Дзяржаўныя мовы
Дата стварэння: 24.05.2023 11:51:52
Дата змены: 22.08.2025 15:57:57
- Прававое рэгуляванне моўнай сферы жыцця беларускага грамадства
- Сутнасць і прынцыпы дзяржаўнага двухмоўя
- Умовы функцыянавання дзяржаўных моў у сітуацыі двухмоўя
- Беларуская мова
- Гісторыя беларускай мовы
- Фарміраванне новай беларускай літаратурна-пісьмовай мовы ў XIX — пачатку XX ст.
- Сістэма беларускай мовы і яе месца ў сучаснай камунікатыўнай прасторы Беларусі
- Месца беларускай мовы на моўнай карце свету
- Сферы ўжывання беларускай мовы
- Лінгвістычныя аспекты функцыянавання беларускай мовы як дзяржаўнай у Рэспубліцы Беларусь
- Падрыхтоўка (удасканаленне) лінгвістычнай базы
- Распрацоўка і ўпарадкаванне беларускай навуковай тэрміналогіі
- Стварэнне моўнай і нарматыўнай базы па выкарыстанні беларускай мовы ў сферы анамастыкі
- Нарматыўная база па транслітарацыі
- Забеспячэнне адзінства беларускай пісьмовай мовы
- Фарміраванне і ўдасканаленне арфаграфічнай сістэмы беларускай мовы ў XX ст.
- Закон Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» ад 23 ліпеня 2008 г. № 420‑З
- Лінгвістычнае забеспячэнне ўвядзення закона ў моўную практыку і адукацыйны працэс
- Беларуская мова ў міжнароднай дзейнасці
Прававое рэгуляванне моўнай сферы жыцця беларускага грамадства
Дзяржаўнае двухмоўе і шматмоўе звычайныя ў сучасным свеце і з’яўляюцца, відаць, найбольш дэмакратычным спосабам урэгулявання моўнай сферы сучаснага грамадства. Праблема заканадаўчага вызначэння статусу той ці іншай мовы ўзнікае, як правіла, у двухмоўных і шматмоўных соцыумах, калі патрабуецца забяспечыць аднолькавыя ўмовы развіцця і функцыянавання дзвюх і болей суіснуючых у адным соцыуме моў.
У свеце існуе мноства краін з дзвюма і болей дзяржаўнымі мовамі, што абумоўлена асаблівасцямі іх гістарычнага і моўнага развіцця. Напрыклад, у Фінляндыі дзяржаўнымі мовамі з’яўляюцца фінская і шведская, у Бельгіі — французская і фламандская, у Канадзе — англійская і французская, у Індыі — хіндзі і англійская і г. д. Існуюць краіны з некалькімі дзяржаўнымі мовамі. Напрыклад, у Швейцарыі статус дзяржаўных маюць чатыры мовы — нямецкая, французская, італьянская і рэтараманская. Пры гэтым у шматмоўных краінах побач з агульнадзяржаўнымі мовамі могуць функцыянаваць рэгіянальныя афіцыйныя мовы. Так, у сучаснай Іспаніі статус дзяржаўнай мае толькі іспанская мова, разам з якой функцыянуюць афіцыйныя рэгіянальныя мовы (каталанская, галісійская, баскская). У Індыі разам з агульнадзяржаўнымі хіндзі і англійскай мовамі статус дзяржаўных рэгіянальных моў маюць панджабі, бенгалі і іншыя мовы. Большасць сучасных славянскіх краін (Польшча, Украіна, Чэхія, Славакія, Сербія, Балгарыя і г. д.) маюць адну афіцыйную (дзяржаўную) мову, разам з якой функцыянуюць мовы нацыянальных меншасцей. З 2019 г. афіцыйна двухмоўнай з’яўляецца Паўночная Македонія, у якой статус дзяржаўных маюць македонская і албанская мовы. Фактычна дзяржаўнае трохмоўе характэрна для Босніі і Герцагавіны, дзе афіцыйнымі мовамі дэ-факта з’яўляюцца баснійская, сербская і харвацкая мовы. У Расійскай Федэрацыі побач з дзяржаўнай рускай мовай шэраг моў маюць статус дзяржаўных у нацыянальных рэспубліках (татарская, якуцкая, калмыцкая, чувашская, башкірская і інш.).
У Рэспубліцы Беларусь Канстытуцыяй афіцыйна замацавана дзяржаўнае беларуска-рускае двухмоўе. Наяўнасць дзвюх дзяржаўных моў — беларускай і рускай — вызначае асноўныя асаблівасці сферы моўнага жыцця ў нашай краіне ў эпоху незалежнасці. Моўная сітуацыя ў Беларусі ў XXI ст. абумоўлена гістарычна, паколькі двухмоўе і шматмоўе здаўна існавалі на тэрыторыі Беларусі. Ужо ў Вялікім Княстве Літоўскім (ВКЛ) — найбуйнейшай дзяржаве сярэдневяковай Еўропы — паралельна ў розных сферах зносін функцыянавалі шматлікія мовы. Так, акрамя старабеларускай мовы — асноўнай літаратурна-пісьмовай мовы ВКЛ, якая выконвае ўсе функцыі афіцыйнай, у дзяржаве шырокае распаўсюджанне атрымалі і іншыя мовы (польская — адна з літаратурных моў і мова часткі насельніцтва ВКЛ, літоўская, татарская, латынь, царкоўнаславянская), што сведчыць пра ўнікальную моўную сітуацыю таго часу.
Двухмоўе і шматмоўе захоўваліся на тэрыторыі Беларусі і ў пазнейшыя часы, калі беларуская пісьмовая мова была выведзена з афіцыйных сфер зносін і заменена спачатку польскай, а затым рускай мовай.
Новая (сучасная) беларуская літаратурна-пісьмовая мова ў XIX — пачатку XX ст. таксама фарміравалася выключна ва ўмовах двух- і шматмоўя, канкурыруючы з іншымі, больш моцнымі ў камунікатыўным плане блізкароднаснымі славянскімі мовамі (у першую чаргу рускай, а таксама польскай), што абумовіла спецыфіку падыходаў у выпрацоўцы літаратурных норм беларускай мовы.
Таму ў незалежнай дзяржаве, Рэспубліцы Беларусь, створанай пасля распаду СССР, адным з важнейшых пытанняў дзяржаўнага будаўніцтва стала прававое ўрэгуляванне сферы моўнага жыцця беларускага грамадства. Гэтае пытанне вырашалася зыходзячы з рэальнай моўнай сітуацыі, у адпаведнасці з патрабаваннямі часу і з улікам вопыту моўнага будаўніцтва ў Беларусі ў XX ст.
У «Канстытуцыі Беларускае Сацыялістычнае Савецкае Рэспублікі» 1927 года праблемы моўнага ўрэгулявання атрымалі дастаткова шырокае і ў цэлым дэмакратычнае вырашэнне. Так, артыкулам 22 Канстытуцыі беларуская мова вызначалася як пераважная ў сферы афіцыйных зносін: «Дзякуючы значнай перавазе ў Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспубліцы беларускай нацыянальнасці беларуская мова выбіраецца, як мова пераважная, для зносін паміж дзяржаўнымі, прафэсіянальнымі і грамадзкімі ўстановамі і арганізацыямі» (Канстытуцыя Беларускае Сацыялістычнае Савецкае Рэспублікі. Менск, 1927).
Адначасова артыкуламі Канстытуцыі 20, 21 і 23 забяспечваліся:
— поўнае раўнапраўе беларускай, яўрэйскай, рускай і польскай моў;
— публікацыя важнейшых заканадаўчых актаў на беларускай, яўрэйскай, рускай і польскай мовах;
— права свабодна карыстацца роднай мовай на з’ездах, у судзе, у дзяржаўным кіраванні і ў грамадскім жыцці;
— права мясцовых саветаў ажыццяўляць сваю дзейнасць на мове нацыянальнасці, якая складае большасць у дадзенай мясцовасці;
— права і рэальная магчымасць нацыянальным меншасцям вучыцца ў школе на роднай мове.
Такім чынам, Канстытуцыя 1927 года забяспечвала не толькі вяршэнства беларускай мовы як нацыянальнай мовы асноўнага насельніцтва Беларусі, але і шырокія моўныя правы асноўных нацыянальных меншасцей.
Гэтыя традыцыі працягнула ў асноўным і «Канстытуцыя Беларускай Совецкай Соцыялістычнай Рэспублікі» 1937 года, хаця моўным аспектам у ёй прысвечаны фактычна толькі адзін артыкул («Артыкул 25. Законы, прынятыя Вярхоўным Советам БССР, публікуюцца на беларускай, а таксама рускай, польскай і яўрэйскай мовах за подпісам старшыні і сакратара Прэзідыума Вярхоўнага Совета БССР»).
Канстытуцыя Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі 1978 года не ўстанаўлівала заканадаўча статус беларускай або якой-небудзь іншай мовы, аднак дастаткова дакладна і выразна прапісвала права грамадзян карыстацца роднай мовай (артыкул 34), моўныя правы ў сферы адукацыі і судаводства (артыкулы 43, 158), а таксама публікацыю законаў Беларускай ССР, пастаноў і іншых актаў Вярхоўнага Савета Беларускай ССР на беларускай і рускай мовах (артыкул 103).
Падзеяй гістарычнага значэння ў справе ўрэгулявання сферы моўнага жыцця краіны, накіраванага на ўзмацненне ролі нацыянальнай беларускай мовы, стала прыняцце незадоўга да абвяшчэння ў 1991 г. незалежнай беларускай дзяржавы — Рэспублікі Беларусь — Закона Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі аб мовах у Беларускай ССР (Закон Белорусской Советской Социалистической Республики о языках в Белорусской ССР, прыняты) на 14‑й сесіі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР 11‑га склікання 26 студзеня 1990 г. Сутнасць і значэнне гэтага закона сфармуляваны ў прэамбуле: «Мова — не толькі сродак зносін, але і душа народа, аснова і важнейшая частка яго культуры. Жыве мова — жыве народ. Кожная мова, яе літаратурная, жывая мясцовая і гістарычная разнавіднасць — неацэнны скарб, які належыць не аднаму народу, а ўсяму чалавецтву.
Гонар і абавязак усіх — шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю і росквіту, паважліва ставіцца да моў іншых народаў.
У Беларусі здаўна жывуць людзі розных нацыянальнасцей, гучаць розныя мовы. Аднак у апошнія гады сфера ўжывання мовы карэннага насельніцтва Беларусі, якое дало ёй імя і гістарычна складае асноўную частку жыхароў рэспублікі, значна звузілася, пад пагрозай апынулася само яе існаванне. Паўстала неабходнасць аховы беларускай мовы на дзяржаўна-этнічнай тэрыторыі. Такую сістэму аховы дазваляе стварыць толькі наданне беларускай мове статусу дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь.
Статус беларускай мовы як дзяржаўнай не закранае канстытуцыйных правоў грамадзян іншых нацыянальнасцей карыстацца рускай ці іншымі мовамі. Усе грамадзяне Беларускай ССР, незалежна ад нацыянальнасці і роднай мовы, карыстаюцца роўнымі правамі і маюць роўныя абавязкі перад дзяржавай».
Гістарычнае значэнне гэтага закона ў тым, што ён фактычна ўпершыню ў сучаснай гісторыі Беларусі заканадаўча надаў беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай мовы ў краіне. Артыкуламі 2 і 3 закона выразна прапісаны моўныя правы грамадзян і абавязацельствы дзяржавы па забеспячэнні гэтых правоў.
«Артыкул 2. Дзяржаўная мова, іншыя мовы ў Беларускай ССР
У адпаведнасці з Канстытуцыяй (Асноўным Законам) Беларускай ССР дзяржаўнай мовай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі з’яўляецца беларуская мова.
Беларуская ССР забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.
Беларуская ССР забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін народаў Саюза ССР.
Беларуская ССР праяўляе дзяржаўны клопат аб свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі.
Рэспубліканскія і мясцовыя дзяржаўныя, партыйныя органы, прадпрыемствы, установы і грамадскія арганізацыі ствараюць грамадзянам Беларускай ССР неабходныя ўмовы для вывучэння беларускай і рускай моў і дасканалага валодання імі.
Закон не рэгламентуе ўжыванне моў у неафіцыйных зносінах, у зносінах членаў працоўных калектываў паміж сабой, ва Узброеных Сілах СССР, пагранічных, унутраных і чыгуначных войсках, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларускай ССР».
«Артыкул 3. Права грамадзян карыстацца ix нацыянальнай мовай
Грамадзянам Беларускай ССР гарантуецца права карыстацца іх нацыянальнай мовай. Ім гарантуецца таксама права звяртацца ў дзяржаўныя, партыйныя органы, прадпрыемствы, установы і грамадскія арганізацыі на беларускай, рускай або іншай прымальнай для бакоў мове.
Рашэнне па сутнасці звароту афармляецца на беларускай мове. Адказ грамадзяніну даецца на беларускай мове або, па яго жаданні, у перакладзе на рускую мову.
Адмова службовай асобы прыняць і разгледзець зварот грамадзяніна на дзяржаўнай мове, мове міжнацыянальных зносін або рабочай мове дадзенай установы са спасылкай на няведанне мовы звароту цягне за сабой адказнасць згодна з дзеючым заканадаўствам».
Далей у артыкуле 4 закона прапісаны абавязак службовых асоб, іншых работнікаў дзяржаўных, партыйных органаў, прадпрыемстваў, устаноў і грамадскіх арганізацый валодаць беларускай і рускай мовамі.
Асаблівую цікавасць уяўляе і артыкул 5 закона «Абарона моў», які абвяшчае, што «Усякія прывілеі ці абмежаванні правоў асобы па моўных прыкметах недапушчальныя.
Публічная знявага, ганьбаванне дзяржаўнай і іншай мовы, стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні імі, пропаведзь варожасці на моўнай глебе цягнуць устаноўленую законам адказнасць».
Далей у асобных раздзелах дэталёва прапісваецца выкарыстанне дзяржаўнай беларускай і іншых моў у розных сферах. Асабліва ў гэтых адносінах варта адзначыць артыкул 7 закона «Мова актаў органаў дзяржаўнай улады і кіравання»: «Акты вышэйшых органаў дзяржаўнай улады і кіравання Беларускай ССР прымаюцца на беларускай мове і публікуюцца на беларускай і рускай мовах.
Акты міністэрстваў і ведамстваў, мясцовых органаў дзяржаўнай улады і кіравання Беларускай ССР прымаюцца і публікуюцца на беларускай мове, а пры неабходнасці — і на нацыянальнай мове большасці насельніцтва той ці іншай мясцовасці».
Акрамя таго, 26 студзеня 1990 г. быў прыняты закон аб дапаўненні артыкула 68 Канстытуцыі (Асноўнага Закона) Беларускай ССР, у якім гаворыцца: «У мэтах надання беларускай мове статусу дзяржаўнай мовы Вярхоўны Савет Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі пастанаўляе:
Дапоўніць артыкул 68 Канстытуцыі (Асноўнага Закона) Беларускай ССР часткамі чацвёртай, пятай і шостай, наступнага зместу:
“Дзяржаўнай мовай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі з’яўляецца беларуская мова.
Беларуская ССР забяспечвае свабоднае карыстанне рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін Саюза ССР.
Парадак ужывання беларускай, рускай і іншых моў у Беларускай ССР вызначаецца заканадаўствам Беларускай ССР”».
Такім чынам, напярэдадні абвяшчэння незалежнай Рэспублікі Беларусь у нашай краіне была створана заканадаўчая і прававая база, якая рэгулюе ўсе бакі моўнага жыцця беларускага грамадства і забяспечвае прыярытэтнае функцыянаванне дзяржаўнай беларускай мовы як нацыянальнай мовы беларускага народа і мовы тытульнай нацыі. Менавіта гэтая база рэгулявала сферу моўнага жыцця краіны ў першыя гады існавання Рэспублікі Беларусь.
Статус адзінай дзяржаўнай беларускай мовы пацвердзіла і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прынятая 15 сакавіка 1994 г.
«Артыкул 17. Дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь з’яўляецца беларуская мова
Рэспубліка Беларусь забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай як мовай міжнацыянальных зносін».
