Усебеларускі народны сход
Дата стварэння: 24.05.2023 11:50:51
Дата змены: 28.03.2024 15:17:32
Адбыўся 19 кастрычніка 1996 г. у Мінску (800 дэлегатаў з Мінска і па 650 ад кожнай вобласці). На сходзе была прынята праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, падтрыманы курс Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У рэзалюцыі 1‑га Усебеларускага народнага сходу гаварылася: «Мы, удзельнікі Усебеларускага народнага сходу, усведамляючы велізарную адказнасць за лёс сваёй краіны, звяртаемся да ўсяго беларускага народа, да органаў дзяржаўнай улады, палітычных партый і грамадскіх рухаў. У нашым грамадстве вызначыліся два процілеглыя падыходы да вырашэння асноўных задач развіцця беларускай дзяржаўнасці. Адзін накіраваны на стварэнне сацыяльна арыентаванай эканомікі з далейшым развіццём дэмакратычных працэсаў і паляпшэннем дабрабыту народа, паглыбленнем інтэграцыі з Расіяй, іншымі краінамі СНД, развіццём адукацыі, навукі і культуры. Гэта курс Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, які адказвае інтарэсам шырокіх народных мас. Другі шлях, на які імкнуцца штурхнуць наша грамадства апазіцыйныя сілы, сарыентаваны на безуладдзе, хаос, безадказнасць і вяртанне да аджылых метадаў кіравання. Мы адмаўляем гэты шлях, які вядзе да зніжэння матэрыяльнага і духоўнага ўзроўню жыцця людзей працы, да самавольства і ўзбагачэння ценявых структур і ў канчатковым выніку — да паслаблення краіны. Гэта шлях назад… Мы, удзельнікі Усебеларускага народнага сходу, якія прадстаўляюць мільёны грамадзян усіх рэгіёнаў рэспублікі, рашуча падтрымліваем ініцыятыву Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб правядзенні рэферэндуму і змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія выносяцца на яго… Сход сцвярджае: падтрымка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, прыняцце прапанаваных ім змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон аб’яднаюць беларускі народ у справе пабудовы дэмакратычнай дзяржавы».
Міжнародная супольнасць па-рознаму ўспрымала палітычныя падзеі ў Беларусі. Прадстаўнікі Савета Еўропы прапанавалі Прэзідэнту адмовіцца ад рэферэндуму, той жа пазіцыі прытрымліваліся і ўлады ЗША. Расійскае кіраўніцтва таксама было занепакоена сітуацыяй у Мінску. У Маскве памяталі падзеі кастрычніка 1993 г., калі канфлікт паміж Прэзідэнтам і Вярхоўным Саветам Расійскай Федэрацыі скончыўся ўзброеным процістаяннем.
Між тым у Мінску сітуацыя ўскладнілася. Асабліва пасля таго, як 4 лістапада 1996 г. Канстытуцыйны Суд прыняў заключэнне аб неадпаведнасці Канстытуцыі пастановы Вярхоўнага Савета ў частцы вынясення праектаў Канстытуцыі на абавязковы рэферэндум. У адказ на заключэнне Канстытуцыйнага Суда Вярхоўны Савет прыняў пастанову аб вынясенні на абавязковы рэферэндум толькі двух пытанняў — аб пераносе Дня Незалежнасці і аб выбарах кіраўнікоў мясцовых адміністрацый.
Гэта пастанова не давала магчымасці вырашыць існуючыя супярэчнасці паміж інстытутамі вышэйшай дзяржаўнай улады. Пытанні аб зменах у Канстытуцыі былі асноўнымі, і іх рашэнне на рэферэндуме было прызначана пакласці канец канстытуцыйнаму крызісу. Больш за тое, гэта адкрывала магчымасць мірным шляхам змяніць палітычную сістэму краіны: перайсці ад прэзідэнцка-парламенцкай рэспублікі да рэспублікі прэзідэнцкай альбо, у выпадку падтрымкі праекта Канстытуцыі, прапанаванага дэпутатамі, да парламенцкай.
