ЗАХОДНЯЯ АСОБАЯ ВАЕННАЯ АКРУГА, назва Беларускай ваеннай акругі з 11 ліпеня 1940 г. да 22 чэрвеня 1941 г.
pdf

ЗАХОДНЯЯ АСОБАЯ ВАЕННАЯ АКРУГА

Дата стварэння: 12.04.2023 11:12:47

Дата змены: 11.09.2024 16:10:52


Захо́дняя асо́бая вае́нная акру́га

Назва Беларускай ваеннай акругі з 11 ліпеня 1940 г. да 22 чэрвеня 1941 г.

У склад акругі ўваходзілі арміі: 3‑я (штаб у г. Гродна; камандуючы генерал-лейтэнант В. I. Кузняцоў), 4‑я (штаб у г. Кобрын; камандуючы генерал-маёр А. А. Карабкоў), 10‑я (штаб у г. Беласток; камандуючы генерал-маёр К. Д. Голубеў), 13‑я (пачала фарміравацца ў маі 1941; штаб у г. Магілёў; камандуючы генерал-лейтэнант П. М. Філатаў).

У выніку ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР (1939) утварыўся новы пагранічны рубеж, які патрабаваў узвядзення і абсталявання адпаведных умацаванняў. На тэрыторыі акругі будаваліся новыя аэрадромы, уздоўж граніцы — новыя абарончыя збудаванні і ўмацаваныя раёны. Войскі акругі, якія прыкрывалі новую заходнюю дзяржаўную граніцу СССР, былі заняты пераўзбраеннем і арганізацыйнай перабудовай.

Штаб акругі размяшчаўся ў Мінску. Выдавалася акруговая газета «Красноармейская правда». У першы дзень Вялікай Айчыннай вайны акруга пераўтворана ў Заходні фронт.

Адначасова са стварэннем Заходняга фронту было сфарміравана ўпраўленне Заходняй ваеннай акругі, якое падпарадкоўвалася з 25 ліпеня 1941 г. камандаванню войскамі Заходняга фронту. У задачы ўпраўлення ўваходзіла забеспячэнне мабілізацыі, фарміравання і ўкамплектавання войскаў на тэрыторыі акругі.

Упраўленне было расфарміравана 20 верасня 1941 г. у сувязі з поўным выхадам савецкіх войск з тэрыторыі акругі.

Камандуючы генерал арміі Д. Р. Паўлаў, член ваеннага савета карпусны камісар А. Я. Фаміных, начальнік штаба генерал-маёр У. Я. Клімаўскіх.