Таксама ў артыкуле 50 Канстытуцыі гаворыцца: «Кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць, таксама як ніхто не можа быць прымушаны да вызначэння і ўказання нацыянальнай прыналежнасці.
Знявага нацыянальнай годнасці караецца згодна з законам.
Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання».
Рэаліі палітычнага і моўнага жыцця Рэспублікі Беларусь у 1990‑я гг. унеслі карэктывы ў гэтую важнейшую сферу жыцця беларускага грамадства. У 1995 г. па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі адбыўся першы ў гісторыі краіны рэспубліканскі рэферэндум, на які былі вынесены пытанні аб новай дзяржаўнай сімволіцы, змене статусу рускай мовы, эканамічнай інтэграцыі з Расіяй і аб унясенні змяненняў у Канстытуцыю, якія прадастаўляюць права датэрміновага прыпынення Прэзідэнтам паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета. Па выніках гэтага рэферэндуму ў краіне было заканадаўча замацавана дзяржаўнае беларуска-рускае двухмоўе, што знайшло сваё адлюстраванне ў дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Законе Рэспублікі Беларусь «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь».
Так, у артыкуле 17 дзеючай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэспубліканскіх рэферэндумах 24 лістапада 1996 г., 17 кастрычніка 2004 г. і 27 лютага 2022 г.) гаворыцца: «Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы».
Без змяненняў захаваны артыкул 50 Канстытуцыі: «Кожны мае права захоўваць сваю нацыянальную прыналежнасць, таксама як ніхто не можа быць прымушаны да вызначэння і ўказання нацыянальнай прыналежнасці.
Знявага нацыянальнай годнасці караецца згодна з законам.
Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін. Дзяржава гарантуе ў адпаведнасці з законам свабоду выбару мовы выхавання і навучання».
У адпаведнасці з канстытуцыйна замацаваным дзяржаўным беларуска-рускім двухмоўем пэўныя змены зведаў і закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь». Асобныя палажэнні і артыкулы Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 г. № 3094‑ХІ «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» (у рэдакцыі закона ад 13 ліпеня 1998 г. № 187‑З):
«Глава 1. Агульныя палажэнні
Артыкул 1. Мэты заканадаўства аб мовах у Рэспубліцы Беларусь
Заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб мовах мае на мэце ўрэгуляванне адносін у галіне развіцця і ўжывання беларускай, рускай і іншых моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі ў дзяржаўным, сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці, ахову канстытуцыйных правоў грамадзян у гэтай сферы, выхаванне паважлівых адносін да нацыянальнай годнасці чалавека, яго культуры і мовы, далейшае ўмацаванне дружбы і супрацоўніцтва народаў.
Артыкул 2. Дзяржаўныя мовы, іншыя мовы ў Рэспубліцы Беларусь
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь з’яўляюцца беларуская і руская мовы.
Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.
Рэспубліка Беларусь праяўляе дзяржаўны клопат аб свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі.
Дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемствы, установы, арганізацыі і грамадскія аб’яднанні ствараюць грамадзянам Рэспублікі Беларусь неабходныя ўмовы для вывучэння беларускай і рускай моў і дасканалага валодання імі.
Закон не рэгламентуе ўжывання моў у неафіцыйных зносінах, у зносінах членаў працоўных калектываў паміж сабой.
Артыкул 3. Права грамадзян карыстацца іх нацыянальнай мовай
Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права карыстацца іх нацыянальнай мовай. Ім гарантуецца права звяртацца ў дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання і самакіравання, на прадпрыемствы, ва ўстановы, арганізацыі і грамадскія аб’яднанні на беларускай, рускай або іншай прымальнай для бакоў мове.
Рашэнне па сутнасці звароту афармляецца на беларускай або рускай мове.
Артыкул 4. Абавязак кiраўнiкоў, iншых работнiкаў дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кiравання i самакiравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганiзацый i грамадскiх аб’яднанняў валодаць беларускай i рускай мовамi
Кiраўнiкi, iншыя работнiкi дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кiравання i самакiравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганiзацый i грамадскiх аб’яднанняў павiнны валодаць беларускай i рускай мовамi ў аб’ёме, неабходным для выканання iмi сваiх службовых абавязкаў.
Артыкул 5. Гарантыi правоў грамадзян пры разглядзе падаваемых iмi дакументаў у дзяржаўныя органы, органы мясцовага кiравання i самакiравання, на прадпрыемствы, ва ўстановы, арганiзацыi i грамадскiя аб’яднаннi
Дзяржаўныя органы, органы мясцовага кiравання i самакiравання, прадпрыемствы, установы, арганiзацыi i грамадскiя аб’яднаннi павiнны прымаць i разглядаць дакументы, якiя падаюцца грамадзянамi на беларускай, рускай мовах.
Адмова службовай асобы прыняць i разгледзець зварот грамадзянiна на беларускай, рускай мовах са спасылкай на няведанне мовы звароту цягне за сабой адказнасць у адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам.
Артыкул 6. Абарона моў
Усякiя прывiлеi цi абмежаваннi правоў асобы па моўных прыметах недапушчальныя.
Публiчная знявага, ганьбаванне дзяржаўных i iншых нацыянальных моў, стварэнне перашкод i абмежаванняў у карыстаннi iмi, пропаведзь варожасцi на моўнай глебе цягнуць устаноўленую законам адказнасць».
Далей у законе ў адпаведных главах рэгламентуецца выкарыстанне дзяржаўных беларускай і рускай моў у розных сферах зносін:
«Глава 2. Мова дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кiравання i самакiравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганiзацый i грамадскiх аб’яднанняў
Артыкул 7. Мова актаў дзяржаўных органаў i органаў мясцовага кiравання i самакiравання
Акты дзяржаўных органаў Рэспублiкi Беларусь прымаюцца i публiкуюцца на беларускай i (або) рускай мовах.
Акты органаў мясцовага кiравання i самакiравання прымаюцца i публiкуюцца на беларускай i (або) рускай мовах, а пры неабходнасцi — i на нацыянальнай мове большасцi насельнiцтва той цi iншай мясцовасцi».
Такім чынам, у першае дзесяцігоддзе існавання Рэспублікі Беларусь была праведзена вялікая работа па заканадаўчым замацаванні статусу асноўных пашыраных на тэрыторыі краіны моў — беларускай і рускай, а таксама створана нарматыўная база па іх выкарыстанні ў асноўных сферах афіцыйных зносін.
Сутнасць і прынцыпы дзяржаўнага двухмоўя
У цяперашні час у Рэспубліцы Беларусь дзяржаўнымі з’яўляюцца дзве блізкароднасныя славянскія мовы — беларуская і руская. Такім чынам, на тэрыторыі Беларусі склалася ўнікальная для постсавецкай і славянскай прасторы моўная сітуацыя, калі адначасова дзяржаўнымі з’яўляюцца блізкароднасныя мовы. Гэта, з аднаго боку, адлюстроўвае рэальную моўную сітуацыю ў краіне, а з другога — спараджае шэраг пытанняў, звязаных з раўнапраўным (парытэтным) выкарыстаннем абедзвюх дзяржаўных моў у важнейшых сферах зносін.
Дзяржаўны статус мовы прадугледжвае юрыдычна замацаваны і рэгламентаваны парадак яе выкарыстання ва ўсіх альбо ў пераважнай большасці адгалінаванняў афіцыйнай сферы зносін. Што ж датычыцца прыватных моўных узаемадзеянняў людзей, то гэта было, ёсць і застаецца асабістай справай грамадзян. Такім чынам, паняцце «дзяржаўная мова» звязана з мэтанакіраванай, усвядомленай моўнай палітыкай дзяржавы, з распрацоўкай юрыдычна-прававых норм у сферы моўных зносін, а паняцце «афіцыйная мова» — з практыкай, з традыцыямі выкарыстання моў у пэўным грамадстве і з рэальным размеркаваннем паміж імі асобных сацыяльных функцый. Наданне пэўнай мове статусу дзяржаўнай — акт выключнай нацыянальна-культурнай значнасці. Яго прыняцце альбо непрыняцце, сам яго характар заўсёды вызначаюцца канкрэтнымі абставінамі жыцця грамадства, асаблівасцямі яго гісторыі, суадносінамі паміж мона- і полінацыянальнасцю, станам і ўзроўнем культуры, эканомікі, палітыкі. Афіцыйная мова не абавязкова набывае статус дзяржаўнай, але дзяржаўная мова не можа не прайсці этап афіцыйнага ўжывання.
Дзяржаўны статус мовы грунтуецца на арганізацыйных, кадравых, матэрыяльна-тэхнічных, культурна-асветніцкіх і іншых дзяржаўных мерах, прадугледжвае сістэму прававой абароны мовы на тэрыторыі адпаведнага дзяржаўнага ўтварэння, а таксама забяспечвае яе існаванне і развіццё ў асяроддзі суайчыннікаў за яго межамі. Наданне мове дзяржаўнага статусу — усвядомлены сацыяльна-палітычны акт, накіраваны сваёй канчатковай мэтай на захаванне і развіццё нацыянальнай мовы, на зберажэнне яе ад заняпаду і забыцця. Сусветная цывілізацыя не ведае выпадкаў заняпаду дзяржаўных моў пры захаванні дзяржавы, затое гісторыя сведчыць, што мовы знікаюць, калі выходзяць з ужытку ў грамадскіх сферах жыцця. Неабходнасць у дзяржаўным моўным рэгуляванні ўзнікае пераважна тады, калі ў мовы народа, які даў найменне дзяржаўнаму ўтварэнню, ёсць мова-канкурэнт. Менавіта таму заканадаўства некаторых монанацыянальных краін не надае мове карэннага насельніцтва дзяржаўнага статусу.
Такім чынам, дзяржаўнае двухмоўе — гэта юрыдычна замацаваны і рэгламентаваны парадак выкарыстання дзвюх моў ва ўсіх альбо ў пераважнай большасці адгалінаванняў афіцыйнай сферы зносін.
Таму сутнасць дзяржаўнага двухмоўя заключаецца ў паралельным, парытэтным і раўнапраўным выкарыстанні дзвюх моў ва ўсіх важнейшых сферах афіцыйных зносін, перш за ўсё ў дзяржаўна-заканадаўчай, афіцыйна-дзелавой, палітычнай, адукацыйнай і г. д.
Асноўныя прынцыпы дзяржаўнага двухмоўя: права кожнага грамадзяніна карыстацца ў сваёй дзейнасці любой дзяржаўнай мовай і атрымліваць любую інфармацыю на кожнай з дзяржаўных моў; абавязак дзяржавы праз свае ўстановы і інстытуты, таксама сваіх служачых забяспечыць кожнаму грамадзяніну безумоўнае права карыстацца любой дзяржаўнай мовай ва ўсіх жыццёвых сітуацыях у межах сваёй краіны.
На рэальнае ажыццяўленне менавіта гэтых прынцыпаў непасрэдна накіраваны артыкулы 3, 4, 5 і іншыя Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь.
Акрамя таго, права кожнага грамадзяніна карыстацца любой дзяржаўнай мовай прадугледжвае наяўнасць у яго адпаведнай моўнай кампетэнцыі і, такім чынам, цягне за сабой абавязак дзяржавы праз дзяржаўныя ўстановы адукацыі забяспечыць неабходны ўзровень валодання абедзвюма дзяржаўнымі мовамі.
Умовы функцыянавання дзяржаўных моў у сітуацыі двухмоўя
У сітуацыі дзяржаўнага беларуска-рускага двухмоўя для паўнавартаснага функцыянавання абедзвюх дзяржаўных моў ва ўсіх без выключэння сферах афіцыйных зносін неабходна наяўнасць цэлага шэрага ўмоў лінгвістычнага, прававога, сацыяльна-псіхалагічнага і адукацыйнага планаў.
Так, умовы лінгвістычнага плана прадугледжваюць:
дастатковы ўзровень развіцця сістэмы нацыянальнай мовы, неабходны для забеспячэння камунікатыўных патрэб соцыуму;
наяўнасць тэарэтычнай базы, якая прадугледжвае поўнае апісанне ўсіх узроўняў моўнай сістэмы і дасканалых норм літаратурнай мовы;
наяўнасць дастатковай факталагічнай базы для забеспячэння патрэб моўнай практыкі і адукацыйнага працэсу (комплекс слоўнікаў розных тыпаў, граматык, практычных дапаможнікаў, вучэбнай літаратуры для ўсіх узроўняў адукацыі і г. д.);
устойлівую пісьмовую традыцыю і распрацаваную сістэму правіл нацыянальнай арфаграфіі і пунктуацыі, без якіх немагчыма функцыянаванне пісьмовай формы маўлення.
Усё гэта сведчыць пра важнасць і дастатковасць сістэмы нацыянальнай мовы для забеспячэння камунікатыўных патрэб сучаснага грамадства, а таксама дазваляе грамадзяніну карыстацца сваёй нацыянальнай мовай, якая мае статус дзяржаўнай, у сваёй прафесійнай і паўсядзённай дзейнасці.
Умовы прававога плана прадугледжваюць:
наяўнасць адпаведнага моўнага заканадаўства, якое рэгулюе выкарыстанне дзяржаўных моў у афіцыйных сферах зносін і вызначае моўныя правы грамадзян і абавязкі органаў улады і службовых асоб па забеспячэнні моўных правоў грамадзян;
прававую кампетэнцыю грамадзян у сферы моўных пытанняў жыцця соцыуму;
адпаведнасць нацыянальнага моўнага заканадаўства міжнародным стандартам у моўнай сферы.
Усё гэта неабходна для рэгулявання моўных паводзін грамадзян і службовых асоб у сітуацыі дзяржаўнага двухмоўя. Акрамя таго, наяўнасць моўнага заканадаўства дазваляе ажыццяўляць меры па рэальнай падтрымцы той ці іншай дзяржаўнай мовы і забеспячэнні парытэтнага функцыянавання абедзвюх дзяржаўных моў ва ўсіх сферах афіцыйных зносін.
Сярод сацыяльна-псіхалагічных умоў, якія прадугледжваюць фарміраванне адпаведнага сацыяльнага асяроддзя і асобасных установак на актыўнае выкарыстанне дзяржаўнай беларускай мовы, трэба ў першую чаргу назваць наступныя:
— грамадскае ўсведамленне важнасці і прыярытэтнасці нацыянальнай беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь як самастойнага суб’екта міжнароднай супольнасці;
— наяўнасць нацыянальнага беларускамоўнага этнацэнтрызму (адносіны да мовы як самадастатковай камунікатыўнай сістэмы безадносна да іншых суіснуючых моў);
— фарміраванне адносін да нацыянальнай беларускай мовы як да асноўнага атрыбута дзяржаўнасці і незалежнасці;
— наданне беларускай мове функцыі аб’яднання нацыі, а не яе канфрантацыі;
— пазбаўленне ад палітычных ярлыкоў і проціпастаўлення паводле моўных густаў і схільнасцей грамадзян у двухмоўным соцыуме;
— змяненне стэрэатыпаў моўных паводзін у грамадстве (прызнанне права кожнага грамадзяніна карыстацца любой дзяржаўнай мовай і фарміраванне прэстыжнасці двухмоўнай асобы);
— стварэнне сацыяльнай базы для паўнавартаснага функцыянавання беларускай мовы ў тых сферах афіцыйных зносін, у якіх яна павінна выкарыстоўвацца як дзяржаўная мова краіны.
Рэалізацыя гэтага найбольш складанага комплексу ўмоў, звязанага з моўнымі густамі і стэрэатыпамі моўных паводзін, важна для фарміравання ў асобы і соцыуму мажарытарнага стаўлення да нацыянальнай беларускай мовы і ўсведамлення таго, што беларуская мова — гэта высокаразвітая літаратурная мова з багатым слоўнікавым складам, разгалінаванай навуковай тэрміналогіяй і строгай сістэмай норм, якія дазваляюць ёй паспяхова абслугоўваць усе камунікатыўныя патрэбы сучаснага грамадства і заставацца важнейшым элементам беларускай культуры, сімвалам нацыянальнай свядомасці і фактарам нацыянальнай ідэнтыфікацыі і самаідэнтыфікацыі.
