Геаграфічнае становішча. Тэрыторыя
Дата стварэння: 27.12.2023 12:32:32
Дата змены: 26.11.2024 14:04:31
Рэспубліка Беларусь знаходзіцца ў геаграфічным цэнтры Еўропы і з’яўляецца кантынентальнай краінай, якая не мае прамога выхаду да мора. У геапалітычных адносінах Беларусь уваходзіць у склад рэгіёна Усходняя Еўропа.
Беларусь мяжуе з пяццю дзяржавамі. Агульная працягласць дзяржаўнай граніцы складае 2 969 км: прыкладна па ⅓ яе часткі прыпадае на Расію (на ўсходзе і часткова на поўначы), Украіну (на поўдні) і Польшчу (на захадзе), Літву (на паўночным захадзе) і Латвію (на поўначы).

Дзяржаўная граніца праходзіць па раўніннай мясцовасці і не мае выяўленых прыродных рубяжоў. Гэта садзейнічае стварэнню трансгранічных транспартных магістралей і развіццю знешніх эканамічных сувязей па ўсіх напрамках.
Дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу Беларусь адыгрывае выключна важную транзітную ролю агульнаеўрапейскага значэння. Па тэрыторыі краіны праходзяць 2 магістральныя транспартныя калідоры Еўразіі: у напрамку з паўднёвага захаду на паўночны ўсход і з поўначы на поўдзень. Краіну таксама перасякаюць найкарацейшыя транспартныя шляхі мерыдыянальнага напрамку паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Акрамя таго, па тэрыторыі Беларусі пракладзены буйныя магістральныя трубаправоды, па якіх ажыццяўляецца транспарціроўка нафты і газу з Расіі ў еўрапейскія краіны. У паветранай прасторы краіны дзейнічаюць калідоры для міжнародных авіяпералётаў.
Транзітнае значэнне Беларусі ў перспектыве можа павысіцца ў сувязі з рэалізацыяй праекта па стварэнні Новага шаўковага шляху, мэта якога — звязаць найбуйнейшыя сусветныя эканамічныя цэнтры (Кітай і Еўрапейскі cаюз).
Выгаднае геаграфічнае становішча ўнутры Беларусі займае і сталіца (Мінск), якая размешчана ў цэнтры краіны на скрыжаванні асноўных транспартных шляхоў. Гэта дае максімальна зручную транспартную даступнасць да горада з любога раёна краіны.
Сярод сталіц суседніх краін бліжэй за ўсіх да Мінска знаходзіцца Вільнюс (215 км), на большым аддаленні размешчаны Рыга (470 км), Варшава (550 км), Кіеў (580 км), на самым вялікім — Масква (700 км).

Тэрыторыя
Рэспубліка Беларусь з’яўляецца сярэдняй па плошчы еўрапейскай дзяржавай. Тэрыторыя краіны — 207,6 тыс. км², што складае каля 2 % усёй плошчы Еўропы. Сярод 44 еўрапейскіх дзяржаў, якія размешчаны толькі ў Еўропе, Беларусь па плошчы займае 13‑е месца. Блізкімі па памерах краінамі з’яўляюцца Румынія і Вялікабрытанія (іх плошча крыху большая, на 14 і 18 % адпаведна).
Тэрыторыя Беларусі адрозніваецца кампактнасцю пры некаторай выцягнутасці ў шыротным напрамку: працягласць з захаду на ўсход — 650 км, з поўначы на поўдзень — 560 км.
У адміністрацыйных адносінах тэрыторыя Беларусі падзелена на 6 абласцей — Брэсцкую, Віцебскую, Гомельскую, Гродзенскую, Магілёўскую і Мінскую, у межах якіх выдзелена 118 раёнаў. Сталіца не ўваходзіць у склад ніводнай з абласцей і мае самастойны статус.
