Развіццё і ўмацаванне нацыянальнай дзяржаўнасці
Дата стварэння: 24.05.2023 11:50:59
Дата змены: 03.05.2024 15:51:41
- Беларуская дзяржаўнасцьі самаарганізацыя народа
- Выбарчая кампанія і прэзідэнцкія выбары 2001 г.
- Другі Усебеларускі народны сход
- Станаўленне нацыянальнай мадэлі грамадзянскай супольнасці
- Беларуская мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця
- Напрамкі мадэрнізацыі краіны
- Трэці рэферэндум 17 кастрычніка 2004 г.
- Трэці Усебеларускі народны сход
- Прэзідэнцкія выбары 2006 г
- Чацвёрты Усебеларускі народны сход
- Прэзідэнцкія выбары 2010 г.
- Будаўніцтва Саюзнай дзяржавы
- Фінансава-эканамічны крызіс і яго наступствы
- Прэзідэнцкія выбары 2015 г
- Пяты Усебеларускі народны сход
Беларуская дзяржаўнасць і самаарганізацыя народа
Носьбітамі дзяржаўнасці з’яўляюцца добраахвотныя аб’яднанні грамадзян як форма і крыніца самаарганізацыі, напрыклад беларускай нацыянальнай супольнасці. Толькі на аснове самаарганізацыі беларускі народ (як і любы іншы) можа быць (з’яўляцца) крыніцай дзяржаўнай улады і выконваць функцыі носьбіта суверэнітэту.
Самаарганізацыя народа і нацыі выяўляецца ў самых розных формах. Структуры сацыяльнай арганізацыі па тыпалогіі можна падзяліць на інстытуцыйныя, патэнцыяльна-фармалізаваныя і ініцыятыўныя. Інстытуцыйныя структуры выступаюць і дзейнічаюць у форме грамадскіх інстытутаў, напрыклад інстытут сям’і і шлюбу, інстытут грамадскага кіравання — улада, інстытут грамадскай вытворчасці — прадпрыемства, інстытут грамадскай маралі — рэлігія і да т. п. Патэнцыяльна-фармалізаваныя структуры праяўляюцца і функцыянуюць як структуры грамадзянскай супольнасці. Яны надзвычай разнастайныя. Некаторыя з іх імкнуцца да інстытуалізацыі. Такімі з’яўляюцца палітычныя партыі. У XX ст. у працэсе сацыяльнай эвалюцыі ў Беларусі інстытуцыянальнымі сталі прафсаюзы, асобныя маладзёжныя арганізацыі.
Ініцыятыўныя формы сацыяльнай арганізацыі найбольш масавыя. Гэта «пажыўнае» поле спараджае разнастайныя формы дэмакратыі, парламентарызму. Адны ініцыятыўныя формы сацыяльнай арганізацыі носяць часова-сітуацыйны характар, ствараюцца і знікаюць досыць хутка. Іншыя замацоўваюцца і, не губляючы сваёй прыроды, эвалюцыянуюць на працягу доўгага часу, становяцца інстытуцыянальнымі. Да іх можна аднесці, напрыклад, грамадскае мясцовае самакіраванне, якое ўзнікла яшчэ ў племянную эпоху, але і ў XXI ст. існуе ў большасці дзяржаў.
Вырашальнай сілай, здольнай забяспечыць будучыню беларускай дзяржаўнасці, з’яўляецца здольнасць беларускай нацыі да самаарганізацыі, у т. л. самаарганізацыі палітычнай — у форме дыялектычнага адзінства народа як крыніцы ўлады, носьбіта суверэнітэту і дзеючай улады, адзінства на аснове агульнай гістарычнай мэты. Гэта крыніца сілы сучаснай беларускай дзяржавы.
Гістарычная місія, якую выконвае кіруючая палітычная эліта па ўмацаванні дзяржаўнасці, ажыццяўляецца ў рамках нацыянальнай мадэлі дэмакратыі, г. зн. складзенай палітычнай сістэмы. Інстытуты беларускай дэмакратыі досыць разнастайныя. Гэта выбарчыя кампаніі па фарміраванні прадстаўнічых органаў улады ўсіх узроўняў, формы прамога народаўладдзя — нацыянальныя рэферэндумы і Усебеларускія народныя сходы, а таксама шматлікія грамадзянскія праекты і ініцыятывы, якія рэалізаваны ў рамках грамадзянскай супольнасці. Да іх можна аднесці і беларускую мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця, накіраваную на стварэнне дзяржавы для народа.
Выбарчая кампанія і прэзідэнцкія выбары 2001 г.
У 1994–1996 гг. палітычныя супярэчнасці і рознагалоссі негатыўна адбіваліся на сацыяльна-эканамічным развіцці краіны. Прэзідэнт і Урад прыкладалі намаганні для пераадолення эканамічнага крызісу. Адным з напрамкаў па ўмацаванні эканомікі, пераадоленні крызісу стала рэалізацыя перадвыбарных ініцыятыў Прэзідэнта. І перш за ўсё ў галіне супрацоўніцтва з Расійскай Федэрацыяй. У лютым 1995 г. быў падпісаны Дагавор аб дружбе, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй. Дагавор аб Супольнасці Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь падпісаны 2 красавіка 1996 г., а праз год — 2 красавіка 1997 г. — у Маскве быў падпісаны Дагавор аб Саюзе Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.
Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка і Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Б. М. Ельцын у момант падпісання Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і праграмы дзеянняў па яго рэалізацыі. 1999 г.
Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі 8 снежня 1999 г. падпісалі Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Абвешчаныя Дагаворам мэты стварэння Саюзнай дзяржавы сведчаць аб намеры пабудаваць дэмакратычную прававую дзяржаву, заснаваную на прынцыпах суверэннай роўнасці дзяржаў-удзельніц і размежавання прадметаў вядзення самой Саюзнай дзяржавы і дзяржаў-удзельніц.
Пры гэтым Дагаворам прадугледжана, што кожная дзяржава-ўдзельніца Саюза захоўвае дзяржаўны суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць, Канстытуцыю і іншыя атрыбуты дзяржаўнасці. Для таго каб ідэя Саюзнай дзяржавы аказалася запатрабаванай і канкурэнтаздольнай, неабходна толькі адно — няўхільны ўздым узроўню жыцця і дабрабыту працоўных гэтай дзяржавы. Таму ўсе палажэнні Дагавора прызначаны забяспечыць:
— роўныя правы грамадзян;
— роўныя ўмовы дзейнасці суб’ектаў гаспадарання (фарміраванне агульнага рынку);
— узгодненую фінансава-крэдытную палітыку;
— супрацоўніцтва ў галіне абароны, бяспекі і праваахоўнай дзейнасці;
— фарміраванне органаў Саюзнай дзяржавы і яе прававой сістэмы.
Дагавор прадугледжвае паэтапную інтэграцыю дзвюх дзяржаў на аснове рашэнняў саюзных органаў і двухбаковых дагавораў. Пры гэтым парадак прыняцця саюзнымі органамі рашэнняў дазваляе ўлічваць нацыянальныя інтарэсы дзвюх краін. Згодна з Дагаворам Вышэйшы Дзяржаўны Савет (ВДС) вырашае важнейшыя пытанні развіцця Саюзнай дзяржавы. Пры гэтым акты ВДС прымаюцца на аснове аднагалоснасці дзяржаў-удзельніц. На аснове кансэнсусу прымаюцца таксама рашэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы.
Стварэнне Саюзнай дзяржавы дазволіла наладзіць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, больш эфектыўна выкарыстоўваць і развіваць існуючы патэнцыял узаемавыгаднага супрацоўніцтва. У яго ўцягнуты як дзяржаўныя органы ўсіх узроўняў, так і органы мясцовага самакіравання, дзелавыя колы, навуковая і іншая грамадскасць дзвюх краін. Кантакты ўстанаўліваюцца не толькі паміж рэгіёнамі і гарадамі, але і паміж прадпрыемствамі, што спрыяе пабудове доўгатэрміновых адносін і рэалізацыі сумесных інвестыцыйных праектаў.
Усё гэта аказала станоўчы ўплыў на беларускую эканоміку і рэалізацыю асноўных напрамкаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, якая была прынята 1‑м Усебеларускім народным сходам.
Ужо ў 1996–2000 гг. эканоміка Беларусі дасягнула пэўных поспехаў. Так, валавы ўнутраны прадукт вырас на 36 %, павялічыліся выпуск прамысловай прадукцыі на 65 %, вытворчасць спажывецкіх тавараў — на 81 %, рознічны тавараабарот — больш чым у 2 разы і г. д.
