Рэлігійная сітуацыя ў Рэспубліцы Беларусь

Рэлігійная сітуацыя ў Рэспубліцы Беларусь

Дата стварэння: 24.05.2023 11:54:04

Дата змены: 24.06.2025 11:51:44


Агульная характарыстыка

Спаса-Праабражэнская царква Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра

Спаса-Праабражэнская царква Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра

Царква Святых Барыса і Глеба (Каложская) у Гродне

Царква Святых Барыса і Глеба (Каложская) у Гродне

Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр. Слонімскі раён Гродзенскай вобласці

Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр. Слонімскі раён Гродзенскай вобласці

Вернасць хрысціянскім каштоўнасцям і верацярпімасць фарміраваліся ў Беларусі стагоддзямі і з’яўляюцца падмуркам жыццеўстойлівасці беларусаў. На беларускай зямлі з часоў Полацкага княства і Вялікага Княства Літоўскага неслі служэнне прадстаўнікі розных веравызнанняў, а ў XVI ст. была заканадаўча замацавана роўнасць усіх канфесій. Пасля шматлікіх гістарычных выпрабаванняў становіцца яшчэ больш зразумелай мудрасць нашых продкаў, якія заканадаўча забяспечылі свабоду веравызнання ў краіне больш за 450 гадоў таму.

Перыяд незалежнасці Рэспублікі Беларусь адзначаны актыўным удзелам канфесій у сацыяльным і культурным жыцці беларускага грамадства. Наша краіна на дзяржаўным узроўні дэкларуе прыналежнасць да хрысціянскай цывілізацыі, Раство Хрыстова і Вялікдзень Хрыстовы -—дзяржаўныя святы. Больш за тое, у Беларусі Каляды і Вялікдзень святкуюцца двойчы — па грыгарыянскім і па юліянскім календарах, што падкрэслівае поліканфесійнасць і рэлігійную талерантнасць нашага грамадства.

У канцы 1980‑х гг. у СССР ідэалагічныя арыенціры грамадства прыкметна трансфармаваліся, і на змену жорсткім атэістычным усталёўкам прыйшлі плюралістычныя погляды і ацэнкі, якія дапускалі рэлігійныя падыходы ў поглядах на развіццё культуры і грамадства ў цэлым. У 1986–1987 гг. склаліся спрыяльныя ўмовы для дзейнасці рэлігійных арганізацый. У гэты перыяд у Беларусі дзейнічала 370 праваслаўных прыходаў і адзін манастыр (у в. Жыровіцы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці), 103 каталіцкія парафіі (66 з іх у Гродзенскай вобласці), больш за 250 пратэстанцкіх цэркваў.

У красавіку 1988 г., напярэдадні ўрачыстага святкавання 1000‑годдзя Хрышчэння Русі, адбылася сустрэча Патрыярха Рускай Праваслаўнай Царквы Пімена з генеральным сакратаром ЦК КПСС М. С. Гарбачовым, пасля якой царква атрымала права свабоднай богаслужэбнай, місіянерскай, духоўна-асветніцкай, дабрачыннай і выдавецкай дзейнасці. Святарам быў адкрыты доступ да сродкаў масавай інфармацыі, а таксама ва ўстановы адукацыі.

Пачалася рэгістрацыя новых царкоўных абшчын. На працягу 1988 г. у Беларусі зарэгістравана 29 праваслаўных, 7 каталіцкіх, 3 пратэстанцкія абшчыны.

У 1989 г. дзейнічала ўжо 399 прыходаў Беларускай Праваслаўнай Царквы (БПЦ). Былі адноўлены Магілёўская, Пінская і Полацкая епархіі, пачалося стварэнне Брэсцкай і Гомельскай. У тым жа годзе на базе Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра аднавіла дзейнасць Мінская духоўная семінарыя. Пры Мінскім епархіяльным упраўленні адкрыліся курсы па падрыхтоўцы рэгентаў, пачаў выходзіць бюлетэнь «Минские епархиальные ведомости».

Улічваючы поліканфесійную мадэль грамадства, дзяржава забяспечвае роўныя правы канфесіям. Дзейнасць рэлігійных абшчын і цэркваў рэгулюецца адпаведнымі статусамі і дзяржаўнымі заканадаўчымі актамі. Згодна з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь усе рэлігіі і веравызнанні роўныя перад законам. 17 снежня 1992 г. быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях». Закон прайшоў міжнародную экспертызу і прызнаны адпаведным міжнародным стандартам. 31 кастрычніка 2002 г. быў прыняты новы Закон Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». 30 снежня 2023 г. ён быў выкладзены ў новай рэдакцыі. У прэамбуле закона прызнаецца асаблівая роля Беларускай Праваслаўнай Царквы ў гістарычным станаўленні і развіцці духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа; духоўная, культурная і гістарычная роля Каталіцкай царквы на тэрыторыі Беларусі; неаддзельнасць ад агульнай гісторыі народа Беларусі рэлігійных арганізацый Евангелічна-лютэранскай царквы, іўдаізму і ісламу.

Новая рэдакцыя закона вызначыла адносіны дзяржавы і рэлігійных арганізацый. Артыкул 8 прадугледжвае арганізацыю ўзаемаадносін з рэлігійнымі аб’яднаннямі шляхам заключэння пагадненняў у адпаведнасці з грамадзянскім заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Гэта норма сведчыць аб прызнанні магчымасці рэлігійных арганізацый супрацоўнічаць з дзяржавай, прымаць актыўны ўдзел у сацыяльна значных сферах жыцця грамадства. Асаблівасцю закона з’яўляецца артыкул 13, згодна з якім рэлігійныя абшчыны ўтвараюцца па ініцыятыве не менш як 20 вернікаў. Вызначаны парадак утварэння рэлігійнага аб’яднання пры наяўнасці не менш як 15 абшчын адзінага веравызнання, якія дзейнічаюць ва ўсіх абласцях Рэспублікі Беларусь і г. Мінску, з якіх хаця б адна існавала на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не менш за 30 гадоў з даты дзяржаўнай рэгістрацыі.

У сувязі са скасаваннем інстытута ўпаўнаважаных Савета па справах рэлігій пры Савеце Міністраў СССР 16 жніўня 1991 г. быў створаны Савет па справах рэлігій пры Савеце Міністраў БССР. Яго падраздзяленні функцыянавалі пры аблвыканкамах. Першапачаткова Савет па справах рэлігій з’яўляўся структурай Міністэрства культуры і друку, у 1995 г. перайшоў пад кантроль Урада. Перад Саветам ставіліся наступныя задачы: рэалізацыя правоў грамадзян, рэгуляванне ўзаемаадносін паміж дзяржаўнымі органамі і рэлігійнымі арганізацыямі, вырашэнне пытанняў уласнасці і карыстання культавай маёмасцю. У студзені 1997 г. быў створаны Дзяржаўны камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей Рэспублікі Беларусь, які замяніў Савет па справах рэлігій. Апроч канфесійных у яго кампетэнцыю ўвайшлі пытанні дзейнасці нацыянальнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі краіны.

Адпаведныя структуры пачалі функцыянаваць у абласных цэнтрах і г. Мінску. Новы орган атрымаў больш правоў, пашырыліся паўнамоцтвы ў заканадаўчай сферы. У лістападзе 2001 г. гэта структура пераўтворана ў Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. 6 лютага 2002 г. Савет Міністраў зацвердзіў палажэнне аб камітэце, яго паўнамоцтвы вызначыў закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». Камітэт аказваў па просьбе рэлігійных арганізацый садзейнічанне ў дасягненні імі дамоўленасцей з дзяржаўнымі арганізацыямі і г. д. З 2002 г. пры Камітэце дзейнічае пастаянны экспертны савет — адзіны ў Рэспубліцы Беларусь орган, упаўнаважаны праводзіць дзяржаўную рэлігіязнаўчую экспертызу вучэння, культавай практыкі і дзейнасці рэлігійных арганізацый. Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 2006 г. быў створаны апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей у структуры Урада Рэспублікі Беларусь, які дзейнічае да гэтага часу. Апарат Упаўнаважанага выконвае функцыі не толькі кантрольнага органа, але і даследчага і каардынацыйнага цэнтра. З 2008 г. пры ім функцыянуе Кансультатыўны міжканфесійны савет, дзейнасць якога нацэлена на садзейнічанне захаванню і ўмацаванню міжканфесійнага міру і згоды ў Рэспубліцы Беларусь, падтрыманне традыцый верацярпімасці і талерантнасці, міжканфесійнага дыялогу паміж прадстаўнікамі розных канфесій і рэлігійных напрамкаў, актывізацыю ўзаемадзеяння органаў дзяржаўнага кіравання з рэлігійнымі організацыямі ў вырашэнні сацыяльна значных пытанняў.

