pdf

ВІЛЕЙСКІ БОЙ 1943 г.

Дата стварэння: 16.06.2023 09:09:13

Дата змены: 11.09.2024 15:54:55

Віле́йскі бой 1943 г.

Бой партызанскай брыгады 1‑й Антыфашысцкай супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў у г. Biлейка 31 кастрычніка — 1 лістапада 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Варожы гарнізон у Вілейцы налічваў 3 тыс. салдат і афіцэраў, некалькі артылерыйскіх і мінамётных узводаў; на заходняй ускраіне горада знаходзілася паліцэйская школа; з поўдня і ўсходу Biлейка была абаронена сістэмай дзотаў. Гарнізон прымаў актыўны ўдзел ва ўсіх буйных карных аперацыях, рабаваннях, знішчэнні савецкіх грамадзян (толькі ў Вілейцы ім загублена каля 4 тыс. жыхароў). У горадзе размяшчалася больш за 10 складоў з прадуктамі, боепрыпасамі, ваеннай амуніцыяй.

Партызаны планавалі раптоўным ударам нанесці праціўніку страты ў жывой сіле і тэхніцы, аслабіць яго карныя дзеянні. Брыгада 27–30 кастрычніка скрытна сканцэнтравалася ў раёне вёсак Сутокі, Хадасы і Харкі. Стралковыя атрады адначасова з пачаткам артпадрыхтоўкі 31 кастрычніка ў 23 гадзіны перайшлі ў наступленне. У вулічных баях супраць намнога большых сіл праціўніка яны знішчылі станцыйныя збудаванні, лесапільны завод, млын, воданапорную вежу, 3 трактары, 4 цыстэрны з гаручым, 10 розных складоў, узарвалі 4 чыгуначныя і 4 шашэйныя масты.

Праціўнік страціў у баі 120 чалавек забітымі, у партызан 18 чалавек былі забіты і 52 паранены.