Агульнадзяржаўныя рэферэндумы сярэдзіны 1990‑х гадоў
Дата стварэння: 24.05.2023 11:50:29
Дата змены: 29.03.2024 11:08:20
Рэферэндум 14 мая 1995 г.
Для палітычнага жыцця беларускага грамадства ў 1990–1994 гг. была характэрна прапаганда палітычнага плюралізму, абароны правоў і свабод грамадзян, у т. л. у галіне палітыкі. На гэтай аснове ў Беларусі набіраў сілу працэс партыйнага будаўніцтва, развіцця грамадска-палітычных арганізацый і рухаў. Пры гэтым многія партыі ў сваіх праграмах аддавалі прыярытэт абароне нацыянальных традыцый і культуры беларускага народа. Так, напрыклад, Аб’яднаная дэмакратычная партыя Беларусі (АДПБ) у сваёй праграме заяўляла, што «імкненне ўстанавіць гістарычную справядлівасць і спыніць працэс знікнення беларускай мовы — гістарычная неабходнасць».
Некаторыя палітычныя партыі ў пытаннях мовы і культуры занялі пазіцыю ваяўнічага нацыяналізму. У прыватнасці, Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусі (НДПБ) у «Асноўных праграмных прынцыпах» і статуце дэкларавала, што «толькі нацыянальна свядомы чалавек дбае пра лёс нацыі ды бацькаўшчыны, толькі нацыянальна свядомы ўрад здолее служыць па-сапраўднаму інтарэсам свайго народа, дбаць пра яго дабрабыт», а членам НДПБ «можа быць любы грамадзянін Беларускай ССР, незалежна ад месца жыхарства, веравызнання, сацыяльнага становішча, які валодае беларускай моваю і ўсведамляе сябе беларусам, дасягнуў 18 гадоў». Партыя «Беларуская хрысціянскадэмакратычная злучнасць» у сваіх «Праграмных прынцыпах» таксама заявіла, што «лічыць неабходным у поўнай ступені выкарыстоўваць беларускую мову як дзяржаўную мову міжнацыянальных зносін для людзей іншых нацыянальнасцей».
У 1990–1993 гг. значнай падтрымкай грамадзян карыстаўся грамадска-палітычны рух БНФ, які меў сваіх дэпутатаў у Вярхоўным Савеце 12‑га склікання. У яго «Праграмнай заяве» «Свабода — Незалежнасць — Адраджэнне» было задэкларавана патрабаванне «прыярытэту беларускай мовы ў дзяржаўным і грамадскім жыцці».
Некаторыя палітычныя партыі і грамадска-палітычныя аб’яднанні, створаныя ў Беларусі, у якасці ідэалогіі выбралі нацыяналізм. Прапаганда нацыяналізму спрыяла развіццю ў грамадстве палітычнага процістаяння, насаджэнню радыкалізму ў маладзёжным асяроддзі, асабліва ў дачыненні да дзяржаўных сімвалаў, мовы і культуры.
У Беларусі, як і ў іншых рэспубліках СССР, доўгі час спела пажыўная глеба для развіцця нацыяналізму. Нягледзячы на тое, што ў СССР афіцыйна праводзілася палітыка збліжэння і зліцця нацый і народнасцей у адзіны савецкі народ, не адмаўлялі развіцця і росквіту нацыянальных культур, дзяржава ў большай ступені заахвочвала працэс збліжэння. Асновай яго служыла культура вялікага рускага народа, у т. л. вывучэнне і культывацыя яго мовы і гісторыі. У гэтай сітуацыі сфера культурнага быцця беларускай мовы пастаянна звужалася, яна практычна «выжывалася» з шырокага выкарыстання ў працэсе навучання і выхавання вучнёўскай і студэнцкай моладзі, у грамадскім жыцці дзяржаўных устаноў.
Гістарычную сітуацыю, якая склалася ў галіне абароны культурнай спадчыны беларускай нацыі ў гады савецкай улады, адлюстроўваў закон «Аб мовах у Беларускай ССР», прыняты ў 1990 г. У законе беларуская мова атрымала статус адзінай дзяржаўнай.