Другі Усебеларускі народны сход
У маі 2001 г. перад чарговай прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй быў скліканы 2‑і Усебеларускі народны сход, на якім прынята Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2001–2005 гады.
Прэзідэнцкая выбарчая кампанія пачалася ў 2001 г. у сувязі з тым, што тэрмін паўнамоцтваў дзеючага Прэзідэнта адлічваўся з 27 лістапада 1996 г. — часу ўступлення ў законную сілу новай рэдакцыі Канстытуцыі. З 25 прэтэндэнтаў, ініцыятыўныя групы якіх былі зарэгістраваны Цэнтральнай камісіяй па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, толькі 4 прайшлі рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў у Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Астатнія або не змаглі сабраць неабходныя для рэгістрацыі подпісы, або знялі свае кандыдатуры. Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў кандыдатамі дзеючага Прэзідэнта А. Р. Лукашэнку, лідара Ліберальна-дэмакратычнай партыі С. В. Гайдукевіча, лідара Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі У. І. Ганчарыка і лідара незарэгістраванай арганізацыі «Рэгіянальная Беларусь» С. М. Домаша. Гэты кандыдат 22 жніўня 2001 г. зняў сваю кандыдатуру на карысць У. І. Ганчарыка, кандыдатура якога была рэкамендавана ў якасці адзінага кандыдата ад апазіцыі.
У 2001 г. асноўныя апазіцыйныя кандыдаты вырашылі (па вопыце Польшчы перыяду 1979–1981) выкарыстоўваць рэсурсы і магчымасці прафсаюзнага руху для барацьбы і прыходу да ўлады. Уцягванне прафсаюзных арганізацый у палітычную барацьбу прывяло да таго, што прафсаюзныя функцыянеры не займаліся штодзённымі клопатамі працоўных. У выніку кіраўніцтва прафсаюзнага руху страціла падтрымку рабочых і для У. І. Ганчарыка гэта негатыўна адбілася на выніках выбараў.
Выбары адбыліся 9 верасня 2001 г., у іх прынялі ўдзел 83,86 % выбаршчыкаў. За дзеючага Прэзідэнта прагаласавала 75,65 %, за кандыдата ад апазіцыі У. І. Ганчарыка — 15,65 %, за С. В. Гайдукевіча — 2,48 % выбаршчыкаў. А. Р. Лукашэнка быў пераабраны на другі прэзідэнцкі тэрмін.
Перамога дзеючага Прэзідэнта была забяспечана шэрагам палітычных, эканамічных і сацыяльных фактараў. Пры гэтым галоўную ролю адыграла паспяховае выкананне Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, прынятай на 1‑м Усебеларускім народным сходзе. Выбаршчыкі, якія ў 2001 г. выказаліся ў падтрымку палітычнага курсу Прэзідэнта, разлічвалі на далейшае паляпшэнне свайго матэрыяльнага дабрабыту, на эвалюцыйны шлях развіцця краіны. Менавіта на вырашэнне гэтых праблем была накіравана праграма, прынятая 2‑м Усебеларускім народным сходам.
Станаўленне нацыянальнай мадэлі грамадзянскай супольнасці
Другі Усебеларускі народны сход стымуляваў станаўленне нацыянальнай мадэлі грамадзянскай супольнасці, у чым была настойлівая неабходнасць.
У 2‑й палове XX ст. на базе вучэння Ф. Хаека і Л. Мізэса ў заходнім грамадазнаўстве зацвердзілася неаліберальная канцэпцыя развіцця няўрадавай грамадзянскай супольнасці. Згодна з ёй асноўная мэта грамадзянскай супольнасці — пошук эфектыўнага механізму кантролю грамадства за дзейнасцю палітычнай улады з мэтай абароны прыватных інтарэсаў індывіда. Асноўная ўвага пры гэтым адводзіцца колькаснаму росту і ўзмацненню ўплыву непадкантрольных ураду грамадзянскіх ініцыятыў, рухаў, асацыяцый і інш. Аднак да гэтага часу мадэль грамадзянскай супольнасці, прапісаная ў неаліберальных тэорыях, не створана ў рамках якой-небудзь заходняй палітычнай сістэмы.
На 2‑м Усебеларускім народным сходзе адзначалася, што грамадзянская супольнасць у Беларусі павінна фарміравацца ў кантэксце традыцый айчыннай палітычнай культуры.
Грамадзянская супольнасць у Беларусі — гэта, перш за ўсё, неад’емны элемент сацыяльна-палітычнай стабільнасці, уліку і развіцця ўсебаковых інтарэсаў, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, абароны нацыянальных інтарэсаў краіны і яе гістарычных традыцый, інструмент грамадскага кантролю за дзейнасцю ўсіх галін улады. Праграма руху да моцнай Беларусі адпавядае інтарэсам пераважнай большасці насельніцтва і з’яўляецца асновай нацыянальнай кансалідацыі, «пабудовы грамадзянскай супольнасці» (А. Р. Лукашэнка).
Галоўным напрамкам у развіцці грамадзянскай супольнасці з’яўляецца карпаратыўная дзейнасць грамадзян, на аснове якой адбываецца фарміраванне яе інфраструктуры. У 2001–2005 гг. адбыліся з’езды Беларускага саюза жанчын, Беларускага патрыятычнага саюза моладзі, прафсаюзаў, настаўнікаў, суддзяў, прадстаўнікоў іншых прафесій, прайшоў З’езд дэпутатаў Рэспублікі Беларусь. Праца па развіцці грамадскіх ініцыятыў была даволі выніковай: у 2005 г. у Беларусі налічвалася больш за 2,3 тыс. асацыяцый грамадзян у форме прафсаюзных, маладзёжных, жаночых, ветэранскіх, творчых, спартыўных і іншых аб’яднанняў, створаных па інтарэсах.
Пасля 2‑га Усебеларускага народнага сходу ўлады значную ўвагу надавалі фарміраванню рыначнай інфраструктуры з уласцівым рынку механізмам рэалізацыі правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян. На ўмацаванне механізму рэалізацыі правоў і свабод грамадзян былі нацэлены прэзідэнцкія Дырэктывы № 1 і № 2. Дырэктыва № 1 ад 11 сакавіка 2004 г. «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны» нацэлена на стварэнне ўмоў бяспечнай жыццядзейнасці насельніцтва ў галіне аховы працы шляхам пастаяннага кантролю над станам грамадскай бяспекі і прафілактыкі выяўленых правапарушэнняў. Дырэктыва № 2 ад 27 снежня 2006 г. «Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва» прызначана забяспечыць пераход да новага, больш высокага ўзроўню ўзаемадзеяння дзяржавы і народа, заснаванага на развіцці інфармацыйных тэхналогій. Дэбюракратызацыя носіць усеагульны характар, ахоплівае ўсе сферы жыцця грамадства, дзейнасць усіх структур, якія ўзаемадзейнічаюць з грамадзянамі. Дэбюракратызацыя дзяржаўнага апарату не самамэта, гэта адна з форм практычнай рэалізацыі ідэі пабудовы дзяржавы для народа. Разам з тым дэбюракратызацыя стварае спрыяльны адміністрацыйна-прававы клімат, неабходны для прыцягнення інвестыцый і будаўніцтва рыначнай інфраструктуры.
Наяўнасць рыначнай інфраструктуры — неад’емная і абавязковая ўмова ў развіцці грамадзянскай супольнасці. У сферы прыватнага бізнесу ў 2005 г. у Беларусі было занята каля 1 млн чалавек, у т. л. каля 180 тыс. былі індывідуальнымі прадпрымальнікамі, 440 тыс. чалавек атрымлівалі зарплату на прадпрыемствах малога бізнесу, на сярэднім прыватным прадпрыемстве працавалі 11–50 чалавек наёмнага персаналу; на прыватны бізнес прыходзілася каля 10 % ВУП. Але ўзровень самаарганізацыі беларускага бізнесу быў нізкі, акрамя Беларускага саюза прадпрымальнікаў, грамадскага аб’яднання «Мінскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў», не было шматлікіх уласных арганізацый у структурах грамадзянскай супольнасці. Беларускі бізнес быў заняты назапашваннем уласнага капіталу і амаль не ўдзельнічаў у палітычнай барацьбе. Назапашванне капіталу і багацця ў прыватных руках у Беларусі ідзе шляхам цяжкай працы, а не гангстарскімі метадамі, якія ўласцівы алігархіі іншых краін. Да 2006 г. у Беларусі не склалася буйная алігархія, якая, валодаючы велізарнымі матэрыяльнымі рэсурсамі, заўсёды імкнецца да палітычнага панавання. Да снежня 2010 г. у краіне не назіралася агрэсіўнай апазіцыйнасці беларускага капіталу ў адносінах да існуючай улады, што было адным з фактараў грамадскай стабільнасці.