Царква Святога Міхаіла Архангела ў в. Сынкавічы Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці

Царква Святога Міхаіла Архангела ў в. Сынкавічы Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці

Царква Раства Багародзіцы (Маламажэйкаўская) у в. Мураванка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці

Царква Раства Багародзіцы (Маламажэйкаўская) у в. Мураванка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці

З 1988 па 2024 г. колькасць афіцыйна зарэгістраваных рэлігійных арганізацый павялічылася ў 4 разы, а рэлігійных напрамкаў — у 3 разы. На 1 студзеня 2024 г. налічвалася 25 канфесій і рэлігійных напрамкаў, 3 318 рэлігійных абшчын, 173 рэлігійныя арганізацыі, якія маюць агульнаканфесійнае значэнне (рэлігійныя аб’яднанні, манастыры, місіі, брацтвы, сястрыцтвы, духоўныя навучальныя ўстановы). Агульная колькасць дзеючых культавых будынкаў складае 2 871, якія будуюцца — 184. У Беларусі неслі служэнне 3 725 святароў, з іх 127 — замежных.

Рэлігійным арганізацыям, якія арандуюць памяшканні дзяржаўнай уласнасці для правядзення рэлігійных мерапрыемстваў, распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь устаноўлены паніжальны каэфіцыент пры вызначэнні стаўкі арэнднай платы.

Штогод указам Кіраўніка дзяржавы святарам і студэнтам (семінарыстам) вочнай формы навучання духоўных навучальных устаноў Беларускай Праваслаўнай Царквы і Рымска-каталіцкай царквы ў Рэспубліцы Беларусь даецца адтэрміноўка ад службы ў арміі.

Адным з важных напрамкаў дзяржаўнай падтрымкі рэлігійных арганізацый з’яўляецца аказанне фінансавай дапамогі са сродкаў рэспубліканскага бюджэту на правядзенне работ па рэстаўрацыі помнікаў гісторыі і культуры.

Новая, у параўнанні з савецкай, практыка адносін царквы і дзяржавы садзейнічае актывізацыі дзейнасці ўсіх канфесій. Яны ўносяць значны ўклад у згуртаванне грамадства, аб’яднанне намаганняў розных слаёў вернікаў вакол стваральных грамадскіх мэт. Усе канфесіі дзейнічаюць ва ўмовах даверу і павагі паміж сабой, міру і стабільнасці, што з’яўляецца сведчаннем эфектыўнасці рэлігійнай палітыкі дзяржавы.


Беларуская Праваслаўная Царква

На Архіерэйскім Саборы Рускай Праваслаўнай Царквы (РПЦ), які прайшоў у кастрычніку 1989 г. у Маскве, было прынята рашэнне аб стварэнні Беларускага Экзархата, у які ўвайшлі ўсе епархіі з прыходамі і манастырамі на тэрыторыі Беларусі. Да 2013 г. Беларускую Праваслаўную Царкву ўзначальваў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі (Кірыл Варфаламеевіч Вахрамееў), які ўнёс вялікі ўклад у адраджэнне і развіццё праваслаўных традыцый у Беларусі. З 1989 г.

мітрапаліт Філарэт узначальваў Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы; з’яўляўся пастаянным членам Сінода Рускай Праваслаўнай Царквы. Пры ім у Беларусі былі адроджаны ўсе епархіі, якія гістарычна існавалі, аднавілі дзейнасць многія мужчынскія і жаночыя манастыры, брацтвы і сястрыцтвы. Вялікі асабісты ўклад мітрапаліта Філарэта ў духоўнае адраджэнне беларускага народа адзначаны высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі — медалём і ордэнам Францыска Скарыны, ордэнам

Айчыны III ступені, ордэнам Пашаны. У 2006 г. Філарэту прысвоена званне Героя Беларусі.

У 2013–2020 гг. кіраўніком Мінскай епархіі, яе кіруючым архірэем быў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел (Георгій Васільевіч Панамароў). У 2014 г. створана Мінская мітраполія Беларускай Праваслаўнай Царквы. Тэрыторыя ўласна Мінскай епархіі, у якую раней уваходзілі Мінск і ўся Мінская вобласць, цяпер абмежавана толькі Мінскам і Мінскім раёнам. У сувязі з гэтым тытул кіраўніка Мінскай епархіі змяніўся — «мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі». Пры гэтым уладыка Павел узначальваў новаствораную ў межах Мінска і Мінскай вобласці Мінскую мітраполію, у якую ўвайшлі чатыры епархіі. Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі з’яўляўся кіраўніком Мінскай епархіі, кіраўніком Мінскай мітраполіі і кіраўніком Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Са жніўня 2020 г. Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі з’яўляецца мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін (Віталь Іванавіч Тупека ).

Сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі і Патрыярха Маскоўскага і Усяе Русі Кірыла. 2009 г.

На 1 студзеня 2024 г. БПЦ аб’ядноўвала 1 737 праваслаўных прыходаў, 15 епархій, 6 духоўных навучальных устаноў, 36 манастыроў, 15 брацтваў, 9 сястрыцтваў, адну місію. Дзейнічала 1 878 праваслаўных храмаў, 147 — будавалася. З 2014 г. дзейнічае Духоўна-адміністрацыйны цэнтр — Мінская Экзархія, які ўключае 24 сінадальныя аддзелы і камісіі.

Беларуская Праваслаўная Царква арганізацыйна падпарадкавана Маскоўскаму Патрыярхату РПЦ, пры гэтым кананічна кожны епіскап дзейнічае самастойна, агульныя рашэнні прымаюцца калегіяльна на Сінодзе, які складаецца на 1 студзеня 2025 г. з 16 епіскапаў.

У Мінску знаходзіцца вышэйшая навучальная ўстанова БПЦ — Мінская духоўная акадэмія, якая забяспечвае магістарскую і кандыдацкую праграмы багаслоўскай адукацыі. Дзейнічаюць 2 духоўныя семінарыі, якія працуюць па праграмах бакалаўрыята (Мінская ў аграгарадку Жыровіцы і Віцебская), 3 духоўныя вучылішчы (у Мінску, Віцебску і Оршы), Інстытут тэалогіі БДУ. Мінская духоўная семінарыя, Мінская духоўная акадэмія і Інстытут тэалогіі БДУ выдаюць серыі навуковых прац прафесарска-выкладчыцкага складу. З 1994 г. сіламі Інстытута тэалогіі праводзяцца Міжнародныя Кірыла-Мяфодзіеўскія чытанні, якія з’яўляюцца форумам навукова-багаслоўскай думкі. З 2014 г. штогод усімі епархіямі Беларускай Праваслаўнай Царквы сумесна з органамі дзяржаўнага кіравання, установамі вышэйшай адукацыі, навукі і культуры Беларусі праводзяцца Беларускія Калядныя адукацыйныя чытанні.