На палітычным полі Беларусі падтрымкай грамадзян карысталіся палітычныя партыі і грамадска-палітычныя рухі, якія адстойвалі ідэі мультыкультуралізму. У прыватнасці, у «Праграмнай заяве» Партыі камуністаў Беларусі (ПКБ) гаварылася, што ПКБ нацэлена «адстойваць прынцыпы раўнапраўя ўсіх культур і павагі гістарычных традыцый народаў, будзе паслядоўна выступаць за развіццё беларускай культуры і мовы, роўна як і культуры і мовы нацыянальных меншасцей, якія пражываюць на тэрыторыі Беларусі».
Улічваючы ідэалагічны складнік, які прысутнічаў у беларускім грамадстве па пытанні развіцця мовы і культуры, у «Праграмнай дэкларацыі» партыі «Беларускі навукова-вытворчы кангрэс» адзначалася, што гэта партыя «выступае за дэідэалагізацыю культуры, навукі і адукацыі».
У сваіх устаноўчых дакументах «Рух за дэмакратычныя рэформы — Дэмакратычная Беларусь» выставіў патрабаванне «прыняцця ў якасці дзяржаўных дзвюх моў — беларускай і рускай».
Безумоўна, члены і актывісты палітычных партый, грамадска-палітычных рухаў, вядомыя дзеячы культуры і навукі, рабочыя і сяляне спрабавалі данесці свае праграмныя ўстаноўкі не толькі да шырокага кола грамадзян, але і да інстытутаў палітычнай улады. Найбольш актуальнымі, якія выклікалі дыскусіі ў грамадстве, былі пытанні аб Дзяржаўным сцягу, Дзяржаўным гербе, мовах і прыватызацыі.
Дэпутаты Вярхоўнага Савета не маглі заставацца абыякавымі да патрабаванняў шырокай грамадскасці. Таму рашэннем Прэзідыума Вярхоўнага Савета была створана дэпутацкая камісія па вывучэнні прапаноў грамадскіх арганізацый і асобных грамадзян па дзяржаўнай сімволіцы (першае пасяджэнне адбылося 29 лістапада 1994). Дэпутаты канстатавалі, што з таго часу, калі былі прыняты і дзейнічалі законы «Аб Дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь», прайшло 3 гады. За гэты перыяд неаднаразова дэпутаты, грамадскія арганізацыі (напрыклад, савет Рэспубліканскай арганізацыі ветэранаў) у парадку заканадаўчай ініцыятывы хадайнічалі перад Вярхоўным Саветам аб адмене гэтых законаў і распрацоўцы прапаноў па новай дзяржаўнай сімволіцы. Але Вярхоўны Савет не знаходзіў падстаў для прыняцця такога рашэння. Разам з тым рэзалюцыі сходаў, мітынгаў працягвалі паступаць у розныя камісіі, у прыватнасці ў камісію Вярхоўнага Савета па справах інвалідаў і ветэранаў. Члены гэтай камісіі прыйшлі да высновы, што частка грамадзян катэгарычна адмаўляецца ўспрымаць існуючую дзяржаўную сімволіку як сімволіку, якая адлюстроўвае нацыянальныя традыцыі і адпавядае палітычнаму ладу краіны. Яны былі вымушаны прызнаць, што агульнанароднага аб’яднання пад новымі дзяржаўнымі сімваламі не адбылося. У сувязі з гэтым дэпутаты не маглі ігнараваць меркаванне часткі грамадзян і тым самым пагаршаць палітычнае процістаянне ў грамадстве.
