Дата стварэння: 12.05.2023 10:55:08
Дата змены: 11.09.2024 15:24:18
«Ки́ровец»
Газета, заснавана ў сакавіку 1935 г. пад назвай «Кировец» як орган Кіраўскага райкама КП(б)Б і раённага Савета дэпутатаў працоўных Магілёўскай вобласці. Выходзіла да 23 чэрвеня 1941 г.
У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася органам Кіраўскага падпольнага райкама КП(б)Б. Выходзіла спачатку ў в. Хамічы́ (цяпер не існуе) Кіраўскага раёна, затым у лесе Кіраўскага раёна. У 1942 г. падпольшчыкі па частках вынеслі з былой раённай друкарні, адноўленай нямецкімі ўладамі, друкарскае абсталяванне. Кіраўнік падпольнай групы Г. Л. Комар (сакратар Кіраўскага падпольнага райкама КП(б)Б з ліпеня 1943) і мясцовыя майстры вырабілі друкарскі станок. Спачатку выдаваліся лістоўкі, 6 лістапада 1942 г. выйшаў першы нумар газеты. Вядомы 44 нумары (№ 10, 13–21, 23–33, 35, 37–49 за 1943; № 1–9 за 1944) за перыяд з 10 красавіка 1943 г. да 13 красавіка 1944 г. на рускай мове. Рэдактары: Я. С. Дабрынскі, С. С. Зайцаў (з чэрвеня 1943).
Пасля вызвалення Беларусі выдавалася пад той жа назвай. З мая 1962 г. называлася «Зара», з лютага 1969 г. — «Кіравец», друкавалася як орган Кіраўскага райкама КПБ і раённага Савета дэпутатаў працоўных (Савет народных дэпутатаў з 1977).
Раённая газета, выходзіць пад назвай «Кіравец» 2 разы на тыдзень на беларускай і рускай мовах. Заснавальнікі — Кіраўскі раённы выканаўчы камітэт і Кіраўскі раённы Савет дэпутатаў, рэдакцыя газеты.