Бабру́йскі ла́гер сме́рці
Агульная назва месцаў утрымання і масавага знішчэння нямецка-фашысцкімі захопнікамі савецкіх ваеннапалонных і мірных грамадзян у г. Бабруйск Магілёўскай вобласці у 1941–1944 гг. у час Вялікай Айчыннай вайны.
У розны час у горадзе існавалі лагеры савецкіх ваеннапалонных: перасыльныя (дулагі) № 131, № 314, № 220, № 142, афіцэрскі лагер (офлаг) № 21 А, пастаянныя (шталагі) № 343 і № 373.
Самым буйным быў перасыльны лагер № 131, які размяшчаўся на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці. Ваеннапалонныя падвяргаліся тут асабліва жорсткім і вытанчаным здзекам. Іх трымалі пад адкрытым небам і ў напаўзакінутых памяшканнях, якія не ацяпляліся, людзей марылі голадам, збівалі, катавалі і расстрэльвалі без дай прычыны. Да канца жніўня 1941 г. тут утрымлівалася 29 тыс. чалавек. Усяго праз лагер да 20 лістапада 1941 г. прайшло 158 тыс. вязняў, каля 15 тыс. з якіх былі пакараны смерцю або памерлі ад хвароб, голаду і холаду. У лістападзе 1941 г. у дулагу № 131 знаходзілася каля 60 тыс. чалавек, з іх больш як 20 тыс. пад адкрытым небам. З-за голаду, холаду і антысанітарных умоў пачалася эпідэмія сыпнога тыфу. У кастрычніку — лістападзе за суткі паміралі 600–800, а з наступленнем маразоў — да тысячы чалавек. Цяжкахворых нацысты закопвалі ў адных ямах з памерлымі. Каб пазбавіцца ад «лішку» ваеннапалонных (не хапала цягнікоў для іх вывазу) і дзеля дадатковага здзеку з іх, гітлераўцы па загадзе каменданта палкоўніка Штурма ва ўрачысты для савецкіх людзей дзень 7 лістапада 1941 г. (святкаванне гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917) падпалілі адну з казарм на тэрыторыі лагера. Зняволеных, якія выбягалі з з ахопленага полымем будынка, расстрэльвалі з кулямётаў. Пажарную каманду, якая прыбыла з горада, ахова лагера на працягу дзвюх гадзін не прапускала да месца пажару. У выніку згарэла або было застрэлена больш як 4 тыс. чалавек. Пад выглядам адпраўкі ў Мінск 3,2 тыс. распранутых ваеннапалонных пагрузілі на адкрытыя платформы. Усе яны ў дарозе замерзлі насмерць.
Да жніўня 1942 г. у Бабруйску было загублена прыблізна 40 тыс. чалавек. Да студзеня 1944 г. усе ваеннапалонныя загінулі або былі вывезены з прыфрантавога Бабруйска. Замест іх гітлераўцы кідалі за калючы дрот звычайных грамадзян, якія ўтрымліваліся там у жудасных умовах. Каля 5 тыс. спакутаваных і паміраючых людзей 29 чэрвеня 1944 г. вызваліла Чырвоная армія у ходзе Бабруйскай аперацыі 1944 г.
На Мінскім судовым працэсе 1946 г. над нацысцкімі ваеннымі злачынцамі да смяротнага пакарання праз павешанне быў прыгавораны былы намеснік каменданта дулага № 131 гаўптман (капітан) К. Лангут, які непасрэдна ўдзельнічаў у масавым забойстве ваеннапалонных 7 лістапада 1941 г. і ў іншых жорсткіх расправах над вязнямі.
На месцы дулага № 131 на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці 3 ліпеня 2014 г. адкрыты мемарыяльны комплекс «Ахвярам фашызму» (скульптар А. Шапо, архітэктар Л. Левін).
Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии, 1941–1944 / сост.: З. И. Белуга [и др.]. – Минск: Беларусь, 1965.
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.
Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Бабруйска / Рэдкал.: В. П. Алімбачкаў [і інш.]. – Мінск: Вышэйшая школа, 1995.
Лагеря советских военнопленных в Беларуси, 1941–1944: справочник / Редкол.: В. И. Адамушко (глав. ред.) [и др.]. – Минск: НАРБ, 2004.
Яцкевіч Н. А. Масюкоўшчына. Трагедыя савецкіх ваеннапалонных / Н. А. Яцкевіч, М. Г. Нікіцін. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2019.
Регионы Беларуси. Могилёвская область: энциклопедия: в 7 т. Т. 6. Кн. 1: А—К / Редкол.: О. В. Ванина (глав. ред.) [и др.]. – Минск: Белорусская Энциклопедия имени Петруся Бровки, 2020.
Геноцид белорусского народа. Лагеря смерти: информационно-аналитические материалы и документы / под общ. ред. А. И. Шведа. – Минск: Беларусь, 2022.