Разам з гэтым у Вярхоўны Савет паступалі шматлікія звароты і заявы палітычных партый, грамадскіх арганізацый аб неадпаведнасці закона «Аб мовах у Беларускай ССР» і закона «Аб адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь» Канстытуцыі і міжнародным прававым актам. У сакавіку 1995 г. група дэпутатаў Вярхоўнага Савета (74 чалавекі) накіравала Прэзідэнту зварот «Аднавіць справядлівасць!». У ім акцэнтавалася ўвага на тым, што Канстытуцыя абвяшчае права кожнага грамадзяніна карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін, а дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання. Парламентарыі падкрэслівалі, што ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (прынята ААН у 1948), Пакце аб грамадзянскіх правах (адобраны ААН у 1966), у Парыжскай хартыі для новай Еўропы (1990), адобраных Рэспублікай Беларусь, было замацавана, што кожны чалавек валодае натуральнымі, неад’емнымі, непарушнымі правамі і свабодамі, уключаючы права карыстання роднай мовай і навучання на роднай мове.
Сапраўды, пасля здабыцця суверэнітэту і незалежнасці, прыняцця Канстытуцыі, выбараў Прэзідэнта гістарычная сітуацыя ў Рэспубліцы Беларусь кардынальна змянілася. Ва ўмовах суверэнітэту і незалежнасці беларускай мове ўжо не пагражала поўнае забыццё, у той жа час палітыка дзяржавы ў галіне захавання і абароны культурнай спадчыны ўсіх этнасаў, якія складалі адзіны народ Беларусі, павінна была насіць збалансаваны характар. Дзяржава была абавязана стварыць умовы для развіцця нацыянальных культур (у т. л. і ў галіне мовы) усіх этнасаў, якія насяляюць тэрыторыю Беларусі. Гэта тычылася мовы і культуры рускага, польскага, яўрэйскага, татарскага і іншых народаў.
Таму з мэтай забеспячэння грамадскай стабільнасці, згоды, захавання ў Рэспубліцы Беларусь неад’емных правоў грамадзян дэпутаты Вярхоўнага Савета прасілі Прэзідэнта ініцыяваць рэспубліканскі рэферэндум аб наданні рускай мове статусу другой дзяржаўнай і аб стаўленні насельніцтва да афіцыйнай сімволікі з прапановай аб распрацоўцы новых дзяржаўных сімвалаў.
Права ініцыявання рэферэндуму ў Прэзідэнта было. У раздзеле 3 Канстытуцыі 1994 г. змяшчалася глава 2 «Рэферэндум (народнае галасаванне)». У артыкулах 73 і 74 гэтай главы ўказвалася, што для вырашэння найважнейшых пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця могуць праводзіцца рэспубліканскія і мясцовыя рэферэндумы, якія прызначаліся Вярхоўным Саветам па прапанове Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь або не менш за 450 тыс. грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам. Пытанне аб рэферэндуме магло быць разгледжана Вярхоўным Саветам таксама па ініцыятыве яго дэпутатаў (не менш за 70).
Рэферэндум 14 мая 1995 г. Выбары ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь. Галасаванне на 3‑м выбарчым участку 251‑й Машэраўскай акругі сталіцы. Мінск
Заява Кіраўніка дзяржавы аб намеры правесці ўсенародны рэферэндум была зроблена 2 лютага 1995 г., затым пачаўся працэс абмеркавання пытанняў, якія неабходна было вынесці на рэферэндум. У Вярхоўным Савеце пытанне «Аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ў Рэспубліцы Беларусь і мерах па яго забеспячэнні» пачало абмяркоўвацца 23 сакавіка 1995 г., а сваё рашэнне дэпутаты прынялі 13 красавіка 1995 г.
Рэферэндум быў прызначаны на 14 мая 1995 г. На абавязковы рэферэндум Кіраўніком дзяржавы выносіліся 3 пытанні, якія выклікалі найбольшыя дыскусіі ў грамадстве: аб статусе рускай мовы, аб дзяржаўнай сімволіцы і аб эканамічнай інтэграцыі з Расіяй. Кансультатыўны характар мела пытанне аб магчымасці роспуску Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам, але яго рашэнне дазваляла зрабіць рэальны крок да пераадолення палітычнага крызісу. Усе пытанні рэферэндуму былі цесна звязаны з перадвыбарнай праграмай Прэзідэнта.
