Дата стварэння: 01.03.2023 14:52:48
Дата змены: 11.09.2024 14:47:52
Асіпо́віцкае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле
Дзейнічала з ліпеня 1941 г. да чэрвеня 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны ў г. Асіповічы і Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці пад кіраўніцтвам Асіповіцкага падпольнага райкама КП(б)Б, Магілёўскага падпольнага абкама ЛКСМБ (з красавіка 1943) і Асіповіцкага падпольнага райкама ЛКСМБ (з кастрычніка 1942).
На канец 1941 г. аб’ядноўвала 9 падпольных груп у Асіповічах і 3 у раёне. Усяго за гады акупацыі ў Асіповічах і раёне дзейнічалі 33 падпольныя групы, больш за 120 чалавек. Падполле трымала сувязь з партызанскімі брыгадамі 1‑й Асіповіцкай, 1‑й Бабруйскай, 161‑й імя Р. І. Катоўскага, атрадамі імя С. М. Кірава, «Храбрацы», «Масква».
У ліпені — жніўні 1941 г. створаны: падпольная група ў паравозным дэпо станцыі Асіповічы — 25 чалавек (кіраўнікі камуніст М. С. Шведаў і В. П. Сянюк); група на чыгуначнай станцыі Асіповічы і саставіцеляў паяздоў — 11 чалавек (кіраўнікі камуніст У. М. Бандарэнка, А. А. Пазняк); група рамонтнікаў паравознага дэпо — 6 чалавек (кіраўнік А. Ф. Чайкоўскі), дзейнічала да студзеня 1944 г.; група «Загатзбожжа» і прадуктовага склада — 14 чалавек (кіраўнікі М. Ф. Лемеш, В. К. Малевіч, Ф. У. Верхаводка), дзейнічала да лютага 1944 г.; камсамольска-маладзёжная група на радыёвузле — 6 чалавек (кіраўнікі Ф. А. Крыловіч, Г. Б. Сакалоўскі); падпольная група чыгуначнай бальніцы — 9 чалавек (кіраўнік П. С. Козак). Падпольныя групы дзейнічалі таксама ў в. Брыцалавічы — 11 чалавек (кіраўнікі Р. Н. Баразна, В. I. Сташэўскі), да лістапада 1943 г.; рабочым пасёлку Градзянка — 6 чалавек (кіраўнік В. I. Іваноў), да верасня 1943 г.; в. Ліпень — 5 чалавек (кіраўнікі М. У. Кунько, М. П. Гоцін), да ліпеня 1943 г.
У верасні і снежні 1941 г. створаны падпольныя групы: у гарадской бальніцы — 5 чалавек (кіраўнікі Е. П. Шамко, В. А. Працко), дзейнічала да верасня 1943 г.; 2 гарадскія камсамольска-маладзёжныя групы — па 4 чалавекі; Г. I. Каваль, дзейнічала да ліпеня 1942 г.; I. К. Радзівілавай, дзейнічала да лістапада 1942 г.
З сакавіка 1942 г. дзейнічала падпольная група (13 чалавек) на чале з I. Д. Санковічам, на кватэры якога была ўстаноўлена рацыя. Радыстка Н. С. Зоніна (Берастоўская) перадавала разведданыя ў штаб 1‑га Беларускага фронту.
У канцы 1941 г. падпольшчыкі наладзілі сувязь з членамі Асіповіцкага падпольнага райкама КП(б)Б Р. X. Голантам, М. П. Каралёвым, А. В. Шыёнкам. Для каардынацыі дзейнасці падполля створаны кіруючы цэнтр на чале з М. С. Шведавым. У яго склад увайшлі: У. М. Бандарэнка, А. С. Крот, Ф. А. Крыловіч, М. М. Няверка, А. Ф. Чайкоўскі. Вакол цэнтра групіраваліся патрыёты — камуністы, камсамольцы, беспартыйныя, несаюзная моладзь (чыгуначнікі, настаўнікі, медыцынскія работнікі, служачыя, шафёры і інш.).