Як паказвае нацыянальны вопыт, атакі алігархіі, асабліва прадажнай, на дзеючую ўладу вядуцца менавіта праз асацыяцыі грамадзянскай супольнасці, у т. л. падкантрольныя СМІ. Для гэтага алігархічнымі групамі ў структурах грамадзянскай супольнасці, як правіла, ствараюцца шматлікія асацыяцыі і ініцыятывы, якія, не грэбуючы сродкамі, пастаянна атакуюць палітычную ўладу. У якасці прыкладу можна спаслацца на дзейнасць у 2‑й палове 1990‑х гг. расійскіх алігархічных груп. Метады іх дзейнасці, звязаныя з палітызацыяй структур грамадзянскай супольнасці, былі ўспрыняты часткай радыкальнай апазіцыі і ў Беларусі. У Мінску вузкая група радыкальных апазіцыянераў, незадаволеная адсутнасцю палітычнай кансалідацыі ў радах апазіцыйных палітычных партый, 12 лістапада 2012 г. вырашыла заснаваць новую асацыяцыю. З гэтай мэтай была ініцыявана канферэнцыя Нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці «Усходняе партнёрства». Прыняты на канферэнцыі варыянт канцэпцыі развіцця Нацыянальнай платформы грамадзянскай супольнасці прадугледжвае, што «Нацыянальная платформа цяпер будзе вырашаць палітычныя задачы, такія як барацьба з уладай».
Разам з тым адсутнасць да 2010 г. комплекснага алігархічнага асяроддзя ў Беларусі з’явілася важнай перадумовай для культывацыі адносін партнёрства паміж бізнесам і палітычнай уладай.
Беларуская мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця
Прэзідэнт пры вырашэнні складаных палітычных і грамадскіх пытанняў заўсёды абапіраўся і павінен абапірацца на падтрымку народа. Адным з такіх пытанняў быў выбар перспектыўнага гістарычнага шляху — уласнай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Упершыню гэта тэма была агучана ў лютым 1996 г., калі на рэспубліканскай нарадзе ў Гродне па пытанні далейшага развіцця сельскай гаспадаркі была адхілена ідэя падзелу буйнатаварнай вытворчасці і зямельнай уласнасці на паі і долі. Было падлічана, што на аднаго калгасніка, у т. л. і на пенсіянераў, якія працавалі раней у калгасах, прыпадае 4,5 га зямлі, 1/2 частка трактара і 1/4 частка камбайна. Пры гэтым кожны селянін мог разлічваць на адну карову і адно парася. «Якіх рэформ ад нас хочуць? Гэта абвальная прыватызацыя, гэта поўная лібералізацыя знешняга гандлю, адкрыццё граніц... Гэта поўная лібералізацыя сістэмы ўнутры дзяржавы... Дзяржава павінна правесці рэфармаванне аграрнай галіны ў канкрэтных сацыяльна-эканамічных умовах, з улікам гістарычнага шляху, які быў пройдзены, і ментальнасці сялянства... Нам трэба стварыць беларускую мадэль землеўладання і землекарыстання...» (з выступлення А. Р. Лукашэнкі на нарадзе). Стварэнне асноў беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў канцы 1990‑х гг. было вельмі смелай палітыкай, якая кідала выклік тэорыі і практыцы заходняга лібералізму. Да гэтага часу ў галіне эканамічнай тэорыі былі пэўныя напрацоўкі. Адной з іх стала прысуджэнне Нобелеўскай прэміі за 2001 г. амерыканскім навукоўцам Дж. Стыгліцу, Дж. Акерлофу і М. Спэнсу, якія даказвалі, што найбольшую эфектыўнасць у развіцці эканомікі дае актыўнае рэгуляванне рыначных працэсаў дзяржавай.
Другой перадумовай стала ідэя дзяржаўнасці як права народа на самастойнае гістарычнае існаванне і развіццё. Нацыянальная эліта, перш за ўсё кіруючая палітычная, аказалася здольнай выпрацаваць, прапанаваць народу і ўзначаліць усенародны рух за рэалізацыю беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Краевугольным каменем эканамічнай мадэлі развіцця, яе неад’емнай сутнасцю з’яўляецца механізм гаспадарання. Пасля 1991 г. савецкая мадэль перастала існаваць, а англасаксонская, або ліберальная, набыла рысы глабальнай. Але вопыт сістэмных пераўтварэнняў, назапашаны ў 1990‑я гг. краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, СНД, Паўднёвай Амерыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі, сведчыў, што ўніверсальнай, прыдатнай для ўсіх мадэлі эканамічнага развіцця не існуе. Практыку адной краіны пад матрыцу, або шаблон, механічна перанесці магчыма, але гісторыя не ведае прыкладаў, каб гэта прывяло да станоўчых вынікаў. Пра гэта сведчыць вопыт гаспадарання, назапашаны ў многіх краінах, якія да 1990‑х гг. арыентаваліся на пабудову сацыялізму, найноўшы вопыт Аргенціны, Кітая, Швецыі, Бельгіі, Германіі, іншых краін. Кожная з іх мае свае нацыянальна-культурныя традыцыі, уласны погляд грамадства на такія адвечныя катэгорыі быцця, як дабро, справядлівасць, калектывізм, індывідуалізм, роўнасць, багацце; у народаў гэтых дзяржаў свая нацыянальная ідэя і ідэнтычнасць, ментальныя падыходы да вызначэння сутнасці і сэнсу жыцця чалавека.
Усё сказанае правільна і ў дачыненні да беларускай нацыі. Пры гэтым, выбіраючы новы шлях, нельга было забываць аб выдатках старога шляху: нягодах і кошце савецкай мадэрнізацыі, уроках гісторыі, сацыяльных ахвярах 1920–30‑х гг. Таму беларускі падыход да вырашэння праблемы вызначаўся прынцыпам: найбольшы эканамічны эфект з найменшымі сацыяльнымі выдаткамі. У аснову беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця былі пакладзены наступныя канцэпты:
— моцная і эфектыўная дзяржаўная ўлада, развіццё разам з дзяржаўным прыватнага сектара эканомікі;
— арыентацыя на рынак і прыватызацыю як сродак (інструмент) пошуку інвестара і эфектыўнага сацыяльна адказнага ўласніка;
— моцная сацыяльная палітыка дзяржавы; пераход да эканомікі ведаў (лічбавай, інавацыйнай), інтэграцыя з Расіяй і краінамі СНД;
— паступовае ўзмацненне ролі і месца грамадскіх арганізацый, структур грамадзянскай супольнасці ў сістэме дзяржаўнага кіравання.
Не ўсе канцэпты, уласцівыя беларускай мадэлі развіцця, з’яўляюцца ўласна беларускімі. Ідэя моцнай дзяржаўнай улады, моцнай сацыяльнай палітыкі была не толькі савецкай, але і кітайскай. Да савецкага перыяду можна аднесці і ідэю канкурэнцыі двух сектараў эканомікі — дзяржаўнага і прыватнага, якая была распрацавана ў гады нэпа. Уласна беларускімі можна назваць: ідэю гістарычнай пераемнасці і захавання найлепшых традыцый папярэдняга перыяду, а таксама апору на ўласныя сацыяльныя і інтэлектуальныя рэсурсы і, вядома, адмову ад любых форм неакаланіяльнай залежнасці. Да беларускай шмат у чым можна аднесці ідэю апоры на эфектыўнага, празрыстага і сацыяльна адказнага прыватнага ўласніка. Больш за тое, бачным сімвалам беларускай мадэлі з’яўляецца адмова ад «выгадоўвання» і допуску да ўлады прадстаўнікоў плутакратычнай алігархіі. Такім чынам, беларуская мадэль сацыяльна-эканамічнага развіцця — гэта творчае выкарыстанне найлепшых дасягненняў айчыннага вопыту, традыцый неалібералізму і кітайскага мадэрнізацыйнага вопыту. Разам з тым беларуская мадэль — гэта метад эвалюцыйнага ўрастання многаўкладнай беларускай эканомікі ў сусветную эканамічную прастору.
