Дата стварэння: 16.06.2023 10:34:41
Дата змены: 11.09.2024 15:57:11
Маско́ўская бі́тва 1941–1942 гг.
Адна з вырашальных аперацый Вялікай Айчыннай вайны. Складалася з двух перыядаў: абарончыя баі (30.9 — 4.12.1941) і контрнаступленне (5.12.1941 — 20.4.1942).
Нямецка-фашысцкае камандаванне разлічвала захапіць Маскву і гэтым дасягнуць рашаючага поспеху ў вайне. Яно падрыхтавала буйную наступальную аперацыю пад кодавай назвай «Тайфун», плануючы трыма моцнымі ўдарамі танкавых груповак з раёнаў гарадоў Духаўшчына, Рослаўль і Шостка расчляніць абарону савецкіх войск, акружыць і знішчыць войскі Заходняга, Рэзервовага і Бранскага франтоў у раёнах гарадоў Вязьма і Бранск, пасля чаго моцнымі рухомымі групамі з поўначы і поўдня адначасова з франтальным наступленнем пяхотных злучэнняў авалодаць Масквой. Асноўныя сілы (74,5 дывізіі, у т. л. 14 танкавых, 8 матарызаваных) праціўнік сканцэнтраваў на ўсходзе ад Смаленска ў паласе групы армій «Цэнтр». Усяго для ажыццяўлення аперацыі «Тайфун» у складзе групы армій «Цэнтр» было сканцэнтравана 1,8 млн чалавек, больш за 14 тыс. гармат і мінамётаў, 1,7 тыс. танкаў, 1 390 самалётаў. У складзе трох савецкіх франтоў налічвалася каля 1 250 тыс. чалавек, 7,6 тыс. гармат і мінамётаў, 990 танкаў, 677 самалётаў. Савецкія войскі ў 1,5–2 разы ўступалі праціўніку ў асабовым складзе і ваеннай тэхніцы.
Бітва пад Масквой праходзіла ў паласе каля 1 тыс. км, працягвалася больш за 6 месяцаў, вылучалася выключнай напружанасцю і жорсткасцю. Нямецка-фашысцкія войскі перайшлі ў наступленне 30 верасня на бранскім і 2 кастрычніка на вяземскім напрамках. Праціўніку ўдалося прарваць абарону, вялікімі танкавымі сіламі выйсці ў тыл савецкіх войск і акружыць у раёнах Бранска і Вязьмы частку сіл Заходняга, Бранскага і Рэзервовага франтоў. Вораг захапіў гарады Калінін, Малаяраславец, Мажайск, Валакаламск. Да Масквы заставалася 80–100 км. У кастрычніку гітлераўцы зрабілі 31 налёт на Маскву, у якіх удзельнічалі 2 тыс. самалётаў (збіта 278, да горада прарваліся толькі 72).
Камуністычная партыя і савецкі ўрад прынялі экстранныя меры па стварэнні новага фронту абароны, арганізацыі абароны Масквы. Рашэннем Дзяржаўнага камітэта абароны галоўным рубяжом супраціўлення была вызначана Мажайская лінія абароны. Сюды выстаўляліся рэзервы Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання і злучэнні з іншых франтоў. Яшчэ адна лінія абароны стваралася непасрэдна на подступах да сталіцы. У горадзе і прылеглых да яго раёнах уводзіўся стан аблогі. На абарону Масквы паднялася ўся краіна. Сотні ўзброеных атрадаў народнага апалчэння, баявых дружын, груп знішчальнікаў танкаў разам з вайсковымі часцямі сталі на абарону горада. Каб палепшыць кіраванне войскамі, Стаўка 10 кастрычніка аб’яднала Заходні і Рэзервовы франты ў Заходні фронт пад камандаваннем генерала арміі Г. К. Жукава, 17 кастрычніка стварыла Калінінскі фронт (камандуючы генерал-палкоўнік I. С. Конеў), 10 лістапада расфарміравала Бранскі фронт.
Пасля 2‑тыднёвай паўзы 15–16 лістапада група армій «Цэнтр» аднавіла наступленне на Маскву, каб авалодаць ёю да зімы. Вораг нанёс моцныя ўдары, каб абысці савецкую сталіцу з поўначы і поўдня. У Падмаскоўі зноў разгарнуліся кровапралітныя бітвы. Цаной велізарных страт гітлераўцы адцяснілі абарону і дайшлі да канала Масква — Волга ў раёне г. Яхрама, авалодалі населенымі пунктамі Крукава і Красная Паляна, на некаторых участках наблізіліся да Масквы на 25–30 км. Савецкія войскі 27 і 29 лістапада нанеслі моцныя контрудары па паўночнай і паўднёвай групоўках праціўніка. У ходзе 2‑месячнай бітвы на подступах да Масквы нямецка-фашысцкая групоўка была абяссілена і абяскроўлена. Гітлераўцы 1 снежня зрабілі апошнюю спробу прарвацца да Масквы з раёна г. Нара-Фамінск, але і гэты ўдар быў адбіты. Абарончая бітва за Маскву была выйграна. Толькi з 16 лістапада да 5 снежня вораг страціў пад Масквой больш за 155 тыс. чалавек забітымі і параненымі, каля 800 танкаў, 300 гармат і да 1,5 тыс. самалётаў, яго маральны дух быў надламаны.
