Дата стварэння: 17.08.2023 13:44:32
Дата змены: 11.09.2024 16:03:56
«Гю́нтэр» («Günter»)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Валожынскім (Баранавіцкая вобласць, цяпер Мінская), Радашковіцкім (Вілейская вобласць, цяпер Мінская), Заслаўскім, Лагойскім і Плешчаніцкім (Мінская вобласць) раёнах у канцы чэрвеня — пачатку ліпеня 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Праводзілася з мэтаю знішчэння вёсак, у якіх жыхары спачувалі партызанам, захопу насельніцтва і рэквізіцыі сельскагаспадарчай прадукцыі для вывазу ў Германію. У баявую групу карнікаў уваходзілі палкі Грыпа і Гольца, асобы батальён СС О. Дырлевангера. Кіраваў аперацыяй групенфюрар СС і генерал-лейтэнант паліцыі Г. Карземан, камандны пункт якога знаходзіўся ў в. Астрашыцкі Гарадок (цяпер аграгарадок) Мінскага раёна.
Карнікі пазбягалі непасрэднага сутыкнення з партызанскімі фарміраваннямі, якія дыслацыраваліся ў раёне аперацыі. Яны прачасалі мясцовасць на поўнач ад Мінска ўздоўж дарогі Астрашыцкі Гарадок — Радашковічы і да Плешчаніц (вёскі Калачы, Янушкавічы, Вялікія Бясяды і іншыя), хапалі мужчынскае працаздольнае насельніцтва ва ўзросце ад 10 да 50 гадоў і канваіравалі на зборныя пункты. Асобы, западозраныя ў спачуванні або прыналежнасці да партызан, у т. л. хворыя і параненыя, расстрэльваліся.