pdf

КРЫЧАЎСКАЕ ПАРТЫЙНА-КАМСАМОЛЬСКАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 12.05.2023 10:56:58

Дата змены: 27.02.2025 16:11:58


Кры́чаўскае парты́йнa-камсамо́льскае падпо́лле

Дзейнічала ў акупіраваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі г. Крычаў і Крычаўскім раёне Магілёўскай вобласці з верасня 1941 г. да жніўня 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Узначальвалі даваенны сакратар Крычаўскага райкама КП(б)‌Б К. А. Рэвуцкі, з верасня 1942 г. — А. Л. Гаўрыленка. Аб’ядноўвала 74 чалавекі, з іх 44 камуністы і камсамольцы, 5 груп: на цэментным заводзе і чыгуначным вузле — кіраўнік А. Л. Гаўрыленка; у горадзе — М. Р. Каінаў; у в. Бацвінаўка — Б. Я. Грыгор’еў; у в. Касцюшкавічы — С. С. Давыдзенка, з чэрвеня 1942 г. Д. Я. Грыгор’еў; у в. Міхеевічы — А. М. Крупадзёраў.

Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро і лістоўкі, здабывалі для партызан зброю і боепрыпасы, звесткі аб дыслакацыі войск і чыгуначных перавозках ворага, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з лагераў, забяспечвалі іх дакументамі. Зрывалі спробы акупантаў аднавіць цэментны завод, вывелі са строю 35 электраматораў, сапсавалі трансмісіі печаў і канвеер.

На чыгуначным вузле падарвалі і спалілі 3 секцыі дэпо, інструментальны і механічны цэхі, электрастанцыю, бензасклад, замініравалі 5 паравозаў, вывелі са строю чыгуначную лінію Крычаў — Рослаў (Расія) ў раёне станцыі Шасцёраўка у Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці, узарвалі эшалон на перагоне Клімавічы — Міхеевічы на лініі Крычаў — Унеча (Расія).

У дзейнасці крычаўскага падполля ўдзельнічалі вядомы савецкі спявак А. І. Акаёмаў (першы выканаўца на радыё славутай песні «Арлёнак») і хормайстар Г. П. Лузенін. Яны былі вызвалены акупантамі з лагера ваеннапалонных за згоду ўдзельнічаць у хоры, які часта выязджаў з гастролямі ў іншыя рэгіёны. Карыстаючыся адноснай свабодай перасоўвання, артысты распаўсюджвалі лістоўкі падполля і збіралі для яго звесткі аб праціўніку.

Падпольшчыкі в. Бацвінаўка перадалі партызанам 2 кулямёты і каля 30 вінтовак, у ліпені 1942 г. падарвалі чыгуначны мост цераз р. Волчас на лініі Крычаў — Магілёў паміж вёскамі Цінькаў і Асавец Крычаўскага раёна.

Гітлераўцы 15 лютага 1943 г. арыштавалі ў Крычаве многіх падпольшчыкаў. Тыя, хто пазбег арышту, стварылі партызанскі атрад 48‑ы Крычаўскі, арганізавалі ўцёкі арыштаваных, перадаўшы ім у камеру зброю праз піянера В. К. Дудзіна.

У барацьбе з акупантамі загінулі: А. I. Акаёмаў, В. Р. Давыдзенка, А. Ф. Данілаў, В. К. Дудзін, М. Р. Каінаў, В. М. Карпекін, А. М. Крупадзёраў, М. I. Куляшоў, Г. П. Лузенін, П. Я. Маёраў, А. М. Маслянскі, I. Я. Ракоўскі, А. Салаўёў, В. М. Серабабаў, П. К. Скараходаў, М. С. Талкачова, З. Р. Федасеенка і Р. П. Федасеенка, А. М. Штолік, А. Р. Шынкароў.

Многія падпольшчыкі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР. Устаноўлены помнікі: у Крычаве ў гapадскім парку на брацкай магіле расстраляных гітлераўцамі савецкіх ваеннапалонных і падпольшчыкаў; на тэрыторыі цэментнага завода падпольнай групе А. Л. Гаўрыленкі; каля в. Прудок Крычаўскага раёна на месцы расстрэлу акупантамі падпольшчыкаў А. І. Акаёмава і Г. П. Лузеніна.