Дата стварэння: 22.05.2023 12:16:28
Дата змены: 11.09.2024 15:03:36
ЯКУБО́ЎСКІ Іван Ігнатавіч (7.1.1912, в. Зайцава Горацкага раёна Магілёўскай вобласці — 30.11.1976).
Маршал Савецкага Саюза (1967).
Двойчы Герой Савецкага Саюза (студзень, верасень 1944).
Герой Чэхаславацкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1970).
Скончыў Аб’яднаную беларускую вайсковую школу імя ЦВК БССР (1934), Вышэйшую ваенную акадэмію імя К. Я. Варашылава (1948).
У Чырвонай арміі з 1932 г. Удзельнік вызвалення Заходняй Беларусі ў 1939 г., савецка-фінляндскай вайны 1939–1940 гг.
У Вялікую Айчынную вайну з 1941 г. на Заходнім, Паўднёвым, Паўднёва-Заходнім, Сталінградскім, Данскім, Бранскім, Цэнтральным, Варонежскім і 1‑м Украінскім франтах: камандзір танкавага батальёна, палка, намеснік камандзіра і камандзір танкавай брыгады, намеснік камандзіра танкавага корпуса.
Удзельнік абарончых баёў пад Мінскам і Магілёвам, Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Украіны, Польшчы, Львоўска-Сандамірскай, Вісла-Одэрскай, Ніжне- і Верхнесілезскіх, Берлінскай і Пражскай аперацый. Вызначыўся пры фарсіраванні Дняпра і Віслы, вызваленні Кіева і Фастава, захопе Сандамірскага плацдарма.
Пасля вайны на камандных пасадах у Савецкай арміі. З 1957 г. першы намеснік і галоўнакамандуючы Групай савецкіх войск у Германіі; з 1967 г. першы намеснік міністра абароны СССР, з ліпеня адначасова галоўнакамандуючы Аб’яднанымі Узброенымі Сіламі краін — удзельніц Варшаўскага дагавора.
Бюст І. І. Якубоўскага ўстаноўлены ў г. Горкі Магілёўскай вобласці. На будынку Аршанскага каледжа, дзе ён вучыўся, мемарыяльная дошка. Імем І. І. Якубоўскага названы вуліцы ў гарадах Асіповічы, Магілёў і Мінск, г. п. Бялынічы; у Горках — вуліца, завулак, плошча і сквер.