Дата стварэння: 16.06.2023 10:49:18
Дата змены: 11.09.2024 16:21:06
Хаты́нь
Вёска на тэрыторыі Лагойскага раёна Мінскай вобласці, знішчаная нямецка-фашысцкімі захопнікамі разам з жыхарамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Знаходзілася за 54 км на паўночны ўсход ад Мінска, за 5 км ад шашы Мінск — Віцебск у Каменскім сельсавеце. Перад вайной у вёсцы жылі 156 чалавек.
У час карнай аперацыі 22 сакавіка 1943 г. гітлераўцы загубілі (спалілі жывымі, частку расстралялі) 149 жыхароў, у т. л. 75 дзяцей, і спалілі вёску (26 двароў).
Пасля вайны не адрадзілася.
На месцы спаленай вёскі ў 1969 г. створаны мемарыяльны комплекс «Хатынь», які увекавечвае памяць жыхароў гэтай вёскі і іншых населеных пунктаў Беларусі, знішчаных разам з людзьмі нямецка-фашысцкімі акупантамі і іх памагатымі, а таксама ахвяр нацысцкіх лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння людзей на тэрыторыі рэспублікі.