Рэалізацыя комплексу адукацыйных умоў прадугледжвае фарміраванне неабходнай моўнай (беларускамоўнай) кампетэнцыі соцыуму і кожнага грамадзяніна паасобку, без чаго немагчыма паслядоўная рэалізацыя прынцыпаў дзяржаўнага двухмоўя: права грамадзяніна выбіраць мову зносін і абавязак службовых асоб забяспечыць гэтае права.
Менавіта на гэта і накіравана моўнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь, выпрацаванае і апрабаванае на практыцы на працягу ўсяго перыяду незалежнасці нашай краіны.
Беларуская мова
Гісторыя беларускай мовы
Беларуская мова адносіцца да ўсходнеславянскай падгрупы славянскай групы індаеўрапейскай сям’і моў. Яна прайшла доўгі шлях гістарычнага развіцця ад праславянскага моўнага адзінства да самастойнай мовы беларускага народа. На працягу ўсяго свайго існавання беларуская мова адыграла надзвычай вялікую ролю ў гісторыі беларускага народа, у станаўленні яго дзяржаўнасці.
Асобная літаратурна-пісьмовая беларуская мова (старабеларуская) існуе з XIV ст. — у Вялікім Княстве Літоўскім беларуская мова таго часу выконвала ўсе функцыі дзяржаўнай мовы, выкарыстоўвалася ва ўсіх сферах жыцця тагачаснага грамадства (ад паўсядзённа-побытавай да сферы дзяржаўнага справаводства і адукацыі). Менавіта ў гэты перыяд на старабеларускай мове былі створаны шматлікія помнікі пісьменнасці, якія маюць беларускамоўнае ўвасабленне і з’яўляюцца часткай сусветнай культурнай кніжнай спадчыны: менавіта на старабеларускай мове была створана фактычна першая еўрапейская канстытуцыя — Статут Вялікага Княства Літоўскага; а Літоўская метрыка — збор дзелавых дакументаў ВКЛ, таксама напісаных на старабеларускай мове, складае больш за 500 тамоў. У гэты перыяд актыўна развіваліся розныя жанры мастацкага пісьменства, рэлігійная літаратура і г. д. У навуковых цэнтрах Еўропы і ўсяго свету захоўваюцца шматлікія помнікі старабеларускай пісьменнасці, дзякуючы якім пра Беларусь і беларусаў ведаюць у свеце.
Пяцьсот гадоў таму была надрукавана першая беларуская кніга. Беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар, адзін з самых адукаваных людзей сярэдневяковай Еўропы Францыск Скарына з Полацка надрукаваў 6 жніўня 1517 г. у Празе сваю першую кнігу — Псалтыр. Затым на працягу 1517–1519 гг. тут, у Празе, ён надрукаваў 23 кнігі Старога Запавету. Крыху пазней, ужо ў Вільні, ён надрукаваў свае «Апостал» і «Малую падарожную кніжку».
Заслугай Францыска Скарыны з’яўляецца тое, што ён наблізіў мову Свяшчэннага Пісання да жывой беларускай мовы таго часу, а таксама забяспечыў свае выданні прадмовамі і пасляслоўямі, напісанымі на старабеларускай мове. Такім чынам, беларуская мова стала другой славянскай мовай пасля чэшскай і чацвёртай еўрапейскай (пасля італьянскай і нямецкай) мовай, на якой былі надрукаваны кнігі Бібліі.
Фарміраванне новай беларускай літаратурна-пісьмовай мовы ў XIX — пачатку XX ст.
Беларуская народна-гутарковая мова дазволіла беларусам захаваць і развіць сваю нацыянальную адметнасць і ў тыя часы, калі пісьмовая разнавіднасць беларускай мовы апынулася пад забаронай і на некалькі стагоддзяў былі прыпынены традыцыі беларускай пісьменнасці. Менавіта ў гэты перыяд актыўна развіваліся фальклорныя жанры беларускай духоўнай культуры, якія таксама маюць беларускамоўнае ўвасабленне. Агульнапрызнана, што беларускія народныя казкі займаюць асаблівае месца ў славянскім фальклоры па багацці сюжэтаў і разнастайнасці жанраў. Інтэнсіўнае развіццё вуснай беларускай мовы ў XVIII—XIX стст., яе дамінуючае становішча ў камунікатыўнай прасторы беларускага грамадства абумовілі той факт, што менавіта народна-гутарковая мова стала базай новай літаратурнай мовы, нормы якой асабліва інтэнсіўна складваліся ў канцы XIX — пачатку XX ст.
Выключна важнай была роля беларускай мовы ў станаўленні беларускай дзяржаўнасці ў пачатку XX ст. Нацыянальнае адраджэнне беларусаў у XIX ст. пачалося з адраджэння літаратурна-пісьмовай беларускай мовы, родапачынальнікамі якой па праву лічацца В. Дунін-Марцінкевіч, Ф. Багушэвіч і іншыя дзеячы беларускай культуры таго часу. Дзякуючы літаратурнай творчасці многіх выдатных паэтаў і пісьменнікаў канца XIX — пачатку XX ст., сярод якіх выключнае месца займаюць Максім Багдановіч, Янка Купала і Якуб Колас, беларускае пісьмовае слова шырока распаўсюдзілася па ўсёй тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі, а сама беларуская мова набыла ўсе рысы літаратурнай мовы. Выключна важную ролю ў фарміраванні норм літаратурнай беларускай мовы, замацаванні адзінства яе пісьмовай разнавіднасці адыграла фактычна першая беларуская газета «Наша Ніва». Гэта было вельмі важна, паколькі ў дадзеным выпадку актуалізавалася ідэя: ёсць самастойная славянская мова — ёсць асобны народ са сваімі ўласнымі своеасаблівымі культурай і мовай, які мае права на ўласную дзяржаўнасць. Гэтая акалічнасць, магчыма, у першую чаргу стала асноўным аргументам пры абвяшчэнні спачатку Беларускай Народнай Рэспублікі, а затым пры стварэнні БССР у 1918 г. Ажыццявіліся прарочыя словы Янкі Купалы, які ў свой час напісаў: «І беларус можа змясціцца ў сям’і нялічанай славян».
Такім чынам, беларуская мова на ўсіх этапах свайго гістарычнага развіцця адыгрывала выключна важную ролю ў духоўным жыцці беларусаў, садзейнічала фарміраванню нацыянальнай свядомасці і станаўленню дзяржаўнасці. Усім сваім развіццём на працягу XX ст. беларуская мова таксама пацвердзіла сваю жыццяздольнасць і неабходнасць. Нягледзячы на шматлікія складанасці і праблемы, асаблівасці моўнай сітуацыі, яна заўсёды была важным сродкам зносін нацыі, асноўным фактарам падтрымання нацыянальнай культуры і нацыянальнай свядомасці народа, што ўрэшце рэшт дазволіла беларусам захаваць сваю этнічную своеасаблівасць і нацыянальную спецыфіку ў сучасным шматкультурным і шматмоўным свеце.
Сістэма беларускай мовы і яе месца ў сучаснай камунікатыўнай прасторы Беларусі
Каб паспяхова выконваць функцыі дзяржаўнай мовы і забяспечваць патрэбнасці афіцыйных сфер зносін, любая мова, у т. л. і беларуская, павінна адпавядаць пэўнаму ўзроўню развіцця сваёй сістэмы, мець адпаведны лексічны запас і распрацаваную навуковую тэрміналогію, строгія і стабільныя літаратурныя нормы, устойлівую пісьмовую традыцыю і г. д. Таму аб’ектыўнымі фактарамі для паспяховага функцыянавання беларускай мовы як дзяржаўнай у важнейшых сферах афіцыйных зносін у пачатку XXI ст. з’яўляюцца наступныя.
Беларуская мова — адна са славянскіх моў, нацыянальная мова беларускага народа, дзяржаўная мова Рэспублікі Беларусь і мова тытульнай нацыі — важная частка сучаснай моўнай сітуацыі, займае істотнае месца ў камунікатыўнай, культурнай і інфармацыйнай прасторы сучаснага беларускага грамадства. Нягледзячы на складанасці свайго развіцця ў XX ст., сучасная беларуская мова — гэта высокаразвітая літаратурная мова з упарадкаванай сістэмай норм, багатым слоўнікавым складам, разгалінаванай навуковай тэрміналогіяй. Яе нормы замацаваны ў розных лексікаграфічных даведніках, граматыках і іншых фундаментальных працах, яна можа паспяхова абслугоўваць усе сферы жыцця сучаснага беларускага грамадства. Яна з’яўляецца рэальным сродкам зносін значнай часткі насельніцтва Беларусі, часткай і сродкам нацыянальнай культуры, сродкам і сімвалам нацыянальнай свядомасці, фактарам годнасці нацыі і псіхалагічнага камфорту асобы ў сучасным двухмоўным соцыуме.
Статус беларускай мовы ў сучасным грамадстве вызначаецца наступнымі характарыстыкамі:
высокаразвітая літаратурная мова;
асобная славянская мова ўсходнеславянскай падгрупы са старажытнай пісьмовай традыцыяй;
адна з распаўсюджаных пісьмовых моў свету;
дзяржаўная мова краіны;
мова тытульнай нацыі;
мова нацыянальнай большасці ў Рэспубліцы Беларусь.
Менавіта гэтыя характарыстыкі маглі б быць вызначальнымі для ацэнкі грамадскага становішча беларускай мовы як сродку зносін беларускага соцыуму на сучасным этапе яе існавання. Аднак асаблівасці моўнага развіцця краіны ў папярэдні гістарычны перыяд і спецыфіка сучаснай моўнай сітуацыі патрабуюць істотнага ўдакладнення гэтых ацэнак.
У XXI ст. беларуская мова ўвайшла з цэлым комплексам праблем, звязаных з яе роллю ў жыцці сучаснага беларускага грамадства, месцам у камунікатыўнай і культурнай прасторы, а таксама асаблівасцямі развіцця і ўдасканалення сістэмы.
Асаблівасцю існавання беларускай мовы ў сучасным соцыуме трэба лічыць, па‑першае, тое, што яна па-ранейшаму застаецца толькі адным з кампанентаў моўнай сітуацыі і выконвае свае функцыі, канкурыруючы з іншай, больш моцнай у камунікатыўных адносінах мовай.
У цяперашні час на тэрыторыі Беларусі, як і ва ўсім свеце, няма такога рэгіёна, такога соцыуму, дзе беларуская мова выступала б адзіным сродкам зносін. Разам з тым рэальным фактарам сучаснай моўнай сітуацыі ў Беларусі з’яўляецца і тое, што кожны грамадзянін, незалежна ад таго, якой мовай ён карыстаецца ў сваёй паўсядзённай дзейнасці, штодня сутыкаецца з інфармацыяй на беларускай мове.
Па‑другое, на працягу даволі доўгага перыяду беларуская мова не выкарыстоўвалася ў сферах афіцыйных зносін і функцыянавала пераважна ў вуснай форме.
Па‑трэцяе, новая беларуская літаратурна-пісьмовая мова складвалася выключна ва ўмовах двух- і нават шматмоўя. Гэтая акалічнасць абумовіла спецыфіку адбору сродкаў агульнанароднай беларускай мовы ў якасці літаратурнага стандарту, а таксама агульных падыходаў да норматворчасці.
Па‑чацвёртае, перарыў літаратурна-пісьмовай традыцыі і адсутнасць непасрэднай пераемнасці са старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовай прадвызначылі народна-гутарковую аснову новай беларускай літаратурнай мовы, што таксама аказала істотны ўплыў на яе ўваходжанне ў некаторыя афіцыйныя сферы камунікацыі, такія як, да прыкладу, справаводства, вышэйшая адукацыя, навука і інш. Акрамя таго, менавіта гэтая акалічнасць абумовіла спецыфіку нацыянальнай словатворчасці ў пачатку XX ст., у тым ліку ў сферы навуковай тэрміналогіі.
Нарэшце, на працягу ўсяго XX ст. беларуская мова развівалася, удасканальвалася і функцыянавала выключна ва ўмовах блізкароднаснага двухмоўя. Таму парадоксам усяго этапу існавання і развіцця новай беларускай літаратурнай мовы ў XX ст. з’яўляецца тое, што паралельна з развіццём і ўдасканаленнем сістэмы мовы адбываўся працэс змяншэння колькасці актыўных карыстальнікаў беларускай мовы. У выніку працэс інтэнсіўнага пашырэння беларускай мовы ў розныя сферы выкарыстання ў 1‑й палове XX ст. змяняецца ў 2‑й палове адваротным працэсам яе выцяснення з тых сфер, у якія яна ўвайшла ў папярэдні перыяд. Асабліва моцна гэты працэс закрануў афіцыйныя сферы зносін (справаводства, дзяржаўнае кіраванне, СМІ), а таксама сферу адукацыі, у т. л. і школьнай. Гэта прывяло да таго, што ў канцы 1980‑х гг. беларуская мова ў цэлым шэрагу камунікатыўных сфер, якія фарміруюць грамадскі прэстыж мовы, была прадстаўлена вельмі абмежавана.
У сувязі з тымі працэсамі, якія адбываліся ў канцы XX ст. у сферы моўнага жыцця Беларусі, неабходна звярнуць увагу на яшчэ адзін вельмі істотны аспект, які характарызуе месца беларускай мовы ў сучасным грамадстве і яе перспектывы ў XXI ст. Так, асноўным асяроддзем актыўнага выкарыстання беларускай мовы ў 1970–80‑я гг., як і ў 1‑й палове XX ст., заставалася беларуская вёска, а таксама асяроддзе гарадской гуманітарнай інтэлігенцыі. Дарэчы, і беларускамоўная адукацыя ў гэты час захоўвала свае пазіцыі таксама пераважна ў сельскай мясцовасці. Таму адным з найбольш істотных вынікаў моўнага развіцця ў канцы XX ст., калі на працягу адносна кароткага перыяду ў 1990‑я гг. у грамадстве рэзка ўзрасла цікавасць да беларускай мовы, ажыццяўляліся інтэнсіўныя крокі па пашырэнні яе выкарыстання ў самых прэстыжных і запатрабаваных сферах зносін, быў заканадаўча замацаваны яе статус як дзяржаўнай мовы, трэба лічыць змяненне грамадскіх ацэнак самой беларускай мовы і сацыяльнай лакалізацыі беларускай мовы. Нягледзячы на тое, што намаганні па пашырэнні беларускай мовы ў асноўныя сферы зносін былі непрацяглымі і не далі чаканых вынікаў, станоўчым з’яўляецца факт змянення ацэнак і стаўлення грамадства да самой беларускай мовы. Да пачатку XXI ст. у грамадстве ў цэлым сфарміравалася і ўмацавалася ўсведамленне важнасці беларускай мовы як фактару нацыянальнай ідэнтычнасці нацыі, прэстыжнасці асобы, якая валодае не толькі рускай, але і беларускай мовай. У цяперашні час сацыяльнай базай беларускай мовы з’яўляецца не сельскі соцыум, а пераважна гарадское асяроддзе беларускай інтэлектуальнай эліты (прычым не толькі гуманітарнай), прадстаўнікі маладога крэатыўнага пакалення грамадзян нашай краіны.
З улікам названых абставін ацэнка беларускай мовы і яе ролі ў сучасным грамадстве можа быць дапоўнена наступнымі характарыстыкамі:
— мова з працяглай, але перарванай пісьмовай традыцыяй;
— адзін з састаўных кампанентаў двухмоўнай сітуацыі;
— адзін з рэальных сродкаў зносін (не запатрабаваны ў поўнай меры);
— важная частка нацыянальнай культуры і сродак прэзентацыі нацыянальнай культуры і гістарычнай спадчыны беларускага народа;
— сімвал і сродак падтрымання нацыянальнай свядомасці і нацыянальнай своеасаблівасці;
— важнейшы атрыбут беларускай дзяржаўнасці;
— фактар гонару і годнасці нацыі і псіхалагічнага камфорту асобы.