У такой сітуацыі 7 лістапада 1996 г. Прэзідэнт быў вымушаны падпісаць указ «Аб забеспячэнні канстытуцыйнага права грамадзян на ўдзел у рэферэндуме», згодна з якім характар рэферэндуму вызначаўся як абавязковы, а яго рашэнні канчатковымі. На рэферэндум выносіліся ўсе раней зацверджаныя пытанні. Аднак разрадка напружанасці не наступіла. Больш за тое, з-за дэмаршу кіраўніцтва Цэнтральнай выбарчай камісіі палітычная напружанасць у Мінску ўзрасла. Старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў В. І. Ганчар 11 лістапада 1996 г. заявіў, што камісія не будзе выконваць прэзідэнцкі ўказ ад 7 лістапада і праводзіць рэферэндум па пытаннях, што тычацца новых рэдакцый канстытуцыйных праектаў. З-за дэмаршу Цэнтрвыбаркама, у выпадку рэалізацыі яго ініцыятывы, у краіне магла скласціся сітуацыя недзеяздольнасці выканаўчай улады і мог наступіць хаос. Ігнаруючы Указ Прэзідэнта, Цэнтрвыбаркам ператвараўся ў самастойную палітычную сілу, што было недапушчальна. У выніку 14 лістапада 1996 г. В. І. Ганчар Указам Прэзідэнта быў адпраўлены ў адстаўку з пасады Старшыні ЦВК.
Палітычнае процістаянне працягвалася. Прэм’ер-міністр М. М. Чыгір 18 лістапада падаў у адстаўку. Каб пазбавіць выканаўчую ўладу кіраўніцтва, найбольш радыкальная частка дэпутатаў Вярхоўнага Савета накіравала ў Канстытуцыйны Суд матэрыялы для правядзення працэдуры імпічменту Прэзідэнта. Ініцыятарамі імпічменту сталі радыкальныя дэпутаты фракцыі «Грамадзянскае дзеянне», якія былі членамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Подпісы пад зваротам у Канстытуцыйны Суд паставілі таксама некаторыя дэпутаты фракцый сацыял-дэмакратаў і камуністаў, у т. л. В. М. Абрамава, М. М. Варановіч, У. С. Башарымаў, А. І. Бухвостаў, М. І. Грыб, П. К. Знавец, П. К. Краўчанка, У. П. Нісцюк, С. М. Пінчук і інш. Гэты крок палітычных апанентаў А. Р. Лукашэнкі быў накіраваны на далейшую дэстабілізацыю грамадства і захоп улады. Таму што законных падстаў для ініцыявання імпічменту не было. Тым не менш дэпутаты дамагаліся ад Канстытуцыйнага Суда разгляду справы аб імпічменце «на працягу трох дзён», што не адпавядала заканадаўству.
За падзеямі ў Мінску ўважліва сачыла кіраўніцтва Расіі. І калі весткі пра спробу арганізаваць А. Р. Лукашэнку імпічмент дасягнулі Масквы, некаторыя кіраўнікі Расіі прапаноўвалі Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь падпісаць дакумент аб уваходжанні Рэспублікі Беларусь у склад Расійскай Федэрацыі на правах суб’екта Федэрацыі. Гэтая прапанова была катэгарычна адхілена А. Р. Лукашэнкам. Старшыня Вярхоўнага Савета С. Г. Шарэцкі 20 лістапада 1996 г. сустрэўся ў Смаленску з расійскімі прадстаўнікамі. У ходзе перагавораў была разгледжана і ўзгоднена прапанова правесці сустрэчу Прэзідэнта А. Р. Лукашэнкі з кіраўніцтвам Вярхоўнага Савета. 21 лістапада ў Мінск прыбыла расійская дэлегацыя ў складзе Прэм’ер-міністра В. С. Чарнамырдзіна, Старшыні Дзяржаўнай Думы Г. М. Селязнёва і Старшыні Савета Федэрацыі Я. С. Строева, кіраўніцтва Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі і іншых ведамстваў. Перагаворы паміж бакамі канфлікту з удзелам расійскай дэлегацыі завяршыліся вынікова. Прэзідэнт Беларусі А. Р. Лукашэнка, Старшыня Вярхоўнага Савета С. Г. Шарэцкі і Старшыня Канстытуцыйнага Суда В. Г. Ціхіня 22 лістапада 1996 г. падпісалі пагадненне аб канстытуцыйнай рэформе ў Рэспубліцы Беларусь.
