НАРМАНДЫЯ — НЁМАН, назва французскага знішчальнага авіяпалка ў Другую сусветную вайну
НАРМАНДЫЯ — НЁМАН, назва французскага знішчальнага авіяпалка ў Другую сусветную вайну

Група лётчыкаў авіяпалка «Нармандыя — Нёман».

«НАРМАНДЫЯ — НЁМАН»

Дата стварэння: 16.06.2023 10:36:25

Дата змены: 01.03.2024 09:52:04


«Нарма́ндыя — Нёман»

Назва французскага знішчальнага авіяпалка, які дзейнічаў супраць фашысцкай Германіі на савецка-германскім фронце ў 1943–1945 гг. у час Другой сусветнай вайны.

Па ініцыятыве нацыянальнага вызваленчага камітэта «Змагарная Францыя» (штаб-кватэра на чале з генералам Ш. дэ Голем знаходзілася ў Лондане) СССР пагадзіўся сфарміраваць французскую вайсковую часць на сваёй тэрыторыі. У лістападзе 1942 г. французскія добраахвотнікі (14 лётчыкаў і 58 авіямеханікаў, пераважна з афрыканскіх і блізкаўсходніх калоній Францыі) прыбылі ў СССР. Па жаданні асабовага складу эскадрыллі было прысвоена найменне «Нармандыя». У яе склад былі ўключаны 17 савецкіх авіятэхнікаў.

У сакавіку 1943 г. эскадрылля накіравана на Заходні фронт, а ў ліпені 1943 г. разгорнута ў 1‑ы знішчальны авіяполк «Нармандыя», укамплектаваны французскімі лётчыкамі (увесь час новыя французскія лётчыкі прыбывалі рознымі шляхамі ў СССР з розных краін свету) і савецкім тэхнічным складам, самалётамі савецкай вытворчасці. Полк 25 мая 1944 г. накіраваны на 3‑i Беларускі фронт, летам 1944 г. удзельнічаў у Беларускай аперацыі. Толькі 26 чэрвеня 1944 г. лётчыкі зрабілі 72 баявыя вылеты, знішчылі 8 варожых самалётаў.

За баявыя заслугі і мужнасць у час баёў пры фарсіраванні р. Нёман палку 28 лістапада 1944 г. прысвоена найменне «Нёманскі» і назва «Нармандыя — Нёман».

За час баявых дзеянняў на савецка-германскім фронце лётчыкі палка зрабілі больш за 5 тыс. баявых вылетаў, правялі 869 паветраных баёў, збілі 273 і пашкодзілі 80 варожых самалётаў.

За ўзорнае выкананне заданняў 19 лютага і 5 чэрвеня 1945 г. полк узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга і ордэнам Аляксандра Неўскага.

Французскі ўрад адзначыў баявыя подзвігі палка «Нармандыя — Нёман» чатырма ўзнагародамі. Многія французскія лётчыкі палка ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, а старшыя лейтэнанты М. А. Альбер, Р. дэ ла Пуaп, М. Лефеўр (пасмяротна) і малодшы лейтэнант Ж. Андрэ ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Пасля перамогі над фашысцкай Германіяй французскія добраахвотнікі 20 чэрвеня 1945 г. на 41 баявым самалёце Як-3, якія былі перададзены савецкім урадам у дар Францыі, вярнуліся на радзіму.

У 1956 г. на будынку былой французскай місіі ў Маскве ўстаноўлена мемарыяльная дошка з імёнамі 42 французскіх лётчыкаў палка «Нармандыя — Нёман», якія змагаліся поплеч з воінамі Чырвонай арміі і загінулі ў час Другой сусветнай вайны.

У 1964 г. на Увядзенскіх могілках у Маскве на магіле французскага лётчыка, астанкі якога былі знойдзены ў Арлоўскай вобласці, устаноўлены помнік Невядомаму лётчыку палка «Нармандыя — Нёман».

У гонар палка названа вуліца ў г. Барысаў.

У Францыі дзейнічала Асацыяцыя лётчыкаў-ветэранаў, у СССР — Савет тэхнікаў-ветэранаў палка «Нармандыя — Нёман».