ЦЭТРЭЛІЯ, род ліставатых лішайнікаў сямейства Пармеліевыя
pdf

ЦЭТРЭЛІЯ

Дата стварэння: 13.12.2024 08:55:29

Дата змены: 12.03.2025 15:29:18


Цэтрэ́лія (Cetrelia W. L. Culb. et C. F. Culb.), род ліставатых лішайнікаў сямейства Пармеліевыя.

Вядома каля 15 відаў, распаўсюджаны ва ўсіх кліматычных зонах, пераважна ў Азіі.

У Беларусі прадстаўлена 3 віды — цэтрэлія цэтрарыепадобная [Cetrelia cetrarioides (Delise) W. L. Culb. et C. F. Culb.], цэтрэлія аліўкавая [Cetrelia olivetorum (Nyl.) W. L. Culb. et C. F. Culb] і Cetrelia monachorum (Zahlbr) W. L. Culb. et C. F. Culb. Цэтрэлія цэтрарыяпадобная і цэтрэлія аліўкавая ўключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Рэдкія немаральныя віды, індыкатары непарушаных лясных фітацэнозаў. Патрабавальныя да вільготнасці паветра, насяляюць стараўзроставыя лясы. Сустракаюцца ў ельніках, дубровах, кляноўніках, ліпняках і чорнаалешніках, растуць на кары ліставых дрэў, радзей на галінах елкі.

Талом буйналопасцевы, разеткападобны або няправільнай формы, даволі лёгка прымацоўваецца да субстрату. Лопасці складкавата-хвалістыя, з узнятымі акруглымі канцамі. Верхняя паверхня шараватая, шаравата-зялёная, бліскучая, гладкая, з раскіданымі белымі плямкамі — псеўдацыфеламі. Ніжняя паверхня — у цэнтры чорная, па перыферыі карычневага колеру. Сарэдыі краявыя, акружаюць белым шлячком краі лопасцей. Апатэцыі сустракаюцца рэдка.

Каравы́ слой талома пад уздзеяннем раствору гідраксіду калію жаўцее. Змяшчае лішайнікавыя кіслоты: атранарын, хлоратранарын, аліветравую, імбрыкарыевую.