Будынак Духоўна-навучальнага цэнтра Беларускай Праваслаўнай Царквы ў Мінску
Царква Святога Серафіма Сароўскага ў г. Жлобіне Гомельскай вобласці

Царква Святога Серафіма Сароўскага ў г. Жлобіне Гомельскай вобласці

Царква Уваскрэшання Хрыстова ў г. Стоўбцы Мінскай вобласці

Царква Уваскрэшання Хрыстова ў г. Стоўбцы Мінскай вобласці

Царква Святой Ефрасінні Полацкай у Мінску

Царква Святой Ефрасінні Полацкай у Мінску

Царква ў гонар Усіх Святых. Ліда Гродзенскай вобласці

Царква ў гонар Усіх Святых. Ліда Гродзенскай вобласці

Царква Пакровы Прасвятой Багародзіцы ў Мінску

Царква Пакровы Прасвятой Багародзіцы ў Мінску

Царква Свяціцеля Ціхана Маскоўскага ў г. Ганцавічы Брэсцкай вобласці

Царква Свяціцеля Ціхана Маскоўскага ў г. Ганцавічы Брэсцкай вобласці

Царква Раства Хрыстова ў в. Вялікае Сціклева Мінскага раёна

Царква Раства Хрыстова ў в. Вялікае Сціклева Мінскага раёна

Царква Архангела Міхаіла. Бяроза Брэсцкай вобласці

Царква Архангела Міхаіла. Бяроза Брэсцкай вобласці

Царква Іаана Прадцечы ў в. Дудуткі Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці

Царква Іаана Прадцечы ў в. Дудуткі Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці

Царква Святой Сафіі Слуцкай у Мінску

Царква Святой Сафіі Слуцкай у Мінску

Святкаванне Вялікадня ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў Мінску

Святкаванне Вялікадня ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў Мінску

Пры падтрымцы Беларускай Праваслаўнай Царквы на вядучых рэспубліканскіх тэлеканалах краіны выходзяць праграмы духоўна-асветніцкага зместу: «Сила веры», «Iснасць», «Прикосновение к свету», «Духовное возрождение». Акрамя таго, царквой выдаецца каля 20 перыядычных часопісаў і газет: «Верую», «Воскресение», «Гродненские епархиальные ведомости», «Врата небесные», «Духовный вестник», «Ведомости Минской митрополии», «Наше Православие», «Новогрудские епархиальные ведомости», «Полоцкие епархиальные ведомости», «Преображение», «Сектоведение», «Хронос», «Сретение», «Поколение», «Ступени», «Скрижали», «Труды Минской духовной академии», «Труды Минской духовной семинарии», «Царкоўнае слова» і інш.

Царква і манастыр Раства Прасвятой Багародзіцы ў Гродне
Царква Святога Георгія Пераможцы ў Брэсце
Ансамбль Свята-Елісавецінскага манастыра ў Мінску

У чэрвені 2003 г. паміж дзяржавай і БПЦ падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве, якое вызначыла асноўныя напрамкі сумеснай працы ў сацыяльна значнай сферы. У рамках яго былі распрацаваны сумесныя пагадненні і праграмы супрацоўніцтва з асобнымі міністэрствамі і ведамствамі. У 2004 г. была падпісана Праграма супрацоўніцтва паміж БПЦ і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, якая ўключае правядзенне шэрага сумесных мерапрыемстваў: экспертызу навучальных праграм, рэалізацыю эксперымента па духоўна-маральным выхаванні дашкольнікаў і малодшых школьнікаў на хрысціянскіх традыцыях беларускага народа, зацвярджэнне канцэпцыі развіцця тэалагічнай адукацыі ў свецкіх установах вышэйшай адукацыі. Напрыклад, у 2005 г. з пачаткам навучальнага года ў Мінску на базе СШ № 148 былі набраныя класы з вывучэннем элементаў духоўна-маральнага выхавання на праваслаўных традыцыях. Да 2024 г. пагадненні аб супрацоўніцтве з БПЦ падпісаны большасцю міністэрстваў Беларусі.

Сабор у гонар іконы Божай Маці «Усіх смуткуючых Радасць» у Мінску

З 1997 г. у Мінску пры прыходзе ў гонар іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» працуюць сацыяльныя майстэрні, якія дапамагаюць сацыяльна-працоўнай адаптацыі, рэабілітацыі і інтэграцыі ў грамадства людзей з абмежаванымі магчымасцямі. У маі 2002 г. адкрыўся Дом Міласэрнасці з храмам Праведнага Ёва Шматпакутнага, у якім праводзіцца рэабілітацыя і вяртанне да дзейнага жыцця пажылых людзей, дзяцей-сірот і інвалідаў. У жніўні 2005 г. быў адкрыты Дом сацыяльнага служэння для людзей з разумовымі і фізічнымі абмежаваннямі пры прыходзе Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў в. Тарасава Мінскага раёна. Сінадальным аддзелам па дабрачыннасці ажыццяўляецца дапамога ў духоўным суправаджэнні бальніц і хоспісаў, а таксама падтрымліваецца праект «Сэрца Беларусі» — інтэрактыўная карта, якая адлюстроўвае ўсе сацыяльныя праекты БПЦ і спрашчае аказанне адраснай дапамогі тым, хто мае патрэбу, у розных рэгіёнах краіны.

Дом Міласэрнасці ў Мінску

Беларуская Праваслаўная Царква актыўна ўдзельнічае ў працэсах нацыянальнага адраджэння. Адной са значных падзей, звязаных з працэсам беларусізацыі царквы, з’яўляецца дазвол на чытанне на беларускай і рускай мовах парэмій (чытання са Старога Запавету), Апостала і Евангелля, прыняты агульным епархіяльным з’ездам духавенства Мінскай епархіі. На беларускай і рускай мовах выходзяць царкоўныя выданні, ажыццяўляецца выкладанне ў царкоўных навучальных установах. Фарміраванню нацыянальнага аблічча БПЦ садзейнічае таксама стварэнне ў Гродне і Мінску прыходаў у гонар Сабору Усіх Беларускіх Святых.

Знакавае месца ў культурным жыцці краіны займае Усіхсвяцкі храм-помнік у Мінску, пабудаваны ў памяць «бязвінна забітых у Айчыне нашай». Ініцыятарам і кіраўніком гэтага рэлігійнага і гісторыка-культурнага комплексу з’яўляецца настаяцель храма протаіерэй Фёдар Поўны. У храмавай крыпце адбываецца сімвалічнае пахаванне астанкаў невядомых салдат, якія загінулі на тэрыторыі Беларусі ў вайне 1812 г., Першай і Другой сусветных войнах, а таксама іншых войнах і ўзброеных канфліктах. Прысвячэнне храма Усім Святым сімвалізуе міжканфесійную згоду.

Храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі выратаванню Айчыны нашай у Мінску

Захоўваецца і развіваецца традыцыя праваслаўнага паломніцтва. У Беларусі культавымі месцамі для праваслаўных паломнікаў з’яўляюцца Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, рэлігійныя святыні Полацка, Мінска, Гомеля, Кармы, Слуцка, Турава і іншыя мясціны. Арганізуюцца паломніцтвы ў адзін з найстарэйшых манастыроў Беларусі — Лаўрышаўскі на Гродзеншчыне, заснаваны, паводле Іпацьеўскага летапісу, у XIII ст. вялікім князем літоўскім Войшалкам, у манастве прападобным Елісеем Лаўрышаўскім.

Галоўнымі маршрутамі праваслаўных паломнікаў з Беларусі з’яўляюцца Расія і Украіна, а таксама заходнія краіны (Балгарыя, дзе богаслужэнне вядзецца на царкоўнаславянскай мове), Сербія, Грэцыя (са знакамітымі манастырамі ў Метэорах і на гары Афон), Кіпр, Італія (дзе ў горадзе Бары знаходзяцца мошчы святога Мікалая Цудатворца); адноўлена старажытная традыцыя паломніцтва да хрысціянскіх святынь у Іерусалім.

Працягам традыцый талерантнасці ў краіне з’яўляецца ўмацаванне міжканфесійных кантактаў паміж Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквамі.


Стараверы

У Рэспубліцы Беларусь на пачатак 2024 г. зарэгістраваны 34 рэлігійныя абшчыны старавераў, у распараджэнні вернікаў 29 культавых будынкаў, 2 — будаваліся. Гэта абшчыны папоўцаў (адносяцца да белакрыніцкай царквы) і беспапоўцаў (федасееўскай, паморскай, філіпаўскай плыняў). Пасля аб’яўленага Рускай Праваслаўнай Царквой збліжэння са стараверствам намеціўся інтарэс да старавераў з боку БПЦ, асабліва да папоўскага кірунку, з якім менш разыходжанняў у поглядах на царкоўную структуру. У структуры БПЦ дзейнічае аднаверскі прыход старавераў у гонар Святога прарока Ільі. У г. Ветка Гомельскай вобласці знаходзіцца Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава з унікальнай экспазіцыяй па гісторыі стараверства ў Беларусі.


