Дата стварэння: 28.12.2023 12:09:47
Дата змены: 27.12.2024 11:41:09
Ла́геры сме́рці нямецка-фашысцкія
Ствараліся гітлераўцамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на часова акупіраванай тэрыторыі СССР для масавага знішчэння савецкіх грамадзян, задушэння іх супраціўлення і выкарыстання прымусовай працы зняволеных. Былі арганічнай часткай акупацыйнага рэжыму, палітыкі генацыду. Уяўлялі сабой складаную сістэму, у стварэнні якой прымалі ўдзел усе акупацыйныя сілы.
Па афіцыйным прызначэнні падзяляліся на лагеры для ваеннапалонных (перасыльныя «дулагi», стацыянарныя «шталагі», для палонных афіцэраў «афлагі»), для цывільнага насельніцтва (жаночыя, працоўныя лагеры СД, перасыльныя лагеры СС, штрафныя, гета, часовыя лагеры для непрацаздольных на перадавой лініі фронту і інш.).
У большасці выпадкаў лагер смерці ўяўляў адкрытаую прастору, агароджаную калючым дротам з вышкамі для кулямётчыкаў, з прыстасаванымі ці наспех абсталяванымі памяшканнямі барачнага тыпу, часта гэта проста былі земляныя норы або акопы. Лагеры ваеннапалонных часам размяшчаліся на тэрыторыі пакінутых ваенных гарадкоў Чырвонай арміі, пад гета адводзіліся асобныя часткі населеных пунктаў, дзе да вайны кампактна пражывала яўрэйскае насельніцтва.
Ахову лагераў і знішчэнне вязняў праводзілі падраздзяленні вермахта, СД і СС. У лагерах смерці зняволеных губілі голадам, катаржнай працай, збіваннем, цкаваннем сабакамі, катаваннямі, павешаннямі, расстрэламі, спальваннем, закопваннем зажыва, падрывам гранатамі, злачыннымі эксперыментамі ўрачоў-садыстаў і г. д.
На тэрыторыі акупіраванай Беларусі было больш за 260 лагераў смерці, іх філіялаў і аддзяленняў.
Адзін з першых лагераў створаны па распараджэнні камандуючага 4‑й палявой арміяй генерал-фельдмаршала Г. фон Клюге ў в. Дразды каля Мінска, дзе ўтрымліваліся ваеннапалонныя і цывільныя асобы ва ўзросце ад 15 да 60 гадоў. У «Справаздачы аб лагеры ваеннапалонных у Мінску» ад 10 ліпеня 1941 г. гітлераўскі чыноўнік К. Дорш паведамляў аднаму з вядучых ідэолагаў нацысцкай партыі, будучаму кіраўніку германскага Міністэрства па справах акупіраваных тэрыторый рэйхсляйтару (імперскаму кіраўніку) А. Розенбергу: «Адзіна даступным сродкам недастатковай аховы, што дзень і ноч стаіць на варце, з’яўляецца агнястрэльная зброя, якую яна бязлітасна ўжывае».
У Трасцянецкім лагеры смерці (адзін з васьмі найбуйнейшых па колькасці ахвяр нацысцкіх лагераў смерці) каля Мінска былі загублены, паводле зробленых у 1944 г. даследаванняў і падлікаў Мінскай абласной камісіі садзейнічання Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў, 206,5 тыс. чалавек.
Адным з найвялікшых гарадскіх лагераў смерці было гета ў Мінску, створанае па загадзе начальніка 812‑й палявой камендатуры ад 19 ліпеня 1941 г. Праз яго прайшло каля 100 тыс. чалавек.
Жудаснымі па сваёй жорсткасці былі лагеры смерці, арганізаваныя гітлераўцамі ў франтавой палосе. Тры такія лагеры былі створаны па загадзе камандуючага 9‑й арміяй генерала танкавых войск Ё. Харпе на тэрыторыі сучаснай Гомельскай вобласці каля вёсак Азарычы (цяпер гарадскі пасёлак у Калінкавіцкім раёне), Дзерць (цяпер у складзе в. Юркі Акцябрскага раёна) і Падасіннік (цяпер не існуе, знаходзілася ў Светлагорскім раёне). З 46 тыс. (паводле нямецкіх звестак) вязняў гэтых лагераў савецкія воіны выратавалі 33 480 чалавек, у т. л. 15 960 дзяцей да 13 гадоў, астатніх гітлераўцы загубілі (гл. Азарыцкія лагеры смерці).
