Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў на грамадзянскіх могілках на вуліцы Набярэжная ў горадзе Крычаў.
Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і савецкіх ваеннапалонных на вуліцы Фрунзэ ў горадзе Крычаў.
Помнік «Маці ў жалобе» на брацкай магіле савецкіх ваеннапалонных на вуліцы Зялёная ў горадзе Крычаў.
Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і ахвяр фашызму каля чыгуначнай станцыі на вуліцы Пугачова ў горадзе Крычаў.
Кры́чаў
Горад, цэнтр Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці, на правым беразе р. Сож. За 104 км на паўднёвы ўсход ад г. Магілёў, за 307 км ад Мінска. Вузел чыгунак [на гарады Орша, Магілёў, Унеча і Рослаўль (Расія)]; на аўтадарозе Бабруйск — Масква.
У 1939 г. у Крычаве было 15 993 жыхары.
У ліпені — жніўні 1941 г. у раёне Крычава адбываліся жорсткія баі войск 13‑й арміі Заходняга фронту супраць часцей нямецкай 2‑й танкавай групы генерала Г. Гудэрыяна.
У сярэдзіне ліпеня войскі праціўніка прарваліся да Сожа на ўчастку Прапойск (з 1945 Слаўгарад) — Крычаў — Мсціслаў.
Крычаў быў захоплены 17 ліпеня 1941 г. Аднак фарсіраваць Сож з ходу і развіць наступленне ворагу не ўдалося. У раёне Крычава ўздоўж левага берага ракі абарону трымалі воіны 6‑й (палкоўнік М. А. Папсуй-Шапко), 132‑й (генерал-маёр С. С. Бірузоў) і 137‑й (палкоўнік I. Ц. Грышын) стралковых дывізій, 4‑га паветрана-дэсантнага корпуса (генерал-маёр А. С. Жадаў), Ленінградскага камуністычнага батальёна і іншых часцей Заходняга фронту, які 24 ліпеня быў перайменаваны ў Цэнтральны фронт (1‑га фарміравання).
Група з 1,2 тыс. воінаў 4‑га паветрана-дэсантнага корпуса пад камандаваннем маёра У. С. Цімчанкі 29 ліпеня выбіла немцаў з горада і каля двух сутак змагалася ў акружэнні з ворагам, які падцягнуў рэзервы. Амаль усе дэсантнікі загінулі. Прарваліся з акружэння і выйшлі за Сож толькі 13 чалавек.
Часці Чырвонай арміі ўтрымлівалі фронт на Сожы на ўчастку Мсціслаў — Крычаў да 1 жніўня, на ўчастку Крычаў — Прапойск да 8 жніўня; у акружэнні савецкія воіны працягвалі змагацца да 16 жніўня 1941 г., чым скавалі значныя сілы праціўніка ў перыяд Смаленскай бітвы 1941 г.
Нямецка-фашысцкія акупанты стварылі ў Крычаве 3 лагеры смерці, у горадзе і раёне загубілі каля 24 тыс. чалавек (6 тыс. мірных жыхароў і 18 тыс. ваеннапалонных), у т. л. вязняў гета ў Крычаве (80 яўрэяў або, па іншых звестках, 80 яўрэйскіх сем’яў расстралялі каля цэментнага завода і 130 яўрэяў — каля льнозавода восенню 1941); горад быў разбураны. Масавыя расстрэлы ваеннапалонных, партызан і мірных жыхароў (звыш 1,2 тыс. чалавек) адбываліся каля в. Прудок Крычаўскага раёна.
У Крычаве з верасня 1941 г. дзейнічала Крычаўскае партыйна-камсамольскае падполле; у раёне — Крычаўскі падпольны райкам ЛКСМБ, партызанскі полк «Трынаццаць», партызанскі атрад 3‑і, партызанскі атрад 48‑ы Крычаўскі, партызанскі атрад 48‑ы Прапойскі, партызанскі атрад Ананава, партызанскі атрад «Анатоля», партызанскі атрад «Другія», партызанскі атрад «Чапай», партызанскі атрад «Алеся», партызанскі атрад «Валянціна Маёрава».
Крычаў вызвалены 29 верасня 1943 г. воінамі 369‑й стралковай дывізіі (генерал-маёр I. В. Хазаў) 46‑га стралковага корпуса 50‑й арміі Бранскага фронту 1943 г. ва ўзаемадзеянні з часцямі 10‑й арміі Заходняга фронту ў ходзе Бранскай аперацыі 1943 г.
Ганаровае найменне «Крычаўскія» прысвоена часці і двум злучэнням (гл. Крычаўскія вайсковыя злучэнні і часць).
У Крычаве знаходзяцца:
брацкія магілы савецкіх воінаў; савецкіх ваеннапалонных; савецкіх воінаў і ахвяр фашызму; савецкіх воінаў, ваеннапалонных, падпольшчыкаў і ахвяр фашызму (на магілах пастаўлены помнікі);
помнік у гонар абаронцаў горада Крычаў у ліпені 1941 г.;
помнік ахвярам фашызму — яўрэям Крычаўшчыны, загубленым восенню 1941 г.;
помнік у гонар 70‑годдзя вызвалення Крычаўскага раёна (самаходна-артылерыйская ўстаноўка СУ‑100);
помнік у гонар 70‑годдзя Перамогі (гармата Д‑44);
памятны знак савецкім ваеннапалонным, якія загінулі ў лагеры смерці ў 1941–1943 гг.;
памятны знак падпольшчыкам;
Курган Славы ў гонар 50‑годдзя ўтварэння БССР і ў памяць землякоў, якія загінулі ў час Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войн;
Алея Памяці (знаходзіцца каля Кургана Славы, складаецца з 22 пліт, на якіх увекавечаны імёны больш за 3 тыс. жыхароў Крычаўшчыны, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны);
Алея Славы (складаецца з 13 памятных знакаў, на якіх размешчаны імёны землякоў — Герояў Савецкага Саюза, Герояў Сацыялістычнай Працы, ганаровых грамадзян горада Крычаў);
мемарыяльныя дошкі савецкім воінам-вызваліцелям, у гонар вызвалення горада, падпольшчыцы М. С. Талкачовай.
Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2009 г. № 355 горад Крычаў узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».