pdf

ПАРАФ’ЯНАЎСКІ БОЙ 1943 г.

Дата стварэння: 16.06.2023 10:37:17

Дата змены: 11.09.2024 15:57:11

Параф’я́наўскі бой 1943 г.

Бой паміж партызанскай брыгадай «Жалязняк» (Мінская вобласць) і нямецка-фашысцкімі захопнікамі на чыгуначнай станцыі Параф’янава на лініі Маладзечна — Полацк 18 лютага 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Партызанская разведка брыгады ўстанавіла, што на станцыі Параф’янава да пачатку лютага 1943 г. сабралася вялікая колькасць сена, збожжа, лесапіламатэрыялаў. На станцыі і вакол яе размяшчаліся маршавыя падраздзяленні вермахта. Памяшканні гарнізона, які налічваў каля 130 гітлераўцаў, былі абгароджаны дротам, подступы да будынкаў ахоўвалі 3 агнявыя кропкі.

У ноч на 18 лютага 1943 г. партызаны нанеслі галоўныя ўдары ўздоўж чыгуначнага пуці з боку станцыі Будслаў з поўдня — у напрамку лесапільнага завода, гандлёвага склада, казармы гарнізона і з поўначы — у напрамку чыгуначнага моста, склада са збожжам. З мэтаю адцягнуць увагу ворага партызаны спачатку абстралялі казармы і ўмацаванні суседняга гарнізона ў г. Докшыцы, каб выманіць туды частку сіл з параф’янаўскага гарнізона.

У выніку бою партызаны знішчылі каля 50 гітлераўцаў, разбурылі будынак вакзала, усю станцыйную гаспадарку, спалілі 3 склады са збожжам і сенам, лесапільны завод, пашкодзілі вадакачку і 5 км тэлефонна-тэлеграфнай лініі сувязі. Партызаны страцілі 4 чалавекі забітымі і параненымі.