Месца і роля нацыянальнай беларускай мовы ў жыцці сучаснага грамадства ў значнай ступені вызначаецца асаблівасцямі яе сістэмы. Так, у пачатку XXI ст. сістэма беларускай нацыянальнай мовы прадстаўлена некалькімі разнавіднасцямі (падсістэмамі), якія па-рознаму запатрабаваныя ў розных сферах зносін і маюць розную сацыяльную стратыфікацыю. У камунікатыўнай прасторы сучаснай Беларусі дастаткова выразна прадстаўлены наступныя разнавіднасці беларускай нацыянальнай мовы: літаратурная мова, «тарашкевіца» (асобная разнавіднасць літаратурна-пісьмовай беларускай мовы), народныя гаворкі, сацыяльныя дыялекты, «трасянка» (разнавіднасць вуснага змяшанага маўлення, якое шырока выкарыстоўваецца ў неафіцыйных сферах зносін).
Літаратурная мова (літаратурны стандарт) — вышэйшая форма існавання нацыянальнай мовы, якая характарызуецца агульнанацыянальнай значымасцю, поліфункцыянальнасцю і разнастайнасцю пісьмовых і вусных жанраў. Як найбольш прадстаўнічая форма нацыянальнай мовы яна абслугоўвае ўсе сферы дзейнасці носьбітаў гэтай мовы. Літаратурная мова вывучаецца ў школах, выкарыстоўваецца ў афіцыйных сферах зносін. Адзінства пісьмовай літаратурнай мовы падтрымліваецца распрацаванай сістэмай правіл арфаграфіі і пунктуацыі.
Нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы замацаваны ў розных лексікаграфічных даведніках, граматыках і іншых фундаментальных працах, большая частка якіх падрыхтавана ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі. Працы інстытута (акадэмічныя граматыкі, нарматыўныя слоўнікі беларускай мовы, у т. л. перакладныя і г. д.) забяспечваюць патрэбы сучаснай моўнай практыкі і з’яўляюцца тэарэтычнай і факталагічнай базай для вучэбнай літаратуры па беларускай мове для ўсіх узроўняў адукацыі.
Яшчэ ў 1920‑я гг. у Інстытуце беларускай культуры, на базе якога пазней і была створана Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, былі выдадзены першыя нарматыўныя слоўнікі беларускай мовы, інтэнсіўна распрацоўвалася беларуская навуковая тэрміналогія, праводзіліся даследаванні па беларускай дыялекталогіі і гісторыі беларускай мовы і г. д. Усё гэта дазволіла ў самыя кароткія тэрміны стварыць неабходную базу для паспяховага ўкаранення беларускай мовы ў найбольш важныя сферы зносін, перш за ўсё ў сферу школьнай адукацыі.
Нарматыўную базу беларускай літаратурнай мовы складаюць: «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (у 5 тамах, 6 кнігах; 1977–1984), «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (1994; 3‑е выд., 2002), «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (2016), акадэмічныя «Граматыка беларускай мовы» (у 2 тамах; 1962–1966), «Беларуская граматыка» (у 2 ч.; 1985–1986), нарматыўны «Слоўнік беларускай мовы» (2012), цыкл слоўнікаў «Граматычны слоўнік назоўніка», «Граматычны слоўнік дзеяслова», «Граматычны слоўнік прыметніка, займенніка, лічэбніка, прыслоўя» (усе 2013), «Арфаэпічны слоўнік беларускай мовы» (2017), энцыклапедыя «Беларуская мова» (1994), Закон Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (2008), а таксама разнастайныя энцыклапедычныя, руска-беларускія і беларуска-рускія двухмоўныя, тэрміналагічныя слоўнікі і г. д. Гэтыя і іншыя фундаментальныя працы па беларускай мове не толькі забяспечылі ёй статус адной з найбольш даследаваных славянскіх моў, але і высокі прэстыж акадэмічнага мовазнаўства ў славянскім свеце.
Літаратурная разнавіднасць беларускай мовы як дзяржаўнай тэарэтычна не мае функцыянальных і сацыяльных абмежаванняў. Яна досыць шырока выкарыстоўваецца ў многіх сучасных камунікатыўных сферах, такіх як школьная адукацыя, сродкі масавай інфармацыі, сфера гукавой і візуальнай інфармацыі, мастацкая творчасць і г. д., і ў той або іншай ступені прысутнічае ў астатніх сферах зносін сучаснага беларускага грамадства.
Асаблівасцю функцыянавання беларускай мовы ў XXI ст. з’яўляецца яе інтэнсіўнае пранікненне ў новыя сучасныя сферы камунікацыі, перш за ўсё ў інтэрнэт-камунікацыю і канфесійную сферу.
Сучасная моўная прастора Беларусі прадстаўлена і такой падсістэмай нацыянальнай беларускай мовы, як «тарашкевіца» (другі варыянт літаратурна-пісьмовай беларускай мовы, арыентаванай на пісьмовую традыцыю 1920‑х гг. і пісьмовую практыку беларускамоўнага замежжа). Гэты варыянт пісьмовай беларускай мовы характарызуецца асаблівасцямі фанетыкі і вымаўлення, слоўнікавага складу, марфалагічных, сінтаксічных і словаўтваральных норм і часта разглядаецца як паралельны, альтэрнатыўны варыянт сучаснай беларускай літаратурнай мовы.
З пункту гледжання месца ў сістэме разнавіднасцей нацыянальнай беларускай мовы, нарматыўнасці і функцыянавання (наяўнасць пісьмовай і вуснай разнавіднасцей, а таксама наяўнасць значнага пласта пісьмовых тэкстаў, у т. л. і сучасных) «тарашкевіцу» можна разглядаць як своеасаблівы сацыяльна-культурны дыялект.
Народныя гаворкі (фактычна рэшткі сістэмы традыцыйных народных беларускіх гаворак) — важная частка нацыянальнай беларускай мовы. На сённяшні дзень народныя гаворкі абмежаваныя ў сваім выкарыстанні і функцыянальна, і сацыяльна. Элементы народных гаворак спарадычна выкарыстоўваюцца ў вусным маўленні, як правіла, у сферы побытавых зносін пераважна ў сельскай мясцовасці жыхарамі сталага ўзросту, а таксама сустракаюцца ў маўленні сельскіх жыхароў больш маладога ўзросту і тых гарадскіх жыхароў, якія не страцілі сувязей са сваёй малой радзімай. Народныя гаворкі аказваюць пэўны ўплыў на агульную моўную стыхію беларускага грамадства, выкарыстоўваюцца ў тэкстах мастацкай літаратуры, фальклоры і спрыяюць узбагачэнню слоўнікавага складу літаратурнай мовы.
Рэальнасцю моўнага жыцця Беларусі ў XXI ст. становяцца і сацыяльныя дыялекты (студэнцкі і маладзёжны слэнг, камп’ютарны жаргон і г. д.). Калі да нядаўняга часу дадзеная разнавіднасць нацыянальнай мовы была неўласцівая беларускай рэчаіснасці, то цяпер можна з цвёрдай упэўненасцю гаварыць аб фарміраванні такой падсістэмы беларускай нацыянальнай мовы. Элементы гэтых разнавіднасцей нацыянальнай беларускай мовы апошнім часам пачынаюць актыўна пранікаць у мову СМІ, у сферу інтэрнэт-камунікацыі, мову мастацкай літаратуры і г. д.
Гаворачы аб сістэме нацыянальнай беларускай мовы ў пачатку XXI ст., нельга абысці ўвагай і такі феномен вуснай мовы, як «трасянка» (разнавіднасць змяшанага вуснага маўлення, якая характарызуецца наяўнасцю элементаў іншай моўнай сістэмы). Для сучаснай беларускай моўнай прасторы «трасянка» — гэта «пераважна беларуская мова з элементамі рускай мовы». У сучаснай двухмоўнай моўнай практыцы дадзеная разнавіднасць неафіцыйнага вуснага маўлення атрымала дастаткова шырокае распаўсюджанне і, па сутнасці, збліжаецца з так званым гарадскім прастамоўем.
Характарыстыка беларускай мовы пачатку XXI ст. павінна быць дапоўнена наступнымі ацэнкамі:
— мова, якая функцыянуе ў пісьмовай і вуснай разнавіднасцях;
— мова, сістэма якой прадстаўлена некалькімі падсістэмамі, па-рознаму запатрабаванымі ў розных сферах зносін;
— мова, якая інтэнсіўна развіваецца ў плане павелічэння сваіх разнавіднасцей і пашырэння слоўнікавага запасу;
— мова, якая «заваёўвае» новыя сучасныя сферы дзейнасці грамадства.
Такім чынам, з моманту існавання незалежнай беларускай дзяржавы беларуская нацыянальная мова не толькі атрымала статус дзяржаўнай, але і прайшла значны шлях у плане павелічэння колькасці сваіх разнавіднасцей (падсістэм) і функцыянальных стыляў, а таксама пашырэння сфер функцыянавання. У цяперашні час ёю ў той ці іншай ступені карыстаюцца самыя шырокія пласты насельніцтва для забеспячэння камунікатыўных патрэб.
Месца беларускай мовы на моўнай карце свету
У ХХІ ст. беларуская мова выйшла за межы этнічнай тэрыторыі пражывання яе носьбітаў. Яна мае фіксаваны статус не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой, а таксама ўваходзіць у першую сотню найбольш пашыраных сучасных моў свету.
Сферы ўжывання беларускай мовы
Беларуская літаратурная мова прадстаўлена фактычна ва ўсіх камунікатыўных сферах і дастаткова актыўна выкарыстоўваецца ў многіх з іх. Яна шырока прысутнічае ў сферы школьнай адукацыі, якая адыгрывае надзвычай важную ролю ў фарміраванні беларускамоўнай кампетэнцыі вучнёўскай моладзі ў сучасных умовах. Беларуская мова ў школе з’яўляецца не толькі вучэбным прадметам, але і рэальным сродкам навучання. У цэлым сярэдняя школа ў сучасных умовах фактычна выступае тым асноўным дзяржаўным інстытутам, які фарміруе і падтрымлівае беларускамоўную кампетэнцыю грамадства. Акрамя таго, на беларускай мове ствараецца мастацкая літаратура. У пэўнай ступені беларуская мова прысутнічае ў сферы вышэйшай адукацыі і навукі. Перш за ўсё трэба адзначыць ролю беларускай мовы ў сферы гуманітарнай вышэйшай адукацыі, а таксама навукі — акадэмічнай і ВНУ. Беларуская мова пранікае і ў іншыя сферы адукацыі і навукі.
Значная ўдзельная вага беларускай мовы ў сучаснай беларускай інфармацыйнай прасторы, у сродках масавай інфармацыі. Узрасла роля беларускай мовы ў сферы візуальнай і гукавой інфармацыі на вуліцах гарадоў і вёсак, у розных публічных і грамадскіх месцах. Беларуская мова абмежавана прысутнічае і ў сферы справаводства і кіравання. Шэраг афіцыйных дакументаў і заканадаўчых актаў таксама атрымліваюць беларускамоўнае афармленне. Усё гэта сведчыць аб паступовым уключэнні беларускай мовы ў тыя значныя сферы камунікацыі, у якіх яна павінна выкарыстоўвацца як дзяржаўная мова.
Беларуская мова зрабіла першыя крокі па ўваходжанні ў такую традыцыйна рускамоўную сферу жыцця беларускага грамадства, як ваенная. Традыцыйна назвы родаў войск, найменняў ваенных падраздзяленняў, іншых апазнавальных знакаў і нашывак на абмундзіраванні ваеннаслужачых даюцца на беларускай мове. Яна з’яўляецца рабочай мовай роты Ганаровай варты. Выдадзены спецыяльныя слоўнікі ваеннай тэрміналогіі. У 2009 г. у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі па заказе Міністэрства абароны былі перакладзены і ў 2010 г. выдадзены на беларускай мове «Агульнавоінскія статуты Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь».
У выданне ўключаны: Статут унутранай службы Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2001 г. № 355; Статут гарнізоннай і каравульнай службаў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2001 г. № 355; Дысцыплінарны статут Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, зацверджаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2001 г. № 355; Страявы статут Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, зацверджаны загадам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь ад 22 чэрвеня 2001 г. № 6.
У апошнія дзесяцігоддзі беларуская мова актыўна пранікае ў канфесійную сферу. На беларускай мове праводзяцца службы ў каталіцкім касцёле і ў праваслаўнай царкве, а таксама набажэнствы іншых рэлігійных канфесій. Выдадзены пераклады рэлігійных тэкстаў на сучасную беларускую мову, што можа спрыяць фарміраванню новага функцыянальнага стылю беларускай літаратурнай мовы.
Ва ўсе часы важнае значэнне для развіцця літаратурна-пісьмовай беларускай мовы, павышэння яе грамадскага прэстыжу меў пераклад на беларускую мову кніг Бібліі і Евангелля. Першым друкаваным перакладам Бібліі на беларускую мову з’яўляюцца выданні беларускага першадрукара Францыска Скарыны, які на працягу 1517–1519 гг. выдаў у Празе 23 кнігі Бібліі на мове, набліжанай да жывой беларускай мовы таго часу. Выданні Бібліі Францыска Скарыны з’яўляюцца прыкладам аўтарскай адаптацыі Свяшчэннага Пісання да жывой славянскай мовы. Каля 1580 г. было выдадзена на беларускай мове Евангелле В. Цяпінскага, у якім беларускі тэкст падаецца паралельна з царкоўнаславянскім. Усё гэта спрыяла з’яўленню на беларускай мове вялікай колькасці друкаваных кніг рэлігійнага зместу.
Вялікая цікавасць да перакладу кніг Свяшчэннага Пісання на беларускую мову пачала праяўляцца ў пачатку XX ст. Найбольш вядомы сучасны пераклад Бібліі на беларускую мову каталіцкага святара Уладзіслава Чарняўскага, які атрымаў благаславенне ад Папы Рымскага ў 1968 г. (выданне 1997–2002), а таксама пераклад Васіля Сёмухі і інш. Біблейскай камісіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы, створанай у 1989 г. мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, ажыццёўлены пераклад на сучасную беларускую мову «Новага Запавету Госпада нашага Ісуса Хрыста». Выданне было прадстаўлена мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам 2 верасня 2017 г. падчас святкавання Дня беларускага пісьменства ў Полацку.
Вядомы беларускі вучоны-лінгвіст Ф. Д. Клімчук пераклаў Святое Евангелле на дыялектную беларускую мову — палескую гаворку вёскі Сіманавічы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці (Фёдар Данілавіч Клімчук. «Новый Завіт». Пераклад на заходнепалескую гаворку).
Беларуская мова — гэта поўнафункцыянальная мова, здольная паспяхова абслугоўваць усе камунікатыўныя патрэбы сучаснага грамадства. Аднак у многіх традыцыйных сферах яе прысутнасць застаецца сімвалічнай, неабходна пашырэнне яе выкарыстання ва ўсіх сферах афіцыйных зносін.
Лінгвістычныя аспекты функцыянавання беларускай мовы як дзяржаўнай у Рэспубліцы Беларусь
Нацыянальная беларуская мова па ўзроўні свайго развіцця на сучасным этапе існавання ў поўнай меры адпавядае ўсяму комплексу ўмоў лінгвістычнага плана, якія дазваляюць ёй паспяхова ажыццяўляць усе камунікатыўныя функцыі дзяржаўнай мовы, а таксама прадастаўляюць кожнаму грамадзяніну магчымасць выкарыстання яе ў сваёй прафесійнай і паўсядзённай дзейнасці. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца наступныя лінгвістычныя фактары:
— адпаведны ўзровень развіцця моўнай сістэмы (наяўнасць літаратурнага стандарту, багаты слоўнікавы запас, распрацаваная навуковая тэрміналогія, устойлівая пісьмовая традыцыя і стабільная арфаграфія, развітая сістэма словаўтварэння для аператыўнага папаўнення намінатыўных рэсурсаў мовы ў адпаведнасці з патрэбамі сучаснай камунікацыі і г. д.);
— дастатковае тэарэтычнае забеспячэнне (высокі ўзровень сучаснага беларускага мовазнаўства, усебаковае даследаванне і поўнае комплекснае апісанне ўсіх узроўняў сістэмы беларускай мовы, наяўнасць поўных акадэмічных граматык, нарматыўных тлумачальных і іншых слоўнікаў беларускай літаратурнай мовы і г. д.);
— наяўнасць дастатковай факталагічнай базы (комплекс практычных даведнікаў і дапаможнікаў для забеспячэння адукацыйнага працэсу і моўнай практыкі: падручнікі і дапаможнікі для ўсіх узроўняў моўнай адукацыі, слоўнікі, у т. л. двухмоўныя, дапаможнікі рознага тыпу, у т. л. тэрміналагічныя);
— наяўнасць стабільных арфаграфічных норм і пісьмовай практыкі.
