АСОБЫ БЕЛАРУСКІ ЗБОР, у Вялікую Айчынную вайну спецыяльныя курсы для падрыхтоўкі арганізатараў партызанскага руху на акупіраванай тэрыторыі Беларусі
pdf

АСОБЫ БЕЛАРУСКІ ЗБОР

Дата стварэння: 01.03.2023 14:56:18

Дата змены: 11.09.2024 14:47:52

Асо́бы Белару́скі збор

Спецыяльныя курсы для падрыхтоўкі арганізатараў партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Створаны паводле рашэння ЦК КП(б)‌Б у красавіку 1942 г. і размешчаны за 18 км ад г. Мурам Уладзімірскай вобласці (Расія). Праграма навучання была распрацавана ў ЦК КП(б)‌Б і зацверджана Наркаматам абароны СССР. Адборам асабовага складу, фарміраваннем груп і атрадаў займаўся ЦК КП(б)‌Б.

У сярэдзіне чэрвеня 1942 г. адбыўся 1‑ы выпуск. Было сфарміравана 12 партызанскіх атрадаў, у кожным 50 чалавек асабовага складу (у іх ліку інструктары мінна-падрыўной справы і падрыўнікі), камандзір, камісар і начальнік штаба. У пачатку ліпеня 1942 г. усе атрады праз Віцебскія «вароты» пераправіліся на акупіраваную тэрыторыю Беларусі. Атрады «Бясстрашны», «Быстры», «Граза», «Мсцівец» былі накіраваны ў Віцебскую; атрады «Бура», «Гвардзеец», «Знішчальнік», «Смерць фашызму» — у Мінскую; атрады «Бальшавік», «За Радзіму», «Перамога» — у Магілёўскую вобласці. Атрад «Меч» накіроўваўся ў Добрушскі раён Гомельскай вобласці, але ў сувязі з вялікімі стратамі, якія пацярпеў у баях з нямецка-фашысцкімі акупантамі, застаўся на тэрыторыі Багушэўскага раёна Віцебскай вобласці.

Арганізатары партызанскага руху, якіх рыхтавалі на Асобым Беларускім зборы, перапраўляліся ў тыл ворага разам з дыверсійнымі групамі (10–15 чалавек). Групы забяспечваліся баявой тэхнікай і рацыямі. Атрады і групы ў тыле ворага наладжвалі сувязь з партызанскімі атрадамі і падпольнымі партыйнымі арганізацыямі, дапамагалі ім устанавіць радыёсувязь з Цэнтральным штабам партызанскага руху і ЦК КП(б)‌Б, збіралі патрыятычныя сілы. Іх дзейнасць уплывала на пашырэнне партызанскага руху.

Многія атрады («Мсцівец», «Граза» і іншыя) і арганізатарскія групы выраслі ў брыгады і буйныя атрады і ў ходзе баявых дзеянняў нанеслі ворагу вялікія страты. Паводле няпоўных звестак за год баявых дзеянняў 12 атрадаў знішчыла больш за 4 тыс. гітлераўцаў, пусціла пад адхон 71 варожы эшалон, спаліла 6 танкаў, 4 бронемашыны, 98 аўтамашын, 23 масты, разграміла 2 варожыя гарнізоны і інш.

У лістападзе 1942 г. Асобы Беларускі збор быў расфарміраваны. За час яго існавання падрыхтавана 2 865 чалавек. З іх сфарміравана і накіравана ў тыл ворага 15 атрадаў і 100 арганізатарскіх груп (усяго 2 378 чалавек, у т. л. 60 інструктараў мінна-падрыўной справы і 2 318 падрыўнікоў).