У сродках масавай інфармацыі праводзілася абмеркаванне вынесеных на рэферэндум пытанняў, выказваліся розныя пункты гледжання. Пры гэтым развагі многіх грамадзян, у т. л. заслужаных дзеячаў культуры, навукоўцаў, рабочых і сялян, адрозніваліся здаровым сэнсам і народнай мудрасцю. Напрыклад, народны мастак, акадэмік Міхаіл Савіцкі казаў: «Мова мае тую ж гісторыю, што і народ. Калі сёння большая палова людзей рэспублікі гаворыць і, галоўнае, думае па-руску, то неразумна пазбаўляць народ двухмоўя. Раўнапраўнае існаванне дзвюх дзяржаўных моў адлюстроўвае рэальную рэчаіснасць і дапамагае захоўваць спакой людзей... Цяпер пра сімволіку. Беларусь заўсёды была багатая на геральдыку. Свае гербы мелі практычна ўсе беларускія гарады, многія фаміліі, карацей, у нас назапашаны найбагацейшы матэрыял. Мы ж спыніліся на “Пагоні” — гербе Вялікага Княства Літоўскага… Хто вырашыў, што мы яго прамыя нашчадкі? Напэўна, менавіта таму гэты сімвал стаў прадметам разладу, процістаяння, а павінен аб’ядноўваць нацыю. Што тычыцца сцяга, то ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны не могуць забыцца, што ім карысталіся паліцэйскія і карнікі... Што тычыцца права роспуску Парламента Прэзідэнтам, то, калі я правільна зразумеў, і гэта папраўка дае права народу быць арбітрам у спрэчках і процістаянні Прэзідэнта і Вярхоўнага Савета».
У той жа час ідэя рэферэндуму выклікала неразуменне некаторых грамадскіх арганізацый, часткі радыкальна настроеных дэпутатаў Вярхоўнага Савета, асобных грамадзян. Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны выступіла са зваротам да насельніцтва, падкрэсліваючы, што пытанне пра мову не можа выносіцца на рэферэндум. Пераважная большасць насельніцтва ідэю рэферэндуму ўспрыняла станоўча. Гэта быў першы ў гісторыі незалежнай Беларусі прыклад выкарыстання прамой і непасрэднай, вышэйшай формы дэмакратыі ў вырашэнні складаных палітычных праблем.
Ва ўсенародным галасаванні 14 мая 1995 г. прынялі ўдзел 64,8 % выбаршчыкаў. Па ўсіх пытаннях, якія былі ініцыяваны Прэзідэнтам, большасць выказала падтрымку Прэзідэнту:
Рэферэндум 14 мая 1995 г. Выбары ў Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь. Галасаванне на 3‑м выбарчым участку 251‑й Машэраўскай акругі сталіцы. Мінск
Ці згодны Вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай? — 83,3 % тых, хто прагаласаваў.
Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь? — 75,1 % тых, хто прагаласаваў.
Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй? — 83,3 % тых, хто прагаласаваў.
Ці згодны Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у дзеючую Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі? — 77,7 % тых, хто прагаласаваў.
Па выніках рэферэндуму была ўстаноўлена новая дзяржаўная сімволіка.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка дэманструе ўзоры новай дзяржаўнай сімволікі дэпутатам на сесіі Вярхоўнага Савета. 1995 г
Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь — прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальных каляровых палос: верхняй — чырвонага колеру шырынёй у 2/3 і ніжняй — зялёнага колеру ў 1/3 шырыні сцяга; каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі.
Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полі залаты контур Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя прамяні ўзыходзячага над зямным шарам сонца; уверсе поля — пяціканцовая чырвоная зорка. Герб абрамляе вянок з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева — кветкамі лёну. Вянок тройчы перавіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у аснове герба зроблены надпіс золатам: «Рэспубліка Беларусь».
