Дата стварэння: 17.08.2023 13:47:45
Дата змены: 11.09.2024 14:53:38
Капітан Д. С. Гаўрушын з трафейным нямецкім сцяжком на фоне падбітага варожага танка. 13 ліпеня 1941 г. Фота ваеннага фотакарэспандэнта П. А. Трошкіна.
Лётчыкі 161‑га знішчальнага авіяпалка каля самалёта І‑16: камандзір эскадрыллі М. В. Цярохін і намеснік камандзіра В. Ф. Бычкоў. Фото ваеннага фотакарэспандэнта П. А. Трошкіна.
Магілёва абаро́на 1941 г.
Ажыццяўлялася 3–26 ліпеня 1941 г. падчас Вялікай Айчыннай вайны. Горад абаранялі 172‑я (генерал-маёр М. Ц. Раманаў) і 110‑я (палкоўнік В. А. Хлебцаў) стралковыя дывізіі 61‑га стралковага корпуса (генерал-маёр Ф. А. Бакунін) 13‑й арміі (генерал-лейтэнант П. М. Філатаў, з 9 ліпеня генерал-лейтэнант Ф. М. Рэмізаў, з 14 ліпеня генерал-лейтэнант В. П. Герасіменка). Акрамя іх, у абароне горада і наваколля ўдзельнічалі часці 20‑га механізаванага корпуса (генерал-маёр А. Р. Нікіцін, у дні абароны генерал-маёр М. Д. Ведзянееў) і іншыя падраздзяленні Чырвонай арміі, якія адыходзілі з захаду. Разам з народнымі апалчэнцамі (да 10 ліпеня ў апалчэнні было больш за 12 тыс. чалавек) і часцямі на ўсходнім беразе р. Дняпро агульная колькасць абаронцаў горада складала 55–60 тыс. чалавек.
Да падыходу праціўніка тысячы магілёўцаў выйшлі на будаўніцтва абарончых збудаванняў. У асобныя дні ў гэтых работах удзельнічала да 40 тыс. чалавек. За 7 дзён гараджане і воіны Чырвонай арміі стварылі вакол Магілёва магутны абарончы рубеж, які складаўся з 25‑кіламетровага супрацьтанкавага рова, акопаў, траншэй, дзотаў, хадоў злучэнняў, запасных і фальшывых артылерыйскіх пазіцый. Па ўскраіне горада праходзіла другая лінія абарончых збудаванняў: барыкады і шчыліны на вуліцах, агнявыя пункты ў дамах.
У канцы чэрвеня 1941 г. у лесе, на паўночны ўсход ад Магілёва, размяшчаўся штаб Заходняга фронту. План абароны горада, распрацаваны штабам 61‑га стралковага корпуса, быў зацверджаны 1 ліпеня 1941 г. на нарадзе з удзелам прадстаўнікоў Стаўкі Галоўнага камандавання маршалаў Савецкага Саюза К. Я. Варашылава і Б. М. Шапашнікава, 1‑га сакратара ЦК КП(б)Б П. К. Панамарэнкі. Начальнікам абароны Магілёўскага раёна быў прызначаны камандзір 61‑га стралковага корпуса генерал-маёр Ф. А. Бакунін. Непасрэдная абарона горада ўскладалася на 172‑ю стралковую дывізію (генерал-маёр М. Ц. Раманаў).
Часці размясціліся на наступных рубяжах абароны:
388‑ы стралковы полк (палкоўнік С. Ф. Куцепаў) 172‑й стралковай дывізіі займаў пазіцыі па Бабруйскай шашы каля вёсак Буйнічы, Цішоўка. Яго падтрымлівалі 340‑ы лёгка-артылерыйскі полк (палкоўнік І. С. Мазалаў) і 174‑ы асобны супрацьтанкавы дывізіён;
394‑ы стралковы полк (палкоўнік Я. С. Слепакураў) 110‑й стралковай дывізіі перакрываў Мінскую і Шклоўскую шашу за 10–15 км на захад ад Магілёва. Яго падтрымліваў 493‑ы гаўбічна-артылерыйскі полк (палкоўнік І. Ф. Жывалуп);
747‑ы стралковы полк (падпалкоўнік А. Ф. Шчаглоў) 172‑й дывізіі займаў абарону на ўсходнім беразе Дняпра на рубяжы аўтарамонтны завод — Лупалава — Грабянёва. Тут пяхотнікаў падтрымліваў 601‑ы гаўбічны артылерыйскі полк (палкоўнік Г. А. Якушаў) 110‑й дывізіі;
425‑ы стралковы полк (палкоўнік А. С. Пшанічнікаў) 110‑й дывізіі ўмацаваўся на ўсходнім беразе Дняпра ад аўтарамонтнага (авіязавода) завода ў Магілёве да в. Ніжнія Пруды Шклоўскага раёна.
