pdf

ЗАХОДНІ ФРОНТ

Дата стварэння: 01.03.2023 15:18:19

Дата змены: 11.09.2024 14:50:23


Захо́днi фронт

Аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне войск Чырвонай арміі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Утвораны 22 чэрвеня 1941 г. на базе Заходняй асобай ваеннай акругі ў складзе 3‑й, 4‑й, 10‑й і 13‑й армій. Падзелены на Заходні і Цэнтральны (да 25.8.1941) франты 24 ліпеня 1941 г. У склад Заходняга фронту 10 кастрычніка 1941 г. перададзены арміі са скасаванага Рэзервовага фронту.

У розны час у склад Заходняга фронту ўваходзілі арміі: 3‑я, 4‑я, 5‑я, 10‑я, 11‑я, 13‑я, 16‑я, 19‑я, 20‑я, 21‑я, 22‑я, 28‑я, 29‑я, 30‑я, 31‑я, 32‑я, 33‑я, 39‑я, 43‑я, 49‑я, 50‑я, 61‑я, 68‑я, 1‑я ўдарная, 10‑я і 11‑я гвардзейскія, 3‑я і 4‑я танкавыя і 1‑я паветраная.

У першыя тыдні Вялікай Айчыннай вайны войскі фронту вялі на Беларусі цяжкія абарончыя баі, стрымліваючы прасоўванне нямецка-фашыскіх войск у глыб савецкай тэрыторыі (глАбарончая аперацыя на Беларусі 1941 г., Брэсцкай крэпасці абарона 1941 г., Брэста абарона 1941 г., Гродзенскія абарончыя баі 1941 г., Мінска абарона 1941 г., Магілёва абарона 1941 г., Віцебска абарона 1941 г., Гомеля абарона 1941 г.), наносілі контрудары пад Гроднам, Віцебскам і інш. (гл. Лепельскі контрудар 1941 г., Рагачоўска-Жлобінская аперацыя 1941 г.). Пад ударамі намнога большых сіл нямецка-фашысцкай групы армій «Цэнтр» войскі Заходняга фронту былі вымушаны пакінуць тэрыторыю Беларусі.

У ліпені — верасні войскі фронту ўдзельнічалі ў Смаленскай бітве 1941 г., абарончых аперацыях на подступах да Масквы. У ходзе гэтых баёў гітлераўцам нанесены цяжкія страты і сарваны іх план маланкавага наступлення. У снежні 1941 г. — студзені 1942 г. арміі Заходняга фронту ўдзельнічалі ў контрнаступленні пад Масквой, разграмілі і адкінулі нямецка-фашысцкія войскі на 150–200 км ад Масквы (гл. Маскоўская бітва 1941–1942 гг.). У сакавіку — красавіку 1943 г. разам з войскамі Калінінскага фронту ліквідавалі ржэўска-вяземскі плацдарм гітлераўцаў, летам 1943 г. удзельнічалі (левае крыло фронту) у Курскай бітве 1943 г., Смаленскай аперацыі 1943 г.

У канцы 1943 г. — пачатку 1944 г. войскі Заходняга фронту развівалі наступленне на віцебскім і аршанскім напрамках, выйшлі да ўсходніх раёнаў Беларусі, дзе вялі баі мясцовага значэння. Заходні фронт 24 красавіка 1944 г. перайменаваны ў Беларускі фронт 3‑і, а яго левае крыло — у Беларускі фронт 2‑і (2‑га фарміравання).

Камандуючыя: генерал арміі Д. Р. Паўлаў (22–30.6.1941); генерал-лейтэнант А. I. Яроменка (30.6 — 2.7; 19–29.7.1941); Маршал Савецкага Саюза С. К. Цімашэнка (2–19.7; 30.7 — 12.9.1941); генерал-лейтэнант, з 11 верасня 1941 г. генерал-палкоўнік I. С. Конеў (12.9 — 12.10.1941; 26.8.1942 — 27.2.1943); генерал арміі Г. К. Жукаў (13.10.1941 — 26.8.1942); генерал-палкоўнік, з 27 жніўня 1943 г. генерал арміі В. Д. Сакалоўскі (28.2.1943 — 15.4.1944); генерал-палкоўнік I. Д. Чарняхоўскі (15–24.4.1944).

Члены Ваеннага савета: карпусны камісар А. Я. Фаміных (чэрвень — ліпень 1941), П. К. Панамарэнка (чэрвень — ліпень 1941), генерал-лейтэнант (са снежня 1942) М. А. Булганін (ліпень 1941 — снежань 1943), генерал-лейтэнант Л. З. Мехліс (снежань 1943 — красавік 1944), генерал-лейтэнант В. Е. Макараў (красавік 1944).

Начальнікі штаба: генерал-маёр У. Я. Клімаўскіх (чэрвень 1941); генерал-лейтэнант Г. К. Маландзін (ліпень 1941); генерал-лейтэнант, з 13 чэрвеня 1942 г. генерал-палкоўнік В. Д. Сакалоўскі (ліпень 1941 — студзень 1942; май 1942 — люты 1943); генерал-маёр У. С. Галушкевіч (студзень — май 1942); генерал-лейтэнант А. П. Пакроўскі (люты 1943 — красавік 1944).

Друкаваны орган газета «Красноармейская правда».