Перад кіраўнікамі груп былі пастаўлены задачы далучэння да падпольнай дзейнасці новых людзей, захоўвання строгай канспірацыі, правядзення дыверсій. Былі прызначаны сувязныя, вызначаны месцы сустрэч падпольшчыкаў з прадстаўнікамі цэнтра.
Асабліва актывізавалася работа падполля пасля Лютаўскага пленума ЦК КП(б)Б 1943 г., які ў прынятай пастанове патрабаваў «...рашуча ўзмацніць пранікненне ў гарады».
Па заданні сакратара Магілёўскага падпольнага абкама ЛКСМБ П. Ф. Валожына ў красавіку — жніўні 1943 г. у Асіповічах было створана больш за 20 падпольных камсамольска-маладзёжных груп, якія ўзначалілі камсамольцы Ф. А. Крыловіч, С. Ф. Важнік, А. К. Пармон, К. К. Пармон, У. I. Крукоўскі, С. В. Казакоў, М. М. Няверка, Л. С. Круглік і інш.
Падпольшчыкі прымалі па радыё і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, выдавалі лістоўкі, здабывалі для партызан разведданыя, зброю, боепрыпасы, медыкаменты, рабілі дыверсіі на чыгунцы, выводзілі са строю лакаматывы, станкі, абсталяванне. Толькі група М. С. Шведава за жнівень — лістапад 1941 г. вывела са строю 12 паравозаў, 13 лістапада 1942 г. спаліла спецыяльны вагон з каштоўнымі прыборамі ў рамонтна-аднаўленчым саставе, у выніку чаго чыгуначная служба акупантаў надоўга была пазбаўлена магчымасці аператыўна ліквідоўваць вынікі ўзрываў і крушэнняў. Зімой 1943 г. падпольшчыкі вывезлі з нямецкай друкарні і перадалі партызанам шрыфт, паперу, фарбу. Асобныя патрыёты працававалі ў акупацыйным апараце, дзякуючы чаму змаглі атрымліваць бланкі дакументаў, каштоўныя звесткі, боепрыпасы, прадукты, паперу, медыкаменты і перавязачны матэрыял.
Падпольшчыкі правялі шэраг смелых аперацый: М. М. Няверка магнітнымі мінамі знішчыў 3 вайсковыя эшалоны; С. Ф. Важнік узарваў ільнозавод, склад «Загатзбожжа», гармату ў двары палявой камендатуры; А. С. Крот — састаў з гаручым, вывеў са строю 6 паравозаў; М. I. Патоцкі — вышку механічнай блакіроўкі на станцыі. У ноч на 30 ліпеня 1943 г. Ф. А. Крыловічам была здзейснена адна з найбуйнейшых дыверсій Вялікай Айчыннай вайны — Асіповіцкая дыверсія 1943 г. Усяго асіповіцкія падпольшчыкі ўзарвалі 30 воінскіх эшалонаў і вывелі са строю больш за 70 паравозаў.
У барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі загінулі: З. М. Астаповіч, М. М. Астаповіч, В. М. Белаліпецкі, У. Д. Блінкоў, К. А. Брытвіч, М. Д. Бугор, А. I. Вайцянкова, К. I. Гіліцкі, В. А. Гоман, В. В. Гурына, В. П. Ждановіч, П. Т. Казлоўская, У. I. Кіржыманаў, Д. Я. Кірпічэнка, Г. I. Коваль, Р. У. Кунько, А. В. Ліхадзіеўская, Н. П. Мяжэнная, М. I. Мірановіч, М. I. Патоцкі, М. I. Побаль, I. К. Радзівілава, А. В. Русаковіч, Г. Д. Санковіч, I. Д. Санковіч, М. I. Санковіч, Н. М. Санковіч, В. П. Санковіч (Мальчык), С. А. Сташэўская, В. I. Сташэўскі, С. I. Хаткевіч, Ф. Н. Чайкоўскі, А. Н. Якавіцкі.
У Асіповічах імёнамі Ф. А. Крыловіча, Р. У. Кунько, П. Т. Казлоўскай названы вуліцы; Ф. А. Крыловічу ўстаноўлены помнік.