Лінгвістычныя ўмовы функцыянавання беларускай мовы як дзяржаўнай ва ўсіх сферах афіцыйных зносін былі ў значнай ступені забяспечаны беларускімі лінгвістамі ў папярэдні перыяд. У 2‑й палове XX ст. былі створаны такія фундаментальныя працы па беларускай мове, як акадэмічныя граматыкі, перакладныя руска-беларускі і беларуска-рускі слоўнікі, Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (у 5 тамах, 6 кнігах), нарматыўны арфаграфічны слоўнік беларускай мовы, шэраг спецыяльных тэрміналагічных слоўнікаў і іншых фундаментальных прац, якія сталі тэарэтычнай і факталагічнай базай для ўсёй вучэбнай літаратуры па беларускай мове.
Са з’яўленнем у першыя гады незалежнасці перад беларускай мовай як дзяржаўнай новых магчымасцей стала актуальнай задача ўдасканалення і пашырэння існуючай лінгвістычнай базы.
Падрыхтоўка (удасканаленне) лінгвістычнай базы
Вялікую ролю ва ўдасканаленні лінгвістычнай базы, якая забяспечвае функцыянаванне дзяржаўнай беларускай мовы, па-ранейшаму адыгрывае Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі — адзіная ў краіне навуковая ўстанова, у якой праводзяцца сістэмныя даследаванні па беларускай мове і рыхтуюцца фундаментальныя працы, накіраваныя на забеспячэнне патрэб сучаснай моўнай практыкі і навучальнага працэсу. З 1990‑х гг. у інстытуце была праведзена вялікая работа па абнаўленні тэарэтычнай і факталагічнай лінгвістычнай базы беларускай мовы для забеспячэння яе функцыянавання як дзяржаўнай у важнейшых сферах афіцыйных зносін.
У 1994 г. была выдадзена энцыклапедыя «Беларуская мова» — першы ў гісторыі беларускага мовазнаўства даведнік па беларускай мове [Беларус. Энцыкл.: пад рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш., 1994]. Навукова-папулярны выклад тэксту спалучае сістэмнасць, паўнату і навуковасць асноўных звестак аб сістэме сучаснай беларускай мовы і яе гістарычным развіцці. Уключаны звесткі аб гісторыі беларускай мовы, яе пісьмовых і друкаваных помніках, структуры, граматычным ладзе, сучасным стане, айчынных і замежных даследчыках беларускай мовы. Выданне прызначана для самага шырокага кола чытачоў, перш за ўсё для школьнай і студэнцкай моладзі, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца мовай беларускага народа. Калектыў стваральнікаў энцыклапедыі атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.
У 1996 г. пабачыў свет першы ў гісторыі беларускай лексікаграфіі акадэмічны аднатомны тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы («Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» / пад рэд. М. Р. Судніка, М. Н. Крыўко, 1996). Неабходнасць такога кампактнага і зручнага лексікаграфічнага даведніка абумоўлена, перш за ўсё, актыўным пранікненнем беларускай мовы як дзяржаўнай мовы краіны ў важнейшыя сферы зносін. Слоўнік уключае больш за 65 тыс. слоў. У слоўнікавых артыкулах даюцца кароткія тлумачэнні значэнняў слова, прыклады яго ўжывання ў мове, тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні. Шырока выкарыстоўваюцца ў слоўніку ў якасці ілюстрацый афарызмы, прыказкі і прымаўкі, у неабходных выпадках даецца тлумачэнне іх значэнняў. Прыводзяцца таксама асноўныя граматычныя формы слова, стылістычныя паметы, указваецца сфера ўжывання, паказваецца націск. Гэты слоўнік, разлічаны на шырокае кола чытачоў і спецыялістаў-мовазнаўцаў, быў асабліва запатрабаваны ў канцы XX — пачатку XXI ст. і вытрымаў 4 перавыданні.
У значна дапоўненым і перапрацаваным выглядзе ў 2016 г. выйшла новае выданне гэтага слоўніка пад навуковай рэдакцыяй І. Л. Капылова («Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы: больш за 65 000 слоў» / уклад.: І. Л. Капылоў і інш.; пад рэд. І. Л. Капылова, 2016).
Рэестр новага выдання слоўніка істотна папоўнены за кошт новых актуальных для сучаснай беларускай мовы слоў; унесены ўдакладненні і дапаўненні ў тлумачэнне асобных слоў і тэрмінаадзінак, цалкам перапрацаваны некаторыя слоўнікавыя артыкулы, што абумоўлена сацыяльна-палітычнымі, эканамічнымі, культурна-адукацыйнымі зменамі ў жыцці беларускага грамадства; шэраг слоў папоўнены новымі актуальнымі для сучаснай беларускай мовы значэннямі. Слоўнік падрыхтаваны з улікам змен у правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, ён актуальны для рэальнага ўкаранення беларускай мовы ў найбольш важныя сферы камунікацыі, у якіх яна павінна выкарыстоўвацца як дзяржаўная мова.
Распрацоўка і ўпарадкаванне беларускай навуковай тэрміналогіі
З мэтай пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў розных сферах у 1990‑я гг. істотна актывізавалася тэрміналагічная праца.
Вялікую ролю ва ўпарадкаванні і ўдасканаленні беларускай навуковай тэрміналогіі адыграла Рэспубліканская тэрміналагічная камісія пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, створаная Прэзідыумам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на аснове пастановы Савета Міністраў БССР ад 12 сакавіка 1980 г. № 112 «Об упорядочении белорусской научной и научно-технической терминологии» і Статута Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 лютага 2003 г. № 56 «О некоторых вопросах Национальной академии наук Беларуси» (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2003 г., № 17, 1/4378).
У кароткія тэрміны былі падрыхтаваны дзясяткі тэрміналагічных слоўнікаў па вялікім спектры навуковых і вытворчых галін. Сярод найбольш фундаментальных:
«Русско-белорусский политехнический словарь» (в 2 т. Т. 1. А — Н / НАН Беларуси, Ин-т языкознания им. Я. Коласа; ред. И. Л. Бурак и др., 1997; Т. 2. О — Я / НАН Беларуси, Ин-т языкознания им. Я. Коласа; ред. И. Л. Бурак и др., 1998). Слоўнік уключае каля 157 тыс. тэрмінаў па розных галінах навукі і тэхнікі: авіяцыі, аўтасправе, будаўніцтве, вылічальнай тэхніцы, гідратэхніцы, горнай справе, касманаўтыцы, матэматыцы, машынабудаванні, металаапрацоўцы, нафтахімічнай прамысловасці, радыётэхніцы, хіміі, ядзернай фізіцы і інш. Разлічаны на навуковых і інжынерна-тэхнічных работнікаў, студэнтаў і выкладчыкаў устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
«Руска-беларускі слоўнік сельскагаспадарчай тэрміналогіі» (М. В. Бірыла, Г. У. Арашонкава, В. А. Бабкова і інш.; пад рэд. М. В. Бірылы, Г. У. Арашонкавай, 1994). Уключае больш за 70 тыс. тэрмінаў, якія належаць да розных галін сельскагаспадарчай вытворчасці, а таксама да іншых сфер, непасрэдна звязаных з сельскай гаспадаркай. Слоўнік змяшчае тэрміналогію па аграноміі, раслінаводстве, глебазнаўстве, сельскагаспадарчай механізацыі і жывёлагадоўлі, ветэрынарыі, гідратэхнічнай меліярацыі, аграбіялогіі, біяхіміі, прыкладной батаніцы, эканоміцы і арганізацыі сельскай гаспадаркі, тэхналогіі апрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі і г. д. Слоўнік уключае назвы ўсіх відаў дзейнасці, звязаных з апрацоўкай глебы, сяўбой, вырошчваннем, зборам і захоўваннем ураджаю, утрыманнем свойскай жывёлы, птушкі; назвы тэхнічных сродкаў, прылад працы і іх частак, угнаенняў і хімічных сродкаў; назвы сельскагаспадарчых (палявых, агародных і садовых) культур і іх гатункаў, вырабаў і прадуктаў сельскагаспадарчай вытворчасці; назвы асноўных рамёстваў, звязаных з сельскай гаспадаркай (кавальская, сталярная, ганчарная справа і інш.), тэрміналогію пчалярства, рыбаводства і рыбалоўства і інш. У слоўніку шырока прадстаўлена тэрміналогія флоры і фаўны.
Выдадзены двухмоўныя тлумачальныя руска-беларускія тэрміналагічныя слоўнікі. Напрыклад, «Русско-белорусский терминологический словарь по порошковой металлургии» (2012) змяшчае больш за 3 тыс. тэрмінаў і тэрміналагічных выразаў і іх пашыраных азначэнняў, якія ўключаюць спадарожныя тэрміны і паняцці.
Стварэнне моўнай і нарматыўнай базы па выкарыстанні беларускай мовы ў сферы анамастыкі
З утварэннем незалежнай Рэспублікі Беларусь востра паўстала праблема фарміравання беларускамоўнай анамастычнай прасторы краіны, якая патрабуе сістэматызацыі і ўпарадкавання нацыянальнай моўнай анамастычнай базы, што ўключае, перш за ўсё, поўны рэестр беларускамоўных назваў населеных пунктаў краіны, найменняў унутрыгарадскіх аб’ектаў і г. д. У гэтым кірунку ў першыя два дзесяцігоддзі незалежнасці беларускімі лінгвістамі была праведзена велізарная праца, якая дазволіла ўвесці беларускую мову ў гэтую частку інфармацыйнай прасторы беларускага соцыуму. Вядучую ролю ў арганізацыі гэтай працы адыгралі Тапанімічная камісія пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, Камітэт па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканская тапанімічная камісія пры НАН Беларусі.
Даведнікі назваў населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь. Адным з найбольш значных вынікаў намаганняў вялікага калектыву беларускіх мовазнаўцаў у гэтым кірунку стала падрыхтоўка і выданне пад навуковым кіраўніцтвам доктара філалагічных навук прафесара В. П. Лемцюговай серыі нарматыўных даведнікаў назваў населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь па абласцях. Усяго ў 2003–2009 гг. выдадзена 6 кніг.
Гэтыя даведнікі ўзгоднены з Тапанімічнай камісіяй пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь і зацверджаны Камітэтам па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь у якасці нарматыўных выданняў, прызначаных для выкарыстання рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання, юрыдычнымі і фізічнымі асобамі.
Нарматыўныя даведнікі ўключаюць назвы ўсіх населеных пунктаў па абласцях у межах адміністрацыйна-тэрытарыяльных падраздзяленняў (раён, пасялковы, сельскі савет). Назвы падаюцца на беларускай мове кірыліцай і лацініцай, а таксама на рускай мове. У беларускамоўнай частцы ва ўсіх назвах паказаны націск, граматычны род, множны лік, прыводзяцца парадыгмы скланення, варыянты рэестравых назваў і страчаныя назвы. Даведнікі суправаджаюцца прадмовамі на беларускай і рускай мовах, алфавітнымі паказальнікамі назваў населеных пунктаў у трох графічных варыянтах.
Упарадкаванню іменаслоўнай практыкі ў краіне, перш за ўсё пры афармленні дакументаў (пашпартоў, дакументаў аб адукацыі, пасведчанняў аб нараджэнні, заключэнні шлюбу і г. д.), у значнай ступені спрыялі выдадзеныя нарматыўныя слоўнікі беларускіх асабовых імён. Важнейшымі сярод іх з’яўляюцца: «Слоўнік асабовых уласных імён» (укладальнік М. Р. Суднік, 2005), «Слоўнік асабовых уласных імён» (укладальнік А. К. Усціновіч, 2011), «Слоўнік асабовых уласных імён» (укладальнікі У. М. Завальнюк, В. К. Раманцэвіч; 2017).
Нарматыўная база па транслітарацыі
З набыццём Рэспублікай Беларусь дзяржаўнай незалежнасці і яе актыўным уключэннем у сферу міжнароднага супрацоўніцтва вельмі важнай праблемай моўнай сферы жыцця стала неабходнасць транслітарацыі сродкамі лацінскага алфавіта беларускіх уласных найменняў, у т. л. імён і прозвішчаў грамадзян пры афармленні дакументаў, якія сведчаць асобу.
Рэгламентуючымі дакументамі ў гэтай сферы моўнай практыкі сталі наступныя нарматыўныя дакументы:
Закон Рэспублікі Беларусь ад 16 лістапада 2010 г. «Аб найменнях геаграфічных аб’ектаў» (Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 16 студзеня 2018 г., 2/2527);
«Інструкцыя па транслітарацыі прозвішчаў і ўласных імён грамадзян Рэспублікі Беларусь пры ўключэнні іх персанальных даных у рэгістр насельніцтва» (пастанова Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 9 кастрычніка 2008 г. № 288).
Гэтыя нарматыўныя акты дазваляюць забяспечыць адпаведнасць дадзенай сферы моўнай практыкі міжнародным стандартам.
Забеспячэнне адзінства беларускай пісьмовай мовы
Адной з важнейшых лінгвістычных умоў, якія забяспечваюць функцыянаванне дзяржаўнай беларускай мовы ў афіцыйных сферах зносін і адукацыйным працэсе, з’яўляецца наяўнасць дастатковай пісьмовай традыцыі і стабільных арфаграфічных норм. Менавіта выпрацоўка адзіных правіл правапісу стала найважнейшай і неабходнай умовай увядзення беларускай мовы ў афіцыйныя сферы зносін і школьную адукацыю ў 1920‑я гг. Праблемы беларускай арфаграфіі былі актуальнымі для беларускай мовы на працягу ўсяго XX ст. Асаблівую вастрыню яны набылі ў канцы XX ст., калі на агульным фоне рэзкага павышэння цікавасці да беларускай мовы ў грамадстве вельмі востра паўсталі пытанні ўдасканалення сістэмы арфаграфічных норм і ліквідацыі арфаграфічнага разнабою на старонках беларускамоўных выданняў. Менавіта таму перад айчыннымі лінгвістамі ў першыя гады існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь стаялі задачы забеспячэння арфаграфічнага адзінства беларускай літаратурнай мовы і пераемнасці пісьмовай традыцыі.
Рашэнне гэтых задач ажыццяўлялася з улікам гістарычнай традыцыі і практыкі арфаграфічнага рэгулявання ў XX ст.
Беларуская мова як дзяржаўная мова нашай краіны і мова тытульнай нацыі адыгрывае надзвычай важную ролю ў жыцці сучаснага беларускага грамадства, таму адзінства і стабільнасць арфаграфічных норм у значнай меры забяспечвае стабільнасць у моўнай сферы камунікацыі і мае важнае дзяржаўнае і палітычнае значэнне.
Беларуская арфаграфія ў сваёй аснове адлюстроўвае асаблівасці і заканамернасці моўнай сістэмы, асаблівасці фанетычнага (гукавога) ладу мовы і забяспечвае функцыянаванне пісьмовай мовы ў важнейшых сферах зносін. Разам з тым сістэма арфаграфічных норм любой мовы не можа доўгі час заставацца нязменнай, яна павінна пастаянна ўдасканальвацца. Гэта актуальна для беларускай арфаграфіі, якая ў значнай ступені грунтуецца на фанетычным прынцыпе, пры якім у пісьмовым маўленні адлюстроўваюцца асаблівасці вымаўлення, а таму асабліва адчувальная да любых змен у сістэме мовы, у першую чаргу ў яе слоўнікавым складзе. Таму невыпадкова ў канцы XX ст. пытанне аб удасканаленні беларускай арфаграфіі набыло асаблівую актуальнасць.
