Дата стварэння: 12.04.2023 10:37:52
Дата змены: 06.08.2024 10:06:53
Бра́нскі фронт 1943 г.
Утвораны 28 сакавіка 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны на заходнім напрамку ў складзе 3‑й (генерал-лейтэнант А. В. Гарбатаў) і 61‑й (генерал-лейтэнант П. А. Бялоў) агульнавайсковых армій і 15‑й паветранай арміі (генерал-лейтэнант авіяцыі М. Ф. Навуменка).
У склад фронту 29 красавіка 1943 г. увайшла 63‑я (генерал-лейтэнант У. Я. Калпакчы), 17 жніўня 1943 г. — 50‑я (генерал-лейтэнант I. В. Болдзін) арміі. Пасля ў яго склад уваходзілі 11‑я (генерал-лейтэнант I. I. Фядзюнінскі) і 11‑я гвардзейская (генерал-лейтэнант I. X. Баграмян) агульнавайсковыя, 3‑я гвардзейская (генерал-лейтэнант П. С. Рыбалка) і 4‑я (генерал-лейтэнант В. М. Баданаў) танкавыя арміі.
У Курскай бітве Бранскі фронт у ліпені — жніўні 1943 г. ва ўзаемадзеянні з войскамі левага крыла Заходняга фронту і правага крыла Цэнтральнага фронту правёў Арлоўскую аперацыю.
У ходзе Бранскай аперацыі 1943 г. у верасні 1943 г. войскі фронту вызвалілі Бранскі прамысловы раён і ўсходнія раёны БССР, у т. л. раённыя цэнтры Хоцімск, Клімавічы, Касцюковічы і Крычаў.
Бранскі фронт расфарміраваны 10 кастрычніка 1943 г. Яго 3‑я, 11‑я, 50‑я і 63‑я арміі перададзены ў Цэнтральны фронт; кадравы склад упраўлення фронту выкарыстаны для фарміравання ўпраўлення Прыбалтыйскага фронту, у які перададзены 11‑я гвардзейская і 15‑я паветраная арміі.
Камандуючыя фронтам: генерал-палкоўнік М. А. Рэйтар (28.3 — 5.6.1943); генерал-палкоўнік, з 26 жніўня 1943 г. генерал арміі М. М. Папоў (6.6 — 10.10.1943).
Члены ваеннага савета: генерал-лейтэнант I. 3. Сусайкаў, з 7 ліпеня 1943 г. генерал-лейтэнант Л. 3. Мехліс. Начальнік штаба — генерал-лейтэнант Л. М. Сандалаў.