Рымска-каталіцкая царква

Рэлігійная дзейнасць Рымска-каталіцкай царквы (РКЦ) у Беларусі абапіраецца на традыцыйную для нашай краіны касцёльную структуру. Рымска-каталіцкая царква арганізацыйна падпарадкавана Ватыкану, які размяшчаецца на тэрыторыі Рыма (Італія).

Касцёл Божага Цела. Нясвіж Мінскай вобласці

Касцёл Божага Цела. Нясвіж Мінскай вобласці

Касцёл Божага Цела. Інтэр’ер. Нясвіж Мінскай вобласці

Касцёл Божага Цела. Інтэр’ер. Нясвіж Мінскай вобласці

Сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі з кардыналам К. Свёнтакам і Апостальскім нунцыем Святога Прастола Д. Грушоўскім. Мінск, 2002 г.

Сустрэча Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі з кардыналам К. Свёнтакам і Апостальскім нунцыем Святога Прастола Д. Грушоўскім. Мінск, 2002 г.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка і Папа Рымскі Бенедзікт XVI. Ватыкан, 2009 г.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка і Папа Рымскі Бенедзікт XVI. Ватыкан, 2009 г.

У 1989 г. была створана Мінская дыяцэзія, у 1991 г. — Гродзенская дыяцэзія ў межах Гродзенскай вобласці і Мінска-Магілёўская архідыяцэзія-мітраполія ў межах Мінскай і Магілёўскай абласцей з падпарадкаваннем апошняй Пінскай дыяцэзіі ў межах Брэсцкай і Гомельскай абласцей. У 1999 г. з›явілася Віцебская дыяцэзія ў межах Віцебскай вобласці. Генеральным вікарыем на Пінскі дэканат, які ўключаў 40 касцёлаў, быў прызначаны кардынал Казімір Свёнтак. У Беларусі дзейнічаюць 4 рымска-каталіцкія дыяцэзіі.

У красавіку 1999 г. Святы Прастол стварыў Канферэнцыю каталіцкіх біскупаў у Беларусі, яе старшынёй да чэрвеня 2006 г. быў кардынал Казімір Свёнтак (1914–2011) — адзін з вядомых дзеячаў Беларускага касцёла, першы беларускі кардынал у 1994 г. У час сталінскіх рэпрэсій у 1944–1954 гг. К. Свёнтак знаходзіўся ў лагерах, пасля вызвалення служыў пробашчам касцёла ў Пінску, у 1991 г. узначаліў РКЦ у Беларусі.

Каталіцкіх святароў рыхтуюць 2 вышэйшыя каталіцкія духоўныя семінарыі — у Гродне і Пінску. Працуюць 3 каледжы — катэхетычны ў Баранавічах, тэалагічныя ў Гродне і Мінску. У першыя гады незалежнасці выкладанне ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі вялося ў асноўным на польскай мове. У 2004 г., згодна з пажаданнямі грамадзян і ўлады, быў завершаны працэс пераводу навучання на беларускую і рускую мовы. Паступова доля беларускіх святароў узрастае дзякуючы выпускам беларускіх духоўных семінарый (першы выпуск Пінскай семінарыі адбыўся ў 2007 г.), а таксама падрыхтоўцы кадраў у духоўных навучальных установах Польшчы і Італіі.

Вялікую вядомасць у Беларусі набыў ксёндз Юозас Булька (1925–2010), пробашч касцёла Святой Ганны ў в. Мосар Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці, які праславіўся барацьбой з п’янствам і прапагандай цвярозага ладу жыцця. Ю. Булька стварыў першы ў краіне антыалкагольны музей, а таксама выступіў з ініцыятывай арганізаваць у Мосары безалкагольную зону. У 2007 г. у в. Мосар закладзена першая ў Беларусі алея непітушчых, на якой пасадзілі дрэвы прадстаўнікі 40 беларускіх клубаў ананімных алкаголікаў, а таксама былыя алкаголікі з Латвіі і Літвы. У 2006 г. Ю. Булька Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны за ўмацаванне духоўных каштоўнасцей і прапаганду здаровага ладу жыцця.

Працэс беларусізацыі касцёльнага жыцця пачаўся з 1990‑х гг., з гэтага часу набажэнствы ў асноўным праводзяцца на беларускай мове, выдаецца беларускамоўная літаратура. У богаслужэнні таксама выкарыстоўваецца і польская мова. Пасля ўхвалення Ватыканам быў выдадзены і накіраваны ў парафіі зборнік тэкстаў набажэнстваў на беларускай мове («Імшал»), што спрыяла перакладу ўсяго набажэнства на беларускую мову. Працэсы беларусізацыі больш актыўныя ў новых каталіцкіх парафіях.

Адным са значных выразаў веры каталікамі з’яўляецца паломніцтва да святынь (пілігрымка). Найбольш вядомай з’яўляецца пілігрымка ў аграгарадок Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці ў касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі з Будслаўскай цудатворнай іконай Багамаці, якая праходзіць штогод і збірае тысячы каталікоў з розных куткоў не толькі Беларусі, але і суседніх краін.

Архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску

Архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску

Важнае значэнне для касцёла і вернікаў у Беларусі мае святкаванне юбілейных дат з гісторыі царквы. Так, у сакавіку 1992 г. у Гродне былі праведзены ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 600‑годдзю Фарнага касцёла, заснаванага ў 1392 г. вялікім князем літоўскім Вітаўтам. Касцёл, які атрымаў назву «Фара Вітаўта», лічыўся самым вялікім і прыгожым у Вялікім Княстве Літоўскім.

Касцёл Святога Казіміра. Лагойск Мінскай вобласці
Касцёл Божай Міласэрнасці ў Гродне
Касцёл Яна Хрысціцеля ў в. Камаі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці
Комплекс каталіцкага цэнтра Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне. 2000-я гг.

Урачыста адзначалася адна з найбольш значных дат у сучаснай гісторыі беларускага касцёла — адкрыццё ў кастрычніку 1997 г. кафедральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску. У 2006 г. пры фінансавай дапамозе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Мінскага гарвыканкама была завершана рэстаўрацыя роспісаў галоўнага нефа гэтага касцёла, у 2007 г. завершаны рэстаўрацыйныя работы па аднаўленні фрэсак.

У 2000 г. Папа Рымскі Ян Павел II

прылічыў да ліку блажэнных каталіцкай канфесіі 11 сясцёр-назарэцянак з Навагрудка, якія былі расстраляныя нацыстамі.

У 2007 г. кіраўніком Беларускага касцёла быў прызначаны архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які атрымаў тытул мітрапаліта Мінска-Магілёўскага (паколькі ён узначаліў таксама Мінска-Магілёўскую архідыяцэзію ). У 1989 г. Папа Рымскі Ян Павел II прызначыў Т. Кандрусевіча апостальскім адміністратарам Мінскай дыяцэзіі. У 2015–2020 гг. архібіскуп Т. Кандрусевіч быў старшынём Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі.

Старшынёй Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі з’яўляецца арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Пачынаючы з 2015 г. кожны год праводзяцца навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя Эдварду Вайніловічу, грамадскаму дзеячу канца XIX — пачатку XX ст., у якіх бяруць удзел прадстаўнікі раённых улад, навукоўцы, праваслаўныя і каталіцкія святары.

На пачатак 2024 г. РКЦ у Беларусі аб’ядноўвала 500 абшчын, якія мелі 523 культавыя будынкі, 27 — будавалася. Помнікамі гісторыі і архітэктуры з’яўляюцца каля 200 каталіцкіх культавых будынкаў, многія касцёлы рэстаўрыруюцца і рамантуюцца. Дзейнічаюць 6 духоўных навучальных устаноў, 11 місій і 9 манастыроў.

Мінска-Магілёўская архідыяцэзія выдае часопісы «Наша вера», Ave Maria, часопіс для дзяцей «Маленькі рыцар Беззаганнай», інфармацыйны бюлетэнь «Каталіцкія навіны», у Пінскай дыяцэзіі выдаецца часопіс «Дыялог». У Гродне выходзіць газета «Слова жыцця» на беларускай, рускай і польскай мовах, у Віцебскай дыяцэзіі — газета «Каталіцкі веснік». Працуе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

У Беларусі зарэгістравана адна абшчына каталікоў лацінскага абраду, якія прытрымліваюцца старога, дасаборнага (да II Ватыканскага сабора 1962–1965 гг.) вучэння і адмаўляюць правядзенне богаслужэння на нацыянальных мовах (лічаць латынь адзінай мовай літургіі). Традыцыяналісты ў богаслужэнні выкарыстоўваюць старую касцёльную музыку, грыгарыянскі харал і інш.