Згодна з гэтым дакументам Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь павінен быў адмяніць свае ўказы, якія вызначалі абавязковы характар галасавання на рэферэндуме па пытаннях аб змяненнях і дапаўненнях у Канстытуцыю рэспублікі. У сваю чаргу Вярхоўны Савет адклікаў з Канстытуцыйнага Суда заяву дэпутатаў аб пачатку працэдуры імпічменту Прэзідэнта. Пагадненне прадугледжвала скліканне Канстытуцыйнага сходу, у склад якога на парытэтных пачатках павінны былі ўвайсці 50 прадстаўнікоў Прэзідэнта і 50 дэпутатаў Вярхоўнага Савета, прычым апошнія — прапарцыянальна складу парламенцкіх фракцый. Старшынёй сходу прызначаўся Прэзідэнт краіны А. Р. Лукашэнка. У падпісаным дакуменце гаварылася, што гэта пагадненне павінен быў адобрыць Вярхоўны Савет. Аднак значная частка дэпутатаў Вярхоўнага Савета на пасяджэнні 22 лістапада 1996 г. адмовіліся надаць пагадненню сілу закона.
Такім чынам, свае абавязацельствы па падпісаным кампрамісным пагадненні дэпутаты адмовіліся выканаць, і ў гэтых умовах Прэзідэнт абвясціў, што рэферэндум будзе мець абавязковы характар. У гэтай сітуацыі 12 дэпутатаў, якія падпісалі дакументы аб імпічменце Прэзідэнта, заявілі пра нежаданне ўдзельнічаць у палітычнай гульні радыкальнай апазіцыі і адклікалі свае подпісы з Канстытуцыйнага Суда. У выніку ініцыятыва імпічменту правалілася.
Значна пазней, асэнсоўваючы драматычныя падзеі 1996 г., А. Р. Лукашэнка сказаў: «Хто быў ініцыятарам рэферэндуму ў 1996 годзе? Вы скажаце, Прэзідэнт. Не, Прэзідэнт быў вымушаны абараняцца шляхам рэферэндуму. Чаму? Таму што ўжо зброяй ляскалі вакол рэзідэнцыі Прэзідэнта. І мяне літаральна штурхалі на сілавое вырашэнне праблемы, якая склалася ў 1996 г....Тады я быў вымушаны, каб пазбегнуць стральбы, пайсці на рэферэндум. І гэта выратавала краіну».
Беларусь не была першапраходцам у справе прыняцця Канстытуцыі шляхам рэферэндуму. У 1958 г. па такім шляху пайшла Францыя, у 1993 г. — Расія. Пасля правалу імпічменту, у адпаведнасці з прынятым раней рашэннем, 24 лістапада 1996 г. адбыўся 2‑і рэспубліканскі рэферэндум. Паводле звесткак Цэнтральнай выбарчай камісіі, у ім прынялі ўдзел 84,14 % ад агульнай колькасці выбаршчыкаў. За прэзідэнцкі праект Канстытуцыі прагаласавала 70,5 % грамадзян, за праект дэпутатаў камуністаў і аграрыяў — 7,9 %. Была падтрымана прапанова Прэзідэнта па пераносе Дня Незалежнасці (88,2 % тых, хто прагаласаваў). Супраць свабоднай куплі-продажу зямлі выказалася 82,9 % тых, хто прагаласаваў, супраць адмены смяротнага пакарання — 80,4 %.