Менавіта ў гэты перыяд у сістэме беларускай мовы і ў моўнай практыцы адбыліся пэўныя змены. Істотна абнавіўся слоўнікавы склад беларускай мовы, лексіка папоўнілася шматлікімі запазычаннямі, якія патрабавалі арфаграфічнага ўпарадкавання. Акрамя таго, на старонках беларускамоўнага друку атрымалі пашырэнне ненарматыўныя арфаграфічныя варыянты. Усё гэта прывяло да прыкметнага парушэння адзінства арфаграфічных норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы, арфаграфічнага разнабою на старонках беларускамоўных выданняў. Сітуацыя ўскладнялася яшчэ і тым, што дзеючыя на той момант «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» былі выдадзены ў 1959 г. і ўжо даўно сталі недаступнымі для настаўнікаў і выкладчыкаў беларускай мовы, работнікаў СМІ і ўсіх тых, хто карыстаўся пісьмовай беларускай мовай у сваёй прафесійнай і паўсядзённай дзейнасці. Таму ўзнікла вострая неабходнасць удакладнення, карэкціроўкі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), якія былі распрацаваны і прыняты ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР ад 11 мая 1957 г. «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу» і на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў забяспечвалі патрэбы беларускамоўнай пісьмовай практыкі і вывучэнне беларускай мовы ў школе.
Фарміраванне і ўдасканаленне арфаграфічнай сістэмы беларускай мовы ў XX ст.
У 1918 г. была апублікавана «Беларуская граматыка для школ» Б. Тарашкевіча, у якой фактычна ўпершыню былі сфармуляваны асноўныя прынцыпы беларускай арфаграфіі і дастаткова поўна і паслядоўна выкладзены асноўныя правілы правапісу галосных і зычных літар. Гэтыя правілы дазволілі забяспечыць неабходнае адзінства беларускай пісьмовай мовы таго часу і актыўна ўводзіць яе ў афіцыйныя сферы зносін і школьную адукацыю.
Б. Тарашкевічу з улікам асаблівасцей моўнай сітуацыі і пільнай патрэбай забяспечыць дастатковую своеасаблівасць пісьмовага беларускага маўлення ўдалося спалучыць два асноўныя прынцыпы арфаграфіі — фанетычны і марфалагічны. Пры гэтым фанетычнаму прынцыпу (які адлюстроўвае ў пісьмовым маўленні асаблівасці беларускага вымаўлення: лес — лясны) у большай ступені падпарадкоўвалася напісанне галосных літар, а марфалагічнаму (захаванне напісання значымых частак слова — марфем — у нязменным выглядзе незалежна ад іх вымаўлення: дубы — дуб, зубы — зуб, хоць у словах дуб і зуб канчатковы зычны б вымаўляецца як [п]) — напісанне зычных літар. Гэтыя прынцыпы застаюцца вядучымі і ў сучаснай беларускай арфаграфіі, што з’яўляецца спецыфічнай асаблівасцю пісьмовай беларускай мовы ў параўнанні з рускай. Граматыка Б. Тарашкевіча адыграла выключна важную ролю ў пашырэнні выкарыстання беларускай мовы ва ўсіх сферах зносін, у першую чаргу ў школьнай адукацыі ў 1920‑я гг. На працягу гэтага часу яна вытрымала некалькі перавыданняў і выдавалася як кірылічным, так і лацінскім алфавітам. На яе аснове падрыхтаваны шматлікія падручнікі і іншыя дапаможнікі па беларускай мове.
Разам з тым у Граматыцы Б. Тарашкевіча заставалася дастаткова спрэчных і нявырашаных пытанняў, якія датычыліся, у прыватнасці, правапісу слоў іншамоўнага паходжання.
Моўная практыка 1920‑х гг. выявіла гэтыя недахопы, у сувязі з чым паўстала пытанне аб рэформе беларускай арфаграфіі. Гэта пытанне першымі паднялі школьныя настаўнікі, якія вучылі дзяцей на беларускай мове і часцей за іншых сутыкаліся з праблемамі аднастайнасці пісьмовай беларускай мовы.
У 1926 г. была праведзена Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускай арфаграфіі і алфавіта. У яе рабоце прынялі ўдзел найбольш вядомыя беларускія лінгвісты таго часу, пісьменнікі, настаўнікі беларускай мовы, а таксама замежныя лінгвісты. На канферэнцыі былі грунтоўна абмеркаваны найбольш вострыя і спрэчныя пытанні дзеючай у той час арфаграфіі (г. зн. фактычна сістэмы правіл арфаграфіі Граматыкі Б. Тарашкевіча): перадача на пісьме акання/якання ў словах іншамоўнага паходжання, выкарыстанне мяккага знака для абазначэння на пісьме асіміляцыйнай мяккасці зычных (напісанні тыпу сьнег, зьвер, дзьверы) і інш. На канферэнцыі таксама абмяркоўвалася праблема беларускай графікі, паколькі да гэтага часу ў выданнях на беларускай мове паралельна выкарыстоўваліся дзве графічныя сістэмы — кірыліца і беларуская лацінка. Пасля канферэнцыі было прынята рашэнне аб выкарыстанні толькі аднаго кірылічнага алфавіта для пісьмовай беларускай мовы. Гэта рашэнне з практычнага пункту гледжання было правільным і цалкам абгрунтаваным, паколькі рабіла больш лёгкім вывучэнне беларускай мовы ў школе і пашырала доступ шырокіх слаёў насельніцтва да друкаванай прадукцыі на беларускай мове.
Пасля канферэнцыі была створана спецыяльная арфаграфічная камісія, якая павінна была распрацаваць новыя правілы беларускай арфаграфіі. У складзе гэтай камісіі працавалі найбольш вядомыя і аўтарытэтныя беларускія лінгвісты таго часу: С. Некрашэвіч (старшыня), Я. Лёсік, В. Ластоўскі, П. Бузук, І. Бялькевіч, Я. Купала, У. Чаржынскі, А. Багдановіч (сакратар). Да 1929 г. камісія падрыхтавала першы варыянт новай беларускай арфаграфіі, які быў апублікаваны ў 1930 г. і ўключаў 77 правіл. Многія палажэнні выпрацоўваліся ў выніку працяглых дыскусій і спрэчак.
У 1933 г. быў апублікаваны новы праект беларускай арфаграфіі. Пасля яго абмеркавання і дапрацоўкі была прынята пастанова Савета Народных Камісараў БССР ад 26 жніўня 1933 г. № 1312 «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу», а ў 1934 г. выдадзены «Правапіс беларускай мовы». Такім чынам была ажыццёўлена рэформа беларускай арфаграфіі, якая з’яўляецца, дарэчы, першай і апошняй рэформай у гісторыі новай беларускай літаратурнай мовы, паколькі ўсе наступныя змяненні маюць характар толькі карэкціроўкі і ўдакладнення ўзаконеных рэформай 1934 г. правіл.
У выніку гэтай рэформы правілы правапісу былі істотна набліжаны да фанетычнага ладу беларускай мовы (у большай ступені сталі адпавядаць вуснаму маўленню, найбольш распаўсюджанаму ў мінска-маладзечанскіх гаворках, што ляжаць у аснове сучаснай беларускай літаратурнай мовы), якая стала больш сістэмнай і ўпарадкаванай, што ў цэлым адпавядала патрэбам моўнай практыкі і забяспечвала паспяховае выкарыстанне беларускай мовы ў сферы школьнай адукацыі.
Сярод істотных змяненняў, замацаваных рэформай, сталі:
адмена выкарыстання напісання мяккага знака для абазначэння асіміляцыйнай мяккасці зычных (у адпаведнасці з новай арфаграфіяй сталі пісаць снег, звер, дзверы; паводле Граматыкі Б. Тарашкевіча гэтыя словы пісаліся з мяккім знакам: сьнег, зьвер, дзьверы);
больш сістэмнымі сталі правілы правапісу а і я ў ненаціскных складах (напрыклад, замацоўвалася нязменнае напісанне прыназоўніка без і часціцы не незалежна ад месца націску ў наступных словах: без слоў, не ведаў);
быў значна ўніфікаваны правапіс зычных, ужыванне апострафа перад ётаванымі галоснымі;
істотна змяніўся правапіс зычных (а таму і іх вымаўленне) у іншамоўных словах (па новых правілах пачалі пісаць і гаварыць філалогія, планета, газета, клуб, а не філёлёгія, плянэта, газэта, клюб) і г. д.
«Правапіс…» 1934 г. стаў абавязковым на ўсёй тэрыторыі Беларусі і забяспечыў адзінства пісьмовай мовы фактычна на чвэрць стагоддзя. Разам з тым прынятыя ў 1934 г. правілы беларускай арфаграфіі не вырашылі ўсіх праблем пісьмовай беларускай мовы. Таму праца па ўдасканаленні беларускай арфаграфіі працягвалася і пасля 1934 г.
У выніку 9 жніўня 1951 г. у «Настаўніцкай газеце» быў апублікаваны «Праект змен і ўдакладненняў беларускага правапісу, распрацаваны Арфаграфічнай камісіяй Інстытута мовы, літаратуры і мастацтва Акадэміі навук БССР пад кіраўніцтвам правадзейнага члена АН БССР Якуба Коласа». У 1957 г. была прынята пастанова Савета Міністраў БССР «Аб удакладненні і частковых зменах беларускага правапісу», а ў 1959 г. выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі».
Частковыя змены арфаграфіі, прынятыя ў 1957 г., не былі чарговай рэформай, а толькі ўдакладнялі і развівалі «Правапіс беларускай мовы», прыняты ў 1934 г. Разам з тым «Правілы…» 1959 г. сталі першым вопытам стварэння поўнага збору правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі і забяспечылі адзінства пісьмовай беларускай мовы на працягу 2‑й паловы XX ст. Гэтыя правілы былі падрыхтаваны калектывам навуковых супрацоўнікаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР пад кіраўніцтвам акадэмікаў АН БССР К. К. Атраховіча (Кандрата Крапівы) і П. Ф. Глебкі. У падрыхтоўцы «Правіл…» прымалі ўдзел вядомыя беларускія вучоныя-лінгвісты М. Г. Булахаў, П. М. Гапановіч, М. П. Лобан, М. Р. Суднік, П. П. Шуба.
Арганізацыя і першыя крокі па ўдакладненні і ўдасканаленні арфаграфічных норм беларускай мовы ў пасляваенны час былі звязаны з імем народнага паэта Беларусі акадэміка Якуба Коласа, які на працягу некалькіх гадоў узначальваў арфаграфічную камісію і ўнёс вялікі ўклад у вырашэнне многіх прынцыпова важных пытанняў беларускай арфаграфіі.
«Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» 1959 г. у параўнанні з «Правапісам…» 1934 г. былі больш поўнымі, паслядоўнымі і сістэмнымі, у большай ступені адпавядалі фанетычнаму ладу беларускай мовы і асаблівасцям беларускага вымаўлення. Яны забяспечылі адзінства і стабільнасць беларускай пісьмовай мовы ў 2‑й палове XX ст., у т. л. і ў першыя два дзесяцігоддзі існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь. Гэтыя правілы былі замацаваны аўтарытэтнымі акадэмічнымі слоўнікамі і граматыкамі беларускай мовы: «Руска-беларускі слоўнік» (1953; 8‑е выд., у 3 тамах, 2002), «Беларуска-рускі слоўнік» (1962; 3‑е выд., у 3 тамах, 2003), «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (у 5 тамах, 6 кнігах; 1977–1984), нарматыўны «Слоўнік беларускай мовы» (1987), «Граматыка беларускай мовы» ў 2 тамах (1962, 1966), «Беларуская граматыка» ў 2‑х частках (1985–1986). У адпаведнасці з названымі правіламі вялося навучанне беларускай мове на ўсіх узроўнях адукацыі ў краіне. Уся беларуская вучэбная літаратура строга прытрымлівалася прынятых у 1959 г. арфаграфічных норм. Усё гэта забяспечыла беларускай мове статус высокаразвітай літаратурнай мовы з багатым слоўнікавым складам і ўпарадкаванай сістэмай норм, якая можа паспяхова абслугоўваць усе камунікатыўныя патрэбы грамадства. Дзякуючы гэтаму беларуская мова заняла годнае месца ў сям’і славянскіх моў і на лінгвістычнай карце Еўропы і свету.
Праблема ўнясення змяненняў у дзеючыя правілы беларускай арфаграфіі зноў востра паўстала ў першыя гады існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь і была абумоўлена як зменамі сацыяльна-палітычнага жыцця беларускага грамадства на мяжы стагоддзяў, так і ў першую чаргу самой моўнай практыкай і істотным абнаўленнем слоўнікавага складу беларускай літаратурнай мовы.
Закон Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» ад 23 ліпеня 2008 г. № 420‑З
Пытанне аб чарговых зменах у беларускай арфаграфіі ў 1990‑я гг. насіла як аб’ектыўны характар (змены ў сістэме беларускай мовы, папаўненне слоўнікавага складу новымі лексічнымі адзінкамі, патрэбы моўнай практыкі, неабходнасць уніфікацыі асобных правапісных норм і памяншэнне колькасці выключэнняў і г. д.), так і было абумоўлена пэўнымі палітычнымі матывамі. У прыватнасці, у некаторых колах беларускай інтэлігенцыі гэтае пытанне пераводзілася ў плоскасць вяртання да дарэформеннай арфаграфіі, г. зн. да арфаграфіі 1920‑х гг. згодна з «Беларускай граматыкай для школ» Б. Тарашкевіча. Асабліва востра дыскутавалася пытанне вяртання ў беларускую пісьмовую практыку «мяккага знака» для адлюстравання на пісьме асіміляцыйнага памякчэння зычных. У беларускамоўных выданнях таго часу, у т. л. і ў вучэбнай літаратуры, пачалі назірацца адхіленні ад устаноўленых арфаграфічных норм. Праблема ўскладнялася яшчэ і тым, што ў 1990‑я гг. пэўнае распаўсюджанне атрымалі выданні беларускамоўнага замежжа, якое прытрымлівалася ў сваёй пісьмовай практыцы дарэформенных арфаграфічных норм. У выніку парушаным аказалася адзінства арфаграфічных норм беларускай мовы, якая атрымала статус адзінай дзяржаўнай мовы згодна з Законам БССР ад 26 студзеня 1990 г. «Аб мовах у БССР».
Таму літаральна ў першыя гады існавання незалежнай Рэспублікі Беларусь пытанне адзінства беларускай пісьмовай мовы аказалася адной з найбольш важных і складаных гуманітарных праблем, якая патрабуе навуковага асэнсавання і практычнага вырашэння на дзяржаўным узроўні.
У сувязі з гэтай сітуацыяй была прынята пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 17 жніўня 1993 г. № 556 «Аб удакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы». Створаная ў адпаведнасці з гэтай пастановай Дзяржаўная камісія на чале з народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам усебакова абмеркавала і прааналізавала сітуацыю, якая склалася ў сферы беларускай арфаграфіі, і апублікавала ў верасні 1994 г. «Высновы па ўдакладненню правапісу беларускай літаратурнай мовы».
Дзяржаўная камісія прызнала, што дзеючыя правілы беларускай арфаграфіі ў цэлым забяспечваюць функцыянаванне пісьмовай мовы ва ўсіх сферах выкарыстання, не патрабуюць кардынальных змен, і рэкамендавала Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Міністэрству адукацыі падрыхтаваць да выдання новую рэдакцыю «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», у якой былі б улічаны прапановы Дзяржаўнай камісіі, а таксама патрэбы сучаснай моўнай практыкі.
Асобна Дзяржаўная камісія абмяркоўвала пытанне аб «мяккім знаку» для абазначэння на пісьме асіміляцыйнай мяккасці зычных (снег або сьнег, звер або зьвер, дзверы або дзьверы, вяселле або вясельле, пакаленне або пакаленьне, калоссе або калосьсе і г. д.). У выніку ўсебаковага разгляду пытання камісія прызнала немэтазгодным вяртанне «мяккага знака» для абазначэння на пісьме асіміляцыйнай мяккасці зычных, паколькі гэта лінгвістычна не апраўдана і не адпавядае патрэбам сучаснай моўнай практыкі.
