Дата стварэння: 05.03.2024 09:08:28
Дата змены: 11.09.2024 14:45:00
«Во сла́ву Ро́дины»
Газета, орган Беларускай ваеннай акругі (з 1947), Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі (з 1968), орган Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь (з 1992).
Газета выдаецца з 22 чэрвеня 1921 г. як чырвонаармейская франтавая і ў якасці органа ваенных акруг у гарадах Смаленск (Расія) і Мінск. Да 1947 г. выходзіла пад назвай «Красноармейская правда».
За самаадданую працу супрацоўнікаў рэдакцыі ў час Вялікай Айчыннай вайны газета ўдастоена ордэна Чырвонай Зоркі (Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22.2.1968).
На старонках выдання шмат увагі надавалася абагульненню франтавога вопыту і папулярызацыі подзвігаў чырвонаармейцаў, публікаваліся матэрыялы пра Герояў Савецкага Саюза. Супрацоўнікі рэдакцыі асвятлялі пытанні савецкай ваеннай навукі з мэтай фарміравання творчага падыходу да ваеннай справы і якаснай падрыхтоўкі кадраў.
З 1992 г. газета з’яўлялася цэнтральным друкаваным органам Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Выдавалася штодзённа на рускай і беларускай мовах, публікавала інфармацыю пра баявую падрыхтоўку, жыццё арміі, ваенную адукацыю і ваенна-патрыятычнае выхаванне. На яе старонках уздымаліся тэмы правапарадку, дысцыпліны, сацыяльнай абароненасці ваеннаслужачых, іх сем’яў і ваенных пенсіянераў; друкаваліся матэрыялы па ваеннай гісторыі Беларусі, геральдыцы, народныя паданні пра заснаванне старажытных беларускіх гарадоў, успаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама рэцэнзіі на кнігі па гісторыі Беларусі. Выданне мела наступныя рубрыкі: «Беларусь: архівы часу», «Гісторыя: вырваныя старонкі», «Паходня», «Даведнік», «Айчына і вера».
У 2001 г. рэдакцыя газеты за шматгадовую дзейнасць па патрыятычным і маральным выхаванні моладзі была ўзнагароджана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Са снежня 2005 г. выходзіць пад назвай «Белорусская военная газета. Во славу Родины».