З пачатку 1990‑х гг. у Беларусі аднавіла дзейнасць Грэка-каталіцкая царква (уніяты), што звязана з духоўнымі пошукамі часткі інтэлігенцыі і ідэяй нацыянальнай царквы з літургічнай беларускай мовай. 30 сакавіка 2023 г. для ўніятаў краіны Папа Францішак заснаваў «Апостальскую адміністратуру для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі». У 2024 г. дзейнічала 16 абшчын грэка-каталікоў, якія мелі 4 культавыя будынкі. З 1994 г. кіраўніцтва Грэка-каталіцкай царквы Беларусі ажыццяўляе апостальскі візітатар архімандрыт Сяргей (Гаек).


Пратэстантызм у Беларусі

Пратэстантызм у Беларусі прадстаўлены класічнымі пратэстанцкімі цэрквамі, лютэранамі і рэфарматамі, а таксама групай «позніх пратэстантаў», ці «неапратэстантаў», якія называюцца ў грамадскім дыскурсе сектамі. Першая лютэранская царква была заснавана ў Брэсце ў 1553 г. На 1 студзеня 2024 г. у краіне дзейнічалі 24 абшчыны лютэран і адна рэфарматаў. Беларускія лютэране падтрымліваюць цесныя кантакты з Евангельска-лютэранскай царквой Германіі і з’яўляюцца адзінымі пераемнікамі руху Рэфармацыі на тэрыторыі Беларусі XVI ст. У сучаснай Беларусі найбольшае распаўсюджванне атрымалі неапратэстанты — пяцідзясятнікі, баптысты, адвентысты, якія з’явіліся ў краіне ў канцы XIX — пачатку ХХ ст.

Дом малітвы «Благадаць» у Мінску

Дом малітвы «Благадаць» у Мінску

Дом малітвы хрысціян-евангелістаў у г. Кобрыне Брэсцкай вобласці

Дом малітвы хрысціян-евангелістаў у г. Кобрыне Брэсцкай вобласці

Царква «Выратаванне» ў аграгарадку Калодзішчы Мінскага раёна

Царква «Выратаванне» ў аграгарадку Калодзішчы Мінскага раёна

Пяцідзясятніцтва — найбуйнейшы ў свеце неапратэстанцкі рух, які зарадзіўся ў 1901 г. у ЗША. З часу з’яўлення ў Беларусі ў 1920‑х гг. пяцідзясятніцтва было прадстаўлена рознымі арганізацыямі: евангельскімі хрысціянамі ў духу апосталаў (смародзінцы), хрысціянамі евангельскай веры (варанаеўцы), хрысціянамі веры евангельскай (шмітаўцы), аб’яднанай царквой хрысціян веры евангельскай (фядотаўцы), евангельскімі хрысціянамі святымі сіяністамі (мурашкаўцы), суботнікамі пяцідзясятнікамі, хрысціянамі поўнага Евангелля і мноствам дробных аўтаномных і цалкам незалежных саюзаў, абшчын і місій. У пачатку XXI ст. найбольш буйнымі аб’яднаннямі пяцідзясятнікаў Беларусі з’яўляюцца хрысціяне веры евангельскай і хрысціяне поўнага Евангелля.

У лютым 1991 г. створаны Саюз хрысціян веры евангельскай (ХВЕ) у Беларусі, які аб’яднаў большасць цэркваў хрысціян веры евангельскай. Кіруючым біскупам беларускага Саюза ХВЕ быў абраны Ф. К. Марчук. У 1997–2014 гг. кіраўніком Саюза ХВЕ быў С. С. Хоміч. У 2007 г. Саюз ХВЕ рэарганізаваны ў Аб’яднаную царкву хрысціян веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь (АЦ ХВЕ), г. зн. бярэ найменне існуючай з савецкіх часоў у Беларусі групы абшчын пяцідзясятнікаў — фядотаўцаў, якія па рэлігійных матывах адмаўляюцца ад афіцыйнай рэгістрацыі. У 2014–2022 гг. АЦ ХВЕ ўзначальвалася біскупам С. П. Цворам, а з 2022 г. гэтую пасаду займае Л. В. Бірук. АЦ ХВЕ — найбуйнейшая неапратэстанцкая арганізацыя краіны, у 2024 г. налічвала 526 абшчын. З 1996 г. выдаецца часопіс «Благодать» (спачатку газета) і дзейнічае багаслоўская навучальная ўстанова ХВЕ ў Беларусі — Тэалагічны інстытут ХВЕ.

У 1993 г. было зарэгістравана Аб’яднанне абшчын хрысціян поўнага Евангелля (ХПЕ) у Рэспубліцы Беларусь на чале з біскупам А. В. Саковічам. У 2024 г. дзейнічалі 62 зарэгістраваныя царквы ХПЕ; біскупам з’яўляецца Л. П. Вараненка.

Баптызм — буйны познепратэстанцкі рух, які зарадзіўся ў 1611 г. у Англіі. У Беларусі першыя абшчыны баптыстаў з’явіліся ў 2‑й палове XIX ст. Найбольш значнае аб’яднанне баптыстаў прадстаўлена беларускім Саюзам евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ), які пачаў дзейнічаць у 1990 г. У 1990–1994 гг. першым старшынёй Саюза ЕХБ быў І. В. Букаты, другім, у 1994–2002 гг., — А. І. Фірысюк, трэцім, у 2002–2010 гг., — М. В. Сінкавец, у 2010–2018 гг. — У. М. Круцько. З 2018 г. Саюзам ЕХБ кіруе Л. І. Міховіч.

Святочнае богаслужэнне на Вялікдзень у Кобрынскай царкве ЕХБ. 1997 г.

Святочнае богаслужэнне на Вялікдзень у Кобрынскай царкве ЕХБ. 1997 г.

Блаславенне дзяцей у Мінскай царкве ЕХБ

Блаславенне дзяцей у Мінскай царкве ЕХБ

З чэрвеня 1995 г. дзейнічае аздараўленчы цэнтр «Жамчужынка» на Брэстчыне, у якім кожны год незалежна ад канфесійнай прыналежнасці праходзяць аздараўленне больш за 1 тыс. чалавек з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама дзеці дзяржаўных дамоў-інтэрнатаў, з нядобранадзейных сем’яў. У 1997 г. пачала працу багаслоўская навучальная ўстанова — Мінская багаслоўская семінарыя Саюза ЕХБ у Рэспубліцы Беларусь. У 1992 г. пачала вяшчанне Беларуская рэдакцыя Транссусветнага радыё, з 1994 г. выдаецца часопіс «Крыніца жыцця». У 2019 г. Саюз ЕХБ налічваў 282 абшчыны.

Адвентысцкі рух з’явіўся ў 1840‑я гг. у ЗША. У Беларусі прадстаўлена некалькімі арганізацыямі, найбуйнейшая з якіх — Адвентысты сёмага дня з’явілася ў краіне ў 1906 г. У снежні 1991 г. была зарэгістравана Беларуская Канферэнцыя адвентыстаў сёмага дня (АСД). У 1991–2000 гг. першым кіраўніком Канферэнцыі быў абраны І. І. Астроўскі, а з 2000 па 2015 г. арганізацыяй кіраваў М. І. Астроўскі. У 2008 г. Беларуская Канферэнцыя была пераўтворана ў Беларускі ўніён цэркваў АСД, што сведчыла аб павышэнні статусу беларускіх адвентыстаў у сусветнай структуры АСД. У 2015–2022 гг. Уніёнам кіраваў В. У. Бучнёў, у 2022–2023 гг. зноў І. І. Астроўскі, а з 2023 г. — В. Д. Дзяркач. У 2024 г. у Беларусі дзейнічалі 73 абшчыны АСД.