Напрамкі мадэрнізацыі краіны
Падтрымка з боку народа, на якую абапіраўся Прэзідэнт, дазволіла вырашыць складаную канстытуцыйную праблему. Па Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь адна асоба не магла займаць пасаду Прэзідэнта больш за два тэрміны запар. Улічваючы гэта, 7 верасня 2004 г. Прэзідэнт падпісаў указ № 431 аб прызначэнні рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні аб магчымасці яго персанальнага ўдзелу ў наступных прэзідэнцкіх выбарах. Пытанне было наступным: «Ці дазваляеце Вы першаму Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнку А. Р. удзельнічаць у якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах Прэзідэнта і ці прымаеце частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: “Прэзідэнт абіраецца на 5 гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні”?»
Трэці рэферэндум 17 кастрычніка 2004 г.
Трэці рэферэндум прайшоў 17 кастрычніка 2004 г. Паводле звестак Цэнтрвыбаркама Рэспублікі Беларусь, у галасаванні прынялі ўдзел 90,28 % выбаршчыкаў, з іх станоўча адказалі на прапанаванае Прэзідэнтам пытанне 79,42 % тых, хто прагаласаваў. Па выніках рэферэндуму адпаведныя змены былі ўнесены ў Канстытуцыю. Гэта дазволіла дзеючаму Прэзідэнту балаціравацца на трэці тэрмін.
Трэці Усебеларускі народны сход
Перад чарговымі прэзідэнцкімі выбарамі ў сакавіку 2006 г. адбыўся 3‑і Усебеларускі народны сход, на якім былі падведзены вынікі выканання 2‑й пяцігодкі. Яны засведчылі, што ВУП за 2001–2005 гг. вырас больш чым на 43 %, аб’ём прамысловай вытворчасці спажывецкіх тавараў павялічыўся ў 1,5 раза, умацавалася нацыянальная валюта, сярэднямесячны заробак у рэальным вылічэнні вырас да 562 тыс. руб., што ў эквіваленце адпавядала 261 долару ЗША. Толькі за 2005 г. у эканоміку краіны было накіравана 7 млрд долараў ЗША інвестыцый.
Дасягнутыя за 2‑ю пяцігодку поспехі паказалі адметную прыкмету беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Гэтай прыкметай з’яўляецца справядлівасць у размеркаванні нацыянальнага багацця. У 2006 г. суадносіны даходаў самых багатых грамадзян і даходаў самых малазабяспечаных сем’яў склалі ў Беларусі 5:1, што з’явілася сведчаннем эфектыўнасці сацыяльнай палітыкі дзяржавы, накіраванай на падтрымку ідэі сацыяльнай справядлівасці ў развіцці грамадства і дзяржавы.
У беларускім менталітэце ідэя справядлівасці неаддзельная ад ідэі народаўладдзя. Таму заканамерна, што ў аснову далейшага палітычнага развіцця краіны была пакладзена ідэя стварэння «дзяржавы для народа», дзяржавы, у якой кожнаму чалавеку будзе зручна і камфортна жыць. Гэта ідэя, якая адносіцца да пытання аб мэце і гістарычнай перспектыве Беларусі, была падтрымана народам на 3‑м Усебеларускім народным сходзе.
Прэзідэнцкія выбары 2006 г.
У прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2006 г. удзельнічалі 8 кандыдатаў, з іх 4 былі зарэгістраваны: дзеючы Прэзідэнт А. Р. Лукашэнка, лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі С. В. Гайдукевіч, прадстаўнік аб’яднанай апазіцыі А. У. Мілінкевіч, былы рэктар БДУ А. У. Казулін. Перадвыбарная платформа апазіцыйных кандыдатаў не ўтрымлівала нічога новага ў параўнанні з тым, што было прапанавана дзеючым Прэзідэнтам. А. У. Казулін абяцаў электарату весці барацьбу з бюракратызмам, карупцыяй і адміністрацыйным самавольствам, змагацца за агульнадаступную і якасную ахову здароўя, даступнае жыллё, выбарнасць кіраўнікоў усіх узроўняў, павышэнне канкурэнтаздольнасці прамысловасці, за тое, каб Беларусь стала залатым мостам паміж Расіяй і Еўропай, каб правілы паступлення ў ВНУ былі празрыстымі, каб штогод у эканоміку Беларусі ўкладвалася 3–5 млрд долараў ЗША інвестыцый і інш.
Перадвыбарная праграма С. В. Гайдукевіча была неканкрэтнай. Ён дэклараваў, што трэба дамагацца маштабных капіталаўкладанняў у эканоміку, пачаць рэформу ў сельскай гаспадарцы, вывучыць вопыт Расіі, якая спрабуе стаць сусветнай жытніцай, зрабіць даступнай і якаснай для ўсяго насельніцтва ахову здароўя, узмацніць патрабаванні да прафесійнай адукацыі, імкнуцца да інтэграцыі беларускай эканомікі ў сусветную гаспадарку і інш. Дамагчыся падтрымкі выбаршчыкаў з дапамогай такой праграмы было вельмі складана.
Перадвыбарная платформа дзеючага Прэзідэнта была фактычна выкладзена і падтрымана на 3‑м Усебеларускім народным сходзе. Але самае галоўнае — за дзеючага Прэзідэнта агітавалі рэальныя пазітыўныя змены, якія адчуваў кожны выбаршчык як у горадзе, так і на вёсцы. У перадвыбарнай платформе А. Р. Лукашэнкі было дэкларавана: на аснове ўжо створанай незалежнай дзяржавы дамагчыся росту ВУП у 1,5 раза, прадукцыі прамысловасці — на 50 %, сельскай гаспадаркі — на 40 %, заробкаў, пенсій, стыпендый і дапамог — не менш чым у 2 разы, паменшыць інфляцыю да ўзроўню не больш чым 5 % на год, забяспечанасць жыллём да 2010 г. павінна скласці не менш за 25 м² на чалавека і інш.
Чарговыя прэзідэнцкія выбары адбыліся 19 сакавіка 2006 г. Удзел у іх прыняло 92,9 % выбаршчыкаў. Прэзідэнтам краіны быў абраны А. Р. Лукашэнка, за яго прагаласавала 83 % (5 460 тыс.) выбаршчыкаў. А. У. Мілінкевіч набраў 6,1 %, С. В. Гайдукевіч — 3,5 %, А. У. Казулін — 2,2 % галасоў выбаршчыкаў. Інаўгурацыя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі адбылася 8 красавіка 2006 г.
За перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў Рэспубліка Беларусь зрабіла значны крок наперад, перш за ўсё, па шляху ўмацавання суверэнітэту. Як нацыянальная каштоўнасць суверэнітэт толькі тады набывае геапалітычную вагу і становіцца дзейсным і эфектыўным інструментам палітыкі, калі ён падмацаваны рэальнымі дасягненнямі ў галіне эканомікі. У верасні 2008 г. выбухнуў сусветны фінансава-эканамічны крызіс, і трэба было прымаць тэрміновыя незапланаваныя меры па выратаванні беларускай эканомікі ад яго наступстваў. Гэта запатрабавала істотнай карэкціроўкі праграмы адносна тэмпаў росту ВУП, рэгулявання інвестыцый, інфляцыі, працы прадпрыемстваў. Было зроблена ўсё магчымае для захавання працоўных месцаў, рэальных даходаў насельніцтва. Гэта праца дала станоўчыя вынікі.
У 2006–2010 гг. у сацыяльна-эканамічным развіцці краіны адбыліся станоўчыя змены. За гэты час у эканоміку было інвесціравана больш за 20 млрд долараў ЗША, пабудавана 185 новых прадпрыемстваў, а больш за 320 кардынальна мадэрнізавана. Выпуск інавацыйнай прадукцыі павялічыўся ў 4 разы. Аб’ём экспарту дасягнуў звыш 25 млрд долараў ЗША на год. Да канца 2010 г. рэальныя даходы насельніцтва (у разліку на аднаго чалавека) склалі ў сярэднім 500 долараў ЗША. Пры гэтым грамадзяне Беларусі аплачвалі толькі 30 % ад рэальнага кошту жыллёва-камунальных паслуг, 40 % кошту праезду ў грамадскім транспарце, 10 % затрат на ўтрыманне кожнага дзіцяці ў дзіцячым садзе.
