pdf

МАЗЫРСКІЯ ВАЙСКОВЫЯ ЗЛУЧЭННІ І ЧАСЦІ

Дата стварэння: 16.06.2023 10:34:17

Дата змены: 11.09.2024 15:58:58

Mазы́рскія вайско́выя злучэ́нні i ча́сці

За вызваленне г. Мазыр (14.1.1944) у ходзе Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 15 студзеня 1944 г. ганаровае найменне «Мазырскія» атрымала 18 злучэнняў і часцей 61‑й арміі і 16‑й паветранай арміі Беларускага фронту.

Часці і злучэнні, якім нададзена ганаровае найменне «Мазырскія»: 55‑я (палкоўнік М. М. Заіюльеў) і 415‑я (палкоўнік П. I. Машчалкоў) стралковыя дывізіі; 6‑я артылерыйская дывізія прарыву (генерал-маёр А. С. Біцюцкі); 3‑я (генерал-маёр М. Д. Ягодзін), 4‑я (генерал-маёр Р. I. Панкратаў), 14‑я (палкоўнік Р. П. Коблаў), 15‑я (генерал-маёр I. Ц. Чаленка) і 17‑я (генерал-маёр П. Т. Курсакоў) гвардзейскія кавалерыйскія дывізіі; 234‑я знішчальная авіяцыйная дывізія (палкоўнік Я. З. Татанашвілі); 145‑ы гвардзейскі знішчальна-процітанкавы (палкоўнік С. Ф. Лобыраў) і 1816‑ы самаходны (падпалкоўнік М. П. Рыжанаў) артылерыйскія палкі; 6‑ы (палкоўнік М. I. Мурзаеў) і 7‑ы (маёр М. В. Пярфір’еў) гвардзейскія мінамётныя палкі; 79‑ы гвардзейскі (маёр У. Я. Нядзелька) і 519‑ы (маёр К. М. Мурга) знішчальныя авіяцыйныя палкі; 810‑ы асобны рэактыўны артылерыйскі дывізіён (маёр С. Я. Салаўёў); 20‑ы асобны агнямётны батальён (маёр М. М. Сакалоў); 344‑ы інжынерны батальён (інжынер-капітан Г. У. Дзёмін).

Войскам, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Мазыра, загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 14 студзеня 1944 г. абвешчана падзяка, у Маскве дадзены салют 20 артылерыйскімі залпамі з 224 гармат.