Аднак і пасля рэферэндуму радыкальная частка дэпутацкага корпуса, якая раней адмовілася выконваць кампраміснае пагадненне, паспрабавала тарпедаваць далейшую работу Вярхоўнага Савета. Гэтыя дэпутаты занялі будынак Вярхоўнага Савета ў надзеі сарваць усю далейшую работу заканадаўчай улады. 26 лістапада 1996 г. 113 дэпутатаў Вярхоўнага Савета сабраліся ў былым будынку ЦК камсамола Беларусі. Юрыдычна такая колькасць дзеючых дэпутатаў дазваляла надаць пасяджэнню статус сесіі Парламента. Старшынёй сесіі быў абраны Намеснік Старшыні Вярхоўнага Савета Ю. Г. Малумаў. Дэпутаты прынялі закон «Аб рэспубліканскім рэферэндуме 24 лістапада 1996 г. у Рэспубліцы Беларусь», які пацвярджаў абавязковы характар яго рашэнняў. У той жа час у Авальнай зале Дома Урада, дзе традыцыйна праходзілі пасяджэнні Вярхоўнага Савета, 66 дэпутатаў на чале са спікерам С. Г. Шарэцкім заявілі аб непрызнанні абавязковасці рэферэндуму і непрызнанні новай рэдакцыі Канстытуцыі. Гэта была толькі заяўная дэкларацыя, таму што ў адпаведнасці з дзеючым рэгламентам Вярхоўнага Савета заява не мела юрыдычнай сілы і прававых наступстваў.
Абапіраючыся на волю народа, выяўленую ў выніках рэферэндуму, Прэзідэнт падпісаў новую рэдакцыю Канстытуцыі. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 г. са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскім рэферэндуме 24 лістапада, уступіла ў законную сілу 27 лістапада 1996 г. Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу была сфарміравана 28 лістапада 1996 г. У яе ўвайшлі 110 дэпутатаў Вярхоўнага Савета 13‑га склікання, якія падтрымалі канстытуцыйныя пераўтварэнні. На пасаду спікера быў абраны дэпутат А. А. Малафееў, яго намеснікам — У. М. Канаплёў.
Падводзячы вынікі, можна зрабіць выснову аб тым, што ў перыяд з мая 1995 г. па лістапад 1996 г. адбыўся раскол нацыянальнай эліты, у т. л. кіруючай, што спарадзіла агульнанацыянальны палітычны крызіс. Яго састаўной часткай, краевугольным каменем быў крызіс канстытуцыйны. У гэты перыяд беларуская дзяржаўнасць як права народа на самастойнае гістарычнае існаванне і развіццё вытрымала выпрабаванне агульнанацыянальным палітычным крызісам. У пераважнай большасці канструктыўная палітычная эліта і народ Беларусі ў цэлым падтрымалі А. Р. Лукашэнку. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь даказаў, што ў цяжкі для краіны час здольны ўзяць на сябе адказнасць за лёс народа і дзяржавы. Канстытуцыйны крызіс быў пераадолены мірным, ненасільным шляхам, чаго не было ні ў адной рэспубліцы былога СССР і большасці краін Усходняй Еўропы. Адной з дзейсных форм вырашэння крызісу стаў Усебеларускі народны сход. Гэта дазволіла захаваць адзінства народа і сацыяльна-палітычную стабільнасць у краіне.
Дзяржаўна-палітычныя пераўтварэнні, праведзеныя на аснове лістападаўскага рэферэндуму 1996 г., паклалі пачатак новаму этапу ў развіцці Беларусі. Была зацверджана новая мадэль дзяржаўнага праўлення, дзе вяршэнствуе і кіруе інстытут прэзідэнцтва. Прэзідэнт з’яўляецца юрыдычным і фактычным лідарам беларускай дзяржавы. У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі ўладныя прэрагатывы, функцыі і адказнасць Прэзідэнта значна ўзраслі.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, увасабляе адзінства народа, гарантуе рэалізацыю асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, прадстаўляе Беларусь у адносінах з іншымі дзяржаўнымі і міжнароднымі арганізацыямі, прымае меры па ахове суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе нацыянальнай бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці, забяспечвае палітычную і эканамічную стабільнасць, пераемнасць і ўзаемадзеянне органаў дзяржаўнай улады, валодае іншымі паўнамоцтвамі.