Аматарская мастацкая творчасць
Дата стварэння: 24.05.2023 11:55:29
Дата змены: 27.09.2024 13:51:59
- Агульная характарыстыка
- Фестывальная дзейнасць
- Дзіцячая мастацкая творчасць
- Студэнцкая творчасць
- Ваенна-гістарычны маладзёжны рух
- Вакальна-харавая творчасць
- Харэаграфічная творчасць
- Тэатральная творчасць
- Інструментальная творчасць
- Фальклорная творчасць
Агульная характарыстыка
У 1990‑я гг. характэрнай асаблівасцю развіцця беларускага грамадства сталі змены культуралагічнага парадку, якія праявіліся ў дынаміцы форм сацыяльна-культурнай актыўнасці. Развіццё аматарскай народнай творчасці як найбольш масавай з’явы адлюстроўвае эвалюцыю грамадскай свядомасці ў кірунку яе шматмернасці, выяўляе працэсы паглыблення і пашырэння нацыянальна-культурных інтарэсаў.
Кіраванне развіццём народнай мастацкай творчасці ажыццяўляюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, абласныя ўпраўленні культуры, раённыя аддзелы культуры, якія вырашаюць задачы фарміравання і рэалізацыі нацыянальнай культурнай палітыкі: стварэнне і падтрыманне матэрыяльна-тэхнічнай базы для развіцця аматарскай мастацкай творчасці; стымуляванне развіцця ўсіх відаў і жанраў аматарскай мастацкай творчасці; удасканаленне кадравага патэнцыялу; рэпертуарна-метадычнае забеспячэнне дзейнасці калектываў і інш.
Значная роля ў працэсе каардынацыі, арганізацыі, у кіраванні развіццём аматарскай мастацкай творчасці належыць навукова-метадычнаму звяну, якое складаецца з раённых (гарадскіх), абласных навукова-метадычных цэнтраў народнай творчасці і культасветработы, Нацыянальнага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
У пачатку 1990‑х гг. ва ўсіх абласцях Беларусі назіраўся працэс скарачэння сеткі ўстаноў культуры, іх матэрыяльная база паступова прыходзіла ў непрыгоднасць. Востра стаяла пытанне абнаўлення абсталявання і апаратуры. Выхад з такога становішча быў знойдзены ў перапрафіляванні раней уніфікаваных устаноў культуры ў адпаведнасці з рэгіянальнай спецыфікай. Узнікалі ўстановы, якія арганізоўвалі работу па засваенні нацыянальна-культурнай спадчыны. У 1990 г. пачаў работу Глыбоцкі Дом рамёстваў. У 1992 г. існавала ўжо 12 падобных устаноў: 5 з іх у Віцебскай вобласці — у Браслаўскім, Гарадоцкім, Глыбоцкім, Лепельскім і Шумілінскім раёнах. У 1993 г. налічвалася 20 дамоў і цэнтраў рамёстваў. У Брэсцкай вобласці пачалі стварацца школы народнай творчасці. Прыкладамі ўстаноў новага тыпу сталі Народны дом у в. Талуць Вілейскага раёна Мінскай вобласці, Дом палескай культуры ў г. Столін Брэсцкай вобласці.
У 1994 г. у Мінскай вобласці дзейнічалі Дом фларыстыкі, Дом-майстэрня; у Гомельскай вобласці — Дом народнай медыцыны, клубы сельскіх сустрэч, дамы сацыяльных паслуг, клуб кінапаказу, клуб гульні і цацкі; у Брэсцкай — Дом майстроў музычнай культуры, Цэнтр культуры і народных традыцый. Паўсюдна адкрываліся дамы фальклору, цэнтры нацыянальнай культуры, цэнтры эстэтычнага выхавання і інш. У 1995 г. было распрацавана і зацверджана прыкладнае палажэнне аб Цэнтры рамёстваў. Гэта садзейнічала прызнанню статусу ўстаноў новага тыпу, умацаванню іх матэрыяльнай базы, пашырэнню кірункаў дзейнасці і спектра паслуг, якія яны аказваюць.
У пачатку XXI ст. распрацоўваліся і рэалізоўваліся рэгіянальныя праграмы захавання і развіцця культуры, у т. л. традыцыйнай. У пачатку 2006 г. у выніку рэалізацыі такой праграмы ў Гомельскай вобласці дзейнічалі 104 клубныя ўстановы новага тыпу, адкрыты музей традыцыйнай культуры, майстэрня па вырабе традыцыйнага касцюма і інш.
Працэс перабудовы сеткі ўстаноў культуры прывёў да стварэння аднапрофільных (цэнтры рамёстваў), а таксама шматпрофільных устаноў: клубы-бібліятэкі, клубы-музеі, цэнтры вольнага часу і інш. Усё гэта спрыяла пераўтварэнню ўніфікаванага клуба ў больш жыццяздольныя, адпаведныя рэгіянальнай спецыфіцы і патрэбам насельніцтва тыпы сацыяльна-культурных устаноў.
У складаным становішчы аказаліся аматарскія мастацкія калектывы, якія працавалі на базе прафсаюзных устаноў. У 1998 г. у сістэме прафсаюзаў функцыянавала 238 палацаў і дамоў культуры. На іх базе працавала 1,4 тыс. мастацкіх калектываў. Кожны пяты з іх меў званне «народны», «узорны», што сведчыла пра сур’ёзны мастацкі ўзровень.
У 1997–2001 гг. адбываўся рост агульнай колькасці фарміраванняў аматарскай мастацкай творчасці з той жа сярэднегадавой інтэнсіўнасцю, што і скарачэнне ў папярэднім перыядзе (+ 9,5 % на год).
Удасканаленню дзейнасці ўстаноў культуры, вызначэнню стратэгіі кіравання садзейнічалі акцыі Міністэрства культуры: Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Культурная сфера вольнага часу: стан, праблемы, пошукі» (1995); Рэспубліканскі агляд-конкурс аматарскіх аб’яднанняў (1998); Рэспубліканскі агляд-конкурс раённых дамоў культуры і раённых арганізацыйна-метадычных цэнтраў на лепшую арганізацыю культурнага абслугоўвання сельскага насельніцтва (2000); Рэспубліканскі агляд-конкурс абласных навукова-метадычных цэнтраў народнай творчасці і культурна-асветнай працы (2001).
Выяўленню праблемных зон і асэнсаванню сучасных сацыякультурных працэсаў у аматарскай мастацкай творчасці садзейнічалі навуковыя праекты, даследаванні, навукова-практычныя канферэнцыі і семінары. Найбольш буйнымі з’яўляліся сацыялагічныя даследаванні Беларускага інстытута праблем культуры «Роля сучасных клубных устаноў у задавальненні культурных патрэб насельніцтва» (1995–1996) і рэспубліканскія праграмы «Шляхі стабілізацыі сеткі дзяржаўных клубных устаноў у новых эканамічных умовах» (1994–1995), «Новыя мадэлі ўстаноў культуры ў Беларусі» (1999), «Новыя падыходы да праблем сельскай культуры» (2000).
У ліку найбольш прадстаўнічых форумаў, на якіх усебакова аналізаваліся працэсы развіцця аматарскай мастацкай творчасці, — Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Аматарская творчасць: устойлівыя і новыя тэндэнцыі», арганізаваная 22–23 кастрычніка 1998 г. па выніках I Рэспубліканскага фестывалю народнага мастацтва «Беларусь — мая песня».
Пытанні развіцця аматарскай мастацкай творчасці асвятлялі выданні Беларускага інстытута праблем культуры: інфармацыйна-аналітычны і рэпертуарна-мастацкі бюлетэнь «Народная творчасць» (1997), «Творчасць» (2001, 2002), «Веснік Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры» (заснаваны ў 1993), даведачныя выданні «Культура ў жыцці кожнага беларуса» (1994), «Культурнае жыццё рэспублікі» (1995, 1996, 1999), «Статыстычны партрэт культуры Беларусі» (2001, 2002, 2003), серыя навукова-аналітычных выданняў «Беларуская культура сёння» (2003, 2004, 2005). У ліку выданняў, якія абагульняюць і аналізуюць культурныя працэсы ў Беларусі на мяжы XX—XXI стст., манаграфіі «Сацыядынаміка культуры сучаснай Беларусі» (2003), «Культура Беларусі: 20 год развіцця (1991–2011)» (2012).
Развіццю аматарскай мастацкай творчасці, удасканаленню сацыяльна-культурнай інфраструктуры, умацаванню матэрыяльнай базы ўстаноў культуры ў сельскай мясцовасці садзейнічаў працэс стварэння аграгарадкоў. Былі пабудаваны новыя жылыя памяшканні для моладзі, абсталяваны сацкультбыт. У ліку розных сацыяльна-культурных аб’ектаў абавязкова праектаваліся і ўзводзіліся ўстановы культуры (дамы культуры, клубы, бібліятэкі і г. д.), цэнтры традыцыйных народных промыслаў і рамёстваў. Іх матэрыяльная база была мадэрнізавана і з’явілася сур’ёзнай канцэртнай пляцоўкай і штуршком для далейшага развіцця аматарскай мастацкай творчасці.
Аматарская мастацкая творчасць адыгрывае важную ролю ў сучасным сацыякультурным працэсе. У клубных установах Беларусі дзейнічаюць фарміраванні рознай жанравай накіраванасці: вакальна-харавыя, харэаграфічныя, тэатральна-драматычныя, інструментальныя калектывы, аматарскія аб’яднанні і клубы па інтарэсах.
Калектывы аматарскай творчасці ажыццяўляюць сваю дзейнасць на базе дзяржаўных, прафсаюзных, ведамасных устаноў культуры, устаноў вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай, сярэдняй адукацыі, устаноў пазашкольнай адукацыі і выхавання, воінскіх часцей, прадпрыемстваў розных форм уласнасці, цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дамоў-інтэрнатаў, грамадскіх аб’яднанняў, творчых саюзаў і інш. Яны ствараюцца па ініцыятыве грамадзян, грамадскіх аб’яднанняў, устаноў, арганізацый, дзяржаўных органаў, а таксама органаў грамадскага самакіравання.
Асноўнымі прынцыпамі дзейнасці калектываў аматарскай мастацкай творчасці з’яўляюцца добраахвотнасць, агульнасць інтарэсаў, даступнасць, спалучэнне асабістай ініцыятывы, арганізацыі і самаарганізацыі. У калектывах вядзецца работа па вывучэнні музычнай граматы, фарміраванні пеўчай культуры, авалоданні музычнымі інструментамі, асновамі харэаграфіі, тэатральным майстэрствам і культурай сцэнічных паводзін і г. д.
У рэспубліцы назіраецца цікавасць да нацыянальнай мастацкай спадчыны, ствараюцца фальклорныя музычныя калектывы, што працуюць як у рэчышчы вывучэння і захавання мастацкіх першакрыніц, так і перапрацоўкі і «асучаснівання» фальклору. Папулярызацыі фальклору ў маладзёжным асяроддзі спрыяюць фолк-рок- і фолк-мадэрн-калектывы, якія звяртаюцца да традыцыйнай народнай інструментальнай і вакальнай музыкі.
Распрацавана нарматыўная прававая база для заняткаў аматарскай мастацкай творчасцю, аснову якой складае закон «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь». Згодна з азначэннем, «аматарскім калектывам прызнаецца калектыў, што ствараецца з фізічных асоб, якія сумесна займаюцца мастацкай творчасцю, як правіла, на грамадскіх пачатках, за выключэннем кіраўніка, які працуе на прафесійнай аснове. Статус калектыву пацвярджаецца пашпартам аматарскага калектыву». У дакуменце вызначаны парадак стварэння прафесійных і аматарскіх калектываў і спынення іх дзейнасці, пералічаны магчымыя ганаровыя званні.
У рэспубліцы існуе сістэма розных узнагароджанняў за творчыя дасягненні — дзяржаўныя прэміі, спецыяльныя прэміі Прэзідэнта ў галіне культуры і мастацтва, прэміі прафсаюзаў і інш. Калектывы і клубы па інтарэсах, якія дасягнулі высокага выканальніцкага майстэрства, вывучаюць, адраджаюць і захоўваюць рэгіянальныя асаблівасці беларускага вакальнага, музычнага, харэаграфічнага мастацтва, папулярызуюць творы беларускіх кампазітараў і сусветную мастацкую культуру, рэгулярна выступаюць у краіне і за мяжой, удзельнічаюць у фестывальным руху, удастойваюцца ганаровых званняў «народны» (з 1960), «узорны» (з 1978) калектыў аматарскай творчасці. Прысвойвае гэтыя званні калегія Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
Калектывам, якія ўяўляюць асаблівую мастацкую каштоўнасць для рэгіёна і рэспублікі ў цэлым і ўносяць важкі ўклад у захаванне і памнажэнне дасягненняў нацыянальнага мастацтва і культуры, за творчыя дасягненні, высокае выканальніцкае майстэрства, актыўную канцэртна-гастрольную дзейнасць з 2001 г. прысвойваецца ганаровае званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Першым дзіцячым калектывам, удастоеным гэтага высокага звання, стаў у 2004 г. ансамбль танца «Ровесник» Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў.
У 2009 г. званні «народны» і «ўзорны» мелі больш за 480 аматарскіх калектываў Гомельскай вобласці. На Гомельшчыне больш за 56 тыс. жыхароў прысвячалі вольны час творчасці. Большасць з іх, з’яўляючыся ўдзельнікамі 3 467 калектываў мастацкай самадзейнасці, спявалі, танцавалі, ігралі на музычных інструментах, выступалі на тэатральных падмостках. Для тых, хто імкнуўся да камунікацыі і раскрыцця творчых здольнасцей, ва ўстановах культуры створана 959 аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах, 564 гурткі, курсы, майстэрні, лабараторыі канкрэтных ведаў і навыкаў.
У 2016 г. у Брэсцкай вобласці дзейнічала 4 127 клубных фарміраванняў, з іх 2 272 — дзіцячыя. Узровень якасці і жыццяздольнасці аматарскай творчасці вызначаюць творчыя калектывы, якіх налічвалася 2 639, а таксама 1 324 аматарскія аб’яднанні і клубы па інтарэсах; 397 з іх носяць ганаровыя званні «народны», «узорны», «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь». Мастацкія калектывы вобласці і асобныя выканаўцы вядуць актыўную канцэртна-гастрольную дзейнасць, штогод ажыццяўляюць больш за 130 выездаў за мяжу. Яны з годнасцю прадстаўляюць беларускую культуру і культуру Брэстчыны ў многіх краінах свету. У Брэсцкім рэгіёне атрымалі пастаянную прапіску і сталі традыцыйнымі 20 свят і конкурсаў аматарскай творчасці.
У 2016 г. аматарская творчасць Мінскай вобласці была прадстаўлена 3 904 клубнымі фарміраваннямі, якія аб’ядноўвалі 42 тыс. чалавек. Сярод жанравых калектываў аматарскай творчасці — вакальна-харавыя, харэаграфічныя, тэатральна-драматычныя, інструментальныя калектывы. Ганаровыя званні «заслужаны», «народны» і «ўзорны» мелі 574 калектывы. Найбольш вядомыя з іх — заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь: фальклорны ансамбль «Крупіцкія музыкі» Крупіцкага цэнтра культуры імя У. Грома Мінскага раёна, сімфанічны аркестр Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага, фальклорны ансамбль «Гасцінец» Ракаўскага цэнтра фальклору Валожынскага раёна, харэаграфічны ансамбль «Сузор’е» Палаца культуры г. Салігорск, народны ансамбль народнай песні «Шчодрыца» Лагойскага раённага Цэнтра культуры, узорны ансамбль гарманістаў «Аношкаўскія музыкі» Аношкаўскай дзіцячай школы мастацтваў Нясвіжскага раёна і інш.
Вялікая ўвага надаецца падтрымцы і развіццю аматарскіх калектываў розных жанраў мастацкай творчасці ў Гродзенскай вобласці. Тут дзейнічае каля 2 тыс. вакальна-харавых, харэаграфічных, тэатральна-драматычных, інструментальных, фальклорных калектываў, клубаў па інтарэсах, гурткоў прыкладных ведаў і навыкаў, аб’яднанняў для дзяцей і падлеткаў. Больш за 20 тыс. чалавек увесь час займаюцца ў калектывах мастацкай творчасці. У Гродзенскай вобласці налічваецца 417 калектываў, якія маюць ганаровыя званні, 13 з іх — «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь» (даныя на 1 верасня 2017).
На канец 2015 г. ва ўстановах клубнага тыпу 1 679 калектываў мелі званні «народны» і «ўзорны». Пры клубных установах працавала каля 22 тыс. клубных фарміраванняў, якія аб’ядноўвалі больш за 224 тыс. удзельнікаў. Каля 69 % клубных фарміраванняў складалі калектывы мастацкай творчасці. Менавіта яны ў значнай меры забяспечвалі абслугоўванне насельніцтва канцэртнымі мерапрыемствамі.
У 2016 г. клубныя ўстановы арганізавалі і правялі больш за 500 тыс. мерапрыемстваў (у т. л. з удзелам калектываў аматарскай творчасці больш за 120 тыс. канцэртаў і спектакляў, 45 тыс. тэатралізаваных народных свят і абрадаў).
На пачатак 2017 г. у рэспубліцы налічвалася 1,9 тыс. народных, узорных калектываў і 98 заслужаных аматарскіх калектываў мастацкай творчасці.
Да пачатку 1990‑х гг. у Беларусі склалася трохузроўневая сістэма мастацкай адукацыі. Яна была строга цэнтралізаванай, даволі ўстойлівай і кіраванай, аднак не прыстасаванай да свабоднага планавання. Сістэма дзяржаўнай адукацыі ў галіне культуры вытрымала выпрабаванні, выкліканыя падзеямі 1990‑х гг., і прадэманстравала ўстойлівасць і выжывальнасць у складаных умовах існавання. Удалося захаваць навукова-творчы і педагагічны патэнцыял.
Працавалі 3 установы вышэйшай адукацыі і 21 — сярэдняй адукацыі ў галіне культуры і мастацтва, 527 школ мастацтваў. Падрыхтоўку кадраў вышэйшай кваліфікацыі ажыццяўлялі Беларуская акадэмія музыкі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Беларуская акадэмія мастацтваў.
Актыўную выставачную дзейнасць ажыццяўляла з 2002 г. галерэя «Універсітэт культуры». Тут выстаўлялі работы айчынныя і замежныя аўтары. У галерэі праходзілі рэспубліканскія і міжнародныя выставы, майстар-класы, творчыя сустрэчы, аўтарскія вечарыны.
Фестывальная дзейнасць
Актуальнай формай падтрымкі аматарскай творчасці з’яўляецца правядзенне розных фестываляў народнага мастацтва, на якіх наглядна дэманструюцца дасягненні аматарскіх фарміраванняў, прасочваецца стан, выяўляюцца тэндэнцыі і праблемы іх развіцця. Адукацыйны кампанент рэалізуецца ў арганізацыі семінараў, круглых сталоў, практыкумаў, майстар-класаў, творчых лабараторый, школ перадавога вопыту. У ходзе фестываляў арганізуюцца навукова-практычныя канферэнцыі, фальклорныя чытанні і іншыя мерапрыемствы навукова-асветніцкага характару. Фестывалі мастацкай творчасці — актыўная форма захавання і прымнажэння культурнага патэнцыялу грамадства.
Міжнародны фестываль славянскіх народаў «Славянское единство — 2011» каля манумента Дружбы на мяжы Беларусі, Расіі і Украіны. Горад майстроў беларускага боку
«Анненскі кірмаш» адроджаны ў г. Зэльва Гродзенскай вобласці. Названы ў гонар святой Ганны; у 18 ст. быў адным з самых буйных і знакамітых у Еўропе
Фестывалі падраздзяляюцца на аднажанравыя (вакальнага, інструментальнага, харэаграфічнага, тэатральнага мастацтва і інш.), шматжанравыя і сінкрэтычных жанраў (фальклору, народнага гумару і інш.). Праводзяцца рэспубліканскія (усебеларускія), абласныя і рэгіянальныя фестывалі. Фестывалі міжнароднага, рэспубліканскага, абласнога ўзроўняў могуць уключаць рэгіянальныя (абласныя, раённыя, занальныя) этапы (туры).
На працягу 1990–1995 гг. адбыўся ўсплёск фестывальнай актыўнасці. У гэты перыяд узніклі фестывальныя праекты: «Галасы дзяцінства», «Студэнцкая вясна», «Не старэюць душой ветэраны», «Звіняць цымбалы і гармонік», святы народных рамёстваў і інш.
У сярэдзіне 1990‑х гг. у навуковых колах пачала фарміравацца фестывальная палітыка ў сферы народнай мастацкай творчасці. Міністэрства культуры занялося выпрацоўкай стратэгіі фестывальнага руху. У 1998 г. паўстала пытанне аб фарміраванні ў краіне адзінага фестывальнага календара на аснове існуючых традыцый, паслядоўнасці, пераемнасці, ахопу розных жанраў з улікам геаграфіі, дакладных тэрмінаў, узнікла неабходнасць рэгламентацыі фестывальнай дзейнасці.
У 2002 г. распрацаваны Прыкладныя правілы правядзення фестываляў у Рэспубліцы Беларусь, у якіх вызначаўся статус фестывальных мерапрыемстваў, іх сацыяльна-культурныя крытэрыі, парадак рэгістрацыі, тэхналогія правядзення. Гэты дакумент абагульніў практычны вопыт фестывальнай дзейнасці ў канцы XX — пачатку XXI ст., дазволіў выпрацаваць прынцыпы тыпалагізацыі фестывальных мерапрыемстваў, садзейнічаў удасканаленню тэорыі кіравання культурнымі праектамі.
Фестывальная палітыка на мяжы XX—XXI стст. пачала фарміравацца на рэгіянальным узроўні. Ацэньваючы значэнне фестывальных мерапрыемстваў для развіцця культуры і эканомікі тэрыторый, умацавання іх прэстыжу, актывізацыі міжрэгіянальных кантактаў, дзяржаўныя арганізацыі і прыватныя асобы канцэнтравалі намаганні на падтрымцы і пашырэнні фестывальнай дзейнасці ў сваіх рэгіёнах.
Візітнай карткай сталіцы сталі традыцыйныя фестывалі народнай творчасці «Сузор’е», «Не старэюць душой ветэраны», «Мінскі гармонік» і інш.
Штогадовы фестывальны каляндар Мінскай вобласці ў 2010‑х гг. налічваў больш за 20 маштабных культурных мерапрыемстваў, якія мелі абласны і рэспубліканскі статус. Сярод найбольш значных фестываляў: Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў г. Маладзечна, рэспубліканскія святы музыкі і мастацтваў у гарадах Заслаўе і Нясвіж, рэспубліканскі фестываль харавога мастацтва «Пеўчае поле» ў Мядзельскім раёне, абласны фестываль народнай творчасці «Напеў» у г. Мар’іна Горка, абласныя фестывалі тэатральнай творчасці «Чароўны куфэрак» (Любанскі раён, з 1997) і «Бярэзінская рампа» (г. Беразіно, з 1997), харэаграфічнай творчасці «Карагод сяброў», эстраднай песні «Веснавыя рытмы», духавой музыкі «Майскі вальс» (з 1981) і інш.
Штогод на Міншчыне праводзіцца больш за 6 тыс. раённых мерапрыемстваў. Гэта фестывалі, конкурсы, агляды, дыскатэкі, святы вёсак, юбілеі, канцэрты, тэматычныя вечары. Яркімі, маляўнічымі, незабыўнымі падзеямі для рэгіёнаў сталі свята-конкурс «Беларуская лялька», абласное свята «Слуцкія паясы», раённы фестываль дзіцячай творчасці «Таленты дабрыні» і інш.
Народны ансамбль музыкі і песні «Крыніца» Дубровенскага раённага Дома культуры Віцебскай вобласці на фестывалі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне». 2002 г.
Дзіцячы калектыў «Папараць-Кветка» з г. Пружаны на Дні беларускага пісьменства ў г. Ганцавічы. Брэсцкая вобласць
Культурнае жыццё Віцебскай вобласці не абмяжоўваецца вядомым «Славянскім базарам». Тут праводзіцца каля 25 фестываляў рознага статусу і кірунку. Сярод раённых мерапрыемстваў — рэгіянальныя святы «Браслаўскія зарніцы», «Квітней, Глыбоччына» і інш. Міжнародны фестываль «Звіняць цымбалы і гармонік» у г. Паставы папулярызуе народна-інструментальную творчасць. Міжнародны фестываль песні і музыкі Падняпроўя Расіі, Беларусі і Украіны «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне» праз гістарычныя культурныя і духоўныя сувязі ўмацоўваў сяброўства народаў. Абласны фестываль нацыянальных культур «Нас аб’яднала зямля Беларусі» ў г. Мёры збірае прадстаўнікоў 13 нацыянальнасцей, якія пражываюць на тэрыторыі вобласці. Рэгіянальнае свята «Дзвіна — Двина — Даугава» ў Верхнядзвінску ўзнікла як лагічны працяг супрацоўніцтва Беларусі, Расіі і Латвіі ў сферы культуры і мастацтва. Рэгіянальнае свята на Кургане Дружбы ў Верхнядзвінскім раёне праводзілася на мяжы Латвіі, Расіі і Беларусі.
Маюць свае «фестывальныя візітоўкі» і іншыя рэгіёны. Для Гомеля гэта фестывалі харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод» і «Славянскія тэатральныя сустрэчы». У Брэсце і Брэсцкай вобласці праводзяцца міжнародныя тэатральныя фестывалі лялечных тэатраў, драматычных тэатраў «Белая Вежа», народнага мастацтва «Палескі карагод». Фестываль нацыянальных культур фарміруе творчае аблічча Гродна. Фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» прадстаўляе культурную прастору Магілёва.
Па-ранейшаму маштабна праводзяцца рэспубліканскія фестывальныя акцыі. Сярод іх — Усебеларускі фестываль нацыянальных культур. У 2014 г. у мерапрыемствах фестывалю нацыянальных культур удзельнічалі 900 прадстаўнікоў грамадскіх нацыянальна-культурных аб’яднанняў Беларусі, больш за 500 майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, каля 500 аматараў народнай творчасці і прафесійных артыстаў.
Дзень беларускага пісьменства праводзіцца штогод у першыя выхадныя верасня.
Вялікае эстэтычнае і сацыяльна-культурнае значэнне маюць фестывальныя мерапрыемствы ў малых гарадах Беларусі. Звязаныя з этнічнай гісторыяй, яны паглыбляюць уяўленні мясцовых жыхароў аб культуры сваёй супольнасці, узнаўляюць памяць пра мінулае, пра гераічныя подзвігі продкаў і спрыяюць патрыятычнаму выхаванню жыхароў рэгіёнаў. У Брэсцкай вобласці арганізуецца фестываль «Камянецкая вежа». Каля сцен помніка старажытнай гісторыі ўзнаўляецца атмасфера сярэдневяковага горада.
Штогод з 2011 г. на тэрыторыі палаца Сапегаў у Пружанскім раёне Брэсцкай вобласці праводзіцца свята «Ружанская брама». У г. Ліда Гродзенскай вобласці стаў традыцыйным фестываль сярэдневяковых традыцый і культуры «Меч Лідскага замка». Штогод у Лідскі замак з’язджаюцца ўдзельнікі рыцарскага руху з розных краін. Яны дэманструюць сваю адвагу і майстэрства ў індывідуальных і групавых бітвах. Пад звон мячоў у замку паказваюць сярэдневяковыя танцы, гістарычныя касцюмы, праходзіць вогненнае шоу. У замку Радзівілаў у Нясвіжы ў чэрвені традыцыйна праводзіцца фестываль опернага і балетнага мастацтва «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў». Паспяхова развіваюцца прыватныя фестывальныя ініцыятывы.
Ажыццяўляюцца праекты, накіраваныя на адраджэнне этнакультурных традыцый. Вялікія святочныя і фестывальныя мерапрыемствы этнакультурнай накіраванасці праводзяцца на тэрыторыі Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту ў в. Азярцо Мінскага раёна («Строчыцы»). Гэта Масленіца, Гуканне вясны, Юр’я, Тройца (Сёмуха), Купалле і інш.
Усё больш пашырае маштабы ўнікальны па сваім змесце Міжнародны фестываль традыцыйнай культуры і кулінарнага майстэрства «Мотальскiя прысмакi» ў аграгарадку Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Рэгіянальны фестываль народнай творчасці «Дрыбінскія таржкі» ў Магілёўскай вобласці прысвечаны адраджэнню кірмашовых традыцый.
Фестываль гарадской культуры «stArt Up» даў магчымасць майстрам-пачаткоўцам прыкладных відаў творчасці, мастакам, прафесійным рамеснікам заявіць пра сябе і паўнавартасна прадставіць вынікі сваёй дзейнасці.
Фестывалі народнай мастацкай творчасці як найбольш масавыя культурныя акцыі дэманструюць дасягненні ў сферы мастацкай культуры; адлюстроўваюць ступень развіцця яе відаў і жанраў; садзейнічаюць абнаўленню, захаванню, забеспячэнню пераемнасці найлепшых дасягненняў культуры і мастацтва. Сучасныя сродкі — інтэрнэт, тэле- і радыёвяшчанне — дазваляюць даносіць культурную інфармацыю шырокай публіцы нават у анлайн-рэжыме, што стварае эфект непасрэднай прысутнасці на любым мерапрыемстве.
Фестывалі і іншыя культурныя акцыі — масавыя сацыяльныя дзеянні, у якіх прымаюць удзел грамадзяне рознай нацыянальнай прыналежнасці, сацыяльнага статусу, прафесійнай накіраванасці. Выпрацоўка і падтрыманне святочна-фестывальнай культуры — важны элемент забеспячэння жыццядзейнасці соцыуму, неабходны для паўнавартаснай сацыялізацыі і культурнай камунікацыі. Яна садзейнічае паўнавартаснаму культурнаму развіццю чалавека, што з’яўляецца мэтай і вынікам сацыяльна-педагагічнага працэсу ў сферы арганізацыі вольнага часу.
Дзіцячая мастацкая творчасць
У фестывалі «Зямля пад белымі крыламі» ў г. Мазыр Гомельскай вобласці прынялі ўдзел каля 500 юных талентаў з 11 краін
У Беларусі склалася сістэма развіцця дзіцячай творчасці з дапамогай фестывальнай дзейнасці. Рэгулярна праводзяцца рэспубліканскія фестывалі мастацкай творчасці «Галасы дзяцінства» (г. Мінск, 1991–1998), «Зямля пад белымі крыламі» (г. Мазыр Гомельскай вобласці, з 1998), «Халі-хало» (г. Наваполацк Віцебскай вобласці, 1994–2000), «Вясёлкавы карагод» (г. Гродна, з 1996), «Песні юнацтва нашых бацькоў» (г. Віцебск, з 1995), усебеларускія тэлефестывалі «Тэле-бом», «Сузор’е надзей», «Усе мы родам з дзяцінства», «Маладыя галасы», Міжнародны фестываль юных талентаў «Залатая пчолка» (г. Клімавічы Магілёўскай вобласці, з 1996).
Міжнародны фестываль юных талентаў «Зямля пад белымі крыламі» праводзіцца ў Мазыры раз у 2 гады ў красавіку ― маі. Фестываль служыць развіццю, прапагандзе беларускай нацыянальнай культуры, эстэтычнаму выхаванню дзяцей, шырокаму далучэнню да традыцый народнай мастацкай творчасці, супрацоўніцтву з нацыянальнымі культурамі іншых краін, пашырэнню міжнародных творчых сувязей, выяўленню і падтрымцы творча адораных выканаўцаў.
Сярод удзельнікаў фестывалю шмат юных талентаў, якіх ведаюць не толькі на Гомельшчыне, але і за межамі нашай краіны. Гэта Вольга Сацюк і Ягор Фарашчан, Ягор Ваўчок і Ксенія Сітнік, Андрэй Кунец і Міхаіл Ліла, стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. У 2004 г. Ягор Ваўчок стаў фіналістам дзіцячага конкурсу «Еўрабачанне‑2004» у Нарвегіі. Юны мазыранін Андрэй Кунец у 2006 г. на IV Міжнародным дзіцячым конкурсе «Еўрабачанне‑2006» у г. Бухарэст (Румынія) заняў другое месца.
Фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка» праводзіцца ў Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці з 1996 г. З 2018 г. вырашана яго праводзіць штогод. У 2001 г. фестываль атрымаў статус міжнароднага, стаўшы адной з візітных картак вобласці. У 2003 г. у занальных праглядах і заключных мерапрыемствах фестывалю прынялі ўдзел 1,2 тыс. дзяцей і падлеткаў ва ўзросце 8–15 гадоў. Былі прадстаўлены ўсе жанры дзіцячай творчасці: вакальны, інструментальны, харэаграфічны, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.
Адборачныя туры рэспубліканскага тэлевізійнага конкурсу «Сузор’е надзей» праходзяць у абласцях. Яго этапам у Гродзенскай вобласці стаў ІІІ фестываль дзіцячай эстраднай творчасці «Масты надзей» (г. Масты, 2002).
Правядзенне мерапрыемстваў, якія садзейнічаюць выяўленню і развіццю творчых здольнасцей дзяцей, падлеткаў і моладзі, стала традыцыяй у Брэсцкай вобласці. У 2003 г. праводзіліся фестывалі: эстраднага мастацтва «Зорны шлях» (Баранавіцкі раён), «Зоркі Камянеччыны» (Камянецкі раён), дзіцячай эстраднай песні «Вясновыя званочкі» (Бярозаўскі раён), мастацтваў «Студэнцкая вясна» (г. Пінск), харэаграфічнага мастацтва «“Фіеста” запальвае агні» (г. Баранавічы), фестываль эстраднага мастацтва «Рытмы маладосці».
Падобныя мерапрыемствы праводзяцца ва ўсіх абласцях: напрыклад, у Мінскай — фестывалі юных талентаў «Мядзельская зорачка» (Мядзельскі раён), «Сем колераў вясёлкі» (г. Дзяржынск); у Магілёўскай — раённыя фестывалі дзіцячай творчасці «Зорны россып» (Чэрыкаўскі раён), «Пралесачка» (Кіраўскі раён), свята дзіцячай песні ў г. Шклоў, конкурс юных талентаў «Лукамор’е» (г. п. Краснаполле), «Горацкая зорачка» (г. Горкі), фестываль «Вясновы промнік» (г. Асіповічы).
У 2003–2004 гг. праводзіўся VII Рэспубліканскі фестываль мастацкай творчасці выхаванцаў дзіцячых дамоў, школ-інтэрнатаў, спецшкол і дамоў-інтэрнатаў «Вясёлкавы карагод». Рэспубліканскі конкурс «Юныя таленты Беларусі» арганізуецца на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра «Зубраня».
Студэнцкая творчасць
Падтрымцы і стымуляванню студэнцкай творчасці садзейнічаюць фестывалі «Студэнцкая вясна», «Арт-сесія» і інш. Першы абласны фестываль студэнтаў Віцебскай вобласці прайшоў у 1988 г. У 2‑м фестывалі (1990) прынялі ўдзел 39 калектываў розных кірункаў мастацкай творчасці, прадстаўнікі студэнцкіх навуковых таварыстваў 18 ВНУ, спартыўныя каманды (больш за тысячу ўдзельнікаў). У 1991 г. фестываль набыў статус рэспубліканскага. У 1993 г. праведзены II рэспубліканскі і V абласны фестывалі «Студэнцкая вясна». У 1994 г. VI абласны фестываль прайшоў па трох асноўных намінацыях.
Значнае месца ў фестывальнай праграме занялі гульні каманд КВЗ, студэнцкія тэатры мініяцюр. З’явіўся новы кірунак — конкурс каманд па інтэлектуальных гульнях.
У 1995 г. прайшлі ІІІ рэспубліканскі фестываль студэнцкай моладзі і VII абласны фестываль «Студэнцкая вясна — 95».
Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь былі падтрыманы IV рэспубліканскі і ІХ абласны фестывалі «Студэнцкая вясна — 97». У 1998 г. фестываль увайшоў у структуру І Рэспубліканскага фестывалю народнага мастацтва «Беларусь — мая песня».
У 2012 г. у Беларусі праводзіўся фестываль студэнцкай творчасці «АРТ-вакацыі», які ўключае шэраг рэспубліканскіх праектаў. Гэта аднайменны агляд-конкурс мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў, конкурс сучаснай лічбавай творчасці «Арт-партал», конкурс літаратурнай творчасці «Аўтограф». Фінал фестывалю «АРТ-вакацыі» па традыцыі праходзіць у канцы вясны ў Мінску ў фармаце вялікага гала-канцэрта. Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі сумесна з Міністэрствам адукацыі 15–17 лістапада 2016 г. быў арганізаваны Рэспубліканскі фестываль студэнцкай творчасці «Студэнцкая восень».
Ваенна-гістарычны маладзёжны рух
Ваенна-гістарычны маладзёжны рух узнік у сярэдзіне 1990‑х гг. Сфарміраваны ў добра арганізаваную сістэму, якой пад сілу ствараць грандыёзныя відовішчы, такія як фестывалі сярэдневяковай культуры «Навагрудак» (2000, 2002, 2004), «Старадаўні Нясвіж» (2003), «Белы замак» (гарады Мінск, Маладзечна), рыцарскі турнір «Меч Гедзіміна» (г. Мядзел Мінскай вобласці, 2002), «Заслаўскі набат» (гарады Заслаўе, Мінск). Аўтар ідэі і арганізатар правядзення фестываляў «Навагрудскі замак», «Музыка замкаў і ваколіц», «Старадаўні Нясвіж» — Ігар Міхно. Мерапрыемствы яскрава і захапляльна прапагандуюць сярэдневяковую гісторыю. У рыцарскіх клубах моладзь не толькі рэалізуе сваю цікавасць да мінулага, але і набывае карысныя навыкі (у кавальскім рамястве, фехтаванні, тэхналогіях ручнога вырабу адзення, музычным і харэаграфічным мастацтве).
У 2000‑я гг. у гарадах і каля сцен старажытных рэзідэнцый Беларусі праходзілі фестывалі сярэдневяковай гісторыі і рыцарскія турніры. У ліку самых вядомых: фестываль сярэдневяковай культуры «Гальшанскі замак» (май; аграгарадок Гальшаны, Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці), Міжнародны фестываль славянскіх баявых мастацтваў (май; г. Гродна), фестываль сярэдневяковай культуры «Рубон» (май; г. Полацк Віцебскай вобласці), Міжнародны гістарычны фестываль «Спадчына вякоў» (чэрвень; Мірскі замак), свята сярэдневяковай культуры «Рыцарскі фэст» у Мсціславе (ліпень; Магілёўская вобласць), Міжнародны фестываль «Наш Грунвальд» (ліпень; Музейны комплекс старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі»), фестываль «Крэўскі замак» (жнівень; аграгарадок Крэва, Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці), Міжнародны рыцарскі фестываль «Белы замак» (праводзіцца з 1997), рыцарскі фестываль «Меч Лідскага замка» (верасень; г. Ліда), Міжнародны фестываль сярэдневяковай культуры «Навагрудскі замак» (праходзіць з 2000), Міжнародны гістарычны фестываль «Мінск старажытны» (верасень).
У праграме свята «Лошыцкі фэст» — рыцарскі турнір юніёраў, выступленні драматычных, танцавальных і музычных калектываў, прэзентацыі новых музычных альбомаў, кірмаш рамёстваў. Нясвіж з яго багатай старажытнай гісторыяй стаў месцам правядзення фестывалю сярэдневяковай культуры «Старадаўні Нясвіж» (2003).
У 2014 г. у Беларусі адбыўся першы суднаходны фестываль раннесярэдневяковай культуры «З варагаў у грэкі». У шматдзённай лодачнай экспедыцыі з фестывальнымі прыпынкамі ў некалькіх гарадах удзельнічалі караблі, узноўленыя па гістарычных чарцяжах і дакументах.
З канца 1990‑х гг. з рознай перыядычнасцю праводзяцца рыцарскія фестывалі каля сцен Мірскага замка. Ініцыятарамі іх правядзення выступілі рыцары ордэна «Сэрца Дракона», заснаванага ў 1994 г. у Мінску і перайменаванага пазней у ордэн «Паўночнага храма».
Фестывалі і гістарычныя мерапрыемствы 2005 і 2006 гг. цікавыя тым, што на іх былі апрабаваны новыя формы працы з гледачамі — культурная анімацыя. Разам з рыцарамі актыўны ўдзел у гэтых мерапрыемствах прымалі рамеснікі, музыканты, танцоры. Такі падыход да рэканструкцыі старажытных традыцый культывуе аб’яднанне «Сярэдневяковая ліга» — арганізатар фестываляў сярэдневяковай культуры не толькі ў Міры, але і ў Навагрудку, Нясвіжы, Заслаўі, Мядзелі і Лідзе.
Фестываль сярэдневяковай культуры «Навагрудак» праходзіць з 2000 г. у старажытнай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага — г. Навагрудак. Асноўныя падзеі разгортваюцца каля падножжа Замкавай гары. Арганізуюцца: штурм ваярамі спецыяльна пабудаванага ўмацавання, рыцарскія турніры, канцэрты сярэдневяковай музыкі і іншыя мерапрыемствы. У фестывалі «Навагрудак‑2002» прымалі ўдзел студыя сцэнічных паядынкаў і трукавых пастановак «Duel dance», маладзёжны рыцарскі клуб «Вялікае княства», ваенна-гістарычныя клубы «Алтын Тумен», «Цвярдніца», «Калюмны», «Бона Сфорца», «Братэрства Мальтыйскага крыжа», «Карона Захаду», «Дом Срэбнага Адзінарога», клуб гістарычнага мадэлявання «Кайталан», «Рыцарский род Снежного Барса» (г. Мінск), рыцарскія клубы «Звяз трох мячоў» і «Волат» (г. Баранавічы), «Блудэнская харугва» (пас. Першамайск Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці), грамадскае аб’яднанне «Клуб славянскіх адзінаборстваў “Арыдан”», рыцарскія клубы «Гарадзенскі двузуб» (г. Гродна), «Барысфен» (г. Магілёў), ваенна-гістарычны клуб «Мэта» (г. Навагрудак Гродзенскай вобласці), гісторыка-патрыятычны клуб «Ойра» (г. Брэст), ваенна-гістарычныя клубы «Радагост» (г. Пінск), «Сцяг Алега Святаславіча» (г. Гомель), клуб гістарычнага фехтавання «Тэрра» (г. Рэчыца Гомельскай вобласці), клуб «Чорны Война» (г. Наваполацк) і інш.
Каля сцен старадаўняга замка XII ст. праходзяць міжнародны рыцарскі фестываль «Замак Гедзіміна» і фестываль рыцарскіх баёў «Меч Лідскага замка». У праграме — відовішчныя турніры, вогненныя шоу, выступленні каскадзёраў, конныя спаборніцтвы. Штогод з 2008 г. у г. Мсціславе Магілёўскай вобласці праводзіцца свята сярэдневяковай культуры «Рыцарскі фэст».
Фестываль сярэдневяковай культуры «Рубон» праводзіцца ў Полацку. Упершыню ён адбыўся ў 2008 г. і быў прымеркаваны да святкавання 1146‑годдзя Полацка. У праграме фестывалю, як правіла, турніры рыцараў, латнікаў і лучнікаў па правілах ранняга і развітога Сярэдневякоўя, старажытныя гульні з гледачамі.
Рух аматараў гістарычнай рэканструкцыі ў Беларусі працягвае развівацца. Для многіх прадстаўнікоў гэтага кірунку аматарскай творчасці захапленне перарасло ў лад жыцця і прафесійную дзейнасць.
Вакальна-харавая творчасць
У аматарскай творчасці прыярытэт сярод іншых жанраў захоўвае вакальна-харавое мастацтва. На базе дзяржаўных клубных устаноў функцыянуе больш за 8 тыс. вакальна-харавых калектываў. Яны падраздзяляюцца на хары (капэлы, ансамблі) з акадэмічнай і народнай манерай выканання, па складзе ўдзельнікаў — на аднародныя (жаночыя і мужчынскія) і змяшаныя, аднагалосыя і шматгалосыя, малыя (камерныя; 12 —30 чалавек), сярэднія (30–50 чалавек), вялікія (50–70 чалавек), зводныя (больш за 70 чалавек), вакальныя ансамблі (менш за 12 чалавек), ансамблі песні (песні і танца; песні, музыкі і танца), сольнае выканальніцтва, вучэбныя хары.
У 2000 г. у Беларусі было больш за 360 вакальна-харавых калектываў, якія маюць званне «народны». У іх ліку 138 змяшаных хароў, 39 хароў ветэранаў вайны і працы, 17 жаночых, 12 мужчынскіх хароў і ансамбляў, 8 акадэмічных, 6 камерных хароў, 81 ансамбль народнай песні, 39 вакальных ансамбляў, 10 студый эстраднай песні і інш.
Для вакальна-харавых аб’яднанняў характэрна жанравая разнастайнасць. Калектывы і выканаўцы народнай, духоўнай, эстраднай музыкі, клубы аўтарскай песні, класічнай музыкі, арт-, джаз-клубы вядуць актыўную канцэртную дзейнасць, фарміруюць пэўную культурную аўру сваіх рэгіёнаў. Жанрава-стылістычнымі асаблівасцямі харавой музыкі з сярэдзіны 1990‑х гг. сталі новая трактоўка фальклору, уплыў інструментальнага фактару, умацаванне сувязей з сумежнымі відамі мастацтва, адраджэнне традыцый духоўнай пеўчай культуры і яе сучаснае мастацкае пераасэнсаванне. Цікавасць грамадства да нацыянальнай гісторыі і культуры выяўляецца ў звароце беларускіх кампазітараў і выканаўцаў да старажытнай музыкі. Перажываюць рэнесанс народныя архаічныя абрадавыя спевы, гарадская сярэдневяковая музыка. Адзін з кірункаў, якія найбольш актыўна развіваюцца, — эстраднае выканальніцтва, у якім ярка выяўляецца творчая індывідуальнасць. У рэпертуары аматарскіх харавых калектываў значнае месца займаюць творы беларускіх, у т. л. самадзейных, кампазітараў.
Фестывалі харавога мастацтва. Фарміраванне фестывальных традыцый у жанры вакальна-харавога мастацтва мае даўнюю гісторыю. Песенная творчасць прадстаўлена на шматлікіх аглядах, конкурсах, святах і фестывалях як самастойны жанр нароўні з іншымі відамі мастацкай творчасці. Адным са старэйшых у рэспубліцы з’яўляецца фестываль харавой музыкі «Пеўчае поле». Ён стаў «мастацкай візітнай карткай» Нарачанскага краю, ператварыўся ў брэнд гэтай унікальнай у прыродным і эстэтычным плане тэрыторыі. З 1952 г. праводзіўся штогод як раённы, а потым стаў абласным мерапрыемствам, у 2015 г. атрымаў статус рэспубліканскага. Свята праходзіць на беразе возера Нарач, побач з манументам у гонар партызанскага руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У фестывалі прымаюць удзел дарослыя і дзіцячыя харавыя калектывы, ансамблі з народнай і акадэмічнай манерай выканання ўстаноў культуры, дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў усіх абласцей рэспублікі. Згодна з традыцыяй, свята адкрывае зводны хор, які выконвае песню «Нарач» на вершы Максіма Танка. Нязменным дырыжорам зводнага хору з’яўляўся народны артыст Беларусі М. П. Дрынеўскі (1941–2020).
Святы музыкі і паэзіі штогод арганізуюцца на малых радзімах вядомых беларускіх паэтаў, пісьменнікаў, вучоных, кампазітараў і іншых дзеячаў гісторыі і культуры Беларусі. Напрыклад, Рэспубліканскі фестываль харавога мастацтва «Ад Шчырага сэрца» прысвечаны памяці заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь кампазітара Э. Шчырага і праводзіцца ў Палацы культуры ААТ «БелАЗ» (г. Жодзіна Мінскай вобласці).
Праваслаўныя песнапенні ўпершыню прагучалі ў 1989 г. З 1995 г. рэгулярна праводзіцца фестываль праваслаўных песнапенняў. Ініцыятыва правядзення належыць Мітрапаліту Мінскаму і Слуцкаму Філарэту (1935–2021). У фестывалі ўдзельнічаюць свецкія і царкоўныя, у асноўным дзіцячыя і маладзёжныя, хары, замежныя калектывы. У час фестывалю праходзяць вечары духоўнай паэзіі, выставы мастацкія, дзіцячай творчасці, арганізуюцца дабрачынныя мерапрыемствы. Удзельнікамі фестывалю штогод становяцца каля 1,5 тыс. чалавек. З 1996 г. на фестывалі праводзіцца конкурс харавых калектываў.
Міжнародны фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» з 1993 г. арганізуецца раз у 2 гады ў Магілёве. Фестываль служыць ідэі ўз’яднання і творчага ўзаемадзеяння вернікаў трох канфесій — праваслаўных, каталікоў і пратэстантаў. У яго рамках традыцыйна праводзяцца конкурсы салістаў-вакалістаў, харавых і вакальных калектываў, выставы духоўнай літаратуры, канферэнцыі, майстар-класы, канцэрты класічнай музыкі, выступленні маладзёжных груп. Фестываль аб’ядноўвае больш за 900 салістаў і творчых калектываў з Беларусі, Расіі, Малдовы, Літвы, Польшчы, Германіі, Украіны, Італіі, ЗША, Ірландыі, Латвіі, Кітая, Чэхіі, Францыі, Бразіліі, Нігерыі, Ізраіля і Кубы. У 2017 г. фестываль сабраў больш за тысячу ўдзельнікаў з 18 краін.
Фестываль праваслаўных песнапенняў «Коложский Благовест» упершыню адбыўся ў Гродне ў 2002 г., з 2011 г. стаў міжнародным. Мэтай фестывалю з’яўляецца захаванне і развіццё пеўчай праваслаўнай культуры, павышэнне выканальніцкага ўзроўню праваслаўных песнапенняў у парафіяльных і свецкіх калектывах. Фестываль штогод пашырае геаграфічныя межы: у ім прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, Сербіі, Румыніі, Арменіі, Грэцыі, Францыі. Традыцыйна фестываль праводзіцца на працягу тыдня ў лютым. У рамках культурнага мерапрыемства праходзяць паказы кінафільмаў праваслаўнай тэматыкі, выставы, вечары духоўнай паэзіі і музыкі, майстар-класы для рэгентаў і кіраўнікоў харавых калектываў.
Папулярызаваць харавое мастацтва і садзейнічаць творчаму росту вакальна-харавых калектываў заклікана Рэспубліканская акцыя «Харавое веча». Першая падзея прайшла ў 2015 г. каля Усіхсвяцкага храма ў Мінску. У 2017 г. у акцыі прынялі ўдзел 78 вядучых прафесійных, аматарскіх дзіцячых і студэнцкіх калектываў розных рэгіёнаў краіны — усяго каля 2 тыс. чалавек, сімфанічны аркестр Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь, баянны ансамбль Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У праграме мерапрыемства была прадстаўлена музычна-песенная культура Беларусі пачынаючы з XVI ст., а таксама творчасць сучасных беларускіх аўтараў XX—XXI стст.
Дню Вялікай Перамогі і 950‑годдзю горада-героя Мінска было прысвечана ІІ Мінскае харавое свята, якое адбылося 5–6 мая 2017 г. у зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі і ў гандлёвым цэнтры «Сталіца».
Рэспубліканскі фестываль-конкурс выканаўцаў беларускай народнай песні «Галасы Радзімы» ўзяў старт у 2002 г. Адборачныя туры фестывалю праходзілі ва ўсіх абласцях. Ідэя фестывалю — садзейнічанне развіццю беларускай народнай песні.
Развіццю аўтарскай песні спрыяюць фестывалі і конкурсы гэтага жанру вакальнай творчасці. У Мінску 2 ліпеня 2016 г. адбыўся гала-канцэрт фестывалю-конкурсу аўтарскай (бардаўскай) песні «Кветкі Вялікай Перамогі». Папярэдне прайшлі раённыя і гарадскія адборачныя туры, абласныя агляды-конкурсы.
Развіваецца творчасць ветэранскіх калектываў. Праводзіцца Рэспубліканскі фестываль народнай творчасці «Не старэюць душой ветэраны».
Абласны фестываль вакальна-харавога мастацтва «Ляці, наша песня» і свята духоўнай музыкі «Песня Песняў» праводзіцца ў Брэсцкай вобласці з 1995 г. раз у 3 гады. Абласны фестываль народных хароў і ансамбляў песні і танца «Над сінім Нёманам» праходзіць раз у 3 гады ў філіяле «Абухаўскі цэнтр культуры» Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра». Абласны фестываль эстраднай творчасці «...І вечная Вясна» праводзіцца на базе Шчучынскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці раз у 2 гады. Мэта фестывальных акцый — стварэнне спрыяльных умоў для развіцця разнажанравых вакальна-харавых калектываў, павышэнне іх выканальніцкага ўзроўню і сцэнічнай культуры.
Харэаграфічная творчасць
Сучаснае аматарскае харэаграфічнае мастацтва ўключае дзейнасць ансамбляў фальклорна-этнаграфічных і народнага танца, студый класічнага, бальнага, эстраднага і сучаснага танца. Танцавальныя калектывы існуюць пры палацах і дамах культуры, сельскіх клубах, цэнтрах культуры і вольнага часу, дзіцячых школах мастацтваў, установах адукацыі, цэнтрах пазашкольнай работы, прыватных студыях, установах сацыяльнай сферы, у воінскіх часцях. На 1 студзеня 2002 г. у сістэме Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь налічвалася больш за 2,5 тыс. харэаграфічных калектываў (33 тыс. удзельнікаў), 101 калектыў меў званні «народны» і «ўзорны». У пачатку 2005 г. было 2,3 тыс. харэаграфічных калектываў (80 % з іх дзіцячыя). Творчай эксперыментальнай базай, дзе нараджаюцца новыя ідэі, з’яўляюцца навучальныя і прафесійныя харэаграфічныя калектывы. Найбольш вядомыя: народны ансамбль танца «Белая Русь» Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, ансамбль-майстэрня абрадавай творчасці «Спас» Мінскага каледжа мастацтваў, «Рунь» — Палаца культуры тэкстыльшчыкаў Магілёўскага прадпрыемства «Магатэкс», «Гомій» — Гомельскага гарадскога цэнтра культуры, дзіцячыя калектывы «Камарыкі» Палаца культуры вытворчага аб’яднання «Нафтан» (г. Наваполацк), «Чабарок» — Мінскага гарадскога Палаца дзяцей і моладзі, «Лялечкі» — Абухаўскага цэнтра культуры Гродзенскага раёна і інш.
У жанры аматарскай харэаграфіі па-ранейшаму пераважае дзіцячая харэаграфія. Паказальны прыклад паступальнага развіцця заслужанага ансамбля танца «Ровесник» Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў, які ператварыўся ў шматпрофільную школу пачатковай падрыхтоўкі юных танцораў. У ім займаецца каля 500 дзяцей рознага ўзросту. Па выніках 2005 г. ансамбль быў адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Камерцыйны поспех мае фестываль «Усходнія ласункі», які праводзіцца ў Мінску. Узрастае цікавасць да вывучэння народна-бытавой харэаграфіі. З 2001 г. рэалізуецца рэспубліканскі праект «Традыцыйная культура і дзеці». Да пачатку 2004 г. у 9 раёнах Беларусі да ўдзелу ў праекце было прыцягнута 2,7 тыс. дзяцей.
Фестывалі харэаграфічнага мастацтва. Захаванню танцавальных традыцый у рэгіёнах садзейнічае правядзенне лакальных аглядаў-конкурсаў і буйнамаштабных фестывальных акцый (міжнародных, абласных). Фестывалі спрыяюць папулярызацыі народна-сцэнічнай харэаграфіі, развіццю дзіцячай харэаграфічнай творчасці, выхоўваюць любоў і павагу да беларускай культуры і традыцый.
Абласны фестываль харэаграфічнага мастацтва «Карагод сяброў» праводзіцца ў Мінскай вобласці з 1996 г.
Рэспубліканскі фестываль народнага танца ў Гродне праходзіў 9–12 сакавіка 1990 г. У ім удзельнічалі «народныя» і «ўзорныя» калектывы.
Фестываль народнага танца «Пярэзвы» (рэгіянальны; Гомельская і Магілёўская вобласці). Заключны тур праходзіў 14–17 мая 1992 г. у г. Бабруйск Магілёўскай вобласці. У фестывалі прынялі ўдзел 16 калектываў народна-сцэнічнага танца, з іх 5 дзіцячых (у т. л. госці з Латвіі і Расіі), 18 фальклорных гуртоў. Было паказана больш за 120 твораў, пераважна гарадскіх бытавых і фалькларызаваных танцаў з рознай манерай выканання. Усе калектывы выконвалі беларускую «Лявоніху».
Фестываль танца «Палескі карагод» (рэгіянальны) праводзіцца ў Пінску з 1991 г. раз у 3 гады. У 1997 г. меў статус міжнароднага, з 2000 г. — рэспубліканскі. Мэта фестывалю — паказ глыбінных пластоў народнай культуры, якія захаваліся ў Палескім рэгіёне.
У Брэсце 28–30 мая 1988 г. было праведзена абласное свята танца, у якім прынялі ўдзел 1,1 тыс. аматараў харэаграфіі з Брэсцкай вобласці і Польшчы. Мерапрыемства паслужыла штуршком для правядзення рэгіянальных свят танца ў іншых абласцях Беларусі. У праграме 2‑га фестывалю (26–30 чэрвеня 1991, г. Пінск) былі 3 тэматычныя блокі: фальклорны, народна-сцэнічны і дзіцячы (2,5 тыс. удзельнікаў). Трэці фестываль прайшоў 17 чэрвеня 1994 г. у рамках Міжнароднага фестывалю фальклору як абласны фестываль рэгіянальнага танца. У 4‑м фестывалі (1–3 ліпеня 1997) прынялі ўдзел 34 калектывы з Беларусі, Украіны, Расіі, Польшчы, Турцыі. Праграма 5‑га фестывалю (9–11 чэрвеня 2000) уключала заключныя мерапрыемствы свята вакальна-харавога мастацтва «Ляці, наша песня», свята духоўнай музыкі «Песня Песняў», дзіцячае свята «Дарослыя, гляньце», маладзёжны баль «Музы Палесся». У рамках 6‑га фестывалю (12–13 чэрвеня 2004) праведзены конкурс дзіцячых танцавальных пар — выканаўцаў народна-бытавых танцаў, рэспубліканскі конкурс ансамбляў народна-сцэнічнага танца, якія маюць званні «народны» і «ўзорны», конкурс абрадавага каравая «Караваю, мой раю» і выстава вясельнага ручніка «Сорак саракоў ручнікоў», агляд аўтэнтычных і маладзёжных фальклорных гуртоў «Адвечных песень перазвон» і іншыя мерапрыемствы.
Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод» праводзіцца ў Гомелі з 1997 г. раз у 2 гады. На фестывалі прадстаўлены класічны балет, бальна-спартыўны, народна-бытавы, народна-сцэнічны танец, танец-мадэрн. Першы фестываль быў прымеркаваны да 855‑годдзя Гомеля і 200‑годдзя з дня заснавання Гомельскага палацава-паркавага ансамбля. У фестывалі прынялі ўдзел некалькі тысяч танцораў з 15 краін свету. У рамках 2‑га фестывалю (1999) прайшлі конкурсы дзіцячых і маладзёжных калектываў народна-сцэнічнага танца. У 3‑м фестывалі (2001) удзельнічалі больш за 3,5 тыс. танцораў з 15 краін. У 4‑м фестывалі (2003) прынялі ўдзел 1,6 тыс. артыстаў з 11 краін.
У аграгарадку Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці 15 мая 2021 г. адбыўся V абласны фестываль народнай творчасці «Таночак». У конкурсе дзіцячых фальклорных калектываў прадставілі сваё майстэрства ў мастацтве танца, спеваў, вуснай народнай творчасці і інструментальнай музыкі 12 калектываў.
Тэатральная творчасць
У сучаснай аматарскай тэатральнай творчасці канстатуюць паралельнае існаванне двух мастацкіх стыляў: традыцыйнага (яму ўласцівы штучнасць і тэатральнасць, відовішчнасць і вулічнасць, але не псіхалагізм) і сучаснага, які характарызуе новая тэатральная эстэтыка.
Аматарскія тэатры актыўна асвойваюць і ўвасабляюць беларускую драматургію, ставяць спектаклі не толькі на айчынную, але і на перакладзеную на беларускую мову сусветную класіку.
Развіваецца дзіцячы тэатр. У структуры тэатральнай творчасці дзіцячыя тэатры складаюць каля 60 % ад агульнай колькасці. У 1998 —1999 гг. функцыянавала каля 380 сярэдніх школ з эстэтычным ухілам. У іх дзеці засвойвалі асновы акцёрскага майстэрства, вывучалі гісторыю сусветнай культуры, тэатра, удзельнічалі ў стварэнні драматычных твораў. Першы недзяржаўны дзіцячы тэатр «Рондстудыя» пад кіраўніцтвам І. Маркавай з поспехам выступіў на ІІІ Міжнародным фестывалі юнацкага тэатральнага руху ў г. Патсдам (Германія). З 1996 г. у Мінску праходзіць Міжнародны фестываль дзіцячых і юнацкіх тэатраў «Крок у неба».
Лялечны тэатр «Батлейка» Лідскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Гродзенская вобласць
Аматарскія лялечныя тэатры ў Беларусі функцыянуюць у выглядзе тэатральных гурткоў, студый, тэатраў лялек і іншых тэатральных аб’яднанняў на базе дамоў і палацаў культуры, бібліятэк, музеяў, дамоў рамёстваў, тэатраў, культурна-спартыўных цэнтраў, школ мастацтваў, навучальных устаноў, устаноў дадатковай адукацыі. Асаблівую ролю ў захаванні народных традыцый адыгрывае старажытны беларускі тэатр «Батлейка». Рэканструкцыя батлеек дапамагае арганізацыі вольнага часу наведвальнікаў прыватных аграсядзіб і ў пашырэнні спектра паслуг устаноў культуры аграгарадкоў і вёскі.
У 2010 г. у рэспубліцы дзейнічала 2 870 аматарскіх тэатральных калектываў, 1 815 з іх з’яўляліся дзіцячымі. Прыкладна палова аматарскіх тэатральных фарміраванняў звязана з творчасцю тэатраў лялек. Званні «народны», «узорны» мелі 176 аматарскіх калектываў тэатральнай творчасці.
У 1990‑я гг. фестывальны рух у тэатральным жанры набыў стабільнасць. Школай акцёрскага майстэрства з’яўляецца фестываль дзіцячых і юнацкіх драматычных калектываў «Ваўкавыскія тэатральныя сустрэчы» ў Гродзенскай вобласці, які праводзіцца з 1992 г.
Абласны фестываль аматарскага тэатральнага мастацтва «Тэатральнае Палессе» праводзіцца з 1986 г. раз у 3 гады ў Брэсцкай вобласці. З 1996 г. раз у 2 гады ў г. Ліда праходзіць абласны фестываль народных тэатраў «Лідскія тэатральныя сустрэчы». На Міншчыне з 1997 г. раз у 2 гады арганізуецца абласны фестываль аматарскай тэатральнай творчасці «Бярэзінская рампа». З 1993 г. у Мінскай вобласці праводзіцца таксама фестываль дзіцячай тэатральнай творчасці «Чароўны куфэрак». У Магілёўскай вобласці раз у 2 гады праходзіць фестываль аматарскага тэатральнага мастацтва «Свет рампы». З 1996 г. раз у 2 гады ў г. Слонім Гродзенскай вобласці праходзіць абласны фестываль узорных тэатральных калектываў «Слонімскія цудадзействы». Фестываль дзіцячых тэатраў з’яўляецца своеасаблівай творчай справаздачай. На ім прадстаўляюцца найлепшыя спектаклі па творах нацыянальнай, сусветнай драматургіі на рускай і беларускай мовах. Фестываль прадугледжвае святочнае, яркае адкрыццё, паказ спектакляў, узнагароджанне пераможцаў прызамі і дыпломамі лаўрэата, а таксама спецыяльнымі прызамі і дыпломамі за ўдалы творчы эксперымент, за найлепшы акцёрскі ансамбль, за найлепшы дэбют. Самыя артыстычныя, таленавітыя дзеці ўзнагароджваюцца за найлепшую жаночую і мужчынскую ролі.
Рэспубліканскі фестываль самадзейнага тэатральнага мастацтва (23–25 красавіка 1993, г. Мазыр) быў прысвечаны творчасці А. Макаёнка. Удзельнікамі фестывалю былі 9 народных тэатраў. У праграме фестывальных паказаў п’есы беларускіх драматургаў Л. Родзевіча, А. Дударава, С. Законнікава, Янкі Купалы, У. Галубка, М. Гарэцкага і інш.
Рэспубліканскі фестываль «Гасціны ў Галубка» (снежань 1995, г. Баранавічы Брэсцкай вобласці; 350 удзельнікаў) быў прысвечаны памяці У. Галубка — аднаго з заснавальнікаў беларускага тэатра, драматурга, першага народнага артыста БССР. На фестывальных пляцоўках выступілі 14 тэатральных калектываў з Беларусі і замежжа.
Рэспубліканскі фестываль тэатральнага аматарскага мастацтва «Тэатральныя скрыжаванні» праводзіцца з 1998 г.
Інструментальная творчасць
Аматарскае інструментальнае мастацтва прадстаўляюць духавыя аркестры, брас-шоу-ансамблі, аркестры народных інструментаў і ансамблі народнай музыкі, эстрадныя, эстрадна-сімфанічныя аркестры, ансамблі старажытнай музыкі, інструментальныя ансамблі самага рознага складу. Гэта дарослыя і дзіцячыя калектывы, якія базіруюцца пераважна ў музычных школах, школах мастацтваў, установах адукацыі, установах клубнага тыпу розных ведамстваў.
У развіцці сучаснай інструментальнай аматарскай творчасці назіраецца скарачэнне колькасці калектываў. На 1 студзеня 2001 г. у сістэме Міністэрства культуры налічвалася 1,1 тыс. інструментальных калектываў, у т. л. 347 дзіцячых, у 2005 г. — 916. Скарачэнне колькасці інструментальных калектываў выклікана складанасцямі функцыянавання, матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, праблемамі канцэртна-гастрольнай дзейнасці і інш. Назіраецца тэндэнцыя камернізацыі калектываў, скарачэнне колькаснага складу ўдзельнікаў. Аднак за кошт гэтага калектывы набываюць мабільнасць. Прыкметна расце выканальніцкае майстэрства. Склад інструментальных калектываў папаўняецца ўдзельнікамі, якія маюць спецыяльную адукацыю.
У рэпертуары калектываў — творы замежнай класікі, беларуская музыка XVI—XVIII стст., творы беларускіх кампазітараў XIX ст., сучасных кампазітараў, апрацоўкі беларускіх народных мелодый, папулярныя вакальна-інструментальныя творы, якія спалучаюць песню, музыку і танец.
Дынамічнае развіццё атрымалі народна-інструментальныя калектывы, якія працуюць на аснове нацыянальнай фальклорнай музыкі. Імі кіруе цікавасць да рэканструкцыі самабытных народных інструментаў, жаданне адраджаць і развіваць рэгіянальную інструментальную музыку.
Перавага аркестраў духавых і ўдарных інструментаў заключаецца ў іх мастацка-выканальніцкіх асаблівасцях, своеасаблівым тэмбрава-каларыстычным гучанні, багацці канцэртных форм, такіх як святочныя марш-парады, святы духавой музыкі з выкарыстаннем эфектных элементаў дэфіле і г. д. Духавыя аркестры развіваюцца на базе спецыяльнай адукацыі, моцных у эканамічных адносінах вытворчых прадпрыемстваў, спецыялізаваных міністэрстваў і ведамстваў (МУС, МНС), а таксама ў раёнах, дзе ім нададзены статус муніцыпальных аркестраў.
У апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі адбылося адраджэнне дударскай музыкі. Сярод майстроў па вырабе гэтых інструментаў і выканаўцаў Алесь Лось, Тодар Кашкурэвіч, Дзяніс Сухі, Яўген Барышнікаў, Сяргей Чубрык, Юрый Панкевіч, Станіслаў Чавус і інш. Прыцягненню ўвагі да дударскай музыкі садзейнічае «Дударскі фэст», у рамках якога арганізуецца канферэнцыя. Гэтыя культурныя ініцыятывы сканцэнтраваны ў сталіцы. У 2017 г. па ініцыятыве музыканта В. Воранава ў г. Глыбокае Віцебскай вобласці адбыўся першы фестываль дударскіх рэгіёнаў «Дударскі рэй».
Найважнейшым кірункам працы інструментальных калектываў па-ранейшаму застаецца асваенне класікі. За шматгадовую плённую працу народны камерны аркестр «Рычаркар» Рэспубліканскага Палаца культуры прафсаюзаў у 2005 г. атрымаў званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Трыццацігадовую гісторыю налічвае народны ансамбль музыкі «Гудскі гармонік» філіяла «Гудскі сельскі цэнтр творчасці і вольнага часу» Лідскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.
Фестывальны рух у інструментальнай музыцы — дэманстрацыя дасягненняў, сведчанне цікавасці да развіцця жанру з боку аматараў і органаў, якія ажыццяўляюць падтрымку мастацкай творчасці. Устойлівую традыцыю і цікавую форму набылі Міжнародны фестываль «Музы Нясвіжа», Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», Рэспубліканскі фестываль юных музыкантаў «Сымон-музыка», Рэспубліканскі фестываль духавой музыкі «Беларускія фанфары», фестываль сучаснай музыкі «Рок-каранацыя» і іншыя акцыі.
Грамадска-культурнае аб’яднанне «Традыцыя» г. Паставы Віцебскай вобласці на фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік». 2018 г.
Рэспубліканскі фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік». Паставы Віцебскай вобласці, 1995 г.
Аўтар ідэі фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік» Тадэвуш Стружэцкі (у цэнтры). Мядзел Мінскай вобласці, 2018 г.
Фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» бярэ пачатак ад I Рэспубліканскага фестывалю «Грай, гармонік» (г. Віцебск, 1987). Каля вытокаў ідэі стварэння гэтага фестывалю стаялі народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец, заслужаны работнік культуры Уладзімір Таран, заслужаны дзеяч культуры балетмайстар Іван Серыкаў. З 1991 г. пад назвай «Звіняць цымбалы і гармонік» фестываль атрымаў «прапіску» ў г. Паставы Віцебскай вобласці. З 1996 г. мае статут міжнароднага.
У Брэсцкай вобласці рэгулярна праводзіцца абласное свята-конкурс гарманістаў і выканаўцаў прыпевак «Грай, гармонік! Звіні, прыпеўка!». Заключныя мерапрыемствы IV свята-конкурсу былі арганізаваны 21–22 чэрвеня 2007 г. у в. Парэчча Пінскага раёна. Абласное свята-конкурс эстрадна-джазавай музыкі «Пружанскі блюз» праводзіцца ў г. Пружаны з 2001 г. раз у 3 гады. У абласным свяце духавых аркестраў Гомельскай вобласці прымаюць удзел дзіцячыя і дарослыя аркестры раённых, гарадскіх дамоў і цэнтраў культуры, дзіцячых музычных школ і школ мастацтваў, агульнаадукацыйных школ, ведамасных дамоў культуры. У 9‑м свяце (2017) прынялі ўдзел 20 калектываў з 11 раёнаў.
У абласцях рэспублікі арганізуюцца фестывалі народнай музыкі. У фестывалях прымаюць удзел найлепшыя дарослыя і дзіцячыя аркестры народных інструментаў, ансамблі народнай музыкі і песні, інструментальныя ансамблі (акрамя дуэтаў, трыа), аркестры народных інструментаў незалежна ад ведамаснай прыналежнасці. Восьмы абласны фестываль пад назвай «Зайграйце, музыкі!» прайшоў у г. Ліда 20 мая 2017 г.
У многіх раёнах праводзяцца святы «Іграй, гармонік!». Дзявяты рэгіянальны фестываль «Іграй, гармонік!» быў арганізаваны ў ліпені 2016 г. у г. Ельск Гомельскай вобласці.
Абласны фестываль духавой музыкі «Майскі вальс» праводзіцца з 1981 г. у раённых цэнтрах Мінскай вобласці як абласное свята духавой музыкі. У акцыі прымаюць удзел калектывы, якія маюць званні «народны», «узорны».
Рэспубліканскі фестываль духавой музыкі «Беларускія фанфары» праводзіцца з 1996 г. у г. Баранавічы Брэсцкай вобласці. Гэта даніна павагі перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, папулярызацыя духавой музыкі. Першае фестывальнае мерапрыемства было прымеркавана да святкавання 125‑годдзя горада і Беларускай чыгункі. Гасцямі фестывалю сталі калектывы з Аўстрыі, Польшчы, Украіны і Фінляндыі. Другі фестываль (25–27 мая 2001) быў прысвечаны 130‑годдзю г. Баранавічы. На фестывалі былі арганізаваны майстар-класы вядучых спецыялістаў духавой музыкі (труба, кларнет, саксафон) ансамбля трубачоў «Інтрада» (г. Мінск), брас-шоу-ансамбля Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Трэці фестываль прайшоў 21–23 мая 2004 г.; 4‑ы — 26–28 мая 2006 г., у ім прынялі ўдзел 15 духавых аркестраў з Беларусі і Малдовы.
У 2017 г. 24‑ы раз прагучалі фанфары Міжнароднага фестывалю песні і музыкі Падняпроўя Расіі, Беларусі і Украіны «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне». У яго межах быў арганізаваны абласны конкурс аркестраў народных інструментаў, аркестраў баянаў і акардэонаў.
I Рэспубліканскі фестываль народнага мастацтва «Беларусь — мая песня» праводзіўся з чэрвеня 1997 г. па ліпень 1998 г. У мерапрыемствах прынялі ўдзел больш за 30 тыс. калектываў розных ведамстваў (500 тыс. чалавек); 95 калектываў і 55 сольных выканаўцаў, 47 народных майстроў атрымалі званне лаўрэата фестывалю. У перыяд фестывалю праводзіліся агляды і конкурсы музычнага, тэатральнага, харэаграфічнага, выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога, цыркавога мастацтва, іншых відаў і жанраў народнай творчасці, а таксама тэхнічнай творчасці школьнікаў, навучэнцаў прафтэхвучылішч, навукова-тэхнічнай творчасці моладзі, работ членаў аматарскіх аб’яднанняў.
Фестываль арганічна ўпісаўся ў сістэму фестываляў, што дало магчымасць сфарміраваць каляндарны план фестываляў па асноўных жанрах народнага мастацтва. У яго ўвайшлі: «Звіняць цымбалы і гармонік», «Пеўчае поле», фестывалі ансамбляў песні і танца, сямейнай творчасці, нацыянальных культур і інш. Структура мерапрыемства значна пашырылася за кошт фестываляў, якія праводзіліся па ініцыятыве абласцей. Гэта Міжнародны фестываль рэгіянальнага танца «Палескі карагод», XVI фестываль духавой музыкі ў Брэсцкай вобласці, Міжнародны фестываль харэаграфіі «Сожскі карагод», сямейнай творчасці «Радавод» у Гомельскай вобласці і інш.
У рамках фестывалю праводзіліся цікавыя гарадскія і раённыя святы. У Мінскай вобласці раёны мелі свае візітныя карткі: «Слуцкія паясы», стаўбцоўскія «Каласавіны», «Капыльскія пацехі», «Музы Нясвіжа», «Жыцень». У Гродзенскай вобласці быў праведзены агляд-конкурс пажарных дружын, у Магілёўскай вобласці адроджаны народныя святы.
Правядзенне фестывалю садзейнічала актывізацыі арганізацыйна-творчай дзейнасці калектываў, стварэнню новых творчых груп, узбагачэнню рэпертуару, умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы. У Мінскай вобласці ў гэты перыяд былі створаны 64 новыя калектывы, у Магілёўскай — 50, многія з іх мелі высокі выканальніцкі ўзровень.
Дзякуючы актыўнай пошукавай дзейнасці, устанаўленню супрацоўніцтва з аўтарамі, конкурснаму адбору ўзбагаціўся рэпертуар калектываў. Спецыялісты Шклоўскага раённага Дома культуры (Магілёўская вобласць) запісалі 300 народных твораў і выпусцілі зборнік «Песенны і абрадавы фальклор Шклоўшчыны». У Віцебскай вобласці пашырэнню рэпертуару садзейнічаў абласны конкурс на найлепшую пастаноўку беларускага танца, у Гродзенскай і Магілёўскай абласцях актывізавалася дзейнасць самадзейных кампазітараў. Многія калектывы набылі новыя сцэнічныя касцюмы і інструменты. Спецыялісты Лепельскага Цэнтра рамёстваў (Віцебская вобласць) выткалі і пашылі касцюмы для калектываў і індывідуальных выканаўцаў, якія адпавядаюць рэгіянальнаму ўзору. У Маларыцкім раёне Брэсцкай вобласці распрацавана праграма «Народны касцюм», адкрыты раённы Дом ткацтва.
Узорны ансамбль народных духавых інструментаў «Дударыкі» Ганцавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Брэсцкай вобласці на Міжнародным фестывалі «Звіняць цымбалы і гармонік». 2018 г.
II Усебеларускі фестываль народнага мастацтва «Беларусь — мая песня» праходзіў у 2003–2005 гг. і быў прысвечаны 60‑й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамозе савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Мерапрыемствы фестывалю праходзілі з ліпеня — верасня 2003 г.: канцэрты, спектаклі, тэатралізаваныя паказы, раённыя, гарадскія і абласныя агляды-конкурсы аматарскай творчасці, выставы народнага мастацтва, шматлікія святы і фестывалі. Сярод іх: VII Рэспубліканскі фестываль народнай творчасці ветэранскіх калектываў «Не старэюць душой ветэраны», фестываль народнай творчасці «Сузор’е», III Рэспубліканскі фестываль духавой музыкі «Беларускія фанфары», III Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня», VIII Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» і інш. Заключныя мерапрыемствы прайшлі ў Мінску 9–10 ліпеня 2005 г.
Беларусь — поліэтнічная і поліканфесіянальная дзяржава, дзе разам з беларусамі, якія складаюць больш за 80 % усяго насельніцтва, пражываюць прадстаўнікі звыш 130 нацыянальнасцей. У многіх раёнах рэспублікі створаны нацыянальна-культурныя аб’яднанні і таварыствы, на базе якіх паспяхова працуюць творчыя мастацкія калектывы. З 1996 г. праводзіцца Усебеларускі фестываль нацыянальных культур. Усебеларускі фестываль нацыянальных культур уносіць вялікі ўклад у адраджэнне, захаванне і развіццё культур нацыянальных абшчын, дае магчымасць розным народам далучыцца да сваёй духоўнай культуры, захаваць этнічную самасвядомасць і самабытнасць, адчуць сябе роўнымі сярод іншых народаў, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі. Фестывалі нацыянальных культур з’яўляюцца не толькі мастацкім, але і фактычным сімвалам яднання нацый, народнасцей, духоўнага багацця, разнастайнасці нацыянальных культур, гарантам міжнацыянальнага сяброўства і міру на беларускай зямлі. Фестываль прыняла Гродзенская вобласць як самая шматнацыянальная па складзе насельніцтва.
І Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур адбыўся ў Гродне 24–26 мая 1996 г. На ім былі прадстаўлены 11 нацыянальных супольнасцей Беларусі. ІІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур адбыўся 22–24 мая 1998 г. Выступілі каля 30 мастацкіх калектываў ад 15 нацыянальна-культурных таварыстваў. ІІІ Усебеларускі фестываль нацыянальных культур адкрыўся 27 лютага 1999 г. канцэртам мастацкіх калектываў у Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў. Заключныя мерапрыемствы праводзіліся ў Гродне 2–3 чэрвеня 2000 г. У іх прынялі ўдзел 16 нацыянальных культурна-асветных аб’яднанняў Беларусі. У час фестывалю праходзілі абласное свята харэаграфічнага мастацтва «У хараводзе дружбы», фальклорнае свята «Спадчына нашай маці», конкурс нацыянальнага анекдота, маладзёжная праграма «Беларускі фолк-мадэрн», працавалі нацыянальныя падворкі.
IV Усебеларускі фестываль нацыянальных культур адбыўся ў 2001–2002 гг. У праграме свята: выставы нацыянальнай літаратуры, вырабаў майстроў народнай творчасці нацыянальных таварыстваў, свята нацыянальных кухань і іншыя мерапрыемствы.
У рамках падрыхтоўкі да V Усебеларускага фестывалю нацыянальных культур (2003–2004) прайшлі абласныя фестывалі нацыянальных культур. У рэгіянальных этапах удзельнічалі прадстаўнікі 38 гарадоў і 28 вёсак.
У заключных мерапрыемствах VI Усебеларускага фестывалю нацыянальных культур (2005–2006) прынялі ўдзел 25 нацыянальна-культурных таварыстваў. Акрамя традыцыйных мерапрыемстваў адбыліся адкрыццё музея нацыянальных культур, канцэрт маладых выканаўцаў нацыянальнай песні, выстава майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фотавыстава.
За гады, якія папярэднічалі VII Рэспубліканскаму фестывалю нацыянальных культур, утварыліся грэчаскія, афганскія, грузінскія, казахскія, чувашскія, эстонскае, палесцінскае, дагестанскае нацыянальныя культурныя аб’яднанні, а ў час правядзення адборачных тураў стварыліся балгарскія, кабардзіна-балкарскія, арабскія нацыянальныя аб’яднанні і калектывы. Фестываль даў унікальную магчымасць прадэманстраваць жыхарам і гасцям Беларусі найлепшыя ўзоры нацыянальнага духоўнага і творчага багацця іх гістарычных радзім. Упершыню на фестывалі кожнае з нацыянальных аб’яднанняў паказвала нацыянальныя асаблівасці галоўнага сямейна-бытавога абраду — нараджэнне сям’і.
VIII фестываль быў прысвечаны 65‑годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Прыкладам адзінства розных нацыянальнасцей сталі не толькі мастацкія нумары творчых калектываў, але і ўнікальная структура саміх калектываў. Так, напрыклад, клуб нацыянальных культур «Карагод» Брэсцкай вобласці аб’яднаў прадстаўнікоў 10 нацыянальнасцей, «Шматгалоссе» Мінскай вобласці — прадстаўнікоў 14 нацыянальнасцей.
ХІ Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур адбыўся ў Гродне 3–5 чэрвеня 2016 г. У 2018 г. выказалі жаданне прыняць удзел у фестывалі больш за 40 нацыянальнасцей. Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур — свята, якое, аб’ядноўваючы ўсе народы Беларусі, стала стымулам адраджэння для многіх этнічных дыяспар і яркім сведчаннем таго, што ўсе народы нашай краіны маюць магчымасць і права на захаванне і развіццё сваёй культуры.
У кожнай вобласці арганізуюцца святы сямейнай творчасці. Абласны фестываль сямейнай творчасці «Сузор’е талентаў» праводзіцца раз у 2 гады ў г. п. Глуск Магілёўскай вобласці. У фестывалі прымаюць удзел вакальныя, інструментальныя, харэаграфічныя калектывы, аматарскія сямейныя аб’яднанні, студыі і гурткі дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва.
З 2005 г. раз у 4 гады праводзіцца абласное свята-конкурс сямейнай творчасці «Пад дахам дома твайго» ў Брэсцкай вобласці. У абласным свяце пад назвай «Сем-Я» ў г. Рэчыца Гомельскай вобласці 17 чэрвеня 2017 г. прынялі ўдзел 42 сямейныя калектывы з 20 раёнаў вобласці. 23–25 чэрвеня 2017 г. у г. Слонім (Гродзенская вобласць) адбыўся V Рэспубліканскі фестываль сямейнай творчасці «Жывіце ў радасці». Удзел прынялі 18 творчых сямейных калектываў.
Сярод значных міжнародных падзей, згодна з планам Міністэрства культуры, у 2022 г. адбыліся чарговае Міжнароднае свята традыцыйнай культуры «Браслaўскія зарніцы», у рамках якога праводзіліся народныя абрады, старадаўнія забавы і майстар-класы па традыцыйных рамёствах і сярэдневяковых танцах; Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка». У ім прынялі ўдзел дзеці і падлеткі ва ўзросце 8–15 гадоў з усяго свету. У рамках праграмы фестывалю арганізуецца работа гульнявых і канцэртных пляцовак, прэс-канферэнцыі, экскурсійныя праграмы для замежных гасцей.
Міжнародны фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» сабраў гасцей на традыцыйныя конкурсы, канцэрты, танцавальныя праграмы і тэатралізаваныя паказы, а таксама на заключны гала-канцэрт.
Прайшоў Міжнародны фестываль песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне», які ўключыў у сябе канцэрты, конкурсы, выставы, кірмашы, майстар-класы і іншыя культурныя мерапрыемствы.
Міжнародны фестываль народнага мастацтва «Вянок дружбы» ў г. Бабруйск (Магілёўская вобласць) склікаў калектывы аматарскай творчасці з Беларусі і замежжа.
На свяце «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») былі арганізаваны народныя забавы, маштабныя выставы-кірмашы, атракцыёны, майстар-класы, конкурсы.
У Віцебску ў 2022 г. прайшоў Міжнародны фестываль творчасці інвалідаў, мэтай якога з’яўляецца выяўленне, падтрымка і развіццё творчых здольнасцей людзей з інваліднасцю, павышэнне ўзроўню выканальніцкага майстэрства і паказ дасягненняў у галіне сцэнічнага мастацтва. Горад Гомель прывітаў удзельнікаў Міжнароднага фестывалю харэаграфічнага мастацтва «Сожскі карагод».
Фальклорная творчасць
Фальклор (англ. folklore — народныя веды, народная мудрасць) — міжнародны тэрмін, які абазначае народную культуру. Формы фальклору ўключаюць мову, вусную літаратуру, музыку, танцы, гульні, міфалогію, абрады, звычаі, рамёствы, архітэктуру і іншыя віды мастацкай творчасці. У сучаснай літаратуры вылучаюць слоўны, музычны, песенны, абрадавы, гульнявы, драматычны віды фальклору, фальклорны тэатр.
Для абазначэння першасных, традыцыйных, рэгіянальна-спецыфічных відаў культуры існуе тэрмін «аўтэнтычнасць». Слоўнік «Усходне-славянскі фальклор» (1993) вызначае фальклор аўтэнтычны як фальклор сапраўдны ў сваёй сутнасці і натуральным існаванні, характэрны для канкрэтнай мясцовасці. Ён захоўвае ўсе свае спецыфічныя рэгіянальныя рысы, якія вызначаюцца рэгіянальнай традыцыяй; характарызуецца ўстойлівым жанравым складам, рэпертуарам, стылем, манерай выканання і г. д.
Штогод у г. Тураў (Жыткавіцкі раён Гомельскай вобласці) з 6 на 7 ліпеня адзначаецца Купалле — традыцыйнае народнае свята
Аўтэнтычны фальклор — гэта першакрыніца, асобная спецыфічная галіна духоўнай культуры, якая аб’ядноўвае ўсе віды творчай дзейнасці: слоўную, музычную, народныя абрады, танец, народны тэатр, прыкладное мастацтва ў іх спрадвечным, адэкватным генетычным вытокам, выглядзе. Ён функцыянуе ў натуральным асяроддзі, існуе як вусная традыцыя і праяўляе сябе як калектыўная свядомасць, псіхалагічна арыентаваная на непасрэдныя, нефармальныя зносіны.
Асоба, генетычна звязаная з натуральным фальклорным асяроддзем пэўнай мясцовасці, якая атрымала фальклорныя веды, творчыя ўменні і навыкі ад сваіх папярэднікаў вусным шляхам і такім жа шляхам перадае іх, з’яўляецца носьбітам фальклору. Прадстаўнікі аўтэнтычнай фальклорнай традыцыі — мастакі-самародкі, спевакі, музыканты, танцоры, рамеснікі, а таксама сельскія фальклорныя калектывы, сямейныя ансамблі, якія адпавядаюць прыведзеным якасным характарыстыкам. Іх творчасць праяўляецца спантанна, без афіцыйнага старонняга ўмяшання.
Пад другасным, секундарным фальклорам разумеюць розныя яго віды і жанры ў апрацоўках, аранжыроўках (літаратурных, кампазітарскіх, харэаграфічных, рэжысёрскіх), якія захоўваюць функцыю фальклорнай першаасновы, не пераходзяць у формы прафесійнага мастацтва і могуць функцыянаваць у любых умовах горада ці вёскі. З 1960‑х гг. для абазначэння другасных, неаўтэнтычных фальклорных з’яў (узнаўленне фальклору на сцэне, у мастацкай самадзейнасці) прымяняецца паняцце «стылізацыя фальклору». Людзей рознага сацыяльнага, нацыянальнага паходжання і прафесійнай прыналежнасці, для якіх заняткі фальклорам — форма правядзення вольнага часу, называюць аматарамі народнай творчасці, суб’ектамі другаснага фальклору. Іх дзейнасць арганізуе і накіроўвае афіцыйны мастацкі кіраўнік.
Фальклорным калектывам у традыцыйнай культуры называецца ўстойлівая група выканаўцаў фальклорных твораў, звязаных з народнымі абрадамі і святамі. Фальклорны калектыў — гэта форма, у якой узнаўляецца традыцыйнае народнае мастацтва (танцы, песні, інструментальная музыка) пераважна ў сцэнічных умовах; адзін з відаў сучаснага фалькларызму. Фальклорныя калектывы названага тыпу страчваюць свае першапачатковыя функцыі. У іх дзейнасці фальклор адарваны ад традыцыйнай бытавой прымеркаванасці, каляндарнай абраднасці і працы земляроба.
У сучаснай фалькларыстычнай літаратуры вылучаюць некалькі тыпаў фальклорных калектываў. Аўтэнтычныя, або так званыя этнаграфічныя ансамблі, у рэпертуары якіх захоўваецца пэўная рэгіянальная традыцыя, арыентуюцца на эталон гучання голасу, музычных інструментаў, нашэння традыцыйнага касцюма і іншыя складнікі творчай дзейнасці. Гэтыя калектывы генетычна звязаны з народным бытавым музіцыраваннем. Іх склад фарміруецца ў натуральным вясковым асяроддзі. Такія калектывы функцыянуюць па законах натуральнага бытавання традыцыйнага мастацтва, якімі з’яўляюцца самаарганізацыя, самарэгуляцыя і самакіраванне.
Характэрнай уласцівасцю мастацкай творчасці фальклорных калектываў, накіраваных на аўтэнтычнае выканальніцтва, з’яўляецца сінкрэтызм — непадзельнасць на асобныя віды і жанры. Слова, мелодыя, рух і іншыя выразныя сродкі знаходзяцца тут у непарыўным адзінстве, спалучэнні і ўзаемадапаўняльнасці. Калектыўны характар мастацкай творчасці, вусны спосаб перадачы твораў народнага мастацтва вядуць да адсутнасці (нефіксаванасці) аўтарства твораў. Выступленні гэтых калектываў маюць імправізацыйную аснову.
Кожны элемент мастацкай творчасці фальклорных калектываў павінен адпавядаць канону — традыцыі, якая захавалася ў канкрэтным рэгіёне (народны касцюм, атрыбут, слова, арнамент, выява, абрадавая ежа і інш.). Найбольш распаўсюджаная народная назва аўтэнтычных калектываў — фальклорны гурт. Аўтэнтычны калектыў складаецца з некалькіх раўнапраўных у творчых адносінах спевакоў, танцораў, музыкантаў, якія выконваюць пэўныя функцыі. Выканальніцкай манеры аўтэнтычных калектываў уласціва імправізацыйнасць, адсутнасць замацаванасці спевакоў за партыямі. Сучасныя вакальныя калектывы ў асноўным маюць жаночы склад удзельнікаў.
Інструментальныя фальклорныя калектывы ў гістарычным мінулым Беларусі называліся «музыкі», «капэля» і інш. Раней на нашых тэрыторыях былі распаўсюджаны інструментальныя калектывы ў складзе дуды і скрыпкі, скрыпкі і басэтлі і інш. У цяперашні час дзейнічаюць інструментальныя калектывы як з адной групай інструментаў, так і разнастайнага складу — скрыпка і цымбалы, скрыпка і гармонік, гармонік і цымбалы і многія іншыя. Найбольш шырока распаўсюджаны народна-інструментальныя калектывы, якія складаюцца з трох музыкантаў — скрыпка, гармонік, бубен ці гармонік, дудка, бубен і інш.
Да сярэдзіны 1980‑х гг. фальклорныя калектывы функцыянавалі ў Беларусі амаль у кожным населеным пункце з традыцыйным укладам жыцця. Без іх удзелу не ўяўлялася магчымым правядзенне хрысцін, вяселляў, абрадаў каляндарнага цыкла, прафесійных свят, грамадскіх урачыстасцей. У музычныя гурты аб’ядноўваліся знаўцы традыцый, найбольш таленавітыя і паважаныя ў сельскай абшчыне людзі.
У апошняй трэці XX — пачатку XXI ст. змяніўся бытавы ўклад жыцця беларусаў, іх светапогляд. Колькасць аўтэнтычных калектываў рэзка скарацілася. Яна выяўляецца ў адрыве каляндарна-абрадавага пласта традыцыйнай культуры ад міфалагічнай першаасновы (дэміфалагізацыя), у страце сакральна-магічнай сутнасці (дэсакралізацыя), разрыве ўзаемасувязей з прыроднымі біялагічнымі цыкламі, разбурэнні міжпакаленных сувязей у працэсе перадачы культурных традыцый ад старэйшага пакалення малодшым (культурная трансмісія), у пераходзе самаарганізавальных форм культурнага жыцця ў арганізаваныя і інстытуцыяваныя (фармалізацыя).
Адмоўнае ўздзеянне аказваюць таксама сацыяльна-дэмаграфічныя працэсы (міграцыйныя працэсы, у т. л. і звязаныя з чарнобыльскай катастрофай, урбанізацыя, старэнне сельскага насельніцтва), сацыяльна-культурныя фактары (парушэнне механізмаў самаўзнаўлення традыцыйнай культуры, парушэнне натуральнай пераемнасці музычных, пеўчых, танцавальных, рамесных традыцый), абнаўленне спосабаў сацыялізацыі і інкультурацыі дзяцей і падлеткаў, камерцыялізацыя грамадства з яго ўстаноўкай на спажыванне прадуктаў традыцыйнай мастацкай культуры, палітычныя і адміністрацыйныя фактары, тэхнагенныя фактары і інш.
Святочны стол пасля абраду «Цягнуць Каляду на дуба» ў вёсцы Новіны Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. 2017 г.
Дзейнасць сучасных аматарскіх калектываў, якія асвойваюць і рэпрэзентуюць нацыянальную беларускую музыку, развіваецца ў некалькіх кірунках. Большасць з іх арыентаваны на сцэнічнае ўвасабленне фальклору. Гэта дзейнасць ажыццяўляецца імі на аснове трох тыпаў выканальніцкага фалькларызму — трансляцыі (максімальна дакладнай перадачай спецыфічных рыс фальклорнай традыцыі, у т. л. і рэгіянальнай, ва ўмовах сцэны), адаптацыі (мастацкай апрацоўкі фальклорнай першакрыніцы) і аўтарскай інтэрпрэтацыі.
Фальклорныя традыцыі застаюцца найбольш жыццяздольнымі ў сельскай мясцовасці, дзе захаваліся ўмовы для развіцця гэтага тыпу культуры. Формы аўтэнтычнага фальклору прадэманстравалі на абласным аглядзе мастацкіх калектываў Мінскай вобласці ў 2004 г. фальклорныя гурты з Чэрвеньскага, Нясвіжскага, Клецкага, Салігорскага раёнаў. У Гомельскай вобласці прыкладаюцца значныя намаганні па захаванні і развіцці ўнікальнай традыцыйнай культуры Палесся. У абласным свяце, якое адбылося ў г. Чачэрск у 2005 г., прынялі ўдзел фальклорныя калектывы Лельчыцкага, Жыткавіцкага, Кастрычніцкага, Чачэрскага і іншых раёнаў.
Дзейнасць маладзёжных эксперыментальных фальклорных калектываў працякае ў асяроддзі, не звязаным з народнай культурай. Такія калектывы (гарадскія, маладзёжныя, студэнцкія) свядома арыентуюцца на дакладнае ўзнаўленне дыялектных стыляў фальклору, глыбокае асэнсаванне мастацкага прататыпа. Рэпертуар засвойваецца імі мэтанакіравана як вынік вывучэння народных традыцый, часта ў працэсе самастойнай збіральніцкай працы. Засваенне аўтэнтычных фальклорных традыцый з’яўляецца характэрнай рысай творчасці дзіцячых калектываў.
Праводзяцца мерапрыемствы, накіраваныя на адраджэнне духоўнай культуры і традыцый. Найбольш распаўсюджанай формай з’яўляюцца народныя святы і абрады. Ужо стала традыцыяй праводзіць Каляды, Масленіцу, Тройцу (Сёмуху) і інш.
Фестывалі фальклорныя — грамадска-культурныя, мастацкія акцыі, якія адлюстроўваюць культурныя інтарэсы пэўных этнічных супольнасцей. Яны праводзяцца з мэтай захавання, развіцця, папулярызацыі, забеспячэння пераемнасці фальклорнага мастацтва як асноўнай часткі (ядра) нацыянальнай культуры. У суверэннай Беларусі гістарычна склалася сістэма свят і фестываляў фальклору.
Актуальнай застаецца праблема арганізацыі пераемнасці мастацкай культуры, далучэння дзяцей і моладзі да нацыянальнай культурнай спадчыны. Каля 20 гадоў таму ў Брэсцкай вобласці былі створаны першыя школы народнай творчасці. Цяпер у вобласці дзейнічае 19 такіх школ, у якіх адкрыта 48 класаў. Асноўныя кірункі работы класаў — вышыўка, саломапляценне, народныя абрады, песні і танцы, ткацтва і пляценне паясоў, разьба па дрэве, вырабы з паперы і інш. Ёсць асобныя класы, якія не маюць аналагаў у вобласці: роспіс па шкле (Пружанская школа народнай творчасці), выбіванне дываноў (Ставоцкая школа, Пінскі раён), роспіс «цікетак» (Давыд-Гарадоцкая школа, Столінскі раён). Штогод вучні школ народнай творчасці актыўна ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах, раённых святах, праводзяць выставы. Пераемнасць традыцый ставяць сваёй мэтай таксама дамы і цэнтры рамёстваў, дамы фальклору, дамы народнай творчасці і інш.
У 2010‑х гг. творчыя зносіны крэатыўных асоб выйшлі за рамкі стацыянарных устаноў культуры і сталі самастойнай грамадскай сілай. Сучасны ўзровень развіцця тэхнічных сродкаў дае такую магчымасць. Групы ў сацыяльных сетках, сайты, блогі, старонкі «ВКонтакте», на Facebook, у «Одноклассниках» сталі пляцоўкамі для прасоўвання крэатыўных ідэй. Так, напрыклад, у 2015 г. культуролаг Л. П. Сівурава стварыла групу «Беларускі строй напракат і на замову» ў сацыяльнай сетцы Facebook. Асноўнай мэтай аб’яднання стала папулярызацыя традыцыйнага беларускага касцюма.
Народнае свята «Рудабельскае Купалле» ў Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці на беразе возера Маладзёжнае
Міжнародны фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня». Гарадскі пасёлак Акцябрскі Гомельскай вобласці, 2018 г.
На працягу 20 гадоў існуе конкурс пар (беларускае вынаходніцтва) — выканаўцаў беларускіх народных бытавых танцаў «Лявоніха». Неаднаразова праводзіўся Рэспубліканскі турнір дзіцячых і маладзёжных фальклорных калектываў і рэалізавана праграма «Дэкаратыўнае прыкладное мастацтва» з выставамі рэгіянальных калекцый і адкрытых конкурсаў па традыцыйных відах народных мастацтваў. Двойчы быў арганізаваны турнір салістаў — выканаўцаў твораў народнай творчасці. У 2016 г. былі запушчаны такія ўнікальныя праекты, як конкурс харэаграфічнай імправізацыі «Барыня» з намінацыямі «Жабка», «Мікіта», «Чобаты», конкурс апавядальнікаў беларускай народнай прозы «Несцерка». Палітру этнакультурных праектаў упрыгожваюць таксама прэзентацыі мастацкіх праграм аўтэнтычных фальклорных гуртоў Беларусі і замежжа, якія з энтузіязмам удзельнічаюць у традыцыйным народным свяце «Рудабельскае Купалле». У гэтым свяце летняга сонцастаяння прымаюць удзел каля 2 тыс. чалавек — жыхароў Кастрычніцкага раёна Гомельскай вобласці і гасцей фестывалю.
Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва «Берагіня» з’яўляецца шматмэтавым праектам. У яго сістэму ўваходзяць як рэспубліканскія этнакультурныя праекты, так і мерапрыемствы мясцовага значэння. Фестывалі «Берагіня» забяспечваюцца навукова-метадычнай падтрымкай. Да свята выдаюцца навукова-папулярныя зборнікі, у якіх змяшчаецца метадычны матэрыял аб гісторыі краю, гісторыі самога фестывалю, размяшчаецца інфармацыя аб яго ўдзельніках. У рамках фестывалю арганізуюцца навукова-практычныя канферэнцыі, аб’яднаныя агульнай тэмай «Традыцыйная культура і дзеці: праблемы этнавыхавання», выдаюцца зборнікі матэрыялаў канферэнцыі.
Фестываль «Берагіня» паслужыў штуршком для стварэння цэлага шэрага рэгіянальных фестываляў, аглядаў, конкурсаў, якія грунтуюцца на ідэалагічных і арганізацыйных прынцыпах гэтага праекта. У Мінскай вобласці гэта «Мінская кадрыля». У сістэме адукацыі Брэсцкай вобласці традыцыйным стаў фестываль дзіцячай народнай творчасці «Радавод» (з 2005). У Мінску штогод з 2013 г. праводзіцца конкурс беларускага народнага танца «Мяцеліца», арганізацыйным ядром якога з’яўляецца Школа традыцыйнага мастацтва пад кіраўніцтвам В. Міхно. У Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Ветразь» Кастрычніцкага раёна Мінска была распрацавана і ўведзена праграма «Традыцыйная культура і моладзь. 2016–2020 гг.». У яе рамках прайшло пяць адкрытых конкурсаў беларускага народнага танца, конкурсы пеўчага і музычна-інструментальнага выканальніцтва «Згукі мінуўшчыны», а таксама конкурс беларускай народнай прозы.
На працягу 20 гадоў на базе Мётчанскай установы адукацыі Барысаўскага раёна Мінскай вобласці дзейнічае фальклорны ансамбль «Берагіня». Ён адзін з першых сярод дзіцячых фальклорных калектываў атрымаў ганаровае званне «Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь». Як вынік даследавання народнай спадчыны мікрарэгіёна тут праводзяцца навуковыя чытанні «Традыцыйная культура і дзеці».
Адбываецца навуковае абагульненне падзей і з’яў у сферы народнай мастацкай творчасці, фалькларыстычнай дзейнасці. Так, на працягу шэрага гадоў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў (БДУКМ) рэалізуе комплексны праект «Аўтэнтычны фальклор: праблемы захавання, вывучэння, успрымання». Ён уключае навукова-практычную канферэнцыю, канцэрт аўтэнтычных калектываў «Фальклор беларускай глыбінкі», канцэрт калектываў — пераемнікаў народных традыцый і серыю майстар-класаў па найбольш актуальных кірунках развіцця сучаснага фальклору.
Папулярызацыі беларускай народнай творчасці прысвечаны тэлевізійны праект «Наперад у мінулае» (існуе з 2012) на канале «Беларусь 3». Творчая група выязджае ў вёскі, запісвае мясцовы фальклор. Тэлегледачу прапануецца аўтэнтычнае выкананне твораў і студыйнае ў апрацоўцы прафесійных беларускіх артыстаў. З 2017 г. на тэлеканале «Беларусь 3» выходзіць фальклорнае шоу «Хата на хату». Мэта праграмы — захаванне багатых і ўнікальных асноў беларускай сям’і; лейтматыў — беларуская прымаўка «Не дадзім нашаму роду зводу!».
Школа традыцыйнага мастацтва «Guda» на свяце «Багач» у філіяле Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Вязынцы. 2013 г.
Актыўную творчую дзейнасць вядуць фальклорныя калектывы з Мінска «Guda», «Горынь», «Мярэжа», «Рада»; «Ягорава гара» з Гомеля; «Варган» з Полацка і інш. З іх удзелам і па іх ініцыятыве арганізуюцца відовішчы на розных пляцоўках — канцэрты, абрадавыя дзействы, анімацыйныя праграмы, праводзяцца майстар-класы па народных спевах, гульнях і танцах, разыгрываюцца батлеечныя спектаклі, запісваюцца музычныя альбомы.
Хваля адраджэння беларускай народнай культуры ў 1990‑я гг. выклікала вялікую цікавасць да народнага танца. Намаганнямі школы традыцыйнага мастацтва «Guda» сумесна з грамадскай культурнай кампаніяй «Будзьма беларусамі!» 14 снежня 2013 г. у сталічным Палацы мастацтваў быў арганізаваны Рэспубліканскі конкурс беларускага танца «Мяцеліца». Другі конкурс «Мяцеліца» адбыўся 8 лютага 2015 г. у Палацы дзяцей і моладзі, трэці — у 2017 г.
Захаванне, развіццё і забеспячэнне пераемнасці беларускай аўтэнтычнай культурнай традыцыі ляжыць у аснове дзейнасці Рэспубліканскай маладзёжнай грамадскай некамерцыйнай арганізацыі «Студэнцкае этнаграфічнае таварыства» (створана ў 1998). Студэнцкае этнаграфічнае таварыства правяло больш за 30 этнаграфічных экспедыцый у розныя раёны Беларусі, стварыла ўласны навуковы архіў і этнаграфічныя калекцыі. Савет таварыства дзейнічае ў Мінску, ёсць філіялы ў Гродне, Віцебску і Магілёве. Арганізацыя акрэдытавана пры ЮНЕСКА ў якасці эксперта па нематэрыяльнай культурнай спадчыне.
У Беларусі актыўна развіваюцца беларускія народныя промыслы і рамёствы, хэнд-мэйд. Рамесніцтва набывае масавы характар. Са з’яўленнем новых матэрыялаў з’яўляюцца і новыя тэхнікі, але ў большасці сваёй гэтыя тэхнікі ўжо мелі месца ў гісторыі. Паказчыкам гэтага працэсу з’яўляюцца інтэрнэт-супольнасці (форумы, блогі), перыядычныя выданні, буклеты, фотакаталогі, крамы, у т. л. і віртуальныя, у інтэрнэце, выставы-кірмашы вырабаў народных промыслаў і рамёстваў. Партал беларускага хэнд-мэйду evna.by ахоплівае рукадзелле, майстар-класы, ідэі, асвятляе розныя творчыя мерапрыемствы Беларусі. Выдаецца беларускі анлайн-часопіс пра творчасць і для творчых людзей ALOVAK. З 2011 г. у Мінску праводзіцца выстава-кірмаш традыцыйных і сучасных рамёстваў «Млын» — найбольш маштабнае мерапрыемства ў галіне хэнд-мэйду.
Актыўным суб’ектам выставачнай дзейнасці з’яўляецца творчы Цэнтр artexpo.by, які займаецца пераважна арганізацыяй і правядзеннем эксклюзіўных выставачных праектаў. Візітнай карткай гэтага творчага агенцтва служаць выставы-продажы. Сапраўдным адкрыццём у свеце беларускага хэнд-мэйду стала першая спецыялізаваная выстава аўтарскага тэкстылю «Прынцэса на падушачцы».
Фестываль гарадскіх мастацтваў «stART UP» даў магчымасць майстрам-пачаткоўцам прыкладных відаў творчасці, мастакам, прафесійным рамеснікам заявіць пра сябе. У 2014 г. у Мінску была адкрыта этнакрама «Рагна», якая спецыялізуецца на продажы прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і хэнд-мэйду.
Прапагандаваць музыку, створаную ў Беларусі, заахвочваць да праслухоўвання беларускіх твораў як мага большую колькасць людзей ставіць сваёй мэтай найбольш буйны з інтэрнэт-парталаў, прысвечаных беларускай музыцы, «Тузін Гітоў» (адкрыты ў кастрычніку 2003). Гэта адзіны легальны каталог песень беларускіх выканаўцаў у фармаце MP‑3 у беларускім сегменце інтэрнэту.
У Беларусі атрымаў развіццё агратурыстычны бізнес. У якасці цэнтраў сацыяльна-культурнай актыўнасці ў рэгіёнах Беларусі зарэкамендавалі сябе аграсядзібы. У чэрвені ў в. Забор’е Расонскага раёна Віцебскай вобласці праводзіцца фестываль сельскага турызму «Заборскі фэст». Ён арганізуецца па ініцыятыве і пры падтрымцы грамадскага аб’яднання «Аграэкатурызм». Тут вызначаюць пераможцаў рэгіянальнага конкурсу «Найлепшая сельская сядзіба». Фестывалі сельскага турызму праводзяцца і ў іншых рэгіёнах: у Мінскай вобласці гэта «Кола дзён» у в. Камарова Мядзельскага раёна; у Брэсце — «Зорка Высокага свеціць усім» з фестывалем нацыянальнай кухні «Бульбяны баль».
Шэсце падчас фальклорнага фестывалю «Сонцаварот». Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, 2013 г.
Пляцоўкай для рэалізацыі праектаў этнаграфічнай накіраванасці з’яўляецца Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. Традыцыяй стала правядзенне на базе музея этнафестывалю «Камяніца».
Пашырыліся формы папулярызацыі фальклору. Нароўні з традыцыйнымі формамі творчых дасягненняў аматараў фальклору, такімі як канцэрты, фестывалі, агляды, конкурсы, узніклі новыя падыходы і спосабы сацыяльна-культурнага ўзаемадзеяння грамадзян на аснове фальклору. Удалым спосабам перадачы ўменняў і навыкаў ад майстроў да вучняў сталі майстар-класы. Доўгачасовы накіраваны адукацыйны эфект давалі этнашколы.
Фальклорныя фестывалі. Першы міжнародны фестываль фальклору (15–21 чэрвеня 1994; гарады Пінск, Мінск). Удзел у фестывалі прынялі каля 1,3 тыс. чалавек з усіх рэгіёнаў Беларусі, мастацкія калектывы з Расіі, Украіны, Нідэрландаў, Фінляндыі, Польшчы. У рамках фестывалю было паказана больш за 80 разнастайных канцэртных праграм.
Гэтай акцыяй было засведчана, што ў Беларусі ў «жывым» бытаванні захаваўся архаічны каляндарна-абрадавы пласт традыцыйнай культуры. У навуковай і масавай свядомасці адбыўся пералом і пачалося прызнанне самакаштоўнасці сельскай культуры, актыўны пошук метадаў яе вывучэння, захавання, дэманстрацыі і забеспячэння пераемнасці, быў дадзены штуршок для вывучэння традыцыйнай мастацкай культуры беларусаў, узняты прэстыж айчыннага фальклорнага мастацтва.
Рэгіянальны фестываль аўтэнтычнага фальклору на Магілёўшчыне (7–9 чэрвеня 1996) стаў практычнай часткай распрацоўкі навуковай тэмы «Сучасны стан традыцыйнай мастацкай культуры беларусаў Падняпроўя».
Фестываль народнага танца «Беларуская полька» праводзіўся ў 1993, 1994, 1996, 2000 гг. у г. Чачэрск Гомельскай вобласці. Фестываль стаў лагічным завяршэннем навукова-даследчай работы па вывучэнні традыцыйнага мастацтва ў чарнобыльскай зоне, якая вялася з 1987 г.
У канцы 1990‑х гг. фальклорным рухам былі ахоплены розныя рэгіёны Беларусі. У 2000, 2002, 2004 і 2006 гг. у Кастрычніцкім раёне Гомельскай вобласці праходзілі фестывалі фальклорнага мастацтва «Берагіня». У 2‑м фестывалі (2002) удзельнічала каля 2 тыс. вучняў школ раёна. У рамках фестывалю быў рэалізаваны праект «Турнір дзіцячых танцавальных фолк-гуртоў», прайшла навукова-практычная канферэнцыя «Традыцыйная культура і дзеці: праблемы захавання і пераемнасці».
Фестываль народнага гумару, рэспубліканскі, з 2000 г. — усебеларускі. Праводзіцца ў Калінкавіцкім раёне Гомельскай вобласці раз у 3 гады. Праграма 1‑га фестывалю (7–9 ліпеня 1995) складалася з тэатралізаванага паказу «Аўцюкоўцы смяюцца», конкурсаў у жанрах розыгрышу, небыліцы, гумарэскі, жарту, замовы, анекдота, прыпеўкі, гульні, жартоўных танцаў, песень, выступленняў тэатраў мініяцюр, выставы-кірмашу народных мастацкіх промыслаў і рамёстваў, бяспройгрышнай латарэі, выставы гумарыстычных старонак раённых, гарадскіх і рэспубліканскіх газет і інш. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі з абласцей Беларусі, Расіі, Украіны, г. Габрава (Балгарыя). У час 2‑га фестывалю (11–13 ліпеня 1997) прайшоў конкурс нетрадыцыйных магчымасцей чалавека «А пуп не развяжацца?», праграма «Забавы на пракосах». У праграме 3‑га фестывалю (14–16 ліпеня 2000) — свята вёсак Малыя і Вялікія Аўцюкі «Хто ў хаце гаспадар», выставы пякарскай скульптуры «Гуляй, душа, з усмешкай», конкурсныя выступленні творчых калектываў рэспублікі «Хто ёсць хто», конкурс вядучых гульнявых праграм «Здубаквецце», канцэрт прафесійных артыстаў гумарыстычнага жанру. Чацвёрты фестываль (11–12 ліпеня 2003) уключаў адкрыццё скульптурнай кампазіцыі галоўных персанажаў свята Каласка і Калінкі, агляд-конкурс падворкаў, адкрыццё міжнароднага аэрапорта «Аўцюкі», футбольнае спаборніцтва паміж жаночымі камандамі вёсак Малыя і Вялікія Аўцюкі, гумарыстычныя праграмы прадстаўнікоў абласцей і інш.
Летні фэст «Александрыя збірае сяброў». Аграгарадок Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці
Святочнае шэсце ўдзельнікаў фестывалю-кірмашу «Дажынкі‑2013» прайшло па вуліцах г. Жлобін Гомельскай вобласці
Чарговае рэспубліканскае свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») у аграгарадку Александрыя Шклоўскага раёна прайшло 9–10 ліпеня 2022 г. Адным з асноўных масавых і яркіх мерапрыемстваў свята стала выстава-кірмаш «Кола жыцця», у аснове зместу работы і мастацкага афармлення якой былі святы беларускага народнага календара, якія прадстаўлялі рэгіёны: святы зімовага цыкла — Мінская вобласць, г. Мінск; святы вясновага цыкла — Брэсцкая і Гродзенская вобласці; святы летняга цыкла — Магілёўская вобласць; святы восеньскага цыкла — Гомельская і Віцебская вобласці.
Кожная вобласць і г. Мінск на сваіх кірмашовых пляцоўках прадэманстравалі інтэрактыўныя прэзентацыйныя экспазіцыі народнай творчасці майстроў і ўмельцаў, тэматычныя творчыя праграмы, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У аснове афармлення кірмашовых прастор — адлюстраванне свят народнага календара беларусаў. У творчых праграмах рэгіёнаў можна было пазнаёміцца з народнымі святамі і абрадамі: «Гуканне вясны», «Багач», «Вялікдзень», «Юр’е», «Сёмуха», свята рамеснікаў «Казюкі», абрады «Цары», «Шчадрэц», «Купалле», «Пятроў дзень», «Зажынкі», «Жніво-сенакос», Мядовы, Яблычны, Арэхавы і Хлебны Спасы, «Зялёныя святкі (Тройца)», «Ільінскі кірмаш» і інш.
На малой канцэртнай пляцоўцы госці свята маглі ўбачыць канцэрт «Адзіная ў свеце — радзіма мая!» з удзелам творчых калектываў Мінска і абласцей Беларусі. На сцэне выставачна-кірмашовай пляцоўкі праходзіў канцэрт «Святкуем па-народнаму», дзе на працягу дня творчыя і народныя калектывы рэгіёнаў Беларусі прадстаўлялі насычаныя, яркія і разнастайныя канцэртныя праграмы.
У Брэсцкай вобласці традыцыйна праводзіцца абласны фестываль народнага гумару «Спораўскія жарты». Заключныя мерапрыемствы 3‑га фестывалю адбыліся 15–16 ліпеня 2006 г. у в. Спорава Бярозаўскага раёна. У мерапрыемствах прынялі ўдзел 18 творчых дэлегацый ад гарадоў і раёнаў вобласці, усяго больш за 450 удзельнікаў.
Мастацтва палескага рэгіёна разнастайна прадстаўлена на Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый «Покліч Палесся», які праходзіць у аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобласці. Праграма фестывалю ўключае конкурсныя і канцэртныя мерапрыемствы з удзелам выканаўцаў і калектываў мастацкай творчасці, тэатралізаваныя прадстаўленні, выставы твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, канферэнцыю па тэме захавання гісторыка-культурнай спадчыны палескага рэгіёна, майстар-класы.
У Лельчыцкім раёне Гомельскай вобласці з 2004 г. таксама арганізуецца рэгіянальны фестываль песеннага фальклору «Гэты дзіўны спеў з глыбінь народных». Міжнародны фестываль народнай творчасці «Вянок дружбы» праводзіцца з 1996 г., з 2003 г. — у Бабруйску. У 2017 г. на фестываль прыбылі госці з 25 краін (больш за 600 артыстаў).
Народны клуб аматараў беларускай кухні «Смак» Празямлянскага сельскага Дома культуры. Чашніцкі раён Віцебскай вобласці
Міжнародны фестываль фальклору «Мотальскія прысмакі» вядзе сваю гісторыю з 2008 г. Праводзіцца раз у 2 гады ў аграгарадку Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці (8‑ы фестываль прайшоў 12–13 жніўня 2017). Мэта — адраджэнне і папулярызацыя беларускай народнай кухні, развіццё і ўмацаванне міжнародных культурных сувязей. Галоўнай славутасцю і асаблівасцю «Мотальскiх прысмакаў» традыцыйна з’яўляюцца каўбасныя, рыбныя, хлебныя, сырныя рады. У 2021 г. фестываль у 11‑ы раз сустракаў гасцей і ўдзельнікаў на гасціннай Іванаўскай зямлі. Ён спрыяе прыцягненню турыстаў з розных краін, робіць Іванаўшчыну вядомай як у Беларусі, так і за мяжой. Развіццё турыстычнага патэнцыялу, у сваю чаргу, дапамагае папулярызацыі сваіх таварных брэндаў. Маталяне і сёння беражліва захоўваюць старажытныя звычаі, рэцэпты народнай кухні, культуру, самабытнасць.
Абласны фестываль рэгіянальнага фальклору «Панямоння жыватворныя крыніцы» з’яўляецца адборачным этапам падрыхтоўкі да Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва «Берагіня».
Народную танцавальную традыцыю сярод жыхароў сталіцы прапагандуе конкурс беларускіх танцаў «Мяцеліца». Першы конкурс адбыўся 14 снежня 2013 г., 2‑і — 8 лютага 2015 г., 3‑і — 12 сакавіка 2017 г.
Турнір бытавых танцаў арганізуецца ў Віцебскай вобласці. З 2017 г. конкурс быў уключаны ў праграму «Славянскага базару». У 2018 г. у 5‑м турніры бытавых танцаў удзельнічала больш за 100 танцавальных пар з 21 раёна Віцебскай вобласці.
У розных кутках Беларусі арганізуюцца шырокамаштабныя святочныя мерапрыемствы па відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: ганчарстве, саломапляценні, лозапляценні, ткацтве, кавальскім рамястве.
Абласны фестываль-свята Гродзеншчыны «Танцуем па-даўнейшаму» праводзіўся ў Лідскім раёне ў аграгарадку Тарнова з 2013 г. З 2019 г. месцам правядзення стаў аграгарадок Дзітва. Асноўная падзея фестывалю-свята — конкурс пар-выканаўцаў бытавых танцаў розных узроставых груп ад 7 да 50 гадоў і старэйшых.
Музычныя тэлепраекты ў сферы аматарскай творчасці. На тэлебачанні было рэалізавана нямала музычных праектаў, якія можна назваць народнымі (праграмы «Землякі», «Зорны дыліжанс», тэлефестываль «Усе мы родам з дзяцінства», пазней — «Сузор’е надзей»).
У 2012 г. тэлеканал АНТ прадставіў дзіцячы песенны конкурс «Я спяваю!». Аўтар ідэі і мастацкі кіраўнік праекта — заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Святлана Стацэнка, кіраўнік і вядучы праекта — рэжысёр тэатра і кіно Дзмітрый Астрахан. Удзельнікамі конкурсу сталі таленавітыя дзеці з дзіцячых дамоў, шматдзетных і няпоўных сямей. Праект быў удастоены Гран-пры VIII Нацыянальнага конкурсу «Тэлевяршыня». Конкурс «Я спяваю!» стаў самым крэатыўным і кранальным праектам апошняга часу на беларускім тэлебачанні.
Нацыянальны тэлевізійны конкурс аматарскіх музычных калектываў «Песні маёй краіны» (фінал адбыўся 25 снежня 2012) спрыяў выяўленню самабытных творчых калектываў і папулярызацыі народных выканальніцкіх традыцый. У 2012 г. на тэлеканале АНТ адбыўся музычны праект «Акадэмія талентаў». Адкрыць новыя імёны на музычнай прасторы Беларусі быў закліканы музычны праект «Спяваючыя гарады» тэлеканала СТБ. У пачатку 2016 г. на канале «Беларусь 3» трансліраваўся тэлепраект «Маладыя таленты Беларусі». Музычныя тэлевізійныя праекты — стартавая пляцоўка для таленавітых маладых выканаўцаў, сродак устанаўлення камунікацыі паміж творчымі асобамі, а таксама самы кароткі шлях да шырокай аўдыторыі гледачоў.
Штогод з 2009 г. уручаюцца спецыяльныя прэміі дзеячам культуры і мастацтва Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам. Так, па выніках 2019 г. за выдатныя дасягненні ў галіне аматарскага мастацтва, паспяховае прадстаўленне Беларусі ў праграмах Міжнароднага фестывалю «Гармонік збірае сяброў», Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу і іншых праектаў прэміяй быў адзначаны заслужаны аматарскі калектыў фальклорны ансамбль «Дударыкі» гімназіі № 14 Мінска.
Па выніках 2021 г. за значны ўклад у выхаванне творчай моладзі, паспяховы ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах і фестывалях гэтую высокую ўзнагароду атрымаў заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь узорны тэатр эстрады «Капелька» Мірскага сельскага дома культуры Баранавіцкага раёна.