Пратэстанты ў Беларусі праводзяць значную сацыяльную работу па рэабілітацыі людзей з наркатычнай і алкагольнай залежнасцю, маюць цэлы шэраг актыўна дзеючых дабрачынных арганізацый і місій, якія ўвозяць з-за мяжы адзенне, лекі, медыцынскае абсталяванне і інш.


Іўдзейскае рэлігійнае аб’яднанне

Сінагога Мінскай іўдзейскай абшчыны ў Мінску

Сінагога Мінскай іўдзейскай абшчыны ў Мінску

Адкрыццё сінагогі «Шацёр Давіда» ў Віцебску. 2017 г.

Адкрыццё сінагогі «Шацёр Давіда» ў Віцебску. 2017 г.

Сінагога «Шацёр Давіда» ў Віцебску

Сінагога «Шацёр Давіда» ў Віцебску

У этнаканфесійнай структуры Беларусі традыцыйна прыкметнае месца займае іўдаізм. Іўдзейскае рэлігійнае аб’яднанне зарэгістравана ў 1993 г. У 1990 г. функцыянавала адна рэлігійная абшчына, а ў 2024 г. — 51 (36 — Іўдзейскага рэлігійнага аб’яднання і 15 — Прагрэсіўнага іўдаізму). Вернікі вызнаюць 3 напрамкі іўдаізму: артадаксальны, хесед-любавіч, прагрэсіўны. Друкаваны орган — газета «Берега», выходзіць з чэрвеня 1999 г., асвятляе рэлігійнае жыццё яўрэяў Беларусі, гісторыю і культуру.

Найбольшыя абшчыны знаходзяцца ў Мінску, Магілёве і Бабруйску. У Мінску дзейнічае сінагога, вышэйшая духоўная навучальная ўстанова (ешыбот), ёсць міква (басейн для рытуальнага ачышчэння) і кашэрная дабрачынная сталовая. Як правіла, вакол іўдзейскіх рэлігійных абшчын праходзіць дзейнасць іншых яўрэйскіх грамадскіх арганізацый. Працуюць яўрэйскія школы і дзіцячыя садкі. Дабрачыннае таварыства Хэсед Рахамім аказвае дапамогу людзям пажылога ўзросту. У Мінску створаны Музей гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі.

У 1990 г. афіцыйна прызнана Віцебская іўдзейская абшчына, ёй быў вернуты будынак аднаго з малітоўных дамоў. У гэтым доме пасля рэканструкцыі знаходзілася Віцебская сінагога. Дзейнічае яўрэйская нядзельная школа. З 1993 г. Віцебскі яўрэйскі культурны цэнтр выпускае «Шалом» — дадатак да газеты «Выбар», якая выходзіць на беларускай мове. У кастрычніку 2017 г. у Віцебску ў гістарычнай частцы горада адкрылася новая сінагога — «Шацёр Давіда», першая з пабудаваных за апошнія 100 гадоў.

Скрыпач на даху сінагогі «Шацёр Давіда». Віцебск, кастрычнік 2017 г.

У 2002 г. адкрыты Мінскі яўрэйскі абшчынны дом (МЯАД). Асноўныя напрамкі яго работы: каардынацыя дзейнасці ўсіх яўрэйскіх арганізацый, накіраванай на ўсебаковае развіццё і падтрымку разнастайных праграм і праектаў (культурна-асветніцкіх, агульнаадукацыйных, сацыяльных), якія рэалізуюцца ў яўрэйскіх абшчынах, правядзенне свят, вывучэнне традыцый і гісторыі яўрэйскага народа, арганізацыя работы сацыяльнай службы, клубаў па інтарэсах, рэалізацыя дзіцячых, сямейных, спартыўных праграм.


Мусульмане

Першыя мусульмане татары ў Беларусі з’яўляюцца ў XIV ст. У 2024 г. у Віцебскай вобласці налічвалася 4 абшчыны, у Брэсцкай — 2, у Гродзенскай — 7, у Мінскай — 6, у Магілёўскай і Гомельскай абласцях па адной. У Мінску дзейнічалі 3 абшчыны. У мусульманскіх абшчынах неслі службу 14 імамаў.

Мячэць у г. Навагрудку Гродзенскай вобласці

Мячэць у г. Навагрудку Гродзенскай вобласці

Саборная мячэць у Мінску. 2016 г.

Саборная мячэць у Мінску. 2016 г.

На 2024 г. зарэгістраваны 24 мусульманскія рэлігійныя абшчыны суніцкага напрамку і адна абшчына шыіцкага напрамку. Дзейнічаюць 6 мячэцей і 2 малітоўныя дамы, у т. л. большасць абшчын суніцкага кшталту ўваходзяць у склад двух рэлігійных аб’яднанняў. Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне ў Рэспубліцы Беларусь, зарэгістраванае ў студзені 1994 г., уключае 17 абшчын. З 2005 г. старшынёй упраўлення (Муфціем) Аб’яднання з’яўляецца Абу-Бекір Юх’янавіч Шабановіч. Духоўнае кіраванне мусульман у Рэспубліцы Беларусь, зарэгістраванае ў 2002 г., аб’ядноўвае 4 абшчыны. Муфціем Упраўлення з’яўляецца Алі Ісмаілавіч Варановіч.

Узведзены мячэці ў г. Слоніме Гродзенскай вобласці (1994 г.), г. п. Смілавічы Чэрвенскага раёна Мінскай вобласці (1996 г.), абноўлены ў г. Навагрудку Гродзенскай вобласці (1997 г.), г. п. Відзы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці (1999 г.), г. Клецку Мінскай вобласці (2000 г.), г. Маладзечна Мінскай вобласці (2002 г.), мусульманскі цэнтр створаны ў г. Іўі Гродзенскай вобласці (1995 г.). Адной з найстаражытных ва Усходняй Еўропе з’яўляецца Лоўчыцкая мячэць (в. Лоўчыцы Навагрудскага раёна Гродзенскай вобласці).

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка і Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган на цырымоніі адкрыцця Саборнай мячэці ў Мінску. 2016 г.

У Мінску пабудавана Саборная мячэць, адкрыццё якой адбылося ў лістападзе 2016 г. у час першага дзяржаўнага візіту Прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана ў Беларусь. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка зазначыў, што ў нашай краіне «кожны грамадзянін можа знайсці дарогу да свайго храма» незалежна ад веравызнання, а дзяржава, у сваю чаргу, і надалей будзе рабіць усё магчымае, каб прадстаўнікі кожнай канфесіі тут адчувалі сябе як дома.


Нетрадыцыйныя рэлігіі

На працягу ўсёй гісторыі Беларусі традыцыйныя рэлігіі на яе тэрыторыі суіснавалі з нетрадыцыйнымі рэлігійнымі арганізацыямі, сектамі і культамі. Нетрадыцыйныя рэлігіі з’яўляюцца рэлігійнай формай скажэння варыятыўнасці норм і нармальных паводзін у грамадстве.

Працэсы дэмакратызацыі і ажыўлення рэлігійнага жыцця, якія адзначаліся ў Рэспубліцы Беларусь на працягу 1990‑х гг., прывялі да актывізацыі дзейнасці нетрадыцыйных рэлігій, рост колькасці якіх працягваўся аж да 2002 г., пасля чаго іх колькасць пачынае паступова змяншацца. Усяго ў перыяд з 1988 да 2025 г. на тэрыторыі краіны зафіксавана работа парадку 1 250 астралагічных (Авестыйская школа астралогіі і інш.), усходніх (Таварыства Свядомасці Крышны і інш.), хрысціянскіх (Міжнародная Царква Хрыста і інш.), псеўдахрысціянскіх (Багародзічны цэнтр і інш.), псеўдапсіхалагічных (Акадэмія Золатава і інш.), псеўданавуковых (Шынкіка і інш.), палітычных (Грамадзяне СССР і інш.), акультна-містычных (Фасінтэз і інш.), спірытычных (Цэнтр «Сірыус» і інш.), уфалагічных (Раэліты і інш.), неязычніцкіх (Інгліінгі і інш.), камерцыйных (Астран і інш.), сатанінскіх (Чорны легіён і інш.), утапічных (Рух Анастасіі і інш.), сінкрэтычных (Рух аб’яднання і інш.) сект і культаў, а таксама прадстаўнікоў руху новага мыслення (Навука Розуму і інш.), ле́карства, магіі і варажбы (Ордэн ведзьмакоў і інш.). Колькасць кожнага тыпу нетрадыцыйных рэлігій розная, геаграфічна яны нераўнамерна прадстаўлены ў краіне, працуюць з рознымі групамі насельніцтва: ад моладзі да пажылых людзей з розным узроўнем дастатку, узроўнем адукацыі, становішчам у грамадстве. Сітуацыя ў сферы нетрадыцыйнай рэлігійнасці адрозніваецца дынамічным характарам. У той час як традыцыйныя рэлігіі стагоддзямі стабільна працуюць з насельніцтвам краіны, нетрадыцыйныя рэлігіі схільныя да высокага ўзроўню ратацыі: штогод з’яўляецца і знікае каля 35–40 арганізацый, а сярэдні час іх дзейнасці складае 10 гадоў для сект і культаў, якія ўзнікаюць у Беларусі, і 20 гадоў для мігруючых з-за мяжы.

