pdf

МАСЮКОЎШЧЫНСКІ ЛАГЕР СМЕРЦІ

Дата стварэння: 05.12.2024 10:44:33

Дата змены: 22.10.2025 11:28:30


location Google location Yandex

Масюкоўшчынскі лагер смерці


Масюко́ўшчынскі ла́гер сме́рці

Шталаг № 352.

Створаны нямецка-фашысцкімі акупантамі ў ліпені 1941 г. у час Вялікай Айчыннай вайны для масавай загубы савецкіх грамадзян (ваеннапалонных і цывільных).

Складаўся з дзвюх асноўных частак: «ляснога» лагера каля в. Масюкоўшчына Мінскага раёна (цяпер у межах Мінска) на тэрыторыі пакінутага ваеннага гарадка адной з часцей Чырвонай арміі; гарадскога лагера на тэрыторыі ваеннага гарадка іншай савецкай вайсковай часці (т. зв. Пушкінскія казармы) у раёне, абмежаваным сучаснымі вуліцамі Калініна, Лагойскі тракт, Бялінскага і не існуючай цяпер вузкакалейнай чыгункай побач з сучасным зав. Калініна. Меў 22 філіялы і аддзяленні ў Мінску і больш за 90 на чыгуначных станцыях Беларусі, дзе выкарыстоўвалася праца ваеннапалонных.

Лагеры былі агароджаны калючым дротам. Вязні размяшчаліся ў летніх бараках, прыстасаваных гаспадарчых памяшканнях (гаражы, стайні, склады), казармах (хворыя); за суткі атрымлівалі на чалавека 100–200 г эрзац-хлеба і ⅓ л малапажыўнай поліўкі (баланды). У зіму 1941–1942 гг. вязні штодня сотнямі гінулі ад павальных хвароб, голаду, холаду і непасільнай працы. Нацыстамі была ўстаноўлена асабліва суровая сістэма катаванняў і масавых забойстваў. У «лясным» лагеры існавала ўнутраная падземная турма. Забітых і памерлых вязняў яшчэ жывыя іх таварышы вывозілі на сабе за агораджу і скідвалі ў магільныя равы ў розных месцах побач з «лясным» і гарадскім лагерамі або проста пакідалі на зямлі. Каля «ляснога» лагера асноўным месцам пахаванняў была пляцоўка па другі бок чыгункі Мінск — Маладзечна ля в. Глінішча (цяпер не існуе), каля гарадскога лагера — месца побач з сучасным зав. Калініна.

Пасля выхаду Італіі з гітлераўскай кааліцыі (1943) сюды прывозілі італьянскіх салдат.

За час існавання лагера да 3 ліпеня 1944 г. тут было загублена больш як 80 тыс. савецкіх грамадзян, пераважна ваеннапалонных.

Вязні лагераў стваралі падпольныя групы супраціўлення, карысталіся любой магчымасцю ўцячы, у чым ім дапамагалі мясцовыя жыхары. Толькі падпольшчыкі Мінска дапамаглі збегчы з няволі каля двум тысячам ваеннапалонных, большасць якіх уліліся ў партызанскія фарміраванні. Група ваеннапалонных з 15 чалавек здолела ўцячы 30 чэрвеня 1943 г. з «ляснога» лагера на двух бронемашынах, якія яны адрамантавалі ў лагернай майстэрні. Вязень гарадскога лагера вядомы рускі пісьменнік С. П. Злобін падпольна выдаваў рукапісную газету «Пленная правда». Пасля вайны ён напісаў раман «Прапаўшыя без вестак», дзе шмат старонак прысвечана трагедыі і мужнаму супраціўленню вязняў шталага № 352.

Напярэдадні вызвалення Мінска гітлераўцы вывезлі апошніх вязняў ва Усходнюю Прусію.

На месцы масавых пахаванняў вязняў каля былой в. Глінішча у 1950–1960‑я гг. створаны мемарыяльныя могілкі, на якіх узведзены помнік-манумент і ратонда, запалены Вечны агонь.

Астанкі вязняў шталага № 352 працягваюць знаходзіць у іншых месцах. Так, астанкі 523 вязняў гарадскога лагера былі знойдзены ў 1990 г. у час будаўніцтва аднаго з дамоў па зав. Калініна. З воінскімі ўшанаваннямі яны былі перапахаваны ў брацкай магіле на тэрыторыі вайсковай часці, размешчанай на месцы гарадской часткі лагера.

У 2016 г. астанкі 144 вязняў «ляснога» лагера, знойдзеныя побач з яго былой тэрыторыяй, з воінскімі ўшанаваннямі перапахаваны на мемарыяльных могілках у Масюкоўшчыне.

У 1964 г. на падставе знойдзеных рэгістрацыйных дакументаў часткі памерлых вязняў выдадзены мартыралог «Вечная памяць вам, сыны савецкага народа» — пайменны спісак на 9,4 тыс. чалавек.

Мемарыяльны комплекс у памяць аб ахвярах гарадской часткі Масюкоўшчынскага лагера смерці ўзведзены ў 2011–2012 гг. на рагу вуліц Я. Коласа і Калініна ў Мінску.

У Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны створана экспазіцыя, прысвечаная Масюкоўшчынскаму лагеру смерці.