Чацвёрты Усебеларускі народны сход
Аднак ва ўмовах крызісу Беларусь не па ўсіх паказчыках выйшла на запланаваныя рубяжы. Не былі выкананы (на 3,5–4 %) паказчыкі па росце ВУП, заданні па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі, зніжэнні адмоўнага знешнегандлёвага сальда. Засталіся нерэалізаванымі планы па забеспячэнні жыллём грамадзян па 25 м² на аднаго чалавека. Гэтыя і іншыя праблемы былі разгледжаны на 4‑м Усебеларускім народным сходзе, які адбыўся напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў (6–7 снежня 2010). Сход прыняў «Рэзалюцыю» і «Зварот» да беларускага народа. У «Рэзалюцыі» было зафіксавана: «Прызнаць, што рэалізацыя Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2006–2010 гады і своечасова прынятыя меры па процідзеянні негатыўнаму ўплыву сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу забяспечылі рост нацыянальнай эканомікі, павышэнне ўзроўню і якасці жыцця людзей. Паказчыкі праграмы ў асноўным выкананы. Валавы ўнутраны прадукт вырас больш чым на 40 % пры зніжэнні энергаёмістасці ВУП на чвэрць. Інвестыцыі ў асноўны капітал павялічыліся больш чым у 2 разы, рэальныя грашовыя даходы насельніцтва — на 75 %».
У «Звароце» да беларускага народа ўдзельнікі сходу адзначылі: «Мы зацвердзілі стратэгію і вызначылі задачы дзяржаўнага будаўніцтва на найбліжэйшую перспектыву. Галоўны сэнс гэтай стратэгіі — клопат дзяржавы пра кожнага чалавека, які жыве ў Беларусі... Наша мэта — пабудова дзяржавы для чалавека — застаецца нязменнай... Краіна ўступае ў новы этап развіцця беларускай дзяржаўнасці, які патрабуе яднання ўсяго народа».
Прэзідэнцкія выбары 2010 г.
Чарговыя прэзідэнцкія выбары былі прызначаны на 19 снежня 2010 г. Пасля таго як завяршылася кампанія па зборы подпісаў, Цэнтральная выбарчая камісія зафіксавала, што патрабаванні заканадаўства выканалі 10 чалавек, ініцыятыўныя групы якіх сабралі неабходную колькасць подпісаў. Гэта былі: Р. А. Кастусёў — намеснік генеральнага дырэктара ТАА «Асвейская будаўнічая кампанія», член Беларускага народнага фронту; А. Р. Лукашэнка — Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь; А. А. Міхалевіч — юрысконсульт прыватнага ўнітарнага прадпрыемства па аказанні паслуг «Агенцтва перакладаў і юрыдычных паслуг Міхалевіча»; У. П. Някляеў — пісьменнік, грамадскі дзеяч, дырэктар даследча-асветніцкай установы «Рух наперад»; Я. Ч. Раманчук — выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра «Стратэгія», намеснік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі; В. А. Рымашэўскі — намеснік старшыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Хрысціянская дзелавая ініцыятыва»; А. А. Саннікаў — палітычны аглядальнік газеты «Народная воля»; М. В. Статкевіч — пенсіянер Міністэрства абароны; В. І. Цярэшчанка — старшыня савета Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва; Д. І. Ус — дырэктар ТДА «Трывіум». Усе яны 19 лістапада 2010 г. атрымалі пасведчанні кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь.
Асаблівасцю гэтых выбараў было тое, што кандыдатамі ў Прэзідэнты краіны былі зарэгістраваны не толькі прадстаўнікі інтэлігенцыі. Упершыню ў найноўшай гісторыі незалежнай Беларусі ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах (50 % ад агульнай колькасці кандыдатаў) прынялі прыхільнікі лібералізму. Сярод іх былі Я. Ч. Раманчук, В. І. Цярэшчанка, Д. І. Ус, Р. А. Кастусёў, А. А. Міхалевіч. Выбарчая кампанія была напружанай. Асобныя кандыдаты ў Прэзідэнты, заручыўшыся падтрымкай некаторых краін Еўрасаюза, імкнуліся выйсці за межы прававога поля і дэстабілізаваць сацыяльна-палітычную сітуацыю ў краіне.
Праграмныя дэкларацыі кандыдатаў паказалі, што большасць прэтэндэнтаў выказваліся за карэннае рэфармаванне існуючага канстытуцыйнага ладу амаль па ўсіх складніках. Амаль усе апаненты дзеючага Прэзідэнта выступалі за перавод эканомікі на рэйкі лібералізму, не прапаноўвалі мер, накіраваных на абарону карэнных эканамічных і палітычных інтарэсаў большасці беларускага народа.
Прэзідэнцкія выбары 2010 г. засведчылі, што працэс кансалідацыі беларускай бізнес-эліты прайшоў пачатковы этап, у выніку яе дамаганні палітычнай улады набылі канкрэтныя палітычныя абрысы. У цэлым у грамадстве за гады 4‑й пяцігодкі электаральныя перавагі не змяніліся. Большасць беларускіх выбаршчыкаў была не гатова да карэннай трансфармацыі існуючага канстытуцыйнага ладу і палітычнага курсу, пераводу краіны на рэйкі лібералізму. Таму беларускія выбаршчыкі падтрымалі перадвыбарную праграму дзеючага Прэзідэнта «Ад захавання — да прымнажэння». У ёй былі пазначаны дасягненні Беларусі за папярэднія 16 гадоў, а таксама задачы ў галіне палітыкі і эканомікі, якія неабходна было вырашыць. Улада ўзяла абавязацельства «забяспечыць сусветны ўзровень медыцынскіх паслуг, узмацніць сацыяльную абарону, забяспечыць мір і згоду ў грамадстве, умацаваць нацыю... Беларусь павінна ўвайсці ў лік першых 50 краін свету з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу... кожнаму будзе гарантавана працоўнае месца... у краіне будзе ўкаранёны прынцып — дазволена ўсё, што прама не забаронена... на працягу найбліжэйшых пяці гадоў у краіне будзе рэалізавана не менш за 100 магутных інвестыцыйных праектаў. З’явяцца новыя галіны: касмічная, нана- і біятэхналогіі, альтэрнатыўная энергетыка і іншыя... Сельская гаспадарка стане прыбытковым аграбізнесам. Экспарт прадуктаў харчавання будзе павялічаны больш чым у 2 разы — да 7 млрд долараў ЗША на год... Сем’ям з трыма дзецьмі будзе кампенсавана 75 % кошту жылля... Да канца пяцігодкі на кожнага беларуса будзе прыходзіцца не менш за 28 м² жылля».
Тое, што беларускія выбаршчыкі былі не гатовыя да змены сацыяльна-эканамічнага курсу і злому існуючых палітычных інстытутаў, пабудаваны на аснове лістападаўскага рэферэндуму 1996 г., пацвердзілі сацыялагічныя апытанні напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Іх вынікі былі апублікаваныя 30 лістапада 2010 г. У падтрымку дзеючага Прэзідэнта выказалася 71,8 % выбаршчыкаў, А. А. Міхалевіча — 0,2, У. П. Някляева — 1, Я. Ч. Раманчука — 0,3, В. А. Рымашэўскага — 0,3, А. А. Саннікава — 1,2, М. В. Статкевіча — 0,3 % выбаршчыкаў.
Чарговыя прэзідэнцкія выбары адбыліся 19 снежня 2010 г., іх вынікі практычна не адрозніваліся ад сацыялагічных апытанняў. Па звестках Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, у выбарах прынялі ўдзел 6 441 031 выбаршчык — 90,65 % ад агульнай колькасці. За А. Р. Лукашэнку прагаласавала 5 130 557 выбаршчыкаў (79,65 %), за Р. А. Кастусёва — 1,97 %, А. А. Міхалевіча — 1,02, У. П. Някляева — 1,78, Я. Ч. Раманчука — 1,98, В. А. Рымашэўскага — 1,09, А. А Саннікава — 2,43, М. В. Статкевіча — 1,05, В. І. Цярэшчанку — 1,19, Д. І. Уса — 0,39 %.
