pdf

БАРАНАВІЧЫ

Дата стварэння: 12.04.2023 10:34:17

Дата змены: 28.10.2025 09:25:54


location Google location Yandex

Баранавічы (памятны знак вязням гета)


Бара́навічы

Горад, цэнтр Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. За 206 км ад г. Брэст, за 149 км ад Мінска, буйны чыгуначны вузел (лініі на Мінск, Брэст, Лунінец, Ліду і Ваўкавыск) і вузел аўтамабільных дарог.

У 1939–1954 гг. цэнтр Баранавіцкай вобласці.

У 1939 г. у Баранавічах было 27,4 тыс. жыхароў.


У гады Вялікай Айчыннай вайны

У першыя дні вайны ў раёне Баранавіч вялі баі з фашысцкімі захопнікамі часці 155‑й (генерал-маёр П. А. Аляксандраў) і 55‑й (палкоўнік Д. I. Іванюк) стралковых дывізій. Вораг 25 чэрвеня 1941 г. на працягу дня вёў атакі на рубяжы Баранавічы — Сіняўка, аднак поспеху не меў. Яму ўдалося пацясніць савецкія войскі 26 чэрвеня, але да горада ён не наблізіўся. У цяжкіх абарончых баях вызначыліся многія падраздзяленні, у т. л. 129‑ы асобны знішчальна-процітанкавы дывізіён.

Баранавічы акупіраваны 27 чэрвеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі загубілі ў горадзе і ваколіцах 128 110 чалавек, у т. л. 31 тыс. савецкіх ваеннапалонных у створаным у Баранавіцкай цэнтральнай турме філіяле Ляснянскага лагера смерці і звыш 18 тыс. вязняў гета ў Баранавічах — жыхароў горада і наваколля, а таксама 3 тыс. чэхаславацкіх яўрэяў, якія ў чэрвені 1942 г. былі дастаўлены спецыяльным эшалонам з г. Тэрэзін і расстраляны ва Урочышчы Гай; зруйнавалі 80 % прамысловых прадпрыемстваў, навучальных і культурна-асветных устаноў, 2,5 тыс. жылых дамоў.

Барацьбу з акупантамі вялі Баранавіцкі падпольны гаркам КП(б)‌Б, Баранавіцкае гарадское патрыятычнае падполле, Баранавіцкі падпольны абкам КП(б)‌Б, Баранавіцкі падпольны абкам ЛКСМБ, Баранавіцкая акруговая антыфашысцкая арганізацыя. На тэрыторыі вобласці дзейнічалі Баранавіцкае партызанскае злучэнне і Баранавіцкае Паўднёвай зоны партызанскае злучэнне; выдаваліся падпольныя газеты «За Родину» — орган Баранавіцкага падпольнага гаркама КП(б)‌Б, «Чырвоная звязда» — орган Баранавіцкага падпольнага абкама КП(б)‌Б.

Баранавічы вызвалены 8 ліпеня 1944 г. у ходзе наступлення войск 1‑га Беларускага фронту на баранавіцка-слонімскім напрамку ў перыяд Беларускай аперацыі 1944 г. Вызвалялі горад войскі 65‑й арміі (генерал-палкоўнік П. I. Батаў) — 37‑я (палкоўнік В. Л. Марозаў) і 75‑я (генерал-маёр В. А. Гарышны) гвардзейскія стралковыя дывізіі, 15‑я (генерал-маёр К. Е. Грабеннік) і 69‑я (генерал-маёр I. I. Санкоўскі) стралковыя дывізіі 18‑га стралковага корпуса, 193‑я стралковая дывізія (генерал-маёр А. Р. Фралянкоў) і частка сіл 44‑й гвардзейскай стралковай дывізіі (генерал-маёр У. А. Барысаў) 105‑га стралковага корпуса, 251‑ы асобны танкавы полк (падпалкоўнік Ф. С. Верлань), 922‑і самаходны артылерыйскі полк (падпалкоўнік А. В. Сакалоў); 28‑й арміі (генерал-лейтэнант А. А. Лучынскі) — 50‑я гвардзейская стралковая дывізія (генерал-маёр А. С. Уладычанскі) 3‑га гвардзейскага стралковага корпуса, 130‑я стралковая дывізія (палкоўнік К. В. Сычоў) 123‑га стралковага корпуса, 881‑ы самаходны артылерыйскі полк (капітан П. М. Хачатур’янц) 3‑га танкавага корпуса; 16‑й паветранай арміі (генерал-палкоўнік авіяцыі С. I. Рудэнка) — 283‑я знішчальная авіяцыйная дывізія (палкоўнік С. М. Чырва), частка сіл 2‑й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай дывізіі (генерал-маёр авіяцыі Г. В. Камароў), 323‑й знішчальнай авіяцыйнай дывізіі (палкоўнік П. П. Рыбакоў) 8‑га знішчальнага авіякорпуса, 234‑й (палкоўнік Я. З. Татанашвілі) і 273‑й (палкоўнік М. В. Ісаеў) знішчальных авіяцыйных дывізій 6‑га знішчальнага авіякорпуса.

