Дата стварэння: 16.06.2023 09:17:15
Дата змены: 11.09.2024 15:54:56
Гарадо́цкія вайско́выя злучэ́нні i ча́сці
За вызваленне г. Гарадок (24.12.1943) у ходзе Гарадоцкай аперацыі 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны, паводле загаду Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 24 снежня 1943 г., атрымала 12 злучэнняў i часцей 11‑й гвардзейскай i 3‑й паветранай армій 1‑га Прыбалтыйскага фронту.
Часці i злучэнні, якім нададзена ганаровае найменне «Гарадоцкія»: 5‑я (генерал-маёр М. Л. Салдатаў), 11‑я (генерал-маёр А. I. Максімаў), 26‑я (генерал-маёр М. М. Каржанеўскі) i 83‑я (генерал-маёр Я. С. Вараб’ёў) гвардзейскія стралковыя дывізіі; 2‑я гвардзейская мінамётная дывізія (палкоўнік I. А. Апрэлкін); 259‑я знішчальная авіяцыйная дывізія (палкоўнік Я. А. Курбатаў); 10‑я гвардзейская танкавая брыгада (палкоўнік А. Р. Бурлыга); 17‑я знішчальна-процітанкавая артылерыйская брыгада (палкоўнік В. П. Нялепа); 488‑ы пушачны артылерыйскі полк (палкоўнік М. Я. Штульберг); 523‑i карпусны артылерыйскі полк (палкоўнік П. Я. Торапаў); 545‑ы мінамётны полк (падпалкоўнік А. П. Смірноў); 6‑ы гвардзейскі інжынерны батальён (маёр А. I. Еўграфаў).
Войскам, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Гарадка, загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 24 снежня 1943 г. аб’яўлена падзяка, у Маскве дадзены салют 12 артылерыйскімі залпамі са 124 гармат.