Дата стварэння: 16.06.2023 10:33:38
Дата змены: 11.09.2024 15:57:11
Куба́нска-Слу́цкая каза́цкая кавалеры́йская дыві́зія
Кубанска-Слуцкая гвардзейская казацкая кавалерыйская Чырванасцяжная ордэнаў Суворава, Кутузава і Багдана Хмяльніцкага дывізія.
Сфарміравана ў Краснадарскім краі (РСФСР) у час Вялікай Айчыннай вайны ў лютым 1942 г. як 13‑я Кубанская казацкая дывізія ў складзе трох кавалерыйскіх палкоў і іншых часцей (у асноўным добраахвотнікі). Уваходзіла ў склад 17‑га (з 27.8.1942 — 4‑га гвардзейскага) Кубанскага казацкага кавалерыйскага корпуса.
Баявыя дзеянні пачала на Паўночным Каўказе, дзе вызначылася ў баях у час прарыву варожага акружэння ў раёне Туапсэ і была пераўтворана ў 10‑ю гвардзейскую Кубанскую казацкую кавалерыйскую дывізію (27.8.1942). Удзельнічала ў вызваленні Паўночнага Каўказа, у баях на р. Міус, узнагароджана ордэнам Чырвонага Сцяга (31.3.1943). Вызначылася ў баях на поўдні Правабярэжнай Украіны, узнагароджана ордэнам Суворава II ступені (19.3.1944), за вызваленне г. Адэса — ордэнам Багдана Хмяльніцкага II ступені (20.4.1944).
Летам 1944 г. у складзе конна-механізаванай групы генерал-лейтэнанта I. А. Пліева на 1‑м Беларускім фронце ўдзельнічала ў Беларускай аперацыі 1944 г. Дывізія 25 чэрвеня 1944 г. увайшла ў прарыў, за 5 дзён прайшла з баямі больш за 100 км. Ва ўзаемадзеянні з іншымі злучэннямі вызваліла г. Слуцк у час Мінскай аперацыі 1944 г., удастоена ганаровага наймення «Слуцкая» (5.7.1944); у ходзе наступлення на баранавіцка-брэсцкім напрамку вызваліла г. Слонім, узнагароджана ордэнам Кутузава I ступені (10.7.1944); удзельнічала ў вызваленні г. Баранавічы, за што яе 36‑ы, 40‑ы і 42‑і гвардзейскія кавалерыйскія палкі ўдастоены ганаровага наймення «Баранавіцкія» (27.7.1944) і ўзнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга (25.7.1944).
З верасня 1944 г. у складзе конна-механізаванай групы дзейнічала на 2‑м Украінскім фронце, удзельнічала ў вызваленні Венгрыі і Чэхаславакіі.
Тысячы воінаў дывізіі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, 5 з іх удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Камандзіры: палкоўнік М. Ф. Цяпляеў (студзень — чэрвень 1942); палкоўнік, са жніўня 1942 г. генерал-маёр Б. С. Мілераў (чэрвень 1942 — лістапад 1943); палкоўнік М. Р. Гадалін (лістапад 1943 — красавік 1944); палкоўнік С. А. Шаўчук (красавік 1944); палкоўнік М. С. Папрыкайла (красавік — ліпень 1944); палкоўнік Р. I. Рэва (ліпень — кастрычнік 1944); палкоўнік В. В. Нікіфараў (кастрычнік 1944 — люты 1945); генерал-маёр С. Т. Шмуйла (Шмуйло; люты 1945 — да канца вайны).