Навуковы калектыў у складзе дактароў філалагічных навук акадэміка А. І. Падлужнага, прафесараў А. Я. Міхневіча, М. С. Яўневіча, П. П. Шубы і кандыдата філалагічных навук А. А. Крывіцкага, кіруючыся рэкамендацыямі Дзяржаўнай камісіі, на працягу 1997–1998 гг. падрыхтаваў праект новай рэдакцыі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Гэты праект пасля неаднаразова абмяркоўваўся і дапрацоўваўся, быў разгледжаны і адобраны на пасяджэннях Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Калегіі Міністэрства адукацыі. На завяршальным этапе падрыхтоўкі новай рэдакцыі «Правіл…» па ініцыятыве Міністэрства адукацыі была створана спецыяльная рабочая група, якая канчаткова дапрацавала «Правілы…» з улікам заўваг і прапаноў, зробленых падчас іх неаднаразовага абмеркавання.
Закон Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» быў прыняты 23 ліпеня 2008 г. З’яўляецца вынікам шматгадовай працы вялікага калектыву вучоных, зацвердзіў новую рэдакцыю «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» 1959 г., якая ўступіла ў сілу з 1 верасня 2010 г. Увядзенне ў дзеянне гэтага закона мела вельмі важнае значэнне для сучаснай беларускамоўнай пісьмовай практыкі, паколькі дазволіла рэальна стабілізаваць арфаграфічныя нормы сучаснай беларускай літаратурнай мовы і ліквідаваць арфаграфічны разнабой на старонках беларускамоўных выданняў.
Прынятая ў выглядзе Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» новая рэдакцыя «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» таксама не з’яўляецца чарговай рэформай беларускай арфаграфіі, а накіравана толькі на яе частковую карэкціроўку, змяншэнне колькасці выключэнняў, падпарадкаванне большасці напісанняў агульным правілам і заканамернасцям, якія ў найбольшай ступені адпавядаюць фанетычнаму (гукавому) ладу беларускай літаратурнай мовы. У гэтых адносінах новая рэдакцыя «Правіл…», уведзеная ў дзеянне з 1 верасня 2010 г., з’яўляецца больш дасканалай і практычна больш зручнай у параўнанні са зборам правіл, выдадзеных у 1959 г.
Прыняцце Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», якое з’яўляецца сведчаннем дзяржаўнага рэгулявання ў сферы моўнай палітыкі і практыкі, садзейнічала стабілізацыі арфаграфічных норм, дазволіла забяспечыць пераемнасць пісьмовай формы беларускай мовы і захаваць адзіны моўны рэжым у школьнай адукацыі, адзінства друкаваных беларускамоўных выданняў да і пасля прыняцця закона, што ў выніку спрыяла павышэнню прэстыжу ў грамадстве беларускай мовы як дзяржаўнай мовы Рэспублікі Беларусь.
Прынятая ў выглядзе Закона Рэспублікі Беларусь новая рэдакцыя «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» ва ўмовах дзяржаўнага блізкароднаснага беларуска-рускага двухмоўя і рэальнага дамінавання ва ўсіх сферах жыцця беларускага грамадства рускай мовы з’яўляецца найбольш аптымальнай і адказвае патрэбам сучаснай моўнай практыкі. Змяненні і ўдакладненні не закранаюць асноўных палажэнняў і прынцыпаў беларускай арфаграфіі, не змяняюць саму сістэму правіл і таму забяспечваюць традыцыі пераемнасці пісьмовай беларускай мовы. Апошняе набывае асаблівае значэнне з улікам стогадовай моўнай практыкі і наяўнасці вялізнага пласта беларускамоўнай кніжнай прадукцыі, якая фарміруе нацыянальна-культурную прастору сучаснага беларускага грамадства і спрыяе стварэнню нацыянальнай своеасаблівасці нашай краіны і беларускай нацыі ў сучасным свеце.
Змены ў новай рэдакцыі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» ў асноўным зводзяцца да наступнага.
У адпаведнасці з сучасным узроўнем лінгвістычнай навукі многія фармулёўкі правіл удакладнены, але не закранаюць пры гэтым іх сутнасці.
Правілы па-новаму згрупаваны, што робіць іх больш зручнымі для засваення.
Абноўлены і актуалізаваны ілюстрацыйны матэрыял.
Істотна пашырана перадача на пісьме «акання» ў словах замежнага паходжання. Так, згодна з новымі правіламі, трэба, напрыклад, пісаць адажыа, трыа, сальфеджыа і г. д. (па «Правілах…» 1959 г. неабходна было пісаць адажыо, трыо, сальфеджыо).
У словах замежнага паходжання фінальныя элементы -эр, -эль у адпаведнасці з прынцыпам перадачы на пісьме «акання» па новых правілах перадаюцца як -ар, -аль: прынтар, камп’ютар, пэйджар (у адпаведнасці з «Правіламі…» 1959 г. трэба было б пісаць прынтэр, камп’ютэр, пэйджэр). Дадзеная карэкціроўка дазволіла ўпарадкаваць арфаграфію цэлага шэрага новых запазычанняў, у напісанні якіх назіраўся істотны разнабой.
У адпаведнасці з агульным правілам перадачы на пісьме «якання» ў першым пераднаціскным складзе і ў адпаведнасці з вымаўленнем законам ўнесены змяненні ў напісанне слоў дзявяты, дзясяты, сямнаццаць, васямнаццаць і г. д. (згодна з «Правіламі…» 1959 г. пісалася дзевяты, дзесяты, семнаццаць, васемнаццаць).
Патрабаваннямі сучаснай моўнай практыкі абумоўлена ўнясенне змяненняў у напісанне складанаскарочаных слоў: прафкам, гаркам, абкам, селькар, газпрам і г. д. Паводле «Правіл…» 1959 г. гэтыя словы з’яўляліся выключэннямі з агульнага правіла і пісаліся наступным чынам: прафком, гарком, абком, селькор, газпром.
Згодна з новымі правіламі істотна скарочана колькасць выключэнняў, якія датычацца напісання «ў» (у нескладовага) у словах іншамоўнага паходжання. Так, у якасці нарматыўнага ўзаконена напісанне для ўніверсітэта, пасля ўнікальнай аперацыі і г. д. (паводле «Правіл…» 1959 г. трэба было пісаць для універсітэта, пасля унікальнай аперацыі).
Новымі правіламі спрошчаны перанос слоў.
У адпаведнасці з новымі рэаліямі ўпарадкавана напісанне вялікай і малой літары ў назвах органаў улады, арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, а таксама ў назвах асоб паводле пасад, званняў, тытулаў і г. д. (напрыклад, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і інш.). Гэта трэба лічыць вельмі істотным для выкарыстання беларускай мовы як дзяржаўнай у афіцыйных сферах зносін, паколькі рэестр такіх найменняў у незалежнай Рэспубліцы Беларусь зведаў значныя змены. Многія з сучасных найменняў у «Правілах…» 1959 г. адсутнічалі наогул.
У правілы беларускай арфаграфіі законам 2008 г. уведзены новы параграф «Вялікая і малая літары ў назвах асоб, звязаных з рэлігіямі, назвах міфалагічных і казачных герояў». Напрыклад: «З вялікай літары пішуцца асабовыя назвы вышэйшых божастваў (бостваў) у рэлігійных культах, а таксама ўсе словы ў спалучэннях, якія змяшчаюць гэтыя назвы: Бог, Яхве, Усявышні, Уладыка Нябесны, Святая Тройца». Гэтым параграфам нарматыўна замацавана напісанне цэлага шэрага беларускіх слоў, якія называюць вельмі істотныя для духоўнага жыцця сучаснага беларускага грамадства паняцці ў змененых умовах.
З новага збору правіл беларускай арфаграфіі выключаны раздзелы «Галосныя ў некаторых ненаціскных канчатках назоўнікаў», «Галосныя ў некаторых канчатках прыметнікаў і займеннікаў», «Галосныя ў некаторых канчатках лічэбнікаў», «Галосныя ў ненаціскных асабовых канчатках дзеясловаў». Палажэнні гэтых раздзелаў датычацца не столькі арфаграфіі, колькі словазмянення і знаходзяць сваё адлюстраванне ў граматыках беларускай мовы. Уключэнне гэтых раздзелаў у «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» 1959 г. было апраўдана адсутнасцю поўных акадэмічных граматык беларускай мовы і сістэмных школьных падручнікаў па беларускай мове.
У новую рэдакцыю правіл беларускай арфаграфіі ўведзены раздзел «Правапіс некаторых марфем», у якім, у прыватнасці, адлюстравана пераважнае выкарыстанне дзеясловаў іншамоўнага паходжання з суфіксам -ава- (-ява-), а не -ірава- (-ырава-). Адзначанае палажэнне вельмі істотнае для падтрымання нацыянальнай спецыфікі пісьмовай беларускай мовы ва ўмовах беларуска-рускага двухмоўя.
Законам уведзены таксама іншыя асобныя ўдакладненні, якія робяць у цэлым беларускую арфаграфію больш паслядоўнай і несупярэчлівай, у большай ступені адпаведнай фанетычнай сістэме беларускай мовы і нормам беларускага вымаўлення.
Закон не закрануў правілы пунктуацыі.
Такім чынам, ажыццёўленыя змяненні ў новай рэдакцыі «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», зацверджанай Законам Рэспублікі Беларусь 2008 г., накіраваны на ўніфікацыю беларускай арфаграфіі і памяншэнне колькасці выключэнняў, якіх было дастаткова ў «Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» 1959 г. Напісанне многіх слоў, якія з’яўляюцца згодна з «Правіламі…» 1959 г. выключэннямі, у цяперашні час падпарадкоўваецца агульным арфаграфічным нормам, што прынцыпова палягчае вывучэнне беларускай мовы ў школе, а таксама яе функцыянаванне як дзяржаўнай у афіцыйных сферах зносін.
Лінгвістычнае забеспячэнне ўвядзення закона ў моўную практыку і адукацыйны працэс
Пасля прыняцця Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» вучонымі-лінгвістамі была праведзена вялікая праца па падрыхтоўцы факталагічнай базы для яго ўвядзення ў дзеянне. Падрыхтаваны шэраг даведнікаў, дапаможнікаў, вучэбных слоўнікаў і іншай вучэбнай літаратуры, якая забяспечыла патрэбы моўнай практыкі і навучальнага працэсу.
У першую чаргу былі падрыхтаваны даведнікі і дапаможнікі, якія забяспечваюць увядзенне закона ў сістэму школьнай адукацыі. Сярод іх: «Сучасная беларуская арфаграфія: акадэмічны даведнік» (2012), «Беларускі арфаграфічны слоўнік» (2009), «Современный русско-белорусский словарь для школьников» (2009), «Беларускі арфаграфічны слоўнік для школьнікаў: дапаможнік для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання» (2010), «Современный русско-белорусский словарь» (2011), «Русско-белорусский словарь для школьников младшего возраста» (2012), «Разам, асобна, праз злучок: даведнік» (2012), «Русско-белорусский словарь для школьников» (2013), «Русско-белорусский словарь для школьников. Беларуска-рускі слоўнік для школьнікаў» (2013) і інш.
Аб практычнай запатрабаванасці гэтых дапаможнікаў сведчыць той факт, што многія з іх перавыдаваліся па некалькі разоў.
Найбольш аўтарытэтным і поўным даведнікам па сучаснай беларускай арфаграфіі з’яўляецца акадэмічны арфаграфічны «Слоўнік беларускай мовы» (Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, Інстытут мовы і літаратуры імя Я. Коласа і Я. Купалы; укладальнікі Н. П. Еўсіевіч і інш.; 2012).
Гэта найбольш поўнае акадэмічнае выданне слоўніка падрыхтавана з улікам змяненняў, якія адбыліся ў сувязі з прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». У аснову слоўніка пакладзены рэестр «Слоўніка беларускай мовы» 1987 года выдання, істотна папоўнены новай лексікай, якая ўвайшла ў актыўны ўжытак у апошнія дзесяцігоддзі, а таксама лексікай, якая можа прадстаўляць цяжкасці пры напісанні ў адпаведнасці з новымі правіламі беларускай арфаграфіі. Асаблівасцю слоўніка з’яўляецца і тое, што ў ім упершыню ўстанаўліваецца адзінае напісанне значнай колькасці сучасных запазычанняў з англійскай і іншых моў свету. Слоўнік разлічаны на мовазнаўцаў, настаўнікаў беларускай мовы, выкладчыкаў і студэнтаў філалагічных факультэтаў, журналістаў, пісьменнікаў, рэдактараў і ўсіх, хто карыстаецца беларускай мовай.
Беларуская мова ў міжнароднай дзейнасці
Актыўнае ўваходжанне Рэспублікі Беларусь у міжнародную супольнасць паставіла на парадак дня і лінгвістычнае забеспячэнне гэтай сферы дзейнасці. За апошнія гады выпушчаны шэраг перакладных іншамоўна-беларускіх слоўнікаў, напрыклад «Англійска-беларускі слоўнік = English-Belarusian Dictionary» (Т. М. Суша і інш., 2013), падрыхтаваны калектывам выкладчыкаў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам Т. М. Сушы. Слоўнік уключае каля 60 тыс. слоў і ўстойлівых словазлучэнняў англійскай мовы і іх адпаведнікі на беларускай мове, а таксама шматлікія прыклады іх ужывання. Англа-беларускі слоўнік такога тыпу і памеру падрыхтаваны ў Беларусі ўпершыню. Слоўнік рэкамендаваны выкладчыкам устаноў вышэйшай адукацыі, настаўнікам школ, студэнтам, перакладчыкам, а таксама ўсім, хто карыстаецца англійскай і беларускай мовамі.
Такім чынам, у Рэспубліцы Беларусь за апошнюю чвэрць стагоддзя праведзена вялікая работа па факталагічным забеспячэнні функцыянавання беларускай мовы як дзяржаўнай у розных сферах унутрынацыянальнай і міжнароднай камунікацыі.
Павышэнню прэстыжу нацыянальнай беларускай мовы ў краіне спрыяюць розныя мерапрыемствы агульнанацыянальнага характару. Гэта ў першую чаргу Дзень беларускага пісьменства, які праводзіцца ўжо трэцяе дзесяцігоддзе штогод у пачатку верасня і стаў адным з найбольш значных агульнанацыянальных свят. Такога кшталту мерапрыемствы накіраваны на ўсведамленне важнасці нацыянальнай беларускай мовы і ў цэлым нацыянальнай беларускай культуры для жыцця сучаснага грамадства. Яны спрыяюць вяртанню ў сучасную культурную прастору духоўнай спадчыны беларусаў, адкрыццю невядомых раней старонак багатай нацыянальнай гісторыі і культуры, усведамленню традыцый беларускага пісьменства і кнігадрукавання, іх ролі ў сучасным культурным развіцці беларускай нацыі.
Сімвалічнае значэнне мае і час правядзення гэтага свята — пачатак навучальнага года, калі школьныя класы і студэнцкія аўдыторыі адчыняюць свае дзверы для юных грамадзян нашай краіны, якія павінны са школьнай пары ўвабраць у сябе нашы нацыянальныя каштоўнасці, усвядоміць багацце і разнастайнасць нацыянальнай духоўнай культуры, значнасць кніжнай спадчыны і ролю нацыянальнай беларускай мовы ў жыцці сучаснага грамадства. Дзень беларускага пісьменства прайшоў па ўсёй Беларусі, дазволіўшы тым самым жыхарам усіх рэгіёнаў краіны дакрануцца да гісторыі і духоўнай спадчыны сваёй малой радзімы ў вядомых старажытных беларускіх культурных цэнтрах — Полацку, Тураве, Міры, Заслаўі і ў невялікіх раённых гарадах і пасёлках — Паставах, Камянцы, Смаргоні, Шклове, Ганцавічах і інш. Геаграфія свята абумоўлена асаблівасцямі культурна-гістарычнага развіцця Беларусі, сведчыць аб тым, што яно належыць усяму народу, усёй краіне. Сучасным пакаленням беларусаў важна ўсвядоміць, што ў сярэдневяковай Беларусі кніжная культура і адукацыя былі сканцэнтраваны не толькі ў буйных гістарычных цэнтрах, але і ў шматлікіх гарадах і паселішчах. Відаць, ні адна з сучасных славянскіх краін не можа пахваліцца такой колькасцю культурна-асветніцкіх цэнтраў, друкарань і адукацыйных устаноў, якія існавалі ў Сярэднія вякі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Агульнавядома, што ў XVI—XVII стст. у Вялікім Княстве Літоўскім на беларускіх землях было надрукавана 17 кірылічных буквароў, у Польшчы — 8, а ў Маскоўскай дзяржаве — толькі 5. Значэнне Дня беларускага пісьменства ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь заключаецца, перш за ўсё, у далучэнні сучасных пакаленняў беларусаў да сваёй багатай гісторыі і духоўнай культуры, да багатай кніжнай спадчыны, што мае вялікае значэнне для ўсведамлення месца і ролі беларускай мовы ў гісторыі беларускага народа і ў жыцці сучаснага грамадства як сродку зносін, скарбніцы гістарычнай памяці і культуры, сімвала нашай дзяржаўнасці, фактару гонару і годнасці нацыі.
