АЗОНЧЫК, Аляксандр Сямёнавіч

А. С. Азончык

АЗОНЧЫК

Дата стварэння: 22.05.2023 11:06:43

Дата змены: 25.08.2024 21:16:18


АЗО́НЧЫК Аляксандр Сямёнавіч (партызанскі псеўданім Лялін; 10.8.1908, в. Яцкавічы Мядзельскага раёна Мінскай вобласці — 8.2.1995).

Адзін з кіраўнікоў партызанскага руху ў Вілейскай вобласці ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Герой Савецкага Саюза (1944).

У 1929–1931 гг. служыў у польскай арміі, потым жыў у Эстоніі. З пачаткам Другой сусветнай вайны зноў мабілізаваны ў польскую армію. Трапіў у савецкі палон. Быў інтэрніраваны, пасля вярнуўся на радзіму, дзе ў кастрычніку — снежні 1939 г. удзельнічаў у стварэнні і дзейнасці Чырвонай гвардыі. З лістапада 1939 г. пазаштатны супрацоўнік НКУС.

У жніўні 1941 г. арганізаваў партызанскую дыверсійную групу, якая з чэрвеня 1942 г. дзейнічала ў складзе атрада імя С. М. Будзённага. Са снежня 1943 г. камандзір атрада «Патрыёт» у партызанскай брыгадзе імя С. М. Будзённага, адначасова начальнік асобага аддзела брыгады. Атрад пад яго камандаваннем правёў 439 баявых аперацый, пусціў пад адхон 47 варожых эшалонаў.

Пасля злучэння атрада з Чырвонай арміяй у 1944 г. накіраваны на савецкую работу, у далейшым працаваў суддзёй Вілейскага раёна.