Дата стварэння: 05.05.2023 12:00:17
Дата змены: 23.08.2024 10:09:53
«Красноарме́йская пра́вда»
Газета, франтавая, чырвонаармейская, заснавана ў чэрвені 1921 г. як друкаваны орган Палітупраўлення Рэўваенсавета Заходняга фронту. Галоўным рэдактарам быў прызначаны Р. К. Шукевіч-Траццякоў.
Газета выходзіла штодзённа ў г. Смаленск (Расія) на рускай і беларускай (у 1934–1935) мовах, з’яўлялася органам Палітупраўлення Заходняй ваеннай акругі (1923–1926), Палітупраўлення Беларускай ваеннай акругі (1926–1930), Рэўваенсавета Беларускай ваеннай акругі (1930–1935), Беларускай ваеннай акругі і Беларускай асобай ваеннай акругі (1935–1938).
У 1930‑я гг. на старонках выдання выступалі савецкія ваеначальнікі (М. М. Тухачэўскі, А. І. Корк, А. І. Ягораў, Е. П. Убарэвіч, Г. К. Жукаў), друкаваліся творы беларускіх (Я. Купала, Я. Колас, К. Крапіва, П. Броўка і інш.) і рускіх (М. В. Ісакоўскі, А. Т. Твардоўскі) пісьменнікаў.
У перыяд з 22 верасня да 18 лістапада 1939 г. газета з’яўлялася органам Беларускага фронту. Падчас паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь супрацоўнікі газеты працавалі ў спеццягніку, які дайшоў да г. Баранавічы.
У верасні 1939 г. рэдакцыя газеты разам са штабам акругі пераехала ў Мінск і да пачатку вайны размяшчалася ў Камунальным завулку (з 2004 вул. Архітэктара Заборскага) побач з Мінскім ваенным вучылішчам. У 1940–1941 гг. з’яўлялася органам Заходняй асобай ваеннай акругі.
У час Вялікай Айчыннай вайны выходзіла як орган Заходняга фронту і Беларускага фронту 3‑га.
У першы дзень вайны выйшаў экстранны нумар газеты. Пасля налёту нямецкай авіяцыі на Мінск (24.6.1941) рэдакцыя перайшла ў спеццягнік, які праз некалькі дзён патрапіў пад бамбёжку і згарэў. Нягледзячы на страту друкарскай базы, газета працягвала выдавацца ў гарадах Магілёў і Смаленск, на станцыі Касня пад г. Вязьма (Расія). Новы спеццягнік-друкарню рэдакцыя атрымала 29 ліпеня 1941 г.
Газета выходзіла на рускай, а таксама і на ўзбекскай, туркменскай, таджыкскай і казахскай мовах (1942–1943). Адказны рэдактар — брыгадны камісар Ц. В. Міронаў. Над выданнем працавалі пісьменнікі А. Т. Твардоўскі, А. А. Суркоў, В. М. Кажэўнікаў, Я. З. Вараб’ёў, М. Ц. Лынькоў, мастак А. Г. Вярэйскі.
На старонках газеты друкавалася паэма А. Т. Твардоўскага «Васіль Цёркін»; публікаваліся ваенные вершы і мастацкая проза, заклікі да чырвонаармейцаў; асвятляліся баявыя дзеянні на франтах, гераічныя ўчынкі чырвонаармейцаў, ваенны побыт.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў газета спачатку выдавалася ў г. Бабруйск (1945), з’яўлялася органам Баранавіцкай (1945–1946) і Беларускай (з красавіка 1946) ваенных акруг. З 1946 г. яе рэдакцыя зноў размясцілася ў Мінску. З 1947 г. газета выходзіла пад назвай «Во славу Родины», са снежня 2005 г. выходзіць пад назвай «Белорусская военная газета. Во славу Родины».