Мінская вобласць займае цэнтральнае становішча на тэрыторыі краіны і з’яўляецца адзінай з абласцей, якая не мае знешніх граніц. Усе астатнія вобласці такія граніцы маюць, што стварае магчымасці для паспяховай арганізацыі прымежнага супрацоўніцтва.
Тэрыторыя Беларусі размешчана ў межах Усходне-Еўрапейскай платформы. Па сваіх прыродна-кліматычных умовах паўсюдна зручная для жыцця людзей і гаспадарчага выкарыстання. Радовішчы карысных выкапняў (калійныя і каменныя солі, нафта, даламіты, торф, сыравіна для вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, падземныя воды і інш.), якія выяўлены ў нетрах краіны, маюць найважнейшае гаспадарчае значэнне.
Паверхня Беларусі ў цэлым раўнінная з чаргаваннем узвышаных, раўнінных і нізінных прастораў з балотамі і азёрамі. Асноўныя рысы сучаснага рэльефу ў значнай меры абумоўлены мацерыковымі зледзяненнямі чацвярцічнага перыяду. Паўночную частку краіны займае Беларускае Паазер’е з ледавіковым рэльефам, канцова-марэннымі ўзвышшамі і градамі, азёрна-ледавіковымі раўнінамі і зандрамі, мноствам азёр. Сярэдняя частка размешчана ў паласе Беларускай грады з дэнудаваным ледавікова-акумулятыўным рэльефам і прылеглых да яе платападобных раўнін Усходне-Беларускай правінцыі, якая складзена лёсавымі адкладамі. На поўдзень размяшчаюцца марэнныя і водна-ледавіковыя раўніны Перадпалесся і плоскія алювіяльныя часта забалочаныя нізіны Палесся. Такая разнастайнасць прыродных умоў дазваляе выкарыстоўваць у розных частках краіны розныя сістэмы прыродакарыстання, адаптаваныя пэўным чынам да мясцовых ландшафтных асаблівасцей.

Клімат Беларусі ўмерана кантынентальны з частымі атлантычнымі цыклонамі. Зіма мяккая з працяглымі адлігамі, лета ўмерана цёплае. Сярэдняя гадавая тэмпература паветра складае ад 7,4 °C на паўднёвым захадзе да 4,4 °C на паўночным усходзе, студзеня — −4,4 і −8 °C, ліпеня — 18,8 і 17 °C адпаведна. Сярэднегадавая колькасць ападкаў ад 600 мм на нізінах у паўднёвай частцы Беларусі да 700 мм і больш на ўзвышшах сярэдняй паласы. Вятры заходняга напрамку з’яўляюцца пераважнымі на працягу года. Таму краіны, размешчаныя на захад ад Беларусі, іграюць вызначальную ролю ў паступленні забруджвальных рэчываў (палютантаў) з трансгранічнымі паветранымі патокамі на тэрыторыю краіны. У сваю чаргу, палютанты, якія выкідваюцца мясцовымі крыніцамі, пераносяцца галоўным чынам ва ўсходнім напрамку.
Тэрыторыя Беларусі размяшчаецца на водападзеле рэк, якія адносяцца да басейнаў двух мораў — Балтыйскага і Чорнага. Водападзельная лінія праходзіць у напрамку з паўднёвага захаду на паўночны ўсход, перасякаючы цэнтральную частку краіны. У агульнай плошчы Беларусі доля Чарнаморскага басейна (каля 58 %) крыху вышэйшая за Балтыйскі.
Пераважнае распаўсюджванне ў межах краіны атрымалі малыя рэкі, не прыдатныя для суднаходства. Больш паўнаводныя рэкі, якія могуць выкарыстоўвацца як водныя транспартныя артэрыі, размяшчаюцца на аддаленні ад водападзельнай лініі галоўным чынам у паўднёва-ўсходняй частцы Беларусі.
