Помнік на дзвюх брацкіх магілах невядомых савецкіх воінаў, якія загінулі ў абарончых баях 1941 г., у горадзе Брэст (Гарнізонныя могілкі).
Помнік на брацкай магіле савецкіх пагранічнікаў 10‑й пагранічнай заставы і Героя Савецкага Саюза Г. А. Гармаева ў горадзе Брэст (Гарнізонныя могілкі).
Дата стварэння: 16.06.2023 08:52:26
Дата змены: 11.09.2024 14:52:01
Брэ́ста абаро́на 1941 г.
Вялася ў чэрвені 1941 г. у Вялікую Айчынную вайну войскамі 4‑й арміі (генерал-маёр А. А. Карабкоў) Заходняй асобай ваеннай акругі (ЗахАВА) Заходняга фронту ў складзе часцей 6‑й (палкоўнік М. А. Папсуй-Шапко) і 42‑й (генерал-маёр І. С. Лазарэнка) стралковых дывізій 28‑га стралковага корпуса (генерал-маёр В. С. Папоў), 22‑й (генерал-маёр В. П. Пуганаў) і 30‑й (палкоўнік С. І. Багданаў) танкавых дывізій, 14‑га механізаванага корпуса (генерал-маёр С. І. Аборын), 10‑й змешанай авіяцыйнай дывізіі (палкоўнік М. Г. Бялоў), часцямі 62‑га Брэсцкага ўмацаванага раёна (генерал-маёр М. І. Пузыроў) і 33‑га асобнага інжынернага палка акруговага падпарадкавання (маёр І. М. Смірноў), 17‑га Чырванасцяжнага пагранічнага атрада (маёр А. П. Кузняцоў), часцямі ўнутраных войскаў НКУС і іншых падраздзяленняў, супрацоўнікамі міліцыі і Брэсцкага аддзялення Брэст-Літоўскай чыгункі, работнікамі ваенных камісарыятаў, шпіталяў і цывільнымі асобамі.
На Брэсцкую крэпасць і г. Брэст вермахт абрынуў масіраваны артылерыйскі, мінамётны і авіяцыйны ўдары. Пасля артпадрыхтоўкі войскі першага эшалона праціўніка ў складзе 12‑га і 43‑га армейскіх карпусоў 4‑й арміі (31‑я, 34‑я, 45‑я, 131‑я, 134‑я, 252‑я пяхотныя дывізіі), 24‑га і 47‑га матарызаваных карпусоў 2‑й танкавай групы (4‑я, 17‑я, 18‑я танкавыя дывізіі) перайшлі ў наступленне. Услед за імі (у другім эшалоне) наступалі яшчэ 4 (167‑я і 267‑я пяхотныя, 10‑я і 29‑я матарызаваныя) дывізіі.
Як цэнтр ударнай групоўкі 12‑ы армейскі корпус наступаў на ўчастку Янаў-Падляшскі — Славацічы (Славатычы, Славацічы Надбужанскія), г. зн. па ўсёй паласе арміі (на фронце больш за 150 км), ахопліваючы ўвесь Брэсцкі раён. Пераправіўшыся цераз р. Заходні Буг, праціўнік перайшоў у наступленне на Брэст: 34‑я пяхотная дывізія — на поўдзень ад горада; 31‑я — на поўнач і 45‑я — у раёне Брэсцкай крэпасці.
У першыя гадзіны вайны 4‑я армія ЗахАВА прыняла на сябе галоўны ўдар нямецка-фашысцкай групы армій «Цэнтр», якая мела перавагу па колькасці дывізій — у 3 разы, па колькасці артылерыйскіх сродкаў — амаль у 4 разы, танкаў — амаль у 2 разы і самалётаў — у 2 разы. Несучы вялікія страты ў жывой сіле і тэхніцы, часці і злучэнні 4‑й арміі, робячы спробы арганізаванага вываду ў вызначаныя раёны збору, уступілі ў цяжкія, няспынныя і напружаныя баявыя дзеянні.
Першымі супраціў у паласе горада аказалі пагранічнікі: групы штабных падраздзяленняў 17‑га Чырванасцяжнага пагранічнага атрада (маёр А. П. Кузняцоў, лейтэнант А. І. Дуньшакоў), 8‑й (старшы лейтэнант М. Н. Серветнік), 9‑й (лейтэнант А. М. Кіжаватаў) і 10‑й (лейтэнант М. К. Ішкоў) застаў, батарэі 204‑га гаўбічнага (пад камандаваннем начальніка штаба капітана І. А. Лук’янчыкава), 447‑га (палкоўнік А. А. Маўрын) і 455‑га (маёр К. І. Каралёў) карпусных, 17‑га гаўбічнага (маёр А. В. Навіцкі) і 131‑га (капітан У. В. Русанаў) артылерыйскіх палкоў, асобныя часці (18‑ы і 944‑ы асобныя батальёны сувязі) 28‑га стралковага корпуса, а таксама армейскага і акруговага падпарадкавання, у т. л. 18‑га артылерыйска-кулямётнага батальёна 62‑га Брэсцкага ўмацаванага раёна (у размяшчэнні дотаў на поўдзень і поўнач ад горада).