Прэзідэнцкія выбары 2010 г. засведчылі, што ў сярэдне- і доўгатэрміновай перспектыве асаблівую актуальнасць набывае праблема захавання пераемнасці ў рэалізацыі палітычнага курсу, накіраванага на далейшую эвалюцыю беларускай мадэлі развіцця. Беларускі народ упэўнена выказаўся ў падтрымку эвалюцыйнага шляху развіцця. Не менш важнай была і задача па выпрацоўцы механізму, які б дазволіў найбольш эфектыўна спалучаць інтарэсы бізнесу як сацыяльнай групы, грамадства і дзяржавы. Акрамя таго, кіруючая ў Беларусі эліта з гістарычнага вопыту (урокаў гісторыі), назапашанага ў перыяд перабудовы, зрабіла выснову — любым радыкальным палітычным перабудовам існуючай дзяржаўнай сістэмы павінны папярэднічаць поспехі ў эканамічным развіцці, павышэнні жыццёвага ўзроўню і матэрыяльнага дабрабыту большасці насельніцтва — людзей працы.
Пераход Беларусі да дэмакратычных каштоўнасцей — палітычнага ўдзелу, палітычнай роўнасці, правоў чалавека, правоў меншасцей — таксама павінен ажыццяўляцца шляхам эвалюцыйнага развіцця палітычнай культуры і абапірацца на рэальныя матэрыяльныя дасягненні грамадства, яго агульны прагрэс. Без сацыяльна-эканамічнага прагрэсу беларускага грамадства немагчыма весці гаворку не толькі пра дэмакратыю і лібералізм, але і пра суверэнітэт і незалежнасць краіны.
Акрамя таго, нацыянальны вопыт, назапашаны за гады незалежнасці, пацвердзіў, што існуючая эканамічная сістэма Рэспублікі Беларусь у першую чаргу павінна быць эфектыўнай, прыбытковай і канкурэнтаздольнай. У гэтым выпадку дзяржава, яе палітычныя інстытуты, бюджэт будуць сацыяльна (а не ліберальна) арыентаванымі. У далейшым, як засведчыла рэальнае эканамічнае жыццё, пытанне аб эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці эканомікі Беларусі было неаддзельным ад яе суверэнітэту і незалежнасці. Прадугледжвалася паглыбленне інтэграцыі па ўсіх напрамках:
— будаўніцтве Саюзнай дзяржавы;
— развіцці міжрэгіянальнага супрацоўніцтва;
— вызначэнні стратэгічнага вектара перспектыў развіцця краін, якія ўваходзяць у Еўразійскі эканамічны саюз (ЕАЭС).
Асновай для паглыблення інтэграцыі стала разуменне беларускім бокам таго, што пабудова рэальнага эканамічнага саюза краін, якія ўваходзяць у склад СНД, магчыма толькі пры правядзенні адзінай палітыкі ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, энергетыкі, транспарту і іншых сферах. У лістападзе 2011 г. Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан і Расійская Федэрацыя падпісалі Дэкларацыю аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, Дагавор аб Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) і Рэгламент работы ЕЭК. У маі 2014 г. у Астане Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан і Расійская Федэрацыя, грунтуючыся на Дэкларацыі аб еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, падпісалі Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе (ЕАЭС). У студзені 2015 г. Рэспубліка Беларусь стала старшынёй у Вышэйшым Еўразійскім эканамічным савеце, Еўразійскім міжурадавым савеце і Савеце Еўразійскай эканамічнай камісіі. У апублікаванай заяве Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь адзначыў, што старшынства Рэспублікі Беларусь у ЕАЭС будзе накіравана на далейшае ўмацаванне добрасуседства, развіццё эканамічнага супрацоўніцтва, садзейнічанне руху наперад асноватворных эканамічных свабод Саюза: свабоды руху тавараў, паслуг, капіталу і працоўнай сілы, і прапанаваў шэраг канкрэтных мер па ўдасканаленні механізмаў функцыянавання новага інтэграцыйнага аб’яднання. У цэлым на працягу 2012–2018 гг. у рамках гэтага эканамічнага аб’яднання праведзена вялікая работа.
Фактарам, які стрымлівае развіццё інтэграцыйных працэсаў у рамках ЕАЭС, з’яўляецца адсутнасць парламенцкага вымярэння краін-членаў. Таму для садзейнічання еўразійскай інтэграцыі беларускія парламентарыі актыўна выкарыстоўваюць традыцыйныя парламенцкія метады: заканатворчасць і міжнародную дзейнасць. Працуючы над законапраектамі, пастаянныя камісіі Савета Рэспублікі ацэньваюць іх на прадмет адпаведнасці міжнародным прававым актам, складнікам права ЕАЭС, праводзяць маніторынг дзеючага заканадаўства, якое нацэлена на рэгуляванне праваадносін дзяржаў — членаў ЕАЭС.
У рамках рабочых груп Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з парламентамі дзяржаў — членаў ЕАЭС ажыццяўляецца міжпарламенцкае ўзаемадзеянне з мэтай забеспячэння гарманізацыі і ўніфікацыі заканадаўства дзяржаў — членаў ЕАЭС; супрацоўніцтва з парламентарыямі трэціх краін, з якімі развіваюцца сувязі ЕАЭС.
Будаўніцтва Саюзнай дзяржавы
На павышэнне эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці эканомікі Беларусі накіраваны ўдзел у паслядоўным будаўніцтве Саюзнай дзяржавы. Маніторынг выканання Дагавора ад 8 снежня 1999 г. паказвае, што рэалізаваны цэлы шэраг яго найважнейшых палажэнняў. У прыватнасці, рэгулярна фарміруецца саюзны бюджэт, які накіраваны на фінансаванне саюзных праграм і праектаў, заключаны двухбаковыя дагаворы (пагадненні) па пытаннях адукацыі, сацыяльнага (у т. л. пенсійнага) забеспячэння, медыцынскай дапамогі. Заключаны і працуюць дагаворы аб роўных правах грамадзян на свабоду перамяшчэння і выбару месца жыхарства на тэрыторыях дзвюх краін і інш., дзякуючы якім забяспечваюцца роўныя правы грамадзян у асноўных сферах жыццядзейнасці, рэалізуюцца праграмы сумесных (узгодненых) дзеянняў у знешняй палітыцы, абароне, барацьбе з тэрарызмам і злачыннасцю і інш.
Разам з тым патэнцыял Дагавора далёка не вычарпаны. На парадку дня саюзнага будаўніцтва застаецца пытанне аб фарміраванні агульнага рынку, што прызначаны забяспечыць свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг, капіталаў, рабочай сілы ў межах тэрыторый дзяржаў-удзельніц, роўныя ўмовы і гарантыі для дзейнасці гаспадарчых суб’ектаў.
Яшчэ больш актуальным застаецца пытанне фарміравання адзінай эканамічнай прасторы, што прадугледжвае ўніфікацыю заканадаўства краін-удзельніц, а затым пераход да адзінага заканадаўства, якое рэгулюе гаспадарчую дзейнасць. Апошняя задача ахоплівае таксама выпрацоўку і замацаванне адзіных падыходаў да прававога рэгулявання дзейнасці ў лічбавым асяроддзі. Рэалізацыя гэтых задач у цэлым адпавядае інтарэсам як Беларусі, так і Расіі, паколькі будзе садзейнічаць павышэнню інвестыцыйнай прывабнасці нашых краін.
У частцы фарміравання агульнага рынку намаганні дзвюх дзяржаў сканцэнтраваны на максімальнай ліквідацыі асноўных заканадаўчых бар’ераў і абмежаванняў, якія стрымліваюць фарміраванне агульнага рынку.
Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Значны ўклад ва ўмацаванне саюзных адносін уносіць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва. Да 2019 г. дагаворна-прававая база расійска-беларускага рэгіянальнага супрацоўніцтва налічвала больш за 350 пагадненняў, заключаных у гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай і культурнай сферах.
Падпісанне Дагавора аб супрацоўніцтве ў рамках V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Кастрычнік 2018 г.
Вялікую ролю ў актывізацыі міжрэгіянальных сувязей і кантактаў адыгрываюць форумы рэгіёнаў Беларусі і Расіі, якія сталі ключавым праектам рэгіянальнага ўзаемадзеяння, унікальнай пляцоўкай для сумеснай выпрацоўкі рашэнняў, накіраваных на далейшае паглыбленне інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Праблематыка форумаў тычылася пытанняў развіцця аграпрамысловых комплексаў Беларусі і Расіі, прамысловай палітыкі Саюзнай дзяржавы, рэалізацыі ўзгодненай сацыяльна-эканамічнай палітыкі, развіцця рэгіёнаў Расіі і Беларусі ў сферы высокіх тэхналогій, інавацый, інфармацыйнага грамадства, міжрэгіянальнага супрацоўніцтва. Рэгулярнае штогадовае правядзенне форумаў пацвярджае цеснае ўзаемадзеянне Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі як стратэгічных партнёраў і найбліжэйшых саюзнікаў. Супрацоўніцтва рэгіёнаў стала надзейным падмуркам развіцця саюзнай інтэграцыі.
