Калдычэ́ўскі ла́гер сме́рці
Створаны нямецкімі захопнікамі ў 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі былой сядзібы Шалевічаў на ўсходняй ускраіне в. Калдычэва Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, за 1 км ад шашы Баранавічы — Навагрудак, для ізаляцыі і масавай загубы яўрэяў, савецкіх ваеннапалонных, беларускіх і польскіх партызан і падпольшчыкаў, а таксама асоб, якія ім спачувалі і дапамагалі або толькі падазраваліся ў гэтым.
Тэрыторыя лагера была абнесена калючым дротам, вакол пабудаваны дрэва-земляныя агнявыя пункты (дзоты), пастаўлены пражэктары. Аснову аховы лагера складалі мясцовыя паліцэйскія-калабарацыяністы. З выкарыстаннем сядзібных пабудоў былі абсталяваны баракі для зняволеных, спецыяльная камера катаванняў, лагерная турма на 12 камер. Большая частка вязняў утрымлівалася пад адкрытым небам.
У лагеры знаходзіліся тысячы людзей. Акупанты і іх памагатыя марылі вязняў голадам, непасільнай працай на торфараспрацоўках, падвяргалі розным здзекам, катавалі, вешалі, расстрэльвалі, спальвалі жывымі.
У ноч на 30 чэрвеня 1944 г., за некалькі дзён да вызвалення Чырвонай арміяй, гітлераўцы расстралялі вязняў і ўзарвалі асноўныя памяшканні лагера. Каб замесці сляды злачынстваў, магілы раўнавалі з зямлёй. У лагеры загублена больш за 22 тыс. чалавек.
Ахвярам нацысцкага тэрору пастаўлены помнікі: у 1964 г. — на паўднёва-заходняй ускраіне Калдычэва (пазней тут створаны мемарыял) і на адным з месцаў пахаванняў ахвяр нацызму (за 500 м ад былога лагера), у 2007 г. — памятны знак каля шашы Навагрудак — Баранавічы. На закансерваваных руінах лагернай турмы ўстаноўлены мемарыяльныя дошкі.