Нечуванымі па сваім садызме былі лагеры смерці, у якіх гітлераўскія захопнікі забіралі для сваіх параненых кроў у беларускіх дзяцей і падлеткаў. Толькі ў в. Скобраўка Пухавіцкага pаёна Мінскай вобласці загінулі 1,5 тыс. беларускіх дзяцей-донараў.
Лагеры смерці на тэрыторыі Беларусі, у т. л. Трасцянецкі і гета ў Мінску, выкарыстоўваліся гітлераўцамі для знішчэння таксама грамадзян з краін Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, акупіраваных нацысцкай Германіяй.
Па няпоўных даных у лагерах смерці на тэрыторыі Беларусі нацысты загубілі больш за 1,4 млн савецкіх грамадзян, у т. л. у г. Бабруйск Магілёўскай вобласці (4 лагеры, 8 аддзяленняў і філіялаў) больш за 44 тыс. чалавек, у г. Барысаў Мінскай вобласці (6 лагераў смерці) больш за 33 тыс. чалавек, у г. Баранавічы (абласны цэнтр, 2 лагеры) 31 тыс. чалавек, у г. Брэст (абласны цэнтр, 4 лагеры, 8 аддзяленняў і філіялаў) 34 тыс. чалавек, у г. Віцебск (абласны цэнтр, 5 лагераў, 6 аддзяленняў і філіялаў) каля 150 тыс. чалавек, у г. Ваўкавыск Беластоцкай вобласці 20 тыс. чалавек, у г. Глыбокае Вілейскай вобласці (3 лагеры) больш за 37 тыс. чалавек, у г. Гомель (абласны цэнтр, 5 лагераў, 6 аддзяленняў) больш за 100 тыс. чалавек, у г. Гродна Беластоцкай вобласці (5 лагераў, 4 аддзяленні) больш за 30 тыс. чалавек, у г. п. Дамачава і Дамачаўскім раёне Брэсцкай вобласці каля 20 тыс. чалавек, у г. Крычаў Магілёўскай вобласці (3 лагеры) каля 24 тыс. чалавек, у г. Ліда Баранавіцкай вобласці (3 лагеры) больш за 17 тыс. чалавек, у г. Лунінец Пінскай вобласці больш за 16 тыс. чалавек, у Мінску (у горадзе і наваколлі 9 лагераў смерці з філіяламі і аддзяленнямі) каля 400 тыс. чалавек, у г. Магілёў (абласны цэнтр, 5 лагераў) 70 тыс. чалавек, у г. Маладзечна Вілейскай вобласці (3 лагеры, 13 аддзяленняў) больш за 33 тыс. чалавек, у г. Навагрудак Баранавіцкай вобласці больш за 28 тыс. чалавек, у г. Орша Віцебскай вобласці 19 тыс. чалавек, у г. Пінск (абласны цэнтр, 4 лагеры) каля 60 тыс. чалавек, у г. Полацк Віцебскай вобласці (3 лагеры) каля 150 тыс. чалавек, у г. Слуцк Мінскай вобласці (3 лагеры) каля 20 тыс. чалавек (гл. таксама Бабруйскі лагер смерці, Беразвецкі лагер смерці, Бронная Гара, Калбасінскі лагер смерці, Калдычэўскі лагер смерці, Лупалаўскі лагер смерці, Ляснянскі лагер смерці, Маладзечанскі лагер смерці, Масюкоўшчынскі лагер смерці).
Адступаючы з Беларусі пад націскам савецкіх войск, гітлераўцы ў 1944 г. правялі паўсюдную масавую акцыю знішчэння ўсіх, хто яшчэ ўтрымліваўся ў лагерах, і паспрабавалі замесці сляды жорсткіх злачынстваў, спальваючы астанкі сваіх ахвяр і маскіруючы магільныя равы.
Шматлікімі дакументамі, матэрыяламі, паказаннямі сведкаў гітлераўцы былі поўнасцю выкрыты ў сваіх крывавых злачынствах (гл. Надзвычайная дзяржаўная камісія па выяўленні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і іх саўдзельнікаў). Аднак шмат хто з нацысцкіх злачынцаў, непасрэдных арганізатараў і ўдзельнікаў знішчэння савецкіх грамадзян у лагерах смерці, а таксама іх памагатых з ліку калабарацыяністаў пазбег адказнасці, апынуўшыся пасля вайны ў ЗША, Канадзе, ФРГ, Аўстраліі і некаторых лацінаамерыканскіх дзяржавах.
У памяць аб загінулых у лагерах смерці пастаўлены помнікі, створаны мемарыяльныя комплексы. Мемарыял пагубленым у лагерах смерці на тэрыторыі Беларусі ўваходзіць у склад мемарыяльнага комплексу «Хатынь».