Пагранічныя нарады і заставы на галоўным і дапаможных кірунках, несучы вялікія страты, утрымлівалі свае пазіцыі ад 4 да 16 гадзін. Артылерыйскія разлікі вялі агонь па пантонных мастах, калонах танкаў і мотапяхоце праціўніка да таго часу, пакуль не заставалася па 2–3 снарады. Батальёны (капітан М. І. Кудраўцаў, лейтэнант І. Р. Разанаў) 44‑га танкавага палка (маёр І. Д. Квас) разгарнуліся ў баявы парадак на шашы і пры падтрымцы пешых танкістаў 22‑га мотастралковага палка контратакавалі праціўніка на паўднёвай ускраіне Брэста, забяспечыўшы выхад у раён збору па трывозе. Цаной жыцця штабныя работнікі і радавыя байцы хавалі баявыя сцягі часцей, знішчалі дакументацыю, матэрыяльную частку і гаруча-змазачныя матэрыялы.
Для прыкрыцця і падтрымкі баявых дзеянняў, а таксама з мэтай разведкі неаднаразова падымаліся ацалелыя экіпажы 10‑й змешанай авіяцыйнай дывізіі: самаахвярна змагаліся лётчыкі хуткасных бамбардзіроўшчыкаў 33‑га (маёр М. І. Акулін), 123‑га (маёр Б. М. Сурын) знішчальных, 74‑га штурмавога (маёр Б. М. Васільеў) і 39‑га асобнага (маёр П. М. Захарычаў) авіяцыйных палкоў.
У першы дзень у баях было знішчана 30 самалётаў люфтвафэ. Тут асаблівую самаадданасць і гераізм праявіў камандзір 123‑га знішчальнага палка маёр Б. М. Сурын (загінуў), які ў чатырох паветраных баях збіў 3 варожыя самалёты; у 10 гадзін раніцы 22 чэрвеня паветраны таран над Брэстам ажыццявіў лётчык гэтага ж палка лейтэнант П. С. Рабцаў.
Пад націскам нашмат большых сіл праціўніка ў 7 гадзін раніцы 22 чэрвеня Брэст быў пакінуты часцямі Чырвонай арміі. Разрозненыя групы вайскоўцаў розных часцей, пагранічнікі і цывільныя асобы з баямі прарываліся да лініі фронту. У самім горадзе заставаліся асобныя ачагі супраціўлення. На працягу 22 чэрвеня ў будынку абласнога ваеннага камісарыята абаранялася група пад камандаваннем абласнога ваеннага камісара маёра М. Я. Стафеева і батальённага камісара Ц. Ф. Уланава: работнікі ваенкамата, палітрукі запасу, якія не паспелі выехаць на курсы ўдасканалення ў г. Смаленск, партыйныя і савецкія работнікі, пагранічнікі. Жанчын і дзяцей, якія сабраліся ў будынку на працягу некалькіх гадзін, удалося вывезці на двух грузавіках. Пасля артылерыйскага абстрэлу прамой наводкай у будынку ўзнік пажар, праломы і абвалы пахавалі пад абломкамі апошніх абаронцаў. Да 12 гадзін першага дня вайны падыходы да чыгуначнага вакзала ўтрымлівалі супрацоўнікі міліцыі, вайскоўцы і чыгуначнікі, пагранічнікі кантрольна-прапускнога пункта. Толькі пасля поўнага акружэння групы пад кіраўніцтвам начальніка лінейнага аддзялення міліцыі станцыі Брэст А. Я. Вараб’ёва, лейтэнанта-артылерыста М. Шымчанкі і старшыні П. П. Баснева адступілі ў падвалы будынка вакзала. Адхіляючы шматлікія прапановы аб здачы ў палон, 29 чэрвеня яны зрабілі спробу прарыву, але беспаспяхова.
Успаміны сведак, фота і дакументы праціўніка сведчаць аб самаадданым супраціве асобных грамадзян і тэроры фашысцкага рэжыму: у першы дзень вайны былі расстраляны 14 работнікаў цагельнага завода, якія аказвалі дапамогу параненым байцам 22‑й танкавай дывізіі; 23 чэрвеня — 24 жыхары, якія трапілі ў першую аблаву ў 9 гадзін раніцы 22 чэрвеня. Да 28 чэрвеня ў гарадской турме акупантамі ўтрымліваліся 2 тыс. чалавек.
Нягледзячы на крытычнае становішча, кіраўніцтва горада і вобласці [1‑ы сакратар Брэсцкага абкама КП(б)Б М. М. Тупіцын] зрабіла спробы арганізацыі дзеянняў: тушэнне пажараў і аказанне дапамогі пацярпелым пасля артылерыйскага абстрэлу; устанаўленне сувязі са штабамі воінскіх часцей, прадпрыемствамі і ўстановамі; па эвакуацыі цывільнага насельніцтва. Самааддана працаваў медыцынскі персанал Брэсцкай гарадской (загадчык хірургічнага аддзялення С. Т. Ільін) і Брэсцкай чыгуначнай бальніц, ратуючы тысячы параненых.
Адсутнасць сувязі з вышэйшым камандаваннем уносіла няпэўнасць у вызначэнне становішча, але ў адпаведнасці з армейскім планам абароны прадугледжваліся контрудары па праціўніку, які ўклініўся ў баявыя парадкі. Першы з такіх удараў быў зроблены часцямі 28‑га стралковага корпуса 22 чэрвеня ў 10 гадзін раніцы ў раёне Брэста, у 11:30 — пад Жабінкай, але нашмат большыя сілы ворага адцяснілі нашы часці. Аднавіць становішча пад Брэстам быў закліканы новы контрудар, загад аб правядзенні якога быў атрыманы ў 16:30 першага дня вайны. У 6 гадзін раніцы 23 чэрвеня разрозненыя часці 4‑й арміі, выйшаўшы з акопаў і ўкрыццяў, перайшлі ў наступ, якога вораг не чакаў. Нягледзячы на стойкасць і мужнасць асабовага складу, супрацьстаяць нашмат большым сілам праціўніка яны не маглі.