Усяго ў краіне налічваецца 20 781 рака агульнай працягласцю 90 631 км. Найбуйнейшыя з іх з’яўляюцца транзітнымі, таму забеспячэнне іх належнага стану патрабуе заключэння міждзяржаўных пагадненняў па прыняцці неабходных водаахоўных мер.
У Беларусі каля 10 780 азёр. Найбольш глыбокія, разнастайныя па абрысах і жывапісныя знаходзяцца ў Беларускім Паазер’і. На базе размешчаных у гэтым рэгіёне Браслаўскай і Нарачанскай груп азёр створаны нацыянальныя паркі, якія ўяўляюць сабой аптымальную форму спалучэння прыродаахоўнай і рэкрэацыйнай функцый.
У краіне збудавана больш за 150 вадасховішч рознага прызначэння. Вадасховішчы, размешчаныя ў наваколлях вялікіх гарадоў, служаць ядрамі створаных тут зон адпачынку. У першую чаргу гэта датычыцца гарадоў, размешчаных на водападзелах, у т. л. і Мінска.
Пераважнымі глебамі ў краіне з’яўляюцца дзярнова-падзолістыя, а таксама тарфяна-балотныя і алювіяльныя. У іх размяшчэнні звычайна прасочваецца мазаічнасць і драбнаконтурнасць, з-за чаго ўскладняюцца ўмовы апрацоўкі. Акрамя таго, сельскагаспадарчае выкарыстанне глеб часта патрабуе рэгулявання воднага рэжыму.
Натуральнае расліннае покрыва Беларусі адрозніваецца разнастайнасцю, якая абумоўлена размяшчэннем тэрыторыі краіны ў пераходнай паласе ад еўразійскай хвойна-лясной да еўрапейскай шырокаліста-лясной зоны. У складзе натуральнай расліннасці пераважаюць лясы, якія чаргуюцца з лугавымі і балотнымі згуртаваннямі. Асноўная лесаўтваральная парода — хвоя. Хваёвыя лясы займаюць больш за палову ўсёй лесапакрытай плошчы.
Разнастайнаму характару расліннасці адпавядае жывёльны свет краіны. Ён прадстаўлены насельнікамі змешаных лясоў, тайгі, стэпаў. Дзякуючы адносна высокай захаванасці натуральных ландшафтаў у Беларусі захаваліся асобныя рэдкія віды, якія маюць еўрапейскае і сусветнае значэнне (напрыклад, еўрапейскі зубр, вяртлявая чаротаўка).
Тэрыторыя Беларусі характарызуецца ўмераным узроўнем гаспадарчага засваення. Сельскагаспадарчыя землі займаюць 39,4 % тэрыторыі краіны (гл. табліцу). У іх складзе паўсюдна пераважае ралля.
Від зямель |
Вобласць |
Беларусь
у цэлым |
|||||
Брэсцкая |
Віцебская |
Гомельская |
Гродзенская |
Магілёўская |
Мінская |
||
Сельскагаспадарчыя |
41,3 |
33,5 |
31,4 |
48 |
42,8 |
44,1 |
39,4 |
у т. л. ворныя
лугавыя |
25,7 15,1 |
21,9 11,4 |
22,2 8,9 |
33,5 14 |
29,8 12,4 |
32,6 10,8 |
27,1 11,8 |
Лясныя |
42,1 |
52,6 |
55,5 |
40,5 |
47,1 |
44,5 |
47,8 |
Пад балотамі |
6,9 |
4,7 |
3,6 |
2,5 |
2,9 |
1,2 |
3,6 |
Пад воднымі аб’ектамі |
2,6 |
3,5 |
2 |
1,4 |
1,3 |
2,3 |
2,2 |
Пад забудовай і транспартнымі камунікацыямі |
4 |
3,6 |
4,1 |
4,2 |
3,5 |
4,6 |
4,1 |
Іншыя |
3,1 |
2,1 |
3,4 |
3,4 |
2,4 |
3,3 |
2,9 |
Рэгіянальныя асаблівасці сельскагаспадарчага асваення тэрыторыі залежаць ад урадлівасці глеб, умоў вядзення сельскай гаспадаркі, а таксама экалагічнага фактару, звязанага з радыеактыўным забруджваннем мясцовасці. Павышаная (адносна сярэдняга значэння) ступень сельскагаспадарчага асваення ў Гродзенскай, Мінскай, Магілёўскай і Брэсцкай абласцях, якія займаюць, адпаведна, заходнюю, цэнтральную, усходнюю і паўднёва-заходнюю часткі краіны. Больш нізкая — у Віцебскай вобласці з‑за драбнаконтурнасці ўгоддзяў, абумоўленай яе ландшафтнай будовай, а таксама ў Гомельскай, дзе частка сельскагаспадарчых зямель, што падвергліся радыеактыўнаму забруджванню, была выведзена з абароту.