Акрамя таго, на поўнач і паўночны ўсход ад Магілёва ў раёне старой Сухараўскай дарогі і Аршанскай шашы з 12 ліпеня занялі абарону часці 20‑га механізаванага корпуса (без матчасткі) генерала М. Д. Ведзянеева, якія адыходзілі з баямі ад Мінска.
Усяго ж 20‑ы мехкорпус у гэты час, разам з дапаможнымі часцямі (842 чалавекі), налічваў 15 772 чалавекі, 466 аўтамашын, адзін танк Т‑37–38, 6 бронемашын, 55 гармат 45‑мм, 38 гармат 76‑мм, 11 гаўбіц 122‑мм, 30 мінамётаў калібру 50‑мм, 461 станковы і ручны кулямёты. Асабістае стралковае ўзбраенне складалі 11 329 вінтовак і карабінаў, 2 933 рэвальверы.
Для захопу горада вораг засяродзіў 4 пяхотныя і адну танкавую дывізіі, матарызаваны полк СС «Вялікая Германія» і некаторыя іншыя часці.
Першымі ў бой з перадавымі злучэннямі 24‑га і 46‑га механізаваных карпусоў 2‑й танкавай групы генерала Г. Гудэрыяна ў міжрэччы Дняпра і Бярэзіны ўступілі 3 ліпеня разведвальныя перадавыя атрады старшага лейтэнанта [А. П.] Ваўчка і капітана М. [В.] Мяцельскага 514‑га стралковага палка. Разам з імі дзейнічалі групы знішчальнікаў танкаў, падрыхтаваныя ў гэтай жа вайсковай часці.
У першай дэкадзе ліпеня ў небе над Магілёвам вызначыўся камандзір эскадрыллі 161‑га знішчальнага авіяпалка старшы лейтэнант М. В. Цярохін, збіўшы ў адным баі 3 варожыя бамбардзіроўшчыкі, 2 з якіх (па іншых крыніцах — 3) былі збітыя таранам.
Найбольш цяжкія і жорсткія баі пад Магілёвам разгарэліся 11–12 ліпеня, калі з боку г. Бабруйск да Буйніцкага поля падышлі танкавыя часці немцаў. Пяхотнікі і артылерысты падраздзяленняў С. Ф. Куцепава і І. С. Мазалава ў ходзе цяжкага двухдзённага бою знішчылі і вывелі са строю каля 60 варожых танкаў і бронемашын (у т. л. 12 ліпеня — 39 адзінак бронетэхнікі), сотні нямецкіх салдат і афіцэраў. Але і самі яны панеслі значныя страты: амаль цалкам быў знішчаны 2‑і батальён капітана Давыдава, загінулі камандзір і начальнік штаба. Цяжкія страты панёс і 3‑і батальён 388‑га стралковага палка. Танкісты Г. Гудэрыяна, атрымаўшы такі нечаканы адпор, больш атакаваць нашы пазіцыі не спяшаліся, чакаючы падыходу сваіх пяхотных дывізій.
Не менш цяжкія баі праходзілі і на пазіцыях 394‑га стралковага і 493‑га гаўбічнага артылерыйскага палкоў, 209‑га асобнага супрацьтанкавага дывізіёна і Тульскага батальёна народных апалчэнцаў на Мінскай і Шклоўскай шашы. Тут нямецкія танкавыя часці і мотапяхота дывізіі СС «Рэйх», страціўшы значную колькасць сваіх танкаў і жывой сілы, змаглі прасунуцца толькі да супрацьтанкавага рова каля в. Казіміраўка.
Фарсіраваўшы Дняпро 10–11 ліпеня на поўнач і поўдзень ад Магілёва, нямецкія танкавыя часці ўвечары 15 ліпеня замкнулі кальцо акружэння ў г. Чавусы і метадычна пачалі сціскаць яго ўсё мацней. На нямецкіх трафейных картах відаць, што 20 ліпеня да Магілёва падыходзілі і канцэнтраваліся для вырашальнага наступу 4 пяхотныя дывізіі праціўніка: 7‑я, 15‑я, 23‑я і 78‑я, якія ўваходзілі ў 7‑ы армейскі корпус.