Адначасова з рэферэндумам праходзілі выбары ў Вярхоўны Савет. Аднак у выніку нізкай яўкі выбаршчыкаў за 2 туры было абрана толькі 119 дэпутатаў, у той час як для правамоцнага складу новага Вярхоўнага Савета патрабавалася не менш за 174 дэпутаты. Такім чынам, новы склад Парламента не быў абраны. Палітычная сітуацыя, якая склалася, паралізавала дзейнасць заканадаўчай улады. З мэтай яе вырашэння старшыня Вярхоўнага Савета М. І. Грыб у ліпені 1995 г. накіраваў у Канстытуцыйны Суд зварот «Аб праверцы легітымнасці Вярхоўнага Савета 12‑га склікання на перыяд да 1‑й сесіі Вярхоўнага Савета 13‑га склікання», аднак Канстытуцыйны Суд адмовіўся яго разгледзець.
Гэта пытанне было вырашана восенню 1995 г. пасля таго, калі каля 100 дэпутатаў Вярхоўнага Савета 12‑га склікання сабраліся на вераснёўскую сесію, паколькі, згодна з артыкулам 91 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г., паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета захоўваліся да адкрыцця 1‑й сесіі Вярхоўнага Савета новага склікання. Пасля паўторных выбараў дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13‑га склікання па тых акругах, дзе яны не адбыліся, колькасць абраных дэпутатаў дасягнула 198, што было дастатковым для правамоцнай дзейнасці новага складу Вярхоўнага Савета.
У студзені 1996 г. пачала работу 1‑я сесія Вярхоўнага Савета 13‑га склікання. Згодна з рэгламентам, дэпутаты мелі права ўтвараць дэпутацкія групы (фракцыі), якія павінны былі налічваць не менш за 30 дэпутатаў. У новым складзе Вярхоўнага Савета самую вялікую фракцыю сфарміравалі камуністы, на другім месцы была фракцыя Аб’яднанай аграрна-дэмакратычнай партыі, фракцыя «Згода» налічвала 60 дэпутатаў. Партыя БНФ не атрымала ў новым парламенце ніводнага месца. Старшынёй новага Парламента быў абраны С. Г. Шарэцкі.
Рэферэндум 24 лістапада 1996 г.
Аднак і пасля абрання Вярхоўнага Савета 13‑га склікання палітычны крызіс не быў пераадолены. Новае кіраўніцтва Вярхоўнага Савета прадоўжыла палітычнае проціборства з Прэзідэнтам. У выніку нарматыўныя акты, якія выдаваліся Прэзідэнтам і прымаліся Парламентам, у шэрагу выпадкаў не адпавядалі дзеючаму заканадаўству. Так, у 1995 г. Канстытуцыйны Суд разгледзеў 26 нарматыўных актаў, у т. л. 7 законаў і пастаноў Вярхоўнага Савета, 14 указаў Прэзідэнта і 3 пастановы Урада. З іх 4 законы і адна пастанова Вярхоўнага Савета былі прызнаны поўнасцю або часткова неадпаведнымі Канстытуцыі.
Указы Прэзідэнта, прызнаныя Канстытуцыйным Судом неадпаведнымі Канстытуцыі, у асноўным датычыліся фінансава-крэдытнай сферы, якая адносілася да кампетэнцыі Вярхоўнага Савета. Іх невыкананне і адмена ўнеслі б дэзарганізацыю ў працу Кабінета Міністраў і мясцовых адміністрацый. У прыватнасці, Канстытуцыйны Суд прызнаў «неадпаведнымі Канстытуцыі» Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 лістапада 1995 г. № 476 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб старшыні абласнога, Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта» і Указ ад 26 снежня 1995 г. № 519 «Аб некаторых пытаннях забеспячэння дзейнасці мясцовых Саветаў дэпутатаў Рэспублікі Беларусь».