Для сельскагаспадарчых зямель Беларусі характэрны параўнальна высокі ўзровень асушальнай меліярацыі (каля ⅓ іх плошчы). Большая частка асушаных зямель у паўднёвай частцы краіны, якая занята Палескай нізінай і прылеглымі да яе раўнінамі. Максімальная доля такіх зямель — у Брэсцкай вобласці (каля паловы сельскагаспадарчых угоддзяў).
Сельскагаспадарчыя землі па займаемай плошчы адносяцца да аднаго і асноўнага віду ўгоддзяў у зямельным фондзе Беларусі. Другое месца належыць лясным землям: сумесна з землямі, якія заняты дрэвава-хмызняковай расліннасцю, яны пераўзыходзяць плошчу сельскагаспадарчых угоддзяў і займаюць 47,8 % тэрыторыі краіны.
У рэгіянальным размеркаванні лясных зямель прасочваецца супрацьлеглая сітуацыя ў параўнанні з сельскагаспадарчымі. Больш залесенымі з’яўляюцца менш прыдатныя для сельскай гаспадаркі Гомельская і Віцебская вобласці.
Узроўню сельскагаспадарчага асваення абласцей у цэлым адпавядае ступень забудовы іх тэрыторый. У большай меры забудаванымі з’яўляюцца Мінская, Гродзенская і Брэсцкая вобласці, у меншай — Віцебская і Гомельская.
Рэгіянальныя адрозненні ў забалочанасці і абводненасці тэрыторыі Беларусі ў найбольшай ступені звязаны з яе прыродна-ландшафтнымі ўмовамі. Самая вялікая доля балот характэрна для Брэсцкай вобласці, якая размешчана пераважна ў межах Палескай нізіны, максімальная абводненасць — для Віцебскай вобласці, якая размешчана ў Беларускім Паазер’і.
Ад відавой структуры зямель і іх прасторавага размеркавання залежыць здольнасць тэрыторыі да захавання прыроднай раўнавагі. Прыярытэтнае значэнне ў гэтых адносінах маюць прыродныя ўгоддзі, у першую чаргу лясы як асноўны фактар экалагічнай стабілізацыі. У цэлым па краіне доля такіх угоддзяў (лясоў, хмызнякоў, натуральных лугоў, балот, вадаёмаў і вадацёкаў) складае 54,3 %, у т. л. саміх лясоў — 40,1 %.
Максімальныя паказчыкі долі зямель, стабілізуючых навакольнае асяроддзе (больш за 58 %), і ў іх складзе лясоў (звыш 42 %) уласцівыя для Гомельскай і Віцебскай абласцей, мінімальныя — для Гродзенскай (45,5 і 36 % адпаведна). Нават гэтыя мінімальныя велічыні з’яўляюцца экалагічна прымальнымі. Суадносіны розных відаў зямель, якія склаліся да гэтага часу, і іх размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі забяспечваюць перадумовы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і захавання прыроднай раўнавагі ў яе межах на нацыянальным і рэгіянальным узроўнях.