pdf

ВІЦЕБСКА АБАРОНА 1941 г.

Дата стварэння: 16.06.2023 09:09:52

Дата змены: 11.09.2024 15:54:55

Ві́цебска абаро́на 1941 г.

Вялася 5–11 ліпеня 1941 г. злучэннямі 22‑й (генерал-лейтэнант П. А. Ершакоў), 20‑й (генерал-лейтэнант П. А. Курачкін), 19‑й (генерал-лейтэнант I. С. Конеў) армій Заходняга фронту і апалчэнцамі г. Віцебск у час Вялікай Айчыннай вайны.

Каб стрымаць ворага на віцебскім напрамку, 5‑ы (генерал-маёр I. П. Аляксеенка) і 7‑ы (генерал-маёр В. I. Вінаградаў) механізаваныя карпусы 20‑й арміі 6 ліпеня нанеслі контрудар у напрамку Сянно — Лепель па 3‑й танкавай трупе праціўніка (гл. Лепельскі контрудар 1941 г.).

З 5 ліпеня вяла баі на рубяжы Гняздзілавічы (цяпер Гняздзілава) — усходні бераг возера Саро — Ліпна — Парнева — Машканы — Александрова 153‑я стралковая дывізія (палкоўнік М. А. Гаген). За дзень дывізія адбівала па 5–6 варожых атак і сама пераходзіла ў наступленне. Вораг беспаспяхова атакаваў пазіцыі дывізіі 6–9 ліпеня, пасля перанёс дзеянні на поўнач і паўночны захад і ў абход прарваўся да Віцебска (9 ліпеня). Разам з рэгулярнымі часцямі горад абаранялі батальёны народнага апалчэння (гл. Віцебскае народнае апалчэнне 1941 г.). Двойчы 10 ліпеня выбівала праціўніка з усходняй часткі горада 220‑я мотастралковая дывізія 19‑й арміі. Выкарыстаўшы перавагу ў сіле, нямецка-фашысцкія войскі 11 ліпеня захапілі Віцебск.

Абарона Віцебска затрымала прасоўванне ворага на ўсход, нанесла яму значныя страты.