Для выхаду з канстытуцыйнага крызісу патрэбны былі змянененні ў дзеючым заканадаўстве (Канстытуцыі), якія датычыліся пераразмеркавання ўладных паўнамоцтваў. З гэтай мэтай 10 студзеня 1996 г. Прэзідэнт накіраваў у Вярхоўны Савет праект закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю». Аднак намер Прэзідэнта змяніць Асноўны Закон не знайшоў падтрымкі ў Вярхоўным Савеце. Палітычнае процістаянне паміж Прэзідэнтам і Вярхоўным Саветам сведчыла аб тым, што ў краіне наспеў палітычны канфлікт, які мог прывесці да адкрытых сутыкненняў. Каб не дапусціць гэтага, Прэзідэнт вырашыў зноў звярнуцца да народа.
8 жніўня 1996 г. Прэзідэнт накіраваў у Вярхоўны Савет ініцыятыву аб правядзенні другога рэферэндуму, на якім на ўсенароднае абмеркаванне выносіліся змяненні ў дзеючую Канстытуцыю. Былі прапанаваны таксама пытанні аб пераносе Дня Незалежнасці на 3 ліпеня; аб куплі і продажы зямлі ў прыватную ўласнасць; аб адмене смяротнага пакарання. Рэферэндум прапаноўвалася прызначыць на 7 лістапада 1996 г.
Пасля працяглых дэбатаў дэпутаты падтрымалі ініцыятыву Прэзідэнта, але з істотнымі дапаўненнямі. На пасяджэнні Прэзідыума Вярхоўнага Савета 27 жніўня 1996 г. была прынята пастанова аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму, на які прапаноўвалася вынесці пытанні:
1. Перанесці Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь (Дзень Рэспублікі) на 3 ліпеня — Дзень вызвалення Беларусі ад гітлераўскіх захопнікаў у Вялікай Айчыннай вайне.
2. Ці выступаеце Вы за свабодную, без абмежаванняў, куплю і продаж зямлі?
3. Ці падтрымліваеце Вы адмену смяротнага пакарання ў Рэспубліцы Беларусь?
Першае пытанне выносілася на абавязковы рэферэндум, рашэнне якога з’яўлялася канчатковым і мела абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі краіны, другое і трэцяе — на кансультатыўны рэферэндум, іх рашэнні насілі рэкамендацыйны характар.
Чацвёртае пытанне — «Аб прыняцці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі (новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь)», ініцыяванае Кіраўніком дзяржавы, было адкладзена.
Калі Прэзідэнт ініцыяваў другі рэферэндум, ён абапіраўся на падтрымку шырокіх слаёў грамадства. Пра гэта сведчыць зварот 50 дэпутатаў Вярхоўнага Савета (у т. л. і В. Ф. Кебіча) да выбаршчыкаў, народа Беларусі (апублікаваны 30 жніўня 1996).
Напярэдадні рэферэндуму сваю пазіцыю выказала 1‑я канферэнцыя Беларускага прафесарскага сходу, якая прыняла зварот да навуковай і педагагічнай грамадскасці. У звароце «навукоўцы заклікалі ўсіх прыняць актыўны ўдзел у цывілізаванай дыскусіі па праблемах будаўніцтва нашай дзяржавы і прагаласаваць на карысць стабільнасці».
З мэтай забеспячэння шырокага ўдзелу насельніцтва ў абмеркаванні вылучаных кіраўніцтвам краіны ініцыятыў 31 жніўня 1996 г. у цэнтральных выданнях быў апублікаваны праект Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (са змяненнямі і дапаўненнямі). Разам з ім быў апублікаваны Зварот Прэзідэнта да народа.