Без аператыўнай паўзы 5–6 снежня перайшлі ў наступленне войскі Калінінскага, Заходняга і правага крыла Паўднёва-Заходняга франтоў. Недахоп сіл і сродкаў у пэўнай меры папаўняўся раптоўнасцю контрнаступлення, якая была дасягнута шляхам утоенага засяроджвання стратэгічных рэзерваў (пад Маскву былі перакінуты войскі з Сібіры, Далёкага Усходу, Сярэдняй Азіі) на кірунках галоўных удараў і ўдалага выбару часу іх нанясення. Паспяховае наступленне развівалі войскі зноў створанага 24 снежня Бранскага фронту. У пачатку студзеня 1942 г. контрнаступленне на заходнім стратэгічным напрамку было завершана. Савецкія войскі разграмілі ўдарныя групоўкі праціўніка і адкінулі іх ад Масквы на 100–250 км, вызвалілі больш за 11 тыс. населеных пунктаў. Чырвоная армія пераходзіла ў контрнаступленне ў цяжкіх умовах, калі колькасная перавага ў жывой сіле, артылерыі і танках была яшчэ на баку праціўніка. Да пачатку снежня група армій «Цэнтр» мела ў сваім складзе 1 708 тыс. чалавек, каля 13,5 тыс. гармат і мінамётаў, 1 170 танкаў, 615 самалётаў. Савецкія войскі налічвалі каля 1,1 млн чалавек, 7 652 гарматы і мінамёты, 744 танкі, 1 тыс. самалётаў.
Контрнаступленне пад Масквой і на іншых участках фронту ў пачатку студзеня 1942 г. перарасло ў агульнае наступленне савецкіх войск на асноўных стратэгічных напрамках. Група армій «Цэнтр», нацэленая на Маскву, была адкінута на 150–400 км, вызвалены Маскоўская, Тульская вобласці, многія раёны Калінінскай, Смаленскай, Разанскай і Арлоўскай абласцей, тэрыторыя 13 сельсаветаў Віцебскай вобласці.
У Маскоўскай бітве вызначыліся воіны 316‑й стралковай дывізіі генерал-маёра I. В. Панфілава, 2‑га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса пад камандаваннем беларуса генерал-маёра Л. М. Даватара, 1‑й гвардзейскай Маскоўскай мотастралковай дывізіі пад камандаваннем ураджэнца г. Гомель генерал-маёра А. I. Лізюкова. Мужна змагаліся воіны-беларусы С. П. Алейнікаў, I. П. Камера, I. I. Казлоўскі, Г. А. Палаўчэня, П. Ф. Сычэнка, А. Д. Церашкоў і інш.
Арміі дапамагалі партызаны Калінінскай, Смаленскай, Арлоўскай і Тульскай абласцей. У час абароны Масквы толькі падпольшчыкі г. Орша за 3 месяцы зрабілі 98 крушэнняў на чыгунцы, вывелі са строю 200 паравозаў. У ходзе Маскоўскай бітвы гітлераўцы страцілі больш за 500 тыс. чалавек, 1,3 тыс. танкаў, 2,5 тыс. гармат, больш за 15 тыс. аўтамашын і іншай тэхнікі.
Маскоўская бітва мела вялікае палітычнае і стратэгічнае значэнне, была першай буйной наступальнай аперацыяй Чырвонай арміі, паваротным этапам Другой сусветнай вайны. Канчаткова быў сарваны план «маланкавай вайны», развянчаны перад усім светам міф аб непераможнасці вермахта. Гэта гістарычная перамога ўзняла міжнародны аўтарытэт СССР, садзейнічала ўзмацненню нацыянальна-вызваленчага руху ў акупіраваных краінах, паскорыла афармленне, а потым і ўмацаванне антыгітлераўскай кааліцыі. Каля 40 злучэнняў і часцей атрымала найменне «гвардзейскія», 110 воінам прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, 36 тыс. чалавек узнагароджаны ордэнамі і медалямі.
У 1944 г. устаноўлены медаль «За абарону Масквы», якім узнагароджана больш за 1 млн чалавек. Маскве 8 мая 1965 г. прысвоена ганаровае званне «Горад-герой».