Ганаровае найменне «Баранавіцкія» нададзена 28 вайсковым злучэнням і часцям Чырвонай арміі, якія вызвалялі горад (гл. Баранавіцкія вайсковыя злучэнні і часці).

У Баранавічах знаходзяцца:

  • брацкія магілы савецкіх воінаў; савецкіх воінаў і партызан; падпольшчыкаў, у т. л. на воінскім участку грамадзянскіх могілак; савецкіх ваеннапалонных; магілы Герояў Савецкага Саюза В. І. Матроніна, І. П. Лісіна, А. Г. Наканечнікава, двойчы Героя Савецкага Саюза М. Ц. Сцепанішчава, генерал-маёра І. Л. Рагулі, савецкіх воінаў Ф. В. Чорнага і А. І. Астроўскага, падпольшчыка М. Ф. Дарашэвіча і яго сваякоў; магілы ахвяр фашызму; на магілах устаноўлены помнікі;

  • мемарыяльны комплекс «Урочышча Гай»;

  • мемарыяльны комплекс «Памяць» на месцы знішчэння і пахавання 31 тыс. савецкіх ваеннапалонных;

  • мемарыяльны комплекс на магіле ахвяр фашысцкага тэрору — вязняў гета (на месцы перапахавання 12 тыс. яўрэяў з Баранавіч);

  • помнік Вызвалення (воінам і партызанам, якія вызвалялі Баранавічы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў);

  • помнік воінам-аўтамабілістам;

  • помнік воінам-артылерыстам;

  • памятны знак у гонар партызан Баранавіцкага злучэння;

  • памятны знак ахвярам фашызму;

  • памятны знак асобам, якія ўтрымліваліся ў лагеры грамадзянскага насельніцтва на чыгуначнай станцыі Баранавічы-Цэнтральныя ў перыяд з сакавіка 1943 г. па ліпень 1944 г.;

  • мемарыяльныя дошкі ў гонар Герояў Савецкага Саюза А. Г. Наканечнікава, І. П. Лісіна, А. І. Казакова, У. З. Царука, А. Р. Фралянкова, В. Я. Чарнышова, І. К. Кабушкіна, Я. Ф. Паўлава; падпольшчыкаў Л. П. Барадзінскага, М. Ф. Дарашэвіча; Маршала Савецкага Саюза Г. К. Жукава; Маршала Савецкага Саюза К. К. Ракасоўскага; генерал-маёра І. Л. Рагулі, які загінуў пры вызваленні Баранавіч; у гонар падпольшчыкаў на месцы іх гібелі; ахвярам фашызму (вязням гета, расстраляным у сакавіку 1942 г. каля Зялёнага маста на ўскраіне горада).

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 лютага 2024 г. № 44 горад Баранавічы ўзнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».



Літаратура
  1. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.

  2. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Брэсцкая вобласць / Рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1984.

  3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 1: А—Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993.

  4. Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 2: Аршыца—Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1996.

  5. Республика Беларусь: энциклопедия: в 6 (7) т. Т. 2: А—Герань / Редкол.: Г. П. Пашков (глав. ред.) [и др.]. – Минск: Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки, 2006.

  6. Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя: у 10 т. Т. 3: Кн 1: Брэсцкая вобласць / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2006.

  7. Регионы Беларуси. Брестская область: в 7 т. Т. 1. Кн. 1 / Редкол.: Т. В. Белова (глав. ред.) [и др.]. – Минск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009.

  8. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка г. Баранавічы і Баранавіцкага раёна / Рэдкал.: Г. К. Кісялёў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: БЕЛТА, 2000.

  9. Памяць. Беларусь. Рэспубліканская кніга / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1995.

  10. Памяць Беларусі. Рэспубліканская кніга / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005.

  11. Без срока давности. Беларусь: преступления нацистов и их пособников против мирного населения на оккупированной территории БССР в годы Великой Отечественной войны. Брестская область: Сборник архивных документов и материалов / Редкол.: А. К. Демянюк [и др.]. – Минск: Национальный архив Республики Беларусь; – Москва: Фонд «Историческая память», 2022.

  12. Справочник о местах принудительного содержания гражданского населения на оккупированной территории Беларуси, 1941–1944 / сост.: В. И. Адамушко [и др.]. – Минск: Гос. ком. по арх. и делопроизводству Респ. Беларусь, 2001.

  13. Партизанские формирования Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944) / А. Л. Манаенков (руководитель) [и др.]. – Минск: Беларусь, 1983.

  14. Шомоди В. Э. Маршрутами народной славы: учебное пособие для педагогов и воспитателей. – Минск: Университетское, 2001.

  15. Ботвинник М. Б. Памятники геноцида евреев Беларуси. – Минск: Беларуская навука, 2000.