Дата стварэння: 16.06.2023 10:28:05
Дата змены: 01.03.2024 10:11:17
Даўгі́наўскі бой 1943 г.
Бой паміж партызанскай брыгадай «Жалязняк» і нямецка-фашысцкімі акупантамі ў г. п. Даўгінава Крывіцкага раёна 26 сакавіка 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Добра ўмацаваны нямецка-фашысцкі гарнізон у Даўгінаве (каля 300 чалавек) быў адным з апорных пунктаў, якія прыкрывалі падыход да чыгункі Маладзечна — Полацк, базай для правядзення карных аперацый, захавання і перапрацоўкі нарабаванай сельгаспрадукцыі. Пасля выгнання гітлераўцаў з г. п. Бягомль (гл. Бягомльская аперацыя 1942 г.) і разгрому партызанамі докшыцкага гарнізона (гл. Докшыцкі бой 1943 г.) даўгінаўскі гарнізон знаходзіўся ў павышанай баявой гатоўнасці.
Камандаванне партызанскай брыгады «Жалязняк» прыняло рашэнне нанесці ўдар па гарнізоне не ўначы, калі гітлераўцы былі асабліва пільнымі, а за некалькі гадзін да наступлення цемры. Для прыкрыцця на небяспечныя напрамкі былі высунуты засадныя групы. Пры падтрымцы батарэі 45‑міліметровых гармат у 18 гадзін 3 атрады з паўночнага захаду, паўночнага ўсходу і поўдня атакавалі Даўгінава, уварваліся ў цэнтр і пачалі знішчаць склады і прадпрыемствы. Усе атрады і засадныя групы вярнуліся амаль без страт на зборны пункт да 7 гадзін 27 сакавіка 1943 г.
У далейшым актыўнымі баявымі дзеяннямі партызанскіх брыгад «Жалязняк», «Народныя мсціўцы» імя В. Т. Варанянскага, імя М. І. Кутузава гарнізон у Даўгінаве быў паралізаваны да вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Чырвонай арміяй.