Да 23 ліпеня працягваліся кровапралітныя баі падраздзяленняў Чырвонай арміі, батальёнаў НКУС і НКДБ, народнага апалчэння ў раёне вёсак Прысна — Гаі — Пашкава. Да гэтага часу ў 394‑м стралковым палку толькі параненых налічвалася 1 680 чалавек. Амаль цалкам, разам з камандзірам, па-геройску загінуў на Пашкаўскіх вышынях батальён міліцыі пад камандаваннем капітана К. Р. Уладзімірава.
Жорсткія баі разгарнуліся з 21 ліпеня і на ўсходнім беразе Дняпра на пазіцыях 747‑га стралковага палка. Нямецкім пяхотным часцям удалося захапіць вёскі Вейна, Дары, Таранава, а затым в. Лупалава і аэрадром. Нягледзячы на ўпартае супраціўленне, падраздзяленні не змаглі ўтрымаць рубяжы абароны. Немцы ўвайшлі ў горад 26 ліпеня, але адзінкавыя баі працягваліся яшчэ на працягу сутак.
Пасля таго як праціўнік замкнуў кальцо акружэння і пазбавіў абаронцаў горада нават найменшай магчымасці яго прабіць, камандзір 61‑га стралковага корпуса генерал-маёр Ф. А. Бакунін загадаў знішчыць усю баявую тэхніку, аўтамашыны, разагнаць коней і прабівацца групамі па 100–200 чалавек. Але не многія змаглі выйсці з акружэння. Сам генерал выйшаў да лініі фронту з групай у 140 чалавек, а камандзір 110‑й стралковай дывізіі В. А. Хлебцаў вывеў з акружэння толькі 161 чалавека.
Сур’ёзныя страты ў баях каля Магілёва панеслі і варожыя войскі. Па падліках былога начальніка аператыўнага аддзела штаба 13‑й арміі С. П. Іванова, за час абароны горада нашымі войскамі было збіта, падбіта і знішчана: самалётаў — 24, танкаў — каля 200, матацыклаў — да 400, аўтамашын — прыкладна 500, забіта 15 тыс. і ўзята ў палон каля 2 тыс. салдат і афіцэраў праціўніка.
Найбольш бязлітасны штурм горада варожыя дывізіі распачалі 22–24 ліпеня, калі ў воінаў нашых падраздзяленняў вычарпаліся і матэрыяльныя рэсурсы, і фізічныя сілы.
У баях па абароне Магілёва загінулі камісар 61‑га стралковага корпуса І. В. Воранаў, начальнік палітаддзела гэтага корпуса палкавы камісар А. І. Турбінін, камандзіры 388‑га стралковага палка палкоўнік С. Ф. Куцепаў, 394‑га стралковага палка палкоўнік Я. С. Слепакураў, 340‑га лёгка-артылерыйскага палка палкоўнік І. С. Мазалаў, 493‑га гаўбічнага артылерыйскага палка палкоўнік І. Ф. Жывалуп і іншыя. Значная частка камандзіраў і чырвонаармейцаў у баях пад Магілёвам трапіла ў палон. Трапіў у палон цяжка паранены камандзір 172‑й стралковай дывізіі генерал-маёр М. Ц. Раманаў, які потым быў закатаваны ў нямецкім лагеры смерці.
Гераічная абарона Магілёва — адна з яркіх старонак гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Абаронцы горада 23‑дзённымі бязлітаснымі баямі скавалі буйныя сілы праціўніка і сталі магутнай перашкодай у наступе нямецкіх войскаў на Маскву.
Памяць аб гераічнай абароне Магілёва ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле», помніках «Зямлянка», «Вышыня Уладзімірава» ў в. Гаі Магілёўскага раёна і інш. У горадзе імёнамі герояў абароны названы вуліцы Ф. А. Бакуніна, М. Ц. Раманава, С. Ф. Куцепава, М. [В.] Мяцельскага, Я. С. Слепакурава, Г. І. Златавустаўскага, М. В. Цярохіна, К. Р. Уладзімірава, І. І. Якубоўскага, пісьменніка К. М. Сіманава, устаноўлены бронзавыя бюсты М. Ц. Раманава і С. Ф. Куцепава.