У Звароце да народа Прэзідэнт сказаў: «У цэлым новы Асноўны Закон нашай краіны дазволіў дынамічна фарміраваць беларускую дзяржаўнасць. Умацаваць стабільнасць у грамадстве і стварыць перадумовы для выхаду з сацыяльна-эканамічнага крызісу. Аднак рэальнае ўвасабленне асноўных канстытуцыйных норм, звязаных з прынцыпамі падзелу ўлад і парытэту іх адказнасці перад народам, паказала не толькі іх недасканаласць, але і сур’ёзныя супярэчнасці, якія на працягу двух гадоў не аслаблялі, а пагаршалі палітычнае напружанне ў грамадстве. Канстытуцыйныя палажэнні аб функцыянаванні асноўных інстытутаў дзяржаўнай улады… стварылі неабгрунтаваныя ўмовы саперніцтва галін улады ў сувязі з самой уладай у дзяржаве. У якасці ініцыятараў гэтага працэсу, вельмі небяспечнага для ўмацавання згоды ў грамадстве і яднання ўсіх сіл у імя выхаду рэспублікі з крызісу, выступілі некаторыя палітычныя партыі, асобныя збанкрутаваныя палітычныя лідары і, на жаль, частка дэпутатаў Вярхоўнага Савета. Прынцып “чым горш, тым лепш” стаў асноўным у іх палітыцы, накіраванай на разбурэнне дзяржавы і ўлады. Я такой палітыкі як Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь — Кіраўнік дзяржавы, які прысягнуў на вернасць служэння народу, не прымаю і дапусціць не магу… Выхад з сітуацыі, якая склалася, бачу толькі ў адным — у рэалізацыі свайго канстытуцыйнага права непасрэдна звярнуцца да народа з праектам новай рэдакцыі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая выносіцца на ўсенародны рэферэндум… Публікацыя праекта новай рэдакцыі Канстытуцыі прадугледжвае шырокі ўдзел усіх грамадзян Беларусі: ад рабочага, селяніна, настаўніка, урача і да дэпутата, міністра і Прэзідэнта ў яго абмеркаванні… Кожная думка, дзелавая прапанова, зацікаўленае разважанне будуць акумулявацца спецыяльнай камісіяй і ўлічвацца пры выпрацоўцы канчатковага варыянта, які будзе прапанаваны народу на Усебеларускім народным сходзе 19 кастрычніка гэтага года».
Новы праект Канстытуцыі значна пашыраў паўнамоцтвы Прэзідэнта, акрамя таго, прадугледжвалася рэформа Вярхоўнага Савета: замест ранейшага Вярхоўнага Савета ствараўся прафесійны Парламент — Нацыянальны сход, які складаецца з дзвюх палат. Ніжняя палата — Палата прадстаўнікоў — выбарная (на аснове ўсенароднага галасавання), верхняя палата — Савет Рэспублікі — палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва (па 8 прадстаўнікоў ад кожнай з абласцей і г. Мінска, абраных на пасяджэннях дэпутатаў мясцовых Саветаў базавага ўзроўню, а яшчэ 8 чалавек прызначае Прэзідэнт). Для ўнітарнай дзяржавы, якой з’яўляецца Рэспубліка Беларусь, стварэнне двухпалатнага Парламента было новай з’явай. Аднак у ідэі двухпалатнага Парламента была свая логіка, якая аказалася не толькі дакладнай, але і жыццяздольнай.
Новая рэдакцыя Канстытуцыі, якая выносілася на ўсенароднае абмеркаванне, была накіравана на пераадоленне канстытуцыйнага крызісу. Аднак ініцыятыва Прэзідэнта не сустрэла падтрымкі ў Вярхоўным Савеце. Больш за тое, пераразмеркаванне ўладных паўнамоцтваў і ўзмацненне ўлады Прэзідэнта некаторымі парламентарыямі ўспрымалася як пагроза дэмакратыі ў краіне. Кіраўніцтва Вярхоўнага Савета ў асобе С. Г. Шарэцкага ў звароце да насельніцтва гаварыла аб тым, што «краіна стаіць на мяжы дыктатуры».
Дэпутаты-камуністы і аграрыі, якія складалі большасць Вярхоўнага Савета, прапанавалі вынесці на рэферэндум альтэрнатыўны праект Канстытуцыі, які наогул не прадугледжваў інстытута прэзідэнцтва. Такім чынам, кожны дарослы грамадзянін, кожны выбаршчык меў магчымасць зрабіць свабодны, усвядомлены, на альтэрнатыўнай аснове выбар формы дзяржаўнага праўлення. І гэты выбар народам быў зроблены.