Вялікае значэнне для падтрымання прэстыжу беларускай мовы ў сучасным грамадстве таксама маюць штогадовыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Міжнароднага дня роднай мовы. Зацверджаны рашэннем 30‑й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА ў лістападзе 1999 г. і з 2000 г. шырока адзначаецца ва ўсім свеце 21 лютага. Яго асноўнай мэтай з’яўляецца ахова моўнай і культурнай разнастайнасці, падтрымка нацыянальных моў і культур, захаванне нацыянальнай своеасаблівасці і нацыянальнай самабытнасці кожнага народа, забеспячэнне права кожнага чалавека карыстацца ў сваёй краіне роднай мовай і стварэнне ўмоў для гэтага з боку дзяржаўных органаў улады.
Для Беларусі Міжнародны дзень роднай мовы набывае асаблівае значэнне, паколькі менавіта ў гэты дзень аб’ектам увагі грамадскасці становіцца беларуская мова. Шматлікія мерапрыемствы, якія праводзяцца ў Міжнародны дзень роднай мовы, накіраваны на тое, каб звярнуць увагу грамадства і дзяржаўных органаў на неабходнасць строгага выканання моўнага заканадаўства ў краіне і забеспячэнне прынцыпаў і сутнасці дзяржаўнага двухмоўя, на фарміраванне двухмоўнай кампетэнцыі беларускага соцыуму і пашырэнне выкарыстання беларускай мовы ў тых сферах, у якіх яна павінна выкарыстоўвацца як дзяржаўная мова краіны і мова тытульнай нацыі.
Міжнароднаму прэстыжу беларускай мовы спрыяе актыўны ўдзел беларускіх вучоных-гуманітарыяў у розных міжнародных лінгвістычных праектах, навуковых канферэнцыях, сімпозіумах і г. д. Знакавай падзеяй у гэтых адносінах стала правядзенне ў 2013 г. у Мінску XV Міжнароднага з’езда славістаў, у якім прынялі ўдзел больш за 500 вучоных з 34 краін свету.
Міжнародныя з’езды славістаў — найбуйнейшыя міжнародныя навуковыя форумы — праводзяцца рэгулярна адзін раз на 5 гадоў пачынаючы з 1929 г. На іх разглядаюцца праблемы сучаснага стану і гістарычнага развіцця славянскіх моў, культур і літаратур. Правядзенне такога з’езда ў Рэспубліцы Беларусь стала сведчаннем прызнання дасягненняў краіны, якая ў XXI ст. паспяхова рухаецца наперад па шляху нацыянальна-культурнага будаўніцтва.
Значэнне XV Міжнароднага з’езда славістаў у Мінску для развіцця сусветнай славістыкі і падтрымання славянскага адзінства адзначыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка ў сваім прывітанні ўдзельнікам з’езда. У прыватнасці, у тэксце прывітання гаворыцца: «…Сімвалічна, што месцам правядзення юбілейнага форуму абрана Беларусь — сэрца славянскай цывілізацыі, якая ўносіць важкі ўклад у захаванне яе каштоўнасцей і ідэалаў. Беларусы берагуць гэтую спадчыну і заўсёды памятаюць пра тое, што толькі разуменне ўнікальнасці кожнай нацыі і яе духоўных дасягненняў не дазволіць братам-славянам страціць сябе ў глабалізаваным свеце».
Значэнне гэтага навуковага форуму яшчэ і ў тым, што яго ўдзельнікі змаглі ўбачыць дасягненні нашай краіны ў сферы культурна-моўнага будаўніцтва, пазнаёміцца з нацыянальнай культурай і традыцыямі, наведаць гістарычныя месцы Беларусі. У навуковай тэматыцы з’езда асаблівая ўвага была ўдзелена беларускай мове, беларускай літаратуры і беларускай традыцыйнай культуры і фальклору, багатай кніжнай спадчыне і спецыфіцы моўнай сітуацыі ў гісторыі Беларусі і ў сучаснасці. Правядзенне ў Мінску XV Міжнароднага з’езда славістаў дазволіла Беларусі ўвайсці ў клуб славянскіх дзяржаў, дзе прайшлі міжнародныя з’езды славістаў.
Руская мова
Руская мова — другая дзяржаўная мова Рэспублікі Беларусь, гэтак жа як і беларуская, належыць да ўсходнеславянскай падгрупы славянскай групы індаеўрапейскай сям’і моў. У цяперашні час руская мова з’яўляецца адной з найбуйнейшых моў свету. Яна — нацыянальная мова рускай нацыі і дзяржаўная мова Расійскай Федэрацыі, а таксама адна з афіцыйных і рабочых моў ААН і ЮНЕСКА і іншых міжнародных арганізацый.
Руская мова з’яўляецца важнай складовай часткай моўнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь як дзяржаўная і мова, якая ўжываецца ў большасці сфер афіцыйных і неафіцыйных зносін.
У камунікатыўнай прасторы Беларусі руская мова прадстаўлена наступнымі разнавіднасцямі: літаратурная мова (у вуснай і пісьмовай формах); гарадское прастамоўе (з элементамі беларускага маўлення — «трасянка»); сацыяльнымі дыялектамі (крымінальны жаргон, студэнцкі і моладзевы слэнг і г. д.); рэшткі астраўных (стараверскіх) гаворак у некаторых раёнах Беларусі.
Такім чынам, месца рускай мовы ў сучаснай камунікатыўнай прасторы Беларусі можа быць ахарактарызавана так:
асобная славянская мова ўсходнеславянскай падгрупы;
высокаразвітая літаратурная мова;
адна з сусветных моў;
выконвае функцыі ўнутрынацыянальных, міжнацыянальных і міжнародных зносін;
мова з працяглай бесперапыннай пісьмовай традыцыяй;
дзяржаўная мова краіны (адна з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь), а таксама дзяржаўная мова іншай дзяржавы;
мова нацыянальна-этнічнай групы і пераважная мова зносін тытульнай нацыі;
адзін са складовых кампанентаў двухмоўнай сітуацыі;
адзін з рэальных сродкаў зносін (дамінуе ў большасці сфер камунікацыі, у шэрагу афіцыйных сфер з’яўляецца практычна адзінай);
з’яўляецца часткай культурнай прасторы Беларусі (прэзентуе ў асноўным іншанацыянальную, перш за ўсё рускую, частку культурнай прасторы);
функцыянуе ў вуснай і пісьмовай разнавіднасцях;
прадстаўлена некалькімі падсістэмамі, па-рознаму запатрабаванымі ў розных сферах зносін
Шырокае выкарыстанне рускай мовы ў афіцыйных сферах зносін і ў сістэме адукацыі ў Беларусі мае даўнія гістарычныя традыцыі. Па‑першае, сваю ролю ў гэтым адыгрывае блізкае генетычнае сваяцтва беларускай і рускай моў, даўнія традыцыі беларуска-рускіх моўных кантактаў, тэрытарыяльнае суседства, адзіныя шляхі гістарычнага развіцця на пэўных этапах. Па‑другое, калі ў канцы XVIII ст. у выніку 3‑га падзелу Рэчы Паспалітай Беларусь была канчаткова далучана да Расійскай імперыі, на яе тэрыторыі руская мова стала адзінай афіцыйнай мовай. Усё гэта спрыяла шырокаму пранікненню рускай мовы ва ўсе сферы афіцыйнага жыцця тагачаснага беларускага грамадства і сістэму адукацыі. У XIX ст. афіцыйная палітыка Расійскай імперыі была накіравана на ўзмацненне ролі рускай мовы на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю, што прывяло да фактычнага адмаўлення афіцыйнай расійскай лінгвістыкай самастойнага статусу беларускай мовы.
У XX ст. у СССР руская мова мела статус мовы міжнацыянальных зносін. Ёй адводзілася роля аднаго з асноўных фактараў сацыяльна-палітычнага і ідэйнага адзінства савецкага народа, развіцця і ўзаемаўзбагачэння нацыянальных культур. Усё гэта абумовіла дамінуючыя пазіцыі рускай мовы ў Беларусі як асноўнага сродку зносін у палітыцы, эканоміцы, культуры, адукацыі і навуцы. Як адна з найбуйнейшых сусветных моў руская мова ў Рэспубліцы Беларусь застаецца асноўнай мовай сферы міждзяржаўных кантактаў.
Выкарыстанне рускай мовы ва ўсіх важнейшых сферах камунікацыі сучаснага беларускага грамадства рэгулюецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і законам «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь».
Рускамоўная кампетэнцыя грамадзян Беларусі падтрымліваецца сістэмай школьнай адукацыі, актыўным функцыянаваннем рускай мовы ва ўсіх сферах зносін, перш за ўсё ў сферы дзяржаўнага кіравання, адукацыі, навукі і г. д.
Факталагічнай базай фарміравання і падтрымання рускамоўнай кампетэнцыі грамадзян Беларусі служаць аўтарытэтныя даведнікі і дапаможнікі па рускай мове, выдадзеныя ў Расійскай Федэрацыі, перш за ўсё ў Інстытуце рускай мовы імя В. У. Вінаградава Расійскай акадэміі навук.
Функцыянаванне рускай мовы ў сітуацыі блізкароднаснага беларуска-рускага двухмоўя ў Беларусі забяспечваецца комплексам перакладных руска-беларускіх і беларуска-рускіх слоўнікаў, у т. л. тэрміналагічных. Для забеспячэння патрэб навучання рускай мове ў краіне створаны нацыянальныя камплекты падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па рускай мове для ўсіх узроўняў адукацыі.
Выкарыстанне рускай мовы ў Беларусі як у сферах пісьмовых зносін, так і ў адукацыйным працэсе падпарадкавана адзіным нормам рускай літаратурнай мовы. Аднак у сучаснай моўнай практыцы руская мова Беларусі набывае шэраг адметных рыс, абумоўленых уплывам беларускай мовы. Гэтыя адрозненні закранаюць усе ўзроўні сістэмы сучаснай рускай мовы. Яны праяўляюцца ў вымаўленні, словазмяненні, лексіцы і словаўжыванні, сінтаксісе і фразеалогіі і нават арфаграфіі, што ў будучым можа прывесці да фарміравання нацыянальнага варыянту рускай мовы ў Беларусі.
У той самы час існуючае моўнае заканадаўства дазваляе абодвум дзяржаўным мовам — беларускай і рускай — раўнапраўна функцыянаваць ва ўсіх сферах жыцця беларускага грамадства.
Шляхі гарманізацыі моўнай сферы ў Рэспубліцы Беларусь
Створаная за апошнія дзесяцігоддзі ў Рэспубліцы Беларусь нарматыўная прававая база сферы моўнага жыцця, а таксама лінгвістычнае забеспячэнне дазваляюць паспяхова рэалізаваць комплекс практычных мер па фарміраванні ў адпаведнасці з сутнасцю дзяржаўнага двухмоўя неабходнай двухмоўнай кампетэнцыі грамадзян, што, у сваю чаргу, дае магчымасць у поўнай меры забяспечваць права кожнага грамадзяніна краіны карыстацца ў сваёй дзейнасці любой дзяржаўнай мовай і атрымліваць усю неабходную інфармацыю на прымальнай для яго дзяржаўнай мове.
У Беларусі створаны прававыя і лінгвістычныя ўмовы для фарміравання з боку дзяржавы неабходнага ўзроўню моўнай (перш за ўсё беларускамоўнай) кампетэнцыі як кожнага грамадзяніна паасобку, так і грамадства ў цэлым. Праблема гарманізацыі сферы моўнага жыцця беларускага грамадства ў цяперашні час можа быць паспяхова вырашана пры выкананні ўмоў адукацыйнага плана.
Па‑першае, для таго каб рэалізаваць права карыстацца ў сваёй дзейнасці любой дзяржаўнай мовай і атрымліваць неабходную інфармацыю на прымальнай дзяржаўнай мове, неабходна перш за ўсё ведаць гэтыя мовы. Таму абавязкам дзяржаўнай сістэмы адукацыі з’яўляецца арганізацыя навучальнага працэсу ў агульнаадукацыйнай школе такім чынам, каб выпускнікі агульнаадукацыйных устаноў у роўнай меры і дастатковай ступені валодалі або двума дзяржаўнымі мовамі. Гэта, у сваю чаргу, дазволіць грамадзяніну:
рэалізаваць сваё канстытуцыйнае права карыстацца любой дзяржаўнай мовай у залежнасці ад моўных густаў і прыярытэтаў, а таксама канкрэтнай маўленчай сітуацыі;
адчуваць сябе псіхалагічна камфортна пры неабходнасці выбару той ці іншай дзяржаўнай мовы для камунікацыі;
забяспечыць адзінства нацыі і сфарміраваць пачуццё годнасці асобы і гонару нацыі.
Па‑другое, дастатковая двухмоўная (у першую чаргу беларускамоўная) кампетэнцыя неабходная кожнаму грамадзяніну Рэспублікі Беларусь, паколькі істотна пашырае яго культурную і інфармацыйную прастору, забяспечвае магчымасць адпаведных моўных паводзін у залежнасці ад камунікатыўнай сітуацыі.
Па‑трэцяе, належная двухмоўная (у першую чаргу беларускамоўная) кампетэнцыя неабходная для службовых асоб усіх узроўняў, якія па сваім статусе прадстаўнікоў дзяржаўных органаў кіравання павінны забяспечыць кожнаму грамадзяніну безумоўнае права выкарыстоўваць любую дзяржаўную (у т. л. ці нават у першую чаргу беларускую) мову для зносін. У гэтым сэнсе дасканалае валоданне абедзвюма дзяржаўнымі — беларускай і рускай — мовамі службовымі асобамі, у т. л. работнікамі судовых органаў і служачымі МУС, павінна стаць абавязковым патрабаваннем прафесійнай адпаведнасці займаемай пасадзе.
Па‑чацвёртае, двухмоўная (а значыць, у т. л. і беларускамоўная) кампетэнцыя неабходна работнікам вытворчай сферы, якая вырабляе тавары народнага спажывання, харчовыя прадукты, лекавыя прэпараты і г. д., для таго, каб на гэтых таварах абавязкова змяшчалася неабходная інфармацыя на абедзвюх дзяржаўных мовах.
Па‑пятае, здавальняючая двухмоўная кампетэнцыя неабходна і работнікам сферы паслуг, без чаго немагчыма забяспечыць канстытуцыйнае права грамадзяніна карыстацца той ці іншай дзяржаўнай мовай у гэтай важнай сферы паўсядзённай камунікацыі.
Мэтанакіраванае забеспячэнне сістэмай дзяржаўнай адукацыі моўнай, у першую чаргу беларускамоўнай, кампетэнцыі асобы і беларускага грамадства ў цэлым мае, такім чынам, выключна важнае значэнне для ажыццяўлення прынцыпаў дзяржаўнага двухмоўя і гарманізацыі моўнай сферы, забеспячэння канстытуцыйнага права кожнага грамадзяніна карыстацца любой дзяржаўнай мовай і атрымліваць любую інфармацыю на абедзвюх дзяржаўных мовах.
У Рэспубліцы Беларусь створаны неабходныя нарматыўна-прававыя і лінгвістычныя ўмовы для паспяховага вырашэння ўсяго комплексу задач па гарманізацыі моўнай сферы беларускага грамадства.