pdf

«БЕЛОРУССКАЯ ВОЕННАЯ ГАЗЕТА. ВО СЛАВУ РОДИНЫ»

Дата стварэння: 05.03.2024 09:08:06

Дата змены: 11.09.2024 15:24:18

«Белору́сская вое́нная газе́та. Во сла́ву Ро́дины»

Газета, орган Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь (з 1992).

Выдавалася з 1921 г. пад назвай «Красноармейская правда». З 1947 г. — «Во славу Родины». Са снежня 2005 г. выходзіць пад сучаснай назвай.

Газета асвятляе пытанні развіцця і ўдасканалення Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, арганізацыі вайсковай службы з улікам патрабаванняў часу, новыя падыходы ў вырашэнні праблем сучаснага ваеннага будаўніцтва, адукацыі, падбору кадраў, культурнага жыцця арміі, развіцця армейскага спорту. Публікуе матэрыялы аб сістэме ідэалагічнай работы ў часцях і падраздзяленнях, па ваенна-патрыятычным выхаванні, а таксама гістарычныя нарысы і мастацка-дакументальныя аповесці, артыкулы да юбілейных дат дзеячаў мастацтва і літаратуры. Выданне рэгулярна змяшчае тэматычныя выпускі «Равнение на подвиг», «Побратим», «Граница», «Союзники» (сумесна з рэдакцыяй расійскай газеты «Красная звезда»).

Газета з 9 лютага 2009 г. уваходзіць у склад дзяржаўнай установы «Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь “Ваяр”». Яе рэдакцыя ў складзе агенцтва пераехала ў новы будынак па адрасе вул. М. Багдановіча, 29, дзе перад Вялікай Айчыннай вайной размяшчаліся старая рэдакцыя і друкарня газеты «Красноармейская правда».

У 2010 г. газета ўвайшла ў сусветны электронны інфакіёск прэсы, маючы пастаянных падпісчыкаў у Бельгіі, Швецыі, ЗША, Канадзе, Афганістане і іншых краінах свету. З 2012 г. пачалася падпіска на выданне ў інтэрнэце праз мабільнаю праграму. На сучасны момант газета мультымедыйная: электронная версія газеты прадстаўлена на сайце рэдакцыі, артыкулы і відэаролікі публікуюцца ў буйных сацыяльных сетках, на відэасэрвісе YouTube (на інтэрнэт-канале Міністэрства абароны). Друкаваная версія выходзіць 3 разы на тыдзень.