У час правядзення пікету ў падтрымку рэферэндуму за саюз Расіі і Беларусі каля Дома Урада на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Верасень 1996 г.
4 верасня 1996 г. Прэзідыум Вярхоўнага Савета адобрыў прапанову Прэзідэнта правесці чарговы Усебеларускі рэферэндум. Разам з тым кіраўнікі Вярхоўнага Савета вырашылі вынесці на рэферэндум яшчэ 3 пытанні:
1. Прыняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі, прапанаванымі дэпутатамі фракцый камуністаў і аграрыяў.
2. Ці выступаеце Вы за тое, каб кіраўнікі мясцовых органаў выканаўчай улады абіраліся непасрэдна жыхарамі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі?
3. Ці згодны Вы, што фінансаванне ўсіх галін улады павінна ажыццяўляцца галосна і толькі з дзяржаўнага бюджэту?
Вярхоўны Савет 6 верасня 1996 г. прыняў канчатковае рашэнне аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму. Найбольшыя спрэчкі сярод дэпутатаў разгарэліся пры абмеркаванні даты правядзення ўсенароднага галасавання. Большасць дэпутатаў (100 галасоў) падтрымалі ініцыятыву Прэзідыума Вярхоўнага Савета сумясціць давыбары ў Парламент і мясцовыя Саветы з рэферэндумам і правесці іх 24 лістапада. У бюлетэнь для галасавання было ўключана 7 пытанняў: 4 з іх былі прапанаваны Прэзідэнтам, 3 — дэпутатамі. Пытанні пра змяненні ў Канстытуцыю выносіліся на абавязковы рэферэндум.
Рабочыя Мінскага ВА «Белкамунмаш» у час суботніка, арганізаванага ў падтрымку правядзення рэспубліканскага рэферэндуму 7 лістапада 1996 г.
Аднак вастрыня палітычнага процістаяння не зніжалася. Вырашэнню канстытуцыйнага крызісу не спрыяла пазіцыя Канстытуцыйнага Суда. Так, Старшыня Канстытуцыйнага Суда В. Г. Ціхіня прапанаваў Прэзідэнту і Вярхоўнаму Савету зняць з рэферэндуму абодва праекты Канстытуцыі. Узнікла рэальная пагроза дэстабілізацыі палітычнага становішча ў краіне. У гэтых умовах Прэзідэнт вырашыў зноў звярнуцца да народа як крыніцы ўлады. Як было заяўлена ў Звароце да народа 31 жніўня 1996 г., Кіраўнік дзяржавы склікаў у сталіцы 1‑ы Усебеларускі народны сход, які з’явіўся не толькі новай унікальнай нацыянальнай формай прамога народаўладдзя, але і ўмацаваў нацыянальную дзяржаўнасць.
Адзіным носьбітам дзяржаўнасці з’яўляецца сам народ. Усебеларускі народны сход — гэта бачная, дзейсная форма выказвання стаўлення нашага народа да свайго права на самастойнае гістарычнае існаванне і развіццё. У адпаведнасці з гэтым воля дзяржавы, воля яе палітычных інстытутаў, у т. л. выяўленая ў Канстытуцыі, любых іншых законах, не можа быць вышэй за волю самога народа. Таму ўнікальнасць Усебеларускага народнага сходу складаецца ў тым, што яго рашэнні даюць магчымасць інстытутам улады сувымераць і суаднесці сваю палітыку па ўмацаванні і развіцці дзяржаўнасці з воляй народа, яе носьбіта. У гэтых адносінах прыняцце любых законаў (у т. л. Асноўнага Закона), накіраваных на практычнае гістарычна перспектыўнае забеспячэнне існавання і развіцця беларускай дзяржавы, з’яўляецца выключна прэрагатывай народа.