Вядзецца работа па фарміраванні адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Саюзнай дзяржавы на аснове аб’яднання і развіцця навукова-тэхнічных патэнцыялаў Беларусі і Расіі. Мацнее міжуніверсітэцкае адукацыйнае і навуковае супрацоўніцтва. Заснавана прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі.
Наладжана супрацоўніцтва Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета па мясцовым самакіраванні пры Савеце Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі. Функцыянуе Міжпарламенцкая камісія Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве.
Да сакавіка 2019 г. заключаны міжурадавыя пагадненні з 65 рэгіёнамі Расіі (13 з іх заключаны ў рамках праведзеных чатырох форумаў рэгіёнаў Беларусі і Расіі), створана 57 сумесных саветаў, камісій, рабочых груп па супрацоўніцтве Рэспублікі Беларусь з расійскімі рэгіёнамі. У ходзе пасяджэнняў бакамі распрацоўваюцца і рэалізуюцца сумесныя бізнес-праекты ў машынабудаванні, нафтахіміі, энергетыцы і транспарце, будаўніцтве, аграпрамысловым комплексе, ажыццяўляецца дзейсны кантроль за рэалізацыяй дасягнутых дамоўленасцей.
У выніку інтэграцыйныя працэсы паспрыялі пашырэнню беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў сферы эканомікі. Расія з’яўляецца найважнейшым знешнегандлёвым партнёрам Беларусі. Аб’ём беларуска-расійскага тавараабароту павялічыўся з 5,1 млрд долараў ЗША ў 1995 г. да 27,3 млрд долараў ЗША ў 2015 г. (рэкордны паказчык у беларускім гандлі ў аб’ёме 43,9 млрд долараў ЗША быў атрыманы ў 2012). У 2015 г. на долю Расіі прыпадала 48,1 % агульнага аб’ёму беларускага знешняга гандлю.
Будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, міжрэгіянальнае супрацоўніцтва ў значнай ступені забяспечваюць эканамічную стабільнасць Беларусі, спрыяюць пераадоленню наступстваў эканамічных крызісаў.
Фінансава-эканамічны крызіс і яго наступствы
Прагнозны сцэнарый сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011–2015 гг., прыняты на 4‑м Усебеларускім народным сходзе, у цэлым быў аптымістычным. Але на выкананне гэтай праграмы аказалі негатыўны ўплыў знешнія і ўнутраныя фактары рызыкі. Да такіх фактараў можна аднесці інфляцыйныя працэсы, ступень даларызацыі эканомікі і інш. Найважнейшымі з фактараў, ад якіх шмат у чым залежала развіццё беларускай эканомікі, былі стан фінансава-крэдытнай сістэмы і ўзровень інфляцыі. Нацыянальны банк да 2011 г. праводзіў палітыку штучнай падтрымкі курсу нацыянальнай валюты і дырэктыўнага крэдытавання эканомікі.
Мяккая грашова-крэдытная палітыка не спрыяла даверу да рубля, запазычанні ў замежнай валюце стварылі сур’ёзныя рызыкі. Да сярэдзіны красавіка 2011 г. банкаўская сістэма сутыкнулася з дэфіцытам валюты. У краіне ўзмацніліся інфляцыя, рост цэн, спажыўцоў ахапілі панічныя настроі, пачалася масавая скупка харчовых і прамысловых тавараў, бытавой тэхнікі.
Паслядоўная і прынцыповая палітыка Нацыянальнага банка і ўрада дазволіла стабілізаваць сітуацыю. 20 кастрычніка 2011 г. на Беларускай валютна-фондавай біржы афіцыйны і рыначны курсы валют зраўняліся. Беларускі рубель быў дэвальваваны на 189 % (адносна курса рубля, устаноўленага Нацыянальным банкам на 31 сакавіка 2011). У гэты дзень пайшла ў мінулае палітыка падтрымкі курса беларускага рубля адміністрацыйнымі метадамі. У цэлым па выніках 2011 г. інфляцыя склала 108,7 %. Нягледзячы на цяжкасці, да канца 2013 г. фінансава-крэдытная сістэма Беларусі стабілізавалася. Узраслі рознічны тавараабарот, рэальныя даходы насельніцтва, інвестыцыі ў асноўны капітал.
Станоўчыя тэндэнцыі ў эканамічным развіцці Беларусі былі парушаны праз знешнія акалічнасці. Адбыліся новыя абвалы валют і іншыя выклікі як на сусветным, так і на рэгіянальным узроўні. У лютым — сакавіку 2014 г. пад уздзеяннем эканамічных санкцый краін Захаду адбылася маштабная, амаль 100 %-я дэвальвацыя расійскай валюты ў дачыненні да долара ЗША, якая прывяла да чарговай дэвальвацыі беларускага рубля. Эканамічны спад на рынках Расіі і Украіны пацягнуў за сабой скарачэнне тавараабароту паміж краінамі, у выніку зноў упаў экспарт, што ўскладніла фінансавае становішча беларускіх прадпрыемстваў. Разбалансаванасць фінансава-крэдытнай сістэмы Беларусі была ліквідавана, хоць асобныя негатыўныя праявы мелі месца да канца 2015 г.
Тым не менш вынікі пяцігодкі па многіх параметрах засведчылі, што перадвыбарныя абавязацельствы, узятыя Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкам у снежні 2010 г., былі выкананы. У эканоміцы назіраліся станоўчыя тэндэнцыі, а па шэрагу напрамкаў краіне ўдалося дамагчыся значных вынікаў. Згодна з дакладам ПРААН у чалавечым развіцці Рэспубліка Беларусь увайшла ў ТОП‑50 краін з высокім узроўнем чалавечага патэнцыялу (у 2015 заняла 50‑е месца). Валавы ўнутраны прадукт на душу насельніцтва па парытэце пакупной здольнасці вырас з 15,4 тыс. долараў ЗША ў 2010 г. да 17,7 тыс. долараў ЗША ў 2015 г. Павысіліся памеры сацыяльных гарантый і даходаў насельніцтва, што дазволіла знізіць долю малазабяспечанага насельніцтва з 7,3 % у 2011 г. да 5,1 % у 2015 г. Сярэдняя зарплата ў 2015 г. склала 413 долараў ЗША ў эквіваленце.
Палепшылася дэмаграфічная сітуацыя. У 2014 г. упершыню за 20 гадоў колькасць жыхароў Беларусі пачала расці. На сусветны ўзровень выйшла айчынная медыцына. Экспарт паслуг у галіне аховы здароўя ажыццяўляўся ў 124 краіны свету. Аўтаматызацыя асноўных тэхналагічных працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці дазволіла павялічыць прадукцыйнасць працы ў сельскай гаспадарцы ў 1,4 раза. Разам з Новай Зеландыяй, Аўстраліяй, Бразіліяй і Аргенцінай Беларусь увайшла ў лік найбуйнейшых экспарцёраў малочнай прадукцыі, а па экспарце камп’ютарных і інфармацыйных паслуг на душу насельніцтва Беларусь таксама ўвайшла ў групу краін — сусветных лідараў.
Поспехі ў развіцці аграпрамысловага комплексу Беларусі былі абумоўлены якаснымі структурнымі і тэхналагічнымі пераўтварэннямі. Эфектыўнасць аграрнай вытворчасці за гады незалежнасці па многіх паказчыках узрасла больш чым у 4 разы.
Міралюбівая добрасуседская палітыка дазволіла Беларусі стаць донарам рэгіянальнай бяспекі, перагаворнай пляцоўкай па ўрэгуляванні ўзброенага канфлікту ва Украіне. Гэта аказала ўплыў на ход прэзідэнцкай перадвыбарнай кампаніі, якая стартавала восенню 2015 г.
Цырымонія інаўгурацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі. Мінск, Палац Незалежнасці. 6 лістапада 2015 г.
Цырымонія інаўгурацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі. Мінск, Палац Незалежнасці. 6 лістапада 2015 г.
Прэзідэнцкія выбары 2015 г.