Прынцып свабоды сумлення і веравызнання, замацаваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, забяспечвае магчымасць афіцыйнай рэгістрацыі нетрадыцыйных рэлігій у якасці рэлігійных арганізацый. Аднак многія з іх не падаюць дакументы на рэгістрацыю, бо лічаць сябе рэлігійнымі арганізацыямі, альбо не задавальняюць нейкім крытэрыям, неабходным для паспяховага праходжання рэгістрацыі. Яны дзейнічаюць без рэгістрацыі, ці рэгіструюцца ў якасці грамадскіх арганізацый або індывідуальных прадпрымальнікаў.

У аснове нетрадыцыйнай рэлігійнасці ляжыць культавае асяроддзе грамадства, якое ўключае сукупнасць грамадзян краіны, што прымаюць на веру нетрадыцыйныя рэлігійныя ідэі і выконваюць у прыватным парадку такія ж практыкі, але без далучэння да арганізаваных форм сектанцтва. Вера ў астралогію, псуту і сурокі, НЛА, розныя забабоны, разнастайныя магічныя і варажбітныя практыкі, псіхатронную зброю, энергетыку чалавека, аўру і іншыя падобныя ідэі складаюць аснову культавага асяроддзя. Арганізаваныя формы сектанцтва фарміруюцца з асяроддзя носьбітаў культавага асяроддзя грамадства.

Абсалютная большасць нетрадыцыйных рэлігій Беларусі адкрыта рэкламуюць сваю дзейнасць на агульнадаступных інфармацыйных пляцоўках праз друкаваныя і электронныя СМІ, улёткі, літаратуру, сетку інтэрнэт і інш. Нягледзячы на гэта яны слаба заўважаюцца ў грамадскім дыскурсе: не больш за ⅕ з іх становіцца прадметам грамадскіх абмеркаванняў. Гэта выклікана пасіўнасцю сацыяльных інстытутаў ва ўвазе да тэмы сект, дамінаваннем у канфесійнай прасторы сярэдне- і слабаарганізаваных тыпаў нетрадыцыйных рэлігій, перавага ўзнікаючых у Беларусі сект і культаў (у цэлым менш прыкметных) над мігруючымі з-за мяжы. Акрамя таго, шматлікія нетрадыцыйныя рэлігіі ў рабоце з насельніцтвам маскіруюць свае вучэнні і практыкі, якія маглі б выклікаць моцнае незадавальненне, г. зн. для прыцягнення ўвагі выкарыстоўваюць стратэгію імітацыі нормы. Гэта дазваляе ім ухіляцца ад залішняй грамадскай увагі пры захаванні высокага ўзроўню адхілення дамінантных у грамадстве норм і каштоўнасцей.

У сістэме грамадскіх адносін, якія складваліся ў Беларусі з пачатку 1990‑х гг., у этнаканфесійнай структуры беларускага грамадства нетрадыцыйныя рэлігіі не выступаюць у якасці канкурэнта традыцыйным рэлігіям, бо ў краіне ўсё яшчэ захоўваецца высокая доля людзей, якія не вызначыліся са сваёй канфесійнай ідэнтыфікацыяй. У цэлым нетрадыцыйныя рэлігіі з’яўляюцца фактарамі павышанай рызыкі і патрабуюць асаблівай увагі з боку грамадства, хаця асабліва значных надзвычайных здарэнняў у іх асяроддзі ў Беларусі не адбывалася.


Беларуская Біблія

Традыцыя перакладаў Свяшчэннага Пісання на беларускую мову мае даўнюю гісторыю і з’яўляецца працягам асветніцкай дзейнасці святых братоў Кірылы і Мяфодзія, якія ажыццявілі пераклад Свяшчэннага Пісання для славян. «Бивлия Руска» заснавальніка ўсходнеславянскага кнігадрукавання доктара Францыска Скарыны (каля 1490 — каля 1551) уяўляе сабой першую спробу адаптацыі тэкстаў Свяшчэннага Пісання да старабеларускай мовы. Пераклад Евангелля на старабеларускую мову ажыццявіў і выдаў каля 1570 г. (з паралельным царкоўнаславянскім тэкстам) асветнік і гуманіст Васіль Цяпінскі (1530–1600). Вядомы і іншыя прыклады адаптацыі і перакладаў тэкстаў Свяшчэннага Пісання на старабеларускую мову ў XVI ст. — збор Бібліі Мацвея Дзясятага, пераклад архімандрыта Супрасльскага манастыра Сергія Кімвара, Евангелле настаўнічае, выдадзенае ў Заблудаве (Гродзенская губерня) Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам.

Пераклад Свяшчэннага Пісання на сучасную беларускую мову актывізаваўся з 1920‑х гг. у выніку росту нацыянальнай самасвядомасці і развіцця беларускай літаратурнай мовы.

Першую спробу перакладу Евангелля на беларускую літаратурную мову, якая фарміравалася, зрабіў у 1912–1921 гг. каталіцкі святар Ідэльфонс Бобіч (1840–1944). Пераклад Новага Запавету і псалмоў, які перавыдаецца да гэтага часу, выканаў у 1926–1931 гг. па замове баптысцкага пастара Лукі Дэкуць-Малея (1888–1955) пры падтрымцы Брытанскага Біблейскага таварыства дзеяч беларускага нацыянальнага адраджэння Антон Луцкевіч (1884–1942). Перакладчык ставіў сабе задачу зрабіць свяшчэнны тэкст як мага больш даступным для ўспрымання «простага чалавека».

У 1939 г. з’явіліся «Чатыры Евангеллі і Дзеі Апостальскія» ў перакладзе каталіцкага святара Вінцэнта Гадлеўскага (1888–1942). Асаблівасць перакладу ў тым, што аўтар узяў багаслоўскую і іншую тэрміналогію, уласцівую польскай мове, выкарыстаўшы толькі яе транслітарацыю.

Пераклад «Новага Запавету і Дзеяў Апостальскіх», выкананы ў Рыме каталіцкім святаром Пятром Татарыновічам (1896–1978), адрознівае наяўнасць падрабязных каментарыяў, разлічаных менавіта на «простага» чытача.

Пераклад некалькіх кніг Старога Запавету і Евангелля ад Іаана выканаў Ян Пятроўскі (1905–2001), які жыў у ЗША, пратэстант-метадыст. На вынікі яго працы паўплывала жыццё на эміграцыі, адчужанасць ад жывога асяроддзя сучаснай беларускай мовы.

Да 1000‑годдзя Хрысціянства на Русі было прымеркавана канадскае выданне Напрастольнага Евангелля ў перакладзе архіепіскапа Мікалая (Мацукевіча; 1917–2002). Пераклад таксама насычаны лексікай, характэрнай для закрытага эмігранцкага асяроддзя сярэдзіны ХХ ст.

