў выканаўчай улады на месцах павінна было выбірацца насельніцтвам адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, а не прызначацца Прэзідэнтам. Акрамя таго, прадугледжвалася, што фінансаванне Саветаў дэпутатаў будзе ажыццяўляцца толькі з бюджэту, які знаходзіўся пад кантролем Парламента — Вярхоўнага Савета.

З такімі падыходамі да фарміравання органаў мясцовага кіравання і самакіравання Кіраўнік дзяржавы не пагадзіўся. У выніку ім былі выдадзены ўказы ад 20 лістапада 1995 г. № 476 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб старшыні абласнога, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта» і ад 26 снежня 1995 г. № 519 «Аб некаторых пытаннях забеспячэння дзейнасці мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь».

Палітычны крызіс у рэспубліцы перашкаджаў пошуку эфектыўных метадаў кіравання эканомікай. У пачатку 1995 г. эканамічная сітуацыя ў краіне яшчэ больш пагоршылася. Панавала гіперінфляцыя, памер мінімальнай заработнай платы ў гэты час складаў 25 % ад памеру спажывецкага мінімуму. Прайшла хваля мітынгаў, забастовак і дэманстрацый. У грамадстве ўсё часцей гучала крытыка і выказвалася незадаволенасць працай Вярхоўнага Савета. У пачатку 1995 г. нездавальняючую або дрэнную працу Вярхоўнага Савета адзначылі 67,7 % апытаных грамадзян, Кабінета Міністраў — 63,9 %, Прэзідэнта — 40 %. Пры гэтым 56 % рэспандэнтаў лічылі, што паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета трэба абмежаваць. У гэтых умовах Прэзідэнт вырашыў звярнуцца да адзінай крыніцы дзяржаўнай улады ў Рэспубліцы Беларусь — беларускага народа.

Канстытуцыя 1994 г., прэзідэнцкія выбары стварылі аб’ектыўныя гістарычныя перадумовы, заклалі палітычныя і прававыя асновы будаўніцтва суверэннай і незалежнай Беларусі. Першым этапам на гэтым шляху з’явіўся пераход ад парламенцкай да прэзідэнцкай рэспублікі. Гэта сведчыла аб тым, што нацыянальная эліта разам з беларускім народам, які заўсёды адрозніваўся разважлівасцю, інтуітыўным пачуццём справядлівасці, валодае здольнасцю і мае магчымасць умацоўваць і развіваць беларускую дзяржаўнасць.

На этапе пераходу ад парламенцкай да прэзідэнцкай рэспублікі найважнейшай задачай па ўмацаванні і развіцці беларускай дзяржаўнасці было стварэнне новай сістэмы дзяржаўнага кіравання, далейшая напрацоўка заканадаўчай базы ў галіне падзелу дзяржаўнай улады. Аднак адсутнасць у нацыянальнай эліты палітычнага і сацыяльнага вопыту і згоды, яе раскол, нежаданне выбудоўваць адносіны ў адпаведнасці з новымі прынцыпамі і нормамі, замацаванымі ў Канстытуцыі, стварылі перадумовы для палітычнага процістаяння паміж заканадаўчай і выканаўчай уладай. У гэтых умовах адзіным арбітрам у вырашэнні палітычнага канфлікту, які аслабляў дзяржаўнасць, быў беларускі народ.