Кандыдатамі ў Прэзідэнты Цэнтрвыбаркамам былі зарэгістраваны: старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі С. В. Гайдукевіч; дырэктар сацыяльнай установы «Сямейная пляцоўка», член Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), актывістка грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Т. М. Караткевіч; намеснік старшыні праўлення Мінскага абласнога саюза спажывецкіх таварыстваў, старшыня Беларускай патрыятычнай партыі М. Д. Улаховіч; Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка.
У перадвыбарнай праграме А. Р. Лукашэнка, ацэньваючы пройдзены шлях, падкрэсліў: «Мы стварылі сацыяльную мадэль, якая абараняе простага грамадзяніна. Збераглі грамадства ад алігархаў і бандытаў. Наша дзяржава вельмі маладая, і наша незалежнасць не ўсім па душы... Мы павінны абараніць тое, што ўжо створана. Свабоду і незалежнасць Беларусі. Мір і парадак у краіне. Дзяржаву для народа».
А. Р. Лукашэнка прапанаваў выразную сістэму практычных дзеянняў, накіраваных на захаванне сацыяльнай стабільнасці, народнага адзінства і згоды, сацыяльна-эканамічнага развіцця і прагрэсу. Прыярытэтныя найважнейшыя задачы ў будучым пяцігоддзі — адстойванне свабоды і незалежнасці Беларусі, захаванне ў краіне міру і парадку. Была прапанавана сістэма эканамічных мер і крокаў, накіраваная на барацьбу з інфляцыяй, мадэрнізацыю эканомікі, прыцягненне інвестыцый, падтрымку малога і сярэдняга бізнесу, эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне.
Прэзідэнцкія выбары адбыліся 11 кастрычніка 2015 г. Па заяве наглядальных місій ад СНД, Кітая, Альянсу місій назіральнікаў, у працэсе перадвыбарнай кампаніі і галасавання права голасу было забяспечана кожнаму грамадзяніну, а самі выбары былі празрыстымі, адкрытымі і канкурэнтнымі. Органы ўлады і выбарчыя камісіі забяспечылі рэалізацыю права грамадзян краіны на свабоднае волевыяўленне.
Усяго ў выбарах прынялі ўдзел 6 113 013 выбаршчыкаў, або 87,2 % ад усіх уключаных у спісы. У падтрымку А. Р. Лукашэнкі выказалася 83,5 % выбаршчыкаў. Супраць усіх кандыдатаў прагаласавала 6,3 % выбаршчыкаў. За кандыдатуру Т. М. Караткевіч прагаласавала 4,4 % выбаршчыкаў, С. В. Гайдукевіча — 3,3 %, М. Д. Улаховіча — 1,7 %.
Пяты Усебеларускі народны сход
На прэзідэнцкіх выбарах 2015 г. беларускі народ падтрымаў перадвыбарную праграму дзеючага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі. Асноўныя палажэнні гэтай праграмы атрымалі далейшае развіццё і канкрэтызацыю ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады, якая была зацверджана на 5‑м Усебеларускім народным сходзе (22–23 чэрвеня 2016). Яна была прызначана сыграць ролю кансалідуючага, аб’яднальнага пачатку, улічвала інтарэсы ўсіх сацыяльных слаёў грамадства, у т. л. чалавека працы і працадаўцы. У рэзалюцыі сходу канстатавалася, што рэалізацыя Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011–2015 гады забяспечыла ў краіне палітычную стабільнасць, устойлівасць эканомікі і сацыяльную абарону насельніцтва. Быў прыняты «Зварот удзельнікаў 5‑га Усебеларускага народнага сходу да суайчыннікаў»: «Ужо чвэрць стагоддзя мы жывем у свабоднай, суверэннай і незалежнай Беларусі. Гэта перыяд станаўлення нашай дзяржавы, калі нам давялося пераадольваць наступствы аварыі на ЧАЭС, распаду Савецкага Саюза, адводзіць краіну ад бездані і закладваць падмурак для будучыні. Мы мадэрнізавалі традыцыйныя галіны і стварылі аснову для развіцця новых высокатэхналагічных галін. Адобрыўшы “Асноўныя палажэнні” Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады, мы адводзім вырашальную ролю ва ўстойлівым развіцці краіны чалавечаму капіталу і інавацыям».
Галоўнай мэтай развіцця краіны на будучае пяцігоддзе стала павышэнне якасці жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, прыцягнення інвестыцый і інавацыйнага развіцця. «Асноўнымі палажэннямі» было прадугледжана забяспечыць да 2020 г. (у параўнанні з 2015) прырост ВУП на 112,1–115 %, рэальных грашовых даходаў грамадзян на 109,5–111,6, прадукцыі прамысловасці на 112,8–115,1, прадукцыі сельскай гаспадаркі (у гаспадарках усіх катэгорый) на 112,6–115, экспарт тавараў і паслуг на 121–125 %. Асноўная мэта грашова-крэдытнай палітыкі — знізіць да 2020 г. узровень інфляцыі да 5 %, захаваць сацыяльную накіраванасць бюджэтных выдаткаў, а таксама павялічыць долю выдаткаў на інавацыйнае развіццё. У сувязі з гэтым вызначаны нацыянальныя прыярытэты. Першым з іх з’яўляецца павышэнне ў структуры эканомікі долі высокатэхналагічных вытворчасцей да 5 % і сярэднетэхналагічных — да 50 %. Другі ключавы прыярытэт — занятасць насельніцтва. Дзяржаўная палітыка накіравана на забеспячэнне эфектыўнай занятасці насельніцтва і на павышэнне канкурэнтаздольнасці рабочай сілы на рынку працы і яе тэрытарыяльнай мабільнасці. Трэці прыярытэт — экспарт. Гэтаму паслужыла Нацыянальная праграма падтрымкі і развіцця экспарту Беларусі на 2016–2020 гады. Чацвёрты прыярытэт — інфарматызацыя, яго задача — укараніць інфармацыйныя тэхналогіі ў кожную галіну эканомікі. Пяты прыярытэт — моладзь, яго мэта — сфарміраваць ініцыятыўнае, працавітае, пісьменнае і культурнае пакаленне нацыі, адказнае за свой лёс і лёс сваёй Радзімы.
Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь была накіравана на збалансаванае развіццё ўсёй эканомікі ў 2016–2020 гг. Яна вызначыла стратэгію далейшага эвалюцыйнага руху Беларусі наперад па шляху ўмацавання нацыянальнай дзяржаўнасці, свабоды і незалежнасці нашай Айчыны, з’явілася бачным сімвалам здольнасці беларускага народа да самаарганізацыі, стала важным фактарам кансалідацыі нацыянальнай эліты, далейшага развіцця нацыянальнай мадэлі дэмакратыі. Канкрэтызацыя асноўных палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016–2020 гады ажыццяўлялася ў пасланнях Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу нашай краіны.
У красавіцкім 2018 года Пасланні Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу асаблівая ўвага была ўдзелена курсу на пабудову IT-краіны. З гэтай мэтай у снежні 2017 г. быў падпісаны Дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі», які накіраваны на стварэнне ўмоў для ўкаранення ў эканоміку Рэспублікі Беларусь тэхналогій рэестра блокаў транзакцый (блокчэйн), іншых тэхналогій на прынцыпах размеркаванасці, дэцэнтралізацыі і бяспекі аперацый, якія імі здзяйсняюцца.
За гады незалежнасці і суверэнітэту ў краіне з’явіліся новыя дзяржаўныя інстытуты, на прынцыпова іншы ўзровень выйшлі эканамічныя адносіны. Таму многае з таго, што было зроблена, неабходна адлюстраваць у Асноўным Законе. Аднак яго нормы павінны не проста адпавядаць рэчаіснасці, а апярэджваць яе, працаваць на перспектыву. У красавіцкім 2018 года Пасланні Прэзідэнт даручыў суддзям Канстытуцыйнага Суда разам з парламентарыямі, навукоўцамі і юрыстамі-практыкамі падрыхтаваць адпаведныя прапановы па Канстытуцыі.
Гістарычныя падзеі канца XX — пачатку XXI ст. — прэзідэнцкія выбарчыя кампаніі і рэспубліканскія рэферэндумы, усебеларускія народныя сходы, вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця і фарміравання грамадзянскай супольнасці засведчылі, што ў Беларусі склаліся, умацаваліся і атрымалі далейшае развіццё інстытуты беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці.