Сучаснае народнае мастацтва

Дата стварэння: 24.05.2023 11:55:37

Дата змены: 18.07.2024 15:01:38


Агульная характарыстыка

На фестывалі-кірмашы рамёстваў «Вясновы букет». Мінск, 2016 г.

На фестывалі-кірмашы рамёстваў «Вясновы букет». Мінск, 2016 г.

Грамадска-палітычныя пераўтварэнні ў Беларусі канца 1980‑х — пачатку 1990‑х гг., нацыянальна-культурнае адраджэнне, станаўленне дзяржаўнага суверэнітэту, вызначэнне свайго месца ў міжнароднай садружнасці выклікалі прыкметны ўсплёск цікавасці да скарбаў нацыянальнай мастацкай культуры, асабліва традыцыйнай народнай культуры, якая адрозніваецца яркай нацыянальнай самабытнасцю і своеасаблівасцю і таму з’яўляецца найбольш дзейсным спосабам самавыяўлення народа. У гэтых адносінах беларусаў можна лічыць багатай нацыяй: жывыя многія віды і формы традыцыйнага фальклору, адвечныя звычаі, абрады, вераванні, рамёствы, промыслы. Гэта неацэнная культурна-гістарычная спадчына, страчаная многімі еўрапейскімі народамі ў сувязі з надыходам навукова-тэхнічнага прагрэсу, у Беларусі не толькі захавалася, але і працягвае развівацца, складаючы значную частку сучаснай мастацкай культуры.

Сярод разнастайнасці і багацця відаў і форм традыцыйнай мастацкай культуры прыкметна вылучаецца «прадметная» творчасць — розныя віды дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, традыцыйныя мастацкія рамёствы і промыслы. Многія віды народнага мастацтва і мастацкіх рамёстваў у Беларусі захаваліся да нашых дзён і актыўна ўключыліся ў сучасныя мастацкія працэсы.

На фестывалі-кірмашы рамёстваў «Вясновы букет». Мінск, 2015 г.

На фестывалі-кірмашы рамёстваў «Вясновы букет». Мінск, 2015 г.

Традыцыйнае народнае мастацтва — гэта не толькі найкаштоўнейшая культурна-гістарычная спадчына краіны. Яно аказвае дабратворны ўплыў на ўсю сучасную нацыянальную культуру, надаючы ёй непаўторнасць, самабытнасць і адметнасць, уздзейнічае на розныя віды прафесійнага мастацтва. Творы народных майстроў, вырабы мастацкіх рамёстваў і промыслаў адлюстроўваюць характар жыцця, асаблівасці побыту, погляды, ідэалы, эстэтычныя запыты, менталітэт народа, што далёка не заўсёды ўласціва прафесійнаму мастацтву. Розныя віды і формы народнай мастацкай творчасці, у т. л. і традыцыйныя мастацкія рамёствы, з’яўляючыся яркай праявай духоўнага аблічча нацыі, уяўляюць сабой важную форму ўключэння шырокіх народных мас у творчыя працэсы развіцця і ўзбагачэння нацыянальнай мастацкай культуры.

На фестывалі-кірмашы рамёстваў «Вясновы букет». Мінск, 2014 г.

На фестывалі-кірмашы рамёстваў «Вясновы букет». Мінск, 2014 г.

Т. Міснікава. Ручнік. 2005 г.

Т. Міснікава. Ручнік. 2005 г.

Аднак пры ўсім гэтым нельга не заўважыць, што маштабы бытавання сучаснага народнага мастацтва далёка не такія, як раней, прыкметна змяніліся таксама змест і характар многіх яго відаў. Карэнныя змены ў характары і ладзе жыцця значна звузілі сферу выкарыстання многіх рукатворных вырабаў, якія раней насычалі ўвесь народны побыт з яго натуральным або паўнатуральным укладам і былі арганічна з ім звязаны. Адпала практычная неабходнасць у іх уласнаручным вырабе (ва ўсякім выпадку, масавым), таму можна лічыць аб’ектыўнай і непазбежнай рэальнасцю тое, што многія віды народнага мастацтва і большасць традыцыйных рамёстваў, звязаных з ранейшым побытам, канчаткова засталіся ў мінулым, што і адбылося ў многіх індустрыяльна развітых краінах Еўропы яшчэ ў канцы XIX ст. У Беларусі некаторыя віды традыцыйнага народнага мастацтва і мастацкіх рамёстваў працягвалі бытаваць яшчэ і ў 1980‑я гг., аднак сфера іх прымянення працягвала інтэнсіўна звужацца. Адны віды дэманстравалі няўхільную тэндэнцыю да канчатковага знікнення з-за адсутнасці запатрабаванасці ў сучасным побыце, іншыя — пераходзілі ў разрад аматарскага занятку, ардынарнага рукадзелля, пазбаўленыя традыцый, глыбіннага зместу, нацыянальнай адметнасці.

Карэнныя змены ў грамадстве не толькі спынілі заняпад традыцыйнай мастацкай культуры, але і спрыялі адраджэнню многіх яе відаў, у т. л. народнага мастацтва і мастацкіх рамёстваў. Асновай гэтых працэсаў стала змена грамадскай думкі пра народнае мастацтва не як пра здабытак мінулага або музейную архаіку, а як пра жывую з’яву сучаснасці, найкаштоўнейшы нацыянальны здабытак суверэннай еўрапейскай краіны. Жывымі скарбамі традыцыйнай народнай творчасці можна з поўным правам ганарыцца як унікальным нацыянальным багаццем.

На фестывалі-кірмашы рамёстваў «Вясновы букет». Мінск, 2017 г.

На фестывалі-кірмашы рамёстваў «Вясновы букет». Мінск, 2017 г.

Аднак толькі ўсведамлення гэтага факта недастаткова. Хоць Беларусь і захавала багаты духоўна-творчы патэнцыял народнай мастацкай культуры, аднак, не будучы адгароджанай ад агульнаеўрапейскіх працэсаў, яна адчувае значныя дэструктыўныя ўплывы на гэтую сферу жыцця, што не можа не выклікаць занепакоенасці яе сучасным становішчам і найбліжэйшымі перспектывамі. Патрабуюцца неадкладныя меры па захаванні традыцыйнай мастацкай культуры, яе адраджэнні на сучасным узроўні, уключэнні ў сённяшні культурны кантэкст. Калі не прымаць неабходных мер па падтрымцы традыцыйных рамёстваў, яны непазбежна або прыходзяць у заняпад, або непазнавальна мяняюць свой характар. Вырабы ручной працы не ў стане паспяхова канкурыраваць з больш таннай прамысловай прадукцыяй бытавога і мастацкага прызначэння. Гэта аб’ектыўны працэс, які закранае ўсю сусветную цывілізацыю на розных прыступках яе развіцця і, як сведчыць гісторыя, без своечасовай і належнай апекі і падтрымкі традыцыйнае народнае мастацтва рана ці позна становіцца здабыткам мінулага.

Усведамленне гэтага факта атрымала пацвярджэнне на заканадаўчым узроўні. У Беларусі, якая толькі што атрымала незалежнасць, адным з першых законаў стаў закон «Аб культуры ў Рэспубліцы Беларусь», які сфармуляваў галоўную мэту і асноўныя напрамкі дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сферы і вызначыў у якасці найважнейшага прыярытэту захаванне, адраджэнне і развіццё нацыянальнай культуры, аснову якой складае менавіта традыцыйная культура. Артыкул 19 закона дэкларуе: «Беларусь стварае ўмовы і заахвочвае прадпрыемствы, арганізацыі, установы, грамадзян да адраджэння і развіцця гістарычных традыцый народнай творчасці, аўтэнтычнага фальклору, звычаяў, абрадаў, святаў, традыцыйных промыслаў і рамёстваў… узораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва».

Больш дэталёва, выразна і канкрэтна гэтыя задачы заяўлены ў законе «Аб народным мастацтве, мастацкіх промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь» (1999). Прыняцце закона прыкметна стымулявала дзейнасць майстроў народнай творчасці, актывізавала ўзнікненне новых форм арганізацыі іх творчай дзейнасці, перадачы і пераемнасці традыцый. Варта адзначыць яго асноўнае значэнне: народнае мастацтва і мастацкія промыслы ўраўнаваліся з іншымі відамі нацыянальнай культуры, а майстры народнай творчасці на дзяржаўным узроўні атрымалі ўзаконены раўнапраўны статус з дзеячамі прафесійнага мастацтва.

Паспяховае спалучэнне дзяржаўнай палітыкі і грамадскай зацікаўленасці ў хуткім часе прынесла рэальныя вынікі. Адным з найбольш паказальных прыкладаў у гэтых адносінах можа служыць дзейнасць Беларускага саюза майстроў народнай творчасці (створаны ў 1992). Гэта добраахвотнае грамадскае аб’яднанне майстроў народнага мастацтва і традыцыйных мастацкіх рамёстваў, якое ставіць сваёй мэтай адраджэнне, падтрымку і развіццё народнага мастацтва, узмацненне яго ўплыву на духоўнае развіццё грамадства, папулярызацыю творчасці народных майстроў і творчых калектываў, арганізацыю пераемнасці традыцый, дзейснае прадстаўніцтва традыцыйнай культуры Беларусі ў краіне і за мяжой. За перыяд сваёй дзейнасці саюз аб’яднаў сотні найлепшых майстроў з усёй Беларусі, якія прадстаўляюць практычна ўсе традыцыйныя мастацкія рамёствы: ткацтва, вышыўку, ганчарства, каванне, роспіс, выцінанку, мастацкую апрацоўку дрэва, пляценне з прыродных матэрыялаў і інш. Саюзу належаць шматлікія ініцыятывы і намаганні ў заканатворчай дзейнасці, якія датычацца гэтай галіны культуры.

Рэспубліканскае свята-конкурс саломапляцення «Саламяны цуд». 1997 г.

Рэспубліканскае свята-конкурс саломапляцення «Саламяны цуд». 1997 г.

На свяце-конкурсе саломапляцення «Саламяныя дзівосы». Нясвіж Мінскай вобласці, 2012 г.

На свяце-конкурсе саломапляцення «Саламяныя дзівосы». Нясвіж Мінскай вобласці, 2012 г.

Актыўная папулярызатарская дзейнасць саюза заключаецца ў арганізацыі і правядзенні розных акцый: выстаў, конкурсаў, фестываляў, свят, кірмашоў і інш. Сярод іх — дзве нацыянальныя выставы сучаснага народнага мастацтва «Жывыя крыніцы» (1998, 2006), традыцыйныя штогадовыя выставы «Калядныя ўзоры», тэматычныя выставы сучаснай народнай творчасці ў розных гарадах Беларусі і за мяжой. Саюз стаў ініцыятарам арганізацыі і правядзення новых форм папулярызацыі гэтай галіны традыцыйнай культуры — рэспубліканскіх свят-конкурсаў па розных відах традыцыйных рамёстваў. З поспехам прайшлі святы-конкурсы саломапляцення «Саламяны цуд» (1997), лозапляцення «Лазовыя карункі» (1998), разьбы па дрэве «Дрэва жыцця» (1999), выцінанкі «Ажурныя фантазіі» (2000), кавання «Залатая падкова» (2001), а таксама 1‑ы Міжнародны фестываль саламянага мастацтва (2003). Традыцыйным стала правядзенне Рэспубліканскага фестывалю-кірмашу рамёстваў «Вясновы букет», які штогод збірае ў сталіцы да паўтысячы майстроў з усёй Беларусі.

На свяце-конкурсе кавальскага майстэрства «Багрымаў перазвон». Баранавічы Брэсцкай вобласці, 2001 г.

На свяце-конкурсе кавальскага майстэрства «Багрымаў перазвон». Баранавічы Брэсцкай вобласці, 2001 г.

Адначасова розныя святы-конкурсы абласнога і мясцовага ўзроўняў па розных відах традыцыйных рамёстваў праводзяцца таксама падраздзяленнямі і ўстановамі культуры. Арганізуюцца яны з улікам мясцовых магчымасцей і асаблівасцей, як правіла, у раёнах, дзе пераважаюць або яшчэ жывуць традыцыі таго ці іншага рамяства. Напрыклад, рэгулярна праводзяцца яны ў Мінскай вобласці. Кожныя 2–3 гады праходзяць святы-конкурсы ганчарства «Гліняны звон», саломапляцення «Саламяныя дзівосы», лозапляцення «Лазовыя карункі», ткацтва «Матчыны кросны», дрэваапрацоўкі «Разьбы зачараванне», выцінанкі «Папяровыя карункі» і інш. Некаторыя святы (ткацтва ў г. Старыя Дарогі, лозапляцення ў г. Вілейка, выцінанкі ў г. Маладзечна, драўлянай лыжкі ў г. Беразіно) ужо атрымалі пастаянную прывязку да канкрэтных рэгіёнаў, сталі іх своеасаблівым брэндам.

На свяце-конкурсе роспісу «Фарбы нябёсаў». Віцебск, 2014 г.

На свяце-конкурсе роспісу «Фарбы нябёсаў». Віцебск, 2014 г.

Удзельнікі свята-конкурсу «Беларускі пояс». Узда Мінскай вобласці, 2014 г.

Удзельнікі свята-конкурсу «Беларускі пояс». Узда Мінскай вобласці, 2014 г.

У Віцебскай вобласці такія святы-конкурсы звычайна прымяркоўваюць да Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». У выніку яны збіраюць майстроў не толькі Віцебшчыны, але і іншых рэгіёнаў Беларусі, выходзячы такім чынам за рамкі абласных. Такімі сталі святы-конкурсы саломапляцення «Папараць-кветка», разьбы па дрэве «Дрэва жыцця», ткацтва «Матчыны кросны», лозапляцення «Лазовы прут», вышыўкі «Чароўная нітка», мастацкага роспісу «Райскі сад», «Фарбы нябёсаў», выцінанкі «Ажурныя мары», гульні і цацкі «Забава» і інш.

У Брэсцкай вобласці першачарговая ўвага надаецца яшчэ не зусім забытым рэдкім рамёствам. З поспехам прайшлі святы-конкурсы кавання «Багрымаў перазвон», бондарства і ганчарства «Дубовая клёпка і гліняны збаночак», абрадавай выпечкі «Караваю, мой раю…», пляцення з прыродных матэрыялаў «Магія прыроднага хараства» і інш. У старадаўнім ганчарным цэнтры Гарадная (Столінскі раён) рэгулярна праводзіцца міжнародны ганчарскі пленэр, куды з’язджаюцца майстры з Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы.

Выставы-кірмашы рамёстваў, звычайна пад назвай «Горад майстроў», праводзяцца падчас розных фестываляў, свят гарадоў і інш. Гэта і Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», і Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне, і фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі», і многія іншыя фестывалі і святы, якія праводзяцца як на рэспубліканскім, так і на рэгіянальным, або мясцовым, узроўні. Галоўнае месца розныя віды традыцыйных рамёстваў займаюць на такіх арыгінальных, характэрных толькі для канкрэтнага рэгіёна святах і кірмашах, як «Дрыбінскія таржкі» на Магілёўшчыне, «Скарбы Гарадзеншчыны» на Гродзеншчыне, фестываль этнакультурных традыцый «Покліч Палесся» ў Ляскавічах на Гомельшчыне і інш.

Важную ролю ў адраджэнні і развіцці традыцыйных мастацкіх рамёстваў і промыслаў адыгрывае арганізацыя перадачы і пераемнасці традыцый. Ранейшы механізм — на ўзроўні сям’і, ад бацькоў дзецям — застаўся ў мінулым, таму на першы план выходзяць розныя «арганізаваныя», перш за ўсё на дзяржаўным узроўні, формы падтрымкі жыццядзейнасці традыцыйных рамёстваў, іх адраджэння і ўключэння ў сучасныя працэсы. Сярод такіх форм — дамы і цэнтры рамёстваў, колькасць якіх сёння набліжаецца да сотні. Першыя дамы і цэнтры рамёстваў яшчэ ў канцы 1980‑х гг. пачалі стварацца на Віцебшчыне, яны дзейнічаюць ва ўсіх раёнах вобласці. Па паўтара дзясятка іх у Мінскай, Гомельскай, Магілёўскай і іншых абласцях. Як правіла, такія асяродкі сучаснай народнай творчасці ствараюцца ў раённых цэнтрах, ёсць і ў буйных сельскіх паселішчах, асабліва калі апошнія калісьці славіліся якімі-небудзь рамёствамі або захавалі іх традыцыі. На Брэстчыне, дзе яшчэ нямала жывых асяродкаў народнага мастацтва і мастацкіх рамёстваў, ствараюцца школы і класы, шматлікія гурткі рамёстваў непасрэдна па месцы бытавання той ці іншай традыцыі. Дзейнічаюць школа двухасноўнага ткацтва ў в. Падбела Камянецкага раёна, бондарства — у г. Іванава, ганчарская — у в. Гарадная Столінскага раёна і інш.

Пачаўся працэс прызнання найбольш вядомых цэнтраў народнага мастацтва і рамёстваў як дзяржаўнай культурнай спадчыны. У Дзяржаўны рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключаны гродзенскія велікодныя вербы, сапоцкінскае пісанкарства, дрыбінскае шапавальства, гарадоцкае разрэджанае ткацтва, быхаўскія саламяныя павукі, паазерскія роспісы па тканіне, бабруйскае і гараднянскае ганчарства, двухасноўнае ткацтва ў в. Падбела Камянецкага раёна Брэсцкай вобласці і в. Гудзевічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці і інш. Прызнаныя асяродкі традыцыйных рамёстваў атрымліваюць рэальную падтрымку для развіцця, важны і сам факт такога прызнання на дзяржаўным узроўні.

Народнае мастацтва і мастацкія рамёствы, якія існавалі і развіваліся па ўласных аб’ектыўных законах, у наш час не могуць пазбегнуць інтэрнацыяналізаваных культурных і мастацкіх павеваў, уплыву навукова-тэхнічнага прагрэсу і глабалізацыі, што непазбежна вядзе да ўніфікацыі, нівеліроўкі, страты нацыянальнай своеасаблівасці. Таму нават гэты на першы погляд даволі жыццяздольны від нацыянальнай культуры патрабуе не толькі ўсведамлення неабходнасці і своечасовасці практычных мер па яго падтрымцы, але і зацікаўленага аналізу яго сённяшняга становішча і характару, асаблівасцей бытавання, вызначэння яго месца і ролі ў сучасных працэсах.

Перш за ўсё варта адзначыць, што становішча і характар сучаснага народнага мастацтва далёка не заўсёды адэкватныя «класічнаму». Хоць вонкава многія сучасныя вырабы могуць даволі дакладна паўтараць аўтэнтычныя, у большасці выпадкаў яны ўжо страцілі ранейшае прызначэнне і месца ў традыцыйным побыце, адвечны глыбінны сэнс.

Традыцыйнае народнае мастацтва вылучаецца сваёй цэласнасцю, сінкрэтычнай, арганічнай сувяззю з побытам і жыццём народа. З’яўляючыся, па сутнасці, бытавым, яно фарміравала адпаведныя эстэтычныя крытэрыі і патрэбы. Прадметы народнага мастацтва як вынік народнай творчасці задавальнялі ў першую чаргу бытавыя, жыццёвыя, практычныя патрэбы і адначасова забяспечвалі паўнату духоўнай дзейнасці. Народнае мастацтва адлюстроўвала ў старажытных вобразах, формах, сімвалах, адшліфаваных стагоддзямі, светаразуменне этнасу, прыўносіла духоўны пачатак у штодзённасць. Ва ўпрыгожванні жылля, прылад працы, адзення, прадметаў побыту народнае мастацтва матэрыялізавала вобразнае мысленне народа, яго калектыўныя матэрыяльныя і духоўныя патрэбы.

У наш час роля і месца народнага мастацтва ў жыцці грамадства прыкметна змяніліся. Тэндэнцыя абнаўлення ў большай ці меншай ступені была характэрна для народнага мастацтва на ўсіх этапах яго бытавання, аднак у сувязі са зменамі ў грамадстве яна ўзмацнілася і паскорылася, што абумовіла розныя формы яго сучаснага бытавання, характар і асартымент вырабаў, іх мастацкае рашэнне, сістэму вытворчасці народнымі майстрамі.

У першую чаргу варта адзначыць галоўную асаблівасць сучаснага народнага мастацтва — амаль поўную страту калісьці асноўных для яго бытавых, практычных, утылітарных або абрадавых функцый. Засталася ў мінулым калісьці істотная аснова народнай творчасці. Магчымасць набыць вопратку, мэблю, посуд, упрыгажэнні, прылады працы, прадметы побыту і іншыя неабходныя рэчы прамысловай вытворчасці здымае неабходнасць у іх уласнаручным вырабе. Засталіся ў мінулым многія традыцыйныя абрады і звычаі (напрыклад, цэлы комплекс абрадаў, звязаны з ручным жнівом). У некаторай ступені ранейшыя бытавыя, утылітарныя функцыі працягваюць заставацца за лозапляценнем, ганчарствам, асобнымі відамі дрэваапрацоўкі (напрыклад, за вытворчасцю бандарнага посуду, разьбой лыжак), каваннем (вырабам архітэктурных кампанентаў), тэкстылем (ткацтвам і вязаннем палавікоў і дарожак) — тымі відамі рамёстваў, якія яшчэ не страцілі сваёй ранейшай ролі ў традыцыйным побыце. Праўда, і яны ў большасці выпадкаў ужо дэманструюць прыкметныя змены ў характары, формах, прызначэнні вырабаў.

Змена месца, ролі і прызначэння вырабаў сучасных рамёстваў і промыслаў уносіць адпаведныя карэктывы ў іх характар, асартымент, формы, дэкор. На першы план выходзяць дэкаратыўныя, мастацкія задачы; утылітарнасць і функцыянальнасць у большасці выпадкаў ужо далёка не галоўныя, як раней, а то і зусім могуць адсутнічаць, як, напрыклад, у роспісах, выцінанцы, аплікацыі саломай, глінянай, драўлянай, саламянай пластыцы і інш. У сувязі з гэтым прыкметна ўзрастае дэкаратыўнасць вырабаў, нярэдка тыя ці іншыя віды дэкору з’яўляюцца на рэчах, якія раней зусім яго не мелі. Такім чынам, паняцце «народнае мастацтва» набывае сёння свой сапраўдны сэнс.

Адзначаючы працэсы адраджэння, развіцця, распаўсюджвання многіх відаў і форм традыцыйнага народнага мастацтва і мастацкіх рамёстваў, нельга не прызнаць, што народнае мастацтва незваротна страціла ранейшую найважнейшую асаблівасць: перастала быць масавай з’явай, аб’ектам калектыўнай творчасці. У гэтую сферу нацыянальнай культуры прыходзіць пакаленне маладых майстроў, аднак масавай з’явай гэта ўжо не стане — у адрозненне ад ранейшай вёскі, дзе і стваральнікамі, і спажыўцамі прадукцыі традыцыйных, у т. л. і мастацкіх, рамёстваў і промыслаў было практычна ўсё сельскае насельніцтва.

Індывідуалізацыя творчасці сучасных майстроў заканамерна прыводзіць да адпаведных вынікаў, у т. л. і па прычыне іншага іх статусу, іншых адносін і да традыцый, і да вынікаў уласнай творчасці. Генетычна не звязаныя з традыцыямі, майстры могуць інтэрпрэтаваць іх вельмі адвольна, што нярэдка пераводзіць такую творчасць у разрад самадзейнасці і аматарства. Хоць бы таму адносіць да сучаснага народнага мастацтва ўсе віды непрафесійнай творчасці неправамерна і беспадстаўна: гэта вядзе да дэвальвацыі паняцця «народнае мастацтва» і абясцэньвання яго найлепшых узораў, хай нават і ў цяперашняй інтэрпрэтацыі. Па-ранейшаму асноўным вызначальным крытэрыем паняцця «народнае» неабходна лічыць сінонім «традыцыйнае» — ці амаль дакладна паўторанае, як, напрыклад, у многіх відах ткацтва, ганчарства, лозапляцення, або пэўным чынам інтэрпрэтаваць, як, скажам, у саломапляценні, выцінанцы, каванні, апрацоўцы дрэва, скуры, бяросты і інш. Нават калі на першы погляд творы сучаснай народнай творчасці і мастацкіх рамёстваў у большай ці меншай ступені і адрозніваюцца ад ранейшых, але ў цэлым у іх адчуваецца «дух» нацыянальных традыцый, адвечная народная аснова — значыць, іх можна адносіць да сучаснага народнага мастацтва.

Сучаснае народнае мастацтва і традыцыйныя мастацкія рамёствы — вельмі прыкметная, распаўсюджаная і ў той жа час складаная, неадназначная з’ява нацыянальнай культуры, якая існуе і развіваецца ў розных відах, формах і праявах. Адны яе віды, не знайшоўшы свайго месца ў сучасных культурных працэсах, сталі здабыткам мінулага, іншыя захаваліся без значных змен; многія атрымалі новае жыццё, нярэдка прыкметна змяніўшы свой характар, формы, маштабы бытавання і асаблівасці прымянення, застаючыся пры гэтым у сферы народнага мастацтва.


Ткацтва. Вышыўка. Карункапляценне

Розныя віды традыцыйнага тэкстылю: ткацтва, вышыўка, карункапляценне, лапікавае шыццё і іншыя — як у традыцыйным, так і ў сучасным народным мастацтве Беларусі ці не самая яркая (у прамым і ў пераносным сэнсе) з’ява, да таго ж, магчыма, і самая распаўсюджаная. У 2‑й палове мінулага стагоддзя ткацтва стала інтэнсіўна скарачаць маштабы свайго бытавання, да канца 1980‑х гг. гэтым традыцыйным рамяством зрэдку займаліся толькі адзінкавыя майстрыхі, якія садзіліся за кросны не столькі з-за практычнай неабходнасці, колькі «для душы». Характэрна, што нярэдка ва ўласным побыце яны выкарыстоўвалі танныя, масавыя, але прамысловыя вырабы — «як ва ўсіх». У некаторых рэгіёнах (напрыклад, на Палессі), дзе яшчэ існавала традыцыя выкарыстання мастацкіх тканін у вясельных абрадах, працягвалі ткаць традыцыйныя ручнікі. Частка ткачых была задзейнічана ў якасці надомніц ад найбліжэйшых фабрык мастацкіх вырабаў (аграгарадок Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, аграгарадок Неглюбка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці, в. Макраны Клецкага раёна Мінскай вобласці, в. Збляны Лідскага раёна Гродзенскай вобласці і інш.).

Больш жыццяздольнай аказалася традыцыя вышыўкі, асабліва ў Палескім рэгіёне. Тут ужо ў пасляваенныя гады пераважала паліхромная адвольная гладзь расліннага характару, якая не ўтрымлівала ніякай семантычнай напоўненасці, затое насычала інтэр’ер жыццярадаснай дэкаратыўнасцю, такой неабходнай у часы інтэнсіўнага аднаўлення і перабудовы вёскі.

Як у сельскім, так і ў гарадскім побыце працягвала сваё жыццё традыцыя карункапляцення. У інтэр’еры гарадскога жылля ажурныя, вязаныя кручком карункі, галоўным чынам сурвэткі, выдатна гарманіравалі (ці, хутчэй, кантраставалі) з лаканічнымі формамі стандартнай прамысловай мэблі, у сельскім побыце — дапаўнялі вышытыя гладдзю ручнікі, падзоры, фіранкі, накідкі і інш.

На свяце-конкурсе ручніка і пояса «Млечны шлях ад рук бабулі». Аграгарадок Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці, 2012 г

На свяце-конкурсе ручніка і пояса «Млечны шлях ад рук бабулі». Аграгарадок Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці, 2012 г.

Такім чынам, не паспеўшы канчаткова страціць сваёй ролі ў побыце (як гэта адбылося з некаторымі іншымі рамёствамі), многія віды традыцыйнага тэкстылю атрымалі другое жыццё ў сучасных культурных працэсах. Зноў селі за ацалелыя кросны ткачыхі старэйшага пакалення, вопыт якіх аказаўся вельмі запатрабаваным — перш за ўсё ў розных «арганізаваных» формах навучання: гуртках, школах, студыях, дамах і цэнтрах рамёстваў. Праўда, за працаёмкія вырабы з даволі дарагіх матэрыялаў (пакрывалы, дываны) яны ўжо практычна не бяруцца, калі не лічыць спецыялізаваных устаноў, якія свядома ставяць задачу адраджэння, падтрымкі і развіцця гэтага віду традыцыйных мастацкіх тканін: школы двухасноўнага ткацтва ў в. Падбела (Камянецкі раён Брэсцкай вобласці), Капыльскага раённага цэнтра ткацтва (аграгарадок Семежава), Старадарожскага раённага цэнтра рамёстваў і інш. Па гэтых жа прычынах ткацтва пакрывалаў і дываноў звычайна бывае даволі сціпла прадстаўлена на святах-конкурсах ткацтва, якія з большай ці меншай рэгулярнасцю праходзяць у розных рэгіёнах Беларусі.

Больш распаўсюджаным з’яўляецца ткацтва ручнікоў, якія патрабуюць менш часу і матэрыялаў. Ткаць іх можна на кампактных вузкіх станках сучаснага вырабу, якія тым не менш дазваляюць ужываць усе традыцыйныя тэхнікі: шматнітовую, браную, выбарную, пераборную, закладную і разрэджаную. Таму ткацтва ручнікоў, а таксама сурвэтак, дарожак, палавікоў і іншых падобных вырабаў практыкуецца ў многіх дамах, цэнтрах і школах рамёстваў, а таксама на святах-конкурсах ткацтва.

На свяце-конкурсе ручніка і пояса «Млечны шлях ад рук бабулі». Аграгарадок Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці, 2012 г.

На свяце-конкурсе ручніка і пояса «Млечны шлях ад рук бабулі». Аграгарадок Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці, 2012 г.

С. Адзінец. Паясы. Вёска Закальное Любанскага раёна Мінскай вобласці, 2012 г.

С. Адзінец. Паясы. Вёска Закальное Любанскага раёна Мінскай вобласці, 2012 г.

Асабліва папулярнае ткацтва паясоў. Усе вядомыя традыцыйныя тэхнікі (на дошчачках, на ніце, на бердзечку) не патрабуюць грувасткага складанага абсталявання, неабходныя ж даволі простыя прыстасаванні лёгка можа вырабіць кожны. Да таго ж ткацтва паясоў даступнае нават дзецям, прычым займацца ім можна практычна ў любых умовах. Таму не дзіўна, што яно з’яўляецца найбольш папулярнай намінацыяй на святах-конкурсах ткацтва, ім займаюцца ў розных гуртках, студыях, клубах, у большасці дамоў, цэнтраў і школ рамёстваў. Да таго ж паясы і сёння знаходзяць сваё практычнае прымяненне, хоць і не ў такіх маштабах, як раней, калі былі абавязковай прыналежнасцю традыцыйнага касцюма.

Такое ж прымяненне і ў тэкстыльных вырабаў, упрыгожаных традыцыйнымі тэхнікамі лікавай вышыўкі. З прычыны сваёй працаёмкасці і неадпаведнасці новым павевам у народнай культуры яны ўжо даўно выйшлі з побыту, але сёння мэтанакіравана адраджаюцца ў сваім традыцыйным ромбагеаметрычным характары і чырвона-белай каларыстыцы. Цяпер адзін з кірункаў выкарыстання такіх відаў вышыўкі — практыка ўпрыгожвання імі кампанентаў адзення нацыянальнага характару, якая ўпэўнена набірае папулярнасць (праўда, часцей выкарыстоўваецца імітацыя вышыўкі друкаваным спосабам).

У той жа час якога-небудзь клопату або намаганняў па адраджэнні і захаванні не патрабуе такі від вышыўкі, як паліхромная адвольная гладзь расліннага характару. Яна па-ранейшаму працягвае выконваць дэкаратыўную ролю ў інтэр’еры народнага жылля (галоўным чынам сельскага), хоць далёка не ў масавых маштабах, ды і ў геаграфічных адносінах вельмі нераўнамерна: у паўночных рэгіёнах яна ў найлепшым выпадку захавалася ў выглядзе ранейшых узораў, на Палессі ў наш час ёй працягваюць займацца майстрыхі розных пакаленняў.

Паліхромная адвольная гладзь атрымала пашырэнне ў народным побыце параўнальна позна, аднак арганічна ўключылася ў кантэкст беларускага народнага мастацтва XX ст. з яго працэсамі павышанага дэкаратывізму, замены старажытных ромбагеаметрычных матываў сімвалічнага характару больш познімі рэалістычнымі матывамі, якія адлюстроўваюць жывыя вобразы прыроды.

І. Яскевіч. Дарожкі-палавічкі. Вёска Камуна Любанскага раёна Мінскай вобласці, 2011 г.

І. Яскевіч. Дарожкі-палавічкі. Вёска Камуна Любанскага раёна Мінскай вобласці, 2011 г.

Ручнікі з вёскі Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. 2000‑я гады

Ручнікі з вёскі Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. 2000‑я гады

Т. Міхалькевіч. Ручнікі. Аграгарадок Паставічы Старадарожскага раёна Мінскай вобласці, 2000‑я гады

Т. Міхалькевіч. Ручнікі. Аграгарадок Паставічы Старадарожскага раёна Мінскай вобласці, 2000‑я гады

Н. Кавалік, Т. Гіль. Ручнікі. Вёска Талуць Вілейскага раёна Мінскай вобласці, 2000‑я гады

Н. Кавалік, Т. Гіль. Ручнікі. Вёска Талуць Вілейскага раёна Мінскай вобласці, 2000‑я гады

Каларыстычную сакавітасць і яркую дэкаратыўнасць дэманструюць таксама тканыя дарожкі-палавічкі («ходнікі») з тэкстыльных абрэзкаў, якія зноў набываюць некаторую папулярнасць, у т. л. і ў гарадскім інтэр’еры.

Прыкметная з’ява ў сучасным народным тэкстылі крайняга захаду Брэстчыны — двухасноўнае ткацтва, у свой час распаўсюджанае ў шэрагу вёсак Камянецкага раёна. З падзеннем попыту і стратай ранейшай ролі ў традыцыйным побыце працаёмкія і дарагія двухасноўныя дываны ткаць практычна перасталі, аднак у наш час традыцыю адрадзілі: у 2000 г. у в. Падбела Камянецкага раёна арганізавалі школу двухасноўнага ткацтва.

Багата і разнастайна сучасны народны тэкстыль Брэстчыны прадстаўлены тканымі і вышытымі ручнікамі — бадай, найбольш характэрнымі ўзорамі жыццяздольнасці народнай мастацкай культуры Заходняга Палесся. Гэта жыццяздольнасць падтрымліваецца яшчэ не страчанымі ў рэгіёне бытавымі, эстэтычнымі, духоўнымі патрэбамі — напрыклад, выкарыстаннем у сямейнай абраднасці або традыцыяй упрыгожваць покуць. Нярэдка тут, нават у новапабудаваным сельскім доме, можна бачыць цэлую «выставу» ручнікоў, якія, у разуменні ткачых, вышывальшчыц і каруначніц, павінны ствараць вобраз «райскага саду». З імі гарманіруе і ўсё астатняе рукатворнае ўбранне інтэр’ера, нават прамысловыя дываны, сучасная стандартная мэбля і інш.

Творчасць нешматлікіх ткачых старэйшага пакалення дазваляе скласці пэўнае ўяўленне пра характар сучаснага народнага мастацкага тэкстылю Гомельшчыны. Дарагія, працаёмкія, мала запатрабаваныя сёння посцілкі і дываны ткуць рэдка; тыя ж, што часам з’яўляюцца на выставах, конкурсах і фестывалях, сведчаць аб непадзельным панаванні папулярнага ў сучасных ткачых аднабаковага перабору з яго яркай паліхроміяй і падвышанай дэкаратыўнасцю. Пераважаюць вырабы характэрнай для рэгіёна замкнёнай кампазіцыі з 6–8 буйных геаметрычных або стылізаваных раслінных ромбаў, квадратаў, васьмівугольнікаў, размешчаных звычайна ў два рады па цэнтры, па краях — аправа з дробных кветак, лісця, зігзагападобных фігур. Каларыстыка мажорная, насычаная, спалучэнні колераў бываюць самыя неймаверныя, але такая паліхромія звычайна аб’ядноўваецца глыбокім чорным фонам.

Л. Кавалёва. Ручнікі. Аграгарадок Неглюбка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці, 2005 г.

Л. Кавалёва. Ручнікі. Аграгарадок Неглюбка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці, 2005 г.

М. Гушчо. Ручнікі. Гарадок Віцебскай вобласці, 2000‑я гады

М. Гушчо. Ручнікі. Гарадок Віцебскай вобласці, 2000‑я гады

В. Кіеня. Ручнікі. Аграгарадок Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці, 2000‑я гады

В. Кіеня. Ручнікі. Аграгарадок Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці, 2000‑я гады

З усёй ранейшай разнастайнасці мясцовых ручнікоў да сённяшніх дзён традыцыю захоўваюць і падтрымліваюць хіба толькі знакамітыя неглюбскія. Праўда, становішча неглюбскага ткацтва няпростае: значная частка насельніцтва Неглюбкі і навакольных вёсак адселеная, амаль не засталося ткачых старэйшага пакалення, якія б па традыцыі садзіліся за кросны, попыт на дарагія вырабы нязначны. Надзеі на далейшае развіццё гэтага знакамітага віду народнага мастацкага тэкстылю звязваюцца хіба што з мясцовым гуртком ткацтва, чые вырабы традыцыйнага характару звычайна прадстаўляюць сучаснае неглюбскае ткацтва на розных выставах і фестывалях.

Увагу і зацікаўленасць у адраджэнні і развіцці забытых відаў народнага мастацтва, у т. л. і народнага тэкстылю, дэманструе Віцебская вобласць. Да канца 1980‑х гг. у сваіх традыцыйных відах ткацтва тут, як і на суседняй Магілёўшчыне, было ўжо даволі рэдкім заняткам, выйшла з побыту нават папулярная ў свой час паліхромная гладзевая вышыўка. Аднак на розных выставах, конкурсах, фестывалях менавіта Віцебшчына дэманструе народны мастацкі тэкстыль у розных адроджаных на сучасным узроўні відах і формах. Несумненная заслуга ў гэтым належыць мясцовым работнікам культуры, якія мэтанакіравана праводзяць працу па адраджэнні забытых відаў народнага мастацтва. У кожным раёне вобласці дзейнічаюць дамы і цэнтры рамёстваў, і ў многіх з іх практыкуецца праца з рознымі відамі традыцыйнага тэкстылю.

Паслядоўна і мэтанакіравана традыцыі мясцовага тэкстыльнага мастацтва адраджаюць у Гарадоцкім доме рамёстваў і фальклору. Грунтуючыся на выніках актыўнай даследчай дзейнасці, майстрыхі М. Гушчо, Т. Міснікава і В. Рэут аднавілі адну з некалі самых характэрных для рэгіёна, затым практычна забытую тэхналогію — разрэджанае ткацтва.

Многія дамы рамёстваў Віцебшчыны (Лепельскі, Глыбоцкі, Гарадоцкі, Браслаўскі і інш.) вядуць актыўную дзейнасць па аднаўленні і рэканструкцыі традыцыйнага народнага касцюма. Зразумела, што такія распрацоўкі майстрых — гэта ўжо касцюм музейнага прызначэння, для сцэнічнага або святочнага выкарыстання, аднак у большасці выпадкаў гэта не проста распрацоўкі «па матывах» традыцыйнага касцюма, а максімальна дакладнае аднаўленне яго. Тое ж можна гаварыць і пра ручнікі з аднаўленнем традыцыйнай мясцовай арнаментыкі, у т. л. характэрных для Паазер’я антрапаморфных матываў.

Падобная карціна з народным мастацкім тэкстылем на Гродзеншчыне. Тут традыцыйныя мастацкія тканіны яшчэ жывуць натуральным чынам у народным побыце, пры гэтым у апошні час атрымліваюць распаўсюджванне таксама розныя «арганізаваныя» формы падтрымкі і развіцця традыцый народнага тэкстылю. Сучаснае народнае мастацкае ткацтва Гродзеншчыны дэманструе прыхільнасць майстрых да ўсіх вядомых тут ткацкіх тэхнік — шматнітовай, бранай, адна- і двухбаковага перабору і інш. Амаль згаслую традыцыю вырабу двухасноўных дываноў адрадзіла В. Белакоз у в. Гудзевічы Мастоўскага раёна, творчасць якой стымулюецца выставачнай і фестывальнай дзейнасцю, а таксама актыўным супрацоўніцтвам з Мастоўскім раённым цэнтрам рамёстваў і яго філіялам у Гудзевічах.

Народнае мастацкае ткацтва Міншчыны дэманструе адносную жыццяздольнасць у паўднёвых, суседніх з Палессем, раёнах. Тут яшчэ захаваліся асяродкі народнай мастацкай творчасці ў традыцыйных формах бытавання, у апошні час падтрыманыя дзейнасцю арганізаваных на гэтай аснове гурткоў, школ, дамоў і цэнтраў рамёстваў. Менавіта тут рэгулярна праводзяцца святы-конкурсы ткацтва «Матчыны кросны», «Беларускі пояс», «Млечны шлях ад рук бабулі» і інш. Карціну сучаснага мастацкага ткацтва ў рэгіёне вызначаюць пакрывалы і дываны ў тэхніцы аднабаковага перабору з паліхромным дэкорам на чорным фоне.

Актыўным асяродкам традыцыйнага ткацтва з’яўляецца аграгарадок Семежава, дзе арганізаваны Капыльскі раённы цэнтр ткацтва. Вакол яго групуюцца шырокавядомыя майстрыхі: В. Кіеня, В. Гладкая, Н. Гарашчэня, В. Шыкуць і інш. Несумненнае іх дасягненне — адраджэнне закладной тэхнікі ткацтва, калісьці характэрнай для мясцовых ручнікоў, аднак ужо ў даваенны час практычна забытай. Сучасныя закладныя ручнікі семежаўскіх ткачых амаль дакладна паўтараюць ранейшыя ўзоры.

Традыцыі народнага мастацкага тэкстылю ў многіх рэгіёнах Беларусі адносна жыццяздольныя. Некаторыя яго віды па-ранейшаму жывуць у натуральным асяроддзі, аднак найбольш прыкметныя вынікі даюць мэтанакіраваныя намаганні па іх падтрымцы і адраджэнні, звязаныя з рознымі арганізаванымі на сучасным узроўні формамі перадачы і пераемнасці традыцый.


Заняткі ў Гарадоцкім цэнтры рамёстваў і фальклору. Віцебская вобласць, 2016 г.
Свята-конкурс ткацтва «Палатняныя пераплёты». Віцебск, 2013 г.
В. Белакоз. Двухасноўныя дываны. Вёска Гудзевічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці, 1990‑я гады
Т. Міхалькевіч. Фрагмент дэкору дывана. Аграгарадок Паставічы Старадарожскага раёна Мінскай вобласці, 2000‑я гады
В. Гладкая. Фрагмент дэкору дывана. Вёска Праснакі Капыльскага раёна Мінскай вобласці, 2008 г.
В. Кіеня. Дыван. Аграгарадок Семежава Капыльскага раёна Мінскай вобласці, 2010 г.

Дрэваапрацоўка

Значна больш сціплае месца ў сучаснай культуры Беларусі займаюць такія некалі распаўсюджаныя рамёствы, як розныя віды дрэваапрацоўкі. Цяпер большасць вырабаў з дрэва або выйшлі з практычнага ўжывання, або ствараюцца прамысловым спосабам з іншых матэрыялаў. Гэта датычыцца, напрыклад, шматлікіх відаў дрэваапрацоўкі, якія можна аб’яднаць агульным тэрмінам «бытавая разьба». Даўно выйшлі з ужытку самаробная драўляная мэбля, многія віды прадметаў побыту і прылад працы, у т. л. цэлы комплекс драўляных прыстасаванняў для прадзення і ткацтва, якія часцей, чым іншыя вырабы, ўпрыгожваліся рознымі відамі разьбы.

Вырабы іванаўскіх майстроў-бондараў. Брэсцкая вобласць, 2005 г.

Вырабы іванаўскіх майстроў-бондараў. Брэсцкая вобласць, 2005 г.

У. Станкевіч. Бандарны посуд. Глуск Магілёўскай вобласці, 2013 г.

У. Станкевіч. Бандарны посуд. Глуск Магілёўскай вобласці, 2013 г.

На хвалі цікавасці да экалагічна чыстых матэрыялаў адраджаецца практычна забытае бандарнае рамяство, у асноўным у ранейшых формах — для традыцыйнага прымянення. У г. Іванава (Брэсцкая вобласць) адкрыта школа бандарнага рамяства, дзе адраджаюць і працягваюць традыцыі калісьці папулярнага, шырокаразвітога, затым амаль забытага мясцовага промыслу. Вырабы іванаўскіх майстроў вядомы далёка за межамі Брэстчыны.

Сучасныя майстры прыкметна пашыраюць асартымент вырабаў, узбагачаюць іх формы, нярэдка дапаўняюць іх разьбяным дэкорам, чаго не меў традыцыйны бандарны посуд. Прымяненне драўніны з прыгожай тэкстурай, драўляных абручоў надае прыкметныя дэкаратыўныя якасці нават традыцыйным чыста ўтылітарным формам. Такія, напрыклад, вырабы М. Куксы (г. Гродна), У. Станкевіча (г. Глуск), А. Іванейчыка (аграгарадок Морач Клецкага раёна Мінскай вобласці) і інш.

На свяце-конкурсе разьбы па дрэве «Разьбы зачараванне». Мядзел Мінскай вобласці, 2013 г.
І. Васілевіч. Ласі. Капыль Мінскай вобласці, 2012 г.
В. Дароцька. Лыжкі. Кобрын Брэсцкай вобласці, 2012 г.
Вынікі скульптурнага пленэру «Сонечная цеплыня дрэва» ў Вілейцы Мінскай вобласці. 2009 г.

Вынікі скульптурнага пленэру «Сонечная цеплыня дрэва» ў Вілейцы Мінскай вобласці. 2009 г.

І. Супрунчык. Апосталы. Вёска Цераблічы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, 2004 г.

І. Супрунчык. Апосталы. Вёска Цераблічы Столінскага раёна Брэсцкай вобласці, 2004 г.

М. Тарасюк. Таўчэнне крупы. Вёска Стойлы Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, 1990‑я гады

М. Тарасюк. Таўчэнне крупы. Вёска Стойлы Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, 1990‑я гады

Другое жыццё цяпер атрымліваюць перш за ўсё драўляныя лыжкі. Як і бандарны посуд, яны карыстаюцца сёння адноснай папулярнасцю, прычым у большасці выпадкаў — для традыцыйнага практычнага выкарыстання. У той жа час арыентацыя на выставы, конкурсы рамёстваў стымулюе майстроў, асабліва моладзь, даводзіць традыцыйныя формы лыжак да гранічнай дасканаласці, а то і тактоўна дапаўняць іх разьбяным дэкорам, ператвараючы такім чынам у дэкаратыўныя прадметы і арыгінальныя сувеніры.

З усіх відаў сучаснай мастацкай апрацоўкі дрэва найбольш прыкметна і дынамічна развіваецца драўляная скульптура, хоць і істотна змяніла характар, змест, тэматыку. Традыцыйна яна мела культавае прызначэнне — для храмаў, каплічак, мемарыяльных слупоў і прыдарожных крыжоў. Цяперашнія майстры-разьбяры «рэабілітавалі» сакральную тэматыку, аднак куды часцей распрацоўваюць фальклорныя, літаратурныя, гістарычныя, бытавыя вобразы і сюжэты.

Прамыя або апасродкаваныя аналогіі з традыцыйнай народнай скульптурай прасочваюцца ў творчасці многіх сучасных разьбяроў-скульптараў, хоць яе характар і тэматыка іншыя. Асабліва гэта ўласціва творам так званага наіўна-рэалістычнага (інсітнага) кірунку, характэрнага для творчасці некаторых майстроў-самавукаў старэйшага пакалення: І. Супрунчыка (в. Цераблічы Столінскага раёна) і М. Тарасюка (в. Стойлы Пружанскага раёна) з Брэсцкай вобласці, І. Васілевіча (г. Капыль) і інш. Іх творчасць, пры ўсёй яе непаўторнасці, унікальнасці і індывідуальнасці, без асаблівых агаворак можна ўключаць у актыў сучаснага народнага мастацтва.

Творчасць большасці маладых майстроў-скульптараў адлюстроўвае характэрнае для нашага часу ўзаемадзеянне народнага, самадзейнага і прафесійнага мастацтва. Многія з іх маюць пэўную прафесійную падрыхтоўку, добра арыентуюцца ў гісторыі, літаратуры, фальклоры, мастацтве, свядома выбіраюць тэматыку работ і характар трактоўкі персанажаў. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца творы манументальнага плана, якія ўстанаўліваюцца ў населеных пунктах, мемарыяльных і памятных месцах, нярэдка ўтвараючы цэлыя тэматычныя комплексы («Шлях Коласа» на радзіме народнага паэта ў Стаўбцоўскім раёне; героі камедыі В. Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» ў г. Пінск). Звычайна такія рашэнні з’яўляюцца вынікам скульптурных пленэраў, якія апошнім часам практычна штогод праводзяцца ў розных кутках Беларусі.


Пленэр манументальнай драўлянай скульптуры «Сонечная цеплыня дрэва». Заслаўе Мінскай вобласці, 2014 г.

Пляценне. Саломапляценне

На Міжнародным фестывалі саламянага мастацтва. 2003 г.

На Міжнародным фестывалі саламянага мастацтва. 2003 г.

Сярод розных відаў пляцення з прыродных матэрыялаў ці не самай яркай з’явай у сучаснай народнай творчасці, своеасаблівым нацыянальным феноменам у культуры Беларусі можна лічыць саломапляценне. У яго аснове — вырабы бытавога і дэкаратыўнага прызначэння, але перш за ўсё — традыцыйная аграрна-абрадавая пластыка і атрыбутыка, звязаная з магічнымі ўяўленнямі старажытных земляробаў.

Ужо ў сярэдзіне XX ст., з адыходам у мінулае ручнога жніва, практычна ўсе звычаі і звязаная з імі саламяная атрыбутыка страцілі ранейшае значэнне, традыцыі іх вырабу маглі падзяліць лёс многіх іншых рамёстваў, якія сталі здабыткам мінулага. Аднак гэтага не здарылася: неўзабаве саломапляценне атрымала другое жыццё, цяпер жа назіраецца яго сапраўдны росквіт. Пры гэтым стылістыка і характар гэтага традыцыйнага рамяства сталі прыкметна іншыя. Сучасныя майстры саломапляцення ўвабралі, пераасэнсавалі і перапрацавалі вопыт папярэднікаў, аднак пры гэтым змаглі выйсці на новы, значна больш высокі ўзровень у гэтай галіне творчасці: ад умоўна-сімвалічных, вельмі простых па форме вырабаў аграрна-абрадавага прызначэння — да сапраўдных твораў мастацтва. Ранейшы хатні чыста сялянскі занятак стаў шырока развітым мастацкім рамяством, прадукцыя якога ствараецца і спажываецца галоўным чынам для горада і гараджанамі. Прыкметна змяніўся характар вырабаў, іншым стала іх прызначэнне, узбагаціліся спосабы пляцення і прыёмы дэкарыравання. Аднак усе гэтыя асаблівасці не гавораць аб карэнным адрыве сучаснага саломапляцення ад традыцый. У найлепшых працах сучасных майстроў-саломапляцельшчыкаў адчуваецца трывалая народная аснова, прамы або апасродкаваны працяг і развіццё даўніх традыцый гэтага арыгінальнага мастацкага рамяства.

Свята-конкурс «Саламяны павук». Валожын Мінскай вобласці, 2016 г.
Майстар-саломапляцельшчык В. Сіманковіч. Гарадок Віцебскай вобласці, 2017 г.
Л. Лось. Козлік і конік. Мінск, 1995 г.
А. Шабуня. Кветкі. Мінск, 2010 г.
М. Сярчэня. Шляпы. Любань Мінскай вобласці, 2009 г.
В. Віннічак. Сундучкі. Астравец Гродзенскай вобласці, 2007 г.
Т. Агафоненка. Конь. Мінск, 1994 г.

Т. Агафоненка. Конь. Мінск, 1994 г.

Л. Главацкая. Букет і паўлін. 1996 г.

Л. Главацкая. Букет і паўлін. 1996 г.

Характар змяненняў у сучасным мастацкім саломапляценні ярка ілюструе творчасць цяпер шырока вядомых майстрых старэйшага пакалення, для якіх гэта рамяство вядома з дзяцінства, па яго «жывых» праявах. Невялікія фігуркі козлікаў, конікаў, птушачак Л. Лось адрозніваюцца простымі, выразнымі формамі, пабудаванымі па тых жа прынцыпах, што і ранейшыя, аграрна-абрадавага прызначэння, — выгінаннем і перавязваннем двух-трох пучкоў саломы. У той жа час з творчасцю Т. Агафоненка і Л. Главацкай звязана новае слова ў сучасным саломапляценні. Калі традыцыйныя фігуркі мелі пэўныя, адносна невялікія памеры, абмежаваныя даўжынёй саломінак у межах міжвузелля, то майстрыхі сталі плесці свае вырабы на каркасе з саломы з наступным афармленнем яго рознымі пляцёнкамі і фактурамі. Гэта значна ўзбагаціла пластыку, павялічыла аб’ёмы, пашырыла творчыя магчымасці. Іх коні, пеўні, паўліны, алені з раскошнымі грывамі, хвастамі, рагамі, вытанчанымі галоўкамі, незвычайным апярэннем велічныя і манументальныя і адначасова казачна прыгожыя і дэкаратыўныя.

Т. Агафоненка. 2003 г.

Разнастайнасцю творчых почыркаў, шырынёй дыяпазону вырабаў адрозніваюцца творы многіх сучасных майстроў саломапляцення: розныя анімалістычныя фігуркі, кветкі і букеты, галаўныя ўборы, дэкаратыўныя падвескі і нават ёлачныя цацкі. Многія майстры займаюцца пляценнем вырабаў утылітарна-дэкаратыўнага прызначэння: куфэркаў, кошыкаў, латкоў, падносаў, фруктоўніц, вазачак.

Вырабы Жлобінскай фабрыкі інкрустацыі. Гомельская вобласць, 2010‑я гады
Р. Раманеня. Пано «Птушка». Салігорск Мінскай вобласці, 1995 г.
Р. Раманеня. Дэкаратыўнае пано «Пеўні». Аплікацыя саломкай па тканіне. 1996 г.
Р. Раманеня. Пано «Букет». Салігорск Мінскай вобласці, 1997 г.

Р. Раманеня. Пано «Букет». Салігорск Мінскай вобласці, 1997 г.

Папулярная сёння таксама аплікацыя саломай па тканіне або кардоне, тэхналогія якой дае шырокія дэкаратыўныя і мастацкія магчымасці. Грунтуючыся на традыцыях упрыгожвання саламянымі ўзорамі насценных дываноў, якія выйшлі з побыту яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, цяперашнія майстры распрацавалі новую стылістыку. Гэта ўжо не ранейшыя паўтараметровыя дываны, а невялікія дэкаратыўныя пано, прычым часцей за ўсё ў якасці асновы бярэцца не тканіна, а цвёрды кардон з рэльефнай паверхняй, таніраваны ў цёмныя колеры, нярэдка з танальнай расцяжкай або пераходамі аднаго колеру ў іншы. На гэтым фоне і выклейваюцца стылізаваныя, прыгожа разгорнутыя на плоскасці, сучасныя па гучанні букеты, нацюрморты, кампазіцыі з уключэннем раслінных, зааморфных, арнітаморфных матываў. Як правіла, ужываецца салома натуральных адценняў, аднак іх гарманічнае спалучэнне дае надзвычай дэкаратыўныя рашэнні.

У цэлым сучасная мастацкая творчасць з саломай, за якой трывала ўмацавалася энцыклапедычнае азначэнне «беларуская саломка», — ці не самая яркая з’ява ў нацыянальнай культуры, што ўяўляе сабой жывы дынамічны працэс, творчае развіццё традыцый даўняга рамяства, раней трывала звязанага з аграрнай абраднасцю, а цяпер — з задавальненнем галоўным чынам мастацкіх запытаў.

На свяце-конкурсе лозапляцення «Лазовыя карункі» ў Музейным комплексе «Дудуткі». Пухавіцкі раён Мінскай вобласці, 2011 г.

На свяце-конкурсе лозапляцення «Лазовыя карункі» ў Музейным комплексе «Дудуткі». Пухавіцкі раён Мінскай вобласці, 2011 г.

Лозапляценне заўсёды грунтавалася на задавальненні галоўным чынам бытавых патрэб, гэта ж функцыя вызначае характар і большасці сучасных вырабаў з лазы. Адточаныя за стагоддзі формы плеценага посуду, шмат у чым прадыктаваныя пругкасцю матэрыялу, практычна не маюць патрэбы ў якім-небудзь удасканальванні, калі, вядома, не мяняюць ранейшых функцый і прызначэння. Такія, напрыклад, традыцыйныя кошыкі, якія не страцілі сваёй адвечнай ролі і прызначэння. Іх выраб дзе-нідзе працягвае сваё бытаванне ў выглядзе традыцыйнага хатняга рамяства або промыслу на патрэбы бліжэйшага наваколля ваколіц або з выхадам на мясцовыя рынкі. Ярка выяўленая ўтылітарнасць дыктуе адпрацаваную многімі пакаленнямі пляцельшчыкаў прастату і канструктыўнасць немудрагелістых, трывалых круглявых форм, амаль аднолькавых як па ўсёй Беларусі, так і за яе межамі.

У той жа час многія майстры звяртаюць увагу на павышэнне дэкаратыўных якасцей сваіх вырабаў. Часцей за ўсё лаза чысціцца ад кары, у адных і тых жа вырабах могуць спалучацца пруты рознай таўшчыні і колеру, у чым не мелі патрэбы традыцыйныя кошыкі гаспадарчага прызначэння. У пэўных межах могуць вар’іравацца і формы — станавіцца сплошчанымі, прамавугольнымі і інш. Не губляючы сваёй ранейшай гаспадарчай функцыі, такія вырабы адначасова набываюць і пэўныя дэкаратыўныя якасці. Папулярнасцю на сучасным рынку карыстаецца плеценая з лазы мэбля і яе камплекты, якія ўключаюць сталы, крэслы, крэслы-качалкі, канапы, этажэркі, кветачніцы і інш.

Лозапляцельшчык І. Хацкевіч. Вёска Брылі Барысаўскага раёна Мінскай вобласці, 2014 г.
У. Лук’янец. Мэбля з лазы. Браслаў Віцебскай вобласці, 2011 г.
Д. Кавалёнак. Велікодныя вербы. Гродна, 2000‑я гады

Д. Кавалёнак. Велікодныя вербы. Гродна, 2000‑я гады

Варты ўвагі яшчэ адзін арыгінальны від мастацкага пляцення з прыродных матэрыялаў, адроджаны апошнім часам на Гродзеншчыне, — выраб велікодных вербаў. Традыцыя была распаўсюджана ў рэгіёне ў канцы XIX — 1‑й палове XX ст., затым аказалася практычна забытай, затое актыўна развівалася ў суседняй Літве, дзе з’яўляецца гонарам літоўскага народнага мастацтва пад назвай «віленскія вербы». У адрозненне ад круглых віленскіх, гродзенскія вербы звычайна плоскія, накшталт птушынага пяра. Для іх вырабу бяруць каласы жыта і цімафееўкі, мяцёлкі чароту, сухацветы і іншыя палявыя, лясныя і садовыя расліны, нярэдка падфарбаваныя анілінам. Пучок пруцікаў вярбы, увянчаны мяцёлачкай чароту, сіметрычна, пачынаючы з верхавіны, абкладваецца кветкамі, якія туга прымотваюцца ніткамі да асновы-пучка. Ствараецца дэкаратыўная вертыкальная рытміка, якая надае традыцыйнаму абрадаваму вырабу характар вытанчанага мастацкага твора.


Ганчарства

В. Логвін. Чорнаглянцаваная кераміка. Брэст, 2012 г.

В. Логвін. Чорнаглянцаваная кераміка. Брэст, 2012 г.

У. Бурачэўскі. Фляндрованая кераміка. Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобласці, 2001 г.

У. Бурачэўскі. Фляндрованая кераміка. Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобласці, 2001 г.

С. Рымдзёнак. Глазураваны посуд. Аграгарадок Германавічы Шаркаўшчынскага раёна, 2002 г.

С. Рымдзёнак. Глазураваны посуд. Аграгарадок Германавічы Шаркаўшчынскага раёна, 2002 г.

Да канца 1980‑х гг. ганчарства — найстаражытнейшае, раней вельмі распаўсюджанае рамяство, — было практычна ў поўным заняпадзе, падтрымлівалі традыцыю толькі адзінкавыя майстры старэйшага пакалення. Насычэнне рынку адносна танным і практычным фарфоравым, металічным, шкляным посудам прамысловай вытворчасці стала актыўна выцясняць з побыту традыцыйныя ганчарныя вырабы.

Мэтанакіраваныя намаганні па адраджэнні традыцый старажытнага рамяства, забытых тэхналогій, ранейшага асартыменту прывялі да поспеху, што відаць у творчасці сучасных майстроў-ганчароў. Тыпова народным характарам адрозніваецца кераміка майстроў, генетычна звязаных з мясцовым промыслам. Яны жывуць і працуюць у ранейшых цэнтрах ганчарства, працяг мясцовых традыцый для іх натуральны і арганічны, як, напрыклад, для навучэнцаў школы ганчарства ў в. Гарадная (Столінскі раён Брэсцкай вобласці), дзе пад кіраўніцтвам майстроў старэйшага пакалення сакрэты старажытнага рамяства паспяхова асвойвае моладзь. Чорнаглянцаваная кераміка В. Логвіна з г. Брэст дэманструе арыентацыю майстра на творчыя дасягненні вядомага ганчара з г. Пружаны А. Такарэўскага. Унікальная фляндраваная кераміка, якая калісьці праславіла промысел, адроджана ў г. п. Івянец (Валожынскі раён Мінскай вобласці). Пры мясцовым цэнтры рамёстваў дзейнічае ганчарная майстэрня, дзе падтрымліваюць і працягваюць традыцыі фляндраванай керамікі. Мясцовыя асаблівасці рамяства прасочваюцца ў творчасці майстроў Віцебшчыны: А. Любімава (г. п. Обаль Шумілінскага раёна), С. Рымдзёнка (аграгарадок Германавічы Шаркаўшчынскага раёна), А. Бараўцовай (г. Гарадок), С. Шункевіча (г. Віцебск), А. Вішнеўскага (г. Докшыцы) і У. Бязрукава (аграгарадок Арэхаўна Ушацкага раёна). Іх увагай не абыдзены ні адзін ранейшы ганчарскі цэнтр рэгіёна, адноўлены ўсе некалі вядомыя тут, але ўжо ў пасляваенны час практычна забытыя тэхналогіі рамяства: дымленне, абварванне, а таксама характэрнае толькі для Паазер’я «спавіванне» берасцянымі стужкамі.

А. Любімаў. Чорнаглянцаваны посуд. Обаль Шумілінскага раёна Віцебскай вобласці, 2008 г.
І. Раманчук. Дэкаратыўны посуд. Лагойск Мінскай вобласці, 2005 г.
А. Кірычак. Абварны посуд. Салігорск Мінскай вобласці, 2012 г.
М. Насановіч. Ганчарны посуд. Любань Мінскай вобласці, 2016 г.

Практычна з нябыту адрадзілася традыцыя лепкі глінянай фігуратыўнай пластыкі. Асноўнай крыніцай ведаў для маладых майстроў сталі музейныя калекцыі і літаратурныя матэрыялы. У большасці выпадкаў сучасная гліняная цацка носіць абагульнены, «агульнабеларускі» характар, захоўваючы нацыянальныя асаблівасці. Такія працы В. Якавенкі (г. Крычаў), І. Дашкова (г. Мінск), М. Пратасені (г. Салігорск) і інш. Майстры Віцебшчыны адрадзілі традыцыі мясцовай глінянай цацкі, яна ўключана ў Дзяржаўны рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Натуральна, у наш час гліняная цацка па сваім прамым прызначэнні выкарыстоўваецца ў значна меншай ступені, чым раней, цікавасць яна ўяўляе галоўным чынам для музеяў, аматараў традыцыйнай культуры і ў якасці арыгінальных сувеніраў.


В. Якавенка. Цацкі-свістулькі. Крычаў Магілёўскай вобласці, 2010 г.
С. Шчэрба. Цацкі-свістулькі. Аграгарадок Навасёлкі Пастаўскага раёна, 1995 г.
І. Дашкоў. Цацкі-свістулькі. Мінск, 2011 г.

Мастацкі роспіс

І. Церашкова. Дыван. Лёзна Віцебскай вобласці, 2008 г.

І. Церашкова. Дыван. Лёзна Віцебскай вобласці, 2008 г.

Майстрыха роспісу С. Скавырка. Глыбокае Віцебскай вобласці, 2015 г.

Майстрыха роспісу С. Скавырка. Глыбокае Віцебскай вобласці, 2015 г.

А. Юрчэня. Пісанкі. Сапоцкін Гродзенскай вобласці, 2015 г.

А. Юрчэня. Пісанкі. Сапоцкін Гродзенскай вобласці, 2015 г.

Мастацкі роспіс у традыцыйнай культуры беларусаў прадстаўлены параўнальна сціпла, заявіўшы пра сябе хіба толькі ў 1‑й палове XX ст. размаляванымі дыванамі на тканіне і вясельнымі куфрамі. Апошнія выйшлі з народнага побыту ўжо ў сярэдзіне мінулага стагоддзя; традыцыя роспісу насценных дэкаратыўных дываноў пратрымалася на Паазер’і крыху даўжэй, але неўзабаве і яна была практычна забытая. Асновай для творчых пошукаў сучасных майстроў з’яўляюцца традыцыі народных мастацкіх роспісаў, якія захаваліся ў выглядзе або музейных узораў, або ўспамінаў інфарматараў старэйшага пакалення. Так, у некаторых дамах рамёстваў, розных гуртках і ўстановах вышэйшай адукацыі практыкуецца адраджэнне і развіццё амаль забытых традыцый мастацкага роспісу па тканіне. Звычайна ствараюцца дэкаратыўныя пано, якія дэманструюць прафесійную, свядомую інтэрпрэтацыю кампазіцыі, каларыстыкі, характару традыцыйных размаляваных дываноў, пераважна з Паазер’я — рэгіёна іх найбольш актыўнага бытавання і характэрнай мясцовай стылістыкі. Нярэдка такія распрацоўкі становяцца арыгінальнымі дэкаратыўнымі творамі сучаснага гучання, на новым узроўні вяртаюць у жылы і грамадскі інтэр’ер ранейшую традыцыю. Адроджаная традыцыя роспісу дываноў Паазер’я ўключана ў Дзяржаўны рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

У традыцыйным выглядзе адрадзілася дэкарыраванне велікодных яек-пісанак. Звязаны з народным сельскагаспадарчым календаром, вядомы яшчэ з часоў паганства ўсім славянскім і некаторым суседнім народам, пазней гэты звычай быў прымеркаваны да хрысціянскага свята Вялікадня. Па гэтай прычыне ў часы ваяўнічага атэізму яго амаль выціснулі з народнага побыту, практычна загналі «ў падполле». Яшчэ нядаўна асноўным відам дэкарыравання велікодных яек была хіба што суцэльная аднатонная афарбоўка («крашанкі»).

Рост цікавасці да традыцыйнай спадчыны і зняцце забарон на веру адрадзілі амаль забыты звычай дэкарыравання яек-пісанак, у т. л. у традыцыйных формах, з ужываннем ранейшых тэхналогій і арнаментыкі. Характэрны дэкор пісанак шмат у чым вызначаецца асаблівасцямі тэхналогіі — васкавання. Заключаецца яна ў нанясенні васковага ўзору на паверхню яйка для захавання натуральнага колеру шкарлупіны пры афарбоўцы. Узор наносіцца з дапамогай або спецыяльнай бляшанай варонкі-пісака, або вострага прадмета, звычайна цвіка, уваткнутага ў палачку. На паверхню яйка імі наносяцца васковыя лініі, кропкі, кропелькі. Гэтыя простыя элементы і складаюць аснову дэкору пісанак практычна на ўсёй тэрыторыі бытавання падобнай тэхнікі роспісу. Разнастайнае камбінаванне гэтых элементаў дазваляе дамагацца незлічонай колькасці варыянтаў дэкору. Можна вылучыць некалькі ўстойлівых матываў, традыцыйных як для Беларусі, так і для нашых суседзяў. У першую чаргу гэта традыцыйны круг-разетка з кропелек, размешчаных вастрыём да цэнтра. Утвараецца выразная кампазіцыя, якая відавочна выдае старажытнае сімвалічнае (салярнае) паходжанне. На яе аснове ствараюцца розныя новыя варыянты дэкору: у выглядзе кветкі са злучанымі вастрыямі кропелек, дубовага лісточка і г. д.

У сваім «класічным» варыянце васкаванне актыўна бытуе ў некаторых кутках Гродзеншчыны, у прыватнасці ў г. п. Сапоцкін — колішнім цэнтры жывой традыцыі пісанкарства. Мясцовыя майстрыхі не толькі традыцыйна займаюцца пісанкарствам да Вялікадня, але і праводзяць майстар-класы, курсы, заняткі па роспісе для моладзі. Уключэнне сапоцкінскага пісанкарства ў Дзяржаўны рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей, несумненна, будзе спрыяць яго захаванню і развіццю.


Выцінанка

Н. Сухая. Выцінанка «Буслы пад дрэвам». Мінск, 2006 г.

Н. Сухая. Выцінанка «Буслы пад дрэвам». Мінск, 2006 г.

Н. Гамаюнава. Віншавальная паштоўка-выцінанка. 2004 г.

Н. Гамаюнава. Віншавальная паштоўка-выцінанка. 2004 г.

В. Дубінка. Выцінанка «Кветка». Мінск, 2001 г.

В. Дубінка. Выцінанка «Кветка». Мінск, 2001 г.

Вячаслаў Дубінка. 2005 г.

Вячаслаў Дубінка. 2005 г.

І. Дарожка. Каваны падсвечнік. 2001 г.

І. Дарожка. Каваны падсвечнік. 2001 г.

Ю. Круш. Каваны крыж. 1995 г.

Ю. Круш. Каваны крыж. 1995 г.

З. Сабко. Пано «Сонейка». Коўка. 2001 г.

З. Сабко. Пано «Сонейка». Коўка. 2001 г.

Адроджана на новым узроўні і ўключана ў сучасны культурны кантэкст мастацтва стварэння ажурных узораў з паперы — выцінанка. Гэты арыгінальны від народнай творчасці ў канцы XIX ст. і асабліва ў 1‑й палове XX ст. перажыў непрацяглы, але прыкметны росквіт — ажурныя папяровыя ўзоры можна было бачыць амаль у кожнай хаце. Пэўнае ажыўленне традыцыі назіралася ў пасляваенныя гады, калі вёска мела патрэбу ў аператыўных, недарагіх сродках упрыгожвання інтэр’ера, затым выцінанка практычна знікла з народнага побыту.

У нашы дні выцінанка — адзін з найбольш папулярных відаў сучаснай народнай творчасці. Прыкметна змяніўся яе характар: ад простых, сціплых у мастацкіх адносінах арнаментальна-дэкаратыўных вырабаў — да складанасюжэтных твораў станковага характару.

Агульная зацікаўленасць у адраджэнні спадчыны традыцыйнай культуры, даступнасць матэрыялу, лёгкасць працы з ім, шырокія творчыя магчымасці выклікалі рост цікавасці да мастацтва выцінанкі. Ёй займаюцца ў дзіцячых садках, школах, гуртках, студыях, дамах рамёстваў і нават ва ўстановах вышэйшай адукацыі.

Майстар-клас выцінанкі-выбіванкі на фестывалі-ярмарцы рамёстваў «Вясновы букет». Мінск, 2015 г.
Свята-конкурс выцінанкі «Папяровыя карункі». Маладзечна Мінскай вобласці, 2016 г.
Н. Гамаюнава. Віншавальныя паштоўкі. Мінск, 2010 г..
На свяце-конкурсе выцінанкі «Чароўныя нажніцы» ў Музейным комплексе «Дудуткі». Пухавіцкі раён Мінскай вобласці, 2010 г.

Асабліва значную ролю ў гэтых працэсах адыгралі майстры г. Маладзечна. Тут пры музычным каледжы імя М. К. Агінскага было адкрыта аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Адзін з кірункаў педагагічнай дзейнасці — праца з паперай — аказаўся вельмі плённым і неўзабаве даў прыкметныя вынікі. Тэматыка работ шырокая: кампазіцыі арнаментальна-дэкаратыўнага характару, беларуская міфалогія, архітэктурная спадчына і нават сюжэты на тэмы космасу. Працы ў большасці выпадкаў традыцыйна манахромныя, аднак мастацкія задачы вырашаюцца не менш паспяхова, чым у жывапісных творах станковага характару.

Прыкметны рост цікавасці да выцінанкі, папулярызацыя яе ў сродках масавай інфармацыі, актыўнае ўключэнне ў экспазіцыі выстаў сучаснай народнай творчасці, арганізацыя розных курсаў, семінараў, майстар-класаў далі вельмі прыкметныя вынікі. Адроджаная фактычна з нябыту, за два дзесяцігоддзі выцінанка ўвайшла ў шэраг найбольш папулярных відаў сучаснай народнай творчасці, стала арганічным і неадрыўным кампанентам айчыннай мастацкай культуры.

Адраджэнне і актыўнае ўключэнне выцінанкі ў сучасныя культурныя працэсы засведчыла відавочныя змены ў яе характары, стылістыцы, прызначэнні. Іншымі сталі сферы ўжывання і прызначэння выцінанкі. Застаўся ў мінулым традыцыйны дэкор народнага жылля, у якім выцінанка выконвала ролю белых фіранак на вокнах, разетак-кветак на аконным шкле, сурвэтак на мэблі, упрыгожвання паліц, рамак, абразоў, а чорныя ці паліхромныя ўзоры наклейваліся непасрэдна на беленыя сцены. Сучасная выцінанка — гэта самадастатковая мастацкая з’ява з уласнымі задачамі, законамі, стылістыкай. Гэты арыгінальны від творчасці ўключаны ў Дзяржаўны рэестр гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Майстрыха выцінанкі Н. Адзінец з вёскі Засмужжа Любанскага раёна Мінскай вобласці. 2005 г.
Выцінаншчыца Н. Міхайлава са сваімі работамі. Брэст, 2010 г.
Выстаўка выцінанкі на Рэспубліканскім свяце-конкурсе «Ажурныя фантазіі». 2002 г.

Сучасная беларуская выцінанка — прыкметная і адначасова неадназначная з’ява ў айчыннай культуры, яркі мастацкі феномен, па стылістыцы і тэматыцы значна больш разнастайны і багаты, чым у суседніх народаў. Яна — яркае пацвярджэнне відавочнага працэсу станкавізацыі народнага мастацтва, росту яго дэкаратыўнасці, развіцця на мяжы самадзейнасці і прафесійнай творчасці (як і мастацкае саломапляценне).


Кавальскае рамяство

Прыкметную арыентацыю на прафесійнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва дэманструе калісьці вельмі паважанае як у гарадскім, так і сельскім побыце кавальскае рамяство. Пасля некаторага ажыўлення ў першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі, у хуткім часе «мастацтва металу і агню» пайшло на спад. Адраджэнне і развіццё мастацкага кавання ў наш час выклікана не столькі ростам цікавасці да культурнай спадчыны і забытых рамёстваў або клопатам аб іх адраджэнні, колькі канкрэтнымі практычнымі запытамі. Кавальскае рамяство аказалася запатрабаваным у сядзібным і катэджным будаўніцтве. Каваныя архітэктурныя дэталі і кампаненты арганічна спалучаюцца з пабудовамі з сучасных матэрыялаў. Актывізавалася і рэстаўрацыйная дзейнасць, аднаўляюцца закінутыя і ўзводзяцца новыя культавыя збудаванні, дзе таксама ўжываецца ручное мастацкае каванне. У апошнія дзесяцігоддзі з’явілася цэлае пакаленне майстроў-кавалёў, розных аб’яднанняў, кааператываў, майстэрань, якія займаюцца вырабам кавальскіх вырабаў, галоўным чынам звязаных з архітэктурай.

На свяце-конкурсе кавання «Залатая падкова» ў Музейным комплексе «Дудуткі». Пухавіцкі раён Мінскай вобласці, 2013 г.
Рэспубліканскае свята-конкурс кавальскага майстэрства «Залатая падкова». 2001 г.

Майстэрства і творчыя магчымасці кавалі дэманструюць на святах, конкурсах, фестывалях, сярод якіх — рэспубліканскія святы-конкурсы кавання «Залатая падкова» (2001, 2013).


Заключэнне

Сучаснае народнае мастацтва і мастацкія рамёствы не абмяжоўваюцца толькі разгледжанымі відамі. У кожным кутку Беларусі адшукаюцца майстры, якія займаюцца рэдкім, традыцыйным менавіта ў гэтай мясцовасці, але практычна забытым рамяством. Запатрабаванасць іх вырабаў выклікана ўжо не столькі бытавымі, практычнымі, колькі мастацкімі, дэкаратыўнымі, сувенірнымі патрэбамі. У любым выпадку відаць, што цікавасць да мастацкай творчасці ў народных майстроў і ў спажыўцоў іх вырабаў не згасла. І каб захаваць сябе як самастойны народ у еўрапейскай садружнасці, акрамя іншых задач, неабходна захоўваць, развіваць і прымнажаць культурную спадчыну Беларусі, у т. л. і такую яе яркую, нацыянальна своеасаблівую галіну, як народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, традыцыйныя мастацкія рамёствы і промыслы.