БЕЛАРУСКАЕ КУЛЬТУРНАЕ ЗГУРТАВАННЕ, пранацысцкая арганізацыя культурна-асветнага кірунку
pdf

БЕЛАРУСКАЕ КУЛЬТУРНАЕ ЗГУРТАВАННЕ

Дата стварэння: 16.06.2023 08:47:00

Дата змены: 11.09.2024 14:47:18


Белару́скае культу́рнае згуртава́нне(БКЗ)

Культурна-асветная арганізацыя калабарацыяністаў, якая дзейнічала на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Беларусі ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Створана ў студзені 1944 г. у Мінску пад кіраўніцтвам Беларускай цэнтральнай рады (БЦР) са згоды германскіх акупацыйных улад. Кіраўнік — А. Т. Калубовіч.

Мела 4 аддзелы: музыкі [узначальваў М. М. Шчаглоў (М. Куліковіч)], прапаганды і беларускай культуры (У. Дудзіцкі), літаратуры (Н. А. Арсеннева), музеяў і краязнаўства (А. А. Шукелойць).

Ставіла за мэту аб’яднаць усе існуючыя на той час на акупіраванай тэрыторыі Беларусі культурна-асветніцкія ўстановы (тэатры, народныя дамы, бібліятэкі, музеі і інш.). Пры дапамозе БКЗ кіраўніцтва БЦР спадзявалася ўздзейнічаць на беларускае насельніцтва з мэтай прапаганды палітыкі і ідэалогіі акупантаў, барацьбы супраць камуністычнай ідэалогіі і інш. Аднак гэтыя спробы гітлераўцаў і іх памагатых не мелі падтрымкі ў насельніцтва Беларусі.


Літаратура
  1. Літвін А. М. Беларускае культурнае згуртаванне // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 1: А—Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1993.