З усіх выкананых у беларускім эмігранцкім асяроддзі перакладаў высокім літаратурным узроўнем адрозніваецца вопыт Міхася Міцкевіча (1926–2020), які пражываў у Нью-Ёрку, роднага брата класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Ён пераклаў Чатырохевангелле, а таксама цэлы шэраг праваслаўных богаслужэбных тэкстаў: Літургію св. Іаана Залатавуста, Гадзіны, Трапары нядзельныя, Шасціпсалмоўе. У ЗША былі выдадзены першыя два з чатырох Евангелляў. Важна адзначыць, што пераклад Міхася Міцкевіча прызначаўся менавіта для праваслаўнага богаслужэбнага выкарыстання, бо рукапіс перакладу кожнага з чатырох Евангелляў аформлены аўтарам у поўнай адпаведнасці з богаслужбовым Евангеллем, г. зн. яно падзелена на зачалы з усімі ўласцівымі богаслужбоваму Евангеллю адзнакамі. Такім чынам, М. М. Міцкевіч ажыццявіў не толькі пераклад, але стварыў літаратурны помнік: сучаснае рукапіснае богаслужэбнае Евангелле. Улічваючы каштоўнасць гэтага рукапісу, пляменніца Міхася Міцкевіча Марыя Міцкевіч арганізавала факсімільнае выданне рукапіснага перакладу.

Поўны тэкст Бібліі першым пераклаў у 1973 г. з дапамогай Майсея Гітліна доктар Янка Станкевіч. Яго перакладу ўласціва дакладнасць перадачы канструкцый у плане сінтаксісу, а разам з тым і неверагодная вольнасць у перадачы лексікі, асабліва ж — прынцыпы ўласнай словатворчасці, якія не паддаюцца аналізу.

Поўны пераклад Бібліі выкананы таксама каталіцкім святаром Уладзіславам Чарняўскім (1916–2001). Першапачаткова былі ажыццёўлены 2 выданні Новага Запавету, кожнае з якіх істотна адрозніваецца адзін ад аднаго з прычыны шматлікіх рэдагавання і літаратурных апрацовак. У 2012 г. была выдадзена ўся Біблія ў перакладзе У. Чарняўскага. У 2017 г. Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь, якому В. Чарняўскі ў 2001 г. перадаў аўтарскія правы на выданне сваіх перакладаў, выдала юбілейную Біблію на аснове рукапісаў У. Чарняўскага, прымеркаваўшы выданне да 500‑годдзя Бібліі Францыска Скарыны.

Трэці пераклад поўнай Бібліі на сучасную беларускую мову ажыццявіў прафесійны перакладчык Васіль Сёмуха (1936–2019). Ён пачаў працу над перакладам Евангелля ад Матфея ў 1989 г. у складзе Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Але паколькі гэтая праца рухалася даволі павольна, а таксама з прычыны несупадзення меркаванняў наконт перакладу, В. Сёмуха далейшы пераклад Новага Запавету рабіў самастойна і выдаў яго ў 1995 г. А ў 2002 г. выйшла ў свет поўная Біблія ў яго перакладзе. Часта з-за адсутнасці беларускіх адпаведнікаў тым ці іншым царкоўнаславянскім тэрмінам і паняццям, В. Сёмуха ўвёў у свой пераклад уласныя словаўтварэнні.

Перакладам Свяшчэннага Пісання займаўся таксама вядомы беларускі літаратар і перакладчык Анатоль Клышка (1935–2021). У 1989–1992 гг. у часопісе «Спадчына» друкаваліся чатыры Евангеллі ў яго перакладзе. А больш чым праз 20 гадоў быў выдадзены асобнай кнігай увесь тэкст перакладу Свяшчэннага Пісання. Пры адсутнасці шэрага беларускамоўных духоўна-рэлігійных тэрмінаў А. Клышка выкарыстоўваў прастамоўныя канструкцыі.

Улічваючы неабходнасць падрыхтоўкі беларускамоўнага тэксту Свяшчэннага Пісання і літургічных тэкстаў для выкарыстання ў богаслужэнні, а таксама актуальнасць распрацоўкі царкоўна-рэлігійнай лексікі беларускай мовы, у 1989 г. была створана спецыяльная Біблейская камісія Беларускай Праваслаўнай Царквы ў складзе багасловаў, філолагаў, перакладчыкаў. Камісіяй на дадзены момант перакладзены ўвесь Новы Запавет і працягваецца праца над перакладам Псалтыры. Выданне Новага Запавету ў перакладзе Біблейскай камісіі ў 2017 г. было прымеркавана да 500‑годдзя Бібліі Францыска Скарыны. У 1991 г. была заснавана серыя «Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста на чатырох мовах: грэчаскай, славянскай, рускай i беларускай», у якой на дадзены момант выйшла 6 з 9 кніг у форме тэтраглоты (г. зн. з паралельным размяшчэннем тэкстаў на чатырох мовах). Акрамя таго, у 2007 г. было выдадзена богаслужэбнае Святое Евангелле, асаблівасцю якога з’яўляецца падзел усяго Евангельскага тэксту на зачалы ў поўнай адпаведнасці са старажытнай праваслаўнай богаслужэбнай традыцыяй. У 2008 г. было ажыццёўлена 2‑е выданне гэтай кнігі ў польскім горадзе Гайнаўка выдавецтвам «Братчык» для праваслаўных беларусаў Польшчы.

У 1997 г. у Мінску для выкарыстання парафіяй касцёла святых Сымона і Алены было пераведзена Чатырохевангелле. Пераклад з польскай мовы, з так званай Бібліі Тысячагоддзя, ажыццявіла група перакладчыкаў пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук каталіцкага святара Уладзіслава Завальнюка. У 2007 г. гэтае Евангелле перавыдадзена з прадмовамі перад кожным з Евангелляў.

У 1992 г. была ўтворана секцыя па перакладзе літургічных і афіцыйных дакументаў пры Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі. Пачаў выдавацца «Імшальны лекцыянарый» («Литургический лекционарий»), які змяшчае тэксты Свяшчэннага Пісання, якія выкарыстоўваюцца падчас набажэнстваў. «Лекцыянарый» выдаваўся паступова, у працэсе працы перакладчыцкай секцыі. У выніку выйшла 16 сшыткаў, якія пазней былі перавыдадзены ў 6 кнігах. Дадзены «Лекцыянарый» распаўсюджаны па каталіцкіх парафіях на тэрыторыі ўсёй Рэспублікі Беларусь. Пасля ён стаў асновай для перакладу ўсяго Новага Запавету, які быў выдадзены ў 2017 г. і прымеркаваны да 500‑годдзя выдання Бібліі Францыска Скарыны.

Нельга не адзначыць вялікую працу па перакладзе Новага Запавету на заходнепалескі дыялект беларускай мовы кандыдата філалогіі Фёдара Клімчука. У 2010 г. была выдадзена частка Новага Запавету, куды ўвайшлі Чатырохевангелле, Дзеі святых апосталаў і Першае пасланне святога апостала Паўла да Карынцянаў. Мэту сваёй працы аўтар бачыў у пісьмовым захаванні заходнепалескага дыялекту.

Чацвёрты пераклад Бібліі на беларускую мову здзейсніў у 2023 г. пратэстанцкі пастыр Антоній Бокун. Першапачаткова ён пераклаў са старажытнагрэчаскай мовы Новы Запавет, а са старажытнаяўрэйскай — кнігу Прытчаў. У выданне Бібліі, згодна з пратэстанцкай традыцыяй, уваходзяць толькі так званыя кананічныя кнігі, якія аўтар пераклаў са старажытнаяўрэйскай мовы.

У 2018 г. свой пераклад Новага Запавету выдалі баптысцкія пастары Эрнэст Сабіла і Сяргей Малахаў.

Пераклад біблейскай кнігі Песня Песняў у серыі «Новая беларуская Біблія» выдаў у 2022 г. у Празе Сяргей Шупа.

У верасні 2019 г. у час святкавання 1000‑годдзя г. Брэста Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка паднёс у падарунак гораду экзэмпляр Брэсцкай Бібліі 1563 г.: «Прыміце яшчэ адзін дар, варты такой вялікай даты, — гэта экзэмпляр Брэсцкай Бібліі, надрукаванай тут амаль паўтысячагоддзя назад. Гэтая вечна жывая кніга вяртаецца да сябе дадому».

Галоўным гістарычным дасягненнем нашага грамадства з’яўляецца мірнае суіснаванне розных канфесій і супрацоўніцтва паміж імі. Канфесіі адыгрываюць вельмі істотную ролю ў сацыяльным і культурным жыцці Рэспублікі Беларусь. Іх дзейнасць цесна звязана з духоўным жыццём грамадства, і гэта робіць яго б агацей і разнастайней.